Прыручэнне вясны [Нiна Мацяш] (fb2) читать постранично

- Прыручэнне вясны 298 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Нiна Мацяш

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Мацяш Н. Прыручэнне вясны


Падрыхтаванае на падставе:  Мацяш Н. Прыручэнне вясны: Вершы.—Мн., Маст. літ., 1979.— 80 с., іл.


Рэдактар Хв. М. Чэрня

Мастак М. М. Селяшчук


Copyright © 2013 by Kamunikat.org


Сёстрам

Ані і Марыі

І ТОЛЬКІ ШЛЯХ…




ТРЫ ДУДКІ
Ах, чароўныя дудачкі з матчынай казкі!..
Падзьмеш у адну —
і высахнуць слёзы;
У другую падзьмеш —
засмяешся знячэўку;
Возьмеш трэцюю —
пусцішся ў скокі...
Ах, чароўныя дудачкі з матчынай казкі!
Паўжыцця давялося схадзіць,
Каб здабыць вас,
І цяжка даць веры яшчэ,
Што ў руках у мяне вы.
Але ў першую дудку
таямнічага слова
падзьму —
Высыхае слязіна;
Паднясу другую да вуснаў —
і ўсміхацца гатова;
А на трэцяй зайграю —
смех паклоніцца нізка слязе
За спатканае шчасце.
1975


* * *
Шчэ не журуся я па харастве,
Якое параскрадваюць маршчыны.
Смуткую: без мяне мае сцяжыны
Марнеюць па пяску і па траве.
Па мураве, па камені, вадзе
Мной не адкрыты свет мяне гукае,
І з немагчымасцю ўсё не звыкаю,
Пакуль мне Парка ніць сваю прадзе.
Пакуль яе не абарве няўзнак,
Мне столькі трэба зведаць і пабачыць
Людзей у працы, весялосці, плачы,
Каб зразумець, што так, а што не так,
Што не па-людску складваю ў жыцці.
Падчас і па чужых краях журуся,
А хопіць і куточка Беларусі,
Каб цэлы век свой да яе ісці.
1977


БАЛАДА РУХУ
Біты шлях пад нагамі
ці ні следу няма?
То імгла,
то прызыўна далягляд замаячыць,
Быццам змрок расхінае
святлістая доля сама
Рукою гарачай.
Пагражальна правіслі над зямлёй правады —
Чалавека хітае
ад смяртэльнай напругі
Шчасцятворнай, пакутнай,
самаахвярнай хады
За другі.
Быць не можа ў братэрства нічыйных палос,
Між людзей
быць не можа старонняга болю!
Даўжынёй у стагоддзі дарога;
толькі днець пачало
Над доляй.
1975


АРЭХІ
У вянок Любе

Знаёма-новы,
Ледзь абжыты дом.
Мне абжываць яго.
І ты
Заходзіш.
Не прывідам —
Жывая.
Пытаешся, ці я ўзяла вазон —
Без кветкі ў хаце,
Як без гаспадыні...
З патайным хваляваннем
Я дзялюся
Арэхамі з табой.
Ты ўсміхаешся, бярэш...
А неўзабаве,
Цябе схаваўшы похапкам за дзверы,
Аўтобус,
Перапоўнены людзьмі,
У пільную дарогу вырушае.
Праз шыбу шызую
Твая відаць мне постаць.
Ды ты ўжо не звяртаеш
Увагі на мяне.
Сачу шчымліва,
Як прападае ў далечы
Аўтобус...
Вяртаюся ў той звычна-новы дом,
У ледзь абжыты:
З краю на стале —
ТАБОЙ ПАКІНУТЫЯ
МНЕ АРЭХІ...
1976


* * *
Надзея, патрабуй жыцця!
Хай здані логікі і явы
Шабасяць —
Ты на іх управа,
Адной табой хварэе права
Паверыць у вясны працяг,
У сэнс бязлітасны быцця, —
Надзея, патрабуй жыцця!
1976


* * *
Што ведаем
Пра бліжніх нашых мы?
Адзін другому пазычаем грошы,
Соль і запалкі,
І на святы ходзім
У госці,
П’ем віно,
Спяваем песні —
Як водзіцца між добрымі суседзьмі.
Мы помнім іх памер пантофлі,
Мы ведаем любімы колер іх.
...Якая пыха —
Ганарыцца, быццам
Мы разумеем іх,
Бо — знаем іх!..
Не ўсведамляючы,
Што ўмеем спасцігаць
Мы толькі абалонкі бліжніх нашых...
Ты поруч,
Я павінна быць шчаслівай.
А я ў адчаі:
Ты такі далёкі!..
Між намі роўна трыдзевяць зямель,
Трыдзевяць гор і трыдзевяць лясоў, —
Як захаваць