Круглы год. Хоку беларускiх паэтаў [Адам Глёбус] (fb2) читать онлайн

- Круглы год. Хоку беларускiх паэтаў 535 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Адам Глёбус - Уладзімір Арлоў - Віктар Шніп - Уладзімір Сіўчыкаў - Уладзімір Сцяпан

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Круглы год Хоку беларускiх паэтаў

Лёс хоку

Хоку — паэтычная тэлеграма

Рамон Гомес дэ ла Серна
Існуе безьліч паэтычных формаў, і кожным разам паэт выбірае адну-адзіную, каб менавіта ў яе пераліць уласныя пачуцьці. І можна ўявіць, як нячаста некалькі розных паэтаў абіраюць падобную форму і працуюць у ёй. Для эўрапейцаў традыцыйна абранымі былі трыялеты, актавы, санэты, але ў дадзеным выпадку мы прадстаўляем зборнік хоку.

Хоку — трохрадкоўе, якое бярэ выток у японскім вершаскладаньні. Разам з рубаі і танка хоку — гэта прыклад усходняй вершаванай мініятуры. Хоку пісалі вялікія старажытныя японскія паэты Басё, Бусон, Іса. У ХХ ст. гэтай мініятураю захапляліся Сікі, Кёсі, Дакоцу… Папулярнасьць хоку выйшла за межы Японіі, трохрадкоўі пішуцца ва ўсім сьвеце. Да прыкладу, выдатныя хоку па-гішпанску складаў знакаміты аргентынец Хорхе Луіс Борхес:

Вось мая рука,
Што некалі кранала
Твае валасы.
Зборнікі хоку выдавалі паэты ў Францыі і ў Эстоніі. Што тычыцца тутэйшых умоваў, дык кніга хоку беларускіх паэтаў была падрыхтаваная яшчэ ў 1986 годзе, але не знайшла выдаўца, бо ў БССР нават нязвыклая форма ўспрымалася як дысыдэнцтва.

Кожная кветка красуе ў свой час. Праца над зборнікам паціху працягвалася. У пэрыядычным друку зьяўляліся публікацыі хоку. Побач друкавалася шмат іншых трохрадкоўяў і мініятур, але яны або не вытрымлівалі кананічную колькасьць складоў (5-7-5), або ігнаравалі абавязковыя для хоку эстэтычныя патрабаваньні. А тэкст хоку мусіць адпавядаць шматлікім характарыстыкам. Некаторыя зь іх былі кананізаваныя яшчэ да ХVІІ ст… ЮГЭН — запаветная прыгажосьць, глыбіня, неспазнанасьць да канца, існасьць, нязьменнасьць… МАКОТО — ісьціна, праўда, сапраўдная справа, сапраўднае слова… АВАРЭ — зачараваньне, чароўнасьць… МОНО-НО АВАРЭ — чароўнасьць рэчаў…

Пазьней Мацуа Басё распрацаваў дадатковыя эстэтычныя каноны складаньня хоку. На яго думку, верш мусіў увасабляць наступнае: САТОРЫ — азарэньне, прасьветленасьць, духоўнае абуджэньне, раптоўнае адкрыцьцё ісьціны, яднаньне душы чалавека і прыроды, адсутнасьць рацыянальнага элемэнту ў творчым працэсе… САБІ — паціна, сьлед мінулага, заміраньне, пацямненьне, згасаньне, адзінота, самота, прасьветленая адзінотнасьць, адчужанасьць ад штодзённай мітусьні, затуханьне сьвядомасьці… КАРУМІ — лёгкасьць… ХОСОМІ — тонкасьць, ломкасьць, крохкасьць, суперажываньне, зьліцьцё са сьветам, расплываньне ў сьвеце… СІОРЫ — гнуткасьць, маркота, сум, спачуваньне… ФУЭКІ-РЮКО — нязьменная зьменлівасьць, адзінства руху і спакою, хамэлеоннасьць… ФУГА-НО МАКОТО — сапраўднасьць прыгажосьці…

У часы Басё, калі складалася кананічная форма хоку, існавала нязьменная зьмена прыроды, паступовае й непераадольнае кола пораў году, за вясною прыходзіла лета, і пазначэньне сэзонаў было гэтаксама абавязковым. Цяпер, напрыканцы ХХ ст. з вынаходніцтвам хуткасных апаратаў для перамяшчэньня можна зьмяняць асабіста для сябе чаргаваньне пораў года, памяняць марозную зіму на сьпякотнае лета і сустрэць Новы год не ў засьнежаным Менску, а ў сьпякотным Бангкоку. Іншы час, новая нязьменная зьменлівасьць — ФУЭКІ-РЮКО — чакае сваіх паэтаў і сваіх канонаў хоку.

А зборнік з хоку беларускіх паэтаў — невялікі востраў у плыні сучасных нязьменных зьменаў.

Уладзімір Адамчык.

Максім Танк

* * *
Рэкі, як людзі,
сьпяшаюцца да акіяну —
сваёй нірваны.
* * *
Неразлучнымі
толькі пакінуў нам Буда
Жыцьцё і Сьмерць.
* * *
Бічую, бы Ксэркс,
мора за разьбітыя
мае караблі.
* * *
— У будучыню
ды на раскрышаных крылах? —
сьмяецца сьлімак.
* * *
Быццам той алень,
што згубіў панты,
бягу і падаю.
* * *
Набыў ракаўку.
Цяпер я — не самотны.
Гавару з морам.
* * *
Над Фудзіямай —
драконы бліскавіцаў.
Цьвіце сакура.
* * *
Пацеркі пэрлаў —
сьлёзы асірацелых
рыбацкіх удоў.

Уладзімір Арлоў

* * *
Грэйся, яшчарка,
паміж цёплых камянёў.
Доўжыцца жнівень.
* * *
Маленькі сьлімак
задумаўся пра вечнасьць
на цёплай рэйцы.
* * *
Няўжо, крыніца,
ты дасюль ня ведаеш,
як мяне завуць?
* * *
Узгорак, белы
ад дзьмухаўцовых куляў,
глядзі, не ўзьляці.
* * *
Там, на гарышчы
ў пушцы з жаўнерыкамі
жыве маленства.
* * *
Чаму ты маўчыш,
зязюля-прарочыца,
у маім садзе?
* * *
Дзьмухаўцовы пух
у тваёй жарай грыўцы.
Скончыўся травень.
* * *
Пялёсткі вішняў
прыплылі па рачулцы
з майго дзяцінства.
* * *
Зялёны вецер
прынёс з таго берага
згадкі пра цябе.
* * *
Пярсьцёнак-зьмейка,
толькі ён застаецца
берагчы цябе.

