Дарога ў сто год [Кастусь Цвірка] (fb2) читать онлайн

- Дарога ў сто год 370 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Кастусь Цвірка

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Кастусь Цвірка
Даpoга ў сто год

Нарыс

ЛЯ ВЫТОКАЎ


Песня рэек. Партфель i дубец. Паветра Зялёнай Дубровы. Артобус сярод жыта. Слабада — прозвішча сакратара райкома. Што чытаюць вясковыя дзяўчаты? Мова зямлі. Смольгава ці Смольгаў? Эх, Дарожка!


Грукочуць, татахкаюць па рэйках колы цягніка. Проста на яго з ранішняга паўзмроку нібы хтосьці адзін за адным кідае — але ўсё міма, міма! — чорныя, мокрыя яшчэ ад расы, тэлеграфныя слупы. Белая грамадка маладых бяроз, што, застылая, драмала ўперадзе, сярод поля, параўняўшыся з цягніком, схамянулася раптам, закружылася ў вясёлым карагодзе.

Рытм імклівай язды адразу завалодаў мною. Усе клопаты, усе мае штодзённыя непаладкі — цяпер ззаду. Яны ўжо мяне не дагоняць! Цэлы месяц — як здорава! — буду я ў дарозе.

Гэта — маё першае вялікае падарожжа. Мяне, аспіранта Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі i фальклору АН БССР, уключылі ў склад этнаграфічнай экспедыцыі 1970 года. Маршрут — індывідуальны. Я павінен прайсці тымі сцежкамі, якімі болей чым сто гадоў назад хадзіў Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч).

Чаму якраз Сыракомля? Таму, па-першае, што ён наш зямляк, што ён апяваў у сваёй паэзіі Беларусь, яе разлогі i пушчы, расказваў пра долю беларускага мужыка. Таму, што ў жыцці i творчасці гэтага выдатнага наэта XIX стагоддзя, якога высока цапіў М. Горкі i на творы якога пісаў музыку Чайкоўскі, шмат яшчэ няяснага, нявысветленага. Таму, урэшце, што яго творчасць, яго праца як краязнаўцы i этнографа Беларусі — тэма майго даследавання.

Пра Уладзіслава Сыракомлю беларускі чытач, трэба сказаць, ведае няшмат. Чатыры гады назад у нас выйшаў толькі тоненькі томік яго выбраных твораў, польскіх, у неракладзе на беларускую мову, i беларускіх, якія захаваліся. A напісана ж ім вельмі многа. Яшчэ ў 1872 годзе, у дзесятую гадавіну смерці паэта, у Варшаве было выдадзена дзесяць тамоў адной толькі яго паэзіі. Акрамя таго, у Сыракомлі было яшчэ нямала празаічных твораў, навуковых прац, артыкулаў. I асноўнае месца ў гэтай вялікай спадчыне займаюць творы на беларускім матэрыяле...

Цягнік бяжыць на поўдзень ад Мінска. Недзе там, як сведчаць дакументы, у былым Бабруйскім павеце,— месца нараджэння Уладзіслава Сыракомлі. З яго, з гэтага месца, i начну я сваё падарожжа, каб потым — крок за крокам — прайсці ўвесь шлях паэта. У дарогу я прыхапіў у Ленінскай бібліятэцы яго кнігу, выдадзеную ў 1854 годзе, «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах». На першай старонцы — яго партрэт: хударлявы, прадаўгаваты твар, добрыя, спакойныя вочы. Што ж, дарагі Сыракомля, павандруем разам — ужо ў новым веку — на тваіх некалі ваколіцах.

Перш за ўсё нам трэба, як ужо гаварылася, адшукаць — i не на паперы, а на самай зямлі — месца твайго нараджэння. Яшчэ ў 1850 годзе ты пісаў у сваёй аўтабіяграфіі: «Нарадзіўся я 29 верасня 1823 года на балоцістым Палессі, у вёсцы Смольгаў». У дзесятым томе «Геаграфічнага слоўніка Польскага каралеўства i іншых славянскіх зямель» за 1889 год пра Смольгаў сказана так: «Фальварак у заходняй частцы Бабруйскага павета, на паграніччы ca Слуцкім паветам... пры дарозе з мястэчка Пагост да вёскі Таль». I далей гаворыцца пра тое, што тут нарадзіўся вядомы польскі паэт Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч). I Пагост, i Таль я знайшоў на сваёй карце. Гэта — у Любанскім раёне.

Ці ёсць цяпер што на месцы таго фальварка? Што з сябе ўяўляе? Вядома, пра паэта там ніхто нічога не раскажа. Як не раскажуць пра яго i ў іншых «яго ваколіцах», куды я паеду. Але ўсё роўна знайсці тое месца, пабываць там трэба. I не толькі дзеля таго, каб удакладпіць факт яго біяграфіі, а яшчэ дзеля таго, каб пахадзіць па тых сцежках, якімі хадзіў паэт. падыхаць паветрам, якім ён дыхаў, паслухаць гаворку, якую ён слухаў, прыказкі, паданні... Нехта добра сказаў: каб лепш зразумець паэта, трэба пабываць на яго радзіме.

За Асіповічамі ад маладых «маслячковых» хвойнікаў, што прабягалі за акном вагона, дыхнула на мяне раптам родным светам маленства: гэта ж за імі, тымі іглістымі хвойкамі, хутка, праз колькі перагонаў, пакажуцца знаемыя хаты станцыі-раз'езда Фалічы, ад якой рукой падаць да маёй Зялёнай Дубровы. І я, убачыўшы гэтыя хаты, не мог, каб не сысці з цягніка, не заскочыць — хоць на гадзіну — у родную вёску. Да сваёй маці. Тым больш, што гэта была, па сутнасці, ужо не толькі мая радзіма, a i Сыракомлева, яго «ваколіцы»: мы ж, калі раздумаць, абодва «случчакі», абодва з таго краю, які некалі называўся Слуцкім княствам (удзел старажытнага роду Алелькавічаў) i які нават цяпер яшчэ, па традыцыі, посіць абагуленае імя — Случчына.

Заехаў дадому, а там якраз — чарга адпасваць каровы. Цяпер, калі нічога не скошана i не зжата, адной мацеры пасвіць — па лесе — не вельмі лёгкая работа. Так што — прабач, Сыракомля,— давялося паставіць за шафу свой вучоны партфель, надзець дапатопныя штаны i ўзяць у рукі дубец.

Па праўдзе кажучы, я i тут не разлучаўся з Сыракомлем: мы ўжо добра падружыліся з ім, сталі як пабрацімы.

Досвітак быў дзіўна спакойны. Ад ночы, якая толькі што прайшла па зямлі, аставаўся яшчэ шэры прыцемак, здаровы летні халадок, што звычайна бывае перад гарачым днём, ды нерухомыя кроплі расы на драсёне i лопуху — імі густа зараслі вадасцёкавыя канаўкі паўз платы. Клікаць: «Каровы выганяйце!» — ці, тым больш, трубіць у прасмолены берасцяны рог, які запомніўся мне з маленства i якога ўжо, напэўна, не знайшоў бы i ca свечкай ні ў чыіх сенцах, патрэбы якраз не было. Калі я пайшоў на сярэдзіну вёскі «займаць», каровы ўжо стаялі каля двароў, абціраючы галовамі належаныя за ноч бакі, сонна дажоўваючы сваю жвачку. На выгане, ужо сабраныя ў статак, яны адразу прыпалі да густой нізкарослай муравы.

Міла i хораша было мне слухаць ізноў, праз многа — аж страшна лічыць — год, як дружна грызуць яны ядкую траву, пакідаючы пасля сябе роўныя цемнаватыя дарожкі на белай расе. Быццам i не было горада, не было яго мітусяніны i таўхатні, яго грукату i шалёнага рытму. Жыццё нібы спынілася. А правільней — яно ішло, як i заўсёды, сваім адвечным, натуральным, нічым не прыспешаным ходам. Я неяк адразу настроіўся на гэты яго ход. Усе мае важныя праблемы, усе неадчэпныя думкі, якімі заўсёды была поўна галава, здаліся тут дробязнымі, не вартымі ўвагі. Яны бляднелі, адыходзілі недзе на задні план на фоне гэтай вось ціхай першароднай раніцы, гэтага чыстага — без хмурынкі — неба, бялявай зары, якая, яснеючы, роўна разлівалася над зямлёй, будзячы па алешніках i асацэ балоцін — птушыныя спевы i крыкі.

Я — дома. Тут — маё карэнне, пачатак мяне самога, мой працяг. Тут жылі мае дзяды, тут пасвіў, касіў, вяршыў стагі, спускаў бярозавы сок, араў, сеяў, баранаваў, звозіў снапы, малаціў мой бацька. Я першы кінуў адвечны хлебаробскі занятак маіх продкаў. Яны прыходзілі i адыходзілі, перадаючы — з рук у рукі — сваім наступнікам стары, але лёгкі i ходкі плуг з люстэркам лемяха; да паловы зрэзаную i ўсё яшчэ вострую, як брытва, касу з выгладжаным да бляску касільнам; берасцяную каробку-сяўню ды цупкі малацьбітны цэп. Усе мае папярэднікі — о, як мала я ведаю пра ix! — бралі гэта ў спадчыну як самы дарагі скарб. Я першы не ўзяў. Я разарваў доўгі спрадвечны ланцуг хлебаробскага племя...

Слухаючы музыку бацькоўскай зямлі, я пачынаю лепш разумець i Сыракомлю — у яго ж была душа селяніна. Калі лёс вымусіў паэта пакінуць родныя палеткі, ён адчуваў сябе як рыба, выкінутая з вады. У адным са сваіх апошніх вершаў вясковы лірнік параўноўваў сябе з салоўкам, які апынуўся «за кратамі з дроту».

Мы прыгналі каровы, калі ўжо добра ўгрэла i скаціне нельга было абараніцца ад заедзі. Я скінуў размяклыя ад расы туфлі, пацяжэлыя штаны і, адпачыўшы ў халадку, палез у шафу — па маю дарожную вопратку.

У канцы вёскі я сеў у аўтобус з непрывычным маршрутам Старыя Дарогі — Зялёная Дуброва. Раней, каб дабрацца да горада, зялёнадуброўцы хадзілі за шэсць кіламетраў у Фалічы — на цягнік. Сёлета — па выхадных — пусцілі аўтобус.

У Старых Дарогах — ранічкай — я сеў на цягнік Мінск-Слуцк, даехаў да Урэчча, там перасеў на любанскі аўтобус.

Дарога ішла якраз праз вёску Таль, якую ўпамінаў «Геаграфічпы слоўнік». Гэта ўжо не вёска, а вялікае сяло, з некалькімі аўтобуснымі прыпынкамі. За сялом паабапал дарогі калыхалася жыта, густое, з цяжкімі каласамі. У ім танулі ўдалечыні калгасныя дамы пад шыферам. Гэта ж недзе тут i павінна быць вёска Смольгаў. Ці астаўся ад яе — амаль праз 150 год — які след? У чырванашчокага дзядзькі, які падсеў на прыпынку ў Талі, з заміраннем у сэрцы пытаюся, ці не ведае ён, дзе тут вёска Смольгаў.

— Смольгава? — адказаў дзядзька.— Ёсць такая. Вунь туды, кіламетры два адгэтуль, к Пагосту.

Я памкнуўся быў спыніць аўтобус, каб вылезці. Але тут жa раздумаў: чаго спяшацца. Смольгаў ж а цяпер ад мяне нікуды не ўцячэ. Паеду спачатку ў Любань, знайду там фатографа, магчыма,— i машыну.

На аўтобуснай станцыі людна, мітусліва. Людзі снуюць туды-сюды бесперапынна. Усе заняты сваімі клопатамі, сваімі клумкамі i чамаданамі. Цябе ніхто i не заўважае. Можаш так вось стаяць на адным месцы дзень, i гэта нікому не кінецца ў вочы. I я нейкі момант стаю, слухаю людскую гаману. Але ж трэба ісці. Толькі куды? У рэдакцыю газеты? У райвыканком? Райком? Ці не здасца там дробязнай, не вартай увагі мая справа?

Зялёная, падобная на вясковую, вуліца завяла ў цэнтр. У раённым гарадку ў цэнтры звычайна сабрана ўсё: райком партыі, райком камсамола, райвыканком, рэдакцыя раённай газеты, РДК, гасцініца, рэстаран або чайная, раймаг, харчовы магазін. На вочы трапілася шыльда: «Любанскі раённы камітэт КПБ». Чаму б не зайсці сюды? Падымаюся адразу на другі наверх. Стукаюся ў дзверы да загадчыка аддзела прапаганды i агітацыі. Павітаўшыся, гавару пра мэту маёй паездкі.

— Гэта цікава,— падымаецца з-за стала загадчык, Сцяпан Іванавіч Ісайка.— Мы якраз ствараем музей. Можна будзе зрабіць стэнд пра Сыракомлю — усё ж такі зямляк. Зайдзіце, калі ласка, да першага сакратара. Я таксама зараз падыду. Памяркуем.

Да сакратара, ды яшчэ першага, сам я ісці не адважыўся б. Я ведаю, як загружаны першы сакратар райкома партыі. Але раз прапанавалі — трэба зайсці.

У прыёмнай пытаюся, ці можна.

— Калі ласка,— адказвае мне дзяўчына-сакратарка.

— А там ёсць хто?

— Ёсць людзі.

Гэта трошкі здзівіла. Я думаў, што, каб папасці да такога начальства, трэба мала ці многа, a пацерці крэслы прыёмнай. А тут — заходзь, калі ласка. На дзвярах пад шклом — шыльдачка «Слабада А. I.». Гэта — прозвішча першага сакратара. Цягну на сябе ручку дзвярэй.

— Можна?

Каля стала стаяць, схіліўшыся, трое. Штосьці абмяркоўваюць: на тварах відаць заклапочанасць. На мяне ніхто не звярнуў асаблівай увагі: заходзь, калі хочаш. Гэта неяк адразу заспакоіла, зняло напружанасць. Падышоў да стала, даў «добры дзень». Сакратар (ён стаяў за сталом) кіўком галавы паказаў на крэсла — пачакаць.

Твар у сакратара адкрыты, просты. Бровы зведзены да пераносіцы: слухае, што даводзіць яму высокі, добра апрануты чалавек, i нешта абдумвае, паціраючы рукой лоб.

Я саджуся, прыслухоўваюся. Пастунова высвятляю, пра што тут гаворка. У адной школе раёна знялі з пасады дырэктара. Знялі таму, што не зжыўся з калектывам, супрацьпаставіў яму сябе, камандаваў, груба абыходзіўся з настаўнікамі. Пра гэта настаўнікі напісалі ў райком. Разбіраліся доўга, дэталёва, гутарылі з усім калектывам. I — знялі. Хоць па паспяховасці з прыходам гэтага дырэктара школа стала адной з лепшых у раёне, за што дырэктар не раз атрымліваў прэміі. Што ж, зазнаўся. А цяпер вось прыйшоў настаўнік школы, член партыі, i даказвае, што дырэктара знялі няправільна. Ён даўно ведае яго — гэта сумленны, прынцыповы камуніст, былы афіцэр Савецкай Арміі, паспяховасць узняў... Ну, строгі, дык нельга ж без строгасці...

Я разумею сакратара, тут ёсць над чым паморшчыць лоб: справа ідзе пра людскія душы.

— Што ж,— гаворыць урэшце ён, выпростваючыся,— прыйдзецца яшчэ раз вярнуцца да гэтага. Будзем разбірацца.

Канешне, тут адным махам не перасячэш вузел: яго трэба расплятаць.

Калі настаўпік выйшаў, сакратар павярпуўся да мяне.

Я растлумачыў, што ў мяне за справа.

— Усё ясна — пасадзейнічаем,— сказаў ён коратка і, усміхаючыся вачыма, працягнуў мне руку.— Трымайцеся яго,— кіўнуў ён на Сцяпана Іванавіча (загадчык аддзела прапаганды i агітацыі таксама быў ужо тут).

Я падзякаваў — усё, аказваецца, проста робіцца ў добрых людзей. Не ведаю чаму — мо таму, што мяне адразу зразумелі ў райкоме, але, зачыняючы дзверы з таблічкай «Слабада А. I.», я адчуў сябе як бы раскаваным, павесялеў. Пасля толькі падумалася, што Слабада Аляксандр Іванавіч да таго ж Герой Сацыялістычнай Працы.

I вось рэдакцыйны «газон» імчыць па дарозе з Любані. Ca мной — фатограф раённай газеты «Будаўнік камунізма» Сцяпан Рыгоравіч Дарожка, рухавы вясёлы чалавек, i яшчэ два хлопцы — варацілы раённай прэсы. Хлопцы ссадзілі нас па краі вёскі, a самі падаліся далей — на нейкі сход у глыбінны калгас.

Мы ідзём па Смольгаве. Акуратныя, зробленыя па-сучаснаму хаты, разгалістыя векавыя ліпы ля платоў, шырокая вуліца. У вёсцы, як я даведаўся, 60 двароў. Ёсць клуб, бібліятэка, васьмігадовая школа, фельчарска-акушэрскі пункт. Смольгаў — цэнтр калгаса «Ленінскі шлях». Веска ўваходзіць — да ведама біёграфаў Сыракомлі — у Юшкавіцкі сельсавет.

Пры вуліцы будынак з белай цэглы. Гэта праўленне калгаса. Зайшлі. За сталамі — пераважна дзяўчаты.

Пытаемся, як убачыць старшыню калгаса.

— А ён толькі што паехаў дадому, у Невалаж.

Невалаж — як бы працяг Смольгава. Зусім побач.

Ну што ж, завітаем.

Іван Яфімавіч Мурашка, малады, поўнага твару мужчына, быў без пінжака, у клятчатай сарочцы.

— Вы якраз у час, малайцы,— вітаючыся, сказаў ён з усмешкай.— Я толькі збіраўся снедаць.

Пасадзіўшы нас на крэслы, Іван Яфімавіч ускінуў на плечы пінжак, узяў у рукі сетачку.

— Пачакайце хвіліну — я зараз...

Праз «хвілінку» ён зноў затупаў на ганку, а яшчэ праз «хвілінку» на стале бліснула бутэлька «Расійскай».

За чаркай i добрай старшынёўскай скваркай выдатна гаварылася пра ўсё. Калгас, як высветлілася, не лепшы ў раёне, але i не ў хвасце — «з сярэдзінкі на палавінку». Мала моладзі. Усе бягуць у горад — там, бачыце, весялей. Але астаюцца i дома, асабліва ў апошні час. Калгас памалу набірае сілы i — хто ведае? — можа яшчэ пераходны сцяг атрымае...

За сталом сядзелі нядоўга (мы з Дарожкам выпілі — для прыліку — па чарцы, гаспадар яшчэ менш: «Не магу, хлопцы,— работа»). Івану Яфімавічу трэба было з'ездзіць у раён. Нам ён прапанаваў праехаць трохі па калгасе: якраз падкаціў да двара «газік».

Машына ішла паміж дзвюх сцен збажыны. Сапраўды, пахваліцца тут было чым. Густыя, як шчотка, ячмяні, цёмна-зялёнае, са схіленымі каласамі, жыта.

— Ураджайны сёлета год,— кажу я да старшыні.— Колькі так цэнтнераў тут будзе з гектара? Прыкладна.

— Чакаем — цэнтнераў дваццаць... А раней, гадоў некалькі назад,— было ўсяго шэсць.

— Дык добры скачок?

— Аміячная вада памагла...

Аміячная вада? Так я i паверу! Ці ж сама сабой вылілася гэтая аміячная вада на поле?

Пакалясіўшы па калгасе, мы з Дарожкам зайшлі ў смольгаўскую бібліятэку: цікава, што чытаюць на радзіме Уладзіслава Сыракомлі, які некалі, у вершы «Непісьменны», пісаў ад імя беларускага мужыка:

Я не зайздрошчу, крый мяне божа,

Нікому ў свеце, ніякай сіле;

Адно зайздросна мне толькі, можа,

Што вас, Панове, пісаць наўчылі.

Месцілася бібліятэка ў звычайнай хаце. У адной палавіне — стэлажы кніг, у другой абсталявана маленькая чытальная зала. У бібліятэцы, як расказала мне загадчыца Марыя Кузьмоўна Ермаліцкая,— 8 800 тамоў кніг, чытачоў на абанеменце — 386.

Што ж, дзіўнага тут для мяне нічога не было. Для Сыракомлі ж, канешне, які марыў аб асвеце народа, гэта была б вялікая i радасная навіна. У яго час прыгоннікі не толькі не заахвочвалі сялян да асветы, а, наадварот — забаранялі вучыцца. Больш таго, селяніна, які браў у рукі кнігу, абвяшчалі бунтаўшчыком, за гэта яго жорстка каралі. Адзін такі выпадак з болем у сэрцы апісаў Сыракомля ў сваім драматычным творы «Вясковыя палітыкі». Да пана суддзі (які, дарэчы, лічыўся яшчэ лібералам) прыйшоў аканом са скаргай на млынара Янку, быццам той бунтуе ўсю вёску. Што ж гэта быў за бунт? Аказваецца, млынар перастаў хадзіць у карчму, пачаў адгаворваць ад гэтага іншых сялян (а гэта ж удар па кішэні карчмара i гаспадара) i ў дадатак — чытае кніжкі! Паведамленне занепакоіла пана: «Калі хлоп паразумнее — тады ўжо вядома: не пойдзе на паншчыну... Чытанне!.. Хоча быць разумнейшы за мяне! Гвалт! Сканчэнне свету!» I ён загадвае пакараць селяніпа бізунамі, каб той больш не aдвaжвaўcя браць у рукі кніжку.

Так, гэта — гісторыя. Але ведаць яе, думаю, вельмі не шкодзіць. Дарэчы, у Любані я прачытаў машынапісную гісторыю Любанскага раёна. Мяне здзівіла адна рэч — гэтую гісторыю аўтары пачынаюць з 1917 года. Як быццам да гэтага не існавала Любаншчыны! Праўда, асобныя факты i лічбы дарэвалюцыйнага часу пададзены ў прадмове. Як жа можна зразумець значэнне Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, не ведаючы ўсёй папярэдняй гісторыі нашай краіны, у тым ліку Любаншчыны? Думаю, мы вельмі шмат трацім у нашай выхаваўчай рабоце, забываючы многія факты айчыннай гісторыі, не выкарыстоўваючы ix у нашай прапагандзе...

Але вернемся ў бібліятэку. Да стала падышла маладая дзяўчына з сімпатычнымі ямачкамі на шчоках — абмяняць кнігі.

— Ну, ну, што чытаюць смольгаўскія дзяўчаты? — як бы між іншым, пытаюся я, заглядваючы, якія кнігі запісвае бібліятэкарка.

— А вось паглядзіце,— працягвае Марыя Кузьмоўна картку.

Папытаўшы дазволу ў дзяўчыны, гартаю лісткі. «Вецер у соснах», «Основы земледелия», «Детская болезнь левизны в коммунизме» , «Руководство для растениеводства», «Основы политических знаний», Ясенін, «Математика», Бруна Ясенскі, Стэфан Цвэйг, Брэт Гарт, Пецёфі...

— Мяркуючы па кнігах, вы — студэнтка. Адгадаў?

— Не зусім,— смяецца дзяўчыпа.— Я працую ў калгасе. Вучуся завочна. У Горацкай акадэміі.

— I не сумна тут, у вёсцы?

— Наадварот, Смольгава мне падабаецца.

Дарэчы, чаму Смольгава? Я звярнуў увагу, што i ў раённай газеце так пішуць. Між тым, бібліёграфы Сыракомлі пісалі Смольгаў (i як варыянты — Smolków, Smołków). Як жа правільна? На вуліцы я прыпыніў старую жанчыну. Яна аказалася старажылам вёскі. Вольга Іванаўна Масальская. Ей, як яна сказала, пайшоў «восьмы дзесятак». На пытанне, як старыя завуць вёску, адказала так:

— Заўсёды называлі вёску толькі Смольгаў. Колькі я помню — Смольгаў i Смольгаў. Я не ведаю, чаму гэта цяпер так перакручваюць — Смольгава. Так — няправільна.

У яе голасе я адчуў незадаволенасць.

Значыць, гэта час змяніў, «абкатаў» назву. Так, як мора абкатвае камяні.

Але ці толькі час? Вельмі часта i ў нас саміх праяўляецца гэты неадольны сверб — мяняць, «прыхарошваць» геаграфічныя назвы. Пры гэтым мы забываем, што кожная пазва вёскі, горада, ракі, возера, нават малога ручая — гэта своеасаблівы гістарычны помнік. Многія з назваў узніклі вельмі даўно, яшчэ задоўга да ўзнікнення пісьма, i з'яўляюцца адзінымі моўнымі сведкамі далёкіх часоў. Аналізуючы ix, чытаючы гэтую «мову зямлі», вучоныя вельмі шмат могуць даведацца i расказаць нам пра далёкае мінулае нашай бацькаўшчыны, пра тое, якія народы засялялі яе ў самыя розныя эпохі, пра гаспадарку, заняткі, культуру, мову нашых далёкіх продкаў.

Археолагі ва ўсіх канцах свету перакопваюць сёння горы зямлі, каб адшукаць у яе глыбіні маленькі гліняны чарапок. Кожны такі чарапок старанна ачышчаюць ад пылу, фатаграфуюць, беражліва пераносяць у кабінеты вучоных, у музеі. Ён — дарагі сведка мінуўшчыны. Можа, гэта якраз той ключык, які адамкне дзверы ў непазнаны дагэтуль дзівосны свет.

Гэтакія ж сведкі далёкіх тысячагоддзяў i геаграфічныя імёны. I чым лепш яны захаваюцца, чым меней будуць зменены, «адшліфаваны», тым больш каштоўным матэрыялам будуць яны для навукі. Да таго ж, на ix адшуканне не трэба траціць столькі сродкаў, працы, колькі траціцца на археалагічныя раскопкі. Геаграфічныя імёны на паверхні. Ix трэба толькі зберагаць.

У Смольгаве ніхто, каго я ні пытаў, не адказаў мне, адкуль узялася назва вёскі. А яна ж пра нешта расказвае, гэтая назва. Расказвае кожны дзень, ужо не адно стагоддзе. А мы ўсё не разумеем. Можа яна расказвае пра тое, што калісьці, магчыма, некалькі вякоў назад, нехта тут смоль гнаў? Гэта толькі мае асабістае, неабгрунтаванае меркаванне. А знойдзецца ж даследчык, які, магчыма, дакажа гэта. I, даказаўшы, раскрые цэлую старонку ў жыцці народа, невядомую нам сёння.

Мы з Дарожкам абышлі ўсю вёску. Я папрасіў яго сфатаграфаваць агульны яе выгляд, але веска была такая раскіданая, што ніяк не ўлазіла ў аб'ектыў. Дарожка палічыў, што трэба зняць хоць вуліцу з асобнымі, вядома, лепшымі, дамамі, пераважна цаглянымі (там сапраўды ёсць такія). Але як ён ні прымяраўся, добрага краявіду не мог выбраць. Дарожка сігануў цераз плот, пачаў пстрыкаць фотаапаратам адтуль. Але яшчэ загвоздка — вуліца была бязлюдная, усе якраз у полі. Пустую вуліцу здымаць нецікава. Дарожка знайшоў трох хлапчукоў. Двух пасадзіў на лаўку, трэцяга паставіў перад імі: «Гавары ім што-небудзь ды руку выцягні ўперад». Хлопчык ненатуральна выцягнуў руку i так — у напружанні — трымаў яе, пакуль Дарожка не закончыў фатаграфаваць. Ужо калі я вярнуўся ў Мінск, ён прыслаў мне здымкі. Вось i той хлапчук, што трымае (i як яму не балела?) ненатуральна выцягнутую перад сабой руку. У пісьме Дарожка папісаў: «Мусіць, чаго нам хацелася, не дасягнулі».

Дарэчы, веска Смольгаў, як я даведаўся з кнігі С. Александровіча «Па слядах паэтычнай легенды», цікава яшчэ тым, што гэта ж тут, аказваецца, была тая жаданая «новая зямля», пра якую так марыў Miхал — бацька Якуба Коласа, прататып выдатнай паэмы. На гэтую зямлю, якую з такой цяжкасцю давялося купіць у Хадыкі («ядзяць ix мухі з камарамі!»), так i не перабралася сям'я Міхала, хоць Антось i прыязджаў яе засяваць. Яна назаўсёды засталася ў паэме як сімвал неажыццявімай пры панскім ладзе мары хлебароба аб вольным жыцці. Па сутнасці, у паэме Якуба Коласа «Новая зямля» ідзе гаворка пра зямлю, якую ў першай чвэрці мінулага стагоддзя арандаваў Аляксандр Кандратовіч i на якой нарадзіўся Сыракомля.

Таму, ходзячы па вуліцах i сцежках Смольгава, я з падвоенай увагай глядзеў на магутныя дрэвы прысадаў, на шырокія хвалі неспакойнага жытнёвага мора, што налівалася i спела пад шчодрым ліпеньскім сонцам, па чыстыя асфальтаваныя дарогі, па якіх няспынна спавалі машыны. Цяпер сапраўды гэта была — новая зямля.

СЛЯДАМІ ЛЕГЕНДЫ


З сівых вякоў. Адрас-Дзякавіцкія лясы. Літаратурная размова. Кніга пад назвай «Палессе». Была такая вёска. Буслянка на воданапорнай вежы. Усе ў Розе. Хмара над возерам. Парада ў старшыні калгаса. Валя i Лёня. Люсін Крым. Прабач, Князь-возера. Агонь i лёд. Партызанскі камісар. Пажар у вачах Хаўронні Іванаўны Хаміцэвіч. Драчова-Драчава. «Ну, та-ата!» Двойчы ўрочышча Хадыка. Сведка мінулага — лес.


