Блакітны зніч [Лірычнае] [Янка Брыль] (fb2) читать онлайн

- Блакітны зніч [Лірычнае] (а.с. Бібліятэка часопіса "Наша Вера") 214 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Янка Брыль

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Янка Брыль БЛАКІТНЫ ЗНІЧ

Лірычнае


Падрыхтаванае на падставе: Янка Брыль, Блакітны Зніч. Лірычнае, — Мінск: Про Хрысто, 2004. — 92 с. (Бібліятэка часопіса «Наша вера»)


Рэдактар: К. Лялько


Copyright © 2013 by Kamunikat.org

ЦІ-ШЫ-НЯ


* * *
Каторую ўжо раніцу з крутога павароту дарогі бачу вялікі барвяны шчыт нізкага сонца — праз рэдка-лісцяную крону старое ліпы. Летась асірацелай, калі буран абярнуў з яе таксама старую, грувасткую ад бясконцых вясновых рамонтаў буслянку. I не пустую, а з нялётнай моладдзю, якую мы, суседзі, дружна шкадавалі, асабліва дзеці.


* * *
Калі мне трапляе на вочы штотыднёвая «таўсцюшка» модна легкадумнай ды развязнай «Комсомольской правды», я ў ёй адразу шукаю пад канец старонак абавязковы прыродазнаўчы нарыс Васіля Пяскова. Ён многа ведае i тонка, чыста адчувае.

Сёння ў яго пра кулікоў.

А мне не проста цікава, — я жыва ўспамінаю неверагодна далёкую раннюю восень трыццаць восьмага года. Сонечную, калі касілі атаву. Людзей паблізу мяне не было, я адзін убачыў як на зацішны брод нашай рыбнай Вушы чародкай аселі кулікі. Перада мною быў крутаваты ўзмежак, i я, прылёгшы, поўз на вышэйшае, каб убачыць тых кулікоў бліжэй.

Радасць ледзь не дзіцячай цікаўнасці. Хоць на душы ў мяне толькі што былі туга i страх. Па дэтэктарным радыёпрыёмнічку пачуў дома ўранні, што ў палякаў з чэхаславакамі, мусіць, дойдзе ўсё-такі да найгоршага. Словы такія: Заользе, канфлікт, ультыматум... А за імі такое простае, жахлівае — вайна!.. Мне пайшоў з лета дваццаць другі, вясною адбыў прызыўную камісію. Яшчэ адно страшнае слова: мабілізацыя... А я ж так мірна настроены маладою душой, любасцю да жыцця, антываеннымі кнігамі, я ж у такім жахлівым тупіку!..

На той час найстрашнейшае адклалася.

Я неўзабаве напісаў апавяданне «Кулікі». У вайну яно прапала. I часта, даволі часта ціха, радасна ўспамінаецца. Але ж няма як праверыць, ці й сапраўды яно было добра напісана.


* * *
На стале маім — прачытаныя за апошнія дні «Скарыніч», «Куфэрак Віленшчыны», «Annus Albaruthenicus 2002». Для Беларусі стараюцца: у Маскве Аляксей Каўка, у Маладзечне Міхась Казлоўскі, у беластоцкіх Крынках Сакрат Яновіч. I гэта ж не ўсё, чым жыве, абараняецца наша роднае слова, ёсць i будуць яшчэ сумленна-чыстыя, няхай сабе i рэдкія выхадам, i малыя тыражамі выданні, у якіх, па вялікім рахунку, ёсць што пачытаць, чым паганарыцца, падмацаваць душу.


* * *
Суседава, цераз вуліцу, дачка, хросніца майго бацькі, адна з трох цётак славутага брусельскага мастака-рэстаўратара Міхася Саўкі-Міхальскага, — Саўчына Віліта. Дзеўка няскладна рослая, няўдалая, замуж пайшла — абы выйсці, дый сямейнікі — стары, удовы бацька, гаспадарлівы браг i драпежная братавуха, — спяшаліся яе пазбыцца. Выйшла ў блізка суседнюю вёску, за Парашчынага Івана, таксама няўдаліцу, але нярослага, трапяткога. Яны абое з маткай былі вельмі працавітыя i скупыя. Разліюць малыя, калі яны з'явіліся, малако на стале, дык бацька, ужо й вусаты, схлебча яго, каб дарма не прападала. Біў ён Віліту часцей не адзін, а з мамай. Выбіраў момант, калi яго «дэрба» стаяла каля лавы: ускокваў курдупель на лаву — ды зверху, нібы каршун. Маці-свякроў шчыкалася ды штурхалася знізу.

Я сваю «Марылю» пісаў у асноўным з Горавай Мані, з якою ў маленстве сябраваў у школу разам хадзілі. Дзеўкай яна была i мілавідная, i з пашкоджанай у маёнтку рукою. Але замуж я выдаваў яе прыдумана, няўдаліцу жаніха пісаў з іншага Івана, a ўжо білі яе, як у Парашчыных, сын з мамай. У першым маім зборніку «Апавяданні» было так: «Як толькі пажаніліся, без таты i набіць яе не мог, пакуль не навучыўся». A ўжо далей — правяраю па двухтомніку 1960-га, — тата быў выкраслены, не памятаю, чаму. I мамай не замяніў яго, як у Парашчыных было, таксама не памятаю, чаму.

A днямі тое касмічна даўняе, пустыннае ўспомніў чамусьці ў тым ідыёцкім варыянце, як яно было, пра што ў абедзвюх вёсках гаварылася. I стала мне па-старэчы, па-бацькоўску востра шкада тую няўдаліцу Віліту, нават i плач яе нібы пачуў у спалучэнні дарослага з дзіцячым...

Можна, відаць, i так: хвараблівая жаласць. Калі тое было, а ты...

Але ж яно само прыйшло!..


* * *
Цяжка чытаю «Розу Мира» Данііла Андрэева.

Над нагрувашчаннем прамудрых разваг i тлумачэнняў скрозь ix i за імі раптам убачыліся першыя хрысціяне ў рымскім цырку, перад тым найстрашнейшым момантам, калі на арэну, дзе застылі ў жаху ахвяры, вырвуцца галодныя ільвы.

Сярод ахвяраў — дзеці. Як жа ім іхнія бацькі, маці, дзяды i бабулі, у душах, у свядомасці якіх ёсць тое, за што звяры будуць ix разрываць, як усе тыя блізка-дарослыя скажуць дзецям, святым у сваім няведанні, за што ім гэты жах звышпакутлівай смерці?

А потым я вельмі проста сігануў з той старадаўняй далечы ў свой час, у гады фашысцкай акупацыі, у апавяданні тых, што ўвайшлі ў кнігу памяці «Я з вогненнай вёскі...», у жахі дарослых i дзяцей, у моманты перад расстрэлам, у тую самую немагчымасць сказаць, растлумачыць свята-нявінным: што гэта?..


* * *
Немаладая ўжо руплівіца ўчора ўранні зжала ў суседнім агародзе амаль увесь ячмень, a ўвечары, прыехаўшы з пасёлка роварам, з унучкай на раме, ca страху перад вось-вось магчымым дажджом павязала жмені ў снапы, а снапы знасіла i паставіла ў даўно не бачаныя мною мэндлікі.

Убачыўшы ix уранні, успомніў Максіма Танка: вось i тэма яму для настальгічнага верша.


* * *
Чытаю як быццам вясёлыя апавяданні турэцкага сацрэаліста Азіза Несына, а тут за акном, нарэшце, хоць рэдкі дожджык.

«Пакіну кнігу, пайду на ганак ды пачытаю дождж».

Але, гэта не дождж, а дожджык, які — згадалася — «покапал и прошел», i засталася такая ўрачыстая ціш, што кветкі цыніі — гляджу, прысеўшы на ганку, — стаяць на сваіх высокіх сцяблінках так непарушна, што самому хочацца застыць, суцішыцца ў пытанні: а што гэта такое — ці-шы-ня?..


* * *
Чарнавік — справа інтымная, якою хваліцца няёмка.


* * *
У нашым Загоры: «Не тут кажучы», a ў Крынічным сёння пачуў: «Нікому кажучы». Пра нейкую бяду, каб не наклікаць яе.

...Сала ў вёсцы i сёння, як заўсёды было, не малая ўдарная сіла. I ў прыказках гэта жыве. Адразу адна прыгадалася: «Дурны, дурны, а сала хоча!»

...Помніцца маміна: «Усё, канец, i дуды вобземлю!»

У «Слоўніку беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі i яе пагранічча» на Ашмяншчыне запісана: «Дуды ў мех i па ўсіх танцах» — пра канец справы, работы». А нашае, з Міршчыны, у пэўным адчаі ці проста малайцавата.


* * *
Наколькі лепш было б ведаць пра чалавека, пакуль ён жывы, усё тое, што раскрываецца пасля, калі ўжо яго няма, a засталіся толькі запісы, успаміны...

Апошні прыклад — Мар'ян Пецюкевіч, кнігу якога «Кара за службу народу» днямі з цікавасцю прачытаў. Тут у яго кара лягчэйшая — ссылка ў Сібір, жыццё нейкім чынам свабоднае. Ёсць яшчэ кніга «У пошуках зачараваных скарбаў», дзе ў яго i допыты, i турма, i лагер. Хочацца прачытаць яе, можа, i ўдасца. A калі чытаў пра ссылку, мне хораша раскрывалася душа яшчэ аднаго, па-свойму значнага чалавека. Думалася i пpa тое, як мала я ведаў пра яго, калі ён пісаў мне з Торуня, здаецца, ужо ў шасцідзесятых, між іншым, паведамляючы i пра смерць старога віленчука архітэктара Стэфана Нарэмбскага, таксама мала вядомага мне пасля нашага знаёмства з ім увосені 1955-га, калі я пісаў пра гэта ў нарысе «Польскі дзённік», а з яго дачкой, мастачкай Барбарай Нарэмбскай-Дэмбскай, пазнаёміўся летам 1964-га на Нарачы, i яна погым прыслала мне манаграфію пра бацькава жыццё i творчасць з прыязным аўтографам вясёлага маэстра.

Столькі пражыўшы, так даўно ўжо займаючыся здаваннем у архівы таго, што бачыцца вартым захавання, дзіўна ўсё-такі, неяк па-асабліваму нязвычна, што трэба вось схадзіць у бібліятэку Акадэміі навук або ў Дзяржаўны архіў літаратуры i мастацтва, каб перачытаць там дзесятак пісьмаў Пецюкевіча ці яшчэ кагосьці, — так усё забылася, толькі сяк-так узнікае зрэдку ў перанасычанай, стомленай памяці, часамі, праўда, i радуючы нейкім «адкрыццём».


* * *
На дачным застоллі гарадская дашкольная лялька Ганначка, хочучы выйсці з-за стала, не папрасілася, а проста шуснула пад яго i вылезла з-пад другога боку, паміж крэсламі, прыпадняўшы светлай галоўкай абрус. I выйшла з веранды на ганак, адкуль, паміж разнаколернымі, высокімі для яе кветкамі, па траве падбегла да зялёна-вялікай надзіманай чарапахі i зноў пасядзела на ёй.

З вясковых рэальных міфаў успомнілася, як на адным вяселлі курдупель-малады таксама не вытрымаў, нырнуў пад стол, толькі па іншай патрэбе...


* * *
Калі тое, Божа наш добры, было, колькі ўсяго перажылося... A ў бабулі Віліты, маёй сястры, на дваццаць з гакам гадоў старэйшай, з саменькага пачатку XX стагоддзя захавалася Евангелле, надрукаванае ў дзве калонкі, па царкоўна-славянскаму i па-руску, ды з гістарычным надпісам выцвілым чарнілам пра тое, што яна, святая кніга, падорана ёй — уяўляю — бойкай, смяшлівай дзяўчынцы, калі па метрыцы, дык Іулите, «за отличные успехи и примерное поведение»...

Ужо даўно гарадскім, рэдкім госцем у сястрыной хаце, я паволі гартаю спрадвечную кнігу, а яна, Віліта, i дагэтуль крыху галасістая ды смяшлівая, успамінае:

— Стары бацюшка ў нашу школку прыехаў. Ён ужо сядзіць за сталом i расказвае нам Божы закон, a Каўбасоў Паўлюк, маленькі, як i ўсе мы тады, увайшоў ca двара ды стаіць, толькі носам раз шмаргануў маўчыць.

— Ну, добрый молодец, — пытаецца бацюшка, — где же ты был?

А той глядзіць на яго анёлачкам дый кажа:

— Сляў!


* * *
Любуючыся, як на телеэкране вытанцоўваюць маладыя самадзейнікі, засмяяўся, успомніўшы Анэцінага Валодзю, дзецюка з суседняй вёскі Чыжыноўцы. Удалы, ахвочы, нястомны скрыпач, на вечарыне папрасіўшы сабе адну толькі полечку, — гарманіст з барабаншчыкам справяцца i адны — ён даў такую завіруху, што пад канец ажно ў крык папрасіўся:

— Хлопцы, спыніце! Ніяк не магу!..


* * *
Трэці дзень хмарна, то дождж, то перапынак, невядома, на колькі, то зноў цярушэнне з застылай хмарнасці. А пачалося такое з двухдзённых вятроў у гарачую сухмень, — яны гэта, як i гаворыцца, нарвалі.

Па малако ў пасёлак хаджу пераможна, амаль заўсёды пасля гэтага, адразу ці пазней, ногі задраныя адлежваю, ці чытаючы, ці так сабе. А слабасць час ад часу адчуваецца, як у Загары гаварылася, «вомарак водзіць», калі ўстанеш пасля даўжэйшага сядзення, так i хочацца абаперціся далоняй аб сцяну, калі яна блізка. I паўзы раблю ў чытанні, працяглыя, як аціханне дажджу, нават заплюшчыўшыся. Hi думак тады, ні пачуццяў нават, здаецца, ні стомы...

Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі пісаў пpa бацьку, як ён, на два гады старэйшы за мяне сённяшняга, проста сядзеў у крэсле, сядзеў ды маўчаў. Такі ўсё жыццё энергічны, нагружаны на ўсю моц, без віны вінаваты, нязломны ў сваёй веры...


* * *
Няўжо мы ўсе панараджаліся, жывем дзеля таго, каб паміраць?

Наіўна простае, глыбока страшнае i крыўднае пытанне.

А вечарэе ў зялёным навокал спакойна i светла.


* * *
Яшчэ не пачаты чытаннем, a ўжо прыемна густы ды важкі зместам рукапіс, ці то надрукаваны на машынцы, ці то набраны ў друкарні, i так, i так пададзены акуратна, з'явіўся па законах сну невядома адкуль, неабвержна ўпэўнены, што ён належыць мне, што гэта мой водгук на папярэдні кароткі запіс пра страх i крыўду смерці, водгук разважліва аб'ектыўны, аптымістычна спакойны. I я з тым сваім водгукам згодны, толькі да слоў глыбока страшнае дадаў i крыўднае. А так што ж — адчулася яно тады міжволі, шчыра, такога не прыдумаеш, каб па-сапраўднаму забалела...

Уключыў святло, праверыў час, каля трох, i далей ужо не заснуў.


* * *
Напрадвесні Валодзя Ягоўдзік прынёс мне кнігу-альбом з прыязным аўтографам ад мастака Івана Рэя, прадстаўніка маладзейшага пасляваеннага пакалення заходнікаў i нагаварыў многа пахвальнага пра гэтага сціплага, таленавітага чалавека. Валодзем я перадаў Рэю свае «Сцежкі, дарогі, прастор» i ўступнае прывітанне. Ён пазваніў мне, мы добра пагаварылі, у тым ліку i пра будучую сустрэчу... А тут ён — бачу ў газеце — узяў ды памёр... Чытаючы добрае пра яго, сумна пашкадаваў што нават не пабачыліся, а магло ж быць i яшчэ адно збліжэнне...


* * *
З узгорка — шырокі, далёкі агляд вялікіх прыгарадных могілкаў. Акіян пірамідак, якіх раней было больш, чым крыжоў i крыжоў, якіх з кожным годам усё больш ды больш... Зрэшты, што ix лічыць, хто ix злічыць?.. Неабсяжнасць панурага суму. I цяжкая думка, што безліч смерцяў — гэта не проста зыходы ў нябыт, не бясконцыя змены людскіх пакаленняў але зыходу, змены ў пакутах, — ix незлічоная, неўявімая разнастайнасць...

Помніцца гэты агляд з узгорка, гэтыя думкі з таго асенняга дня, калі мы, групка i родзічаў, i сяброў, чакалі пахавальнікаў да ямы i труны Анатоля Вялюгіна. Здаецца, не запісана яно, хоць i ўспаміналася за сем гадоў неаднойчы...


* * *
«Ну i памрэш, i свету гэтым не абновіш!..»

Раптам успомнілася i такая народная мудрасць, згода з тым, што i было, i будзе.