Уладзімір Сьцяпан

* * *
Лесьвіца. Дзьверы.
Доўга стаю. Слухаю.
Мама сьпявае.
* * *
Вочы заплюшчыў —
пах лістоты ў пакоі,
вецер за вакном.
* * *
Явар чырвоны
убачыў бы першы сьнег,
калі б ня вецер.
* * *
Трамвай празьвінеў —
зноў цішыня навокал…
Слухаю вецер.
* * *
Сьляды на пяску:
птушак, людзей, сьлімакоў —
хвалі змываюць.
* * *
Зноў сустрэў яе,
з кошыкам жоўтых сьліваў
да бальніцы йшла.
* * *
Лесьвіца з дошак
у драўлянай званіцы.
Сьцёртыя сходы.
* * *
Нехта пакінуў
вядро з вадой ля сьцяны.
Рудая трава.
* * *
Гляджу вечарамі
на камень і ракаўку,
што з мора прывёз.
* * *
Павута ляціць.
Праз срэбра нітак лёгкіх
гляджу на неба.
* * *
Па лесьвіцы зьбег
ліст у абдымках ветру,
насустрач зіме.
* * *
Цёмна ў пакоі.
Падае, падае сьнег
на суседні дах.
* * *
Станцыя «Ліпа».
Пахне скошанай травой
нават сіні дым.
* * *
Чакаю маці.
У маўклівым пад'езьдзе
слухаю крокі.
* * *
Ліхтар згасае —
ярчэе кола поўні
на голым дрэве.
* * *
Жоўтыя зоры
на чорнай вадзе ляжаць —
з клёнаў упалі.
* * *
Чуйны дзьмухавец
вартуе сон ветру
у чыстым полі.
* * *
Гаўбец адчыніў —
дождж стаіць у парозе,
празрысты, як цень.
* * *
Як сумна гарыць
зорка ў ранішнім небе —
зорка Вэнэра.
* * *
Зноў засынаю
і прачынаюся зноў
ноччу халоднай.
* * *
Сьцяна. Колкі дрот.
Варону вецер загнаў
пад гэту сьцяну.
* * *
Радасны голас
з вуліцы вецер прынёс —
голас дзіцяці.
* * *
Толькі шэры дом
ды белы сьнег халодны —
бачу за вакном.
* * *
Прыцемкі. Восень.
Вогненнай вежай дрыжыць
ліпа на ўзьлеску.
* * *
Стары, стары дом.
Сьцёрся блакітны нумар,
ведаю — сёмы.
* * *
Хвалі завеі
сьлед падхапілі белы —
сьлед на дарозе.
* * *
Галіну крануў —
падае ліст барвовы
на чорны асфальт.
* * *
Знойдзе на бруку
хлопчык каштан вільготны
і заўсьміхаецца.
* * *
Сьветлы золкі дзень.
Кропляй іртуці дрыжыць
сонца ў гардзіне.
* * *
Полымя-лісьцік
з кноту галіны ляціць
у восеньскі змрок.
* * *
Куды ляціце
скрозь сьнягі і туманы,
малыя птушкі?
* * *
Чыстая вада
абмывае далоні,
між пальцаў цячэ…
* * *
Начныя гукі:
ці дождж, ці вецер, ці рып…
І я між імі.
* * *
Суцешыць вецер
голае дрэва зімой —
сьнегам засыпле.
* * *
Доўга прымерваў
руды, вялікі шынэль…
Сябе не пазнаў.
* * *
На сьпіне ляжу
з вачыма адкрытымі…
Хутка раніца.
* * *
Белыя хмары
над чорнымі дрэвамі
стаяць, як горы.
* * *
Кусты чаромхі.
Вецер цёплы наляцеў —
белых кветак шэпт.
* * *
Старэнькі ровар,
валізка з хлебам, кошык —
стаяць ля слупа.
* * *
Вакно. Крыж рамы.
Чутна, як муха гудзе.
Стол. Посуд пусты.

Уладзімір Сіўчыкаў

* * *
Утульны дворык…
Першыя кроплі дажджу —
пахне асфальтам.
* * *
Сад занядбаны,
дол у пялёстках вішань.
Ветраны вечар.
* * *
Прачнуўся ўранку.
Млосна. Смага. Горкі пах.
Стол непрыбраны.
* * *
Разгарну дзёньнік…
Дзень адышоў у нябыт,
бы кропля ў пясок.
* * *
Іржэўнік жорсткі,
як зваротны шлях пакут.
Нудны краявід.
* * *
Ідзём далёка…
Хто падкажа, дзе канец
гэтага шляху?
* * *
Мо застануцца
нікім не пачутыя
словы і думкі?
* * *
Пакой паўзмрочны.
Лунае цюль фіранкі.
Вільготны вецер.
* * *
Стаю ў лоджыі.
Скончыўся цыганскі дождж,
рыпіць фрамуга.
* * *
Бярозавы гай.
Смак гаркавых лісточкаў.
Важкі хрушч гудзе.
* * *
Патушыў сьвятло
І пачуў — сьнег падае.
Ноч па-над краем.
* * *
Валошку згледзеў
і рады той сустрэчы
ў чужой старонцы.
* * *
На сэрцы ўцешна:
з-за хмар зірнула сонца
імглістым ранкам.
* * *
Апала вішня —
і ў шарую гадзіну
дзень абярнуўся.
* * *
Зьнікае ў цемры
ды зноў пад лямпіёнам
кажан крыляе.
* * *
«Добрая душа», —
пачуў пра свайго сябра.
Ціхая радасьць.
* * *
Пралескі сумна
палетак аглядаюць
ля руін Крэва.
* * *
Нат і хвіліны
спакою не зазнала
маці ў самоце.
* * *
Імжысты ранак…
Зноўку пішу краявід
на пустым пляжы.
* * *
Сьвяты — хвіліны,
калі адчуваю:
праца ўдаецца
* * *
Сёньняшні сум,
Нібы шэрань, што ранкам
Кладзецца ў двары.
* * *
За каласочак
Схапіўся для падтрымкі
Ў хвіліну расстаньня.
* * *
Паліклініка…
У стомленых паглядах —
цяжар чаканьня.
* * *
О немаўлятка,
што табе прысьнілася?
Аж здрыганулася…