Далей мой маршрут ішоў у глыбіню Палесся. Мне даўно рупіла пашукаць там невялікае лясное ўрочышча, якое дало назву аднаму з самых паэтычпых твораў Уладзіслава Сыракомлі, паэме — або, як сам аўтар называў яе, гавэндзе — «Хадыка». У прыпісцы да першай яе публікацыі ў 1848 годзе аўтар паведамляў, што заснаваны твор на народным паданні пра пасеку Хадыка, што на Палессі, у акружнасці Дзякавіцкіх лясоў.

Паэма «Хадыка» ў перакладзе Максіма Лужаніна друкавалася некалькі гадоў назад у «Полымі», потым яна ўвайшла ў кніжку перакладаў выбраных твораў Сыракомлі. Чытачы, напэўна, помняць яе сюжэт. У Слуцкім замку, дзе мясцовы ваявода правіў суд, з'явіўся раптам, расштурхваючы людзей, увесь аброслы, абшарпаны старац. Зняможаны i задыханы, ён упаў перад суддзёй. Аддыхаўшыся, загаварыў праз плач. Ён з Палесся, завуць — Хадыка. Быў асочнікам звяроў, меў у лесе хаціну. Аднойчы паклікаў яго ў двор пан лоўчы i паведаміў, што на паляванне прыбудзе сам Сапега вяльможны («гэта гетман літоўскі, не жарты, васпане»). Трэба асачыць мядзведзяў, абкружыць. «Будзь пільны i жвaвы,— наказваў лоўчы асочніку.— Каб пад кулю яму зверына выбягала...» Але Хадыка, атрымаўшы наперад грошы, загуляў. Калі ж спахапіўся, астаўся адзін дзень да прыезду гетмана, а мядзведзь, як на тое, сышоў з пушчы. I вось: «Трубіць гучна аблава, страляе, гукае»,— a мядзведзя няма. Так i паехаў ні з чым гетман, пры гэтым добра аблаяў лоўчага. Лоўчы сваю злосць рашыў спагнаць на асочніку. «Падхапілі мяне,— расказвае стары,— прывязалі да дрэва, лупцавалі гарапнікам з тоўстага дроту, падплываў я крывёю ад панскага гневу». Але не ca слабых духам быў Хадыка. «Меў за дзягай тапор і, хоць вельмі знясілеў, засвяціў між вачэй таму пану абухам». Вядома, што чакала ў той час селяніна, які адважыўся ўзняць руку на пана. Хадыка ўцёк у пушчу. Там, у непраходнай палескай глушы, зрабіў ён сабе ў дупле агромністага дуба бярлогу. У гэтай бярлозе, хаваючыся ад людскога вока, пражыў ён — не многа не мала — трыццаць гадоў. Уся асноўная частка паэмы — гэта паэтычны расказ пра жыццё Хадыкі сярод векавечных лясоў Палесся. Як здабываў ён там ежу; як навучыўся разумець прыроду — птушак, звяроў, дрэвы; як, злавіўшы ў лесе пчаліны рой, памалу развёў цэлую пасеку; як яна, гэтая пасека, праца з пчоламі, памагла яму выжыць у адзіноце столькі гадоў. Пад старасць, расказваецца ў паэме, не вытрымаў Хадыка. Надта ж захацелася яму пабачыць людзей, аблічча якіх пачаў ужо забываць.

«Усіх людзей схапіў бы я ў абдымкі»,— расказваў стары. I вось ён — у Слуцкім замку: судзіце... Заканчваецца паэма так:

Не ведаю, які быў дзень той судны,
Ды звапары са Слуцка мне казалі,
Што ў кляштары памер стары прыблудны,
Якога, быццам бы, Хадыкам звалі.
...A між бароў, сярод імшары дзікай,
Дасюль вядзецца пасека лясная,
Багата дзіў аб ёй апавядаюць
I называюць гэтак жа — X а д ы к а.
Прыгожая, чыста беларуская, з сівых вякоў легенда. Нечым падобная на паданне пра Машэку. Але ці існавала сапраўды такая легенда? Можа, гэта толькі прыгожая кветка паэтычнай фантазіі? Усё гэта трэба даказаць. А каб даказаць — неабходна пашукаць легенду. Праўда, з таго часу, як мог чуць яе Сыракомля, прайшло сама меней 122 гады. За гэты час не адно пакаленне людзей змянілася на той зямлі. Але ж народныя паданпі i легенды, як сцвярджаюць фалькларысты, жывуць доўга, яны пераходзяць з вуснаў у вусны, з пакалення ў пакаленне. Тым больш легенды тапапімічныя. Ba ўсякім разе, хай не сама легенда, то хоць бы назва ўрочышча, ды павінна ж захавацца, калі яно сапраўды існавала. Праўда, адшукаць нейкае маленькае ўрочышча, ды яшчэ ў глухіх бясконцых лясах, мусіць, нялёгкая задача. Нy, a ўсё ж? Адрас жа ў мяне ёсць — Дзякавіцкія лясы.

Дзякавічы я знайшоў на карце. Гэта веска ў Жыткавіцкім раёне. Каля самай большай ва ўсім Палессі блакітнай плямкі з надпісам «Чырвонае» — легендарнага Князь-возера, якое, дарэчы, таксама апісана ў паэме Сыракомлі.

Значыць, спачатку еду ў Дзякавічы. Тым больш, што недзе там, на Палессі, павінна быць i вёска Яскавічы, куды разам з сям'ёй, ва ўзросце, здаецца, аднаго года, пераехаў са Смольгава будучы паэт.

У пакоі адміністратара любанскай гасцініцы сядзелі тыя, каму не хапіла месца. Што ж, гэта не дзіўна: гасцініца ў Любані старэнькая, драўляная, на 24 ці 26 чалавек. Але ўсё ж я назваў бы яе гасцініцай у поўным сэнсе гэтага слова. Мне нямала даводзілася бываць у раённых i абласных гасцініцах. Як часта ўжо з парогa цябе сустракалі халодныя, нерухомыя, далека не гасцінныя вочы, якія самі гаварылі: «Месцаў няма». Да адміністратара з такімі вачыма не падыходзь: усе твае просьбы, усе твае довады адскокваюць ад яго, як ад сцяны гарох. Начуй хоць пад плотам — яго справа малая. Тут жа было інакш. Невысокая шчуплая жанчына, загадчыца, не засланялася ад мяне бранябойным шчытом з гэтых двух штампаваных слоў: «Месцаў няма». Яна толькі паморшчыла лоб. Памаўчаўшы з хвіліну, сказала: «Пакуль усе месцы занятыя. Прыйдзецца вам пачакаць — пад вечар нешта прыдумаем». I вось, чакаючы, што прыдумае нам загадчыца гасцініцы, сядзім: вельмі гаварлівая жанчына гадоў трыццаці з вялікім падбародкам — інспектар нейкай санстанцыі, мужчына ў замусоленай куртцы, «пад мухай», здаецца, шафёр; маладая дзяўчына з Далёкага Усходу — студэнтка дарожнага факультэта політэхнічнага інстытута (прыехала сюды на практыку — пракладваць дарогі); капітан міліцыі з Мінска; загадчыца гасцініцы i я — вось больш-менш пастаянны сёння «экіпаж» адміністратарскага пакоя. Гаворка ідзе на самыя розныя тэмы. Пра гасцінічныя справы, пра злачыннасць, санітарыю, пра тое, як кормяць у рэстаранах i сталовых, пра навуку i вучоных, нарэшце — пра літаратуру.

— Няма ў нас цяпер сапраўдных пісьменнікаў,— катэгарычна заяўляе шафёр.— Такіх, як Пушкін, Лермантаў.

— Як гэта няма? — падхопліваецца жанчына з санстанцыі.

— Ну, хто? Назавіце...

— Хаця б Шолахаў...

— Ну, дапусцім... Л яшчэ?..

— Юрый Герман...

— А Роберт Раждзественскі, Эдуард Асадаў? — падымае ад кніжкі вочы студэнтка з Далёкага Усходу.— Чым дрэнныя паэты?

Шафёр толькі ўсміхаецца: не пераканалі.

Я таксама ўмешваюся ў гаворку: мне здалося, што ў шафёра свой густ, свой падыход да літаратуры. Называючы асобных, найбольш выдатных, на маю думку, пісьменнікаў, стараюся давесці, што нашай — як усесаюзнай, так i беларускай — літаратуры ўсё ж ёсць чым ганарыцца.

Але шафёр стаіць на сваім:

— Усё гэта не тое...

Мы пачынаем падазраваць, што ён проста нічога не чытае, а спрачаецца толькі каб падражніць нас, i пераводзім гаворку на другую тэму.

Я больш слухаю. I то не з увагаю — пятае цераз дзесятае. Я жыву ўжо сваім далейшым падарожжам. Каб даведацца, як дабірацца ў Дзякавічы, іду па аўтастанцыю. У дыспетчарскай сказалі: трэба ехаць да вёскі Абоз. Аўтобус «Любань — Абоз» ідзе роўна ў 9 гадзін раніцы. Як ехаць далей — не ведаюць. Можа, спадарожнымі. Машыны там хадзіць павінны, бо ў Абозе, хоць вёска i Любанскага раёна,— Жыткавіцкі леспрамгас. Леспрамгас? А можа, гэта якраз тое, што мне трэба? Хто ж лепей ведае лес, як не работнікі лесу? Ну, што ж, астаецца толькі добра адпачыць перад дарогай.

Вечарам загадчыца гасцініцы ўсё-такі нас усіх парастасоўвала — каго ў нумар, каго на калідор, каго ўладкавала проста на прыватнай кватэры непадалёку. Нават вясковаму дзядзьку з малым хлопчыкам знайшлося месца па раскладушках на калідоры. Дзядзька быў вельмі давольны: раскладушкі — яму i сыну — паставілі побач, галава к галаве. Малы, зашыўшыся над коўдру з падбародкам, пасопваў посам каля самай бацькавай галавы.

Мне знайшоўся ложак у нумары. У пакоі — утульна, халадок. Стол засцелены чыстым беласнежным абрусам. На ім — графін з вадой, шклянка. У калідоры нехта пранёс транзістар. Я ўлавіў голас дыктара: «...У наступныя два дні тэмпература паветра будзе 24-27 градусаў цяпла, вецер умераны. На поўдні Беларусі — кароткатэрміновыя дажджы, часамі з навальніцамі...» Значыць, еду заўтра проста пад дождж...

Раніца была ясная, рэдзенькі туманок (ці мо дым?) слаўся, ужо асвечаны сонцам, па сіўцовых паплавах i канавах. З травы дарожнай абочыны — перад самым носам аўтобуса — узляталі павольныя вароны i чародкі шэрых маладых шпачкоў. Перада мной разгортвалася — старонка за старонкай — найцікавейшая жывая кніга, назва якой «Палессе». Толькі чытай. Праўда, з акна аўтобуса яе не прачытаеш. Гэта толькі перагортванне яе, разглядванне малюнкаў. Каб чытаць яе, трэба пачуць пад нагамі трывалую цвердзь дарогі, халадок травы...

Аўтобус прыпыніўся ў саўгасе «10 год БССР» — тым славутым саўгасе, пра які пісаў у паэме «Над ракой Арэсай» Янка Купала. Шафёр пабег у сталоўку — значыць, аўтобус пастаіць. Я выйшаў на вуліцу размяцца. Абапёрся рукамі на штыкетнік. Па двары тупаў пажылога веку дзядзька. Каля хлява ляжала куча граверу, знятыя з крукоў дзверы, у праёме відаць быў сталярны станок з дзвюх дошчак, стружкі. Дзядзька неўзабаве падышоў да мяне, таксама палажыў на штыкетнік локці. Разгаварыліся. Дзядзька робіць прыбудоўку да хаты, склеп. Але нестае лесу, цэменту... Мы не дагаварылі: да кабіны падышоў шафёр, адчыніў дзверцы. Я хацеў развітацца з дзядзькам, але ён таксама, накульгваючы на адну нагу, накіраваўся ca мной да аўтобуса.

— Дык вы таксама едзеце? I куды?

— Да Абоза.

— Раз так, то давайце, дзядзька, сядзем разам — i я ж да Абоза.

Мусіць, ужо мне трэба, падумаў я, дапытвацца пра тое, дзеля чаго еду. Гэта ж тут недзе пачынаюцца тыя лясы. Буду распытваць усіх, з кім толькі давядзецца загаварыць. Пачну якраз з гэтага дзядзькі. Хай, можа, ён не ведае пра нейкае там урочышча з назвай Хадыка, дык хоць параіць, дзе яго шукаць. Але дзядзька нечакана адказаў:

— Хадыка? Ведаю — была такая веска...

— Як? Веска? I — была?

— ...Яе спалілі немцы.

— Як спалілі? — усё яшчэ не разумею я.

— Як... Не ведаеш, як палілі немцы вёскі. Прыйшлі, сагналі ўсіх у адну хату — i спалілі. I людзей, i вёску.

— I веска называлася Хадыка?

— Хадыка.

Вось як, аказваецца, павярнулася справа з прыгожай, з сівых вякоў легендай. Трагедыя асочніка Хадыкі адступіла раптам недзе на задні план перад навейшай, непамерна большай трагедыяй — вёскі Хадыкі, трагедыяй, так знаёмай кожнаму беларусу.

— Скажыце, а як туды ехаць?

— Гэта — у Даманавіцкім сельсавеце... Лепш за ўсё вам вярнуцца назад, у «10 год БССР». Адтуль на Даманавічы ідзе аўтобус.

Аўтобус скакаў цяпер па тоўстых каранях, што перапляталі дарогу. Аб вокны шаргацелі калючыя сасновыя галіны, білі шышкамі. Усё ж у мяне было жаданне вылезці i пайсці назад, у «10 год БССР», каб хутчэй трапіць на месца тых дзвюх трагедый. Але чаму назад? У Сыракомлі ж ясна сказана: Хадыка — у акружнасці Дзякавіцкіх лясоў.

— Дзядзька, дык веска была не ў Дзякавіцкіх лясах?

— Не, у Даманавіцкіх.

Можа, гэта зусім не тое месца, якое я шукаю. Тым больш, што Хадыка, як сведчыць легенда, толькі невялічкая палянка ў лесе. Значыць, каб высветліць гэта, трэба ўсё ж з'ездзіць у Дзякавічы.

— A з Дзякавіч я дабяруся да Даманавіч?

— Не ведаю, аўтобусы там не ходзяць. Гэта — другая вобласць...

Усё ж я вырашыў канчаткова — паеду спачатку ў Дзякавічы. А там відаць будзе. Спяшацца тут няма чаго, час пакуль што ў мяне ёсць.

Мінулі лясную вёску Забярэзнік, i вось, нарэшце, канцавы пункт — Абоз, таксама сярод лесу. Веска Абоз разам з назвай узнікла нядаўна, пры Савецкай уладзе. Недалёка адсюль быў леспрамгас у вёсцы Пасталы. На месцы ж цяперашняй вёскі Абоз раней была стаянка коней, якімі тралявалі да Пасталоў лес, іншымі словамі — тут быў абоз. Ён i даў назву вёсцы, якая наўзабаве тут утварылася. Да гэтага ж тут, на лясной палянцы, быў хутар, у ім жыў нейкі Жыцька, якому (гэта было яшчэ да рэвалюцыі) пан за добрую службу даў тры гектары зямлі з лесам: карчуй i жыві сабе. Жыцька абжыўся тут.

Пра ўсё гэта мне расказаў той жа дзядзька, з якім я ехаў i які разам ca мною сышоў у Абозе. Дабіраўся ён да свайго брата, лесніка, які жыве ў вёсцы Буда — два кіламетры ад Абоза (ці не расстарацца лесу?). Каб трапіць у Дзякавічы, мне таксама трэба было ісці да Буды — адтуль могуць быць машыны. Ды, кажуць, i аўтобус раз у суткі ідзе на Жыткавічы. Нам ізноў было па дарозе. Але, перш чым ісці ў Буду, я з дзядзькам зайшоў у кантору леспрамгаса— можа, туды, у Жыткавічы, ідзе якая машына. Але ў канторы толькі сядзела за лічыльнікамі жанчына. Hi начальства, ні машын цяпер тут не было — усе ў лесе. Можа, гэта i лепей — пойдзем да Буды пеша.

Ішлі вузенькай, але добра ўбітай лясной сцежкай. Паабапал віліся, у тым жа кірунку, другія сцежкі — каровіныя. На купінах ля самых ног ciнeлі на зялёных галіначках ягадніку спелыя чарніцы — толькі нагінайся ды кладзі ў рот. I я з асалодай смакаваў халаднаватыя ягады. Дзядзька ж на ix i не глядзеў — тут гэта, відаць, не навіна.

— Што ў вас з нагой, дзядзька?

Я папытаў i з няўпэўненасцю паглядзеў на яго: можа, пытанне нетактоўнае? Але дзядзька, памаўчаўшы, адказаў як бы з неахвотай:

— Параніла.

Мусіць, бачачы, што я не задаволіўся адказам, дадаў:

— Гэта яшчэ ў дзевятнаццатым годзе. Я служыў тады ў чэка, у Ленінградзе.

Я папрасіў дзядзьку расказаць, пры якіх усё ж абставінах яго параніла.

— Пры звычайных абставінах,— сказаў дзядзька...

Ix, дзесяць маладых байцоў-чэкістаў, паслалі ў вёску — там засела група белабандытаў, афіцэраў. Прыехалі туды ноччу. Афіцэры адбіваліся гранатамi — вінтовак у ix не было. Падаспела якраз на машыне другая група чэкістаў — падмога. У гэтым баі яго i параніла. Афіцэраў тады палавілі i, дапытаўшы, парасстрэльвалі. Дзядзька расказаў яшчэ, як тады было цяжка. Галадалі — хлеба не было. Пяклі хлеб з аўса: як ясі — ажно колюцца асцюкі. Да таго ж, быў ён цвёрды i гарэніў... Калі ён прыслаў такога хлеба дадому i там кінулі яго сабаку, то i сабака не ўзяў: панюхаў, панюхаў i адышоў.

За лесам адразу расло жыта, трохі далей відаць былі стрэхі хат. У вочы кінулася воданапорная вежа з буслянкай наверсе. На ёй стаяў бусел ці, відаць, бусліха, парадкуючы нешта сваёй доўгай дзюбай у гняздзе. Я пашкадаваў, што ўсё яшчэ не абзавёўся фотаапаратам. Можна было б зрабіць цікавую кампазіцыю пад назвай «Палескі пейзаж».

У вёсцы — ніякага руху, толькі куры грабуцца ў пяску каля платоў. Усе, вядома, на працы, на сене. Адны дзеці відны дзе-нідзе ў акне замкнёнай хаты. Але вунь i дарослы чалавек на лавачцы. Падыходзім да яго з дзядзькам.

— Скажыце, калі ласка, як заехаць у Дзякавічы?

— А я таксама туды,— адказаў малады чалавек. Каля яго стаяла чорная напакаваная сумка з замком «маланка».— I таксама не ведаю, як заехаць. Аўтобус на Жыткавічы будзе толькі вечарам. I ідзе ён не праз Дзякавічы, а бокам. Так што трэба чакаць якой машыны.

— Ну, што ж, пачакаем, удваіх весялей,— сказаў я і, падзякаваўшы дзядзьку за тое, што правёў мяне ў Буду, прысеў на лаўку.

Малады чалавек быў таксама з Мінска, з Міністэрства меліярацыі i воднай гаспадаркі. Едзе ў камандзіроўку ў Дзякавічы. Там яго павінны чакаць таварышы — яны ў Дзякавічах ужо даўно. Даследуюць мясцовасць, вымяраюць паверхню перад асушкай балот.

Чакаць, на наша прыемнае здзіўленне, давялося няшмат. На вуліцы паказалася машына, крытая. Галаснулі. Машына спынілася, i шафёр сказаў, што едзе ў Дзякавічы. Лепей i не прыдумаеш.

Мінут сорак гоцання па каранях дрэў i дарожных выбоінах — i мы ў Дзякавічах. Вёска вялікая — мы даволі доўга яшчэ ехалі вуліцай. Праз акенца відаць былі хаты, правільней — сцены хат. На кожнай сцяне — пасярэдзіне — прыбіты дошчачкі. На адной сцяне — дошчачка з надпісам (мусіць, вугалем) «вядро», па другой — «лапата», на трэцяй — «багор». Перад вачыма так i мільгацелі: «вядро» — «лапата» — «багор», «вядро» — «лапата» — «багор», «вядро» — «лапата» — «багор»...

Машына — гэта была «тэхпомач» — высадзіла нас у цэнтры сяла. Тут, на прасторным двары-стадыёне,— двухпавярховы драўляны будынак Дома культуры, у якім таксама праўленне калгаса «Кастрычнік», Дзякавіцкая сельская бібліятэка. Побач з Домам культуры — невялікі дамок: «Выканаўчы камітэт Дзякавіцкага сельскага Савета Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці». За вуліцай, насупроць,— магазін.

Мой спадарожнік пайшоў шукаць сваіх, я ж накіраваўся ў праўленне калгаса. У канторы за сталамі — дзве зусім маладзенькія дзяўчыны i пажылая жанчына. На пытанне, як мне пабачыць старшыню калгаса, адказалі амаль хорам:

— Паехаў у Рог.

— Рог?

— Гэта так называюць урочышча нашы сенакосы.

— А сакратар партарганізацыі?

— I ён там.

— Ну, а камсорг?

— Усе сёння ў Розе. Ужо тыдзень, як туды паехалі касцы. Сёння павінны кончыць касіць. Прыедуць вечарам, а можа, уночы.

Я — цераз двор — накіраваўся ў сельсавет: трэба ж забяспечыць сабе начлег.

Тузануў дзверы з шыльдачкай «Старшыня» — зачынены.

— Старшыня сельсавета тут,— наказала жанчына на дзверы, з якіх выйшла.

Папрасіўшы дазволу, увайшоў у пакой. Там за сталом сядзела толькі маладзенькая дзяўчына. Пажартавалі ca мной, ці што?

— Я хачу ўбачыць старшыню сельсавета...

— Я — старшыня,— адказала нечакана дзяўчына.

Пазнаёміліся. Зваць яе — Лідзія Ігнатаўна Чаркас. Неўзабаве ў пакой зайшла зноў такая ж маладая дзяўчына (ці мо я ўжо так пастарэў, што ўсе здаюцца маладымі?). Гэта новы завуч школы — толькі што скончыла Мазырскі педінстытут.

— Значыць, тут дзяўчаты ўзялі ўсю ўладу ў свае рукі? — пажартаваў я.

— Выходзіць, так,— смяецца Ліда Чаркас.— Тут нас многа.

Пасядзеўшы ў сельсавеце, выйшаў на вуліцу: усё роўна з начлегам цяпер нічога не атрымаецца — усе на сене. «Падыдзіце вечарам — нешта знойдзем»,— сказала старшыня сельсавета.

На адным двары я ўбачыў старую жанчыну i дзядка з рэдзенькай белай бародкай. Я папытаў у ix, ці ведаюць яны такое ўрочышча — Хадыка.

Дзядок пачухаў галаву.

— У нас тут няма такога...

— А я недзе чула,— сказала жанчына.— Па-мойму, гэта сяло... Туды — за Пісаравічы...

Я пытаў пра Хадыку i ў іншых людзей. Усе ў адзін голас адказалі мне, што паблізу Дзякавіч урочышча пад назвай Хадыка няма. Значыць, веска Хадыка, якую спалілі немцы, якраз i ёсць тое месца, пра якое пісаў Сыракомля, i затрымлівацца тут няма сэнсу. Пераначую i — на Даманавічы. Толькі як мне туды дабрацца? Аўтобусы ж у той бок не ходзяць. Надзея толькі на старшыню калгаса — калі не сёння, то заўтра раніцай ён, як мяне запэўнілі, павінен вярнуцца з Рога.

Да вечара было далекавата. Можна яшчэ схадзіць па Князь-возера — я даўно марыў пабачыць яго, самае вялікае возера Палесся, пра якое складзена столькі легенд. Да яго ад Дзякавіч, як мне сказалі, кіламетры тры.

Дарога ішла полем — на ім цвіла бульба, далей калыхалася жыта. За полем, удалечыні, сінеў лес. Сонца ішло ўжо да захаду, хоць было яшчэ высока i добра прыпякала. На паўдарозе мяне заманіў пад свой цень шырокі дуб. Тут я як знайшоў той брусок сала з хлебам, што — на ўсякі выпадак — загарнуў дома ў газету.

Паляжаўшы ў траве, рушыў далей.

Але нечакана пачуў збоку вуркатанне — мо самалёт? Паглядзеў — аж на неба, пачынаючы ад жыта, якое чамусьці пабялела, насоўвалася цёмна-сіняя, без прасветлінкі, хмара. Па ёй паласнула маланка.

Не ведаю, як каго, а мяне навальніца заўсёды неяк узрушае. Я не раз, асабліва ў дзяцінстве, трапляў пад яе разгул. Льюць, лупцуюць па спіне, па твары, па галаве халодныя вадзяныя пугі, недзе зусім побач б'юць — аж закладае ў вушах — грамавыя гаўбіцы. Здаецца, вось-вось расколецца напалам зямля. Але ты, не эважаючы нi на што, смела ідзеш, мокры з галавы да пят, i на ўсе грудзі гарланіш, стараючыся перакрычаць навальніцу, дзёрзкую вясёлую песню, песню радасці — ад таго, мусіць, што вось спусцілі на цябе ўсё неба, усю яго ваду i агонь, цаляючы ў цябе, бухаючы з усіх гарматных ствалоў, а ты ўсё яшчэ жывы, i ніякі чорт цябе не бярэ!

А што, калі i цяпер, забыўшыся на ўсё, пайсці пад грымоты навальніцы? Сустрэць яе на самым беразе Князь-возера, каб яшчэ раз адчуць туюшалёную радасць найцяснейшага збліжэння з прыродай? Я нават прайшоў колькі крокаў далей, да возера, але хутка халодная развага ўзяла верх над гарачым парывам. Я змокну, а дзе сушыцца? Не, мусіць, такая рамантыка не для мяне.

Пакуль я ішоў назад, у Дзякавічы, хмара распаўзлася на асобныя шматкі, схавалася за даляглядам. Яна толькі сыпанула на дарогу рэдкімі кроплямі, нават не прыбіўшы пыл. Ну, што ж, усё правільна: з вялікага грому — малы дождж.

Ужо вечарэла, i мы з Лідай Чаркас пайшлі шукаць кватэру. Стукнулі ў адну хату — замок, у другую — таксама: усе яшчэ на рабоце. Цераз зялёны лужок з гусінымі лужынамі падышлі да трэцяй хаты.

— Валя! — гукнула Ліда ў вароты.

Валя — сімпатычная танклявая дзяўчына, здаецца, крыху маладзейшая за Ліду — выйшла з варот. Ліда растлумачыла, чаго мы прыйшлі.

— Пераначаваць? Чаму ж не — можна. Заходзьце.

— Ну, вось i добра,— сказала з палёгкай Ліда,— У ix месца досыць — жывуць удваіх з мужам. Яго пакуль няма дома, але нічога — ён не раўнівы,— усміхнулася дзяўчына.

Валя мяне ўжо бачыла, калі я заходзіў у праўленне калгаса. Яна — загадчыца бібліятэкі. Сядзіць там, на галубятні, ca сваімі кнігамі.

Зайшлі ў хату. Валя пасадзіла мяне на канапу, дала з этажэркі стос «Раман-газеты», часопісы.

— Вы тут пасядзіце, а я згатую што-небудзь паесці.

Пры гэтым яна ўсміхнулася. Наогул, Валя вельмі вясёлая. Што б ні сказала, ніколі не забудзе ўсміхнуцца. Гэтак міла, непасрэдна.

Варачы на керагазе бульбу, яна заглядвала з кухні да мяне («Вы тут не сумуеце?»), прысаджвалася на канапу i ўсё расказвала — пра сваю работу, пра сваё, новае для яе, сямейнае жыццё.

— А будуць дзеці — яшчэ весялей стане,— устауляю я слова.

— Ага, будуць,— падхапіла яна i засмяялася.

Я зразумеў яе.

— A ў вас дзеці ёсць? — панытала яна.

— Ёсць таксама,— адказаў я. У мяне гэтае «таксама» вырвалася міжволі. I, можа, недарэчы? Я паглядзеў на Валю. Але яна не звярнула на гэта ніякай увагі: значыць, усё правільна!

У хату заскочыла, кусаючы агурок, кірнаносая рыжуха гадоў пятнаццаці. За ёю хавалася, выціраючы брудным рукавом пад носам, малое хлапчанё — з гэтакай самай рыжай галавой. Гэта, сказала Валя, сястра i брат Лёні — яе мужа. Хата яго бацькоў пoбач — за агародам. Маладажонам гэта вельмі дарэчы: у ix з бацькамі пакуль што ўсё агульнае — i малако, i скварка... Цераз бульбу ідзе сцежка, якая злучае новую сям'ю са старой. Але ў маладажонаў ужо ёсць свае планы, як стаць на ногі. Яны збіраюць памалу грошы на свой дом (гэтая хата — не ix, яны яе наймаюць). А сабраць можна: абое ж кожны месяц нешта прыносяць у хату: i яна, i Лёня, які робіць механікам у калгасе, у рамонтнай майстэрні...