* * *
Прыязны журналіст даў мне зняты ім з дыктафона тэкст майго ненапісанага выступлення на адкрыцці апошняга, нечарговага з'езда Саюза пісьменнікаў. Запіс з пэўнымі пропускамі, дзе хлопцу дрэнна пачулася, які мне прышлося падцыраваць сям-там па памяці. Слова тое, як i некаторыя іншыя выступленні, з нейкіх «вышэйшых» меркаванняў, не друкавалася нават у «Літаратуры i мастацтве», i таму захацелася даць яго тут, «лірычным запісам».

«Дарагія сябры!

Друкавацца пачаў я напрадвесні трыццаць восьмага года, у віленскім «Шляху моладзі», у Саюз пісьменнікаў прыняты вясной сорак пятага, першы зборнік апавяданняў выйшаў у канцы сорак шостага. Дзіўна i ледзь не смешна бывае, колькі пражыў перажыў!.. Збоку можа лічыцца, што ўсё было ў асноўным гладка, але ж гэта не так. Выпрабаванняў хапала. Выпрабаванні некалькімі дыктатурамі рознага кшталту i калібру. Выпрабаванні яўным i тайным кіраўніцтвам, цэнзурай, якая называлася «галоўлітам», i рэдактурай, якая была па сутнасці цэнзурай, часамі нават больш паспяхова замяняла яе. Было сякое-такое выпрабаванне славай i адносным дабрабытам, які апраўдваўся не творчымі заслугамі, а меркаваннямі іншага характару. Словам — хапала ўсяго.

Сёння ў нас зноў жа выпрабаванне, можна сказаць, вялікае выпрабаванне нашай жыццяздольнасці, патрэбнасці народу-чытачу. Калі было горш, калі будзе яшчэ горш — невядома. «Давлеет дневи злоба его» — даўно i мудра сказана.

Што я вынес за такі немалы час прысутнасці ў роднай літаратуры, што самае надзейнае, галоўнае для пісьменніка? Гэта радасці творчыя, радасці барацьбы за сумленнае слова, радасці за поспехі сяброў i ўсёй нашай літаратуры. Усё іншае абцярушылася, асыпалася, адышло ў нябыт.

Мы бачым, як адбываецца пераацэнка вартасцей, як нешта адыходзіць бясследна, а нешта застаецца нацыянальным здабыткам i скарбам. Вельмі прыемна, што літаратурай у нас цяпер займаецца непараўнана больш людзей, чым гэта было адразу пасля вайны. Калі нас з Мележам 10 мая 1945 года прымалі ў Саюз, мы былі па ліку, здаецца, сорак трэцім i сорак чацвёртым. Так была вынішчана родная літаратура. Трохі сяброў яшчэ не вярнулася з вайны, а пра тых, якія працавалі ў дваццатых-трыццатых гадах, мы ведалі толькі па асцярожных апавяданнях некаторых старэйшых сяброў...

Успамінаю шчасце майго жыцця, — як я ў прыцемным, цесным пакойчыку сядзеў у нагах раскладушкі, на якой ляжаў недабіты следчымі Кузьма Чорны, а я не прымаў ад яго павучанне, але прычашчаўся захапленнем задачамі літаратуры, красою, вартасцю роднага слова... Пазней мне ў групе маладых сяброў у Каралішчавічах пашанцавала мець гутарку... не, проста слухаць Якуба Коласа, які расказваў нам, як у трыццатых ён тры гады спаў не распранаючыся. Можна сабе ўявіць, які гэта быў сон, якая бяссонніца ў бясконцай катарзе чакання...

Цяпер — паўтаруся — радасна бачыць, колькі ў нас маладых, таленавітых сяброў ды сябровак. Каб ведаць ix, трэба многа чытаць. Вядома ж, няма нейкай суцэльнай, элітнай таленавітасці, трэба яшчэ шукаць ды знаходзіць сапраўднае. Аднак, радасна тое, што гэты наш, калі пакарыстацца вайсковай тэрміналогіяй, асобы батальён, звыш пяцісот чалавек, усё-такі ў уніформу не апранеш i строем грукаць кірзачамі ды гарлапаніць шчаслівую песню яму не загадаеш. Ёсць каму вольна, высока трымаць сцяг беларускай літаратуры, несці далей свяшчэнны агонь роднага слова. Я маю на ўвазе не толькі членаў Саюза пісьменнікаў у нас ёсць літаратары, што не надта імкнуцца ў гэты саюз, аддаюць перавагу, як гаворыцца, «свабоднай творчасці», ёсць у нас дасягненні i ў літаратараў, што пісалі i пішуць бліжэй i далей за межамі Беларусі. Усё гэта — адна літаратура, беларуская. Абы яна была сапраўднай, якаснай.

Той нашай творчай моладзі, якая справай літаратуры займаецца з чыстым сэрцам i чыстымі рукамі, якая ўмее, можа i добрыя кнігі пісаць, i добрыя часопісы выдаваць, хочацца ад душы пажадаць далейшых поспехаў.

У нас ёсць літаратура. У нас яна будзе — вялікая беларуская літаратура на нашай багатай ды прыгожай, несмяротнай мове.

Дзякую вам за ўвагу».

...Не напішаш, а потым штосьці важнае i не скажаш, забудзешся.

Так я забыўся прывесці народнае: «Ніводзін разумны бацька не б'е дзяцей па галаве», што меўся адпаведна дапасаваць да сучаснасці...


* * *
Колькі часу прайшло, праходзіць напуста!.. Сон, калі ён служыць, дык хоць жа на здароўе. А панылае ныццё, нізкая пустадумнасць, бязвольнае, цягучае чаканне?..


* * *
Ці не чытаючы — нарэшце — «Два капітаны» Каверына, жыва ўявіўся інтэлігентны, разумны, добра выхаваны юнак i ўвесь жах крывавага рэвалюцыйнага хамства, якога яму было не зразумець...

Брат Максіма Багдановіча Лёва, таленавіты матэматык, паранены афіцэр, якога рэвалюцыйная салдатня, сарваўшы з койкі, выкінула з высокага акна, здаецца, кіеўскага лазарэта... Максім памёр, пра гэта не ведаўшы...

Л., якога памятаю са школы як ціхага, памяркоўнага хлопца, сілаю ўзяты ў чорную паліцыю, у тую ноч, калі дзве нашы брыгады грамілі гарнізон Міра, якраз стаяў на пасту каля пастарунка i быў без шуму зняты партызанскімі першапраходцамі. На самым пачатку сваёй прымусовай службы...

Успамінаецца гэта, кожнае іншым разам, з пабудак проста чалавечнасці, цвярозай у мірны час.

A жахлівая лічба забітых або знявечаных «дзедаўшчынай», пра што гаварылася днямі па маскоўскай тэлеперадачы «Свабода слова»?..

A жахі ў Чачні? Не дзелячы людзей на ворагаў, «тэрарыстаў» i «патрыётаў»?..


* * *
Прыйшлося выступіць на прэзентацыі «Дзеяслова». Сказаў пра сваю (i не толькі маю) прывычку глядзець, чытаць новы нумар якога-небудзь часопіса — з канца. Асабліва часта рабілася так, калі «Новый мир» рэдагаваў Твардоўскі. Абавязкова цікавы артыкул, нарыс, успамін, — што называецца дакументальнае. Так у мяне адбылося i з «Дзеясловам».

За гэтую прывычку я быў узнагароджаны двойчы, — артыкулам Пятра Васілеўскага (сына) пра мастака Міхаіла Савіцкага i эсэ-партрэтам Анатоля Кудраўца пра Віктара Карамазава.

Артыкул напісаны з належным веданнем прадмета, без асцярожнасці або i боязі звязвацца з недатыкальным аўтарытэтам. Слова такое добра сведчыць пра свабодную прынцыповасдь i аўтара, i часопіса.

А эсэ пра сябра — шчыра пераканальная гаворка пра патрэбу, неабходнасць сапраўднай чалавечай i творчай дружбы, якой у нас так мала. Напісаць партрэт з жывога «натуршчыка» — значна лепш, чым потым успамінаць яго i, як казаў пра гэта Чэхаў «обязательно наврать».

Пажадаў «Дзеяслову» ахвотна ды ўдзячна чытацца i з пачатку, i з канца.


* * *
На шаўчэнкаўскім свяце ў маі 1989 года ў складзе міжнароднай дэлегацыі з Румыніі быў паэт Груя. Ён гаварыў мне, калі пазнаёміліся, што ахвотна перакладаў бы Танка, каб не яго псеўданім... Зноў жа ў падтэксце «братнія» танкі ў Чэхаславакіі...


* * *
Кніжны здымак стомленага класіка за рабочым сталом i подпіс: «Адзін на адзін са сваімі думкамі». I адразу ж пытанне з усмешкай: «Чаму ж адзін, а фатограф?»


* * *
Укормленая, модная дзявуля, адзіная дачушка з акадэмічна-цёплай сям'і. Ужо й друкуецца. Вершы як з цэглы, аднолькавыя. I вучыцца ў аспірантуры. Ахтунг! — i не заўважыш, калі прыйдзе i такое, што i яна пачне вучыць цябе, як пісаць, i гэта яшчэ трэба будзе перажываць.


* * *
Алесю Пісьмянкову спадабалася, як гэта Тодар Кляшторны калісьці вершы свае не пісаў, а спачатку думаў.

Думаць можна i прозу. Неяк па-біблейску ўяўляецца, як гэта «анёл Гасподні з'явіўся яму ў сне, сказаў: устань, ідзі!..» Разбудзіць ён цябе апоўначы, ляжыш i думаеш — кампануеш, выкрэсліваеш, дадаеш, а то i само нешта аднекуль з'яўляецца... I добра з такім нядосыпам, тым больш, што гэта ж бывае, на жаль, далека не кожную ноч.


* * *
У далёкай вясковай памяці раптам заварушылася фальклорнае, пачутае ад мамы. З польскім яглы, прасяная каша, i наглы, раптоўны. Шукалася ў памяці так туга, што пачаў забаўляцца, прыдумваць. Скажам, так: «Канец такі наглы, што не наўме i яглы», або, без польскага націску: «Смачныя яглы, але гаршчок малы». I стала смешна з самога сябе, успомнілася, як Танк смяяўся з Клімковіча, што піша той ва ўсіх жанрах, нават фальклор народу прыдумвае...

Hi фразеалагічны слоўнік Станіслава Скарупкі, ні «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі i яе пагранічча» мне тут не памаглі. Можа, само выскачыць з памяці — такая нейкая прыказка.

A з пісаннем некаторымі i фальклору ў савецкі час вольная воля была на палітычных прасторах. Патрыёты ляпалі сяк-так, гэта ўхвалялася навукоўцамі, узаконьвалася, станавілася абавязковым.

Нават i мудры Фёдар Янкоўскі не мог такое прадукцыі абысці. Пашанцавала, праўда, на Сталіна. I ў першым зборніку прыказак, які выйшаў у 1957-м, абышлося без «бацькі», i ў другім, дапоўненым выданні« Беларускіх прыказак, прымавак, фразеалагізмаў», што з'явілася ў 1962-м, першы раздзел называецца «Камуністычная партыя, вялікі Ленін» i стракаціць такімі ды падобнымі перламі: «Голас партыі — голас міру», «Камуністы — усюды актывісты», «Шлях нам Ленін паказаў»... I толькі рыхтуючы трэцяе выданне паважаны складальнік абтросся ад небяспечна-абавязковай палітычнай шалухі. Назва першага раздзела там: «Чалавек, яго духоўны свет, жыццёвы вопыт, месца ў грамадстве».

Кнігі гэтай Янкоўскі, на жаль, не пабачыў, яна выйшла ў1992-м.

А яшчэ праз тры гады — i мастацкая проза вучонага, аднатомнік «Радасць i боль», з якім цяпер мне захацелася пабыць даўжэй...


* * *
У 39-40 томе поўнага збору твораў Талстога, у зорным россыпе думак мудрых людзей усяго свету — два французы, асветнікі i маралісты з XVIII стагоддзя. Калісьці, гадоў сорак таму назад, я ix чытаў, пра што нагадалі паметкі алоўкам на кніжных палях. Цяпер, усцешанаму сустрэчай, захацелася выпісаць ix, пераклаўшы, нібыта ўзяць у дарогу, каб i яшчэ каму паказаць.

Вавенарг:

«Каб даведацца, ці думка новая, варта толькі выказаць яе прасцей».

«Нават найвялікшыя пісьменнікі гавораць лішне многа».

Мантэск'е:

«Любіць чытанне значыцца любіць мяняць гадзіны сумоты, якія бываюць у кожнага, на гадзіны вялікай асалоды».

«Звычайна баяцца адступлення ў прамове, а я думаю, што тыя, хто ўмела робіць адступленні, самі падобныя на даўгарукіх, — яны могуць больш ахопліваць».

Можна дадаць, што так бывае не толькі з прамоўцамі, — пішучы, я часамі таксама заношуся. Таму i спадабаўся гэты спрадвечны запіс.


* * *
Працавітая, мужная Зіна Мажэйка — бяру з энцыклапедыі: i тэарэтычны этнамузыказнавец, i практычны фалькларыст, i кандыдат мастацтвазнаўства, дадаю з памяці: a ў маладосці яшчэ i альпіністка — учора, па тэлефоне віншуючы мяне з Калядамі, між іншым, весела ажывіла ў дзедавай памяці даўні выпадак.

Незабыўная наша Верачка Палтаран, напісаўшы ці не найлепшы свой палескі нарыс, па добрай сяброўскай завядзёнцы папрасіла мяне пазнаёміцца з рукапісам — як яна, рэч, наогул i як загаловак — «Адамаў корань»? I я тады, аказваецца, сказаў ёй так:

— Ой, Вера, ёсць жа «адамава яблыка», а тут яшчэ i корань — ці не зашмат намёкаў?..

На ўвазе маючы славуты «першародны грэх».

I Вера назву змяніла — на «Дзівасіл». Спачатку пасмяяўшыся са мной, а потым з Зінай.


* * *
«Езу мой, Езу, не еўшы не ўлежу!..»

Наша загорскае, заходне-беларускае. Ці два радкі з нейкай песні, ці проста прымаўка — то маладая, весела-святочная, лянота ў цёплай пасцелі, то старэчая, з горкім падтэкстам беднасці, — як падумаць.

Мільганулася ў памяці, калі прачнуўся, як гэта часам, самахоць бывае.


* * *
Пажылая цётка ўспамінае пляменніцу, студэнтку, што жыла ў ix, пакуль перайшла ў інтэрнат:

— Клічу, клічу яе з кухні, а яна ca сталовае не адказвае. Спалохалася я, што не дай Бог... Заходжу туды, гляджу, а яна гэта на канапе ляжыць на жываце. Падумалася мне, што нябожчыкі ж на жыватах не ляжаць, давай будзіць. I кніга побач на падлозе. Сярод белага дня! А хлеба ж лягчэйшага хоча!..


* * *
Старыя бабы пра моладзь:

— Во як яны хораша паркуюцца!..

Нібы пра галубоў.


* * *
У царкве — званы загаманілі на вячэрнюю. I абое яны, кожнае сабе закахана падумалі: «А што каб пайсці ды абвянчацца?» У чым неўзабаве, здаецца, упершышо так па-сапраўднаму пацалаваўшыся, пырскнуўшы смехам, прызналіся.


* * *
Мілавідная, бойкая выкладчыца, якой ужо за пяцьдзесят:

— Ой, было б мне гадоў на дваццаць менш — я сабе спонсара знайшла б!..


* * *
Адна калісьці расказала мне, велічна ўздыхнуўшы:

— Галава разбалелася. Зноў, відаць, недзе спутніка запусцілі...

А другая, яшчэ сучаснейшая, на застоллі ў яе кватэры, таямніча-даверлівым паўшэптам пераконвала, што яна — Шапэн, якім была ў ранейшым жыцці...

— Прабачце, — сказаў я ёй пазней, з дому, па телефоне, — мне няёмка, што я вам не прызнаўся пра сябе. Я ж... толькі ўжо, калі ласка, між намі... я — Дантэ.

Во заюрылі нашы бабы ў космас! — скажам па-вясковаму.


* * *
На мінскім тэлеэкране — ненайвышэйпастаўлены функцыянер, якому i ўежна i зацішней пры чужым удалым спрыце ды нахрапе. Сядзіць ссутулена над стадом чарговай парады, якую ён вяла вядзе, не ведаючы, куды падзець па-мужыцку дужыя жмені ад вялікага вострага носа.

Уяўляю яго вясёлага аднавяскоўца, даўно знаёмага мне, у якога добра было б спытацца, ці многа ў ix такіх чмыхалаў рашпіляў глюгаў ці толькі адзін быў выдзелены на ўсю вёску, а знатны зямляк, умеючы, захапіў яго сабе?..


* * *
Сціплы, сціплы, а потым, як раскілзаецца, так i панёс!..


* * *
Антыка ў вёсцы майго маленства — сабакі называліся то Рэкс, то Каніс. Адтуль i Када ў настаўніка Грушы, які закончыў рускую семінарыю ў Нясвіжы, прайшоў нейкія польскія курсы i на сабаку крычаў: «Kado, chodź siuda!»

Быў сабака i чыста польскі — Галас.

А больш усё свае, тутэйшыя: Шарык, Курта, Жук...


