Душою з небам гаварыць [Нiна Мацяш] (fb2) читать постранично

- Душою з небам гаварыць (и.с. Беларуская паэзія xx стагоддзя) 737 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Нiна Мацяш

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Ніна Мацяш Душою з небам гаварыць

Выбраная лірыка


Падрыхтаванае на падставе: Ніна Мацяш. Душою з небам гаварыць: Выбраная лірыка. — Мн.: Маст. літ., 1999. — 462 с. — (Беларуская паэзія XX стагоддзя).

УДК 882.6-1

ISВN 985-02-0438-9


Copyright © 2013 by Kamunikat.org

Ах, чароўныя дудачкі з матчынай казкі...


ТРЫ ДУДКІ
Ах, чароўныя дудачкі з матчынай казкі!..
Падзьмеш у адну —
і высахнуць слёзы;
У другую падзьмеш —
засмяешся знячэўку;
Возьмеш трэцюю —
пусцішся ў скокі...
Ах, чароўныя дудачкі з матчынай казкі!
Паўжыцця давялося схадзіць,
Каб здабыць вас,
І цяжка даць веры яшчэ,
Што ў руках у мяне вы.
Але ў першую дудку
таямнічага слова
падзьму —
Высыхае слязіна;
Паднясу другую да вуснаў —
і ўсміхацца гатова;
А на трэцяй зайграю —
смех паклоніцца нізка слязе
За спатканае шчасце.
1975

* * *
...Успрымаць як цуд, што я жыву,
Чую галасы бацькоў і руні;
Са здзіўленнем дзён маіх дратву
Пазнаваць у расспяваных струнах;
Дзівавацца каменю й лістку,
Дзівавацца кораню й дажджынцы;
Зноў адчуць, што я на валаску
Над прадоннем спеленых дажынкаў;
Ведаць пэўна, што рука твая
Мне не дасць аб камяні разбіцца.
Як магло са мной такое збыцца?!
Дзівавацца гэтаму ўдвая...
1978

* * *
Вучуся ў дрэў.
У ніцае ракіты —
Глыбей у глебу весці карані,
А у бярозы, восенню акрытай, —
Вяртаць лістотай сонца з вышыні.
Вучуся ў дрэў.
I навучыцца б толькі
Пранесці праз усё маё жыццё
Бясстрашнае такое ж, як у вольхі
Зялёнае і ў лістапад — лісцё.
1972

ЛЮДВІГ ВАН БЕТХОВЕН
Ёсць толькі шлях.
Адзіна ён не здрадзіць.
Няхай жа ён
Прамы і шчасны будзе!
Шчаслівы —
Насуперак бяздоннай беспрытульнасці,
Прамы —
Насуперак неадназначнасці й сумненню.
Ці дзякуючы гэтаму?
Ісці за рэхам, .
Блізкім і загадкавым,
За водгуллем
Бяссмертна-жыватворнай музыкі
Той роднасці, той годнасці, якімі
Жывыя мы, —
Каб потым,
Не дужа рана
I не надта позна,
Якраз у час, каб зразумець, адчуць,
Што пакрываўленая,
Дужая, прыўзнятая
Душа
Усё ж вярнула,
Вярнула людзям ноту іх душы
I гэтым далучылася да водгулля
I роднасці, і годнасці, якімі
Усе жывыя мы:
Бо ноту гэтую
Праўдзівай
Людзі прызналі непаблажліва.
Хай будзе шлях
Прамы і мужны!
1976

ЦВІТУЦЬ ЛУГІ
Калі і як з нябёс вясёлка
Упала тут на мурагі?
Ды разляцеліся асколкі —
Цвітуць лугі, цвітуць лугі!
I гэтак хораша на сэрцы,
I я сама цвіту, цвіту,
I маладую песню вецер
Зрывае з вуснаў на хаду.
I, можа, там, за сінім гаем,
За плынню сонечнай смугі,
Я незнарок цябе спаткаю...
Цвітуць лугі, цвітуць лугі!
1965

НЕСПАКОЙ
У мяне ўсё добра, ціха, ясна.
Гэткі ж ясны і спакойны дзень.
Дык чаму ж, як пры бядзе уласнай,
Штось таемнае душу гняце?
Сонца залівае тратуары
У абдымках густалістых ліп.
Углядаюся ў людскія твары:
Чый жа боль сягоння мне баліць?..
1971