Павячэраўшы, мы пайшлі да Дома культуры. Каля сельсавета курылі мужчыны. «Вярнуліся з Рога»,— сказала Валя. Я накіраваўся да праўлення калгаса. Мяне нагнаў невысокі малады мужчына. Гэта быў парторг. Яму ўжо расказалі пра мяне. Быццам прыехаў з Мінска карэспандэнт, па чыёйсьці скарзе. Я ўсміхнуўся — у мяне ўжо да гэтага пыталі: «Вы па пісьме прыехалі? Наскардзіўся хто?» Я заспакоіў парторга, што ніякай скаргі я не ведаю: проста заехаў у Дзякавічы пацікавіцца, як жывуць тут людзі, магчыма — напісаць пра гэта.

— Тады мо зойдзем у кабінет, пагаворым, што вас цікавіць,— прапапаваў ён.

— Ну, што ж, давайце зойдзем.

— Пятровіч! — гукнуў ён у той бок, дзе гаманілі мужчыны.

Да нас падышоў высокі, шыракаплечы мужчына-здаравяка. Гэта быў старшыня калгаса Кароткі.

— Ну, што ж, зойдзем пагаворым,— сказаў ён, кaлi мы пазнаёміліся, i, бразнуўшы ў кішэні ключамі, накіраваўся да Дома культуры.

Адчыніў дзверы кабінета, сеў за свой стол, сабраў паперкі, што ляжалі пасярод стала, i стосікам палажыў збоку.

— Я гатоў. Чым магу служыць?

Я паўтарыў тое, што казаў парторгу, i дадаў, што, вядома, мне цікава было б ведаць i пра калгас увогуле, пра гаспадарку...

— Ясна. Зараз паклічам брыгадзіраў — яны вам усё пабрыгадна выкладуць,— сказаў ён i гукнуў у акно.

Зайшлі брыгадзіры, селі з парторгам пры сцяпе, дзе стаяў рад крэслаў,— якраз насупроць мяне. Неўзабаве да ix далучылася i Валя Чаркас, старшыня сельсавета. Так што — хоць пачынай нараду калгаснага актыву: усе ў зборы. Ды гэта, мусіць, i была маленькая нарада, лятучка на тэму: «Як лепш расказаць мінскаму карэспандэнту пра калгас».

Старшыия сказаў, што хваліцца пакуль няма чым. Ён тут не вельмі даўно. Быў сакратаром райкома партыі, сюды накіравалі на ўмацаванне. Але падняць гаспадарку нялёгка. I асноўная прычына — гэта Князь-возера.

— Праз яго мы ніяк не можам дабіцца дазволу на асушку балот. Я быў у другіх калгасах, дзе ўсё асушана, дык гэта ж любата: возьмеш у рукі сена з тарфянікаў — ну што чай. Даць бы нам такое сена — было б зусім іначай. Мы дзержым жывёлу на адных дзікіх травах, на асацэ. Карова толькі з гора яе есць. А што значыць скасіць гэтую асаку, выцягнуць з балота — там жа вады па пояс. Во сёння прыехалі адтуль — два тыдні, не вылазячы, сядзелі ў балоце. Але зрухі ўсё ж у нас ёсць. Балота асушваць ужо дазволена. Праблему захавання возера вырашылі — вада ў яго будзе паступаць з каналаў праз трубы. Так што i балота будзе асушана, i возера астанецца. Гэта я ўнёс такую прапанову...

Потым старшыня «даў слова» аднаму з брыгадзіраў:

— Раскажы пра сваю брыгаду.

Брыгадзір расказаў, колькі гектараў трэба яму скасіць, колькі скошана, пачаў пералічваць лепшых касцоў, даводзіць, па колькі кожны з ix скошвае за дзень...

Вядома, я з цікавасцю слухаў расказ брыгадзіра Міхала Чаркаса, які быў да таго ж студэнтам-завочнікам Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Мне падабалася, з якой павагай гаварыў ён пра людзей сваёй брыгады, пра ix справы. Напрыклад, пра Мікалая Васільевіча Кудзельку, Уладзіміра Паўлавіча Жураўлевіча, Уладзіміра Змітравіча Весялова, якія скошваюць — па балоце ў Розе — па 45-50 сотак за дзень. Ды яшчэ такога сенакосу, як асака. Мне самому даводзілася не раз касіць дома асаку, на Ласінай Балоціне, i я добра ведаю, якая гэта работа. Мне, ды i здаравейшым за мяне i спрактыкаваным мужчынам, паколькі помніцца, ні разу не ўдавалася скошваць за дзепь болей за сорак сотак такой травы. Ад брыгадзіра я даведаўся таксама пра выдатнага трактарыста калгаса Міхала Мікалаевіча Рагалевіча, пра школьніцу Надзю Жураўлевіч, якая, памагаючы мадеры, стала ўзорнай даяркай... Вось бы пажыць тут, у Дзякавічах, сярод людзей, пазнаёміцца з імі. На жаль, мне трэба было ехаць далей — па сваім маршруце. Рабіць сваю справу.

На адыход старшыня сказаў мне, што машына будзе, мне трэба толькі падысці сюды заўтра раніцай, роўна ў сем.

Значыць, цяпер можна ісці спакойна спаць.

У хаце разам з Валяй была Лёнева маці. Сядзела на ложку, падпёршы далоняй шчаку. Думаць ёй, як высветлілася, было над чым. Дачка Люся — тая кірпаносая рыжуха — едзе заўтра ў Крым. Наймацца ў саўгас на працу — збіраць вінаград. Я ўсномніў, яна з Валяй, калі я еў маладую бульбу, усё валтузілася з чамаданам — нешта не замыкаўся.

У сенцах загрукала — было чуваць, як там укацілі веласіпед.

— Лёня прыехаў,— надхапілася Валя.

Мне ўяўляўся калгасны механік высокім, шыракаплечым, з асмужаным тварам. Убачыў жа я шчуплага хлопца, падобнага на тых студэнтаў з Інстытута механізацыі i электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, што жывуць у інтэрнаце паблізу маёй кватэры ў Мінску.

Ён сеў пры парозе разувацца. Маці таксама падышла. Пачала зноў пра Люсю: каб хаця ўсё добра было ёй у тым Крыме.

— Вам, мусіць, рабіць няма чаго,— зазлаваў раптам Лёня.— Надумаліся — Крым, Крым. Нашто ёй той Крым? Думаеце, тут не тое самае? Абы ездзіць. Хай лепш уладкуецца ў які тэхнікум. Як я: павучыўся — ёсць ужо свая спецыяльнасць... А то пралётае толькі дарэмна...

Маці адно слухала. Так i пайшла з хаты, схіліўшы ў маўчанні галаву.

Мы таксама доўга не сядзелі: i Валі трэба было заўтра, як i мне, рана ўставаць — яна павінна ехаць у Жыткавічы, на нараду культасветработнікаў. Аўтобус таксама ідзе ў 7 гадзін раніцы.

— Пайду скажу маці, каб разбудзіла.

— А унь жа на стале будзільнік,— падказаў я.

— Мы прабавалі ўжо ўставаць па будзільніку — чуць па вымове не схапілі,— засмяялася Валя.— Празвінеў — i не пачулі, ні я, ні Лёня. Хоць каля самай падушкі ставілі...

Рапіцай мы ішлі з Валяй да цэнтра калгаса. Нас дагнала Люся.

— Дык едзеш у Крым? — спытала Валя.— А чаму без чамадана?

— А, мама не пусціла...— адказала Люся з крыўдай у голасе.— Але я потым усё роўна паеду!..

Старшыня калгаса даў мне грузавую машыну. Я папрасіў шафера заехаць на хвілінку да возера — хоць адным вокам глянуць на яго. Але шафёр сказаў, што да возера з машынай не пад'едзеш: балоцісты бераг, да таго ж — яно ў баку ад нашай дарогі, трэба рабіць круг.

Ну, што ж, прабач, Князь-возера,— я так i не пабачыў цябе, хоць быў зусім побач. Другім разам — абавязкова! — я прыеду да цябе спецыяльна, i не на дзень. Прыеду, каб пахадзіць па тваіх зялёных берагах, пагойдацца ў чоўне на тваёй ціхай хвалі, па тваіх зорах, што глядзяць з глыбіні яснымі летнімі начамі, паслухаць крыкі тваіх птушак, убачыць тваіх звяроў i рыб, твае краскі i травы, сярод якіх, як сцвярджаюць вучоныя, ёсць вельмі рэдкія, унікальныя. Легендарнае Князь-возера называюць «жамчужынай Палесся», «Палескім морам»! Магчыма, гэта дно таго дагістарычнага мора, пра якое яшчэ задоўга да новай эры пісаў Герадот.

Цяпер шырокім фронтам ідзе асушка палескіх балот. Таму трэба толькі вітаць прынятую ўрадам летам 1969 года пастанову аб стварэнні Прыпяцкага дзяржаўпага ландшафтна-гідралагічнага запаведніка, дзе захаваецца частка Палесся. Такім запаведнікам, мусіць, трэба было б зрабіць i возера Чырвонае з ваколіцамі, каб захаваць тыповы для палескіх азёраў раслінны i жывёльны свет. Ужо цяпер цікавяцца ім вучоныя: на возера Чырвонае кожны год наладжваюцца экспедыцыі на вывучэпні фауны i флоры Палесся...

Машына скакала на выбоістых, з лужынамі i гразёй, дарогах. Шафёр быў мясцовы жыхар. У вайну партызаніў тут, у Дзякавіцкіх лясах. Я на ўсякі выпадак папытаў у яго пра Хадыку. Не, такой вёскі не чуў: яго атрад быў у процілеглым баку.

З-за хвой выплылі хаты, мільгануў указальнік з надпісам «Пісаравічы». Гэта ж адсюль той дзядзька, з якім я пазнаёміўся ў саўгасе «10 год БССР». Каля магазіна стаяла чалавек восем мужчын. Я папрасіў шафера прыпыніць машыну.

Падышоў да дзядзькоў, расказаў, што шукаю вёску Хадыку. Дзядзькі абступілі мяне, пачалі наперабой успаміпаць, хто з Хадыкі астаўся ў жывых. Нават усчалася спрэчка.

— Што тут спрачацца,— сказаў адзін з дзядзькоў.— Хадзем, я завяду вас да старшыні Даманавіцкага сельсавета — ён якраз тут жыве. Той усё ведае.

I вось мы гутарым са старшынёй сельсавета Барысам Рыгоравічам у яго кабінеце. Нагадаўшы вайну, я закрануў у ім вельмі балючую струну душы. Барыс Рыгоравіч быў тады падлеткам. На яго вачах палілі вёскі, людзей. Палілі яго самога. Ён уцёк з агню. За ім гналіся з аўчаркамі. Каб лягчэй было ўцякаць, ён скінуў лапці i бег босы па лёдзе.

— Заблытваючы след, я часта збочваў,— расказваў Барыс Рыгоравіч.— Вы не можаце ўявіць, як я тады імчаў! Hi адзін цяперашні чэмпіён свету мяне не мог бы дагнаць. A скакаў лепей за рысь — любы плот мог пераскочыць. Быў такі здаровы. Толькі гэта i выратавала мяне.

Вярнуўшыся з лесу на папялішча роднай вёскі, Барыс Рыгоравіч знайшоў усіх сваіх блізкіх i знаёмых спаленымі i забітымі. Ад людзей асталіся груды касцей. Сярод ix пазнаў толькі труп бацькі. Адсюль хлапец, якому тады ўжо было 17 год, найшоў у партызаны, яго прынялі ў атрад імя Ламейкі сто першай брыгады.

— Усяго на Даманавіцкім сельсавеце,— расказваў далей Барыс Рыгоравіч,— за вайну загінула 1247 чалавек. Усе вёскі былі спалены. Многія з ix немцы палілі па некалькі разоў: спаляць, людзі пабудуюцца — зноў паляць. Па тры разы палілі, напрыклад, Даманавічы, Пісаравічы, Заброддзе. Тут была партызанская зона. На лёдзе Чырвонага возера быў партызанскі аэрадром. Немцы спаганялі сваю злосць на старых, дзецях i жанчынах. Самай першай была спалена разам з людзьмі якраз вёска Хадыка.

Я папытаў Барыса Рыгоравіча, што ён ведае пра Хадыку. Ён адказаў, што ўрочышча Хадыка раней уваходзіла ў Даманавіцкі сельсавет, цяпер адносіцца да Нова-Цярушкаўскага сельсавета Салігорскага раёна. Гэта — землі калгаса «Усход». Больш падрабязна пра вёску i яе гісторыю могуць расказаць толькі старажылы. Каб не траціць часу, мы i найшлі ix шукаць.

На вуліцы, адразу каля сельсавецкіх варот, сустрэўся нам пажылы дзядзька.

— О, на лаўца i звер бяжыць,— сказаў старшыня сельсавета, здароўкаючыся з дзядзькам,— Мы якраз да вас i хацелі ісці. Давайце, Змітрок Іванавіч, зойдзем на хвілінку да мяне.

Мы зноў вярнуліся — ужо ўтраіх — у сельсавет.

Змітрок Іванавіч Хаміцэвіч аказаўся адным з арганізатараў партызанскага руху на Палессі. Яшчэ 28 чэрвеня 1941 года ім была створана партызанская група з 22 чалавек. Дачуўшыся пра дзейнасць тады яшчэ малавядомага партызанскага камандзіра Каржа, партызаны вырашылі далучыцца да яго брыгады. Змітрок Іванавіч стаў камісарам атрада імя Бандараўца, атрада, які добра даўся ў знакі нямецкім акупантам. Змітрака Іванавіча добра ведаў Васіль Іванавіч Казлоў, сябраваў з ім, пра яго ён пісаў у сваёй кнізе «Людзі асобага складу».

— Вёска Хадыка,— расказаў мне Змітрок Іванавіч Хаміцэвіч,— утварылася ў 1912 годзе, Гэта была наша купча. Дата мне запомнілася таму, што мне тады стукнула якраз 10 гадоў. Раней там была палянка сярод лесу, урочышча. Называлася Хадыка. Даманаўцы купілі тую зямлю ў нясвіжскага пана, прозвішча яго, здаецца, Агаркоў. Перад вайной у вёсцы налічвалася 24 двары. Спалілі яе немцы ў 1942 годзе. У маім атрадзе былі партызаны з Хадыкі. Восіп Хаміцэвіч, муж i жонка Андруховічы... Ix дзяцей немцы спалілі. Расказвалі, яны былі ўцяклі з агню, дык паліцай Кузьма Хаміцэвіч зноў паўкідаў ix у агонь — такі быў звер. A маці тых малых дзяцей, Ганна Андруховіч, i цяпер жыве. У вёсцы Яскавічы.

Яскавічы? Так, гэта былі тыя самыя Яскавічы, куды я мерыўся ехаць пасля Хадыкі. Я знайшоў ix на карце — аказалася, яны зусім недалёка ад Даманавіч. Не дзіва, што Сыракомля ведаў легенду пра Хадыку.

Я папытаў у Змітрака Іванавіча, ці не ведае ён, чаму ўрочышча называлася Хадыка, ці няма пра гэта якога-небудзь падання.

— Хадыка,— адказаў Змітрок Іванавіч,— ад слова хадзіць. З Даманавіч туды 15 кіламетраў, дарог ніякіх не было, хадзілі пеша праз лес. Таму — i Хадыка.

Ясна, гэта пазнейшае тлумачэнне назвы, так званая народная этымалогія. Але яна ўжо сведчыць аб тым, што Хадыка сапраўды было глухое, далёкае ад чалавечага жылля месца.

— А хто яшчэ, акрамя Ганны Андруховіч, астаўся з вёскі жывы?— папытаў я.

Наўрад ці мог бы хто лепей за саміх жыхароў вёскі расказаць мне пра паходжанне яе назвы.

— Хаўроння Іванаўпа Хаміцэвіч, але яна цяпер жыве ў вёсцы Таварышч.

— Ну, што ж, давайце з'ездзім да яе,— згадзіўся Барыс Рыгоравіч.

На вуліцы ён завёў свой матацыкл. Па пясчанай палявой дарозе, потым па лясной сцежцы мы хутка даехалі да маленькай, акружанай лесам утульнай вёсачкі.

Хаўронню Іванаўну засталі непадалёку ад яе двара — яна палола сваю норму буракоў. Пагаварыць прымасціліся на лавачцы пад ліпамі — у хаце спала малое дзіця («Даччыно, прыпаручылі глядзець мне, бабе»).

— Калі палілі нашу вёску, я пасвіла каровы,— расказвала Хаўроння Іванаўна.— Яшчэ тата прыходзіў: паглядзець, ці не баюся я адна пасвіць па лесе... Пабыў са мной трохі, памог мне сабраць каровы ў гурт... «Доўга ж не пaci, дачка, як пачне цямнець, то i гані». Сказаў так i пайшоў лесам дадому... Потым чую — страляюць. У мяне аж абарвалася нешта ўсярэдзіне: немцы!.. Я кінула каровы на руні (была якраз восень), пабегла ў лес... Адна... Толькі сабачка пры мне быў... Каровы самі пайшлі дадому... Пераначавала ў лесе, потым пайшла па лесе шукаць сваіх людзей... Аднаго чалавека знайшла, ён з коньмі ўцёк. Дрымак з Ляхавіч... Разлажылі агонь... Потым чуем— вішчаць свінні, коні ржуць... Не ведаю, праз колькі часу — пайшлі глядзець... Замест вёскі — адны галавешкі... Адзін будынак дагараў... А людзей — ні душы. I нічога, дажа ката няма... Дзе ж, думаем, людзі?.. Глянулі ў калодзеж — аж там чалавек забіты. Хаміцэвіч Арцём. I больш — нікога... Думалі ўжо ісці ў лес шукаць, але адзін хлопец — мы яго сустрэлі раней у лесе, ён уцёк яшчэ да прыходу немцаў,— гэты хлопец глянуў на тое месца, дзе быў калгасны склад. А ж там — усе нашы, спаленыя, знявечаныя... Касцей — як картошкі... Не ведаю, колькі б мы там млелі, галасілі, каб нас не адцягнулі партызаны... Яны забралі нас у атрад... Я асталася адна — усе мае загінулі тады... I бацька, i сястра з хлопчыкам...

Успамінаючы, Хаўроння Іванаўна бралася рукой за шчаку, губы яе дрыжалі, а ў вачах — у мяне аж мароз прайшоў па скуры — я ўбачыў жах. Як бьщцам яны, вочы, цяпер вось глядзелі на груды касцей тых родных i блізкіх, з якімі яна, здаецца, яшчэ во нядаўна гаманіла, смяялася, сядзела за сталом, выбірала бульбу, спявала на радзінах...

На развітанне я ўсё ж папытаў Хаўронню Іванаўну, ці не ведае яна, чаму вёску называлі Хадыка.

— Раней было там урочышча Хадыка,— адказала жанчына.— А чаму яно так называлася — хто ж яго ведае... Урочышча даўнейшае...

Я разумею, вельмі цяжка ўтрымаць у памяці пасля перажытых жахаў нейкую там легенду пра далёкія часы. Тым больш, што сама рэчаіснасць была непараўпальна больш драматычная.

I ўсё ж я не траціў надзеі натрапіць на след. Магчыма, яе ведаюць старажылы суседніх вёсак. Я запісаў у сваю запісную кніжку ix назвы: Сухая Міля i Абедземля.

Але перш за ўсё трэба пабыць на самім урочышчы (так, цяпер ужо зноў урочышчы) Хадыка. Барысу Рыгоравічу звазіць мяне туды на сваім матацыкле не было часу. Ды гэта ўжо i не яго сельсавет, сказаў ён. Лепш за ўсё мне цяпер паехаць у Доўгае — адтуль да Хадыкі будзе бліжэй.

Барыс Рыгоравіч падкінуў мяне да вёскі Драчова (ці Драчава, як называюць некаторыя). Там я сеў на праезджы аўтобус, які высадзіў мяне на скрыжаванні дарог. Тры кіламетры хады па гравейцы — i я ў Доўгім, вялікай, доўгай вёсцы з шырокай i чыстай вуліцай.

Я так нахадзіўся i наездзіўся за дзень, што хацелася цяпер толькі адпачыць, таму адразу пайшоў у сельсавет. Старшыня сельсавета завёў мяне ў БМУ (Старобінскае будаўніча-мантажнае ўпраўленне Салігорскага раёна), якое размяшчалася ў Доўгім. Там камендант інтэрната гэтага БМУ адвёў мне цэлы пакой з дванаццаццю акуратненька засцеленымі ложкамi — выбірай любы.

Раніцай, пасвяжэлы, з новым запасам сіл, я ўжо быў у старшыні доўгаўскага калгаса «40 год БССР» Івана Трафімавіча Слагады, вельмі добрага i сціплага чалавека. Іван Трафімавіч падвёў мяне да бартавой машыны, поўнай гаманлівых жанок i дзяўчат, і, пагаварыўшы з шафёрам, сказаў мне:

— Завязе на буракі ў Равецкі Лес палольшчыц, i ў перапынку, да абеду, можаце з ім пад'ехаць у Хадыку. Толькі доўга машыны, калі ласка, не затрымлівайце.

Ссадзіўшы за вёскай Равецкі Лес палольшчыц, якія хутка рассыпаліся па бураковым полі, мы паехалі шукаць Хадыку. Шафёр, Мікола Сцешыц, мой аднагодак, у тым баку не бываў. Але я з роспытаў ужо ведаў, што спачатку трэба ехаць зноў на гэтае Драчова — Драчаву. Адтуль да ўрочышча 7-8 кіламетраў.

Магазіншчыца ў Драчове паказала нам дарогу, якая вяла да Хадыкі. Але, сказала яна, ні разу там не бываўшы, можна легка збіцца. Яна параіла нам узяць з сабой хлапчукоў, што гулялі непадалёку,— яны там бывалі.

Пад'ехалі да хлапчукоў. На наша пытанне, ці ведаюць яны дарогу да Хадыкі, двое з ix адказалі, што яны адзін раз былі там. Хадзілі ў той бок у маліну i зайшлі паглядзець. Мы прапанавалі сесці ў кузаў i праехаць з намі. Малыя з ахвотай згадзіліся i ў адзін момант былі ў кузаве. Нават малы мурзаты цяльпук гадоў шасці ўскараскаўся i стаў пры кабіне. Але яго заўважыў бацька, які стаяў тут жа, ля варот.

— А ну злазь, Колька!

Але Колька пачаў прасіцца:

— Ну, та-а-та...

— Каму я кажу?..

— Ну, та-ата!..

Мы сказалі бацьку, што затрымлівацца ў Хадыцы не будзем, зараз жа вернемся назад, i з дзецьмі нічога не станецца. Але ён, пачуўшы, што едзем у Хадыку, загаварыў яшчэ настойлівей:

— Туды вельмі кепская дарога...

Як ні прасіўся малы, расцягваючы — ужо з плачам— сваё «ну, та-ата!», бацька быў няўмольны — давялося злезці.

Дарога i праўда была неважнецкая. Яма на яме. I ў кожнай — на ўсю шырыню дарогі — вада. Аб'ехаць ніяк нельга: паабапал цеснай сцяной стаіць лес. Густы, змрочны, з зараснікамі папараці між замшэлых камлёў. Ехалі проста на ваду. Шафёр аж пацеў, раз за разам пераключаючы хуткасці, круцячы руль. I гэтак — амаль усю дарогу.

Нарэшце пасвятлела — гэта кончыўся лес. Паказалася невялікая, прадаўгаватая палянка.

— Хадыка,— сказалі хлапчукі.

Мы вылезлі з машыны. Збоку ад дарогі на невялікім курганку стаяў просты бетонны помнік. Я хацеў прачытаць, што на ім напісана, але ніякага надпісу не знайшоў, хоць малыя запэўнівалі, што надпіс быў. Сапраўды, пасярэдзіне помніка значыўся след ад шыльдачкі. Можа яна дзе валяецца ў траве? Хацелі прыўзняць пачарнелы вянок засохлых кветак, але туды раптам шмыганула гадзюка, што грэлася на сонцы.

У другім канцы палянкі мы знайшлі яшчэ адзін, падобны на гэты, помнік. I — таксама без надпісу. Пасярод палянкі стаяў абгароджаны трэці, малы помнічак, таксама з бетону. Абапёршыся на штыкеціны агарожы, мы прачыталі выбіты на ім, ужо замшэлы, надпіс: «З + П мирная жителька д. Ходыки сожжена немецкими захватчиками во время Отечественной войны 1941-1945 г.г.» Чытаючы ўголас надпіс, адзін з хлапчукоў вамест слова «Ходыки», што якраз пераносілася, сказаў спачатку «Хатыні».

Так, гэта сапраўды была яшчэ адна беларуская Хатынь, адна з тысяч. Хто быў у Хатыні, той бачыў даўжэзны рад адных толькі назваў тых вёсак Беларусі, якія разам з людзьмі былі спалены фашысцкімі акупантамі за час вайны. Прытым, там значыліся толькі вёскі, у якіх было не менш за пяцьдзесят двароў.

Анямелыя, мы — шафёр Мікола Сцешыц, трое хлапчукоў i я — хадзілі па зямлі, дзе 28 гадоў назад жылі людзі, па зямлі, якая, здаецца, i цяпер крычыць галасамі закатаваных дзяцей, жанчын, старых. Вось тут былі хаты — мы пазналі ix па сівым палыне i замшэлых цаглінах, што вытыркаліся з зямлі. А вось так ішла вуліца — яе ўсё ж можна было пазнаць. Збоку ад гэтай былой «вуліцы» — мусіць, на агародах — стаялі тры ігрушы-дзічкі — дзве зялёныя, адна ўжо ссохлая. I больш — ніякага следу. Адна палавіна былой вёскі засаджана лесам. На слупе, на бляшанай шыльдачцы, я прачытаў: «Н-Терушское л-во, ур. Ходыка. Мех. посадка сосны з березой. 1969 г. Пл. 4,9 га».

I як тут было не ўспомніць Панчанку:

Буду хату шукаць — а знайду руіны,
Буду маці гукаць—адгукнецца магіла
На пагосце старым пад вярбою пахілай.
Свае пачуцці, выкліканыя ўбачаным i пачутым, я таксама паспрабаваў выказаць у вершы, які так i назваў — «Хадыка».

Дубы ды сосны. Хвошч ды вязель.
Жывіцы выстаялай хмель.
Я думаў: стране даўгавязы
Над звонкай студняй журавель.
Я думаў: сонечную казку
Пакажуць ліштвы, а ў акне
Адчыніць вейкі — калі ласка! —
Блакіт нябесны ў сэрца мне.
Я думаў: ля прысад рабінавых,
На вуліцы, дзе мурава,
Акружыць стайкай вераб'інай
Мяне вясковая дзятва.
Дарэмна: у вянку яловым —
Вуглі ды некалькі цаглін.
Дыміць на печышчах вясковых
Расліна горкая — палын.
Той чорны дзень—як цень далёкі.
Ды ўсё запомніў гэты кут.
Пa сёння — ледзь ступі— сарокі
Спалохана стракочуць тут.
Над палянкай, выглянуўшы з-за вяршалін дрэў, стаяла сонца. Яно не мінае ні адзін куточак на зямлі — яго хапае ўсім. Толькі, аказваецца, ёсць людзі, якім яго мала...

Шумелі паціху бярозы, недзе рыпела дрэва, тручыся аб другое дрэва. Цішыня. Хораша, мусіць, было тут людзям, у гэтай зялёнай глушы, сярод дрэў i птушак, сярод лясных красак i пчол. I я разумею асочніка Хадыку, які змог пражыць тут свае трыццаць год. А што гэта было якраз тое месца, я не сумняваўся. Вельмі ж падобная была гэтая пушча на тую, у якой апынуўся няшчасны прыгонны селянін:

Дамоў не трапіш, людзі не пачуюць,
I пошчаку ў адказ не прычакаеш.
Усё жыццё, папэўна, тут звякую,
Ніхто не знойдзе, нават з ганчакамі...
Ніхто не абзавецца i не крыкне,
Хіба гадзюка ў мокрых травах сыкне
Або на вадапоі, ля крыніцы,
Раўне мядзведзь i прамільгне лісіца.
I зноўку ціха... Толькі лёгкі вецер
Шуміць таемна у спрадвечным вецці.
А як жа шмат на баравых палянах
Пахучых зёлак i раслін мядзвяных...
Толькі ж дзе той дуб, у якім магло быць Хадыкава дупло? Дуба на палянцы няма. Толькі калі я зноў вярнуўся ў калгас «40 год БССР» i расказаў там пра паездку ў Хадыку, сакратар нартарганізацыі запытаў у мяне: «А пня ад дуба там не бачылі?» I расказаў, што ён, калі ездзіў туды пасля вайны, звярнуў увагу на той пень, бо быў надта вялікі i з дуплом.

Усе сляды легенды!

Пахадзіўшы па паляне, мы паехалі шукаць вёскі Абедземлю i Сухую Мілю: а раптам знойдзецца сама легенда?

Дарога i тут была з лужынамі (i адкуль яны сярод лета?), з тоўстымі жыламі карэння. Праехалі па ёй кіламетры чатыры, а лесу ўсё не відаць канца. На дарозе ўбачылі чалавека — ішоў, коцячы побач веласіпед. Гэта быў брыгадзір з калгаса «Усход» Іван Аляксандравіч Яфімчык. Ён расказаў, што вёскі, да якіх мы едзем, таксама былі разам з людзьмі спалены фашыстамі. Значыць, пра мясцовыя легенды няма ў каго i пытаць...

Мы вярнуліся назад і, апошні раз абвёўшы вачыма затравелую паляну, развіталіся ca старадаўнім урочышчам Хадыка, дзе калісьці — так, ужо зноў калісьці — жылі людзі i паданні, дзе цяпер ізноў гамоніць з небам той самы вячысты бор — нямы сведка жахлівых чалавечых учынкаў.

«СМУТНЫ КРАЮ ПАЛЕССЕ»


Чым пахнуць палескія дарогі. Сустрэча з Церашковай. Лепш менш, ды лепш. Загадчык кішкі. За пяць капеек — сто галоў. Салацік па-доўгаўску. Пра што расказала афіша. БМУ, калгас i Глеб Успенскі. Зямлі пагрэбны паэты.