* * *
Боты ў каго былі «дудкі» з пруткімі халявамі, a ў каго пазней, па новай модзе, «факстроты», з высокімі заднікамі i спражкамі на халявах. Хромавыя, вядома. Ад свята да свята віселі над ложкам на «біле», а то i побач з ложкам, бліжэй да печы. Уступаючыся ў ix, як быццам стромка зверху, а не туга нацягваючы, як было ў сапраўднасці, з хаты выходзілася ўрачыста. На «гулянне», скокі ў сваёй вёсцы, на паход у вёску суседнюю або i далей, на спектакль які ці да дзеўкі свае, або ў мястэчка, нібыта ў царкву, а не проста ў такія, ледзь ужо не гарадскія, людзі.


* * *
Рабочыя ў электрычцы, едучы з Мінска ў Стоўбцы, на будаўніцтва завода, рэжуцца ў «дурня» з вясёлым перабрэхам на трох мовах: «Кто сказал мяу?» «Подальше от гроба!» «Польске войска Бэрлін брала — раз! А савецке памагала — два!» I роднае: «Што ты глядзіш мне ў вочы, як сабака?» (Аддана, значыцца.) «Ужо нам блізка, хлопцы, трэба канчаць!» «Якое там блізка? Яшчэ два дні лесам, а тады па полі!»


* * *
Прачытаўшы ў мяне: «Перабіў хвост сабаку, цяпер брашы сам», пакуль што знаёмы толькі па пісьмах лекар з далёкага райцэнтра піша, што ў ix гаворыцца крыху па-іншаму: «Забіў сучку — брашы сам».


* * *
Быў пасёлачак, потым хто куды пераехаў а хто памёр, i хатаў паменшала, як хутар нейкі стаў суседзі як падзічэлі.

Карова выпускаецца пустапасам, але з доўгай вяроўкай, што цягнецца за ёю па зямлі. Каб тады, калі яе хто-небудзь застане ў шкодзе, хітранькай гаспадыні можна было апраўдвацца, што гэта ж яна, падла, сарвалася.

I сваяцтва нібы не сваяцтва. Раненька сын удавы, гарадскі, з малымі, якіх прыехаў наведаць, зняў у дваюраднага брата ў Нёмане з «тэлевізара» ладнага шчупака i ўтрох з хлапчукамі, радыя, аж подбегам спяшаюцца дахаты. I павіталіся са мною, дачнікам на праходцы. А пазней мяне абагнаў на дарозе той дваюрадны на мапедзе. Праверыў злезшы на сваім месцы ў беразе, сказаў: «Парушана!» I вылаяўся, дадаўшы: «Ведаю, хто!..» A ўсё ж i спытаўся: «Вы, можа, бачылі, хто нёс?» Я не сказаў няхай разбіраюцца самі.


* * *
Трэба ж аднекуль даведацца! — чытаючы Чэстэртона па-руску, «Вечный человек», у гушчыні высокакультурнага тэксту — раптам кувада!.. Наша палеская, з мужавым пастогваннем на лаве, у дапамогу жойцы-парадзісе. Не сам жа я гэта прыдумаў што палескае, таксама недзе вычытаў. Толькі прыкідваў аднойчы, разбіваў тое слова на дзіцячае «ку-ва! кува!», як быццам клічучы малое з матчынага ўлоння. A ў томе англійскай славутасці — яшчэ i каментар пра «куванне» ўсясветнае. Яшчэ не позна было пазваніць нашмат маладзейшаму сябру, які ў фальклорных справах спeцыяліст, або, як сталі апошнім часам пісаць, адмысловец. I ён зачытаў мне яшчэ адзін каментар, па-нашаму. Што гэта ад французскага «кувад», выседжванне яек, народны абрад пры народзінах, усясветна вядомы, на ўсіх кантынентах.

I сапраўды, па прыказцы «век вучыся», або па Сакрату: «нічога не ведаю...»


* * *
Начное бяссоннае бачанне — аднаго за адным. Вялікае, гожае поле свежай раллі. Старонка таннай газеціны. Некралог памерам — запалкавы карабок. Скупымі, халоднымі словамі загматана жыццё аратага, які — я ведаю — любіў сваю святую справу. I з коньмі, i з трактарам. Зноў вялікае, гожае поле... Ужо даўно без яго... Зноў абрыс некралога... Зноў...


* * *
...Яна за вечнай прасніцай, а я, малы, над кнігай.

— Позна, сынок. Лажыся. I заўтраж будзе дзень!..

Верасень 2002 — студзень 2003.


ЛЯЦЕЛА ЗЯЗЮЛЯ...


* * *
Пад раніцу разышлася мая арытмія, задыхаўся на падушцы, а да таго яшчэ i сон-паўсон такі, ці так маракаванне вяла-цьмянае, што вось ажно ў пяці кніжках адразу хтосьці нябачны па-дурному хваліць мяне, не нахваліцца, i ад гэтага задышка мая — яшчэ большая. Ажно назусім прачнуўся.


* * *
Палатны сусед, колішні дырэктар завода, пенсіянер, адслужыўшы ў пачатку 50-х армію ў Бабруйску, прыжыўся ў нас, разанскі дзяцюк, i ў мове, i ў гумары нашым прыязна разбіраецца. Расказвае, як адна яго суседка па сціплай дачы выйшла з лазенкі, а другая пытаецца:« Нешта ж ты, Ягораўна, хутка справілася там?» A ў адказ: «Я ж толькі галаву памыла, — колькі ж тое галавы!..»


* * *
I такі яшчэ гумар бальнічны, калі я выплыў на свой беражок.

Нейкая светлая, спакойная лянота. Столькі трэба ляжаць, столькі думаць. Ажно ўспомнілася пачутае яшчэ ад бацькі, гадоў пад восемдзесят таму назад, такі жыдоўскі местачковы жарт.

Стары пытаецца ў сына падлетка:

— Што ты задумаўся, Зысалэ?

— Я думаю, татэ, куды ж гэта падзенуцца вераб'і, калі сінагога згарыць?..

I мы смяемся, тры супалатнікі, кожны на свой лад i размах забінтаваныя, сыны i ўнукі сваіх бацькоў i дзядоў. I нам ляжыцца, маўчыцца далей.


* * *
Максім Гарэцкі. Той зборнік, які ён склаў сам, як запаветнае, а выдаць не паспеў. «Мастацкай літаратуры» яго прапанавала талковая руплівіца Тэрэза Голуб, назваўшы кнігу «Прысадамі жыцця».

Перачытаў спачатку апавяданні. Удзячна думалася, што куды б яго лёс ні закінуў ён адразу схопліваў усё належным чынам, з глыбінёй і дэталямі. І такі ж малады!.. Пасля захацелася яшчэ i «Ціхую плынь» перачытаць. Не менш густа, чым у Чорнага, i не менш нова пры перачытванні. А мова?! «...Быў вялікім музыкаю, граючы на скрыпцы з лучынак i ca струнамі з нітак. I даўлела яму, быў змысел i была радасць». Жывучасць i даўгавечнасць нашай мовы — біблейская.

Пасля яшчэ не вытрымаў (і час бальнічны, як на тое, i кніжак іншых не было), перачытаў «На імперыялістычнай вайне». З былой i новай цікавасцю. Толькі пісанне артылерыйскім тэлефаністам дзённіка ўбачылася (не памятаю, ці так было ў мяне з гэтым i раней) літаратурным прыёмам, які выклікае сумненне, што таксама роўна, грунтоўна можна было i потым, здалёк, у мірных умовах пісаць, як яно было, a ў баявой куламесе, амаль на хаду занатоўваць намёкамі, як адбываецца... I зноў жа падумалася, што для такога твора назва залішне прасцецкая, растлумачальная для савецкіх рэдактараў ды цэнзараў ледзь не з просьбай пра выбачэнне, што не тым займаюся...


* * *
Ад пахавання даўгавечна-прававернага парторга прайшло блізу дваццаць гадоў, а чорны, неабношаны капялюш, адкрыта пастаўлены ў труне, у нагах таварыша, апошні раз апранутага па-святочнаму, стаяў узвышаўся, каб разам з ім, калі закончыцца службова-сямейнае развітанне, прымята накрыцца чырвоным векам i схавацца ў зямлі, застацца ў старых дрэвах гарадскіх «прэстыжных» могілкаў. I ў беспартыйнай памяці таксама.


* * *
«Город Вифлеем, где по преданию родился Иисус Христос...» — гаворыць маскоўскі тэледыктар на былой савецкай мове, з навуковым «по преданию».

Прасвітар пяцідзесятнікаў, выступаючы па радыё «Свабода», падмацоўваецца «навукай археалогіяй». Бо навіна — знойдзены ж парэшткі Ісусавага брата Якава, не папоўскія мошчы, а проста косці, што галоўнае ў тым падмацунку.

Словам: «Веру, Госпадзе, дапамажы майму нявер'ю!»

Нехта з галоўных ідэолагаў з пацешнай прастатою аб'явіў нядаўна, што праваслаўная Царква замяніла цяпер у Беларусі камуністычную партыю. Гаварыў — нібы не памятаючы, што сталася з той партыяй, якая так нядаўна i для яго была пануючай, незаменнай рэлігіяй...


* * *
Той, у Наваградку, з газетнай інфармацыі, што згвалтаваў i задушыў малую дзяўчынку, якая гуляла з санкамі на вельмі адпаведным, як яму здалося, месцы. Але міліцыя так хутка выйшла на ягоны след, што застала злачынцу дома, калі ён мыўся, нібы вярнуўшыся з працы.

Зноў бачу тое стараннае ўмыванне...


* * *
Яшчэ ў далёкім лістападзе 1971 года, у пісьме да мяне, Калеснік напрарочыў — з Волечкі Іпатавай атрымалася салідная гістарычная пісьменніца. Проза яе — i «Вяшчун Гедзіміна», i «Альгердава дзіда», пасля раней прачытанай i пахваленай «Залатое жрыцы Ашвінаў» — добра чытаюцца. Не для пустой прыемнасці, але i з роздумам.


* * *
Ой, ляцела зязюленька
Ды сказала: «Ку-ку!»
Чакай мяне, матуленька,
Чакай хоць давеку!..
Гэта — ад сына ў далёкім ваенным паходзе.

A ў мяне яно — з далечы школьнага маленства, адкуль згадалася тое сказала...


* * *
Успамінаю ў Ахматавай, можа, i не зусім дакладна: «Из какого сора растут стихи». I хочацца дадаць: «А самі паэты?» Калі падумаць пра сябе. Асабліва ў начной адзіноце.


* * *
Ізноў бяда з паўторамі ў запісах. Чытаючы Біблію ў перакладзе Сёмухі, над жывымі старонкамі «Кнігі Рут» здалося даўно запісаным тое, як мы з Караткевічам хацелі падсунуць часопісу «Беларусь» гэтую рэч, пераклаўшы яе, перавёўшы ў сучаснасць, збеларушчыўшы імёны, прыдумаўшы маладога аўтара апавядання, з такім сімпатычным пачаткам: «Гэта было ў ячменнае жніво»... Аднак не вытрымалі свайго сакрэту i сюрпрызу не зрабілі. А задума была мая, хоць i намнога старэйшага.


* * *
«Кнігазбораўскі» том Дамэйкі.

Чакаў, спадзяваўся, што ён раскажа, як перапісваў «Пана Тадэвуша» з нялёгкага аўтарскага рукапісу, які я ў 1957-м бачыў ва Уроцлаве, напіша, як ён дапамагаў вялікаму сябру, назіраў перажываў яго натхненне, а ён, замест таго, што ведае, бачыў чуў адзін ва ўсім свеце, тлуміць мяне, чытача, эмігранцкай палітыкай, архітэктурнымі дзівосамі Парыжа, мітуснёй ды марнасцю свецкіх прыёмаў!..

Чылійскія гады i дзейнасць, пра што чытаў у Вуйціка, перачытваць не захацелася. Прачытаў часткова чытанае раней, зямляцкае, — з ціхай Вушай, ракою i маіх маленства i юнацтва, з родным або знаёмым наваколлем. Радаваўся стары бывалец, што над стрэхамі вясковых хатаў ужо ёсць каміны, а вось слоў «Беларусь», «беларускае» — аніразу не сказана.

«З адной старэнькай пагаварыў даўжэй, яна мне пакланілася i сказала: «Я пана маленькага помню», а што пасля гаварыла, добра не зразумеў i яна мяне не лепш, бо праз узрушанасць загаварыў з ёю па-іспанску».

«Ён выбраў месцам свайго вечнага спачынку невялікі хваёвы лясок на ўзгорку каля любімай вёскі Норцавічы, населенай католікамі, працавітымі людзьмі, што размаўляюць па-літвінску».

A якія былі песні на свяце дажынкаў якія Чачот «збіраў народныя песні» — няма нічога... Успамінаўся, вядома ж, другі яго сябар, выказванне таго пра мову землякоў з высокай еўрапейскай трыбуны...


* * *
Буйным цветам мяне сустрэла каля зялёнай брамкі алыча. На чарэшнях i вішнях цвет толькі намеціўся. Ноччу быў доўгачаканы дождж. I сліва да рання багата расцвіла, хоць не на сонцы, a ў мокрым цяпле. Учора адразу, толькі выбраўшыся з машыны, пачуў зязюлю, а сёння, выйшаўшы на ганак, прывітаў салаўя. Нават i божая кароўка ўчора, сонечным адвячоркам, шнуравала трухцікам па прыступцы ганку, на якім мы ўтраіх сядзелі. «Усё ажыло» — сказала жонка па праву гаспадыні, якая тут напрацавалася за тыдзень. Не адна, з дачкою.


* * *
Пазаўчора ў Мінску, а сёння ўжо тут, на дачы, чытаў «Аўтабіяграфічную прозу» Цвятаевай. Успомнілася, як недзе калісьці чытаў што Марына Іванаўна ў эміграцыі, у Празе i пасля, сябравала i перапісвалася з Валянцінам Фёдаравічам Булгакавым. Я ж таксама... добра знаёмы, а можа i ў дружбе быў з ім, i перапісваўся, i двойчы сустракаўся ў Яснай Паляне, з-за чаго i з ёю, Цвятаевай, адчулася нейкая блізкасць душэўная, цяпло прыхільнасці.


* * *
Сямейнае, святочнае:

Без двух няпоўных месяцаў мне восемдзесят шэсць, яму было ўчора сорак сем. Калі віншаваў яго раненька па тэлефоне, пакуль не выйдзе на працу, само неяк сказалася: сынок.

Лясное, не ў гушчары:

Наторкалі навокал соснаў ды бярозаў за кампанію таксама гонкіх, адна ў адну... Некалькі дзён так бачылася.


* * *
Надрэчны, прылясны закутак, прыгожы восеньскі адвячорак. Я любаваўся гэтым пазалетась. А цяпер у сонечна-зялёным чэрвені, таксама адвячоркам, мой у свой час апісаны пейзаж пакрыўся рухомым, чорна-пярэстым статкам каровячага маладняку. Гладкія, вясёлыя цялухі на супрацьлеглым беразе ракі, адхонным, як у бродзе, спусціліся напіцца, тоўпячыся мірна i задаволена смокчучы жывую, чыстую ваду. Адны, удосталь напіўшыся, a ўсё ж нібы й нехаця адыходзіліся зноў на траву другія замянялі ix, i так памалу, няспешна ўсе напіліся i пачалі спакваля разбрыдаццана пашы.

I тут, можна сказаць, прыйшло i незвычайнае, лепш — нечаканае для мяне, назіральніка з вышэйшага берагу пад маладымі дубамі. Каля статка, што варушыўся, на радчэйшым ускрайку яго, пачалі прызямляцца буслы — адзін, потым другі i трэці...

Успомнілася перадваенная загорская касавіца. Як яны, буслы, хадзілі каля касцоў, якія выпуджвалі з травы пахаваных ад небяспекі жабаў што сваімі падскокамі на пакошы дапамагалі буслам заўважаць ix.

Так ім, буслам, тут пачаў памагаць i не галодны, спатолены Нёманам статак. Што ж, няхай сабе, думалася ў спакойным замілаванні ідыліяй, няхай... Ды вось адна з цялух, больш няўрымслівая, можа, якраз тая, што на падыходзе статка да вадапою адбілася была ад гурту ўбок, i пастухоў памочнік аўчар службовым брэхам заганяў яе да ўсіх, а яна ўцякала ад яго з падбрыкваннем i задраным хвастом, цяпер знайшла сабе забаву іншую — пайшла ў наступ на аднаго з буслоў. Ён спачатку не надта ўцякаў ад яе «ўрожкаў» спешна цыбатай пехатою, а потым замахаў крыллем i мусіў такі ўзняцца i адляцець, каб неўзабаве зноў далей ад гладкай дуроніцы прызямліцца... Ён жа на працы, у яго ж сям'я!..