Адам Глёбус

* * *
Кропля падае
на лілёвы цёмны лёд
і плыве ў вясну.
* * *
Ціха, сьнег ідзе,
Толькі каляндар сказаў —
надыйшла вясна.
* * *
Вясновым ранкам
паліць у парку сьмецьце
малады салдат.
* * *
Чорная ліпа,
спавітая слатою,
чакае цяпла.
* * *
Вежы аблокаў
над каменнай гарою
заружавелі.
* * *
Раніца ў шыбу
ціха пастукалася…
Пара над кавай.
* * *
Блакітны ранак,
апрану ўсё новае
у гонар вясны.
* * *
Першы дзень вясны,
трэба ўмывацца сьнегам
з самай раніцы.
* * *
Ранак, варэльня,
горка-салодкі водар —
кубачак кавы.
* * *
Лапкі ядлоўца
і пралескі на стале
ў шкляначцы з вадой.
* * *
Капеж, дворнікі
на даху рыдлёўкамі
сякуць ледзяшы.
* * *
Хваёвы водар,
кедравая ігліца
блішчыць на сонцы.
* * *
Стаю на вежы
з выбітымі шыбамі,
над нашым сьветам.
* * *
Над могілкамі
хмары плывуць няспынна.
Сыходзяць сьнягі.
* * *
Шукаюць вочы
сярод жоўтых аблокаў
дарогі, птушак.
* * *
Дастаю штодня
водар сьвежай газэты
з паштовай скрыні.
* * *
За вакном сьнег.
Кубачак гарачай кавы
гатую сабе.
* * *
Сонечны ранак,
жаўтавокая котка
выйшла з пад'езду.
* * *
Ранак, парк стары,
узьлятаюць галубы —
ледзь чутны ветрык.
* * *
Паралеляграм
сонечны на шпалерах,
вясновы ранак.
* * *
Адчыніў дзьверы —
скразьняк прынёс духмянасьць
травы і бэзу.
* * *
Шэрую траву
вецер цёплы і сухі
на асфальт прынёс.
* * *
Шчыліны ў плоце —
пасечанае сьвятло
ляжыць на зямлі.
* * *
Сонца, капяжы,
але калюгі ўначы
павымярзалі.
* * *
Еду ў трамваі,
паўпустым і халодным,
на кніжны кірмаш.
* * *
Блакітна-шэры
кавалак тынкоўкі
разломліваю.
* * *
Парушыначка
трапіла ў вока маё —
вокамгненны боль.
* * *
З кнігаю ў руцэ
наведваю кавярню,
накрапвае дождж.
* * *
Першы дзень, калі
лёду няма на ганку.
Сьціхлі капяжы.
* * *
Сонечны настрой
па вільготным пяску
разьліваецца.
* * *
Надыходзіць час
занесьці на сьметнік
зімовыя боты.
* * *
Вецер. Груд. Вясна.
Як вуркочуць галубы
слухаў і маўчаў.
* * *
Шэра-жоўты сьнег
плямамі ў полі ляжыць,
вецер гоніць пыл.
* * *
Шалахнуўся куст,
зашчабятала птушка…
Ізноў цішыня.
* * *
Побач з дарогай
доўгія, нежывыя
трубы ляжалі.
* * *
Сухое дрэва.
Прыляцелі вераб'і —
пошчак, мітусьня.
* * *
Сіні аўтобус
спыніўся й павітаўся
з жоўтым дзьмухаўцом.
* * *
Кветачку набыў,
а каму падараваць
так і не знайшоў.
* * *
Пасыпаўся дождж:
на інжыры вераб'і
зашчабяталі.
* * *
Ідуць насустрач
людзі, хаваючы твары
ад ветру і дажджу.
* * *
Шклянка на стале.
У празрыста-шэры цень
муха запаўзла.
* * *
Ціха, сьпіць дачка
ў пакоі, а за вакном
дробны дождж ідзе.
* * *
Каля бардзюраў,
на асфальце растаюць
кавалкі лёду.
* * *
Быкі на бойні:
чорныя сьлёзы ў вачах,
цяжкі дух крыві.
* * *
Старое дрэва
пяшчотныя лісточкі
паўпрыгожылі.
* * *
Ружовы камень
на зялёнай траве…
Шукаю словы.
* * *
Сухая трава
ціха шэпча пад ветрам
песьню пра лета.
* * *
Чорная каза
жоўтым вокам зіркае
на гаспадара.
* * *
Зь берага камень
спаўзае ў ваду вельмі —
вельмі павольна.
* * *
Каляровае
паветра Эстоніі
пахне трэскамі.
* * *
Дарога ў полі,
фурманка, стары чалавек,
кола скрыгоча.
* * *
Мэтрапалітэн,
у чаканьні цягніка
разглядваю столь.
* * *
Гутарка дзяцей,
хутка і мая дачка
гаварыць пачне.
* * *
Зь лёгкім сумам
трываю галаўны боль,
вясновы ветрык.
* * *
Самотны груган
нізкую аблачынку
зачапіў крылом.
* * *
Сьпілаваны сук
на сухі асфальт упаў —
безнадзейны хруст.
* * *
Вечар, парк стары,
шоргат старэчых крокаў,
азіраюся.
* * *
Перакулены
сьвет у калюзе жыве…
Шпурляю камень.
* * *
Качкі і кірлі
лунаюць над вадою
цёмнай Сьвіслачы
* * *
У пясочніцы
алавяны салдацік
пад дажджом заснуў.
* * *
Дзе схавалася
за вясновай смугой
маё юнацтва?
* * *
Сшытак бэзавы
набыў, а што запісаць
і ня ведаю.
* * *
Вечар. Мястэчка.
Каля кожнай хаты
сьлівы красуюць.
* * *
Маленькі пакой,
фотаздымкі на сьцяне —
твары знаёмых.
* * *
Набліжаюцца
хмурынка і маладзік,
аддаляюцца.
* * *
Атрутны водар
магноліі напоўніў
маёвую ноч.
* * *
Малады ліхтар,
ты, напэўна, першы з нас
павітаесься.
* * *
Рэдзенькі блакіт
і празрыстая поўня
над даляглядам.
* * *
Кардыяграма
на стужцы папяровай,
доўгай, бясконцай…
* * *
Гартаю кнігу,
не чытаю, а гляджу
рэпрадукцыі.
* * *
Навальніца, дождж,
плачуць-плачуць ліхтары
сьветлымі сьлязьмі.
* * *
Гляджу на поўню
праз агеньчык запалкі —
маленечкая.
* * *
Жаданьне заснуць?
Не! Жаданьне прачнуцца
і не засынаць.
* * *
Дом над вадою…
О, колькі сноў вяртае
мяне ў гэты дом.
* * *
Ты не гавары,
што ня хочаш спаць зусім
і ня любіш сон…
* * *
Наліваецца
лякам цёплым, залатым
ліст магноліі.
* * *
Сёньня чуйна спаў,
слухаў празь няпэўны сон
шолах дажджавы.
* * *
Знайшоў у лесе,
зьбіраючы суніцы,
драўляны гузік.
* * *
Залаты трысьнёг
сее кропелькі расы
ў сінюю ваду.
* * *
Выпаўзла жабка
з-пад вільготных камянёў
муху ўпаляваць.
* * *
Гладыёлусы,
захутаныя ў марлю,
едуць на кірмаш.
* * *
На суседзкі плот
верабей пераляцеў
зь яблыні маёй.
* * *
Невялікі сад,
маладзіца босая
яблык-штрыфель есьць.
* * *
У калянадзе
прыемна схавацца —
сонечны ранак.
* * *
Высокая столь,
блакітныя шпалеры,
сіні матылёк.
* * *
У маім двары
сітаўка блакітная
скача па пяску.
* * *
Рукі кабеты
над дзіцячай калыскаю,
чалавечы сьвет.
* * *
Бруіцца вецер —
засыпаючы сьляды —
пясок бруіцца.
* * *
Каля дзяржбанку
на пыльным тратуары
знайшоў капейку.
* * *
Па рудой сьцяне
жучок паціху паўзе,
лета ажыло.
* * *
Белае неба,
а ў ім шэры матылёк
уздымаецца.
* * *
На яркім сонцы
крухмальныя карункі
фіранак сьнежных.
* * *
Пыльныя пальмы
высахлымі лістамі
ледзь-ледзь варушаць.
* * *
Белакрылая
кветка вэнтылятара
на вакне расьце.
* * *
Кавярня ў вежы,
музыка, млявасьць, кава.
Шэры, спакойны дзень.
* * *
Уздоўж прыбою,
бязгучна, па каменьні
ляціць цень кірлі.
* * *
Паласатая
яшчарка са сьцяжыны
ўцякае ў траву.
* * *
Які вялікі
ліст! Ня знойдзецца кнігі
такі засушыць.
* * *
Колькі матылькоў
віецца над чаромхай
каля альтанкі.
* * *
Высокі комін,
аблокі доўгія плывуць,
талінскі вецер.
* * *
Дапамагаю
выпаўзьці з-пад лісточка
божай кароўцы.
* * *
У белым небе,
о, як высока, як шмат
зялёных шышак.
* * *
На веях маіх
зьнікае сонечны пыл,
вецер у хмарах.
* * *
Сьпёка, на дварэ
селі курыцы купацца
у гарачы пыл.
* * *
Басанож іду,
чорна-сіняя сьцежка,
сьціхае конік.
* * *
Стручок гароху
зялёнаю рыбкаю
высьлізнуў з рукі.
* * *
Жонка і дачка
сьпяць у цёплай цішыні,
жнівеньскі спакой.
* * *
Рэчка ратуе
ад сьпёкі, ад горычы
і ад маркоты.
* * *
Цячэ, шапоча
жвір скрозь пальцы… У руцэ
застаўся камень.
* * *
Пыл на паліто,
каля жалезнай брамы
чакаю брата.
* * *
Іржавы ліхтар
сьпіць пад дажджом у парку,
стоячы сьмірна.
* * *
Рукі, рыдлёўка,
дождж, дзёран, жвір, камяні…
Моўчкі працую.