Па зялёнай зямлі, без дарог i сцежак, проста па каласах жыта, па галоўках лугавых красак, па голлі дрэў, прайшоў — з грымотамі — кароткачасовы, як сказалі б па радыё, дождж. I зараз — шырока i хораша — пахне свежай глебай, лісцем алешніку i — ад дарожнага гравію, з якога ідзе пара,— лазняй.

Гравейка, прамая i гладкая, вядзе мяне ў Яскавічы — мой далейшы «пункт прызначэння».

«Першае месца, якое я помню,— гэта Яскавічы»,— пісаў Сыракомля ў сваёй аўтабіяграфіі.

У арбіты маіх вачэй плывуць ніколі не бачаныя дагэтуль прасторы — Палессе. Хто з нашых, беларускіх, паэтаў не пісаў пра гэты дзівосны i самабытны край! Сапраўды, «шмат злажылі казак, i легенд, i песен, людзі пра балота, пра сваё Палессе» (Я. Купала).

Але першым, хто расказаў у сваіх паэмах i вершах пра палескую зямлю, быў Уладзіслаў Сыракомля, які некалі таптаў яе сцежкі, слухаў яе казкі, карміў яе камароў:

Смутны краю Палессе! З маленства знаёмы,
Так i свецяць мне вобразы даляў замглёных:
Прад вачамі снуюць, нібы сонныя мары,
Неаглядныя багнаў куп'істых абшары.
Гушча цёмных лясоў, дзе — нібыта ў скляпенні,
Ды рака, што ў чаротах цячэ ў задуменні,
Аваднёў, тых крылатых назолаў, дружына,
Матылёк, што лятае над воднай раўнінай,
Тая ціша, што часам парвецца уранні
Вострым жорава крыкам, буслоў клекатаннем,
Або плюханнем чоўна па хвалі спакойнай,
Калі з вонцерам выйдзе рыбак. Край чароўны!
Зноў плывуць у мой сон таго ветру павевы,
Жаўтапесак Палесся i панурыя дрэвы...
Гэтыя радкі з паэмы «Улас» я пераклаў сам: да сённяшняга дня твор беларускаму чытачу невядомы. А дарэмна: паэма вельмі хораша i паэтычна расказвае пра міпулае Беларусі, пра жыццё i быт, вераванні i паданні палешукоў, якія

Заслепеныя лесам, акружаныя вадою,
Тут сам-насам жывуць са сваёю бядою.
Ніякі новы звычай, ніякі павеў новы
Ані не змяніў ix адзення, ix даўняе мовы...
Таксама ix кормяць ягады, мёд i рыба,
Нішто тут не дадалося — трохі нэндзы хіба...
Як жа змянілася цяпер жыццё палешукоў, само Палессе? Я шаргачу чаравікамі па жорсткаму гравію дарогі i шукаю вачыма тыя пейзажы, якія маляваў паэт. Ix няма. Як i ўсюды, дзе я ні ездзіў. Яны — назаўсёды — засталіся толькі ў паэтычных строфах. На месцы тых «неаглядных багнаў» — паўсюдна красуе жыта, кусціцца ячмень, цвіце ружавата-белымі суквеццямі бульба. А вунь, пры боку дарогі, бягуць кудысьці, чапляючыся за белыя ролікі на слупах, поўныя гуду правады — новая казка Палесся.

Недзе на сярэдзіне дарогі, калі ногі папрасілі адпачыць, я падняў руку перад запыленым грузавіком.

— Вы не ў Яскавічы? — папытаў я ў акенца кабінкі, калі машына прытармазіла.

— Залазь,— шафёр, перагнуўшыся, націснуў на ручку дзвярэй.

У машыне, побач з шаферам, сядзела танклявая дзяўчына гадоў дваццаці. Яна пасунулася, дала мне месца. Дзяўчына была жвавая, без ганарлівасці, i гаворка завязалася сама сабой. З размовы я даведаўся, што яна — з БМУ, едзе на аб'ект у Яскавічы. Там, на рацэ Морач, будуецца шлюз. А чаму б мне таксама не пабыць там, не пацікавіцца, што робяць палескія будаўнікі-мантажнікі? Я выказаў сваё пажаданне. Пры гэтым, канешне, назваў сябе i заадно папытаў пра яе.

— Я раблю інжынерам па працы,— адказала дзяўчына,— Прозвішча мае — Церашкова.

— Церашкова? — перапытаў я.— А не Валяй зваць?

— Не, Ніна,— усміхнулася ў адказ дзяўчына.

Ніна Церашкова аказалася родам з Гомельшчыны.

Бацькі праслаўленай лётчыцы-касманаўткі, як мне вядома, таксама з Беларусі. Ці не ад Цярэшкі — назвы вядомай беларускай народнай гульні— паходзіць гэтае прозвішча?

Вось i шлюз. Кругом будаўніцтва — самазвалы, каўшы экскаватараў. Успыхвае зарыва электразваркі. Рака цячэ яшчэ сваім старым рэчышчам, але побач ёй падрыхтавалі ўжо другое, больш шырокае, прамое. Калі б я прыехаў крышку пазней, то не ўбачыў бы ўжо рапейшай Морачы, той Морачы, па чаротах якой лазіў малы Уладзіслаў Сыракомля, на хвалі якой не раз сустракаў ен рыбацкі човен ці шугалею (лодка, выдзеўбаная з камля дуба, такія лодкі рабілі якраз па Палессі, пра ix таксама гаворыць Сыракомля ў сваіх творах).

Ніна Церашкова прывяла мяне ў дашчаны дамок каля шлюза — да галоўнага інжынера БМУ Аркадзя Карніенкі, маладога хударлявага хлопца-ўкраінца. Ён трымаў у руках трубку радыёсувязі, шчоўкаў шматлікімі рычажкамі прыстасавання:

— Алё, алё! Як мяне чуеце? Пераходжу на прыём.— I зноў — шчоўканне рычажкамі.— Добра? Дык вось, яснавокая: перадай — не робіць ні адзін вібратар!.. Патрэбен трансфарматар... Або электрык. Няма чым ушчыльняць бетон. Прысылайце тэрмінова, бо будзе прастой! Чуеце?

Калі ён пагаварыў, Ніна пазнаёміла нас i пачала развітвацца:

— Прабачце, мне няма калі — чакае земснарад.

Сказала так, быццам земснарад — імя добрага хлопца, які чакае яе недзе там, ля ракі, i ніяк не можа дачакацца.

Аркадзь Карніенка робіць тут з 1962 года. Спечатку быў прарабам, а тры гады назад яго прызпачылі галоўным інжынерам. Асноўная задача Старобінскага БМУ, расказаў ён,— асушка палескіх балот. На сённяшні дзень асушылі тры асноўныя масівы — Крывіцкі, Дзвінскі (калгас «Партызанскі край») i Ракітню. Усяго — больш за 300 тысяч га. Цяпер прыступілі да асушкі агромпістага Вялікалескага масіву i нізоўя ракі Морач. Там пакуль што захаваліся яшчэ непраходныя балоты. На ix месцы будуць пабудаваны два буйныя саўгасы, якія дадуць краіне тоны хлеба i мяса...

Тут я выказаў Аркадзю сваю трывогу: а што будзе з прыродай, з кліматам? Ці не здарыцца так, што на багатае вадою Палессе мы наклічам калі-небудзь засуху?

Аркадзь заспакоіў мяне, што гэтага не здарыцца:

— Праўда — у «10-годдзі БССР» на тарфяніках пракідаюцца белыя залысіны. Але гэта — ад няправільных севазваротаў. Трэба, каб тарфянікі на 40 працэнтаў былі заняты травамі — яны замацоўваюць глебу. Другая прычына — тое, што Мар'інскія балоты асушваліся прымітыўным спосабам — адкрытай сістэмай. Цяпер мы так не робім — будзем асушваць балоты толькі закрытым дрэнажом. Так, каб можна было, па меры неабходнасці, рэгуляваць узровень вады. Канешне, гэта будзе абыходзіцца даражэй, тэмпы будуць меншыя. Але — лепш менш, ды лепш.

Я папрасіў яго растлумачыць больш падрабязна пра гэтую новую сістэму асушкі балот.

— Вы філолаг? — папытаў ён.— Тады, канешпе, вам не ўсё панятна,— i ён узяў аловак.

Я слухаў Аркадзя, i мне было сорамна, што не ведаю такіх простых рэчаў. «Філоны мы, а не філолагі,— гаварыў я сабе.— У век тэхнікі — не ведаем тэхнікі. Летаем па версе, як матылі».

Потым мы глядзелі, як рабочыя ўстанаўлівалі арматуру. Хлапец гадоў семнаццаці, прымерваючыся вокам з адлегласці, паказваў ім далоняй рукі, наколькі патрэбна гэтую арматуру пасунуць. Рабіў ён гэта яшчэ няўпэўнена, увесь час азіраўся на галоўнага інжынера.

— Гэта наш новы майстар участка,— растлумачваў мне Аркадзь.— Толькі што скончыў Мазырскі тэхнікум. Міша добры хлопец — стараецца, з яго будзе толк...

Знізу, з будучага шлюза, поўз сюды, пад нашы ногі, тоўсты шланг, падобны на пажарную кішку. Дзядзька з папяросай у зубах час ад часу браў яго рукамі i накіроўваў праз насыпаны грудок зямлі, на якім мы стаялі, у бок рачной плыні — выпускаў ваду.

— Значыць, рака ўжо ўзята ў кішку? — пажартаваў я, падышоўшы да дзядзькі.

— Выходзіць, так,— адказаў ён з усмешкай.— Яно — не зліваць, дык затопіць усю пляцоўку. Так што, некаму трэба i гэтую работу рабіць. Паставілі мяне. Вось i стаю, гляджу сваё дзела. Адным словам, загадчык кішкі!

Тут жа, за два крокі ад шлюза, былі Яскавічы. Найду пахаджу па вёсцы, а потым, к вечару, вярнуся сюды, каб зноў разам з меліяратарамі паехаць у Доўгае, дзе ў мяне забяспечаны начлег.

Сяло аказалася вялікае, стройнае, з шырокай вуліцай. Дамы даволі прыстойныя, з верандамі i шырокімі вокнамі. Над шыфернымі дахамі — тэлевізійныя антэны. Так, сённяшнія Яскавічы нічым не напамінаюць тыя Яскавічы, якія больш чым стагоддзе назад бачыў Уладзіслаў Сыракомля. Вось як пра ix пісаў паэт:

Сярод багнаў i бораў,
На пясочку на рыжым
Села вёска ў пакоры,
Як убогі пад крыжам.
Людзі ў зрэбных сярмягах,
Лапці ногі ім вяжуць,
Уваччу голад, смага,
Б'е ад ix дым i сажа.
Тырчаць пуняў i хатаў
Ломам сцены-шкілеты,
Замест гонтаў на латах —
Лахманы з ачарэтаў.
Гняздо ж бусел бяспечна
На страсе пачаў класці —
Селянін верыць вечна,
Што яго ў гэтым шчасце.
Нe пляці гэтых божбаў...
Жывуць буслы пустынна,
Калі ж слухаць варожбаў,—
Шчасна й ваша краіна.
О, жывём мы шчасліва!..
Трудна хлеба век меці,
Глядзіць пусткаю ніва,
Пуста ў пуні i клеці.
Гэтыя строфы, перакладзеныя Янкам Купалам,— жывая гісторыя Палесся. Дзе, у якога этнографа знойдзеш такі вось маляўнічы расказ пра жыццё i быт палешукоў часоў прыгону, ачмураных забабонамі, прыгнечаных галечай, вечнай бясхлебіцай?

Многа вады ўцякло з таго часу. Шмат пабачылі за стагоддзе Яскавічы. Ало, мусіць, піколі столькі не перацярпелі, як у міпулую вайну. Сяло было начыста спалена фашыстамі, спалена, як яны гэта ўсюды рабілі, разам з людзьмі — дзецьмі, жанчыпамі, старымі. Ад вялікага сяла не засталося ні кала ні двара. Зараз яно адрадзілася: панаехалі лходзі, разбудаваліся. Цяпер тут — каля 180 двароў. У Яскавічах — васьмігадовая школа, аддзяленне сувязі, сельмаг, камбінат бытавога абслугоўвання. Сяло з'яўляецца цэнтрам сельсавета i саўгаса.

Пра ўсё гэта я даведаўся ад людзей, з якімі сустракаўся проста на вуліцы. Дарэчы, я думаў спачатку завітаць да Ганны Парфенаўны Андруховіч, якая, паводле слоў Дзмітрыя Івапавіча Хаміцэвіча, жыла ў Яскавічах. Але потым раздумаў: папомніўшы ёй пра спаленых дзяцей, я, канешне ж, зноў растрывожыў бы самыя балючыя яе раны. А так — яна, напэўна б, шмат чаго дабавіла да той трагічнай гісторыі маленькай беларускай вёсачкі Хадыкі.

Пад канец я затрымаўся каля магазіна — тут было людна. Сабраўшыся ў кружкі, гаманілі — пра тое, што набяжыць — мужчыны, пакурваючы папулярны тут «Север». Я таксама падышоў да аднаго кружка — на мяне асабліва ніхто не звяртаў увагі, бо тут быў, акрамя ўсяго, аўтобусны прыпынак, i многія чакалі аўтобуса. Мне вельмі цікава было паслухаць людскую гаворку. Якая чыстая, каларытная беларуская мова, колькі нечаканых, вядомых, але ўжо, здавалася, забытых слоў! I як хораша, патуральна льецца яна з вуснаў гэтых простых дзядзькоў i цётак, занятых сваімі адвечнымі гаспадарскімі клопатамі!

Я загаварыў да камлюкаватага, нябрытага дзядзькі, што стаяў крышку збоку — у руках ён трымаў сетку з буханкамі хлеба, між якімі былі заціснуты абаранкі, размоклы кулёчак камсы (за пяць капеек— сто галоў, такую загадку загадаў пра яе адзін з дзядзькоў) i бутэлька «чарніла». Мне хацелася даведацца, ці няма тут паблізу ўрочышча або вёскі пад назвай «Чортаў Брод» — я забыўся пра гэта папытаць у тых, з кім гутарыў раней. Пра Чортаў Брод расказваецца ў адным з твораў Сыракомлі. Гэта — глухое палескае ўрочышча сярод непраходных балот. Магчыма, я знайду яшчэ адзін факт, які будзе гаварыць аб тым, наколькі блізкі паэт быў у сваёй творчасці да жыцця, да беларускага фальклору. Дзядзька сказаў мне, што ён ведае вёскі Жоўты Брод, Жылін Брод, а вось Чортавага не сустракаў. Можа, хто іншы раскажа. Сам дзядзька не яскавіцкі, жыве ён за некалькі кіламетраў адсюль — у Савецкай Морачы. Ну, што ж, для мяне i гэта было цікава — усё-такі Брады каля Яскавіч ёсць. Дарэчы, а чаму — Савецкая Морач? Дзядзька расказаў мне, што раней тут — якраз на Марачанцы (так ён назваў раку Морач) — праходзіла савецка-польская граніца. На польскім баку была веска Морач. У 1924 годзе адтуль у Савецкуго Беларусь уцякалі ўсе, хто толькі мог — людзі не жадалі больш рабіць на паноў. Перабежчыкі з Морачы пабудавалі на савецкім баку новую вёску, якую i назвалі — Савецкая Морач. Да той жа, першай Морачы, дабавіўся эпітэт — Заходняя.

Вечарам я зноў быў у Доўгім. Мая палеская праграма была, як пішуць газетчыкі, вычарпана. Пераначую — i гайда далей.

Вячэраў у сталоўцы БМУ. На раздачы стаяла бялявая ружовашчакая дзяўчына з кропелькамі рабаціння, працавала яна весела, з усмешкай. Я бачыў яе тут, на гэтым жа месцы, i ўчора вечарам, i сёння — як снедаў.

— Што вам? — глядзела яна на чарговага кліента з падносам, трымаючы напагатове талерку.

А праз секунду глядзела ўжо на другога:

— Што вам?

Колькі разоў за дзень паўтарыла яна гэтае «што вам?», стоячы ў густой духаце кухні, дзе на шматлікіх плітках i плітах увесь час нешта варыцца, смажыцца, пячэцца, скварыцца! Можна толькі здзіўляцца, як яна яшчэ захавала пры гэтым «прысутнасць духу», не набыла той раздражнёнасці, праз якую так часта хапаемся мы, гарадскія, за «Кнігу скаргаў». Такую ж во ветлівасць мы, чэрствыя кліенты, як бы i не заўважаем. А варта б было. Варта б было хоць нечым ды адзначыць гэтую нялёгкую, сапраўды гераічную працу сціплых працаўніц рабочых — ды i не толькі рабочых — сталовак. Так, я ўпэўнен, што сярод ix таксама ёсць свае героі.

Праўда, гатавалі тут, як кажуць, не вельмі (відаць, на гэта былі свае прычыны). Узяць вось гэтую «салату»: буйна пакрышылі капусту, лінулі на яе алею — i гатова. На добры толк, яе трэба б было хоць перацерці. Але цыбатыя, хударлявыя хлопцы — асноўныя наведвальнікі сталоўкі,— заказваючы гэтую «жывую» капусту, ласкава называлі яе «салацік», а потым, за сталамі, у адзін момант пераціралі яе ўласнымі зубамі. Гледзячы на ix, я таксама са смакам з'еў сваю порцыю «салаты па-доўгаўску».

У 10 гадзін вечара ў клубе БМУ афіша абяцала канцэрт артыстаў Белдзярясфілармоніі, сярод ix я прачытаў імёны Ніжнікавай, Бражніка. На вуліцы, перад уваходам у клуб, тоўпіліся рабочыя БМУ i калгаснікі мясцовага калгаса. Я ўжо навучыўся ix адрозніваць. Зрэшты, i «вучыцца» тут не было чаго: раз малады — значыць, рабочы, пажылы — калгаснік. Аркадзь Карніенка казаў мне, што сярэдні ўзрост рабочых БМУ — 18-25 гадоў, трыццацігадовага называюць ужо старым. Старшыня ж калгаса Іван Трафімавіч, у сваю чаргу, скардзіўся, што ў калгасе асталіся адны старыя, уся моладзь перабегла ў БМУ.

Яго, Івана Трафімавіча, я якраз i ўбачыў тут, сярод людзей. Падышоўшы, я пацікавіўся, хто аплачвае канцэрт, Іван Трафімавіч адказаў, што аплачвае калгас сумесна з БМУ — па 150 рублёў: хай глядзяць i тыя, i другія.

Мне прыгадаліся шматлікія артыкулы, якія вырашалі праблему «моладзь i вёска». Апошні, які я чытаў, быў артыкул М. Дзелянкоўскага ў газеце «Літаратура i мастацтва» ад 5 чэрвеня. Асноўнай прычынай міграцыі сельскай моладзі ў горад аўтар лічыць неўладкаванасць быту ў вёсцы. Нa зусім сур'ёзнай ноце М. Дзелянкоўскі піша: «А ўзяць бытавое абслугоўванне. I зноў — не ў спрошчаным выглядзе: у вёсцы, маўляў, ёсць быткамбінат, пошта, магазін. Так, ёсць. Але куды ім да гарадскіх! Не купіш жа ў сельскім магазіне ні торта, ні марожанага, пі іншых прысмакаў. A абаранкі, булкі, белы хлеб...» I далей: «Спажывецкі падыход? Магчыма. Але i яго ўлічваць трэба. Булка свежая ці марожанае, скажам, дробязь. Ну, а тэатр, спартыўныя спаборніцтвы на высокім узроўні ці іншыя масавыя відовішчы, музеі, выстаўкі i г. д. А дзе ў вёсцы пастрыгчыся, зрабіць модную прычоску?..»

Усе гэтыя вельмі наіўныя довады легка разбіваюцца аб факт Доўгага: людзі жывуць абсалютна ў адных i тых жа ўмовах — у адной i той жа вёсцы, наведваюць адзін i той жа клуб, адны i тыя ж магазіны, пошту, сталоўку i г. д., а вось працаваць у калгасе не хочуць, стараюцца ўладкавацца ў БМУ.

Значыць, моладзь ідзе не з вёскі ў горад, а з калгаса на прадпрыемства — вось у чым соль. Але чаму? Можа, таму, што на прадпрыемстве, у адрозненне ад калгаса, нарміраваны рабочы дзень («ад i да»), цвёрдая зарплата? Не хачу быць тут катэгарычным — магчыма, i гэта мае значэнне. Але асноўная прычына, чаму моладзь пакідае зямлю, мне здаецца, усё ж не ў гэтым..

Нядаўна я прачытаў выдатныя нарысы Глеба Успенскага пра сялянскую працу. У адным з ix пісьменнік прызнаецца, што доўга не мог зразумець, што прымушае селяніна, у дадзеным выпадку Івана Ермалаевіча, усе без астатку сілы аддаць сваёй цяжкай працы, біцца ўсё жыццё, не бачачы свету, дзеля аднаго кавалка хлеба, не мог даўмецца, дзе «тайна бясплённасці i бясконцасці працы,з якіх сатканы дні, гадзіны i гады існавання Івана Ермалаевіча i многіх на яго падобных». Гэтую тайну ён разгадаў, дзякуючы глыбокаму вывучэнню душы хлебароба, яго псіхалогіі. Ею, гэтаю тайнаю, была, як даказаў пісьменнік, паэзія земляробчай працы: «Аказалася, што земляробчая праца, якая забірае ў Івана Ермалаевіча ўсё жыццё, хоць і мае бачны вынік толькі ў тым, што Іван Ермалаевіч «не галодны» з усім сваім сямействам i скацінай, але ў той жа час у гэтай працы — усе яго найістотнейшыя інтарэсы. Іван Ермалаевіч «б'ецца» не толькі таму, што яму трэба пад'есці, плаціць падаткі, але i таму яшчэ, што земляробчая праца з усімі яе разгалінаваннямі, нечаканасцямі паглынае i яго душу, сканцэптроўвае ў сабе амаль усю яго разумовую i нават маральную дзейнасць, як бы задавальняе маральна. Hi ў якой іншай сферы, акрамя сферы земляробчай працы, зноў-такі ў безлічы яе разгалінаванняў i складанасцей, думка яго не такая вольная, не такая смелая, не такая напружапая, як іменна тут, дзе саха, барана, авечкі, куры, качкі, каровы i г. д.». Тут, у сваёй працы, піша Г. Успенскі, солянін — мастак, паэт, творца. Адсюль такая «ўлада зямлі», яе «цяга», якая прымушае селяніна ад цямна да цямна «круціцца» на полі, прачыпацца сярод ночы, цэлымі днямі думаць аб нейкай качцы ці «зялёненькай травінцы» жыта. Прычым, падкрэслівае пісьменнік, гэтую цягу i ўладу зямлі, якія пабочнаму воку здаюцца нязмерна цяжкімі, «народ нясе лёгка, як пустую сумачку».

Паэзія земляробчай працы, яку. «адкрыў» Глеб Успенскі, была магчыма ў апісаным ім выглядзе, канешне, толькі пры адсталай, патрыярхальнай, аднаасобніцкай сістэме гаспадаркі. Яна, гэтая паэзія, як паказаў выдатны нарысіст-псіхолаг, была ў яго час велізарнай сілай, на якой па сутпасці трымалася ўся тагачасная сельская гаспадарка, была тым адзіным рухавіком, пры дапамозе якога яна развівалася. Сёння, з увядзеннем новых, прагрэсіўных форм гаспадарання на сяле, з ростам спецыялізацыі сольскагаспадарчай вытворчасці, сама сабой знікае — як гэта ні шкада — i тая паэзія земляробчай працы, пра якую так хораша расказаў Глеб Успенскі.

Ці не таму i не прыжываецца сённяшняя моладзь на зямлі, на якой параджаецца, пазбаўляючыся яе «ўлады»? Ці не таму i расце, большыцца, як снежны ком, гэты паток моладзі — з вёскі ў горад? Чым яго можна прыпыніць? Тортам i свежымі булкамі, як раіць М. Дзелянкоўскі? Выбачайце. Што-што, а падобныя бытавыя «даброты» мала цікавяць маладога чалавека. Яго больш задавальняе рамантыка — вядома, не ўяўная, a сапраўдная, кліча справа, у якой ён можа найбольшым чынам праявіць сябе, дзе ён можа быць самім сабой, адным словам, вабіць паэзія — канешне, у шырокім сэнсе гэтага слова. Відаць, усё гэта больш знаходзіць цяпер моладзь у горадзе — на прадпрыемстве, у навукова-даследчым інстытуце, у той ці іншай установе.

Я не ведаю: што трэба зрабіць, каб усё гэта было i ў вёсцы, у калгасе. Ведаю адно: рабіць нешта трэба. Бо сёння таксама — я думаю, з гэтым згодзіцца кожны — зямлі патрэбны, побач з нашай новай выдатнейшай сучаснай тэхнікай, паэты — людзі, якія любяць гэтую зямлю, якія не ўяўляюць без яе жыцця, якія адчуваюць сябе тут дома.

Зямлі патрэбны—
паэты,
якія
ёю жывуць i дыхаюць,
аб ёй, як аб маці, дбаюць,
якія,
перш чым з плугам прайсці,
думкамі
яе саграваюць.
Яны яшчэ ў снежні снежным,
калі за хатамі свет увесь белы,
у галаве
раўнютка ўзаруць яе i прабарануюць!
Яны яшчэ ў лютым лютым,
калі замятае снег зоры,
Кожны палетак засеюць
зярнят золатам.
А потым зноў яго перасеюць,
i не раз, a разоў, можа, дваццаць ці сорак.
I доўга думаць будуць,
дзе жыта пусціць, дзе проса,
куды колас вось гэты
Паставіць звінець...
Адным толькі ім, паэтам
(сапраўдным, не вершаплётам),
рада
Аддаць зямля ў рукі ключы
ад
залатаносных складаў.
Крытык Р. Бярозкін, прачытаўшы гэты верш у маёй кнізе «Чарназём», зразумеў яго так, быццам я заклікаю на зямлю паэтаў — членаў i не членаў нашага Саюза пісьменнікаў. A ў мяне i ў галаве такога не было. Што ж, значыць, я недастаткова ясна выказаў сваю думку, не здолеў як след данесці яе да чытача.

Пра ўсё гэта думалася мне, калі я тупаў каля клуба, чакаючы прыезду артыстаў.

Нарэшце яны прыехалі. Я ўбачыў знаёмы мне твар Бражніка. Людзі, што стаялі на вуліцы, паціснуліся ў клубную залу, а я падаўся ў свой дванаццаціложкавы пакой — спаць: заўтра мяне чакала новая частка маёй дарогі.

НЯСВІЖСКІЯ НЕБАСХІЛЫ


На «новай зямлі». «Самаяздачка» i акно, расчыненае ў свет. Калгасны «стражнік». «Шпіён». Сонца горада. Сустрэча з паэтам. Попел князёў. Альба — звярынец Радзівілаў. Кацярынінскія бярозы.


Дзень гойданкі па дарозе Доўгае — Яскавічы — Старобін—Слуцк — Капыль, начлег на раскладушцы капыльскай гасцініцы, i вось, сышоўшы чыстым ядраным ранкам з чарговага аўтобуса, я апынуўся ў Кудзінавічах — вёсцы, куды пераехаў з Яскавіч, намерваючыся знайсці на «новай зямлі» сваё арандатарскае шчасце, Аляксандр Кандратовіч — бацька паэта.

Тут, па гэтай зялёнай мураве, па круглых, як маленькія курганкі, купінах, зрашочаных мурашкамі i чмялямі, па беламу i мяккаму (ступіш — i не пачуеш) пяску вуліцы — працягу палявой дарогі — хадзіла некалі маленства Уладзіслава Сыракомлі, тут, забываючы на вячэру, а то i coн, цэлымі днямі гуляў ён з вясковымі хлапчукамі ў «чыжыка» i «свінню», гарцаваў верхам на бярозавым «кані», тут, на зімовых вячорках, як зачараваны, слухаў ён, поўяня суму i жалю, цягучыя песні прыгонных беларускіх сялянак, адсюль, ахоплены прагай аблегчыць долю забітага беларускага мужыка, падаўся ён з набітым кнігамі i сшыткамі ранцам у Нясвіж па навуку.

Вёска Кудзінавічы знаходзіцца якраз на мяжы Нясвіжскага i Капыльскага раёнаў, але ўваходзіць у склад апошняга. Сельсавет — Пацейкаўскі.

Інфармацыю пра вёску даў мне яшчэ ў аўтобусе дзядзька з Кудзінавіч, які вёз з Капыля сетку хлеба. Мы разам з ім i выйшлі на прыпынку.

— А да каго вы ў Кудзінавічах? — папытаў ён.

Я не ведаў, што i адказаць. Моркавалася проста пахадзіць па вёсцы, пагутарыць з людзьмі. Але так вось i сказаць дзядзьку — ён, напэўна, не зразумее.

— Думаю зайсці ў школу,— адказаў я. Відаць, i сапраўды трэба б было пачаць са школы: з дырэктарам ці настаўнікам, якім легка можна растлумачыць мэту майго з'яўлення тут, усё ж лацвей было б знаёміцца з вёскай.

— Але школа цяпер зачынена,— сказаў дзядзька.— I нi дырэктара, ні пастаўніка няма ў вёсцы — паехалі ў Мінск.

Раз так, сказаў я дзядзьку, то зайду да брыгадзіра. Але перш — пагляджу магазін.