* * *
Добра спяваецца ў адзіноце, самому сабе. Каля сёмай гадзіны раніцы, на глухой лясной дарозе, крыху стаміўшыся, прысядаю на даўно знаёмым пяньку бярозавага вываратня. А тут, нібы спецыяльна падляцеўшы, зусім поблізу закукавала зязюля. I я таксама азваўся рэшткамі былога голасу, заспяваў адну з любімых, палтаўскіх:

Летіла зозуля через мою хату,
Сіла на калйні тай стала кувати.
Зозуле, зозуле, чого ж бо ты куеш,
Чи ти, зозуленько, мое горе чуеш?..
Малады, бязвыходны сум дзяўчыны, закаханай у сямейнага.

Козак мае жінку, тай діточок двое,
Тай діточок двое, чорняві обое.
Паўторы не запавольваюць песню, аўзмацняюць яе:

Тай діточок двое, чорняві обое...
Краеться серденько на четверо мое.
Апошнія два радкі хвалююць найбольш, колькі б разоў я ні спяваў ix, пачуўшы песню на кактэбельскім узмор'і, ад украінак, пісьменніцкіх жонак i дачок-падлеткаў у жніўні 1949-га.

Сёння гэтую песню мне нагадала, дзякуй ёй, зязюла наша. Песня ў мяне яшчэ не закончылася, a ўжо выклікала з даўняй памяці другія. Зноў убачыўся калодзеж на роднай сядзібе, вакол якога пара падзяўбсці калуном ды ітрыбраць лішйюю наледзь, саснова чысценькае карыта, з яісога празрыста сцюдзёную ваду няспешна п'юць дзве спраўныя кабыліцы, а я, юнак, не ім жа, а сабе спяваю волжска-ямшчыцкую, таксама адну з любімых:

О барин добрый, скоро Святки,
А ей уже не быть моей, -
Богатый выбрал да постылый,
Ей не видать отрадных дней.
Тут ужо блізка да роднай «Рэчанькі», з яе чароўнай мелодыяй i заключнымі, глыбока паэтычнымі радкамі:

А як жа мне поўнай быць,
З беражкамі роўна плыць, -
Янка коніка паіў,
Маня воду чэрпала...
Колькі вып'е разумны сябар конік, колькі можна начэрпаць шчасця двума вёдрамі!..

У маім, так сказаць, «хутаранскім» рэпертуары ёсць i здаўна, ca школы любімая «Za mgłami, za górami», туга паляка-выгнанніка па родных мясцінах, што так нагадваюць некаторыя нашы:

Na piaskach sosny drzemią
I krzyże patrzą w dal...
Ach, jak mi ciebie, ziemio,
Na tej obczyźnie żal!..

* * *
Па маскоўскім тэлебачанні —канцэрт, прысвечаны Уладзіміру Мулявіну. Добры канцэрт, без удзелу модных безгалосых крыкуноў, сіламі па-сапраўднаму таленавітых спявачак i спевакоў, аднак жа нейкі, калі не чыста рускі, дык нібы насцярожаны палітычна. Толькі адзін з маладзейшых, «колокольно-барабанный» Г., ад каго я найменш спадзяваўся пачуць патрэбнае, вымавіў слова «белорусский» — адно за ўвесь гадзінны канцэрт!.. I жалю ў нас, i ў Маскве, i ў Мінску, многа, шчырага жалю па сапраўды заслужаным арганізатары i кіраўніку славутых «Песняроў», ужо i помнік спешна рыхтуецца, аднак найменш, дый зусім не гаворыцца пра яго высакародны прыклад любові рускага чалавека да беларускага слова i музыкі, да нашай багатай народнай творчасці, адкуль пачалася i вырасла яго сусветная слава.


* * *
У апошняй «Літаратурнай газеце» добры артыкул пра Івана Яўсеенку з выпадку яго шасцідзесяцігоддзя. Прыемна ўспомнілася, як у 1982-м я вітаў ягоны дэбют запісам у « Сваіх старонках», у размовах з Верачкай Палтаран, якая першая прачытала аповесць «Крик коростеля», i з Гаўрыілам Траяпольскім пры выпадковай сустрэчы на маскоўскай вуліцы, калі стары назваў свайго земляка-варонежца «хорошим парнем» ці то, здаецца, нават «хорошим мальчиком».

Праз дзесяць гадоў, на літаратурным з'ездзе, дзе масквічам не ўдалася спроба далучыць да аднаго са сваіх пісьменніцкіх саюзаў i нас, беларусаў, варонежскі паэт Уладзімір Гардзейчаў які помніцца прыемным хлапчынай, сказаў мне, што Яўсеенка ведае пра мае адносіны да яго, хацеў бы пазнаёміцца, аднак яго пакуль што няма, ці нават наогул не будзе ў Маскве, — ужо i не памятаю, чаму мы не сустрэліся...

Як i з Траяпольскім, які не прыехаў з усёй дэлегацыяй, a «дабіраецца самастойна, за рулём свайго бывалага легкавіка». Таксама ж не памятаю, чаму ён спазніўся на той з'езд, ці яшчэ з Варонежа, ці ад дачкі-масквічкі, i сустрэча ў нас, на жаль, не адбылася. А была б яна, як пазней аказалася, апошняй...

«Біма» свайго ён дараваў мне двойчы, другі раз у малафарматным выданні, раскошна аформленым, 14.ІІІ.84-га, «в знак дружбы, искренне и сердечно на добрую память». Тады мы ў маскоўскай гасцініцы «Россия» паснедалі ўтрох, з Даніілам Граніным, па прапанове нашага старэйшага таварыша. Аднак гэта не была мая апошняя сустрэча з Гаўрыілам Мікалаевічам, бо быў яшчэ пісьменніцкі з'езд у 1986-м, якога зноў не памятаю ў гэтым сэнсе.

Такі старэчы сум.

Бо i з Яўсеенкам, хутчэй за ўсё, сустрэчы не адбудзецца.


* * *
Колькі маўчання ў самоце!..

I што ж я ўжо такое вымаўчу?..


* * *
Раптам у памяці весела засмяяўся Міхась Петрыкевіч, i падумалася, як гэта кожны з сяброў свой смех — яго энергію, успышкі радасці жыцця — панёс у беззваротнае кудысьці...


* * *
Днямі, шукаючы, што пачытаць, спыніўся на аднатомніку Беранжэ. Амаль адразу ад песняў перайшоў да прозы, «Моя биография». Пасля яе вярнуўся да песняў ужо не выбарачна, а падрад, ды з большим задавальненнем. Тады — «Предисловие к сборнику 1833 года», проза не менш цікавая, змястоўная за біяграфію. А замест прадмовы невядомага мне аўтара, можа, i не зусім справядліва падумаўшы, што i гэты яшчэ стараецца, каб я ж хаця правільна па-сучаснаму, па-савецку (год выдання кнігі 1957) зразумеў французскага класіка, узяў чатырохтомнік «Яснополянских записок» Душана Макавіцкага, каб пацікавіцца, як да Беранжэ ставіўся Леў Мікалаевіч.

У гутарцы з блізкімі ён (кніга IV, старонка 45) сказаў пра любімага ім Гюго, а тады нібы загадку загадаў: «Есть еще другой поэт французский, которого я люблю». I потым, калi ніхто з прысутных не ўгадаў растлумачыў: «Беранже. За даровитость. Ничего безнравственного у него нет. Склад народный, благородный, нравственный и бодрый». I болыи не трэба.

Бо i сам такое думаў, адчуваў, чытаючы.

I ніколі гэта не позна — пазнаваць сапраўднае. Хоць i лепш было б пабагацець раней.


* * *
Прыдачына, падгалосак у хоры Цітовіча. Колькі б ні чуў яе — заўсёды захоплена... Пасля ўрачыстага канцэрта, перад банкетам сутыкнуўся з ёю ў вясёлым, расквечаным гурце спявачак, сказаў: «Ой, Валя, на вас не хапае слоў!..» I штосьці яшчэ. Другая, можа, i разгубілася б, а яна з прастадушным какецтвам шчасліва замужня й спыталася: «А сама бабёнка як?..»

Рана ўстаўшы, у добрым настроі, нечакана згадалася гэта — i голас, i ўсмешка — ажно з Ташкента, праз трыццаць сем гадоў...


* * *
«Сабака i на Бога брэша».

Не проста прыказка, а сродак з народнай медыцыны. Ад незаслужана крыўднага абгавору.


* * *
Вялікае інтэрв'ю ў часопісе стракаціць ад скарачэнняў нецэнзуршчыны. Толькі першая літара i мудрае шматкроп'е. Ведаючы ўдзельнікаў гэтага пуставата-піжонскага дыялогу, думаецца, што праўка зроблена ў рэдакцыі.

А можа, яно яшчэ лепш было б — за кожным разам даваць у дужках: (лаянка), (лаянка), (лаянка)?.. I гэтак далей, пакуль аж зусім не агоркне.

Прапаную — i крыху няёмка: i ў самога часамі таксама «намёкі» бывалі, няшмат, аднак усё ж...


* * *
Пашэнціла сустрэцца з кнігай Гірша Смоляра «Мінскае гета». Напісана яна ў Ізраілі, на ідыш, роднай мове аўтара, наш пераклад — з перакладу англійскага.

Іменна гета, перадусім яно — з жахлівым побытам, пякельным генацыдам i спецыфікай магчымага супраціўлення — напісана найбольш змястоўна, у параўнанні з партызанскай часткай кнігі. Пра нашу з Гіршам сумесную працу ў рэдакцыях падпольных выданняў ён чамусьці не піша. А пра паездку на партызанскі парад у Мінску, можна сказаць, паведамляе лішне стратэгічна:

«Партызанскія брыгады i атрады нашага Стаўбцоўскага міжрайцэнтру не былі ўлучаны ў спіс удзельнікаў парада. Прычыны: мы мусілі заставацца ў поўнай баявой гатоўнасці на месцах, каб не дазволіць разбітым войскам ворага замаскавацца ў пушчы i перагрупавацца. Мы мусілі быць падтрымкай савецкіх войскаў якія актыўна наступалі на ворага.

Тым не меней нашаму партызанскаму міжрайцэнтру прапанавалася паслаць на парад двух партызанаў... Гэтымі двума сталі малады беларускі пісьменнікЯнка Брыль (служыў у польскай марской пяхоце, удзельнічаў у баях з нацыстамі на Балтыйскім моры, а пасля быў партызанскім сувязным) i Яфім Сталярэвіч».

Гэта адзін з падпольных псеўданімаў Смоляра.

А выглядала ўсё па-жыццёваму прасцей. Немцаў у Налібоцкай пушчы ўжо не было, з Савецкай Арміяй мы сустрэліся 7 ліпеня, у раённы Мір, яшчэ раз, пасля чэрвеня 41-га, разбураны, наша брыгада ўвайшла праз чатыры дні. Яшчэ ў пушчы я быў прызначаны, па беспартыйнасці, часова выконваючым абавязкі рэдактара газеты «Сцяг свабоды», а як ды з чаго пачынаць — не ведаў. Вырашыў падскочыць у Стоўбцы, параіцца са старэйшым таварышам, Смолярам, які меўся там рэдагаваць свой «Голас селяніна». A Гірш таксама быў яшчэ не гатовы да пераходу на «мірную» працу, Стоўбды таксама моцна разбураны, i мы пайшлі да першага сакратара райкома партыі Царука. Заікаста вясёлы «дзядзя Валодзя», давераснёўскі пажыццёвы вязень польскіх турмаў, нядаўні камандзір нашага міжрайцэнтру, адказаў па-свойму проста: «А в-вы думаеце, х-хлопцы, што я в-ведаю б-больш за в-вас?..» I параіў пакуль што махнуць у Мінск, на партызанскі парад. «П-паглядзіце, a п-потым і ап-пішаце!..»

У Мінск мы дабраліся на спадарожным ваенным грузавіку, без лусты хлеба ці якой рублёўкі за душою, а там уведалі, што парад... адкладаецца на цэлых два дні... Бывалец Смоляр быў зусім не па-жыдоўску сціпла-бездапаможны, не ведаў, куды нам ад голаду ткнуцца... З палестынскай далечы, у добрым доглядзе састарэлага ветэрана ды публіцыста, ён не толькі вывеў мяне на барацьбу з нацыстамі з польскага Узбярэжжа на прасторы Балтыкі, але, успамінаючы наша галоднае блэнданне па вуліцах зруйнаванага Мінска, — пажылы карантыш з доўгай рускай трохлінейкай i малады бамбіза з кароткім чэшскім карабінам — падаўся ў рамантыку:

«У самым цэнтры сталіцы, сярод руінаў пасвіліся, паскубваючы пустазелле, партызанскія коні. Высока ўчыстае неба ўздымаўся дым партызанскіх вогнішчаў. A ў вялікіх закуродымленых катлах, што віселі над вогнішчамі на рагалінах, кіпела, сквірчэла, духмянілася партызанская ежа. (...) I мы з Янкам Брылём таксама, падпарадкоўваючыся лясным звычаям, прыселі да адной з такіх партызанскіх «кухняў», у кампаніі зусім незнаемых людзей, слухалі розныя гісторыі ды час ад часу запускалі свае лыжкі ў агульны кацёл...»

Ой, Гірш Давыдавіч! Ой, Гогаль!.. Або малодшы брат айца Льва Гарошкі, глухаваты калгасны ветфельчар Роня, Радзівон, адзін з сяброў майго юнацтва, які ў нашай загорскай хаце, пад лёгкай чарачкай, рассалоджана захапляўся: «Запарожская Сеч, якую — памятаеш? — хораша апісваў Тарас Бульба...»

I з гэтым у нас ca Смолярам было прасцей. Пасля чарговага галоднага начлегу, не памятаю, дзе i як, ён асмеліўся зайсці да Пестрака, у адзін з пакойчыкаў старога драўлянага дома на ўскраіне, у які быў часова ды адзінока ўселены яго даўні сябар, што днямі вярнуўся з эвакуацыі.

Не зацягваючы ўступ, мой старэйшы раскрыўся нават неяк сарамліва:

«Піліпе, дарагі, мы з Янкам вельмі хочам есці!..»

Было такое амерыканска-юнраўскае сала, скура якога смела пайшла б на падэшву. Яно ўваходзіла ў лімітны паёк Пестрака, не проста члена Саюза пісьменнікаў а дэпутата Вярхоўнага Савета СССР i начальніка рэспубліканскага ўпраўлення па справах мастацтваў. Быў яшчэ цэлы буханчык стандартнага хлеба i гарачы салодкі чай!.. I быў вясёлы, таленавіта гаваркі Піліп, з якім i мне, дагэтуль незнаёмаму, было i проста, i ўтульна. А як яны многа i смачна смяяліся! Сябры па колішнім рэвалюцыйным падполлі, па гродзенскай турме, па пісьменніцкай працы ў даваенным Беластоку.

Такое ўдзячна ўспаміналася мне над старонкамі Гіршавай кнігі.


* * *
Сяджу на дачным ганку.

За кветкамі, за бульбаю, за лясною сцяной — нечаканае ў канцы спякотнага дня — хмары, якія нібы толькі што з'явіліся. Нямнога ix i не вельмі густыя ды шырокія ў прасторы, але з маланкамі i грымотай. Я — на канцэрце свежасці.

Энергічны лівень наўскасяк. З перакатным торганем, бубненнем, цвёрдымі выбухамі грому. Маланкі зрэдку ды знянацку міргаюць, i я — міжволі — міргаю з імі.

Ужо на верандзе, за вялікімі шыбамі.


* * *
Раней усё я ёй званіў сяды-тады, ужо тым часам i шмат гадоў пасля нашай турысцкай Іспаніі i Партугаліі, а перад Новым годам яна мяне апярэдзіла, i мы даволі доўга ды прыемна пагаварылі. A днямі пазваніла ўжо без святочнай прычыны, ёй патрэбна была наша ўзаемная шчырасць.

Расказала пра свае цяжкія бараўлянскія справы, пра змрочную навіну. Зноў днямі да ix паступіла вялікая група «чарнобыльскіх» дзетак. Тысяча месцаў у інстытуце-бальніцы i — цеснавата. Для маленькіх, трох-чатырохгадовых пакутнікаў ды смяротнікаў трэба было знайсці палаты. А жанчыны, якія ляжалі, сядзелі, сноўдаліся ў тых палатах, узбунтаваліся: куды ж падзецца ім?..

Пры ўсім пры гэтым, ёй, адзінокай, ужо на палавіне шостага дзесятка, разумнай, мілай жанчыне, трэба амаль штодня рабіць па дзве-тры аперацыі, дый няпростых, i так з дня ў дзень, усё жыццё...

I быць Яшчэ ветла-вясёлай.

Так i цяпер, ад будзённага, страшнага перайшла да сваёй найбольшай радасці — нядаўняга наведання мамы ў іхнім ці то мястэчку, ці то вялікай, доўгай вёсцы з касцёлам i царквой, з чыгуначнай станцыяй, куды так зручна прыязджаць электрычкай з пакоўнай сумкай падарункаў. Маме ўжо неўзабаве дзевяноста, а яна ўсё такая ж нястомная. Жыве адна. Тата быў столяр, славуты ў наваколлі, дом у ix ладны, яшчэ як новы.

— Іду ад станцыі, а мая мамачка цёплай вадой з мылам мые веранду!..

Пасля вітання — снеданне.