* * *
Дожджык перастаў,
а вада яшчэ цурчыць
з вадасьцёчных труб.
* * *
Вулка вузкая,
патыхае вільгацьцю
стогадовы брук.
* * *
Кубачак кавы,
белы цукровы кубік,
сухія кветкі.
* * *
У трубах рэха
павялічвае памер…
Сэнс непарушны.
* * *
З вачэй цяжарнай
жанчыны паглядаюць
дзьве розныя душы.
* * *
Цэлы Божы дзень
цяжкая гарачыня —
горад змучыўся.
* * *
Абараняйце,
чорныя акуляры,
хворае вока.
* * *
Стома, здранцьвеньне,
на скронях гарачы пот,
не варушуся.
* * *
Не здымаючы
ахоўных акуляраў,
разьвітваюся.
* * *
Чапіў анучу,
спалохаў шалахвоста —
няма спакою.
* * *
У зеляніне
аранжавыя зоры —
кветкі гарбуза.
* * *
Каханка плача,
хавае твар за букет
гладыёлусаў.
* * *
Лісток сьціскаю —
зялёны, тапалёвы,
гаркаваты сок.
* * *
Зусім няблага
ляжаць і доўга думаць
пра сьпелы агрэст.
* * *
Успамінаю
дзедаў каменны ганак —
трэснуты жорнаў.
* * *
Сонечны вечар,
пылам і галубамі
пахне гарышча.
* * *
Ля плыткай вады
цёплай ліпеньскай рэчкі
па пяску іду.
* * *
З далані на далонь
перакідаў каменьчык
і слухаў хвалі.
* * *
Вецер незнарок
перагарнуў старонку
маленькай кнігі.
* * *
Карункі шуму
на жвір шпурляе хваля
і цягне назад.
* * *
Са жмені ў жменю
няспынна і марудна
сыплецца жарства.
* * *
Залацістая
на вялікай паніве
рыбіна ляжыць.
* * *
У рудым збанку
блакітнае малако,
парожні кубак.
* * *
Стол. Відэлец. Нож.
Памідоры. Агуркі.
Шклянка, сок. Гладыш.
* * *
Астудзіў сьпіну
сьвежы, цёплы вятрыска —
безумоўна, кайф.
* * *
Куст ядлаўцовы
пад маціцовым небам —
вечны вандроўнік.
* * *
Вечар, піск стрыжоў
пранізьлівы, трапяткі
над цёмным дваром.
* * *
Золата крыжоў
плыве над купаламі
чужога храма.
* * *
Вільня, ціхі двор,
пад шэраю сьцяною
папараць расьце.
* * *
Хлопчык-акрабат
на чырвоным дыване
стомлены сядзіць.
* * *
Стогадовы дом,
і каля яго цьвітуць
гладыёлусы.
* * *
Кацяня дайшло
да вакна ў стары падвал
і схавалася.
* * *
Шэра-жоўтае
менскае нізкае неба
кратаю рукой.
* * *
Чорнае неба,
маўклівае чаканьне
ў аэрапорце.
* * *
Сыботні вечар,
зьбіраю зь нізкай ліпы
цьвет на гарбату.
* * *
Ціха паклікаў
круглалісты званочак
мяне ў дзяцінства.
* * *
Іду дахаты,
салодкі ліповы дух
супакойвае.
* * *
Пад алешынай,
у завоіне маўчыць
мяккая вада.
* * *
Гарачы вецер
па зялёнай дарозе
коціць жоўты ліст.
* * *
Квадра, парк стары,
пахне скошанай травой
малады туман.
* * *
Ноч, прыслухаўся —
стракочуць гадзіньнікі;
ці то конікі…
* * *
Па-над сасною
поўні жоўты дыск плыве
на хмарах сініх.
* * *
Падае зьнічка
за далёкі чорны лес;
забыў жаданьні.
* * *
Плывуць аблокі
у ласкавай цеплыні,
месячная ноч.
* * *
Успамінаю
далёкае каханьне
пад платанамі.
* * *
Чужы, чорны дом.
Бясконцы глухі паркан.
Бразнула клямка.
* * *
Джаз разгойдвае
карабельны рэстаран…
Ці наадварот?
* * *
Кураць і танчаць
маладзіцы п'яныя.
Весела глядзець.
* * *
Цёмная поўня
шэпты кляновых шатаў
слухае ў цемры.
* * *
Прытаіліся,
як пачвары марскія,
на пяску карчы.
* * *
Вугаль на зубах,
печанае бульбы смак,
салёны дымок.
* * *
Залаты агонь,
моўчкі з братам сядзелі,
блакітны попел.
* * *
Гудзеньне мора.
Моцны, пякучы вецер.
Чорная вада.
* * *
Бездапаможны
матылёк на шыбе
шукае выйсьце.
* * *
Дзьверы на гаўбец
адчыніў, а мой сябра,
месяц, не прыйшоў.
* * *
Гарадзкая ноч,
шчыльная гарачыня,
кропелькі зорак.
* * *
Не памылюся —
назваўшы запальнічку
любімай кветкай.
* * *
Ціхі шум машын.
Ноч. Гадзіньнік. Я і ты.
Цёпла. Споры дождж.
* * *
Патушы сьвятло,
чуеш — бьецца-бьецца ў шкло
шэры матылёк.
* * *
Срэбная хмара
стала побач з поўняю,
вецер стаміўся.
* * *
Шчупака сасьніў.
Не, не жывога, на —
маляванага.
* * *
Прачынаюся,
пью халодную ваду
і засынаю.
* * *
У сінім садзе
цяжарная жанчына
сьпелы яблык есьць.
* * *
Халодны вецер,
празрыстае паветра,
аголены сад.
* * *
Сьліва на стале,
побач востры нож ляжыць;
зараз сьліву зьем.
* * *
Дворнік пад вакном,
ён мяце-мяце асфальт,
ён бліжэй-бліжэй.
* * *
Як непрыемна
вільготную адзежу
раніцай надзець.
* * *
Гуляю з дачкой
пад жоўтымі ліпамі
старога сквэра.
* * *
Ральля, груганы,
гара пад нізкім небам,
салодкі вецер.
* * *
Аса на шыбе —
дзынкнае пажаданьне
вярнуць свабоду.
* * *
Ляснула шыба,
шкло блішчыць на падлозе,
стаю басанож.
* * *
Чырвань рабіны
ў зеляніне дваровай,
вось спаткаў восень.
* * *
Вербы па рацэ
пасылаюць у нябыт
сумныя лісты.
* * *
Туманны ранак,
над сівою рэчкаю
лунаюць кірлі.
* * *
Сонны смоўж паўзе
па падасінавіку
маладзенькаму.
* * *
Чародка сітавак
пабудзіла ціўканьнем
навакольны лес.
* * *
Шэрая зямля,
скача жвавы верабей,
жоўтая трава.
* * *
Падасінавік —
згубленая шапачка
чорнага дзятла.
* * *
Дзеці зьбіраюць
каштаны на асфальце,
халодны ветрык.
* * *
Дзіця ў касьцёле
слухае арган. Вітраж
чырвоны зьзяе.
* * *
У Койданаве
сады спавівае дым —
паляць бульбоўнік.
* * *
Лёгенькі лісток
да мяне ляціць-ляціць
шэрым матыльком.
* * *
Жоўтыя ліпы,
знаёмая вуліца,
чужыя людзі.
* * *
Сіні кіпарыс,
калі паглядзець праз дождж,
робіцца вышэй.
* * *
Праз кастрычнік
іду пад каштанамі
і па каштанах.
* * *
Скляпеньні, крокі,
водгульле, палёт-лісток
сухі лунае.
* * *
Шоргат шэрых хваль
доўга слухаю адзін.
Дух марской травы.
* * *
Жорсткі хвалялом,
насьцярожанае мора,
шурпаты вецер.
* * *
Глядзіць сланечнік,
нахіліўшы галаву,
на ранішні сьнег.
* * *
Пад белым небам
у сухой траве заснуў
руды сабака.
* * *
Лялька ў калюзе,
нерухомыя вочы
глядзяць з-пад вады.
* * *
Кідае лісты
ў фантанчык зь лебедзем
стогадовы клён.
* * *
Ціха падае
лісьце з паркавых клёнаў,
падае ціха.
* * *
Вецер у сьпіну.
Коціцца сухі лісток,
а за ім другі.
* * *
Вяртацца мушу,
вяртаньне будзе хуткім…
Ізноў дарога.
* * *
Гаворым з братам
пад цёмнымі букамі,
палім няспынна.
* * *
На ціхай вадзе
дзікіякачкі сядзяць,
хуткі цень кірлі.
* * *
Зачапілася
за гатычны кіпарыс
хмарка горная.
* * *
Пад ляскоўкаю
нечакана знайшоўся
салодкі яблык.
* * *
Я забіў жучка,
А спытай мяне — нашто?
І не адкажу.
* * *
Палахлівае
лісьце паляць у парку,
полымя й вецер.
* * *
Восеньскі кантраст —
на бліскучым блакіце
жоўта-цёмны клён.
* * *
Парк прапах дымам.
На гурбе чорных лісьцяў
танчыць агеньчык.
* * *
Чорная вада
у калюжыне стаіць,
а над ёю — я.
* * *
На рэчку хадзіў
паглядзець, ці замерзла,
чакаю зімы.
* * *
Чужы завулак —
тут нават чырвань цэглы
цяпла ня мае.
* * *
Холад восені,
у вясну ляціць-ляціць
матылёк сухі.
* * *
Ты мяне суцеш,
доўгая дарога да
шэрага неба.
* * *
Лілея ў шклянцы,
дух яблыкаў-антонаў,
сьлёзы каханкі.
* * *
Нашто блукаю
і каго шукаю тут,
сярод туманаў?
* * *
Памажыце мне
каханую забыць, кля —
новыя лісты.
* * *
Сланечнік высах,
ледзь чутны водар мёду
застаўся ў лістах.
* * *