У магазіне я папоўпіў свой сакваяж пачкам пячэння i кульком цукерак — хай ляжаць. Калі зноў выйшаў на ганак, убачыў у акне суседняй хаты тры ці чатыры прыплюснутыя да шыбы жаночыя і, здаецца, дзіцячыя насы i столькі ж пар вачэй па-над імі, што былі скіраваны ў мой бок. Ці не мой гэты чорны сакваяж i «дэголеўка» (капялюшык без палёў, які я купіў у Бабруйску, хоць i не ведаў, носяць яго ў нас ці не, ва ўсякім разе ні ў каго іншага, апрача дзяцей, я такога не сустракаў) выклікалі ў людзей такую цікавасць да маёй асобы?

Ідучы па вуліцы, убачыў на лаўцы дзвюх жанчын немаладога веку. Даў «добры дзень», прыпыніўся. Слова за словам — разгаварыліся, я прысеў да цётак.

Жанчыны былі вельмі словаахвотлівыя, з тых, каго хлебам не кармі, а дай пагаварыць. Цётка, што сядзела бліжэй да мяне, поўная, мажная, была родам з Пухавіцкага раёна. Я сказаў, што мы суседзі, бо я — ca Старадарожскага раёна, расказаў пра сябе, пра сваю маці, якая, так вось, як i яны, жыве ў вёсцы, дзержыць карову. Заадно, нічога не тоячы, як мог, растлумачыў, чаго я тут, у Кудзінавічах. Гутарыць з імі было легка, бо яны разумелі мяне, я — ix. З размовы я даведаўся нямала цікавага пра вёску Кудзінавічы. Напрыклад, тое, што тут раней была невялікая рачулка, якая называлася Бабулька, з яршамі, уюнамі i ракамі. Цякла яна ў Нёман. Цяпер, калі скрозь панакопвалі канаў, асушылі балоты, рачулка знікла. I яшчэ — недалёка ад вёскі ёсць месца пад назвай Двор. Там некалі жыў пан. Цёткі добра яго помняць, хоць былі тады малыя. Помняць, як першы раз убачылі ў пана веласіпед. Спецыяльна хадзілі ў двор глядзець, як пан катаецца на гэтым дзіве з двух колаў, якое яны празвалі — самаяздачка. А зараз — унь якіх машын панараблялі. Да Кудзінавіч некалькі разоў на дзень ходзіць аўтобус. Праўда, зімой, калі намяце снегу, панасыпае гур, ніякая машына ўжо сюды не дапінае. Людзі, акружаныя снягамі, сядзяць тады дома, пры нагрэтых грубках, ды глядзяць тэлевізар — праз гэтае акенца відаць увесь свет.

Гаварылася шмат пра што. I, канешне, пра тое, што трывожыць хлебароба: як пратрымаць карову, нарабіць сена, што трэба б было зрабіць калгасу, каб маладыя гэтак не ўцякалі ў горад, чаго тут ім не хапае.

У час нашай гаворкі на лаўку падсеў дзядзька гадоў пяцідзесяці пяці. Гэта быў, як мне сказалі цёткі,— «стражнік», калгасны вартаўнік. Ён сядзеў моўчкі, слухаў — i расказы цётак, i мае роспыты. А потым, падазрона аглядаючы мяне, пальнуў:

— А вам нашто гэта ведаць? Хто вы такі?

Я пачаў як можна прасцей растлумачваць дзядзьку прычыну майго з'яўлення ў Кудзінавічах. Але па яго вачах я бачыў, што маім словам ён не надта дае веры.

Цёткі таксама прыкусілі языкі, началі кідаць на мяне цікаўныя позіркі, як быццам толькі цяпер убачылі. Гаворка, як я ні стараўся яе працягваць, ужо не клеілася.

— Можа б, лепей правялі мяне, дзядзька, да брыгадзіра? — я зразумеў, што без афіцыёза тут не абысціся.

— А вы i самі знойдзеце, яго хата унь за выганам,— адказаў дзядзька тым жа — з цвёрдымі ноткамi — голасам.

Мне нічога не заставалася, як развітацца. Я ішоў з такім адчуваннем, быццам у чымсьці быў вінаваты.

Брыгадзіра (правільней, выконваючага абавязкі брыгадзіра, бо пастаянны брыгадзір хварэў) дома не было. Бабка, відаць, яго маці, сказала, што ён паехаў з жонкай у дровы. Прыйшлося яшчэ пагуляць па вёсцы — памазоліць людзям вочы.

Калі зноў вярнуўся да брыгадзіравай хаты, на двары — убачыў — стаялі калёсы з дрыўмі, пры аглаблі ляжалі хамут i сядзёлка. Каля гайка тупаў i сам гаспадар.

Паздароўкаўшыся, я назваў сябе, дастаў сваё камандзіровачнае пасведчанне. Брыгадзір — пажылы, павольны ў рухах чалавек — узяў паперку, запрасіў мяне на веранду, пасадзіў на лаве, сам таксама сеў побач са мной i пачаў — доўга, шавелячы губамі — чытаць. У час гэтага зацяжнога чытання ўвайшла яго жонка. Яна нахілілася да яго вуха i начала нешта шаптаць.

— Ды не, вось жа дакумант,— сказаў уголас брыгадзір, паказваючы ёй мае пасведчанне.

— Хто ж яго ведае,— сказала цётка — у яе быў агрубелы ад вятроў i сонца твар, патрэсканыя прыпухлыя рукі; павярнуўшыся да мяне, яна «датлумачыла»: — Гэта ж, кажуць, амерыканцаў з неба спускаюць. Каб нашу савецкую ўласць забраць... Хаця ж бы i вы не былі які шпіён...

Я не памыліўся, яна так i сказала: «шпіён». Мне гэта пачало ўжо надакучаць, i я не ўтрымаўся:

— Кіньце вы малоць глупства! Няўжо вы думаеце, што патрэбны нейкаму шпіёну?

Мае вельмі шчырае абурэнне, здаецца, заспакоіла жанчыну. Хаця не зусім, бо яна ўсё яшчэ паглядвала на мяне з падазронасцю — відаць, чутка пра мяне ужо разнеслася па вёсцы. Усё гэта толькі раздражняла, псавала настрой.

Між іншым, з такімі недарэчнымі падазрэннямі я сустракаўся не ўпершыню. Аднойчы, калі я яшчэ працаваў на Беларускім радыё, мы ўдваіх з супрацоўнікам літаратурнага музея Янкі Купалы літаратарам Іванам Курбекам збіралі ў вёсцы Камуна Любанскага раёна матэрыял для перадачы «Гавораць героі паэмы «Над ракой Арэсай». Мы хадзілі ад хаты да хаты, запісвалі галасы першых камунараў, па ходу здымаючы фотаапаратам тое, што здавалася нам цікавым у вёсцы купалаўскіх герояў. I раптам на вуліцы наганяе нас хлапчук i кажа, што нас просіць старшыня сельсавета. Калі мы зайшлі ў сельсавет, старшыня — помніцца, ён быў без нагі — спытаўшы, хто мы такія, патрабаваў у нас дакументы. Мы дасталі свае пасведчанні з месца работы. Хоць яны былі з фотакарткамі, усімі пячаткамі i подпісамі, старшыня аб'явіў нам, што яны не сапраўдныя i патрабаваў даць другія. Пашпарты нашы былі ў любанскай гасцініцы, i больш нічога даць старшыні мы не маглі. Тады ён загадаў нам аддаць «рэпарцёр» i фотаапарат, дакументы таксама нам не вяртаў. Дзейнічаў ён вельмі рашуча, упэўнена. У сельсавеце — каля стала i ў дзвярах — стаяла нямала дужых вясковых хлопцаў, якія з цікавасцю назіралі, як старшыпя затрымліваў «шпіёнаў», як званіў у раённую міліцыю, дакладваючы аб затрыманых, у якіх ён «изъял фотоаппарат и магнитофод». Нас, канешне, давялося потым адпусціць (трэба было бачыць, з якой незадаволенасцю аддаваў нам старшыня нашы — «магнітафоды»!), хоць мы i патрацілі на гэты спектакль нямала дарагога нам часу...

Дарогай, па якой ездзіў некалі на вазку ў нясвіжскую дамініканскую школу Уладзіслаў Сыракомля, я — спачатку пехатой, потым на аўтобусе — дабраўся пад вечар да Нясвіжа.

Гарадок якраз «абзаводзіўся» ценямі. З акна нейкай вежы, што маячыла над усімі дахамі дамоў i хат, цаляла ў вочы чырвонае вячэрняе сонца, якое расплылося па шыбе. За Слуцкай брамай нехта раскручваў — здаецца, «Запарожцам» — белы шлейф пылу, які так i вісеў над усёй паласой дарогі.

Уладкаваўшыся ў гасцініцы, я выйшаў пагуляць па горадзе. Накіраваўся да радзівілаўскага замка, дзе, шапочучы чаротам, залацела возера. Пры вуліцы, агароджаны мураванай сцяной, ішоў у неба велічны фарны касцёл. Ён якраз быў адчынены — там нешта рамантавалі. Я ўвайшоў унутр. Справа, на сцяне, у вялікай пазалочанай рамцы мне адразу кінуўся ў вочы знаёмы партрэт Уладзіслава Сыракомлі. Гэта мяне не здзівіла: тут, у Нясвіжы, паэт быў дома. Тут, пачынаючы з 1833 года, гэта значыць, з дзесяцігадовага ўзросту, жыў — спачатку вучыўся, а потым i працаваў у радзівілаўскай канцылярыі — будучы паэт, тут ён ведаў кожны камень на бруку, кожнае дрэва ў старажытным парку. Як ніхто лепей, ведаў ён i гісторыю горада, пачынаючы ад даўнейшых часоў. З яе, з гісторыі Нясвіжа, i пачаў ён па сутнасці сваю працу па даследаванні гісторыі Беларусі. Артыкул пра Нясвіж, які папісаў Ул. Сыракомля на падставе радзівілаўскіх архіваў, быў надрукаваны ў «Старажытнай Польшчы» Балінскага. Гісторыі Нясвіжа, яго быту i культуры, яго багатым гістарычным помнікам прысвечаны таксама вялікі раздзел у «Вандроўках па маіх былых аколіцах». Можна смела сказаць, што i па сённяшні дзень гэтыя працы па гісторыі Нясвіжа найбольш поўныя. Без ix наўрад ці абыдзецца i цяпер любы даследчык гісторыі нашых гарадоў i мястэчак. З прац Сыракомлі мы даведваемся, напрыклад, пра тое, што Нясвіж некалі адыгрываў вельмі значную ролю як у культурным, гаспадарчым, так i палітычным жыцці Вялікага княства Літоўскага. Яго называлі нават «другой сталіцай Літвы» пасля Вільні. У сваіх «Вандроўках» Сыракомля расказвае аб развіцці культуры, аб выдавецкай дзейнасці ў Нясвіжы выдатнага беларускага асветніка эпохі Адраджэння Сымона Буднага, чалавека энцыклапедычных ведаў, які добра валодаў многімі еўрапейскімі мовамі, у тым ліку чэшскай, італьянскай, грэчаскай, лацінскай, царкоўнаславянскай, стараяўрэйскай, але які тым не менш пісаў i друкаваў свае творы на роднай яму беларускай мове. «Глупствам з'яўляецца,— гаварыў ён,— пагарджаць мовай адной краіны i ўзносіць да неба мову другой». На беларускай мове Сымон Будны напісаў i выдаў у 1562 годзе ў Нясвіжскай друкарні адзін з найбольш значных сваіх твораў — «Катэхізіс», прызначаны для «паспалітнага люду», а таксама іншыя кнігі.

Мяне захапілі яркія, багатыя фарбамі старажытныя роспісы — карціны на біблейскія тэмы, што былі на сценах i столі касцёла, а таксама шматлікія скульптурный ўпрыгожанні i прадметы дэкаратыўнага мастацтва. Пра ix я ведаў раней з літаратуры, у тым ліку ад Сыракомлі, але бачыў упершыню. Сам касцёл таксама быў цікавы для мяне як архітэктурны помнік мінулага. Пабудаваны ён быў яшчэ ў XVI стагоддзі па праекту італьянскага архітэктара Яна Марыі Бернардоні, якога запрасіў князь Мікалай Хрыстоф Радзівіл-Сіротка. Князь задумаў зрабіць у гэтым касцёле скляпенне для пахавання членаў свайго роду. Кажуць, i цяпер там стаяць дубовыя ацынкаваныя труны з пахаванымі князямі розных пакаленняў. Пра гэтыя труны мне ўспомніўся верш Уладзіслава Сыракомлі, у якім ён вельмі ясна, з характэрнай для паэта іроніяй i выкрывальнай сілай выказаў свае адносіны да «мажнаўладцаў» — прыгнятальнікаў народа:

З трун гнілізнай вее — хоць там арыстакраты
Ляжаць у бальзаміне, злажыўшы галовы.
Згнілі паны i пані, адно ўбор багаты,
Шкілет, герб гавораць пра ix шлях жыццёвы.
Хацелі застацца ў гісторыі, у памяці люду,
Золатам ды крывёю свае імёны пісалі.
Так, былі i яны людзі — тут блюзніць не буду.
Толькі што, каб яны раптам з труны паўставалі?
Зноў бы беглі да ix на паклон, па спагаду,
А яны адварочвалі б вочы з пагардай?..
З касцёла завяла мяне вуліца да замка, дзе цяпер санаторый «Нясвіж». Зялёныя агромпістыя насыпы-валы, тоўстыя мураваныя сцены палаца, вузкія высокія вокны, глушыня ўнутранага двара — адусюль веяла старажытнасцю, часамі, якія даўно праляцелі над светам, але якія, здавалася, нейкім чынам затрымаліся, зачапіліся тут за гэты вось грудок зялёнае зямлі.

Свае ўражанні ад велічы нясвіжскага замка Уладзіслаў Сыракомля выказаў у санеце, які так i назваў «Замак». Наогул, у Нясвіжы няма месца, якое б ён не апеў у сваіх паэтычных радках. Напрыклад, у цыкле санетаў «Успаміны Нясвіжа» паэт расказаў i пра Радзівілаўскія муры («Канторшчык бедны, там сядзеў я днямі»), i пра агульны выгляд горада («Малы занушчаны горад стаіць у руінах»), i пра Слуцкую браму, i пра радзівілаўскі звярынец Альбу з летнім палацам, які, дарэчы, як з абурэннем піша Сыракомля ў «Вандроўках», быў, ужо ў яго час, «рукою нейкага спекулянта перароблены на простую гаспадарчую ферму», ад чаго «пазбавіўся сваёй аздобы». Шмат нясвіжскіх пейзажаў першай палавіны XIX стагоддзя рассыпана i ў выдатнай паэме Сыракомлі пра яго «школьныя часы».

Пра ўсё гэта я ведаў, прачытаўшы Сыракомлю, асобныя радкі i строфы былі ў памяці. Таму, калі блукаў па Нясвіжу, было такое ўражанне, быццам горад мне даўно знаёмы i я цяпер толькі прыпамінаў, пазнаваў вядомыя мне мясціны.

На ўскраіне горада, за старым змрачнаватым паркам, мне падалося, што я іду якраз па той дарозе, якую некалі князь Кароль Радзівіл усыпаў соллю i ездзіў па ёй летам на санях, запрэжаных мядзведзямі. Дзядзька, які скошваў па броўках густы пырнік, пацвердзіў маю здагадку: сапраўды, гэта тая «белая» дарога, пра яе ён чуў ад старых. Пра гэтую дарогу, пра дзікія свавольствы князя пісаў i Сыракомля — як у нарысах, так i ў паэтычных творах. Князь марыў аб славе, аб людской памяці, a дабіўся таго, што паэт «увекавечыў» яго як тупога i бяздушнага самадура, самахвальца, часовая «вядомасць» якога вырасла на народнай крыві. Смяротны прысуд вынес яму паэт у сваёй «Народнай гутарцы» — «Ілюмінацыя», пачутай тут, у Нясвіжы, ад старой беларускай жанчыны.

Князь нясвіжскі Кароль, дайце веры мне, дзеткі,
Пэўна, мора меў грошы,
Нечувана нідзе, дый не бачана гэткай
I за светам раскошы.
Колькі птаства на кухню ішло, колькі трункаў,
Як ігралі музыкі,
Калі князь на дзівосы свае i частункі
Панства рознае клікаў.
От, вядома, шалеюць з раскошы магнаты,
Шум i смех у палацы;
Плацяць плачам за гэта змарнелыя хаты,
Плацяць чорнаю працай.
Гэта, так сказаць, «запеў» гутаркі, дзе дадзена агульная характарыстыка Кароля Радзівіла. Далей Уладзіслаў Сыракомля — вуснамі боларускай жанчыны — расказаў пра дзікі факт свавольства i здзеку з народа ўсеўладнага князя-самадура. Задумаўшы гучна правесці свае ўгодкі, князь загадаў усім жыхарам Нясвіжа паліць паходні. Жанчына, ад імя якой вядзецца апавяданне, не магла выйсці на вуліцу, каб паліць на сваім слупу ліхтар,— у яе на руках было хворае дзіця. Тады служка з ратушы, паразбіваўшы ў хаце вокны, вырваўшы з рук дзіця, сілай выцягнуў яе на вуліцу. Дзіця, якое заходзілася ад плачу, засталося ў напоўненай холадам хаце адно.

Там венгерскае п'юць, забаўляюцца госці
У раскошы, ў багацці,
А тут паліць святло i па сыне галосіць
Змізарнелая маці.
Калі ж князю крычаць пачыналі віваты,
Зычыць год яму многа,
Я дабегла да сына ў халодную хату,
Ды знайшла нежывога.
У гэтай гутарцы — увесь Сыракомля з яго нянавісцю да прыгнятальнікаў, з яго шчырым спачуваннем да жыцця бяспраўнага беларускага селяніна.

Ходзячы па крывых нясвіжскіх вуліцах, я прыглядаўся да старых камяніц, да рэштак мураваных калон, гадаючы, дзе была, напрыклад, тая дамініканская школа, у якой вучыўся Сыракомля, i дзе той дамок, у якім кватараваў паэт. «Школа была ў кляшторы, а кватэры ў месце» (гэта значыць, у горадзе), чытаў я ў «Школьных часах». Але дзе канкрэтна яны былі? Я дастаў з сакваяжа i разгарнуў «Вандроўкі». З партрэта зноў глядзелі на мяне спакойныя вочы паэта, якія як бы гаварылі: што ж, разгадвай маю загадку, разгадвай, я сваё слова сказаў.

Сёння Нясвіж, канешне, змяніў свой выгляд. Новыя, шматпавярховыя дамы, школы, магазіны, адміністрацыйныя будынкі, нядаўна пабудаваная аўтастанцыя — добра ўпісваюцца ў стыль горада, мірна суседнічаюць са старажытнымі пабудовамі. I ўсё ж хацелася б, каб слаўнае мінулае горада неяк было ўвекавечана ў памяці нашчадкаў. Думаю, напрыклад, што помнікі такім двум выдатным сынам Беларусі, як Сымон Будны i Уладзіслаў Сыракомля, якія праславілі Нясвіж, якія аддалі яму добрую частку сваіх сэрцаў,— былі б тут вельмі да месца. Тым больш, што Нясвіж усё болей і болей прыцягвае да сябе сваімі старажытнымі помнікамі турыстаў, якія з цікавасцю пазнаёміліся б таксама з жыццём i творчасцю гэтых выдатных культурных дзеячаў.

У 1844 годзе, згуляўшы вяселле з семнаццацігадовай Паўлінай Мітрашэўскай, Уладзіслаў Сыракомля пакінуў сваю канцылярскую службу ў Нясвіжы i пераехаў з жонкаю ў Залуча — ціхі салаўіны куток на беразе Нёмана, дзе малады паэт задумаў пагаспадарыць на зямлі. Цяністай асфальтаванай дарогай, аздобленай высознымі кацярынінскімі бярозамі (якія, дарэчы, пачалі ўжо там-сям падаць), пагойдаў — праз сто з чвэрцю год — i мяне аўтобус услед за паэтам — да ціхаплыннага Нёмана.

КРАЙ ПАЭТАЎ


Птушкі Нёмана. Залуча — радзіма песень. З рукапісам i матыкай. «Гнёзды» паэтаў. Гід — Сыракомля. След аратага, які памёр 10 жніўня 1851 года. Як гараць кнігі? «Нa начлег, да зялёнага гаю». Нараджэнне песні.


У высокай, рыжаватай ад метлюкоў траве, не чапанай ні каровінымі зубамі, ні авечым капытом (тут — сенакос), стракаталі нябачныя конікі. Над зелянінай лугоў — адсюль, з узгорка, яны відаць далека — стаяла, трохі прымружанае воблакамі, сонца. Аднекуль, здаецца, з таго унь раскідзістага куста, узляцела i пачала кружыць над паплавамі кнігаўка. Яе прарэзлівае «кні-гі! кні-гі!» то прыбліжалася да нас, то зноў аддалялася, прападаючы недзе за Нёманам. Ён, бацька Нёман, хаваючыся ў аеры, ішоў, аказваецца, зусім блізка. Яго лёгка было пазнаць па ланцугу лазнякоў, які, выгінаючыся, цягнуўся нізам логу.

Так, гэта было яно, Залуча (дарэчы, якраз так гавораць мясцовыя жыхары, а не Залучча, як пішуць некаторыя аўтары). Тое Залуча, дзе восем гадоў пражыў, арандуючы панскую зямлю, Уладзіслаў Сыракомля. Залуча, якім памечаны вельмі многія выдатныя творы паэта, напісаныя ў гэтым зацішным куточку беларускай зямлі, такія, да прыкладу, як «Хадыка», «Вясковы лірнік», «Добрыя весці» (на беларускай мове), «Пра закляты скарб», «Аб Заблоцкім i мыле», «Над калыскай», «Прысвячэнне літвінам народных гутарак», нарэшце, «Паштальён», верш, які потым стаў шырока вядомай рускай народнай песняй «Ямщик». Тут, у Залучы, паэт шмат працаваў над перакладамі польскіх паэтаў-лаціністаў, а таксама над даследаваннем па гісторыі Беларусі, яе гарадоў i мястэчак, быту беларускага селяніна.

«Залучы, часу ціхай працы i патайнага, нябачнага для вока набірання сіл,— пісаў у сваёй кнізе пра Сыракомлю А. Драгашэўскі,— абавязаны паэт найшчаслівейшым гадзінам свайго жыцця». Пасля Залучы,— працягваў крытык,— «новых канцэпцый, вышэйшых ці хоць бы інакшых адносін да свету, да людзей, да прыроды ўжо не спадзяваймася... Творы пісацца яшчэ будуць, але плынь паэзіі будзе ліцца выжлабленым ужо рэчышчам, страціўшы свой разгон».

Пра Залуча, пра беларускую прыроду ў паэта назаўсёды засталіся самыя светлыя ўспаміны:

У дні маладыя, у час мой шчаслівы
I я араў наднямонскую ніву.
Знаю, як люд там жыве у хацінах,
Як жаць грамадою выходзяць жанчыны.
Я тыя лугі ўсе па паху пазнаю,
Пa смаку ваду з той бруі адгадаю.
Сюды, у ціхі паэтаў куток, мяне прыкаціла «Волга», якую мне далі ў рэдакцыі стаўбцоўскай раённай газеты «Прамень». Ca мной былі фатограф газеты Міша Пражэнік i сакратар партарганізацыі мясцовага калгаса Мікола Кавальчук, хлапец гадоў дваццаці двух, якога мы «прыхапілі» ў Аталезі — цэнтры калгаса. Абодва хлопцы вельмі зацікавіліся сваім земляком Уладзіславам Сыракомлем i з ахвотай ездзілі са мной па яго мясцінах.

Па шырокіх, здзічэлых кустах бэзу, што зелянеў, як астравок, сярод паджоўклага ўжо жыта, мы адразу пазналі на ўзгорку арандатарскую сядзібу. Пра яе нам расказала ў Жукавым Барку васьмідзесяцігадовая бабулька, дадаўшы пры гэтым, што недзе там, як чула яна ад старых, схавана залатая калясачка. Сярод травы мы знайшлі валун з падмурка, старыя, з імхом цагліны, не зусім яшчэ засыпаныя ямы — ці не ад склепаў? Так, якраз тут i стаяла, пэўна, Сыракомлева хата. Канчаткова ўнэўніліся мы ў гэтым, прачытаўшы раздзел «Вандровак» пра Залуча i верш «Пра маю старую хату», у якім паэт пакінуў вельмі дакладнае яе апісапне:

Паркановай трапіш вулкай
Да старой пахілай хаты.
Да зямлі яе прыгнула,
Мох страху закрыў i латы.
Цераз шчыліны ў драніцы
Можна немаль бачыць неба.
Гэта ўсё — мая святліца,
Лепшай мне нідзе не трэба.
Астракол, нібы на варце,
Каля весніц, перад ганкам.
A ў аградачцы, пры хаце,
Густалісты бэз альтапкай.
Праз аградку бачыш поле,
Як плыве здалёку Неман.
А пры шчыльным астраколе
Ля вулля пчаліны гоман.
Тут мае ўсё ў агародзе,
Хоць убога ў ім i дзіка.
Тут я ў радасці, ў нягодзе
З рукапісам i матыкай.
(Пераклад Ул. Дубоўкі.)
Магчыма, у гэтым кутку «ціхай працы» Сыракомля застаўся б да канца свайго жыцця, калі б аднойчы не напаткала яго няшчасце: смерць дзяцей. «Магіла на Стаўбцоўскім могільніку,— пісаў пра гэта паэт,— забрала ў мяне двое дзяцей — маю самую светлую надзею на будучыню. Хто не быў бацькам, ніколі не марыў, не зразумее таго болю...» З гэтай часіны,— прызнаваўся ён,— «старана, так дарагая сэрцу, стала для нас невыноснай... Не ведаючы, дзе ўзяць сілы для таго, каб застацца сярод тых мясцін i тых успамінаў, кінуўшы жменю пяску на апошнюю дамавіну, вырашыў я, як сапраўдны бадзяга, падацца адсюль, куды вочы глядзяць». «17 верасня 1852 года,— з роспаччу працягваў Сыракомля...— развітаўшыся з добрымі прыяцелямі i кінуўшы затуманены слязамі погляд на дом, які перастаў ужо быць маім, i на аколіцы, так любыя сэрцу, рушылі мы ў дарогу на Мінск — да Вільні». (У Вільні, заўважу, паэт так i нe знайшоў ужо шчасця: змучаны непасільнай працай, прыціснуты бясконцымі нястачамі, паэт хутка згас, пакінуўшы за плячыма ўсяго 39 год жыцця.)

Злева ад Залучы, калі стаць тварам да Немана, відаць хаты Жукавага Барка. Залуча — гэта бліжэйшая аколіца вёскі, яе выган. Нездарма паэт называў Жукаў Барок сваім. Мікола Кавальчук, які быў не абыякавы да гісторыі свайго краю, расказаў мне, што ў Жукавым Барку нарадзіўся знаны вучоны XVIII стагоддзя Саламон Майман, які быў знаёмы з Кантам i Гётэ i выдаў на нямецкай мове каля 30 прац па філасофіі i матэматыцы. Я ведаў пра Маймана з «Вандровак» Сыракомлі, які пісаў пра яго як пра «вялікага чалавека», «вядомага ў свеце вучонага», ведаў пра тое, што Майман некаторы час жыў у Нясвіжы, а вось што ён родам з Жукавага Барка — пачуў упершыню. Гаворачы пра Саламона Маймана, Мікола прызнаўся, што, як гэта ні сорамна, ён дасюль чамусьці нічога не ведаў аб пражыванні ў Залучы Сыракомлі i цяпер быў прыемна здзіўлены. Ён здзівіўся яшчэ больш, калі я расказаў, што ў Жукавым Барку ў той жа час, што i Сыракомля, жылі яшчэ два пісьменнікі — аўтар многіх раманаў i аповесцей з жыцця Беларусі Адам Плуг (сапраўднае імя Аытоні Пяткевіч; дарэчы, Пяткевічы i цяпер ёсць у вёсцы) i беларускі паэт Вінцэсь Каратынскі, якога, паводле сведчання літаратара Юльяна Гарайна, адкрыў тут Сыракомля, дапамог яму выйсці ў людзі. Адным словам, мы прыйшлі да вываду, што Жукаў Барок — цэлае гняздо паэтаў. Мусіць, якраз яго i меў на ўвазе крытык Спасовіч, калі пісаў у 1889 годзе ў артыкуле «Уладзіслаў Сыракомля»: «З усіх родных зямель нашых найбольш багаты не толькі на мінеральныя крыніцы, але i на кастальскія крыніцы самароднай паэзіі — край прынёманскі». I гэта гаварылася задоўга да таго, як у «прынёманскім краі» забілі новыя, магутныя i чыстыя «крыніцы самароднай паэзіі». Гэта — Нізок з аколіцамі, дзе загучалі такія самабытныя галасы нашай беларускай літаратуры, як Паўлюк Трус, Кандрат Крапіва, Пятро Глебка. Гэта — Пясочнае, якому мы абавязаны многімі папулярнымі песнямі, напісанымі яго ўраджэнцамі — Анатолем Астрэйкам i Адамам Русаком. Гэта, нарэшце,— Мікалаеўшчына, калыска неўміручага Якуба Коласа, дзе сёння ўзышоў новы літаратурны падлесак — маладыя, здольныя беларускія паэты Мікола Маляўка, Алесь Камароўскі, Мікола Міцкевіч.