— Засцелем чысценькай сурвэткай стол, заварым свежы чай...

— Возьмем па чарачцы, — у тон ёй дадаю.

— Ой, гэта не! У нас не так.

— A бутэлькі, казалі ж, таксама прывозіце.

I яна зноў гаворыць пра той «эквівалент», без якога самотнай бабулі ў вёсцы не пражыць. За ўсё ды ўсякае давай паўлітра...

Яны няспешна гамоняць або й маўчаць. Як дома. Старэнькая маці-сялянка, пажылая дачка-хірург. Светлае шчасце роднасці.


* * *
Па замежным радыё — незнаемая песня. З тых, што сапраўдныя.

I журботна, можа, нават шчасліва падумалася, адчулася: колькі цудоўных песень розных народаў не давялося, не давядзецца пачуць!..


* * *
Святкуецца дзевяностагодцзе кампазітара Анатоля Багатырова. Успамінаю, як добра гаварыў мне пра яго Рыгор Раманавіч Шырма. Відаць, ад яго я пачуў i такое. Калі Анатоль Васільевіч быў рэктарам кансерваторыі, яго аднойчы запрасілі ў ЦК партыі, дзе было аўтарытэтна сказана, што ўсё ў ix на працы, можна сказаць, i няблага, ды вось няма пакуль што партарганізацыі... А той у адказ, яшчэ па сваёй беспартыйнасці:

— И хорошо! Склок меньше.

Яшчэ адно дастойнае імя — Іосіф Жыновіч. На пачатку «перабудовы», пасля смерці славутага цымбаліста, у «Літаратуры i мастацтве» быў надрукаваны артыкул пра яго з новымі «падрабязнасцямі» жыццяпісу — сын кулака, тры гады ссылкі i не Жыдовіч, a ca страху Жыновіч. Такое гладка забельвалася ва ўсім напісаным пра яго. I нідзе, наколькі ведаю, не запісана, як у пачатку сорак дзевятага года, калі ішлападрыхтоўкададэкады беларускай літаратуры i мастацтва «в столице нашей великой родины», сакратар ЦК КПБ па прапагандзе, прысланы з Масквы філосаф Іаўчук (сястра якога, казалі, у Маладзечне была сабе проста Ёўчык), не ўключыў у мастацкую частку дэкады аркестр цымбалістаў пад кіраўніцтвам Жыновіча. Калі той з'явіўся з пратэстам, філосаф-марксіст сказаў:

— Ну что там ваши цим-ба-лы!..

Тады наш каржакавата-рухавы, буйна-чупрыністы маэстра ўстаў

— Товарищ Иовчук! Я пережил пять секретарей, вы — шестой!..

I пайшоў.

Так — у той час. У абодвух згаданых выпадках.


* * *
Як доўга я не чуў не бачыў мора!..

Ды вось жа, нібы сёння, бачыцца юрмальскі зімовы пляж, уранні зусім нешматлюдны.

На доўгім, пустым адрэзку яго насустрач мне ідзе жанчына. Выразна не курортніца, мясцовая, з гаспадарчаю сумкай, відаць, кудысьці на працу. Час ад часу яна спыняецца, дастае з сумкі кавалкі ды кавалачкі хлеба i шпурляе яго мітуслівым, галаганістым чайкам.

Падумалася, што i яна калісьці была малою дзяўчынкай, i ў ёй вось абуджаецца тая далёкая ўцеха.

Паміж чайкамі моўчкі ўзлятаюць i асядаюць дзве вароны, таксама ж з правам на жыццё.

Калі мы размінуліся з жанчынай, чайкі падаліся за ёю, а дзве вароны засталіся каля мяне, прывычна не баючыся. У дзюбе адной з ix была белая скарынка, завялікая, каб глынуць адразу, i кума раздумвала, то крыху стоячы, то ступаючы па краёчку водмелі, дзе тут ды як расправіцца ca спажывай. Другая, меншая, выразна маладзейшая, аціралася пры ёй, наіўна спадзеючыся на пэўную долю ад удачы.

На пясчаны, матава-шэры, злёгку прыснежаны пясок няспынна, ленна накочваліся зусім прыземленыя хвалечкі. А вароны як быццам упершыню ўбачыліся мне прыгожымі ў сваёй чарнаце, ад дзюбы да хваста, з попельна-шэрымі, удала выкраенымі ды ўштукаванымі плямамі. Можа, таму i прыгожымі, што ў надморскай ціхай яснасці — ад нас да далёкага-далёкага небакраю...


* * *
Гэта ўжо не ўспамін, а сённяшняе.

На ранішняй праходцы зрабіў круг, каб зайсці ў гастраном «Юбілейны» па хлеб, малако, тварог. Вугал вуліцаў Мельнікайтэ i Заслаўскай, паваротка да помніка «Яма». На тратуары каля павароткі — незнаемы чалавек, ужо немалады, без шапкі, з цяжкай дарожнай сумкай-чамаданам.

— Отец,- пачаў ён як быццам на прывітанне.- Я там был. Что это?

Калі я расказаў чалавеку, што ў гады акупацыі фашысты i тут знішчалі жыдоў, ён паставіў свой груз каля ног i спаважна, з дакладна поўным размахам ад плечука да плечука, тройчы перахрысціўся шчопцямі, шэпчучы словы малітвы...

Звычайна, калі я зрэдку іду ў гастраном, дык па гадзінніку мяркую, колькі мінут можнаяшчэ каля помніка-ямы перадыхнуць, бо гэта лепш, чым з маімі нагамі, хоць i падпёршыся кійком, стаяць да роўна васьмі на ганку, перад зачыненымі дзвярмі. Таму i цяпер я прывычна збочыў да нізкай, цёмна-чырвонай бетоннай дэкаратыўнай абгароджы ўрачыста-сцішнага кратара i з палёгкай прысеў.

Ідучы сюды, я не азіраўся на чалавека, пакінутага на тратуары, па старэчай глухаватасці не чуў яго хады за мною, а ён амаль што разам падышоў i стаў перад спускам уніз, побач з прыцьмяна-бронзавым грэбенем сімвалічна намечаных скульптураў якія нібыта цеснай чаргою стаяць, нібыта зверху сыходзяць уніз — на пагібель...

Тут бы мне i спытацца: хто ён, адкуль ды куды, a ў мяне, як бывала часамі падобнае, зноў нечага не хапіла — цікавасці або патрэбы?.. Ну i ў яго таксама. Мы проста сутыкнуліся роздумам пра адно, ён моўчкі пастаяў, я пасядзеў i моўчкі разышліся, панёсшы ў памяці кожны сваё...


* * *
Над саснова-бярозавым лесам наўзгорках, над неаглядным шматлюддзем помнікаў у шырокай, з лагодным спадам даліне далекаватых прыгарадных могілкаў ужо не ёй спявае сонечны, з белымі хмаркамі вераснёвы блакіт...

Апошняе месца на роднай зямлі я аплаціў на дваіх рублямі, загадзя сабранымі з дзвюх ветэранскіх пенсіяў ды з маіх, жабрацкіх сёння, літаратурных заробкаў так увайшоўшы ў незалежна-свабодны спакой на душы ад таго, што вось i ведаю, куды i да каго пайду. A ўжо калі ды як — нікому ж такога ведаць не дадзена...

Нашыя дачка i ўнучка знялі з яшчэ лёгкай пясчанай магілкі прывялыя за тыдзень пахавальныя хрызантэмы, замянілі ix прывезенымі з наднёманскага лецішча свежымі астрамі, якія да свайго інсульту садзіла нястомна руплівая мама-бабуля, відаць, i блізка не падумаўшы, што гэта ж яны — для самое сябе...

Сакавік — верасень 2003.


НАШЫ РАЗЛУКІ



Пісьмо чамусьці без даты. Трэба прыблізна так:


Пачатак лістапада 1944-га, Мінск.

Дарагая Ніначка!

Гэтыя некалькі дзён, відаць, здаліся Табе залішне доўгімі...

Міша [1] накіраваны на працу ў музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Праходзіць выпрабавальны месяц. Забяспечаны ён нядрэнна: «літарныя» картачкі, аклад 750 рублёў, на тыдзень чатыры рабочыя дні, а два творчыя, калі працаваць будзе за ганарар, па дагавору. Калі вытрымае выпрабавальны тэрмін (а вытрымае ён, вядома ж, выдатна), абяцаюць нават пакой у будынку самога музея. Жыць будзем з ім удвух. Цяпер жывем у гасцініцы...

Япакуль што валэндаюся без працы. Браты-пісьменнікі раз'ехаліся ваўсе канцы i «вернуцца праз тыднік». Нікога не застаў у рэдакцыі, так мне сказалі ў Саюзе пісьменнікаў. Чакаю. Трохі працую, наколькі гэтамагчыма ваўмовах гасцініцы.

Вось i ўсё пра знешняе жыццё.

А так — сумую па Табе i думаю заўсёды. Цяжка, нават i крыўдна, што мы з Табою ў наш найдаражэйшы часразлучаны лесам. Стрымліваю сябе думкамі пра тое, колькі людзей ды лёсаў разлучана цяпер у імя найважнейшага... Супакойваюся з надзеяй на тое, што я ўсё-такі дамагуся таго, каб мы найхутчэй былі разам. Пішы, Ніначка, многа i шчыра. Ты ў мяне такая пакрыўджаная заўсёды, нават i скрытная. Перастань быць такою хаця б у пісьмах. Моцна цалую Цябе. Ваня.

Мір, 21.ХІ.44.


Дарагі Ваня!

Дзякуй за Тваё пісьмо, якое мяне абрадавала, а то я ўжо была зусім адчаялася атрымаць ад Цябе вестку... Праўда, гэтыя тыдні здаліся мне бясконцымі, i наколькі раней здавалася, што я ўжо ўмею трымаць сябе ў руках, то цяпер было так, што зусімразгубілася, нават сорамна было перад Марусяй [2]. Яна гаварыла, што напіша Табе пра гэта. Але такое было адразу пасля Твайго ад'езду, а цяпер я ўжо ўвайшла ў каляіну, прыдумваю ўсякія заняты, каб як-небудзь забіць усе трывогі і хваляванні. Як бы там ні было, a ўсе думкі i мары заўсёды міжволі ў Мінску. Самыя светлыя гадзіны — вячэрніямары пра Твае поспехі і, разумеецца, пра Цябе самога. Толькі я ў сваіх марах апынулася залішне далека. У мяне «Жывое i гніль» [3] ужо даўно ў рэдакцыі... Ты пішаш, што вечарамі працуеш. Відаць, што-небудзь новае, a калі так, то напішы, бо гэта ж i для мяне найважней. А як у Цябе са зборнікам дзіцячых апавяданняў ?..

У нас усё па-ранейшаму. Адносіны ў школе вельмі добрыя, я нават не чакала такога, калі наступала на працу. Наладжваем літаратурныя вечары, читаем. Цяпер па нашай, маладых, ініцыятыве, рыхтуем сіламі настаўнікаў пастаноўку — «Юбілей» Чэхава. Набліжаецца свята Сталінскай канстытуцыі, i нас нагрузілі палітмасавай работай, так што жыццё перапоўненае... Ды гэта ж усё не галоўнае, калі няма асноўнага. Тут я згодна з Марусяй — яна гаворыць, што ў яе i жыццярадаснасць, i каханне ідуць разам, яна толькі тады можа быць ідэальнай работніцай, вясёлай i энергічнай, калі яе сонца — пры ёй. А я, як ні сорамна, я ўсё сумую. Не пісала б пра гэта, але Маруся дала слова, што напіша Табе, як я тут памерла з тугі ды жалю. Дык лепш уэюо я сама пра сябе напішу. Цяпер гэта ўсёмгнула, я зноў гляджу ў будучыню ясна. У імя той мэты, да якой Ты ідзеш, усё іншае траціць сваё значэнне. Я веру, што Ты даможашся таго, што Табе належыцца, — гэта для мяне найважней. A іншаеўсё, я думаю, складзецца так, што выпадзе трохі шчасця i на нашу долю.

Пішы пра ўсё: над чым працуеш, якія планы ў Цябе i якія поспехі. Чакаю, бо гэта ж — i мае жыццё.

Моцна цалую, забываючыся пра адлегласць. Ніна.


Міша!

Я вельмі рада за Цябе, думаю, што большага Табе пакуль што i пажадаць няма чаго. Чакаю вынікаў выпрабавання.

4. ХІІ.44.


Дарагая Ніначка!

Пісьмо Тваё чыталі i я, i Міша, кожны радуючыся па-свойму. Разумею Твой неспакой у доўгім чаканні. Я хоць i не такі, як Ты... мая плакса, аўсёж... Словам, давай улічьш i тую акалічнасць, што пошту цяпер возяць на валах, i будзем менш наракаць...

У нас ніяк не наладжваецца справа з якім-небудзь пакоем, не кажучы ўжо пра такую раскошу, як кватэра. Жывем яшчэ ўсё ў гасцініцы, а гэта i дорага, i няўтульна. Ды дадзена яна нам у ЦК на месяц, як i талоны ў іхнюю сталоўку. Міша, між намі гаворачы, ужо пахныквае пра сям'ю. Але гэта пройдзе. З грашыма пакуль што не надта крута. Умяне па «Раздавім фашысцкую гадзіну» за месяц выйшла 1500 рублёў, зарплата літработніка i першы ганарар, за тое, што пасылаў з Міра. З Новага года выдавецкія справы, кажуць, разгорнуцца шырэй, трэба думаць, што i грошы будуць. Аднак, зноў жа між намі, як бы мне ні хацелася, каб Тыўжо сёння была ca мной, я паку ль стрымліваю сваё жаданне тым, што няхай ужо я адзін перанясу гэты, даволі... нялёгкі перыяд, вядома ж, часова такі, каб Ты ў мяне тут не начала таксама хныкаць... Я жартую, але сур'ёзна кажучы, уладжвацца ў горадзе, які на 80% разбураны, куды кожны дзень прыбываюць сотні новых людзей — вельмі няпроста. Але ж мы з Табой слаўныя дзеткі, мы пачакаем, абмяжуемся пісьмамі, марамі...

Як ні няўтульна ў гасцініцы, ca штодзённымі зменамі камандзіровачных, я ўсё-такі трохі працую. Учора чытаў молодому мастаку, новому сябру нашага таварыскага Мішы, маю новую рэч, карэнным чынам перапрацаваную па старых накідах. Памятаеш, апавяданне, дзе польскі марак другому мараку ў полоне расказвае, як малую дзяўчынку ў пограбе заваліла выбухам снарада?.. [4] І наш мастачок, хоць ён i весела-легкадумны, але... заплакаў... Спадзяюся, што гэта i яшчэ нешта іншае пойдзе неўзабаве ў часопісе «Беларусь»... Памёр Кузьма Чорны, наш найбольшы пісьменнік, добры чалавек, які сустрэў мяне... вельмі прыязна, i рукапісы ўзяў чытаць, i абяцаў, што дапаможа з выданнем зборніка... Цяпер «Жывое i гніль» чытае Крапіва. Я перапісваю гатовыл рэчы, дамоўлюсязмашыністкай, перадрукую ix... Пастаўлю сабе мэту — уладзіцца з жыллём i як найбольш працаваць. I тому не буду ў вас раней за студзень, проста няма калі. Міша, відаць, будзе яшчэ ў гэтым месяцы. Пішу ў рэдакцыі, i тому без яго. Моцна цалую Цябе. Ваня.


...Далейшае пачалося з тага, што я, значна раней вярнуўшыся з рэдакцыі, застаў наш з братам агульны, недатрапаны чамадан на калідоры, каля дзяжурнага, дзе i ключ ад пакоя на шэсць чалавек, у якім мы пражылі свой «цэкоўскі» месяц нават з гакам. Удакладніўшы, што ўсё гэта азначае, я пайшоў з чамаданам у музей да Мішы, а ад яго, улегцы, у Саюз пісьменнікаў. Ён тады размяшчаўся ў кватэры самога старшыні, Лынькова, жонка якога i ix сынок загінулі ў гета. Дабрадушна павольны Міхась Ціханавіч быў не адзін, з сакратаром праўлення Броўкам. Якое шчасце!.. Пётр Усцінавіч быў у добрым гуморы, ён дачакаўся з эвакуацыі жонку i сына-школьніка, перад гэтым атрымаў жыллё, а ключы ад пакойчыка, у якім туліўся дагэтуль адзін, былі яшчэ ў яго. «Бяры, ідзі, жывіце, пакуль вернецца гаспадыня, а далей будзе відаць!»

Мы знайшлі, ужо ў прыцемку, тую вуліцу i той драўляны трохкватэрны дом, пачалі жыць у вызваленым пакойчыку, заначаваўшы проста на падлозе. Распаліўшы грубку па патаемна злачыннаму, — наламаўшы штанкетных вяршкоў, зверху да жэрдкі, у доўгім старым плоце.

Пражылі мы так зусім нядоўга. Бо справа з першай музейнай экспазіцыяй была па-ваеннаму хутка закончана, з трупы нядаўніх партызан-мастакоў аднаго пакінулі пры музеі, a астатніх — хто з мастацкім вучылішчам, а хто i з незакончаным інстытутам — адпусцілі шукаць сабе новую працу, балазе ўсе яны мінчане.

