Каласы [Кастусь Цвірка] (fb2) читать постранично

- Каласы 235 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Кастусь Цвірка

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Кастусь Цвірка
Каласы

Вершы

Я з той краіны...


Я з той краіны...
Я з той краіны, дзе рвуцца з долу
Тугія стрэлы хвой карабельных,
Дзе, белагрудыя, над вадою
Стаяць бярозы, як каралевы.
Там пушчы — заблудзішся.
Толькі па зорах.
Па сцежках зубрыных знойдзеш дарогу.
У рэках сонных, у цёплых азёрах
Там ходзяць i сёння акунь ды стронга.
Я з той краіны, дзе ўранні жанчыны
Браць лён ідуць як адна, хаўрусам.
Глядзі ды любуйся: воч золак сіні
Ды рэчкай з-пад хуст —
                             валасы бела-русыя.
А хлопцы там — сокалы.
                             Дзень у хлопцаў —
На зрубах звонкіх, на дрогкіх машынах,
А вечар — над ручкі вядуць да варотцаў
Пявучых сябровак сваіх з вечарынак.
Я з той краіны, што ў век беспрасветны
Ясны прамень нарадзіла — Скарыну
I песню для славы дала сусветнай
Адаму Міцкевічу — роднаму сыну.
З краіны, дзе Каліноўскага слова
Лес віл ды кос на цара ўздымала,
Дзе голасам чыстым у час суровы
Зваў з цемры люд свой Янка Купала.
Я з той краіны, што мужна сустрэла
Браню прышэльца ў дні грозныя тыя,
Што ўся — ад неба да неба — гарэла,
Як свечка, тысячаю Хатыняў.
Там месца нідзе не знаходзілі каты
Ад куль партызанскіх i ад гранатаў,
Былі ў партызанах там дрэвы i хаты,
Была ў партызанах сама зямля там.
Я з той краіны, што кранаў рукамі
Узнесла з руін гарады, як вясёлкі,
Што гуслямі новымі — правадамі
Абвесіла ўсе бальшакі i прасёлкі.
Разносяць па свеце краіны той славу
Асілкі-БелАЗы — шырокі канвеер!
Краіны той голас высокі па праву
Гучыць паміж роўных на ўсіх асамблеях!
Я з той краіны, дзе ліпень купае
Зару ўсю ноч у ставах птушыных
I дзе стагоддзі агнёў купалля,
Чырванакрылых, не патушылі,
Дзе песню новую да небакраю
Нясе маладосць па шляхах вясновых
I плешча мора — вечна жывая,
Мая беларуская звонкая мова!

* * *
Mae землякі —
                людзі не гаваркія.
Здаўна пра ix кажуць:
                на словы скупыя.
Ды мне яны
                шмат пра сябе гавораць
Сваімі жытамі,
                якім не ўстаіцца ніяк ля небасхілаў Асінава
                (каласоў шматгаловае веча!);
Волатамі-стагамі,
                што да вясны наваколле духмяняць
                (сабралі ў ix косы ўвесь луг казяльцовы!):
Слуцкімі бэрамі срэбралістымі,
                дзе сонца збірае мёд
                у пладоў яснабокіх скарбонкі;
Дамамі з узорнымі ліштвамі,
                дзе, вылецеўшы з-пад разца гаспадара,
                паселі навечна — дзюба да дзюбы —
                галубоў неразлучныя пары.
Расказваюць мне землякі
                пра сябе красамоўна
Вяргінямі ды півонямі,
                што ўсё лета гараць пад вакном
                на высокіх сцяблінах (што паходні!);
Ахапкамі маю,
                якім харошаць на свята ганкі i вуліцы
                (пахне ўся вёска тады бярозкамі ды аерам).
Пра сябе землякі
                мне вельмі шмат гавораць
Нават тады, як маўчаць,
Ідучы, прыгорбіўшы плечы,
За труною свайго вяскоўца,
З якім увесь век аралі i сеялі,
Гулялі ўлазіны i вяселлі,
Спявалі i плакалі...

Маім землякам
Пеў ранак.
                Ліп прывулічных сям'я
Паціху ліст пад ногі церушыла.
Птах пакідаў гняздо.
                Быў гэтым птахам я.
Пара, пара:
                цягнулі ў вырай крылы!
Былі са мной
                усе мае гады,
Якія тут, па ржэўніку ды стружках,
Прабеглі па чарзе
                i назаўжды
Застылі ў сцежках,
                нібы ў кінастужках.
Крані —
                i загайдаюцца ў двары
Арэлі ў памяці, як на экране,
Ад нашых пятак
                жарабкі з гары
Рвануцца —
                не ўтрымаеш на аркане...