Пакінуўшы каля былой паэтавай хаты машыну, мы вырашылі прайсці па вуліцы Жукавага Барка. У праваднікі ўзялі Сыракомлю, разгарнуўшы яго «Вандроўкі»:

«Праз пясчысты насып уязджаем у вёску Жукаў Барок,— працавіты люд урабіў праз вякі бясплодныя пяскі — збажына тут буйней кусціцца, чым у аколіцы; люд сярэдняга росту, лагодных славянскіх рысаў твару, у чорных з дамашняй воўны сярмягах, заклапочана снуе на сваіх шнурах. Вітаем яго па даўняму звычаю словамі: «Бог у помач» i ад сэрца зычым яму поспеху ў яго мазалю. Веска балоцістая, бо ў нізіне, i хоць малая — складаецца з якіх дзесяці хат — усё ж, дзякуючы таму, што побач Неман,— можа пахваліцца кузняй, млынам, царквой, плябаняй, лясніцтвам, вялікай новай карчмой i паромам».

Канешне, ні «чорных сярмяг», ні «шнуроў», ні балота не было тут цяпер i ў паміне. Але што ж, цікава, засталося са старых пабудоў? Каля берага Немана мы знайшлі стары каменны млын. Пануры, з бародкамі імху, зарослы быльнягом — колькі праз яго ўцякло вады!

Але мяне больш за ўсё цікавіла уніяцкая царква, якую, як піша на той жа старонцы Сыракомля, «каля 1720 году залажыу» тут «Кароль Станіслаў Радзівіл, літоўскі канцлер». Аказваецца, яна прастаяла тут усе свае 250 гадоў i толькі нядаўна была знесена. На яе месцы мы знайшлі кучы бітай цэглы i друзу. Мікола Кавальчук шчыра шкадаваў («Гэта было не пры мне, я б такога не дапусціў»). Ён пры гэтым расказаў мне, што ў царкве было шмат кніг, у тым ліку старажытных, а таксама рукапісных, дзе рэгістраваліся ўсе падзеі вёскі, асабліва нараджэнне, шлюб, смерць прыхаджан. Усе гэтыя кнігі, як яму сказалі, перавезлі ў Стоўбцы, пра ix павінны ведаць у раённым аддзеле культуры.

Я адразу ўзгарэўся паехаць зноў у Стоўбцы: гэтыя кнігі, асабліва рукапісныя, былі б для мяне выдатнай знаходкай. Яны, канешне ж, шмат чаго расказваюць пра ўсё «паэтычнае гняздо» — i пра Саламона Маймана, i пра Вінцэся Каратынскага, i пра Адама Плуга, i пра Уладзіслава Сыракомлю! У ix, пэўна ж, хаваецца нямала тайнаў, якія памогуць даследчыкам вельмі многае растлумачыць з гісторыі нашай культуры i літаратуры. Мне ж, у прыватнасці, яны б дапамаглі разгадаць «загадку Сыракомлі». У паэта, як вядома, ёсць нямала твораў, напісаных на матэрыяле жыцця мясцовых сялян. Маючы пад рукамі запісы вясковых падзей, можна б было дакладна даведацца, наколькі праўдзівы быў паэт у сваіх творах, што было асновай яго творчасці, як ён выкарыстоўваў у ёй мясцовыя факты. Мне ўспомніўся, у прыватнасці, пранікнёны верш Сыракомлі «Араты да жаваранка», у якім паэт расказвае пра вельмі звычайную, а таму яшчэ больш жахлівую з'яву ў жыцці тагачаснага беларускага селяніна вясновы голад.

Ты ўжо звоніш, жаўраночку, я ару таксама.
Табе легка — заляці, брат, да нябеснай брамы,
Раскажы там аб ратаях, долi невясёлай:
Люд вясне не рад, бо ходзіць голад зноў па сёлах.
Чалавек прачнецца рана — рук крануць не ў сіле,
Песню сноў бы, толькі грудзі з голаду застылі.
Што нам кліч вясны-красуні, ранак той чароўны,
Калі зноў i зноў па мёртвых звоніць звон царкоўны.
У канцы верша стаіць дата: «10 красавіка 1851 г.». I месца напісання твора — «Залуча». Відаць, паэт гэты страшны голад бачыў якраз тут, у Жукавым Барку. Каб упэўніцца ў гэтым, дастаткова перагартаць тыя рукапісныя кнігі з рэгістрацыяй смерці сялян за час, якім памечаны верш. Можна на падставе тых запісаў, дакументальна дамаляваць карціну той сялянскай бяды. I гэтым самым упэўніцца, якія жыццёвыя крыніцы жывілі творчасць паэта.

Гэтак жа сама можна, мусіць, даведацца i пра жыццёвую аснову верша «Пахаванне маладога аратага», напісанага ў тым жа, 1851 годзе, толькі 10 жніўня. У ім паэт з вялікім спачуваннем («Чую, як кроў мая стыне ля сэрца») расказвае, як вязуць на могілкі i хаваюць зусім яшчэ маладога селяніна, загубленага цяжкім паднявольным жыццём. Ёсць пра верш сведчанне Вінцэся Каратынскага, які быў сакратаром Сыракомлі: «Штуршок да напісання гэтага верша даў Кандратовічу сапраўдны выпадак у вёсцы Жукаў Барок, якую арандаваў паэт». Наколькі дакладныя гэтыя словы? Хто быў той «малады араты»? Адказ на гэтыя пытанні, напэўна ж, хаваецца ў царкоўных запісах — такая падзея не магла прайсці міма царквы.

Такім вось чынам можна б было «праверыць» шмат якія вершы Сыракомлі.

Але мае надзеі лопнулі, як той мыльны пузыр, калi я, вярнуўшыся ў Стоўбцы, зайшоў у аддзел культуры райвыканкома: там мне сказалі, што кнігі з жукаборскай царквы... спалілі. Убачыўшы мае здзіўленне i расчараванне, Таіса Сцяпанаўна Дзіянава, супрацоўнік аддзела культуры, нараіла мне схадзіць да качагара, які паліў кнігі — магчыма, у яго што-небудзь ды засталося. Жыве ён недзе на вуліцы Гагарына. Зваць — Міхаіл Кандратавіч Пляскач. Што ж, на ўсякі выпадак трэба схадзіць. Вясёлы гаваркі дзядзька, у якога я папытаў, дзе жыве Пляскач, з ахвотай узяўся правесці мяне.

— Па носе пазнаю: вы — яго радня,— сказаў дзядзька.

Я толькі ўсміхнуўся, не спяшаючыся яго расчароўваць: у дзядзькі, мне здалося, засвярбеў ужо нос, нешта прадчуваючы.

Высокі, светлы дом Плескача хаваўся ў зеляніне дрэў i кустоў. Сад быў зайздросны, добра дагледжаны. Дзядзька, не гледзячы, адшчапіў прывычным рухам рукі дашчаныя зялёныя варотцы i ўпэўнена пашыбаваў на дывановай дарожцы на верандзе ў дом. Там нікога не аказалася, i дзядзька павёў мяне ў сад.

— Дзе ты там, старая развалюха? — гукнуў ён i, пачуўшы голас Плескача, дадаў:— Ідзі скарэй — госця табе прывёў. З тваёй, з Плескачовай, хеўры.

Пляскач, не надта стары, моцны чалавек, паволі расхінаючы галіны яблынь, падышоў да нас.

— Ну, пазнаёш? — пытаў дзядзька.— Пазнавай, пазнавай — нос у яго твой.

Пляскач акінуў мяне ўважлівым поглядам i паціснуў плячыма.

Каб не рабіць з сябе загадкі, я адразу растлумачыў, хто я i чаго сюды прыйшоў. Дзядзька, які мяне прывёў, пачуўшы пра нейкія кнігі, прыкметна расчараваўся i, даўшы «бывайце здаровы», хуценька паціснуў за вароты.

— Што праўда — то праўда, кнігі мы спалілі,— расказваў Пляскач.— Звалілі к нам, у качагарку — прайсці не было як. Яны там доўга ляжалі. Усе Стоўбцы хадзілі туды — што хто хацеў, тое i браў. Кніг гэтых было, можа, дзвесце — цэлая гара. Усякія там былі — i друкаваныя, i так, ад рукі пісаныя. Якім было мо па тысячы год — тоўстыя, счарнелыя, крыж залачоны пасярэдзіне. У другіх было запісана, калі хто радзіўся, вянчаўся, прычашчаўся. Я дажа сябе там быў зпайшоў... Чакалі мы, чакалі, калі ix забяруць, асвабадзяць нам праход i — па кнізе, па кнізе — пачалі падпальваць імі ў печы. Нас тады чатырох было, качагараў. На змену палілі. Больш як на месяц хапіла ix для распалу...

— А хто прывёз ix да вас, гэтыя кнігі?

— Распараджаўся імі былы намеснік старшыні райвыканкома Ліцко,— адказаў Пляскач.— Не ведаю, можа, ён не ўсе нам скінуў...

Разам з інструктарам райкома партыі Сашам Турко, вельмі цікаўным i дапытлівым хлопцам, які нядаўна закончыў універсітэт у Мінску i зараз піша кнігу па гісторыі Стаўбцоўшчыны, мы адшукалі шыкоўны, у зеляніне дом Ліцко. Жанчына, якая выйшла нам насустрач, сказала, што гаспадара дома няма — пайшоў купляць муку. Падышлі к магазіну. Саша адразу знайшоў у чарзе Ліцко.

— Кнігі? — павярнуўся да мяне сярэдпіх гадоў мужчына з поўным, старанна выгаленым тварам.— У мяне нічога не засталося — усё спалілі качагары,- і ён зноў адвярнуўся, даючы мне зразумець, што размова скончапа.

Выпадкова я даведаўся, што ў гаражы райвыканкома частка кніг, праўда, з другой, Вялікасульскай царквы, усё ж захавалася. «Я збіраўся паведаміць куды-небудзь у Мінск,— сказаў мне цяперашні намеснік старшыні райвыканкома таварыш Юнцэвіч,— i так не сабраўся дасюль».

Антон Уладзіміравіч дазволіў мне паглядзець гэтыя кпігі. Сярод ix я знайшоў камплекты «Мінскіх епархіяльных ведамасцей», кнігі царкоўных запісаў дзевятнаццатага i нават васемнаццатага стагоддзяў, дарэвалюцыйныя брашуры, кпігі на лацінскай мове. Канешне, некаму гэтыя матэрыялы будуць выдатнай крыніцай для даследаванняў. Таму, прыехаўшы ў Мінск, я пазваніў дырэктару Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва БССР Мікалаю Іванавічу Сціхараву. Мікалай Іванавіч падзякаваў мне за паведамленне i сказаў, што адразу ж камандзіруе ў Стоўбцы каго-небудзь з работнікаў, каб забраць тыя матэрыялы ў архіў.

Мне падумалася, што, магчыма, i яшчэ дзе-небудзь вось так валяюцца ў скляпеннях i гаражах каштоўныя старыя кнігі, якія многае могуць расказаць пра гісторыю нашай зямлі. Дык чаму б не зацікавіцца імі мясцовай інтэлігенцыі, камсамолу i не паведаміць у адпаведныя арганізацыі. Давайце ж, дарагія таварышы,— захацелася мне звярнуцца да гэтай інтэлігенцыі,— пакончым, нарэшце, з такой нашай абыякавасцю да культурнай спадчыны народа. Мы ж — гаспадары сваёй зямлі!

Быў ужо мяккі празрысты надвячорак. Сонца яшчэ свяціла, але дзённая гарачыня патроху спадала. Далёкая паласа лесу, паплавы i палеткі збажыны i бульбы, нічым не затуманеныя (марыва ўжо знікла), праглядваліся прарэзліва ва ўсіх сваіх фарбах — як намаляваныя. I мне раптам уздумалася, не чакаючы заўтрашняга дня, цяпер вось i пачаць сваю далейшую вандроўку ў новую мясціну, звязаную з Сыракомлем — вёску Мархачоўшчына. Балазе яна зусім недалёка ад Стоўбцаў. У Мархачоўшчыне, куды пераехалі з Кудзінавіч бацькі Сыракомлі на новую арэнду, паэт правёў частку сваіх дзіцячых i юнацкіх гадоў: сюды прыязджаў ён з Нясвіжа на канікулы, тут пасля заканчэння вучобы памагаў бацьку па гаспадарцы. Мне трэба было хоць адным вокам глянуць на тыя мясціны.

Я адправіўся туды пеша і, падсеўшы па дарозе на праезжы аўтобус, праз колькі часу быў там. Тыповая беларуская вёсачка, сярод лугоў i пералескаў. За агародамі, па зялёнай лагчыне, слаўся ўжо бялявы туман. Каля лесу стаяў роўны белы слуп дыму, які таксама потым апускаўся ўніз i вісеў на грудзях пацямнелага лесу раўнюткім поясам. Адразу, самі сабой, усплылі ў памяці радкі Сыракомлі з яго вялікай лірычпай паэмы «Народжаны Як Дэмбораг».

Вячэрнім часам, у светлым маі,
Як салавей у садку зазвоніць,
Мы з хлопцамі сельскімі мчымся па конях —
Ізноў на начлег, да зялёнага гаю...
Там столькі пссень, вясёлых жартаў,
Шчымлівых страхаў i пагаданак!
У вёсцы пеўні пяюць ужо ранак,
А нам не спіцца — шчырая варта!
Во дзе ты ўспіш гэтай ноччу маёвай:
То конь заржэ, то полымя блісне,
То птаства раптам, нібы наўмысне,
Ударыць трэллю з сядзібы альховай...
Гэтыя паэтычныя строфы, як i ўся паэма, прыйшлі адсюль, з Мархачоўшчыны. Якраз тут ганяў малады Людвік з вясковымі хлапчукамі на начлег імклівыя табуны коней, тут бачыў ён узыход i захад сонца, слухаў салаўіныя спевы i начныя шолахі лесу. Тут унершыню ўспыхнуў у сэрцы маладога паэта, узносячы яго да нябёс, магутны агонь маладога кахання.

Адсюль, ад Мархачоўшчыны, як я даведаўся, рукой падаць i да Мікалаеўшчыны — радзімы Якуба Коласа. Адна зямля, адны i тыя ж крыніцы жывілі, аказваецца, творчасць абодвух паэтаў.

Канешне, добра было б пахадзіць, як можна болей, па гэтай спеўнай зямлі, пажыщь тут месяц-другі, пазнаёміцца з усімі вясковымі дзядзькамі i цёткамі, маладымі i старымі — яны, ix расказы, я ўпэўнен, далі б мне намнога больш, чым любыя, нават самыя выдатныя кнігі. Але на гэта патрэбен час, якога ў мяне вечна не хапае.

Вярнуўшыся ў Стоўбцы i пераначаваўшы ў гасцініцы, я сеў раніцай на аўтобус, які хутка завёз мяне ў гарадскі пасёлак Мір. Гэта таксама — адна з «аколіц» Сыракомлі.

...У карчме было накурана. За столікам, застаўленым бутэлькамі i талеркамі з закуссю, лілася жывая, бесцырымонная гаворка: тут выкладваліся ўсе навіны, якія накапіліся пасля апошняга кірмашу ў аколіцы. Сыракомля, які таксама весяліўся тут з сябрамі, звярнуў увагу на сумнага, маўклівага дзядзьку, што сядзеў за суседнім столікам. «Можа, чалавеку няма за што выпіць?» Доўга не думаючы, Сыракомля наліў чарку i паклікаў да стала дзядзьку. Сябры пацясніліся, далі сесці. Калі чалавек выпіў, Сыракомля папытаў у яго, чаму ён такі сумны, што яго гэтак гняце. I вось дзядзька расказаў сваю гісторыю. Калі ён быў малады i служыў тут, у Міры, на пошце фурманам, пакахаў у адным сяле дзяўчыну. Ужо мелася быць вяселле, але здарылася няшчасце: дзяўчына заблудзілася ў час завірухі ў полі i замерзла. Везучыпошту, ён чуў, як яна клікала яго, але думаў, што яму гэта здалося. Вяртаючыся назад, ён знайшоў у снезе труп сваёй каханай...

Гісторыя, расказаная дзядзькам, вельмі ўсхвалявала Сыракомлю, i ён, вярнуўшыся з кірмашу ў сваё Залуча, запісаў яе так, як чуў, толькі ў форме верша. Праз колькі часу рускі паэт Трэфалеў пераклаў гэты твор на рускую мову пад назвай «Ямщик». Хутка пра гісторыю, пачутую Сыракомлем у Міры, спявала ўся Расія, уся Беларусь.

Когда я на почте служил ямщиком,
Был молод, имел я силенку,
И крепко же, братцы, в селенье одном
Любил я в ту пору девчонку.
Гэты варыянт гісторыі стварэння песні «Ямщик» расказала мне ў Міры пепсіянерка Аляксандра Мацвееўна Паўлоўская, якая якраз замяшчала на кароткі час сакратара мірскага гарпасялковага Савета. Аляксандра Мацвееўна, якая была актыўнай удзельніцай Беларускай работніцка-сялянскай грамады, вельмі цікавілася гісторыяй свайго краю, мясцовым фальклорам. Напрыклад, яна мне расказала, апрача ўсяго, паданне пра заклятую панну, якая, нібыта, ходзіць начамі па Мірскім замку. Ці не гэтае паданне легла ў аснову гутаркі Сыракомлі «Пра закляты скарб»? З таго, што расказала Аляксандра Мацвееўна, я даведаўся таксама, што калісьці ў Міры былі гандляры Заблоцкія.

Я адразу ўспомніў другую гутарку Сыракомлі— «Аб Заблоцкім i мыле». Значыць, з Міра, з тых вясёлых гулянак у карчме, паэт прынёс не адзін свой выдатны твор.

Калі ў пакой зайшла бібліятэкарка, Аляксандра Мацвееўна сказала ёй, знаёмячы са мной: «Чалавек цікавіцца пра нашага Сыракомлю». I сапраўды, міране могуць з поўным правам называць паэта сваім. Тут ён быў як дома. Вось як пісаў Уладзіслаў Сыракомля Рамуальду Падбярэзскаму 18 чэрвеня 1848 года: «У сваіх вандроўках па Літве, магчыма, давядзецца табе праязджаць праз Мір, там папытаеш пра мяне ў любога, хто сустрэнецца (а там кожны ведае мяне па імю, прозвішчы, псеўданіме, празванні «паэт»), то раскажа табе, дзе Залуча...»

У Міры мне даўно хацелася паглядзець старажытны замак — выдатны помнік архітэктуры Беларусь Мірскі замак! Я не здзівіўся, убачыўшы яго ў рыштаваннях: па вельмі мудрым рашэнні нашага ўрада цяпер распачата рэстаўрацыя гэтага помніка культуры беларускага народа.

На ўнутраным двары я сустрэў рабочых, якія толькі што крылі жоўтай свежай дошчачкай дахі вежаў i цяпер — па рыштаваннях — сышлі долу перакусіць. Адзін з ix, Міхал Антонавіч Крупко, расказаў мне, што некалі ён служыў у гаспадара замка — князя Святаполка Мірскага — i што той хацеў поўнасцю аднавіць гэты замак, які дастаўся яму ў спадчыну. За адзін толькі агляд яго ён меркаваў мець ад наведнікаў вялікія прыбыткі нават у той, не «модны» на турыстаў, час.

Рабочыя расказалі мне, як яны будуць аднаўляць замак, што папраўляць, што дабудоўваць. Успомніўшы, што пра Мірскі замак пісаў у сваіх «Вандроўках» Уладзіслаў Сыракомля, я дастаў i разгарнуў кнігу. На самай першай яе старонцы быў малюнак Мірскага замка. Рабочыя вельмі зацікавіліся ім: гэтаму ж малюнку было прыкладна 120 гадоў. Параўноўваючы малюнак з «натурай», мы знайшлі месца, адкуль мастак маляваў замак. Аказалася, што на пярэднім яго плане не было цяпер той невялікай прыбудоўкі-тэрасы, што значылася на малюнку. Міхал Антонавіч сказаў, што пра гэта трэба будзе паведаміць галоўнаму інжынеру, які цяпер недзе ў Мінску. Я параіў яму запісаць назву кнігі — што ж, хай i сёння паслужыць Уладзіслаў Сыракомля на карысць справе.

Ад міран я даведаўся, што не вельмі далека адсюль знаходзіцца мястэчка Паланечка, пра якое я ўпершыню прачытаў у Сыракомлі, але чамусьці не верыў у сапраўднае яго існаванне: сама назва гучала для мяне неяк экзатычна.

З Паланечкай, з яе ўладаром звязана, аказваецца, яшчэ адна старонка жыццёвага шляху Уладзіслава Сыракомлі, якую, здаецца, ніхто не адгарнуу. Але перш — пра яго ўладара. Ім быў князь Канстанцін Радзівіл, які яшчэ ў 20-х гадах знаходзіўся ў цесных сувязях з прагрэсіўнымі арганізацыямі Польшчы, Беларусі i Расіі, з'яўляўся адным з кіраўнікоў антыцарскага Патрыятычнага Таварыства. На Канстанціна Радзівіла была ўскладзена важная місія па наладжванню сувязей гэтай агульнапольскай арганізацыі з дзекабрыстамі. Дзеля гэтага ён неаднаразова сустракаўся ў Вільні з рускім рэвалюцыянерам Аляксандрам Бястужавым, меў з ім працяглыя гутаркі на рэвалюцыйныя тэмы, потым вёў перапіску. Вядома, Канстанцін Радзівіл не пазбегнуў бы кары, але Пецярбургскі следчы камітэт даведаўся пра гэта позна: калі следства над дзекабрыстамі закончылася. Даведаўся тады, калі было выкрыта Патрыятычнае Таварыства i Канстанцін Радзівіл аказаўся ў сувязі з гэтым арыштаваным. У саракавыя гады князь жыў у сваім маёнтку ў Паланечцы і, як відаць, не здрадзіў сваім ліберальным перакананням. Ён групаваў вакол сябе мясцовую прагрэсіўную інтэлігенцыю, прыкладаў памаганні па развіццю культуры краю.

Яркім сведчаннем гэтага з'яўляецца тое, што ў яго палацы ў Паланечцы знаходзілася рэдакцыя часопіса «Люд i час», які выдаваў Януары Філіповіч. Часопіс «Люд i час» меркавалася зрабіць цэнтрам культурнага жыцця краю «па Віліі i Неману». Адной з асноўных яго задач з'яўлялася вывучэнне мовы, звычаяў i фальклору мясцовага люду, г. зн. беларускага народа.

Уладзіслаў Сыракомля з ахвотай прыязджаў да князя Канстанціна Радзівіла, які даў прытулак рэдакцыі такога часопіса. Вось як гаворыць пра гэта ў сваіх «Карцінах з узбярэжжа Нёмана» Вінцэсь Каратынскі: «Кандратовіч... абыходзіў панскія дамы, ахвотна кружачыся толькі ў шэрай сферы. Адзіным з гэтага выключэннем быў дом князя Канстанціна Радзівіла ў Паланечцы».

У стварэнні часопіса, як відаць, Уладзіслаў Сыракомля прымаў самы актыўны ўдзел. Калі выйшаў першы нумар часопіса, паэт адразу ж адгукаецца на гэтую падзею станоўчай рэцэнзіяй у газеце «Tygodnik Petersburski». Гаворачы ў ёй пра змешчаныя ў часопісе апісанні абрадаў i вясельныя песні беларускага народа, сабраныя ў Падзвінні, Сыракомля заклікае мясцовую інтэлігенцыю збіраць народную паэзію: «Будзем жа цаніць гэтыя працы, рабіць усё, каб яны з'яўляліся i далей. Хочацца верыць, што мы хутка будзем мець камплектны збор песень народа з усіх мясцовасцей нашага краю». Заканчваючы рэцэнзію, Ул. Сыракомля прапаноўвае літаратарам падтрымаць маладое выданне.

На жаль, першы нумар часопіса «Люд i час» аказаўся i апошнім. Быў падрыхтаваны i другі нумар, але ён па невядомых прычынах не ўбачыў свету. Адзіны нумар «Люду i часу» стаў помнікам культурнага руху, які распачынаўся ў Беларусі ў першай палавіне XIX стагоддзя.

Да Паланечкі з Міра з'ездзіць мне не ўдалося: дзень ужо быў на зыходзе, i я проста не знайшоў у той бок ніякага транспарту.

«ПІЛІГРЫМ» У КАНЦЫ ВАНДРОУКІ


Сцежкі двух песняроў. Вучоныя думкі. Што такое адзінота? Горад Ізяслава. Купіць з лесам рэха. Каб не лопнуць. Памяць пра родны край.


З Міра я трапіў у Навагрудак, дзе сцежкі Сыракомлі перапляталіся са сцежкамі вялікага Адама Міцкевіча: абодва паэты, хоць i ў розны час, вучыліся, як сведчаць даследчыкі, у адной i той жа школе. Сыракомля, хоць i ў меншай ступені, чым Міцкевіч, але ўсё ж ведаў Навагрудчыну, хадзіў па яе дарогах. Ёсць весткі, што ён быў частым госцем у «міцкевічаўскіх» Шчорсах, дзе па матэрыялах бібліятэкі Храптовічаў займаўся вывучэннем гістарычнага мінулага Беларусі.

Пра ўсё гэта не забываюць навагрудчане. У даволі багатым краязнаўчым музеі Валеўскай сярэдняй школы, што за два кіламетры ад возера Свіцязь, ёсць добра аформлены стэнд пра Уладзіслава Сыракомлю. Экспанаты, звязаныя з жыццём i творчасцю паэта, бачыў я i ў Шчорсаўскім краязнаўчым музеі. На жаль, у вялікім, добра абсталяваным музеі Адама Міцкевіча ў самім Навагрудку не знайшоў пра Сыракомлю нічога, хоць, як вядома, «вясковы лірнік» быў выдатным прадаўжальнікам справы вялікага польскага паэта, яго дэмакратычпых традыцый.

Канешне ж, гэта ідзе ад нашага няведання гісторыі, у дадзеным выпадку, ад неразумення важнай ролі прагрэсіўнай польска-беларускай (польскай — па мове, беларускай — па паходжанню) інтэлігенцыі XIX стагоддзя ў развіцці грамадска-палітычнай думкі, культуры Беларусі. А яна ж у гэтай справе зрабіла вельмі многа. Уладзіслаў Сыракомля быў якраз адным з найбольш тыповых прадстаўнікоў гэтай інтэлігенцыі.

Узяўшы тэмай свайго даследавання творчую дзейнасць «вясковага лірніка», я паспеў к гэтаму часу перавярнуць нямала літаратуры, надыхацца ў літаратурным сэнсе пылам вякоў, падымаючы ў архівах Мінска, Вільнюса, Львова пажоўклыя ад часу паперы, многія з якіх пасля Сыракомлі не бачылі вочы даследчыкаў. Я перачытаў амаль усё, што выйшла з-пад пяра паэта. Тое, што здолеў знайсці ў кнігасховішчах Савецкага Саюза, а таксама i часткова ў Польшчы, наладзіўшы з асноўнымі бібліятэкамі ПНР перапіску i ўзаемны абмен фотакопіямі патрэбных матэрыялаў. I перада мной паступова вырысоўваўся творчы парітрэт выдатнага паэта-дэмакрата XIX стагоддзя, яго чалавечы воблік — такі, які быў у сапраўднасці. Больш правільна зразумець паэта дапамагала мне i гэтае падарожжа па яго слядах.

Дык хто ж ён такі, гэты Уладзіслаў Сыракомля? Што значыць ён для нас, беларусаў? Якое месца павінен займаць ён у гісторыі нашай культуры?

Непрымірымы вораг прыгонніцтва, Уладзіслаў Сыракомля стаяў у самым цэнтры антыпрыгонніцкага руху на Беларусі. Вось як успамінала пра ўздзеянне яго паэзіі на грамадства таго часу Э. Ажэшка: «Як звычайна бывае, на гэты велізарны разумовы рух уплывала многа фактараў, у тым ліку i літаратура. Сялянскія аповесці Крашэўскага чыталі, разрывалі на часткі, развозілі. «Абломак» Качкоўскага меў поспех... але самае моцнае ўражанне тут, на Літве, рабіла паэзія Сыракомлі». Далей Э. Ажэшка гаворыць, што ёй добра запомніўся «вялікі дэмакратычны і, разам з тым, узвышаны дух» яго вершаў. Гэты «вялікі дэмакратычны дух» паэзіі Ул. Сыракомлі быў галоўнай прычынай таго, што «вясковы лірнік», як сцвярджаюць сённяшнія даследчыкі польска-рускіх літаратурных сувязяў, «побач з Бёрнсам i Шаўчэнкам быў адным з найбольш любімых паэтаў рускай інтэлігенцыі». А. М. Горкі ставіў яго ў адзін рад з Пушкіным, Шэлі, Гейнэ, Міцкевічам. Захоплены вялікім антыпрыгонніцкім пафасам творчасці Ул. Сыракомлі, яе глыбокай народнасцю, рускі крытык М. Аксакаў называў вясковага лірніка «сапраўды народным паэтам, народным гусляром». Высокім тытулам народнага паэта надзяляюць Ул. Сыракомлю ў розныя часы i польскія даследчыкі яго творчасці — Ю. Крашэўскі, А. Тышынскі, А. Драгашэўскі, Ул. Спасовіч, В. Кубацкі, Ю. Гамуліцкі, Ф. Беляк i інш.