Мой Міша, які выдатна прайшоў выпрабавальны тэрмін, зрабіўшы вугалем копію не памятахо ўжо якой карціны Шмарынава, якая i сёння, як мне нядаўна сказалі, знаходзіцца ў музейным запасніку, атрымаў ажно некалькі тысячаў ганарару і... падаўся да сям'і, узброены немалаважным пасведчаннем пазаштатнага супрацоўніка музея. У Міры яго прынялі, далі работу ў райвыканкаме.

Мастак Мікола Гурло, які пасля працы над экспазіцыяй супрацоўнічаў з нашай рэдакцыяй, успомніў што на гарышчы ў яго маецца жалезны ложак, напытаў на заўтра i палутарку, каб прывезці яго мне, а сам я, з блаславення сяброў i пры адсутнасці галоўнага рэдактара, па-партызанску ўзяў сабе лішні ў рэдакцыйным пакоі невялікі квадратны стол, да яго ўжо i крэсла, i ўвесь гэты гарнітур быў прывезены на той палутарцы ў мой закутак.

23 студзеня 45-га мы з Нінай распісаліся ў Міры, у загсаўскім пакойчыку ў цагляным доме райміліцыі. Уся шлюбная ўрачыстасць заключалася ў тым, што сухая i з твару панурая чыноўніца, аддаючы мне пасведчанне, сказала: «Ну вот. А если захотите развестись, придется платить три тысячи, штраф».

Мая старая, нямоглая мама падрыхтавала місу вінегрэту, да яго было паўбохана яшчэ ўсё ёю спечанага хлеба i бутэлька, не памятаю ўжо, адкуль ды як узятай самагонкі. Горкая гэта была вячэра. Брат Коля, гаспадар, на сем гадоў старэйшы за мяне, пасля партызан працаваў у райваенкамаце, ды вось i на яго закончылася бронь... Пра гэта мы даведаліся яшчэ ў Міры, ад Мішы, бо Коля быў у службовым ад'ездзе. Забягаючы наперад, трэба сказаць, што ўзяты ён быў у сапёрную часць, нават i паловы вучобы не закончыў да дня Перамогі, a ўвосені дэмабілізаваўся. Але хто ж гэта ведаў у той наш «вясельны» вечар?! Былі толькі мама, братавая Валя i першакласніца Лідачка. Яны ў адпаведным настроі, а нам вачэй на ix не падняць. Бо i ў Загора таксама ж, яшчэз восені, ішлі «пахаронкі»...

Нініна мама, да якое мы пайшлі ў той жа вечар, два кіламетры да хутара Бродзішча, поблізу ад вёскі Маласельцы, ціхая рабацяшчая ўдава, пасагу дала падушку i коўдру, паабяцала, можа, потым якую цялушку. Ніна сама ўзяла чыгунок i вугальны прас, нейкі кавалак сала i хлеба. Усё — ад разбуранай беднасці, пасля вяртання з партызанскай пушчы. Да Міра нас назаўтра, пазычанай фурманкай, давезла Нініна малодшая сястра Міла, маласельская настаўніца. A ў Міры падарыўся спадарожны вайсковы грузавік з людзьмі. У крытым кузаве, сім-тым атуліўшыся, мы i дабраліся ў свой рай у шалашы.

Жылося нялёгка, удваіх на адной зарплаце i нячастых ганарарыках. Да картачнай яды патрэбны былі яшчэ i базарныя дровы. Палавіна мая вельмі туга прызвычайвалася да доўгіх, таўкатлівых ды сварлівых чэргаў а потым яшчэ i прыхварэла на стаматыт...

Гаспадыня кватэры з дзесяцігадовым ветлым хлопчыкам вярнулася з эвакуацыі пад канец зімы. Прастадушна вясёлая жанчына, муж якое загінуў на фронце, а радня ў мінскім гета, не паспяшалася нас высяляць, нават спакваля пасябравала з Нінай, дазволіла нам перайсці ў крыху большы пакой. Аднак вясною, ці сама памеркаваўшы, ці па нейчай разумнай падказцы, вырашыла, што маладая сям'я можа i павялічыцца, а тады сітуацыя, чаго добрага, ускладніцца, i на ўсякі выпадак папрасіла нас з'ехаць.

Адправіўшы Ніну да мамы, я застаўся пры службе, хоць наша «Гадзіна» ўжо не выходзіла, а «Вожык» толькі намячаўся.

Яшчэ i такое пісьмо:


23.VII.45.

Дарагая Ніна!

Выконваю абяцанне «напісаць праз тыдзень».

Новага няма нічога, калі нелічыць таго, што i «Прыгоды цюціка», i «Як маленькі», нават i «Мышалоўкі» галоўліт не прапусціў, матывуючы гэта «нізкай мастацкай якасцю»... «Ветэрынара» сяк-так удалося ўладзіць, дый то яго адклаліў наступны нумар «Бярозкі». Зразумела, што гэта дзейнічае на мяне пагана... Бліжэйшыя сябры-пісьменнікі абураюцца i раяць ставіць пытанне на праўленні Саюза пісьменнікаў або самому ісціў галоўліт. Пакуль што немагу ні першага, ні другога — тым больш...

Публікацыяў «ЛiMe» прайшла [5], у іоснюю старонку «маладыя таленты» ўвайду. Вось толькі Таўлая штосьці няма з Наваградка, а ён павгнен пісаць прамяне... Начаваць прыходзіцца ў некаторых сяброў. Валачуся па тэатрах i кіно. Днямі была алімпіяда дзіцячай мастацкай самадзейнасці — проста душою адпачыў!

Іўсё пакуль. Прывітанне вашым. Іпішы. А мне пажадай як найхутчэй знайсці які-небудзь кут i прыслаць Табе повестку — з'явіцца ў Мінск, дахаты.

Як там маецца мая мама?

Моцна цалую. Ваня.


Трэба дадаць, што «цётка Ўладзя», дырэктар музея Янкі Купалы, у якое Валянцін Таўлай быў намеснікам, часова ўзяла на працу i мяне. Да пераезду ягонай сям'і ў Мінск, калі ўжо будзе нейкая кватэра, Валянцін жыў у Купалішынай сяброўкі. Пажылая мінская шляхцянка, калі я часамі спыняўся i ў Таўлая, нават i частавала нас, «галодных халасцякоў», шчодрай дамашняй вячэрай ці снеданнем. У «ЛіМе» была надрукавана ў ліпені мая «Марыля». У жніўні, лежачы ў клініцы пасля аперацыі нагі (запаленне надкостніцы), напісаў«Майго земляка», i Крапіва, прачытаўшы яго, запланаваў у два нумары, з працягам, новенькага «Вожыка». Пад восень, пры дапамозе рэдакцыі, удалося з пакоем у старым бараку на ўсходняй ускраіне горада. Вярнулася Ніна. 6-галістападанарадзілася Галачка. Міша прывёз нашу маму.

Праз два гады жылося ўжо ў лепшых кватэрных умовах. З'явілася i другая дачушка, Наташа. Выйшлі дзве мае кнігі, нямала друкаваўся ў перыёдыцы. Дзякуючы старэйшым таварышам, найбольш зноў жа Л ынькову, паменшаў ціск на мяне галоўліта.

Пра ўсё гэта ёсць у маіх кнігах, паўтарацца нягожа. Дый каментар да гісторыі дзвюх нашых першых разлук i так зацягнуўся.


* * *

У папцы з надпісам «Пісьмы родным i ад ix», адкуль узяты чатыры найдаўнейшыя, гэтым разам мяне цікавяць перш за ўсё пісьмы, скажам так, характару літаратурнага. З літаратурай звязаны нашы з Нінай разлукі, калі я ад'язджаў ці адлятаў надоўга i далека. У старасці яна i жартавала з гаркаватым, як здавалася, падтэкстам: «Хіба ж ты гадаваў дзяцей? Гайсаў сабе па свеце, а мне...» У гэтым i праўда была, i ў душы маёй час ад часу ажывае ўдзячнасць за яе сяброўскую адданасць i талковую энергію, што стварала мне ўмовы для большага творчага размаху, лепшай вучобы ў жыцця i ў папярэднікаў.

Першай далёкай разлукай была камандзіроўка ў Таджыкістан. У канцы 1947-га з паэтамі Вялюгіным i Кірэенкам у Маскву, у мяне туды наогул першы раз, адтуль таксама цягніком цераз усю, як здавалася, Расію, цераз Казахстан, Узбекістан — у Душанбэ, які тады быў Сталінабадам. Hi пісьмаў ні дарожных запісаў з тых дзён не было, найярчэйшыя напаміны памяці запісаны i надрукаваны значна пазней. Праз год была паездка ў ялцінскі Дом творчасці. У двух пісьмах адтуль літаратурнага вельмі мала, от, трохі ныцця на немагчымасць працаваць, бо дом перапоўнены творцамі з сем'ямі, нават пра наведанне дома-музея Чэхава i магілы Багдановіча, якімі з ранняга юнацтва захапляўся, толькі згадка... Яшчэ праз год — другі раз у Крым, ужо ў Кактэбель, адкуль пасля морам з Феадосіі ў Адэсу, горад майго нараджэння i першых гадоў маленства. Тут ужо ў нас паездка сямейная, з чатырохгадовай Галяй. Мамы маёй ужо не было, яна пакінула нас у чэрвені 48-га... Двухгадовую Наташу ўзяла Нініна мама, на дваццаць гадоў маладзейшая за маю. Жыццё яе з Мілай пасля партызанскага сямейнага лагера спакваля наладзілася, ужо i карова была на хутарку, сырадойнае шчасце i дружба для нашай пацешнай пястункі. Пра тое падарожжа расказана ў аповесці «Муштук i папка». Наступным летам мы ўжо з абедзвюма дзяўчынкамі летавалі ў Каралішчавічах, у двухпавярховым драўляным доме на чатырнаццаць пакояў амаль пра кожны з якіх мне люба ўспамінаецца — што дзе напісана. Туды, у беларускі Дом творчасці, i аднаму паехаўшы, не скажаш, што гэта разлука, — можна хоць тры разы на дзень пазваніць дахаты, а то й паехаць, дваццаць два кіламетры.

1951-ы год быў у нас з Нінай разлукаю двайной — я угаварыў яе паехаць па літфондаўскай пуцёўцы на Рыжскае ўзмор'е, а сам неўзабаве падаўся ў падарожжа па раёнах Заходняй Беларусі, удвух з Уладзімірам Калеснікам, на веласіпедах, ён збіраць песні былога рэвалюцыйнага падполля, а я — па новае для свайго пакутлівага рамана «Граніца», дый, шчыра кажучы, i проста так, каб паглядзець, паслухаць.

Дзяўчаткі нашы былі ўжо ў Бродзішчах, дзе я i спыніўся на дзень, а Валодзя падаўся ў далейшыя Крынкі, наведаць старога бацьку, загадчыка вадзянога млына.


А вось i пісьмы:

18.VII.51.

Дарагая наша курортніца!

Пішам Табе ўсе разам. Праўда, пішу я. Наташа пішчыць: «Ой, ой!..», пакуль цётка Міла заплятае ёй коскі, а Галя, з чорным ад ягадротам, стаіць побач са мной, флегматична лузгае прывезеныя мною семечкі i спокойна кожа: «Ты цяпер напішаш, а потым мама нам напіша».

Прыехаў учора. Зацягнулася трохі з грашыма, пасля хацеў купіць веласіпед, a ніяк не знайшоўшы, махнуў рукою i пазычыў у Зуба яго стары драпчачок, i вырваліся мы нарэшце з душнага, сумнага Мінска. Гарачыня, «истекание потом» неймавернае, але i цікавага многа... Грошай у мяне амаль дзве тысячи. Што веласіпеда не купіў, відаць, i лепт (плашч за 230 р. купіў), — думаю дапамагчы з сенам i вашым, i Мішы, які збіраецца купіць карову, калі, як Ты гаварыла, збярэ на яе сена. Далі з Валодзем слова не піць нідзе гарэлкі i не курыць. Уранні я трохі пісаў (нават!), працягваючы апавяданне, i без курэння сумнавата. Недзе апоўдні прыедзе Валодзя i падамося далей.

Буськаем Тваё пухкае, загарэлае «личико». Муж, маці, сястра i дзеці.


Другое — таксама з дарогі:

2.VIII.51.

Дарагая Ніначка!

Пішу на беразе Кромані, падставіўшы голую спіну гарачаму роднаму сонцу. Хораша тут незвычайна, i адчуваю сябе таксама здорава. Веласіпед стамляе не надта, толькі для апетиту. Харчуемся мы добра (заўсёдыў гасцях), так што пахудзець не ведаю ці ўдасца. Загарэў, як чорт. А галоўнае — гэта ўражанні, якія не ўмяшчаюцца ў блакноце. Праехалімы кіламетраў дзвесце, a ўлічваючы зігзагі — яшчэ больш. Сіняўская Слабада — Крынкі — Карэлічы — Наваградак — Свіцязь — Любча — Шчорсы — Кромань. Не думай, што мы таўчэмся на месцы, — кожны раз едзем па новых вёсках, знаёмімся з новымі людзьмі. Здорава ўсё-такі жыць на свеце, нягледзячы, што i свінства хапае. Расказаць будзе пра што. Сям-там Валодзя здымае мяне на фоне рознай красы. На Нарач ехаць раздумалі: i не паспеем, i тут вельмі шмат матэрыялу. Скокнем толькі nad Слонім i, можа, пад Гродна. Да 20-22 жніўня буду ў Бродзішчах i Маласельцах — хочацца палазіць з дзяўчаткамі па агародах.

Думаю, што гэтае пісьмо застане Цябе ўжо ў Мінску. Пазвані ў выдавецтва, як там мае кнігі [6], калі будзе які сігнальны або хоць надрукаваныя аркушы, захапі ў вёску. Думаю, што якога-небудзь 25-га ці 27-га выедзем у Мінск, зімаваць.

Дзіўнавата неяк — пісаць, неразлічваючы на адказ... Хацелася б ведаць, як Ты сябе адчуваеш, наколькі паправілася, што ўдалося дастаць [7]. Ну, ды нічога, хутка сустрэнемся.

Мы з Валодзем толькі з учарашняга дня ездзім удвух. Тыдзень ездзіў з намі яго таварыш, настаўнік з-пад Шчорсаў, Міхась Петрыкевіч...

Прывітаннеўсіму нашай кватэры і, камухочаш, у доме.

Цалую моцна, з лясным азартом. Ваня.


У нашай з Калеснікам творчай вандроўкі быў i працяг — увесь кастрычнік мы працавалі ў архіве «Фонда Урублеўскіх» літоўскай Акадэміі навук, чытаючы заходнебеларускую прэсу, у тым ліку i польскамоўную, а з яшчэ большай цікавасцю — рукапісы, дзённікі, перапіску. Маіх пісьмаў адтуль, з Вільні, няма, не захаваліся, i не магу, як i ў некаторых іншых выпадках, даўмецца, чаму. Ёсць пісьмо Нініна. Хоць яна пісаць пісьмы зусім не любіла, а я яе безвынікова ў гэтым папракаў жанчына, як гаворыцца, была з характарам. А тут пісьмо, дый з гумарам, іроніяй:


Уважаемый Иван Антонович!

У першых страхах нашага Вам пісьма спяшу паведаміць, што мы ўсе жывы i здаровы, чаго i Вам жалаям. Пісьмо Ваша, у якім Вы плачаце пра Вашы грашовыя цяжкасці, мы атрымалі i прачыталі, але не зусім паверылі...

Хочацца мне палаяць Цябе за тыя тры ночы, калі я, не раздзяваючыся, чакала пры тэлефоне, каб не праспаць. Калі Табе i праўда так цяжка з грашыма, дык высылай нам квіткі оплаты кожнай тэлефоннай гутаркі, мы з прыемнасцю аплоцім. Бо ўсё ж нам вельмі хочацца пачуць Цябе, Твой голас, хаця б два разы на тыдзень...

Дочкі распусціліся яшчэ больш, крычаць часамі так, што немагчыма ўседзець дома. Няма цвёрдай рукі...

У мяне таксама нічога новага за гэты час, апрача того, што ў інстытуце нагрузілі яшчэ больш...

Ёсць пісьмо ад рэдактара «Знамени», за подпісам Кажэўнікава, каб Ты прыслаў свой новы раман на тэму «воссоединения Западной Белоруссии... если не подстрочник, то хотя бы оригинал»... Шырма дзякуе за кнігу. Васілёк — з просьбой пра творчую камандзіроўку ад Саюза, «каб мог напісаць вершы на тую ці іншую тэму...» Сустрэла неяк Гарулёва, перадаваў, што «Солнечного зайчика» ў іхняй «Отчизне» будуць друкаваць, прасіў-маліў, каб Ты даў i другое апавяданне. Я сказала, што «к стыду своему», не ведаю, ці Ты закончыў яго, ці здаў на пераклад. Напішы яму сам. Прысланы «Світанок над Заболоттям». Часопіс «Вітчйзна» вельмі салідны, як «Новый мир». Перакладчык Назаранка прыпісаў толькі пару слоў, дванаццаць з якіх — прывітанні «хлопцам»...

