Мой цэлы свет: Вялікая Кракотка,
Часоў бурлівых родны мацярык.
Была Кракотка, як рака ў паводку.
Была Кракотка — гнеў, і боль, і крык.
Кракотка — гэта хвойны пах узлесся,
Гняздо за пазухай зялёных гор.
З таго гнязда заклекатала песня,
Што клікала з нізіны: “Гэй, да зор!..”.
Рашаўся лёс… Прадвесне гнала крыгі.
І вось тады з-пад стрэх мацерыка
Дрыготка пацягнулася да кнігі
Мазольная сялянская рука.
Святая прага ведаў і пазнання!
У родным слове чалавек ажыў!
Было тут вашай еднасцю змаганне.
А духам мужнасці Купала быў.
Хто знае, колькі іх адсюль, упартых,
Узняў да барацьбы змагарны край?
Недарам верш, якім пілуюць краты,
З зямлі вось гэтай здабываў Таўлай.
Нязломны дух... Жывая сіла мовы.
Жыву з тых дзён я вашаю красой.
Жыткевічы... Збраевіч... Трафімовіч...
Ля вас я грэўся словам і душой!
Я ўдзячны вашай дабраце і хлебу,
Хоць менее ўсё рук — іх кліча дол.
Вучылі ж вы, як сеяць зерні ў глебу,
Каб луста праўды асвячала стол.
Нашу я сёння, замест эпілога,
Гаркоту з вашых апусцелых хат.
За бурны век вы вызналі так многа!
Ды пра такое думаў хто?..
Наўрад.
Мой родны свет:
Я ў кожнай тут часцінцы
Жыву — дзялю трывогу і слязу.
І ўсё, чым з каранёў тут прычасціўся,
Я ў людства, як урок ваш, панясу.
Последние комментарии
6 часов 36 минут назад
22 часов 40 минут назад
1 день 7 часов назад
1 день 7 часов назад
3 дней 13 часов назад
3 дней 18 часов назад