«Я літвін»,— казаў неаднаразова паэт i падкрэсліваў, што i яго «прапрадзед» быў «шчырым літвінам». «Літоўскім лірнікам», «літоўскім паэтам», «песняром Літвы» называлі Ул. Сыракомлю ў польскім, рускім i замежным друку пры яго жыцці i доўгі час пасля смерці. Вось што пісаў, напрыклад, М. Аксакаў: «Калі паэт можа прысвяціць усю сваю дзейнасць аднаму якому-небудзь прадмету, вакол якога, як бы вакол агульнага цэнтра, лунаюць i кружацца ўсе вобразы, думкі яго летуцепні, у якім, нібы ў фокусе, збіраюцца ўсе водгукі i ад якога ўсе любоўныя струны яго атрымліваюць асаблівы водгалас i каларыт,— то такім прадметам, бясспрэчна, з'яўляецца для Сыракомлі Літва. Куды б ні накіраваўся вольны лёт яго натхнення, у якую б сферу ні залятала думка яго, якія б ні кранаў ён струны душы — заўсёды... выступае з масы вобразаў усё адзін i той жа вобраз айчыны, які ён па-мастацку i любоўна малюе». Тое самае канстатуе, напрыклад, i В. Касцялкоўская, называючы Сыракомлю «песняром Літвы». У гэтым жа не раз прызнаваўся сам паэт:

Пра адно я толькі спяваю, хоць на розныя ноты:
Хай жыве наша Літва! Хай жывуць літвіны!
У вершы «Што ўмею намаляваць» Ул. Сыракомля таксама сцвярджае, што, калі ён бярэ ў рукі аловак, заўсёды ў яго атрымліваецца «альбо літоўская хатка, альбо касцельчык вясковы, альбо дворык літоўскі». «Нічога іншага,— гаворыць паэт,— я не ўмею маляваць на паперы: толькі тое, што палюбіў усёй сваёй душой».

Літвою Ул. Сыракомля, як i наогул яго сучаснікі, называў Беларусь. Тут (веска Смольгаў на Любаншчыне) у 1823 годзе нарадзіўся паэт, тут (спачатку на Палессі, а потым на Нясвіжшчыне i Стаўбцоўшчыне) правёў ён асноўную частку свайго жыцця. Апошпія дзесяць год (1853-1862) Ул. Сыракомля пражыў у фальварку Барэйкаўшчына, што на дарозе з Вільні да Ашмян. Тут паэт таксама быў сярод беларускага насельніцтва. Пра гэта сведчыць сам Ул. Сыракомля, сцвярджаючы, што «люд падвіленскі... гаворыць па-русінску», г. зн. па-беларуску. Тое, што Ул. Сыракомля, гаворачы пра Літву як сваю радзіму, меў на ўвазе не што іншае, як Беларусь, добра разумелі праз 50 год пасля яго смерці нават польскія аўтары. Ч. Янкоўскі ў артыкуле «Літва» Сыракомлі» пісаў, што, калі б Сыракомля ўстаў з магілы, то ён «аказаўся б не на Літве, а на Беларусі, дзе ўбачыў Кандратовіч святло i дзе пражыў свой век — паміж Залучам i Барэйкаўшчынай». Вядомы польскі літаратуразнаўца А. Брукнер, азнаёміўшыся з творчасцю паэта, прыйшоў да вываду, што Ул. Сыракомля «сапраўдны пясняр беларускай зямлі, ні ў якім разе не літоўска-жмудскай... яго «Улас» (г. зн. Wtas-Btażej — заўвага аўтара,— К. Ц.), «Янка — вартаўнік могільнік» i г. д., яго засцянковая шляхта, Лагода ці Дэмбарог нават — гэта сапраўдная беларуская кроў».

Toe, што Ул. Сыракомля быў усё жыццё ўлюбёны ў Беларусь, адразу кідалася ў вочы даследчыкам i біёграфам паэта. «Сыракомля,— пісаў у сваіх успамінах пра вясковага лірніка Г. Мяжэнскі,— перавышаў пачуццём i надзвычайнай любоўю да роднай зямлі, можна сказаць, усіх сучасных яму паэтаў... Словам, усё, што гэты чароўны паэт выліваў ca сваіх збалелых грудзей, дыхае сапраўднай любоўю — любоўю да ўсяго таго, што сваё, што роднае!»

Матывамі патрыятызму прасякнута ўся творчасць Ул. Сыракомлі — паэзія, драматургія, проза, публіцыстыка. Паэт лічыў, што любоў да сваёй зямлі, да бацькаўшчыны — самае высакароднае пачуццё. Ён адкрыта асуджае тых, хто адракаецца ад свайго толькi таму, што яно сваё, хто, забываючы звычаі роднага краю, слепа пераймае ўсё замежнае, чужое, хто мяняе свой родны край на чужыну. Hi адзін з тых, піша паэт у адным з вершаў, хто туляецца на чужыне, хто пазнаў там, «што дым родны значыць», цяпер, каб была магчымасць вярнуцца, «ішоў бы да Літвы абдзёрты i босы... Хворы, вярнуў бы здароўе сваёй душы ад шклянкі вады з Немана альбо Гарыні». У творах Сыракомлі можна знайсці нямала прачулых радкоў, прысвечаных родным аколіцам. Гэта вершы i паэмы пра «смутны краю Палессе» («Улас»), пра наднёманскія лугі, якія паэт можа пазнаць «па паху» («Кавалак хлеба»), пра камяніцы i паркі Нясвіжа, «дзе над сінім азерцам стаіць стары замак» («Пілігрым»), пра вуліцы Мінска, які паэт называе «родным» («Тост у доме В. Марцінкевіча», «У коле знаёмых у Мінску»), i г. д.

Патрыятызм Ул. Сыракомлі — i гэта даводзяць сённяшнія даследчыкі творчасці паэта — «быў не польскі ці літоўскі, a «лакальны», г. зн. беларускі» (А. Мальдзіс).

Адправіўшыся ў падарожжа па Польшчы (дарэчы, Ул. Сыракомля ўпершыню наведаў яе ў 1856 годзе, г. зн. усяго за 6 год перад смерцю, будучы ўжо шырокавядомым паэтам), ён заўважае: «Тут, на польскім баку Немана, усё не такое, як у нас». Падарожнічаючы па Польшчы, Сыракомля ні на міг не забывае пра свой родны край, сумуе па ім, a ўбачыўшы Карпаты, не можа ўтрымацца, каб не ўзняцца на высокую гару: магчыма, яму ўдасца ўбачыць адтуль «родную Літву».

Вядома, што Ул. Сыракомля наадрэз адмовіўся ад вабных прапаноў перабрацца жыць у Варшаву, дзе яму, як папулярнаму паэту i публіцысту, давалі пасаду рэдактара спачатку «Віblioteki Warszawskiej», а потым «Gazety Codziennej» — салідных польскіх выданняў таго часу. Вось як гаворыць пра гэта сам паэт у пісьме да А. Плуга: «Прапанову ўзначаліць рэдакцыю я не прыняў, прычыны ты павінен зразумець. Туга па краі, па сваіх, па Вільні забіла б мяне...»

Аб «лакальным» патрыятызме Ул. Сыракомлі вельмі яскрава сведчыць вершаванае апавяданне («гавэнда») «Жменя пшаніцы». Старому Сцяпану, войту, пра якога аўтар гаворыць, што «такога чалавека i ca свечкай не знойдзеш», было даручана падабраць сабе замену. Каб выбраць са сваіх трох сыноў новага войта, мудры i справядлівы стары вырашыў зрабіць ім экзамены. Ён адправіў усіх трох у розныя краіны: «Хто з чужой стараны прынясе найбольшую карысць, той стане войтам». Старэйшы сын, Рыгор, вярнуўшыся з Нямеччыны, з захапленнем расказвае бацьку i грамадзе, «які быт у немцаў мілы», якія там капелюшы i кафтаны. «Што тут казаць пра сярмягу? — гаворыць сваім слухачам Рыгор.— Крой дзівацкі ў яе, нечуваны: адразу па ёй відаць галечу! Перакройма ж світкі на кафтаны!» — «Не, яму не быць войтам!» — сказаў па гэта сам сабе стары Сцяпан. Другі сын, які ездзіў у Польшчу, у Кракаў, «тонам зуха» расказвае пра свае ўражанні: «Якая там мова! Проша пана (падкрэслена аўтарам.— К. Ц.), якія песні! Кожны напявае кракавяка. А мы спяваем так нудна...» I малады «зух» самаўпэўнена прапаноўвае сялянам: «Ведаеце, братва, якую дам параду? Кіньма нашы старыя песенькі, паспрабуем танцаваць кракавяк, а я буду весці рэй». Стары Сцяпан, які выказвае настроі i погляды сялян, адразу ж зазначае: «Не, не быць i гэтаму войтам!» I толькі трэці сын, Сымон, які з пашанай i любоўю ставіўся да культуры свайго народа i які прывёз з Украіны на развод жменю пшаніцы, заслужыў бацькава блаславенне на пасаду войта. Заканчваючы апавяданне, Ул. Сыракомля гаворыць, што толькі дурань «хоча нямецкім адзеннем пакрыць цела славяніна». Але большы дурань той, хто «пагарджае бацькоўскай зямлёй», хто мяняе родныя песні на «нейкую песеньку з чужой нівы».

Шчырую любоў паэта да Беларусі польскія шавіністы лічылі літоўскім сепаратызмам, тым сепаратызмам, у якім яны абвінавачвалі i выдатнага беларускага рэвалюцыянера Кастуся Каліноўскага, сапраўднага патрыёта Беларусі i разам з тым перакананага інтэрнацыяналіста. Ці не таму доўгі час творчасць Ул. Сыракомлі адсоўвалася недзе на задні план, ігнаравалася, на што звярнуў увагу яшчэ А. Драгашэўскі, дзівячыся «ўбоству літаратуры пра літоўскага лірніка». «Тэарэтыкі» тыпу С. Цывінскага проста заяўлялі, што ў наш век «значэнне Сыракомлі зменшылася», прызнаючы разам з тым, што яго творчасць будзе мець цікавасць больш доўгі час хіба толькі сярод шырокіх мас «на Усходніх Крэсах». Толькі сённяшнія літаратуразнаўцы Народнай Польшчы, узброеныя марксісцка-ленінскай метадалогіяй, рашуча адхіляюць гэтую недаацэнку творчасці выдатнага паэта-дэмакрата, пра што сведчыць, напрыклад, грунтоўны артыкул В. Кубацкага «Гавэнда пра Сыракомлю», дзе ён пераканаўча даводзіць, што Ул. Сыракомля — паэт «далека не малой меры».

«Сепаратызм» Ул. Сыракомлі меў у сваёй аснове класавыя карані. Перад ім стаяла дылема: з кім ісці — з польскім панам, прыгоннікам, супроць беларускага селяніна ці наадварот — з беларускім селянінам супроць польскага пана. Ул. Сыракомля фактычна выбраў апошняе.

Паэт паслядоўна, з уласцівай яму публіцыстычнай страснасцю абараняў інтарэсы запрыгоненага беларускага селяніна, змагаючыся за яго разняволенне, за адмену бесчалавечнага прыгоннага права, якое зжыло сябе як эканамічна, так i маральна. «Я край мой кармлю ад веку i маю права звацца чалавекам»,— заяўляў вуснамі свайго паэта селянін-беларус. Гэтае патрабаванне Сыракомлі аддаць народу ўсе яго чалавечыя правы пазней падхопіць i ўзніме як неадкладны лозунг часу вялікі абаронца свайго народа Янка Купала. Дарэчы, паэзія Я. Купалы, які надзвычай высока цаніў вясковага лірніка за яго дэмакратызм, за тое, што ён не забыўся «слоў беларускіх», сваімі некаторымі матывамі, вобразамі вельмі пераклікаецца з творчасцю Сыракомлі, што дае падставу гаварыць аб уплыве Сыракомлі на Купалу як аб адным са звенняў пераемнасці беларускай літаратуры. Абодва паэты былі выразнікамі самых кроўных інтарэсаў беларускага народа на розных этапах яго гісторыі: «Не я пяю, а люд божы, які песню ва мне творыць»,— гаварыў Ул. Сыракомля, падкрэсліваючы сваю непарыўную злітнасць з мужыком-беларусам, «адвакатам i прадстаўніком на Парнасе» якога быў.

Вельмі ярка i зусім недвухсэнсоўна выказаўся Ул. Сыракомля аб сваёй блізкасці да беларускага народа ў выдатным вершы «Вясковы лірнік». Паэт піша, што яго ліру «людзі пояць слязьмі». Таму ён спадзяецца, што рэха ад яго песень панясецца шырока на свеце — «ад краю да краю, да самага Дунаю, да самага Кіева». I калі-небудзь пасля яго смерці «ў акно суседа пастукае грамада чужых людзей» i скажа: «Прыйшлі мы паглядзець, дзе ваш лірнік спачывае, лірнік, знаны ў свеце». Слухаючы гасцей, «люд з усёй вёскі будзе дзівіцца i шаптаць, паціскаючы плячыма: «Адкуль яны, людзі з далёкіх краёў, ведаюць песні гэтай вёскі?» I, вядома ж, здагадаюцца, што гэта разнёс ix па свеце «наш лірнік вясковы», i таму з гордасцю «перад людзьмі з чужой зямлі ўсёй душой будуць славіць лірніка, што спяваў i жыў з імі».

Пад гэтым вершам значыцца: «Залуча, 18 студзеня 1852 года». Адсюль вынікае, што вёска, якая зможа ганарыцца сваім лірнікам i песні якой ён разнясе па свеце, быў Жукаў Барок (за паўкіламетра ад Залучанскай сядзібы паэта). Іншымі словамі, Ул. Сыракомля тут сам прызнаецца, што асновай яго творчаеці быў беларускі фальклор. I гэта зусім не голая дэкларацыя. Пра творчае выкарыстанне Ул. Сыракомлем беларускага фальклору ёсць нямала сведчанняў як польскіх, так i беларускіх даследчыкаў. Многія вершы Ул. Сыракомлі — гэта «творчае наследаванне i апрацоўка беларускіх песенных матываў» (С. Александровіч).

Як пясняр i абаронца народа Сыракомля не мог без сарказму i гневу гаварыць пра яго прыгнятальнікаў. Каб пераканацца ў гэтым, даволі перачытаць такія творы паэта, як «Ілюмінацыя», «Вызваленне сялян», «Лялька», «Нядзеля», «Эпітафія землеўласніку» i г. д. Свае адносіны да паноў вельмі выразна выказаў Ул. Сыракомля i ў вершы «Вясковы музыка», прысвечаным С. Манюшку. Стары музыка раіць маладому кінуць свой «марны» занятак, бо ва «ўбогай вёсцы» яму не шмат заплацяць: «Тут рэдка абсеўкі, дажынкі, вяселлі, тут хлеба не вельмі, гулянак не вельмі». Малады падае думку, што трэба кінуць вёску, «дзе жывуць небаракі», i адправіцца са скрыпкай туды, «дзе багатыя людзі». «О дзіця! — адказвае на гэта стары,— ...лепш знямець ca сваімі песнямі, чым стукаць у дзверы багатых... Нічым не кранеш ix, бо ў душы ix — холад, слухаюць яны з пагардай на твары». Усё гэта, вядома, не магло не раздражняць закаранелых прыгоннікаў. Так, клерыкальны «Przegląd Poznański» адкрыта нападаў на творы Ул. Сыракомлі якраз за тое, што ў ix ён убачыў «выбух... нястрыманага i ніяк не зразумелага нам гневу супроць паноў i князёў...» Ф. Беляк у заўвагах да выбранага Ул. Сыракомлі прыводзіць таксама яскравы ўрывак з верша Ф. Вэнжыка, які абвінавачваў вясковага лірніка ў тым, што ён «бэсціць» у асобных творах «польскую шляхту».

Супрацьпастаўляючы высокія маральныя якасці беларускага селяніна маральнай разбэшчанасці, фанабэрыі i ганарлівасці шляхты, Ул. Сыракомля смела выкрываў міф аб яе выключнасці, аб яе праве гаспадарыць над мужыком. Вельмі яскрава выказана гэта ў знойдзеным мною першапачатковым варыянце кнігі Ул. Сыракомлі «Вандроўкі па маіх былых аколіцах», які захаваўся ў Цэнтральнай бібліятэцы АН Літоўскай ССР. Разважаючы пра старажытнасць беларускіх вёсак, Ул. Сыракомля пісаў (гэты ўрывак выкраслены рукой цэнзара): «I не адно мужыцкае імя добра было вядома праз вякі ў сваёй ваколіцы, пакуль не з'явіліся імёны i гербы мажнаўладцаў. Калі б народ наш лепей помніў мінулае, калі б разумеў ідэі так званай гістарычнай арыстакратыі — як бы ён пасмяяўся з нашай пыхі, з таго, што мы ганарымся старажытным, трыста гадоў назад атрыманым гербам, ён, што тысячы год налічвае ў сваёй генеалогіі... Наш селянін не піша i не чытае гісторыі, але, верачы ў якое-небудзь сваё мясцовае паданне, з пагардай паглядае на шляхецкую расу, інстынктыўна адчуваючы, што мы — прыхадні адкульсьці, а ён — тутэйшы жыхар i гаспадар тутэйшай зямлі».

Якраз дзеля таго, каб беларускі народ успомніў сваё мінулае i тым самым усвядоміў, што ён «гаспадар тутэйшай зямлі», Ул. Сыракомля i ўзяўся падымаць з забыцця гэта мінулае, звярнуўшыся да гісторыі, да цікавай i самабытнай культуры беларускага народа. Гісторыі Беларусі быў прысвечаны ўжо самы першы твор Ул. Сыракомлі, які прызначаўся для друку,— вялікая i даволі грунтоўная нататка пра мінулае Нясвіжа, апублікаваная ў «Старажытнай Польшчы» М. Балінскага за 1846 год. Дарэчы, у арыгінале нататкі, які захоўваецца ў Цэнтральнай бібліятэцы АН Літоўскай ССР (аддзел рукапісаў, ф. 81—36, арк. 10-13), астаўся неапублікаваны дадатак — апісанне каштоўнасцяў Нясвіжскага замка, якое i цяпер мае цікавасць для даследчыкаў нашай культуры. Гісторыі беларускіх мястэчак (Нясвіжа, Стаўбцоў, Койданава, Міра), быту беларусаў, ix вуснапаэтычнай творчасці прысвячае паэт i сваю кнігу «Вандроўкі па маіх былых аколіцах» (1853); пра вёскі i мястэчкі беларускага Прынёмання расказвае Ул. Сыракомля ў кнізе «Неман ад вытокаў да вусця» (1861). Вялікую цікавасць мае аб'ёмістая манаграфія Ул. Сыракомлі «Мінск», якая друкавалася ў двух нумарах часопіса «Teka Wileńska» (1857). У гэтай працы аўтар грунтоўна раскрыў гісторыю Мінска, якая прасочваецца па фоне ўсёй гісторыі Беларусі, расказаў пра быт i заняткі сучасных яму мінчан, а таксама на аснове фальклору беларусаў імкнуўся паказаць старажытную культуру «крывічан». Прытым, аўтар асабліва засяроджвае ўвагу на тых фактах з гісторыі Беларусі, якія найбольш красамоўна расказваюць пра яе славу, якія самі па сабе маглі ўздымаць нацыянальны дух беларусаў. Так, значнае месца адводзіць Ул. Сыракомля разгляду «Слова аб палку Ігаравым», якое, паводле яго меркавання, напісана «на царкоўнабеларускай мове», напісана мінчанінам, з прычыны чаго Мінск павінен карыстацца славаю горада «старажытнай паэзіі, мясцовай песні, на той самай мове, на якой спявае свае песні наш народ у час жніва». Шмат каштоўнага матэрыялу па гісторыі i культуры Беларусі можна знайсці i ў дарожных нарысах Ул. Сыракомлі «Экскурсіі па Літве ў радыусе ад Вільні» (т. I — 1857, т. II — 1860). Пра гістарычнае мінулае Ашмян, Смаргоні, багушэвічаўскіх Жупран, пра быт насельніцтва гэтых аколіц шмат цікавага расказана паэтам у дарожным дзённіку, які ён вёў, едучы ў 1856 годзе праз Беларусь у Варшаву. Гэты дзённік трапіўся мне ў рукі пры азнаямленні з матэрыяламі Цэнтральнага дзяржаўнага архіва літаратуры i мастацтва Літоўскай ССР. Раскрыццю быту падвіленскіх беларусаў, ix вуснапаэтычнай творчасці прысвячае паэт шматлікія артыкулы ў «Віленскім весніку», у раздзеле «Мясцовы агляд», які вёў паэт будучы штатным супрацоўнікам газеты. Ёсць у Сыракомлі асобныя артыкулы пра Валожын, пра Нясвіжскі замак, пра ахову гістарычных помнікаў Беларусі. Захаваліся ў рукапісе накіды артыкула пра Маладзечна, дзе паэт меркаваў паказаць усю гісторыю горада, пачынаючы з далёкай старажытнасці.

Адным з найбольш важных клопатаў Ул. Сыракомлі была барацьба за права беларускага народа ствараць культуру на сваёй роднай мове. Пра гэта яскраве сведчыць даволі грунтоўнае «Кароткае даследаванне мовы i характеру паэзіі русінаў у Мінскай правінцыі», якое друкавалася ў трох нумарах «Gazety Warszawskiej», а таксама чатыры артыкулы пра творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча. Насуперак шляхце, якая называла беларускую мову «хамскей», «гміннай», Ул. Сыракомля пісаў: «Прыгожае гэта адгалінаванне славянскай мовы — крывіцкі дыялект, i стары! Бо гэта мова нашага Літоўскага Статута i справаводства на працягу двух вякоў, XVI i XVII, i распаўсюджаная! Бо смела можна сказаць, што резмаўлялі на ёй тры чвэрці даўняй Літвы, люд, шляхта i паны; пазбавіўшыся свайго пісьмовага значэння, гэтая мова сёння асталася толькі адной спадчынай сялянскіх хат...» Паэт шкадуе, што «багатая калісьці, яго (беларускага народа.— К. Ц.) мова знаходзіцца цяпер у застоі, яна перастала ўзбагачацца, а тыя, што хацелі зрабіць яе пісьмовай i тым самым заахвоціць народ да кнігі, вымушаны змагацца з многімі цяжкасцямі».

Ул. Сыракомля горача падтрымліваў i абараняў ад нападкаў рэакцыянераў беларускую літаратуру. Пасля першых двух артыкулаў пра В. Дуніна-Мерцінкевіча ў той жа «Gаzecie Wаrszаwskiej» з'явіўся водгук на ix пана Ф. Скібіцкага, які падпісваўся псеўданімам У. Аўтар гэтага водгуку, што называўся «Творы на гміннай гаворцы», выступіў супроць Сыракомлі, які з вялікай радасцю сустракаў творы на беларускай мове.

Уладзіслаў Сыракомля ў сваім новым артыкуле разбівае адзін за едным усе довады пана Скібіцкага. Перш за ўсё, прыводзячы пастаўленае Скібіцкім-пытанне: «Ці творы, напісаныя на мове беларусінаў, заслугоўваюць такога радаснага вітання, безадносна на вертасць ix зместу?», Ул. Сыракомля з перакананасцю адказвае: «Любы, на любой мове напісаны твор не заслугоўвае радаснага вітання, калі ён нецікавы, непрыдатны; але калі якая-небудзь мова або гаворка з непісьмовай становіцца пісьмовай, кожная напісаная на ёй кніжка заслугоўвае ўвагі — як довад узнікаючай патрэбы пісання на гэтай мове або гаворцы...» На другое пытанне пана Скібіцкага: «Ці зможа гэтая мова (беларуская) перадаваць усе адценні думкі, быць прыдатнай для розных стыляў i ўдасканаліцца да такой ступепі, каб заслужыць назву асобнай мовы», Ул. Сыракомля зноў з глыбокім перакананнем адказвае: «Так, зможа, бо мае дастаткова лёгкасці i адначасова сілы, перадае ў паэзіі мяккія i далікатныя пачуцці, у жывой гаворцы мае лёгкія звароты, трапныя выразы. Нестае ёй многіх выразаў для перадачы таго, што не ўваходзіць у склад паняццяў i патрэб нашага народа, але ў меру развіцця асветы самога народа i літаратуры на яго мове гэтая мова патрапіць знайсці ў сваёй глыбіні выразы i словазвароты, якіх няма сёння. Кожная мова праходзіць эпоху дзяцінства». Адказваючы на трэцяе пытанне Скібіцкага, ці варта імкнуцца, як гэта робіць Сыракомля, да ўдасканалення беларускай мовы як мовы асобнага народа, паэт-дэмакрат даводзіць, што не толькі варта, але i «неабходна». «Надзвычай разнастайную ўвогуле мову Славяншчыны,— піша Ул. Сыракомля,— шаноўны апанент дзеліць толькі на чатыры разгалінаванні — на мову расійскую, польскую, чэшскую i ілірыйскую. Не пярэчым, што гэтыя чатыры мовы стаяць на першым месцы сярод славянскіх дыялектаў па сваёй пісьмовай дасканаласці, але чаму ж іншым мовам не даваць развівацца, нашто ж, напрыклад, у мове беларусінаў бачыць толькі мешаніну моваў рускай i польскай? Ці тое ж самае не можна сказаць i пра маларасійскую мову? Калі так, то чаму ж шаноўны апанент чэшскую i ілірыйскую мову ўзвышае да годнасці асобных моваў? У ix жа таксама лёгка знойдзеш i рускія i польскія выразы». Далей паэт гаворыць пра самабытнасць, адметнасць беларускай мовы, выкрывае хлусню шавіністаў, быццам бы яна — толькі дыялект польскай або рускай мовы. У заключэнне аўтар выказвае ўпэўненасць, што беларуская мова будзе развівацца i ўдасканальвацца. «З усёй павагай да шаноўнага апанента,— піша Ул. Сыракомля, паўтараем: на гэтым полі працаваць можна i варта (падкрэслена аўтарам.— К. Ц.)». У сувязі з гэтым вясковы лірнік ад усяго сэрца заклікае паэта з большай адказнасцю i «cур'ёзнасцю ставіцца да мовы сваіх твораў, раіць яму, каб ён «асцерагаўся паланізмаў i кніжных выразаў, каб правінцыялізмаў адной ваколіцы i парафіі не прыпісваў усёй русінскай мове, каб тады толькі ўжываў чужыя выразы, калі не знойдзе адпаведных у мове, на якой піша».

Робячы разгляд беларускіх твораў В. Дуніна-Марцінкевіча, Ул. Сыракомля заклікаў яго «выключна (слова «выключна» ён падкрэслівае.— К. П.) прысвяціць сябе» творчасці на беларускай мове. Падкрэсліваючы тую вялікую ролю, якая выпала на долю В. Дуніна-Марцінкевіча як беларускага паэта, Ул. Сыракомля ў рэцэнзіі на яго кнігу «Цікавішся? Прачытай!» зноў даводзіць, што «народная, русінская паэзія — вось арэна п. Марцінкевіча, няхай жа ён выступае на ёй як сапраўдны гладыятар».

Цяжка пераацаніць значэнне гэтых публіцыстычных выступленняў Ул. Сыракомлі для развіцця беларускай літаратуры. Яе парасткі патрабавалі тады асаблівай, павышанай увагі i падтрымкі, бо ўзышлі на вельмі неспрыяльнай глебе — у атмасферы варожасці пануючых класаў да беларускага народа i яго культуры. Гэтую ўвагу i падтрымку маладая беларуская літаратура i атрымала ад Уладзіслава Сыракомлі, імя якога было ў той час аўтарытэтнае. I трэба поўнасцю згадзіцца са сцверджаннем А. Лойкі i Н. Перкіна, што без гэтай падтрымкі «перш за ўсё» з боку Сыракомлі «Дунін-Марцінкевіч, магчыма, не стаў бы тым, чым ён стаў для беларускай літаратуры». Нездарма беларускія паэты заўсёды шукалі ў Ул. Сыракомлі дапамогі, пісалі яму, як чалавеку, які робіць агульную з імі справу. Пра гэта яшчэ раз сведчаць тыя пісьмы В. Дуніна-Марцінкевіча i А. Вярыгі-Дарэўскага, якія асталіся пасля смерці (1969 г.) унучкі паэта — Былінскай.

Вядома, з усяго гэтага ўзнікае вельмі лагічнае пытанне: як жа так сталася, што Ул. Сыракомля, які гэтак горача вітаў кожны літаратурны твор беларускай мовы, клапаціўся аб удасканаленні беларускай літаратурнай мовы, аб яе чысціні, які быў не простай «зоркай», а якраз «сонцам» беларускага адраджэння, пісаў свае творы ўсё ж на польскай мове?

Каб адказаць на гэтае пытанне, неабходна звярнуцца да гісторыі. Як вядома, Беларусь, якая апынулася яшчэ ў XVII стагоддзі над пратэктаратам Польшчы, больш за дзвесце гадоў цярпела жорсткі нацыянальны прыгнет. Беларуская мова, якая раней была дзяржаўнай у Вялікім княстве Літоўскім, паступова выцяснялася з літаратуры польскай мовай. Нават пасля ўз'яднання з Расіяй у канцы XIX стагоддзя польская мова яшчэ доўгі час лічылася афіцыйнай на беларускіх землях. «Усё, што думае аб грамадскіх справах,— пісаў пра гэты час З. Серакоўскі,— усё, што піша i чытае ў Заходнім краі,— усё гэта цадкам польскае». I таму пісьменнік, які хацеў нешта сказаць адукаванаму грамадству, вымушаны быў пісаць на польскай мове. А Ул. Сыракомля якраз i імкнуўся, як прызнаваўся сам, уздзейнічаць сваімі творамі на грамадскую думку. Перад сабой ён паставіў адну вялікую задачу — паказаць антычалавечую сутнасць прыгоннага права, пераканаць грамадства ў яго амаральнасці, у тым, што i мужык — чалавек, што ён павінен карыстацца ўсімі чалавечымі правамi, у тым ліку ствараць літаратуру на роднай мове. Якраз у гэтым —асноўны пафас усёй творчасці Ул. Сыракомлі. Паэт верыў, што вызваленне сялян можа адбыцца «зверху», па волі саміх памешчыкаў i цара. Таму i адрасавана яго творчасць пераважна шляхце, якую крытыкаваў паэт. А каб гэтая шляхта, ад якой залежала, на яго думку, вызваленне сялян, зразумела паэта, каб яго слова трапіла ў цэль, трэба было гаварыць з ёю на яе мове, г. зн. па-польску. Пісалі па-польску i сучаснікі Ул. Сыракомлі — В. Дунін-Марцінкевіч i A. Вярыга-Дарэўскі. Па-беларуску яны пісалі тады, калі звярталіся непасрэдна да селяніна, імкнучыся, як сцвярджаў В. Дунін-Марцінкевіч у пісьме да Ю. Крашэўскага, «заахвоціць яго якім-небудзь чынам да асветы i направіць маральна». Гэтае высакароднае імкненне беларускіх паэтаў да асветы роднага народа, як адзначалася, усімі сіламі падтрымліваў Ул. Сыракомля. Разам з тым ён лічыў, што без поўнага сацыяльнага разняволення беларускага народа не можа быць сапраўднага развіцця беларускай культуры, літаратуры. За гэтае сацыяльнае вызваленне i змагаўся ў першую чаргу Ул. Сыракомля.