Вось, мусіць, i ўсё наконт літаратуры ды крытыкі. Калі ёсць пытанні — прашу. Цяпер пераходзім на іншае.

Яша [8] прыехаць не зможа, вярнулася яго начальства, апрача таго многа работы. Шкадуе, што не паехаў разам з вамі. Перадае прывітанне i жадае ўсяго найлепшага.

Трэцяе пытанне — матэрыяльна-бытавое. Мы сёння з Люсяй [9], аббегаўшы ўсе базары, вырашылі, што без «Западной» нам у гэтым годзе не выкруціцца. Трэба абавязкова рабіць запасы. Спачатку думалг паехаць у наступную суботу ў Мір, але я, падумаўшы потым адна, вырашыла не так прапанаваць Табе, як прасіць напісаць Колі [10], каб ён купіў нам мяхоў пяць-шэсць бульбы, тpoxi цыбулі, крупы, гароху... Люся згодна купіць напалавіну кабана. Можа, Коля i Міша маглі б дапамагчы i з гэтым?..

Такія справы. Канешне, яны далёкія ад тых, якімі вы з Валодзем, — прывітанне яму, — цяпер займаецеся, аднак самой мне пісаць Колі неяк няёмка...

Мы тут патроху пачынаем усе сумаваць. Галя хоча напісаць Табе сама. А Наташа ўголас складала свае пісьмо так:

«Дарагі папік, прыязджай. Мама гладзіла i спаліла Тваю падушку. I ведаеш чыво? Каб ты прыехаў. Aтo мы ждаем, ждаем, ждаем... Я была ў звярынцы i ведаеш чыво? Бачыла маленькіх абязянак, лісічкаў, мядзведзяў. I ведаеш чыво?.. Ой, я забылася!..»

Люся кланяецца, далучае пісульку наконт патрэбнай кнігі. Што датычыць маіх, то буду вельмі ўдзячна за такія [11]:

Пішы часцей, бо мы i праўда сумуем. Ад Наташы пяць буськаў, ад Галі сем. И мы целуем Ваше умное архивное чело.


...Хутараначка, польская гімназістка-выдатніца, потым савецкая студэнтка з найвышэйшымі адзнакамі, універсітэцкая выкладчыца з пяццю еўрапейскімі мовамі — лацінскай, англійскай, нямецкай, польскай i рускай, не лічачы шостай, сваёй, — яна нармальна ведала свой узровень, аднак зусім не задавалася, любіла здаровы смех, магла ўздымацца да самаіроніі.

Адзін толькі прыклад, дзеля чаго мне трэба сігануць з восені 51-га ў лета 69-га, калі мы з ёю ўпершыню ўдваіх былі ў замежнай паездцы.

Выдавецтва «Volk und Welt», надрукаваўшы «Птушкі i гнёзды» ў перакладзе з беларускай мовы (!), пісьмова запрасіла нас наведаць Берлін у якасці выдавецкіх гасцей, — чамусьці такая форма аплаты. Пакуль дайсці да найцікавейшага, падарожжа па землях Усходняй Нямеччыны, у нас быў «тыдзень літаратураў балтыйскіх краін» у прыморскім Ростаку. Адна полька, адзін рускі i мы, беларуская пара, жылі не ў самім Ростаку, a ў недалёкім ад яго «сялянскім гарадку» Нойклёстар, у арыгінальным аднапавярховым гатэлі пад саламянай страхой, з сакатаннем курэй i гарладзёрам пеўнем за вокнамі. Што раніцы мы ездзілі ў горад, a ўвечары вярталіся на свой вяскова-культурны начлег.

На кніжным свяце я ўпершыню паспытаў як гэта нам, савецкім літаратарам, нязвычна дый непрыемна самім гандляваць сваімі кнігамі...

Былі там, аднак, i вясёлыя моманты.

Суправаджала нас з Нінай мілавідная, гаваркая фраў Зігрыд Фішар, перакладчыца, шаўцова дачка, з крыху залішне падкрэслена элегантнай «русской речью». За сталом маіх аўтарскіх пакутаў я сядзеў з ёю побач. I вось назаўтра ў мясцовай газеце з'явіўся здымак з такім подпісам (цытую з даўняй памяці): «Сваю, нядаўна выдадзеную, кнігу прадае чароўная Янка Брыль»... Гэта ў палякаў Янка — імя жаночае. Мужчына — Янко, з перадапошнім націскам i абавязковым «о» ў канцы. Ці не прыпомніў свае карані гэты растоцкі фотакарэспандэнт?..

Пасмяяліся мы ўтраіх, бо Ніна якраз вярнулася з праходкі каля сталоў. З набыткам, — купіла кнігу «балтыйскага» сатырыка, папулярнага i ў савецкіх чытачоў пераклад на нямецкую мову яго рамана «Gauner wider Willen» («Агіда да махляра») Сказала, што нават трохі пагаварылі з аўтарам па-англійску, так i аўтограф ён напісаў: «Ніне Брыль з найлепшымі кампліментамі. Марці Ларні. 9.7.69». Пераклала гэта з усмешкай, i тут па-свойму стрыманай, калі не сарамлівай... Да тага часу ў нас было ўжо нямала пачэсных літаратурных знаёмстваў i пачаткаў дружбы — у Мінску, Маскве, Кіеве... Таксама i з гасцямі з Прагі, Варшавы, Сафіі... Але ж i такое, з Хельсінкаў прыемна: можна i дзецям пахваліцца, а то й на кафедры. Гэта ўжо я падумаў гледзячы на яе.

Слоўца пра самаіронію.

Неяк я выпадкова сустрэўся ў Любчы з адной нашай былой партызанкай. Вясковая дзеўка, ушчэнт абруселая ў рэспубліканскай партыйнай школе i на працы ў раённым «совпартактиве», калі я спытаўся, як жывецца, адказала: «Муж от меня ушел. И хрен с ним». Коратка, спакойна, з колішняй лясной грубаватасцю. Калі ж я спытаўся, як жа так,яна i растлумачыла: «Я ему указывала на его недостатки, а ему это не нравилось».

Ніна мая, вядома, таксама часам «указывала», — як жа без гэтага ў сям'і?.. I дома зрэдку бывала, i за мяжою разок ці два за тыдзень пачулася.

Ды вось у адну з нашых чарговых раніцаў, калі ўжо мы сабраліся ў Ростак, толькі чакалі сігналу, яна спынілася пасярод пакоя i сказала, неяк i мне, i сабе:

«Стаю i думаю: а да чаго ж я сёння ў цябе прычаплюся?..»

I тут мы дружна зарагаталі — на пачатак новага дня, пагодлівага i за вокнамі.

Ды вернемся ў ранейшае.

...Калi б спытацца, дзе мне найлепш працавалася, дык адказ тут, вядома, той, што ўсё залежыць галоўным чынам ад настрою ці, бяручы вышэй, ад натхнення. Сказаўшы раней пра Каралішчавічы, я мог бы дадаць i пра сваё найранейшае, загорскае: у кухні-бакоўцы, пры цьмянай лямпе, i пра санаторную, асобную палату ў Нясвіжскім замку, дзе я ўвосені 66-га за месяц многа для мяне напісаў, i пра Дамы творчасці ў латышскіх Дубултах i ў падмаскоўным Перадзелкіне, дый, зрэшты, а то i найперш — дома, у Мінску i на лецішчы ў наднёманскім Крынічным... A ўсё ж я ўдзячна ўспамінаю i Маласельцы, дзе працавалася зімовымі месяцамі ў 61-м i 62-м гадах. Можа, яшчэ i таму, што пісьмы пра гэта захаваліся:


23.1.61.

Дарагая Ніна!

Здалёк вельмі добра думаецца пра вас, i таму зварот гэты, просты i нгбы сухаваты, мае свой мілы падтэкст... Ісама адчуй лішні раз, i дзяўчатам скажы, і Андрэю, што я вас усіх люблю, вельмі хачу, каб мы дружылі па-сапраўднаму і, вярнуўшыся, гатоў весці з вамі гутарку пра мірнае суіснаванне i дружбу на самым высокім узроўні. Рыхтуйцеся да гэтага ўсе, асабліва вы, крыклівыя i злосныя дзяўчаты!..

Апроч вас люблю я, вядома, сваю працу, свае святое призвание... Не дазволіў бы сабе гэтых пышных слоў, каб не тое, што за гэтае пісьмо ўзяўся адразу пасля таго, як паставіў заслужаную кропку пад даволі вялікім апаяданнем [12], якому аддаў у сё сэрца i максімум стараннасці.

Так што пішацца мне нядрэнна. Ну, я ўжо не гавару пра блакнот, амаль цалкам запоўнены, бо i нагаварыўся з людзьмі, i сёе-тое пабачыў.

Халадзіна страшная ездзіць у кузаве грузавіка. А дома жывем мы цёпла i смачна. Міша [13] прывёз дзве машыны дубова-грабовых дроў, я ix трохі нарэзаў ды накалоў i склаў Муры [14] ў сенях невялікі касцёрчык. Дуб ды граб не вельмі адзін парэжаш. Міша пакуль што не можа вызваліцца на дзень-два, каб мы ix пашасталі ды накалолі больш. Зробім.

Цалую вас усіх з вялікай прыемнасцю.


21.11.62.

Дарагая Ніна!

Пісьмо прыйшло ў час: я толькі што пачаў непакоіцца, думаў, што хто-небудзь захварэў, а Ты чакаеш, пакуль паправіцца. Мура шкадавала мяне i здзіўлялася вашай мінскай непісьменнасці...

Уранейшым пісьме баяўся зрачы самога сябе (дый цяпер таксама: цьфу, цьфу!), пахваліцца заўчасна. Я толькі дзень адзін паныў над «Граніцай», а потым неяк адразу зразумеў, пасля доўгага i нялёгкага роздуму перад гэтым, што я павінен напісаць тое, што за мяне ніхто не напгша, што мае i павінна быць зроблена. Словам — я засеў за свой раман, які пакуль што называецца «Дзе твой народ» [15], куды пойдуць вайна i полон, куды пойду я увесь, ад маленства да сталасці, з нашымі думамі, марамі, пакутамі, памылкамі i перамогамі. Амаль кожны дзень (цьфу, цьфу!..) раблю па раздзелу новага тэксту. Не лічачы таго, што манцірую з напісанага ў дні вайны. Напісаў ужо больш за 150 старонак. На пятым дзесятку зноў вучуся пісаць для сябе, у высокім значэнні гэтага слова, i — радасна...

Усё гэта, вядома, паміж намі.

Снег тут вялікі, дарогі пазаносіла, часта мяце і марозіць. У хаце цёпла i ціха — зранку да 15-ці гадзін, якраз пакуль я сяджу за столом, a дзеці ў школе. Амаль штодня хаджу. Вось i цяпер пішу Табе, зрабіўшы трохкутнік: Маласельцы — Турэц — Загора — Маласельцы, дзесяць кіламетраў. Ем i сплю, як бог. Чытаю. Прачытаў, між іншым, немца Бёля i кончаю раман француза Веркора «Люди или животные?» Коліна Соня выпісвае «ЛіМ», пa гэтай здыхаце маю, відаць, поўнае ўяўленне пра жыццё Саюза пісьменнікаў. Ну a іншыя газеты замяняе радыё.

Пачынаю ўжо сумаваць па вас, па кожным па-свойму. Андрэя сёння сніў. А гавару з ім часта. Калі я добра, плённа даседжу тут свой месяц, дык, можа, тады i дома па інерцыі будзе добра сядзецца? Пачынаю ўжо думаць i так. Думаў i пра Каралішчавічы, як працяг Маласельцаў. Але гэта ўсё планы, а чаго мне хочацца, — налаташыць такі чарнавік, каб потым «праяўляць» яго, што я, дарэчы, вельмі люблю i што можно будзе рабіць за сваім сталом, з перапынкамі, не баючыся званкоў, гасцей i паседжанняў.

Цалую Цябе, харошы мой (з пэўнымі агаворкамі) дружа. Перадавай прывітанне дзяўчатам, а сыну прачытай наступнае:

Сынок, мілы мой Андрэйка! Вельмі добра, што Ты напісаў мне пісьмо, я быў вельмі рад. У цёці Мурынай Наташкі быў дзень нараджэння, я купіў ёй коціка з вусамі, i ў нас цяпер тры каты. У нас тут многа снегу, i Наташка з цёці Мілінай Лідай доўга возяцца на санках, прыходзяць чырвонашчокія, многа ядуць i рана лажацца спаць. Усе мы Цябе любім. Пішы мне пісьмы i будзь харошы. Многа цалую Цябе, а Ты ад мяне — маму, Галю i Наташу.

...Тут можа быць адразу i працяг — далейшы лес «Птушак i гнёздаў».


Кіславодск, 4.V.64.

Дарагая Ніна, дарагі Андрэйка!

Вашу тэлеграму атрымаў другога мая падвечар. А спачатку быў злосны, хацеў не пісаць Вам наогул. Бо Панчанка, як на злосць, амаль кожны дзень атрымлівае пісьмы, як быццам у яго сям'я куды большая, жонка i дзеці лепшыя...

У 7.30, калі Ты званіла, я мог быць на фіззарадцы, метраў 500 ад нашага корпуса, або на прагулцы ў горах. Пішу так, бо не ведаю, калі, у які дзень Ты званіла. А што да пакоя, дык я ўжо ў трэцім за тры тыдні. У сто пятым пяць дзён правёў часова, пакуль вызваліўся дваццаць першы, побач з Піменам, a 28.IV нас, у сувязі з рамонтам першага паверха, перавялі на другі, у прыгожыя пакойчыкі з балконамі. Мой 22-гі.

Сёння напісаў паштоўку Андрэю, яшчэ да атрымання вашага пісьма. Цяпер цалую свайго хлопчыка i за пісьмо (5 з плюсам!), i за малюнак, i тому, што я яго вельмі люблю i сумую па ім...

Я тут добра папрацаваў — унёс, здаецца, удалую праўку ў абедзве часткі [16], выкінуўшы перабіўкі «У зямлянцы». Цяпер усё думаю над прологам i эпілогам. Пасля грунтоўнага роздуму (часамі i горкага) спынюся прыблізна на тым варыянце, які Ты i Міша чулі ад мяне. Упершай частцы паправіў, між іпшым, кампазіцыю, — хай ужо добрым людзям лягчэй чытаецца. Не падганяю сябе з прологам i эпілогам — каб як след вынасіць. Дый нялёгка гэта — так заядла ірваць. Цяпер ужо веру, што спраўлюся сваечасова i добра.

Адамовіч пісаў, што Дзяменцьеў [17] спраўляў своё шасцідзесяцігоддзе г мяне яшчэ не прачытаў... Яўжо настолькі «наспеў», што як быццам i не думаю пра «Новый мир», — будзе што — добра, не — не, паспытаем шчасця яшчэ дзе-небудзь, а то i толькі кнігай выдадзім, што ж ты зробіш.

Дзіме [18] мініяцюры вельмі спадабаліся. Ён дамовіўся з «Огоньком». Думаю, што гэта добра, надрукавацца там, хоць i ў трохі падкарочаным выглядзе, усё роўна да кнігі буду дадаваць. Дый Дзіма не такі багацей, каб перакласці, а потым рызыкаваць, i яшчэ горш — не надрукавацца ў часопісе наогул.

Многа чытаю. За выключэннем «Леапарда» Лампедузы — усё нямецкае, сугучнае маёй працы: Бёль, Фалада, Франк, Фейхтвангер. Многа ходзім з Піменам — у горы, па парку, у кіно, многа i добра гаворым, не сумуючы ад нашай поўнай цвярозасці, нават i на свята. Тут пачынаецца вясна. Вельмі міла цвітуць японскія ружы на дрэвах, такіх як вішні, — малюсенькія, як суніцы, кветачкі. Але холодна, а зрэдку i дажджы.

Прыляцім 11.V, y 12 гадзін ночы, білеты ўжо ўзялі. Настрой чамаданны. Яшчэ думаем толькі 6-га махнуць у Нальчык, бліжэй да Эльбруса, да вялікага Каўказскага хрыбта, бо тут — прадгор'е, сам Кіславодск 800 метраў над узроўнем мора, гара «Красное солнышко», на якую мы паднімалгся, 2065метраў. У Пяцігорску мы (на таксі) паднімаліся на Машук.

Адчуваюся значна лепш. Не я буду, калі я Цябе не прышлю сюды калі-небудзь. Можа, скажам, i сёлета.

Цалую Цябе i ўсіх вас. Дома разбярэмся, хто які.