Несупынны дождж,
як дзіця, спадзяюся
на заўтрашні дзень.
* * *
Рукі нямога,
чырвоныя на дажджы,
хутка гавораць.
* * *
На камень-валун
сеў самотны вандроўнік,
халодны вечар.
* * *
Легкаважны дым
не магу ніяк схапіць
за блакітны хвост.
* * *
Як непрыкметна
на вагоннай падлозе
сьлед высыхае.
* * *
Сьпяць дарожнікі,
лыжка ў шклянцы на стале
ўсё зьвініць-зьвініць.
* * *
Так дрыжыць вагон,
што ніводнай літары
роўна не пішу.
* * *
Стаміўся ехаць,
нарэшце, той прыпынак,
дзе ўсе сыходзяць.
* * *
Чаму ж вы, пташкі,
ня зьведалі адзіноты
па-над зямлёю?
* * *
Агарнулі лес
восеньскія халады,
вогнішча кладу.
* * *
Колькі каштанаў
прынёс дадому й расклаў
у кніжнай шафе.
* * *
Паўночны вецер,
дождж, шэрая дарога,
ноч, валацуга.
* * *
За галінамі
чорна-сінімі плыве
белы маладзік.
* * *
Восеньскі ўспамін —
на вясковых могілках
пахіліўся крыж.
* * *
Сталёвы вецер,
коціцца па асфальце
звон кансароўкі.
* * *
Ліхтар, прыпынак,
высачэзная постаць
пад парасонам.
* * *
Не дае заснуць
скразьняк у электрычцы,
бязбожны холад.
* * *
Поўнач у мэтро,
мармуровая сьцяна
слухае мяне.
* * *
Жаданьне — заснуць,
не патушыўшы сьвятла,
глыбокая ноч.
* * *
Спаць і толькі спаць,
больш нічога не хачу;
не магу заснуць.
* * *
Дзьверы зачыніў,
а ў пакоі скразьнякі
не пазьнікалі.
* * *
Халодны пакой,
ціўканьне гадзіньніка
не дае заснуць.
* * *
Дзе падзеўся ты,
ясна-белы маладзік?
Не кладуся спаць.
* * *
Вадкая цемра,
уздыхнула машына,
вуркоча матор.
* * *
Нізкая вярба
ўсё кранае на вадзе
адлюстраваньне.
* * *
Ноччу падаў сьнег,
а нараніцу растаў —
цёплая зямля.
* * *
У чаўне вада,
на вадзе — срэбра поўні
і тонкі лёдзік.
* * *
Вельмі многа сплю,
дык чаму цалюткі дзень
пазяхаецца?
* * *
Далёка ў небе,
марозным сінім ранкам
сканала зорка.
* * *
Квітнее сьліва.
О, не-не — падалося…
Навокал шэрань.
* * *
Дробныя зоры
востра міргалі, золкасьць,
час разьвітаньня.
* * *
Стары чалавек
спытаў у вялікай гары:
— Ці гэта зноў сьнег?
* * *
Цёмны шэры ліст
падае на першы сьнег,
нахіляюся.
* * *
У вакно гляджу,
на стале астывае
шклянка малака.
* * *
Над таполямі
шэра-маціцовае
неба студзеня.
* * *
Сонны настрой —
вуркоча рэпрадуктар,
слоў не разабраць.
* * *
Гляджу на шэрань
і не магу пакінуць
занятак марны.
* * *
Мокрая далонь —
бо на ёй дадому нёс
першы цёплы сьнег.
* * *
Марозны ранак,
двухгадовая дачка
шукае поўню.
* * *
Падняўшы з долу,
павесіў на галіну
дзіцячы шалік.
* * *
Ціха, сьняжынкі
на паркавыя вазы
апускаюцца.
* * *
Надпіс на сьнезе,
вецер схапіў і панёс
белую думку.
* * *
Белая шыба;
сонечны, марозны дзень
толькі пачаўся.
* * *
Шэрань на слупах.
Не спыняецца цягнік
ля вясковых хат.
* * *
Сваім холадам
бела-блакітны аркуш
запалохвае.
* * *
Парэзаў палец,
выціраю цёмную кроў
зь белага стала.
* * *
Згадаю вясну —
сьнег і лёд на імгненьне
зазелянеюць.
* * *
На ўчарнелы парк
зноў зімовыя дажджы
сеюцца штодня.
* * *
За нізкім плотам
цяпла й вясны чакае
гарод пад сьнегам.
* * *
Апякаюць твар
вецер і сьнежаньскі дождж,
лёд на паліто.
* * *
Цаліком іду,
сорак дзён парожняя
дзедава хата.
* * *
Пануе шэрасьць —
на местачковым пляцы
туман адліжны.
* * *
Засьнежаны сквэр,
сабачы брэх над рэчкай
разьлягаецца.
* * *
Качар на хвалях
вузкай балотнай рэчкі,
сьнег на берагах.
* * *
Пяро на сьнезе
кінула чорная птушка,
каму, як ня мне?
* * *
Так па-японску —
празь белыя жалюзі
глядзець на зіму.
* * *
За вакном ляціць
вечарова-чорны сьнег
праз маю душу.
* * *
На зялёны лёд
бела-жоўты цяжкі сьнег
падае праз дождж.
* * *
Вечар, ліхтары
над пустой дарогаю
нахіліліся.
* * *
Шафа зь люстэркам,
там сьпяць пах нафталіну
і зімовы дух.
* * *
Мяккі сьнег ляціць;
раптам шэры матылёк
у памяці ўзьнік.
* * *
Брудны шэры сьнег
вечаровае сонца
пазалаціла.
* * *
Чужы чалавек
прапанаваў зь ім выпіць
моцнай гарбаты.
* * *
Навокал сьнегу —
ні прайсьці, ні праехаць —
насыпаў люты.
* * *
Цьвярозы мароз,
за лесам вежавы кран,
лілёвы вечар.
* * *
З дачкой на руках
дамоў, на пяты паверх,
падымаюся.
* * *
Чорная кава
астыла канчаткова,
нарэшце — крокі.
* * *
Сьвятло зьбіраю,
каб асьвятляць сьвет сноў
зімовай ноччу.
* * *
Надакучвае
пасылаць падарункі
самому сабе.
* * *
Чорны тэлефон,
як скарбонка, прыхаваў
галасы сяброў.
* * *
На адпачынку
раніцай люблю згадаць
каляровы сон.
* * *
Дваццаць год прайшло,
а ракавіна тоіць
галасы мора.
* * *
Колькі радасьці
яны раней дарылі —
лісты каханкі.
* * *
Чалавечы лёс.
Не хапае нават слоў,
што ні гавары.
* * *
Зараз я сябе
у люстэрку не пазнаў…
Зрэшты, ну і што.
* * *
Добрая душа —
ён і зь дзецьмі гаварыў,
як з дарослымі.
* * *
Гартаю кнігу,
у гармідары літар
зьяўляецца сэнс.
* * *
Нараджаемся,
паабяцаўшы Богу
хутка памерці.
* * *
Самы лепшы верш
запішу на газэце
й шпурну ў сьметніцу.
* * *
Верш на паштоўцы
запісваю алоўкам,
а потым тушшу.
* * *
Чытае хлопчык
гучна, па складах, мой верш,
ніякаватасьць.
* * *
Бяз дай патрэбы
на аловак насадзіў
катушку нітак.
* * *
Некалі ў мяне
плястмасавы чалавек
у скарбонцы жыў.
* * *
Кроплі чарніла
ўпалі на чысты стол —
зорнае неба.
* * *
Ломкі лябірынт
падлічвае памылкі
лягічных крокаў.
* * *
І паміж сяброў
не магу пазбавіцца
адзінотнасьці.
* * *
У прорву часу
ляцяць нашыя крокі…
Рэха, успамін.
* * *
Пыл, пясок, жвір,
жарства, камяні, груды,
горы, сьнег, неба…
* * *
Накіроўваю
ў падземны пераход
свае пакуты.
* * *
Аб кант коміну
разьбіваецца погляд
на рэчаіснасьць.
* * *
Пазабаўляцца б
з такім прывабна-сінім
электрадротам.
* * *
Мэтазгоднасьці
ўказальнік блакітны
не вызначае.
* * *
Адваротная
пэрспэктыва дарогі
сыходзіцца ў сэрцы.
* * *
Памыляюся,
за павелічальным шклом
той жа самы сьвет?
* * *
Хто табе сказаў,
што мінулае маё
не належыць мне?
* * *
А ці трэба па —
мятаць, які зараз дзень,
можа, ведаеш?
* * *
Брат мой гаварыў:
— О, які ён салодкі,
водар атруты…
* * *
Непераможны,
як дух безнадзейнасьці,
смак самагубства.
* * *
Сустракаюцца
не зусім падобныя
і сярод блізьнят.
* * *
Так яно лепей, —
калі ніхто ня прыйдзе.
Крокі пад вакном…
* * *
Два гадзіньнікі
і ніводзін не ідзе.
Як гэта добра.
* * *
У бясконцай чарнаце
бразнуў клямкаю
нечаканы госьць.
* * *
Сталёвы месяц,
жалезабэтонны мост,
срэбная вада.
* * *
Лютаўская ноч,
мароз; а мурын ідзе
без капелюша.
* * *
Не магу заснуць.
Напішу пра галалёд —
астуджу душу.
* * *
Каляровы сон
завітаў сярод зімы —
з кветкамі вяргінь.
* * *
Ноч глыбокая.
Перачытваю наноў
Іса і Басё.
* * *
Не магу заснуць.
Слухаю далёкі гуд
аэрадрому.
* * *
Ці не вар'яцтва —
марыць пра бессьмяротнасьць
лютаўскай ноччу?
* * *
Лётае вецер,
страсае зоры на сьнег,
рыпяць таполі.
* * *
Ідзе гадзіньнік.
А куды? Невядома.
Спыню маятнік.

