Парастак радка, галінка верша [Рыгор Барадулін] (fb2) читать постранично

- Парастак радка, галінка верша 906 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Рыгор Барадулін

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Рыгор Барадулін ПАРАСТАК РАДКА, ГАЛІНКА ВЕРША

Артыкулы, эсэ


Падрыхтаванае на падставе: Рыгор Барадулін, Парастак радка, галінка верша: Артыкулы, эсэ — Мінск: Мастацкая лiтаратура, 1987. — 351 с.


© OCR: Камунікат.org, 2010

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2010

Дзякуй роднаму слову!


Слоўнікі. Латышскі арыгінал. Вывяраю на слых, ці дамогся таго, каб вялікі Райніс загаварыў па-беларуску. Боязна. Трывожна... Сівавусы Ян ведаў беларускую мову, чуў яе і ад самога дзядзькі Янкі:

Ветрык, вей, гані жвавей
Човен мой у Курземе...
З журбой вясёлай сцішаныя гукі,
Нідзе мілейшых мне не ўчуць да скону,—
Яны ніколі не даюць спакою...
I аднекуль, з першага напаўсвядомага ўспрыняцця наваколля, плывуць гукі матчынага голасу:

— А ў полі вярба,
Пад вярбой — вада...
А вярба стаяла ў лашчавінцы, непадалеку ад студні, якую выкапаў бацька. Крыху далей дражніўся са мной бусел — так і не даўся ў рукі.

Верасоўка, Верасовачка...

Па адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленні — вёска Гарадок II Востраў — Сарочынскага сельсавета на Ушаччыне. Ад яе асталіся ігрушынка-дзічка, што зацвіла на трыццатым годзе, ды два вянцы і верхняя бочка студні. Вярбу нехта ссек па дровы (думаю, не чытаючы Ясеніна).

Толькі з паслявайны ніцаю вярбой удавее мама.

...Бацька хадзіў на работу ва Ушачы — цяслярыў у райкамунгасе. Калі вяртаўся, паказваў мне, як мужык саху вытрасаў. Я любіў распяразваць бацьку — з-за пазухі выпадаў абаранак, драбок цукру.

У 1939 годзе настала перавезліся ва Ушачы.

З фінскай вайны запомнілася, што самым папулярным чалавекам быў дырэктар хлебапякарні (як і пасля апошняй вайны).

Вясна сорак першага...

Бацька пасадзіў вяз. Я памагаў трымаць дрэўца, роўнае на рост са мной. Чэрвень сорак першага...

Жарабятка адбілася ад маці і з апошніх сіл бегла перад нямецкімі машынамі. А я ўсё паліваў і паліваў маленькі вяз... Нам двум доліла астацца расці. Вяз так і не ацяніў галавы Івана Рыгоравіча, а я не пачытаў цесляру райкамунгаса ўслых «Віцебскага рабочага» (сам бацька збольшага чытаў і пісаў, але дужа любіў слухаць).

Чэрвень сорак першага...

Зайшоў немец. Я сядзеў і маляваў. Ён памог мне дамаляваць хату. З коміна кучаравы дым. Побач — дзве сукрыстыя немкі.

Другі немец у сорак чацвёртым спаліў нашу хату. Дым валіў смалісты.

Чэрвень сорак першага...

Шэрыя хмары палонных сунуцца бальшаком. Пыл. Ад яго вяз стаў падобным на капешачку сена.

У густым пераспелым жыце сканаў збеглы палонны. Як ні адходжвалі яго ўпотайкі добрыя людзі — не ачунялі.

Першае слова — паўшэпт «партызаны». I, нарэшце, Ушацкі раён стаў партызанскай зонай.

Партызаншчына...

Краіна трывожнай рамантыкі, перад якой увесь час адчуваю сябе ў вялікім даўгу...

На зімовае Вечалле садзяцца самалёты з Вялікай зямлі. Аднекуль з-пад Вулы прыводзіць разведчык Вася языка палкоўніка. Выйшаў паслухаць кананаду. Так без шапкі і даставілі ў штаб.

Славутыя камандзіры Лабанок, Цябут, Уткін, Радзівонаў. Колькі радасці было нам, малым, бачыць іх!

З брыгады Мельнікава прыходзіў зрэдчас на пабыўку бацька. Дазваляў мне стрэліць з запраўдашняй вінтоўкі. Дарэчы, з-за празмернай цікаўнасці да пошукаў патронаў, нос мой значна паарлеў.

Паўтара года хадзіў па Ушачах разведчык Смаленскага палка Садчыкава Міхаіл Ягораў, юнак, якому суджана было ўзняць над фашысцкім рэйхстагам агністае світанне сцяга нашай Радзімы. Водсвет сцяга гэтага ляжаў на партызанскіх шапках.

Блакада...

Цяжка параненыя партызаны просяць сваіх таварышаў дастрэліць іх...

Карнікі... Тыфозная салома, брудная падлога.

Карнікі... Чарапастая свастыка яшчэ доўга груганамі кружыла над снамі нашымі.

Раніца... Танкі са світальнымі зоркамі. Багата зарадзілі бур'яны на пагарышчах. Маці, бабуля і я засталі свежыя галавешкі.

Школа...

Першыя штаны з дзвюма кішэнямі, парусінавыя. Пайшоў пераросткам. Цяжка было сядзець на ўроках. Хацелася хутчэй шукаць патроны, міны. У бальніцы была цэлая палата такіх «мінёраў».

Згодна народнай прымаўцы, адзін сын у сям'і — бліннічак, смятаннічак. Толькі мне і ў галаву ніколі не прыходзіла думаць пра такія даваенныя прысмакі,— маці рабіла прыбіральшчыцай райспажыўсаюза. Аднаму сыну ў сям'і пашанцавала на другое. Песні, казкі, прыбабунькі — усяго гэтага найдаражэйшага скарбу мог я пачэрпнуць удосыць і ад ма мы і ад бабулі Маланні Несцераўны. Калі б не іх песні ды не добрыя настаўнікі Фадзей Францавіч Багдановіч, Марыя Майсееўна Цуран, Канстанцін Паўлавіч Баразна, узненавідзеў бы я, як і многія, хто канчаў школы, паэзію з-за праграмных вышукванняў у вершах думкі, задумкі, зместу, памераў, эпітэтаў, метафар і так да бясконцасці. Карацей, з вадой дзіця выпліхвалі. Не трэба і гаварыць, як дрэнна падбіраліся беларускія вершы ў хрэстаматыі (яно і цяпер такое здараецца). Вельмі