* * *

З удзячнасцю думаў раней, а тым больш думаю цяпер пра Нінін сяброўскі ўдзел у маёй пажыццёвай працы. Спачатку ў яе было маладое, амаль безагаворачнае захапленне, калі я штосьці чытаў ёй i Мішы i яшчэ каму з найбліжэйшых. А потым прыйшло самастойнае чытанне рукапісаў, усё часцей з алоўкам, як быццам спаборніцтва ў большых i меншых заўвагах з Мішам, Таўлаем, Вялюгіным, Калеснікам, Адамовічам, Скрыганам, Янкоўскім i некаторымі іншымі сябрамі, якія, па добраму звычаю, чыталі адзін аднаго перад здачай рукапісу ў часопіс ці ў выдавецтва. Памочніца мая адно з напісанага ўспрымала цалкам, адразу, другое — падумаўшы. Толькі пра мініяцюры ды запісы гаварыла найстражэй: «От, кожная дзесятая, не больш», што мяне i смяшыла, i раздражняла часамі, i апраўдвала яе тым, што ў запісах многа таго, што адбывалася ці гаварылася ў сям'і, было вядома абаім, сям-там нават з «залішнімі падрабязнасцямі ды сюсюканием», хоць гэта i ў самое строгай мамы, а потым бабулі таксама бывала.

Мы трохі супрацоўнічалі ў перакладах. Першае ў яе — «Уральскія казкі» П. Бажова, для перакладу нялёгкія, там яна па сціпласці схавалася за маё імя, «як добрага рэдактара». Так было пазней i з вялікім апавяданнем Э. Ажэшкі «Зімовым вечарам». Удваіх мы падпісаліся пад польскімі дзіцячымі аповесцямі «Прыгодыў Цюцюрлістане» В. Жукроўскага i «Тумба з мыса Добрай надзеі» A. i Ч. Цанткевічаў. A ўжо з нямецкай мовы, для калектыўнага зборніка «Незабыўны дзень» апавяданні Б. Брэхта i З. Пічмана яна i пераклала, i падпісала адна. Апошняе, што ў гэтым сэнсе помніцца, — пачуўшы пра выданне перакладу рамана Ажэшкі «Над Нёманам», яна ўздыхнула: «З якой прыемнасцю я пераклала б гэта!..» Пасля яе адыходу (як не хочацца гаварыць пра смерць!..) мы ўспаміналі гэта з дзецьмі, гаворачы, наколькі б яно было разумней, чым апошнімі сіламі, калі заставалася толькі ca мною, каму ні паднімаць, ні цягаць было забаронена з-за ног, а пасля яшчэ i з-за сэрца, з апошніх сіл цягаць тачкі чорнай мокрай зямлі ці гною, бясконца паліваць пясчуг прыляснога, надрэчнага агароду, днямі крукам тырчэць пад сонцам, зацята i без жаданага поспеху ваяваць з каларадскім жуком!.. Бо i ўздыхнула ж яна пра любімы раман каля Немана, на катаржна-працавітай дачы...

Абое мы заўсёды многа чыталі, прычым яна яшчэ i на сваёй прафесійна галоўнай, больш за нямецкую любімай англійскай мове. I я даволі часта бываў удзячны за падказкі, што варта або i вельмі варта прачытаць з англамоўнага ў добрым перакладзе польскім або часцей рускім. Пішу гэта i згадваецца з бліжэйшага — «Поющие в терновнике» i «Мельница на Флосе». Толькі ўжо дэтэктывамі ёй не ўдавалася мяне спакусіць, хоць i сама яна гаварыла, што гэта ў яе «для адпачынку», як i разгадванне красвордаў.

...Вярнуся да нашых разлукаў, звязаных з падарожжамі, якіх у мяне было непараўнана больш. Ёй я зайздросціў толькі з-за Бухары, Баку, расійскага «Залатога кальца». А разам мы ездзілі або плавалі ўсё-такі нямала, — па Волзе, на Дон, у Закарпацце, на салавецка-кіжаўскую Поўнач, па Прыбалтыцы, Усходняй Нямеччыне, Польшчы, Чэхаславакіі...

Пра мае значнейшыя падарожжы — у Польшчу, Канаду, Індыю, Балгарыю, Арменію, Крым — напісаны большыя эсэ. Нямала запісаў надрукавана пра наведанне Югаславіі, Далёкага Усходу, Магнітагорска i Нарыльска, Іспаніі i Партугаліі, пра марскія круізы вакол Еўропы i па краінах Скандынавіі. З тых падарожжаў пісьмаў няма, толькі тэлеграмы ды паштоўкі з відамі i тэлеграфнай скупасцю тэксту.

Тут я ізноў пра ўдзячнасць ёй, якая, пакуль я вандраваў камандзіровачным ці турыстам, пільнавалася дому, сям'і, педагагічнай службы, цярпліва чакала мяне.

Калі ёй споўнілася шэсцьдзесят, яна сказала мне i сыну, што найлепшым падарункам ёй быў бы які-небудзь дамок у чароўным кутку роднага Наднямоння, дзе мы перад гэтым чатыры леты мелі выдатны прытулак у адной з прыязных сем'яў пасёлачка Крынічнае. За наступны год дом быў сяк-так агораны раённымі будаўнікамі, i нашы незабыўныя разлукі закончыліся — на цэлых дваццаць гадоў.

Да апошняй...

Па франтавым, палонніцкім i Партызанскім вопыце, дый проста па перанесеным за ўсё працяглае жыццё ведаю i я, што калі ўспамінаецца найстрашнейшае здалёк, бывае нібы яшчэ страшней, чым тады, калі яно з табою адбывалася.

За восемдзесят дзён i столькі ж начэй яе пакутаў мяне тройчы прарывала немужчынскім рыданием. I не тады, калі я ранняй чэрвеньскай раніцай, памыўшыся з халоднага ўмывальніка пад ліпай, вярнуўся ў дом, каб падзівіцца, што ж гэта сёння ціха з маёй гаспадыняй, і, адчыніўшы кухонныя дзверы, убачыў яе скурчаную на падлозе, калі на крык мой з далейшага пакоя прибегла перапалоханая ўнучка-настаўніца, i мы ўдваіх, яна далікатная, а я нямоглы, аніяк не маглі бабулю падняць, перанесці ў яе пакойчык побач з кухняй, каб палажыць на тахту... I не тады, калі ў приёмным пакоі раённай бальніцы доктар сказаў сваё «обнадеживать вас не буду», а мне па глухаватасці пачулася другое, што яна, непрытомніца, «безнадежна»... A ўжо тады, калі мы, тыя, што тут былі, сын, адна з дачок, муж унучкі, якія на наш тэлефонны сігнал прыехалі ў Мір, адтуль, следам за аўтобусікам хуткай дапамогі, у Карэлічы, дзе ёсць рэанімацыя, a, вярнуўшыся ў Крынічнае, зайшлі ў яе апусцелы пакойчык... Другі раз, калі ў выходны з Мінска прыбыло сямейнае папаўненне, яшчэ дачка, нявестка, другая ўнучка, i ў бальніцу яны паехалі без мяне, a вярнуўшыся адтуль, з парога нібы й весела спыталіся: «Ты ведаеш, чаго мы так затрымаліся? Шукалі ёгуртаў тлусцейшых. Яна ўжо есць!..» Мяне супакойвалі, суцяшалі, цалуючы, як малога, а я апраўдваўся, што плачу ад радасці, бо так яно i было... A трэці раз — ужо дома, калі я ўранні разважаў яе, нахіліўшыся над зняможаным тварам, па-навабранцку нагала астрыжанай не галавой, а галоўкай, якое ніхто з нас ніколі не бачыў такою, без прычоскі, з невялічкай загоенай ранай ад трэпанацыі. Яе карыя, незвычайна поўныя вочы ў мудрай журбе глядзелі табе проста ў душу, па-дзіцячы чакалі ласкавага слова, пяшчоты... Перад гэтым, як толькі яе, сіламі нашых сямейных мужчынаў, перавезлі з бальніцы, я спытаўся: «Натамілі цябе?» I яна, тады яшчэ амаль зусім выразна, паволі адказала: «Я... вельмі... баялася... болю...» Гэтага ёй хапала. Цяпер я ўжо не пытаўся, каб не вярэдзіць, a ціхенька як найбліжэй гаварыў ёй нашыя словы, а яна ў адказ, мацнейшай правай рукою абняла мяне за шыю, як быццам ужо з апошнім разуменнем i дараваннем за ўсё, што было не так ці не зусім так, як у нашы найлепшыя дні... Я адышоўся наўзрыд, а да яе падышлі, нібы каб засланіць мяне, закрыць сабою ад яе вачэй, нашы жанчыны...

Яшчэ ў Карэлічах, калі нас, сына, старэйшую ўнучку, Дануту, i мяне, пусцілі ў рэанімацыю, пажылая медсястра, тонам праверкі стану хворага, спыталася: «Ну, хто да вас прыйшоў?», яна выразна адказала: «Як хто? Мой Данульчык!..» Праз тры дні, калі яе палічылі ўжо транспартабельнай, я на спатканні сказаў ёй, што вось i паедзем у Мінск, у лепшую бальніцу, а яна не дала мне дакончыць пра тое, што «ты i паправішся», a кіўком згадзілася i шапнула, што гэта добра, бо «там Націк», як мы з маленства называлі ў сям'і Наташу. Для Андрэя ў яе заўсёды было неаспрэчнае першае месца. Адзін раз, дома, так i назвала яго — сваім анёлам, a другі раз нават i цмокнула здалёк паветраным пацалункам. Хапала пяшчотнасці i да малодшай унучкі, Волечкі, для ўнукаў Мішы i Антона, з павагай i сімпатыяй адносілася да нявесткі, Андрэевай Ніны, хоць i была з ёю на «вы», да Данусінага мужа Колі i Міхасёвай жоначкі Машы. Я з пэўнай трывогай i рэўнасцю назіраў, калі ж яна аддасць належнае нашай найпершай, i быў па-бацькоўску ўсцешаны, як яна ўранні свайго апошняга дня, калі Галя дзяжурыла пры ёй, абнялаяе сваёй жывою праваю рукою i моўчкі прыгалубіла стомленую за ноч, ужо й не зусім маладую ды здаровую дачушку...

Калі яе ўжо ў Мінску, пасля Карэлічаў з рэанімацыі перавялі ў агульную неўралагічную палату, сын прывёз мяне туды. Прысеўшы каля яе, я стрымана глядзеў, у думках шукаючы першых слоў, а яна тут у першых словах нават i гумар дала: «Пайду па малако!» Усе нашы дваццаць дачных гадоў гэта быў мой абавязак: хадзіць у пасёлак па ранішні ўдой, паўтара кіламетра туды i столькі ж назад. А сёлета, калі я вярнуўся пасля месячнага знаходжання ў бальніцы, падмацаваны стымулятарам, i пачаў як быццам нанова вучыцца хадзіць, ужо з кіёчкам, яна, нягледзячы ні на якія пратэсты i просьбы, пазбавіла мяне i таго абавязку. Хоць ёй самой i ў кухні, i ў градах работы па-ранейшаму хапала. I яшчэ ў яе, як мне дочкі сказалі, было пра мяне i такое: «Наш бацька аптыміст, а я песімістка. Я аптымістка толькі ў лесе, калі я зусім адна». Toe, чаго i я, i ўсе мы колькі ўжо гадоў баяліся. Па ягады, а тым больш па грыбы яна выходзіла пасля снедання i ледзь не да адвячорка снавала ў любым, толькі самой вядомым напрамку ляснога акружэння, i на ўсе просьбы мае i неаслабны неспакой («Дзе я буду цябе шукаць?! Тут мне i верталёт не паможа! Падумала б!..») адказвала бадзёранькім развітальным словам ці толькі ўзмахам рукі. Яшчэ яна сказала дочкам у бальніцы, што са мною ў яе будзе гутарка. I я чакаў той гутаркі, часам нават i з рэўнасцю да дзяцей i ўнукаў разважаючыся тым, што гэта, відаць, нармальна ў параўнанні з шасцю дзесяткамі гадоў нашай з ёю сумеснай долі, калі, вядома ж, як i ў кожнай чалавечай пары, здаралася i па-рознаму. Нейкай выключнай гутаркі, пра якую яна намякала, на жаль, не адбылося. Быў моцны поціск правай, не спаралізаванай рукі, было маўчанне i мой нястрымны, страшны i шчаслівы плач...

He ўсё сказалася...

Kaлi яна ў свой перадапошні дзень пачала час ад часу пашкрэбваць кіпцямі вольнай рукі па белым чахле коўдры на грудзях, я прыгадаў трывожную народную прыкмету. A назаўтра яна ўжо нямоцна, i раз, i два, i некалькі разоў брала маю руку, жменя ў жменю, а я яшчэ ўсё не верыў у развітанне, аднак i помніў што пра такое чуў ад іншых — так хочацца роднай рукі...

У трох паважаных газетах, беларускай «Нашай Ніве», жыдоўскім «Авиве» i татарскім «Жыцці» надрукаваны цёплыя, прыгожа i мудра шчодрыя спачуванні. На з'ездзе Таварыства беларускай мовы i яна была ўшанавана мінутай маўчання, разам з усімі тымі, каго не стала паміж папярэднім i гэтым з'ездамі. Спачуванняў у так знаёмых вузкіх, падоўжных рамачках, пісьмаў i тэлеграм, тэлефонных званкоў i слоў пры сустрэчах — добрая сотня. Усім я падзякаваў, то пісьмова, то вусна. Паімепна нікога не называю. Беларусы, рускія, жыды, палякі, татары, адзін славак — перш за ўсё — людзі, розныя па ўзросту i прафесіях, мінчане i землякі з Наваградчыны, блізкія з іншых куткоў Беларусі, з Расіі, Польшчы i Літвы, — хто змог неяк даведацца.

Спачуванні адрасаваны нам, мне i сям'і, аднак праз шчырасць іхнюю зноў ды зноў бачыўся ўсмешлівы воблік нашай найдаражэйшай...

Адна з яе даўніх сябровак, ужо слабенькая равесніца, па тэлефоне, плачучы, i раіла, i прасіла мяне напісаць пра яе, сказаўшы i паўтарыўшы двойчы: «Прыгожа, светла напісаць. Ніна Міхайлаўна... Ніначка... гэтага вартая!..»

Сяброўка нашай сям'і з маладых, вярнуўшыся з замежнай паездкі праз два тыдні пасля пахавання, папрасіла мяне паехаць з ёю на могілкі. З кветкамі i знічамі, як у католікаў аднак не з адкрытым стэарынавым агеньчыкам у кардонным сподку, а пад блакітным пластмасавым каптурыкам.

Яны гарэлі, а я глядзеу на ix, упершыню такіх для мяне. Зняўшы шапку пад золкае церушэнне недарэчнага дажджу, з пашанай бачыў на вуснах сяброўкі шэпт яе шчырай малітвы, a ў сціпленькай красе блакітна ўрачыстых знічаў каля букета новых кветак у душы ажывала, жыло адчуванне высокага, чыстага, вечнага неба сусвету над змрочна прыціснутай хмарамі грэшнай, любай зямлёю...

Лicтапад 2003

1

Мой, на тры гады старэйшы, брат Міхаіл, самадзейны мастак.

(обратно)

2

Сяброўка па працы, настаўніца матэматыкі.

(обратно)

3

Аповесць, пасланая з партызанскага лесу ў Маскву: «Союз писателей, Максиму Танку».

(обратно)

4

Канчатковая назва апавядання, упершыню надрукаванага ў 1966 годзе, «Кроў на сцяне».

(обратно)

5

Урывак з апавядання “Зладзеі”.

(обратно)

6

«У Забалоцці днее» i «Зялёная школа».

(обратно)

7

У сэнсе купіць, так тады найчасцей гаварылася.

(обратно)

8

Якуб Міско (1911-1981) — журналіст, колішні вучань Віленскай беларускай гімназіі, удзельнік заходнебеларускага падполля, вязень санацыйных турмаў. Сябар Таўлая, а потым i наш.

(обратно)

9

Люся, Лідзія Сяргееўна, удава Таўлая, карэктар. Мы дзвюма сем'ямі жылі ў адной чатырохпакаёвай кватэры.

(обратно)

10

Ён працаваў тады намеснікам старшыні калгаса.

(обратно)

11

Велікаваты спіс англійскіх падручнікаў, патрэбных студэнтцы другога курса інстытута замежных моў.

(обратно)

12

«Сцежка-дарожка».

(обратно)

13

Ён працаваў тады ў Карэлічах, аб'яднаных з Мірам у адзін раён, узначальваў сельскае будаўнідтва.

(обратно)

14

Мура, Марыя, Нініна старэйшая сястра. Міша мой брат, друг i швагер.

(обратно)

15

Канчатковая назва «Птушкі i гнёзды».

(обратно)

16

«Птушак i гнёздаў» у часопісным варыянце 1963 года.

(обратно)

17

Намеснік Твардоўскага ў часопісе «Новый мир».

(обратно)

18

Дзмітрый Кавалёў (1915-1977), рускі паэт i перакладчык.

(обратно)

Оглавление

  • Янка Брыль БЛАКІТНЫ ЗНІЧ
  • ЦІ-ШЫ-НЯ
  • ЛЯЦЕЛА ЗЯЗЮЛЯ...
  • НАШЫ РАЗЛУКІ
  • *** Примечания ***