Максім Клімковіч

* * *
За шклом вэранды,
у цемры шолах бэзу;
ліпеньская ноч.
* * *
Праз дожджык бачу
шэрую вільгаць муроў.
Восеньскі горад.
* * *
Спыніўся цягнік.
Насупраць твары людзей.
Ізноў дарога.
* * *
На дне фантана
голуб дзяўбе жоўты ліст.
Восеньскі ранак.
* * *
Паліць лістоту
сумны маўклівы дворнік.
Хлебны пах клёну.
* * *
Чакаю гасьцей.
Халодны гузік званка
хто першы кране?
* * *
Вышэй за дамы
павырасталі дрэвы,
што мы садзілі.
* * *
Сягоньня дзеці
не знайшлі яблыкаў
у старым садзе.
* * *
Над старой студняй
я адпусьціў каменьчык.
Чаканьне ўсплёску.
* * *
Прайшлі машыны,
шум сьцішыўся і зьнік.
Гарачы вецер.
* * *
Як доўга ехаў
праз гарады, празь вёскі
адной дарогай.
* * *
Сьвятло маланкі:
зьнік у вільготнай цемры
нерухомы лес.
* * *
Спяшаюся. Над
горадам нацягнуты
лук маладзіка.
* * *
Драўляны мост. Мір.
Ідзе стрыножаны конь —
рыпяць масьніцы.
* * *
Зімнае неба.
З трэскам падае на дол
празрысты яблык.
* * *
Вось і прыехаў
у бела-шэры горад;
мо хто сустрэне?
* * *
Адчыніў вакно:
гукі аўтамабіляў,
халодны вецер…
* * *
Адзін у хаце,
запаліў цыгарэту,
робіцца цёпла.

Міраслаў Шайбак

* * *
Куды ж ты вядзеш,
сьлед, пакінуты на сьнезе
вялікім зьверам?
* * *
Якія ж людзі
дробныя на бязьмежным
зімовым полі…
* * *
Месяц-павучок
тчэ павуту з галінак.
Зімовы сквэрык.
* * *
Запісаў словы
на сьнезе, няхай гінуць
пад промнямі цяпла.
* * *
З радыятарам
павітаўся ў пад'езьдзе.
Лютаўскі вечар.
* * *
Завеі, сьнегам
не засыпайце ўночы
нашыя брамы.
* * *
Прыемна глядзець,
як на чорнай паніве
смажыцца бульба.
* * *
Зімовая ноч.
Пад песьні прыёмніка
выпіў гарбаты.
* * *
Цыгарэтны дым:
у паветры паплылі
шэрыя кветкі.
* * *
Пэўна, учора
глядзеў на сьнег — ды раптам
каткі на вербах.
* * *
Бясконца б ехаў
у кодабе машыны
празь вясновы лес.
* * *
Перабіраю
каменьчыкі ружанца —
прыемны холад.
* * *
Кусты чаромхі.
Чырвань на белых кветках —
колер сьвітанку.
* * *
Стромкі завулак.
Жвір рыпіць пад нагамі.
Імжа… Дзень… Цяжка…
* * *
Правёў рукою
па сьвежай атынкоўцы,
прыемны холад.
* * *
Жучок-прусачок,
нашто так сьпяшаесься
схавацца хутчэй?
* * *
Кусты парэчкі.
Колькі ягад тут! Побач
восы вядуцца.
* * *
Над канюшынай
цяжка гудзе чорны чмель,
шмат працы яму.
* * *
Пад грушай старой
лёг жаўнер, скінуў боты,
вочы заплюшчыў.
* * *
Хто мне падкажа
гэтай кветачкі назву?
Слухаю вецер.
* * *
Гнілая дошка.
Колькі дзірачак у ёй
шашаль натачыў!
* * *
Ці ведае ён,
камень на дне рэчкі,
летнюю сьпёку?
* * *
Жнівеньскі вецер.
У анучы на плоце
вырасьлі крылы.
* * *
Чорны матылёк.
Што шукае ён? Можа,
чорную кветку?
* * *
Сьцяжынка ў полі.
Конікі суха зьвіняць
на цёплым пяску.
* * *
Куды ж, таполі,
вы пайшлі чарадою,
уздоўж дарогі?
* * *
Верабей ляціць,
не схаваецца ў траве
белы матылёк.
* * *
Летнім вечарам
кожны ліхтар над шашой
кліча матылькоў.
* * *
Вецер. Возера.
Ціха чоўн пусты плыве.
Сонца садзіцца.
* * *
Запаліў сьвятло:
напалоханая мыш
зьнікла ў шчыліне.
* * *
Жоўтае лісьце
вецер на ганак прынёс.
Як пераступіць?
* * *
Дрэвы ў тумане?
Не, гэта паляць лісьце
восеньскім ранкам.
* * *
Лапкі елачак
мне ворагамі сталі.
Зьбіраю грыбы.
* * *
Восень. Сухую
галінку не пазнаеш
на дрэве жывым.
* * *
Не вылучаюся,
я — звычайны праходжы.
Іду пад дажджом.
* * *
А дзе ж схавацца
павучку-вандроўніку?
Восеньскі дожджык.
* * *
Тапалёвы ліст
у восеньскай бязважкасьці
паплыў да зямлі.
* * *
Да маёй нагі
прытуліўся сабака.
Не спыняйся, дождж!
* * *
Шукаю ўначы
на хвалях эфіру
родную мову.
* * *
Ля кніжнай шафы
разьбіраю паперы,
раптам — верш Басё.
* * *
Ня маю ў жыцьці
нічога, хіба ў сшытку
некалькі вершаў.
* * *
Як цяжка знайсьці
словы, і гэта мая
родная мова.
* * *
Лапкамі елак
свой пакой упрыгожыў,
сьвяточны настрой.
* * *
Бяз сэнсу жыву,
учора і так штодня.
Холад раніцы.
* * *
Адчыніў дзьверы:
варушыцца на сходах
мой цень зламаны.
* * *
Замерзла ноччу
вірлівая крынічка,
белая нуда.
* * *
Доўгі, доўгі дзень.
Сёньня мне ліст ад маці
павінен прыйсьці.
* * *
Ад брата сёньня
паштоўку прынесьлі мне.
Чакаю вясну.
* * *
Узяў фуфайку,
успомніў нябожчыка,
дзеда Валодзю.
* * *
На першым сьнезе
сьмецьце — кінула восень
лісьце зь бярэзін.
* * *
Грукнулі дзьверы.
Дзіцячая калыска.
Халодны пад'езд.
* * *
Скокнуў верабей:
толькі сьнегу камякі
сыплюцца з галін.
* * *
Белая нуда.
Толькі недзе пад сьнегам
схавалася мыш.
* * *
Зімовы вечар.
З запісною кніжкаю
сяджу ў куточку.
* * *
Печку адчыніў:
пасівелі вугалькі,
попел варушу.
* * *
У качагарцы
прытуліўся да печкі —
прыемна, цёпла.
* * *
Сыпле дробны сьнег.
Побач даўно ўжо няма
блізкага сябра.
* * *
На сьнезе пісаў
хоку сёньня — не дарма
існую ў жыцьці.
* * *
Зімовы вечар.
Між небам і зямлёю
сьвятло мястэчка.
* * *
Зімовы вечар.
Цыгарка праходжага
і тая зьнікла.
* * *
Маці на кухні,
пах смажанага сала —
вайсковы ўспамін.
* * *
Трымаю ката,
ціха сэрца тахкае,
мяккае цяпло.
* * *
Прачнуўся ноччу.
Па калідоры хаджу.
Бясконцая ноч.
* * *
Казарма. Ліхтар.
Чакаю мінулага.
Цяжкі ўспамін.
* * *
Сьвяточная ноч,
грукае ў шыбу маю
толькі вятрыска.
* * *
Устаўшы рана,
выпіў з хлебам гарбаты,
палю цыгарку.
* * *
Між роснай травы
дзьмухавей захістаўся.
Халодны ранак.
* * *
У сонечны дзень
нерухомае неба
раньняй вясною.
* * *
Жорсткая трава.
Яшчэ трымае холад
зямля вясною.
* * *
Ледзь дакрануўся
да дзьмухавея — адчуў —
вецер над полем.
* * *
Зярністы пясок,
ён не трымае доўга,
нават лужыны.
* * *
На бярэзінах
дробнае лісьце дрыжыць.
Майскія сьвяты.
* * *
Доўга дзівіўся:
рэшткі сьнегу на полі
склалі малюнак…
* * *
Кавалкі неба
хмарай разарваныя.
Блакітны вецер.
* * *
Неба сьпявае?
Ці за сонцам схаваўся
маленькі жаўрук?
* * *
Змокшы пад дажджом,
хаваюся пад брамай.
Сумны сакавік.
* * *
У качагарку
спусьціўся, але печка
ўжо не гарыць.
* * *
Спаць так кладуся:
лёгкі вецер Радзімы
хай прысьніцца мне.
* * *
Спаць не кладуся,
доўга гартаю кнігі.
Прыемная ноч.
* * *
Сьвятло маланкі.
Месяц за хмарамі зьнік
так незаўважна.
* * *
Сёньня ноччу ў сьне
ізноў бачыў Радзіму.
Сумны прачнуўся.
* * *
Так хочацца спаць!
Раніцы прамень у твар,
прачынаюся.
* * *
Чарга ў лякарні
няўтульнае крэсла…
Прыемны скразьняк.
* * *
Галінка вярбы.
Дакрануўся, і зьніклі
кропелькі расы.
* * *
Апранаюся.
З хлебам выпіў гарбаты.
Ранак прачнуўся.
* * *
Дзень нараджэньня.
Апрануў вайсковы фрэнч.
Халодны жнівень.
* * *
Ядлаўцовы куст
на пясчаным узгорку.
Чэрвеньскі ранак.
* * *
Кавалак хлеба.
Муха над вухам зьвініць.
Кубак малака.
* * *
Выйшаў з кватэры,
толькі рэха вітае
мяне на сходах.
* * *
За будынкамі
стракатаю хмараю
зьніклі галубы.
* * *
Сінія груды
на поўначы Чэхіі
ў сонечны дзень.
* * *
Руды сабака
брэша за весьніцамі…
Няўжо я чужы?
* * *
Як моцна дрэва
за глебу трымаецца…
Зрываю кветку.
* * *
Ценем фіранкі
крэсьліць паперу вецер,
складае свой верш.
* * *
Руіны мура,
ізноў ты стаў валуном,
камень на груду.
* * *
Фарбую сьцяну.
Ці знойдзе шэры павук
сваю шчылінку?
* * *
Ядлаўцовы куст
выкінулі на пясок
хвалі верасу.
* * *
Засохла дрэва.
І жукі-дрывасекі
тут завяліся.
* * *
Сена варушу.
Нават у летніх травах
схавана восень.
* * *
Добрая душа,
падары цыгарэтку,
запалім разам.
* * *
Павуком пабег
чырвона-чорны камбайн
у жоўтым жыце.
* * *
Ляжу пад дрэвам,
а ў галаве ні думкі,
адпачываю.
* * *
Ядлаўцовы куст,
ці чалавек на грудзе
махнуў рукою?
* * *
Залаты жучок
раптам мільгануў і зьнік —
вецер у траве.
* * *
Ты не сумуеш
Па ветру над возерам,
жучок-плывунец?
* * *
Кветку не кранай,
бо загудзе на цябе
раззлаваны чмель.
* * *
Здароў, землякі!
На слупе пры дарозе
рэжу слова «Менск».
* * *
Гарбаты жучок,
на плячах сваіх схаваў
лёгкія крылы.
* * *
Прылёг на зямлю.
Адкінуўшы рыдлёўку,
адпачываю.
* * *
Заварушыўся
каля берага чарот,
выпаўзла жаба.
* * *
Да дому прынёс
на адзежы кастрыцу.
Хораша ў лесе.
* * *
Пакінуты дом,
ці будуецца новы?
Шарая гадзіна.
* * *
Стомлены працай.
Прыемны холад вады.
Доўга мыюся.
* * *
Чыркнуў запалкай.
Вастракрылы матылёк
сьвеціцца ў цемры.
* * *
Грукнулі дзьверы.
Пацягнула скразьняком…
Прачнуўся ноччу.
* * *
Жнівеньскі месяц
праглынулі аблокі.
Халодная ноч.
* * *
Старога сябра
галава пасівела.
Месяца сьвятло.
* * *
Ляжаў і слухаў,
вось крокі праходжага
далей і далей.
* * *
Чыркнуў запалкай.
Вецер, не тушы ўначы
крылы полымя.
* * *
Што мне трэба ўзяць?
Яблык у кішэнь паклаў.
Холад раніцы.
* * *
Пасьля хваробы
выйшаў на двор прайсьціся.
Халодны вецер.
* * *
Колькі кастрыцы!
На белым грыбе сьлімак
адпачывае.
* * *
Затрапятаўся
блакітны вітраж — вецер
крануў галіны.
* * *
Сябра-верабей,
ты прыляціш да мяне
сумнай раніцай.
* * *
Аловак схаваў.
Толькі вецер варушыць
лісты паперы.
* * *
Яблыня-дзічка,
ты ізноў нарадзіла
толькі ападкі.
* * *
Што за хмарамі?
Можа, і там, па небе
сыпле дробны дождж?
* * *
Жоўтае лісьце,
дробныя хвалі нясуць.
Холад лужыны.
* * *
Зробіць смачнымі
яблыкі з антонаўкі
халодны вецер.
* * *
Лясныя сьцежкі,
размыты доўгім дажджом,
верасень ідзе.
* * *
Хавайся хутчэй,
вадамер. Бачыш, лісьце
жоўтае плыве.
* * *
Сухое лісьце.
Вецер зжоўклай газэты
старонкі панёс.
* * *
Конік засьпяваў
у пажаўцелай траве.
Сёньня так сумна.
* * *
Кошык з грыбамі
панёс чалавек — сьціхлі
конікі ў траве.
* * *
Ад каго схаваў
жоўтае лісьце вецер
пад агароджай?
* * *
Праз мокрае шкло
паглядзі на праходжых,
што шпарка ідуць.
* * *
Ніхто ня ўбачыў,
я спыніўся ў натоўпе,
стаю пад дажджом.
* * *
Грак над ворывам,
паляцеў уздоўж груда,
крыкнуўшы ветру.
* * *
У белай місе,
нібы вока восені,
чырвоны яблык.
* * *
Камарык зьвініць?
Ці сухую галінку
гайдае вецер?
* * *
На хвалях ракі
алешыны ліст паплыў…
Дзе ён спыніцца?
* * *
Шэпча аб нечым
мне мурзатая грубка.
Восеньскі вечар.
* * *
Чарку гарэлкі
наліў і выпіў адзін.
Ня маю сябра.
* * *
Хто з нас больш сумны?
Гэты дождж параўнаю
са сваім жыцьцём.
* * *
Запалі ліхтар.
Кроплі дажджу прачнуцца
на маім вакне.
* * *
У цёмным кутку
пачапельнік драўляны.
Мокры капялюш.
* * *
Комін фабрыкі.
У лужыне мазута.
Мокрыя боты.
* * *
Шклянка ля крыжа
на вясковых могілках
зьбірае лісьце.
* * *
Хто гэтай ноччу
наведае ліхтары?
Холад верасьня.
* * *
Доўга пью каву,
аб жыцьці разважаю.
На вуліцы дождж.
* * *
Каля вогнішча,
змокшы наскрозь пад дажджом,
прысеў адпачыць.
* * *
У маім доме
лістападаўскі вецер
зачыніў дзьверы.
* * *
Зорнае неба.
Доўгімі зрабіў цені
высокі ліхтар.
* * *
Месяц не ўзыйшоў.
Ліхтары ўздоўж дарогі —
маё сузор'е.
* * *
Сёньня здалося —
не вярнуцца ніколі
мне да Радзімы.
* * *
П'е чарку адзін,
бо на Радзіме сваёй
ня мае сябра.
* * *
На мапу гляджу:
вось родныя мясьціны,
так недалёка.
* * *
Шкляначку кавы
купіў і сьпяшаюся
дадому, зварыць.
* * *
Час адпачынку,
і кожны нешта сваё
ўспамінае.
* * *
Брата б убачыць,
яго руку паціснуць,
хоць на імгненьне.
* * *
Цыгарка ў руцэ,
зьбіў попел, і агеньчык
быццам прачнуўся.
* * *
Шэра-чорны цень
у жыцьці пакідаю —
свой фотаздымак.
* * *
Змоўкла радыё,
тэлевізара сьвятло
гасьне на вачах.

Віктар Шніп

* * *
Сьвецяцца зоры.
Кароткая дарога
да роднай хаты.
* * *
Блішчыць сіні сьнег.
Трэснуў на бочцы абруч.
Едкі пах дыму.
* * *
Рыпяць арэлі.
Птушка сьпіць на галінцы.
Сьвеціцца шкельца.
* * *
Далёка дамоў.
З куста падае лісьце.
Халодны лівень.
* * *
Белая вішня.
Узьляцела сініца.
Сыплецца шэрань.
* * *
Высокая трава.
Плыве па зялёнай вадзе
пажоўклае лісьце.
* * *
Старая ня сьпіць.
На тумбачцы сьвеціцца
здымак старога.
* * *
Малады голуб
лётае за матылём.
Ціхія дрэвы.
* * *
Жанчыны рвуць лён.
Шэры жаўрук у небе
гаворыць з хмарай.
* * *
У хмаркі белай
просіць піць перапёлка.
Расьце збажына.

Андрэй Антонаў

* * *
Зялёныя рунь
і неба… Колер яе
вачэй ня ўспомню.
* * *
Старая хата,
у павуціне срабрыстай
матыль засохлы.
* * *
Дождж. Спаць іду
з надзеяю, што заўтра
горад патоне.
* * *
Над мёртвай коткай
дзяўчо ўкленчыўшы плача.
Вечаровы час.

Оглавление

  • Лёс хоку
  • Максім Танк
  • Уладзімір Арлоў
  • Уладзімір Сьцяпан
  • Уладзімір Сіўчыкаў
  • Адам Глёбус
  • Максім Клімковіч
  • Міраслаў Шайбак
  • Віктар Шніп
  • Андрэй Антонаў