Літаратурная праца для Сыракомлі, як відаць з біяграфіі, была галоўным сродкам існавання. Праца на панскіх фальварках (спачатку — Залуча, а потым— Барэйкаўшчына), якія арандаваў паэт, давала мала, на што неаднаразова скардзіўся сам паэт. Каб пракарміць вялікую сям'ю, беднаму арандатару даводзілася вельмі многа пісаць, за што не раз папракала яго крытыка. Паэт прызнаваў: «Папрокі варшаўскіх газетчыкаў аб тым, што працую я паспешліва i шмат друкуюся, у значнай ступені справядлівыя, але маё становішча, святы абавязак па ўтрыманні трох дамоў сваёй радні прымушаюць мяне спяшацца». Пісаць на беларускай мове, якая была ў той час, як вядома, пад забаронай, азначала б для Ул. Сыракомлі пакінуць тыя дваццаць з лішнім «галодных губ», якія штодзённа чакалі «вынікаў яго пяра», без кавалка хлеба, пусціць сям'ю па свеце з жабрачай торбай. Гэта была ў той час вялікая «раскоша» — пісаць на беларускай мове. Але чаму ж тады, можа ўзнікнуць пытанне, гэтую «раскошу» дазволілі сабе сябры i землякі Ул. Сыракомлі, яго аднадумцы В. Дунін-Марцінкевіч i A. Вярыга-Дарэўскі? Справа ў тым, што як В. Дунін-Марцінкевіч, так i A. Вярыга-Дарэўскі пачалі пісаць толькі пасля таго, як сталі больш ці мепш матэрыяльна незалежныя. Ул. Сыракомля да канца жыцця так i пе «ўзбіўся» на свой кавалак зямлі.

Нягледзячы на ўсе гэтыя вельмі слушныя прычыны, Ул. Сыракомля ўсё ж не мог не пісаць i па-беларуску. На жаль, да нас дайшла толькі мізэрная частка беларускай спадчыны вясковага лірніка — вершы «Добрыя весці» i «Ужо птушкі пяюць усюды...». Але ў сапраўднасці беларускіх вершаў было значна больш. «Калі да нас дайшло так мала беларускіх вершаў Кандратовіча,— слушна заўважае ва ўступе да зборніка паэта польскі літаратуразнаўца, даследчык творчасці Ул. Сыракомлі Ф. Беляк,— то вінаваты ў гэтым у пэўнай меры ваенныя падзеі, але, бясспрэчна, што многія з ix кружылі ў рукапісах. Як вядома, i польскія творы, напрыклад, «На вызваленне сялян», «Авідзій на Палессі», «Сахар-мароз», хадзілі толькі ў рукапісах. А справа з беларускім пісьменствам была яшчэ горш, нават не было дазволена друкаваць перакладу «Пана Тадэвуша». Заканспіраваныя беларускія тэксты Кандратовіча жылі, але ва ўмовах тайнай прэсы, што нам сёння вельмі перашкаджае па-сапраўднаму ацаніць гэтую надзвычай няпоўную творчасць паэта». Беларускімі вершамі Ул. Сыракомля заклікаў народ сілай дабівацца сваіх правоў. Нездарма абодва беларускія вершы вясковага лірніка былі напісаны ў часы найбольшага ўздыму пароднага руху: першы, «Добрыя весці», у 1848 годзе,— у перыяд «Вясны народаў»; другі, «Ужо птушкі пяюць усюды»,— у 1861 годзе,— напярэдадні студзеньскага паўстання. Верш «Добрыя весці», за распаўсюджванне якога ў час паўстання 1863 года ссылалі ў Сібір, паказвае нам, як сцвярджае Ф. Беляк, «іншае аблічча паэта, найбольш рэвалюцыйнае».

Акрамя вершаў рэвалюцыйнага зместу, у Сыракомлі было яшчэ нямала беларускіх твораў больш «памяркоўных». Якраз ix ён хацеў выдаць разам з беларускімі вершамі В. Каратынскага асобным зборнікам, бо аб выданні такіх вершаў, як «Добрыя весці» i «Ужо птушкі пяюць усюды...», накіраваных супроць «цароў-паганцаў», не магло быць i гаворкі. Паводле сведчання А. Кіркора, многія з тых беларускіх вершаў Сыракомлі сталі народнымі песнямі, i ix «спяваюць усюды». Спрабаваў Сыракомля пісаць i лібрэта беларускай оперы для кампазітара Лапатынскага, але на шляху да ажыццяўлення гэтай задумы стаялі неадольныя перашкоды.

Уладзіслаў Сыракомля шырока адчыняў дзверы беларускай моўнай стыхіі ў сваіх польскіх творах, за што вельмі часта крытыкаваўся ў польскім друку. Так, крытык С. Лісоўскі, даючы высокую ацэнку кнізе перакладаў Ул. Сыракомлі з лацінскіх паэтаў, агаворваўся: «Праўда, сустракаюцца i недахопы, але яны, як відаць, з'явіліся вынікам паспешлівасці выпадкова. Дзіўна, напрыклад, гучыць для нас выраз на стар. 27: «Не заўсёды квеценню красуюць у агародзе», бо мы не разумеем, што азначае «красуюць», так, як не разумеем, што такое «сумёты»... i г. д. Гэта, праўда, дробязі, але бачыць ix нам непажадана. Нашто ж гэтыя правінцыялізмы, калі яны не для ўсіх зразумелыя». Без тлумачэнняў гэтых «правінцыялізмаў», a правільней — беларускіх слоў i выразаў, не абыходзіцца сёння ніводнае выданне твораў Сыракомлі — інакш паэт проста не быў бы зразумелы польскаму чытачу. Ф. Беляк, напрыклад, у складзенай ім кнізе выбраных твораў Ул. Сыракомлі дае вельмі шмат тлумачэнняў «правінцыялізмаў, частых у Сыракомлі». Так, ужо ў першай гутарцы паэта «Паштальён», што стала папулярнай рускай народнай песняй («Ямщик»), укладальніку давялося растлумачыць такія «правінцыялізмы», як «люлька», «сумёт», «чмыхнуць», «пісар», выраз «што табе так баліць» i нават самую назву «паштальён». Яшчэ больш было беларусізмаў у рукапісах Сыракомлі, але пры друкаванні занадта старанныя рэдактары імкнуліся «падгладзіць», «падшліфаваць» мову паэта. Не пазбегнуў гэтага i найбольш сумленны з ix — складальнік дзесяцітомніка Сыракомлі выдання 1872 года, з якога вось ужо 100 год перадрукоўваюцца творы паэта, В. Каратынскі. «Каратынскі,— заўважае В. Кубацкі,— знішчае ўсялякія рэгіянальныя рысы Сыракомлі — дыялектызмы, правінцыялізмы i «перыферыйныя архаізмы», гвалтоўна падцягваючы крэсавага паэта да агульнапольскай, варшаўскай літаратурнай нормы». Вядомы польскі мовазнаўца Ю. Трыпуцька, аналізуючы мову Сыракомлі, выявіў, як ён сам сцвярджае, «цэлы шэраг фанетычных, словатворных, сінтаксічпых i лексічных асаблівасцяў, якія можна растлумачыць толькі i выключна крэсавым паходжаннем паэта. Часам ён выкарыстоўваў ix свядома як стылістычпыя сродкі... найчасцей, аднак, рабіў гэта несвядома, бо былі яны, так сказаць, у яго ў крыві, бо яны складалі неад'емную частку яго ўласнай гаворкі i мыслення...» Заканчваючы сваю грунтоўную двухтамовую працу пра мову Уладзіслава Сыракомлі, Ю. Трыпуцька прыходзіць да вываду, што «ні ў аднаго яшчэ польскага пісьменніка не ўдалося выявіць такой вялікай колькасці беларускага элемента, як у яго. У адрозненне ад іншых іншаземных слоў i выразаў, гэты элемент ахоплівае ўсе часткі граматыкі i амаль усюды глыбока пусціў карэнне».

У творчасці Уладзіслава Сыракомлі знайшлі сваё адлюстраванне ўсе бакі жыцця Беларусі напярэдадні скасавання прыгоннага права. Па творах паэта мы можам вывучыць не толькі грамадскія ўзаемаадносіны перыяду крызісу феадалізму, але i ўмовы жыцця беларускага народа таго часу, яго быт, матэрыяльную i духоўную культуру. Без творчасці Сыракомлі, якая рабіла значны ўплыў на тагачасную грамадскую думку, мы не можам па-сапраўднаму зразумець i фармаванне поглядаў вялікага сына беларускага народа Кастуся Каліноўскага, сучасніка i ў многім аднадумца Сыракомлі. Адным словам, творчасць Сыракомлі — гэта шырокае акно ў тую далёкую ад нас эпоху.

Так разважаў я, ходзячы па сцежках Сыракомлі, успамінаючы прачытанае, знойдзенае ў архівах.

У Навагрудку я сустрэў «звяздоўца» Зіновія Прыгодзіча. Мы пахаўрусавалі з ім i ўжо разам блукалі па дарогах Навагрудчыны.

Тут усё, здавалася, было авеяна паэзіяй: зялёныя мурожныя ўзгоркі, шумлівае веча каласоў на бяскрайніх палетках, раскошныя, спакойна-велічныя бярозы абапал люстранога асфальту гасцінцаў, прымружаныя сіняватай смугой лясы ля далёкіх небасхілаў.

Мы вырашылі прайсці пеша да вядомага возера Літоўка, куды любіў хадзіць Адам Міцкевіч i дзе бываў, каненше ж, Уладзіслаў Сыракомля.

У небе плылі рэдзенькія белыя аблачынкі, над галавой снавалі пчолы. На поплаве, які ад празрыстых хваляў Літоўкі цягнуўся нешырокай паласой уздоўж агародаў, цвілі рамонкі. Ix было так многа i былі яны такія буйныя, вясёлыя, што Зіновій не ўтрымаўся — пачаў складаць букет.

Пажылога веку жанчына, якая падграбала на мяжы, пад дубамі, сена, убачыўшы нас, перапыніла сваю работу.

— З горада, мусіць? —загаварыла яна да нас.

— Ага, з Мінска,— адказалі мы.

Жанчына, абапёршыся на граблі, глядзела на нас. Мы спыніліся каля яе, загаварылі.

Жыла яна адна, у той унь старой хаце, якую нядаўна купіла.

— Цікава, колькі ж вы за яе заплацілі?

Раней у мяне была мара: набыць у такой вось палявой цішыні, з такім вось возерам і такімі лясамі, звычайную сялянскую хату і, пакінуўшы «цывілізаваны свет», пасяліцца, як гэта зрабіў у мінулым веку вядомы амерыканец Генры Тора, сярод птушак i дрэў, расы i сонца. Але «цывілізацыя» мяне ўсё ж не адпусціла. Цяперашняе маё пытанне было запозненым адгалоскам тых юнацкіх летуценняў.

— А, вы зайдзіце паглядзіце, колькі за яе можна даць, ухапілася жанчына за гэтае мае пытанне.

— Ды мы проста так пацікавіліся, цётка.

— А вы зайдзіце, зайдзіце...

Хоць ужо накрапваў дождж, жанчына пакінула на сене граблі i навяла нас у хату. Хата была падзелена на дзьве палавіны. У першай, прыхожай, печ, на зэдліках падаконніках ціснуліся гладышы i слоікі, каля печы ложак, тут, мусіць, жанчына i спіць. Другая палавіна, святліца, пустая, толькі фікусы пасярэдзіне.

Жанчына пасадзіла нас за стол.

— Можа, малака выпілі б?

— Яно, калі можна, было б няблага...

Яна адразу замітусілася. Праз хвіліну паставіла перад намі гладыш малака, сыр, хлеб.

Сама, прысеўшы, глядзела на нас i гаварыла, гаварыла — як быццам даўно нас чакала i цяпер вось, дачакаўшыся, выказвала ўсё, што сабралася ў яе на душы.

— Ешце, ешце, я яшчэ прынясу... Малака ў мяне хапае — адна ж...

Мы пацікавіліся, а дзе ж жывуць i працуюць яе дзеці.

Жанчына, адразу спахмурнеўшы, адказала, што дзяцей у яе не было. Яна проста не выходзіла замуж. Увесь век адна.

— Вы ж ведаеце, як пры панах жылося. Адно гора. У маёй мамы было нас дзевяцера... У хаце — вечныя няхваткі. Пасватаўся да мяне адзін хлопец. Харошы такі, праўда — маўчун. Але не аддалі мяне за яго. Не было грошай на пасаг. Можна было б прадаць каня, але што гэта за гаспадарка без каня? Чухаў, чухаў бацька патыліцу i нічога не прыдумаў. Рукі мае, да таго ж, таксама патрэбны былі ў гаспадарцы. Так i асталася ў дзеўках. Малодшыя сестры пападрасталі, замуж павыходзілі — мы ўжо трохі сталі на ногі тады. А мяне ўжо ніхто не браў — перарасла... Цяпер жывецца унь як добра, каб гэта, кажацца, тады так. I карову дзяржу, пакуль магу, i свіней...

Мы даўгавата-такі пасядзелі ў хаце. Пэўна, пабылі б яшчэ, але пацямнела ад хмары, недзе заварочаліся грымоты.

Калі мы, падзякаваўшы, усталі, каб ісці, вочы жанчыны адразу неяк згаслі.

— А можа б, пабылі яшчэ трохі,— сказала яна ціхім, няўпэўненым голасам.

Мы растлумачылі ёй, што хутка павінен падысці аўтобус; калі пачнецца дождж, нельга будзе ісці, a гэта ж апошні рэйс да Навагрудка.

Мы пайшлі. Жанчына прыцішана стаяла ў дзвярах i моўчкі глядзела нам уелед.

Свае «вандроўкі» я закончыў у старажытным горадзе Рагнеды i Ізяслава — Заслаўі, у якім таксама бываў i пра які пісаў Сыракомля.

Тут, у ваколіцах Заслаўя, паэт меў нават намер назаўсёды пасяліцца з сям'ёіо. Ён прыязджаў ужо сюды купляць зямлю.

Было гэта за які год перад выездам у Вільню з залучанскай сядзібы. Якраз тады Сыракомля песціў мару аб набыцці ўласнай зямлі. Штурхала яго к гэтаму вельмі незайздроснае становішча арандатара. Арэнда амаль нічога не давала немалой ужо сям'і паэта. З мізэрных прыбыткаў ад яе часам нельга было нават пагасіць пану арэндную плату. Звычайна ў такім становішчы арандатары павялічвалі падаткі сялян, выціскаючы з ix усё, што толькі было можна. Сыракомля ж, будучы не толькі на словах, але i на справе перакананым дэмакратам, пайсці на гэта не мог. Каб звесці канцы з канцамі, ён карпеў над перакладамі з лацінскай мовы розных гістарычных прац, падрываючы сваё здароўе. Усё гэта перашкаджала яму займацца сваёй любімай справай — мастацкай творчасцю. Толькі свая зямля магла б даць яму такую мажлівасць. Прытым, уласная зямля вызваліла б паэта ад прыкрай неабходнасці быць, хоць i не паўнапраўным, гаспадаром прыгонных сялян — «братоў у сярмязе».

Паэт так марыў аб уласным кутку на зямлі, што нават пісьмо да рэдактара газеты «Віленскі веснік» А. Адынца з просьбай змясціць аб'яву аб куплі зямлі напісаў у форме верша. У ім Сыракомля гаворыць, што памешчыкі вясной мараць аб набыцці новых капіталаў, мараць сваім золатам закабаліць як мага болей людзей. Яму ж, паэту, не трэба многа грошай, да якіх ён адносіцца «з пагардай», не трэба вялікіх надзелаў. Ён шчыра прызнаецца:

Была б страха, хоць i нізкай хаты,
Сэрда пры сэрцу, крынічка ў травах,
Тытунь для цыгаркі, шклянка гарбаты,
Больш ні пра што я не сніў бы нават...
Ды на арэндзе маёй дагэтуль,
На жаль, я не маю такой раскошы:
Амаль не родзіць пясчаны палетак,
З кішэні як бачыш знікаюць грошы...
Між тым, працягвае паэт, пан патрабуе хутчэйшай выплаты за арэнду, бо інакш зусім выганіць з яе, a ляснічы пагражае, што «на камінак дрэва не дасць мне». Таму Сыракомля просіць сябра-рэдактара, каб ён змясціў у сваёй газеце аб'яву пра тое, што адзін сціплы паэт «хоча купіць зямлі з чатыры валокі»,

Купіць страху, што яго заслоніць
Ад зімняй сцюжы i спёкі лета,
Дзе, вольны, з лютняй сваёй у далоні
Складаў бы песні ён ды санеты,
Дзе б мог ён бачыць з вакна небасхілы,
Вясковыя стрэхі, крыжы на магілах,
Альбо сустрэцца б мог з селянінам,
Свабодна паплакаць горкай часінай.
Няхай была б мне сялянская хата
Рада, калі б я яе наведаў.
Хай мяне дрэў акружалі б шаты,
I побач бачыў сядзібу суседа.
A калі б чуў я звон кос між ракітаў!
A калі б бачыў, як жнеі жнуць жыта!..
Як бы там пелася! Хіба ж не ўцеха:
З лесам ва ўласнасць купіць сабе рэха!
Нягледзячы на гэта, усё ж газета не дапамагла Сыракомлю.

Аднойчы паэт, завітаўшы да сваіх сяброў у Мінск, пачуў аб продажы ў яго ваколіцах зямлі. Ён праз колькі часу сеў у вазок i рашуча пакаціў да прадаўца.

Прадаўцом аказаўся памешчык Юльян Гарайн, таксама літаратар. Цікава расказвае пра ўсё гэта сам Гарайн, які яшчэ да гэтага добра ведаў па друку Уладзіслава Сыракомлю як паэта, друкаваўся разам з ім у віленскіх выданнях, захапляўся яго вершамі, але вось асабіста з ім не быў знаёмы.

У пакой, піша Гарайн, увайшоў «малы чалавечак, нядбала апрануты, прыгнуты», але «з разумным выразам твару». «Досыць нязграбна пакланіўшыся, папытаў нясмелым, прыцішаным, ды ўсё ж сімпатычным голасам:

— Ці не вы будзеце Юльян Гарайн?

— Але, я. З кім маю гонар...

— Мяне зваць — Людвік Кандратовіч... Я чуў ад нашага, можна сказаць, агульнага прыяцеля, пана Жыські, што вы ў аколіцах Мінска прадаеце невялікі фальварачак. А я маю намер купіць якраз у гэтых мясцінах колькі валок зямлі».

Гарайн запрасіў яго сесці. Выкарыстоўваючы парады пранырлівага i хітрага гандляра Жыські, які падахвоціўся памагчы яму ў гэтай справе, Гарайн пачаў па ўсе лады расхвальваць свой фальварак Рабушкі, хоць замест прыбыткаў ён даваў яму адны толькі страты. У Рабушках, даводзіў прадавец, можна пабудаваць добрую карчму, пасадзіць туды паваротлівага чалавека, i ўжо адно гэта дало б двайны прыбытак уладальніку фальварка. Бо там куплялі б гарэлку не толькі мясцовыя сяляне, але i жыхары суседніх вёсак. Сыракомля адразу ж насцярожыўся:

— Дык, значыць, там у вас ёсць падданыя? — Жыська мне пра тое нічога не казаў.

Пачуўшы, што ў Гарайна ёсць там чатыры хаты з адзінаццаццю душ сялян, Сыракомля ўстаў i ўзяў шапку:

— Вольмі шкадую, што патурбаваў вас. Я хачу купіць фальварак без падданых. Сам з сям'ёю хацеў бы абрабляць зямлю. Бывайце здаровы!

Але размова на гэтым не скончылася. Сыракомля быў запэўнены, што падданыя сяляне з Рабушак выедуць пад Слуцк — яны даўно мараць пасяліцца на слуцкіх чарназёмах. Пасля гэтага паэт згадзіўся паехаць з Гарайнам на агледзіны фальварка.

I вось зграбны панскі вазок нясе абодвух у бок Заслаўя. Памалу распачынаецца гаворка. Пасля некалькіх роспытаў пра гаспадарчыя вартасці той мясцовасці Сыракомля нечакана папытаў:

— A ці ёсць там салаўі?

Пытанне здзівіла Гарайна. Ён пачаў больш пільна прыглядацца да свайго субяседніка, гадаючы, што ж гэта за чалавек. Гарайна цікавіла адно: як бы з найбольшай выгадай збыць свой няўдалы фальварак, i ён ізноў загаварыў пра яго даброты:

— Ад Мінска — міль тры, ад Радашковіч,— дзе некалькі разоў на год, асабліва ў дзень Святой Тройцы, бываюць не горшыя, чым у Міры,— кірмашы,— дзве мілі, ад касцёла парафіяльнага ў Заслаўі — некалькі вёрст. А вунь Сёмкаў... Бачыце, якая тут лёгкасць для збыту прадуктаў.— Прытым, гляньце, якія ў гэтым баку ўраджаі! Жыта i пшаніца — як шчотка. Зараз пачнуць красаваць. Ячмяні такія бываюць густыя, што аж вылягаюць.

З размовы Гарайн даведаўся, што яго субяседнік знаёмы з вядомым пісьменнікам Юзафам Крашэўскім, што нават гасцяваў у яго.

— Можа, вы яго сваяк? — пазайздросціў Гарайн.

Сыракомля адказаў, што не сваяк, але што яны — свае па духу, бо абодва — літаратары. Гарайн, прыпомніўшы, што яго субяседніка завуць Людвік Кандратовіч, прызнаўся, што да гэтага часу не сустракаў яго імя ў друку, хоць ён i сочыць за літаратурай. Калі Сыракомля назваў сваё літаратурнае імя, Гарайн аж падскочыў ад здзіўлення: ён жа даўно ва ўсіх дапытваецца, хто хаваецца за гэтым імем — Уладзіслаў Сыракомля, якім падпісваюцца такія цікавыя творы.

— Дык гэта ж вы — перакладчык польска-лацінскіх паэтаў? Вы — аўтар «Дыферэнцыі» i гэтулькі цудоўных гавэндаў? Аўтар — «Выбрыкаў вяселага гумару»?.. I я пра гэта толькі цяпер даведваюся! Пан Людвік! Пан Уладзіслаў! Дык гэта ж вы той, хто ўжо на пачатку сваёй такой цяжкай літаратурнай працы стаў аздобай нашай літаратуры! А я так да вас аднёсся...

I Гарайн пачаў горача прасіць у яго прабачэння. За тое, што ён хацеў яму прадаць свой няўдалы фальварак. I гэтак жа маляўніча, як расхвальваў, пачаў бэсціць сваё ўладанне:

— Гэта ж — жыць там — нудота, змарнеў бы там са сваёй сям'ёй: зямля там цвёрдая, сухая, няплодная, на лугах — адзін сівец, лес — яловы, вады — няма, салаўі туды ніколі не залятаюць, знікла б там усё тваё паэтычнае натхненне! Гэта не для цябе месца! Давай заварочваць назад, бо я табе яго не прадам!

Але Сыракомля ўсё ж наважыў паглядзець фальварак. Калі прыехалі да Рабушак, паэт адразу ж згадзіўся ca сваім прадаўцом, што фальварак для яго не падыходзіць. Галоўнае, не быў прыдатны для жылля панскі драўляны дамок: падгніў, схіліўся набок, у пакоях сыра i змрочна. Так i вярнуўся ні з чым Сыракомля на сваю арэнду ў Залуча.

А можа, яму не спадабалася мясцовасць?

Я вырашыў пашукаць тыя Рабушкі, сваімі вачыма паглядзець на тутэйшыя краявіды. Заслаўскія старажылы сказалі мне, што такая вёска сапраўды ёсць ля Заслаўя. Толькі прамой дарогі туды няма, лепш за ўсё ў Рабушкі ехаць праз Мінск. Я ўжо меркаваў так i зрабіць, але выпадкова сустрэў на вуліцы свайго знаёмага, аспіранта-завочніка сектара фальклору нашага інстытута Барыса (такое прозвішча), які якраз настаўнічаў у тых мясцінах. Ён сагітаваў мяне пусціцца туды пеша, нацянькі. Як сапраўдныя падарожнікі. Мы так i зрабілі.

Ішлі пакручастай палявой дарогай. Паўзбоч — дзве сценкі жыта. З-за пасвятлелых ужо сцяблін выглядваюць там-сям вясёлыя валошкі, на зялёную броўку дарогі выпаўзаюць пад ногі доўгія гірлянды чысценькіх бела-ружовых сподачкаў кветак карлікавай бярозкі. Пахне жытам, полем. А над галавой трапеча на адным месцы, чаруючы сваёй песняй, адвечны жаўранак.

Затым мы збочылі на сцежку, якая павяла нас праз лес. Лес быў яловы. Хоць стаяў дзень, у ім было змрочна. Пад высокімі густымі елкамі — ні травінкі: зямля спрэс засцелена рыжай ігліцай. Але хутка сцежка зноў вывела нас з ельніку на поле. Яна ўспаўзала на ўзгоркі, спускалася ў зялёныя лагчыны, бегла паўз бярозавыя пералескі, пакуль не ўлілася зноў у дарогу. Мінуўшы маленькую вёсачку Куты, мы адразу ўбачылі на ўзгорку дахі Рабушак. Перад вёскай — старая развесістая бяроза, далей — ліпы. Кругом лясы, пералескі. Не, усё ж такі мясціны тут — што трэба. Праўда, няма рэчкі, але ж затое якія ўзгоркі!

Мы заходзілі ў хаты, гутарылі з людзьмі. Пра вёску i яе жыхароў добра расказалі нам сямідзесяціпяцігадовы Іван Васільевіч Юркоўскі, цялятніца Анастасія Рыгораўна Вашкевіч, электрык Аляксандр Антонавіч Несцяровіч. Усе яны, ix бацькі спраку веку жывуць у гэтай вёсцы. Зараз у ёй налічваецца толькі дзевяць хат. Людзі працуюць у саўгасе імя Тэльмана. Рабушкі адносяцца да участка, цэнтр якога — у Браўках, суседняй вёсачцы. За два кіламетры ад Рабушак праходзіць Старавіленскі тракт, па якому цяпер курсіруюць аўтобусы.

Вядома, пры добрых абставінах Ул. Сыракомля мог бы тут прыжыцца. Чаго-чаго, а вясковай цішыні яму тут хапіла б. Ды i салаўі па сёння заліваюцца ў бярозавых пералесках. Можна толькі пашкадаваць, што так атрымалася ў паэта з купляй зямлі. Магчыма, зусім інакш склаўся б лес вясковага лірніка. Якраз гэтая спеўная зямля ўзрасціла потым Янку Купалу: яго Вязынка адсюль — рукой падаць.

ПАЕЗДКА Ў БАРЭЙКАЎШЧЫНУ

Замест эпілога


Вярнуўшыся з падарожжа па Палессі i Міншчыне, я ўсё ж адчуваў, што не да канца выканаў пастаўленую перад сабой задачу. Неадкрытай, зацягнутай даволі густым туманам невядомасці была для мяне Барэйкаўшчына — падвіленская вёска, куды перасяліўся i дзе жыў апошнія дзесяць гадоў Уладзіслаў Сыракомля.

Барэйкаўшчыну паэт атрымаў у арэнду ад графа Тышкевіча. Месца было далека не ідэальнае. Але нічога лепшага паэту знайсці не ўдалося. Вось як пісаў пра новую арэнду сам Сыракомля:

«Жыллёвы дом невялікі, але дагледжаны; з вакна далека відаць вёскі, замглёныя лясы i ўзгоркі, вялікі сад; народ працавіты, цвярозы i сумленны; на сценах некалькі дзесяткаў карцін, у шафах некалькі соцень добрых кніжак. Чаго ж тут болей трэба? Долі i хлеба! Першай мне ад нараджэння не дадзена, а другі тут цяжка здабыць, бо хоць зямля i ўраджайная, але яе тут — вельмі шчуплы кавалачак. Да таго ж тут — невялікая колькасць рук, не хапае работнікаў. Усё гэта не дазваляе ўзеяць гаспадарку на належны ўзровень».

Нягледзячы на матэрыяльныя нястачы, тут, у вясковай цішыні, паэту працавалася вельмі плённа. У Барэйкаўшчыне ім былі напісаны такія выдатныя творы, як «Кавалак хлеба», «Фрагменты пра Піліпа з Канапель», «Жменя пшаніцы», «Непісьменны», «Вясковая школа», «Улас», «Штогадовыя святы на Літве», «Школьныя часы», «Вызваленне сялян» i цэлы шэраг іншых.

Мяне цікавіла перш за ўсё, што сабой уяўляла сама вёска Барэйкаўшчына, сярод якіх людзей жыў там вясковы лірнік, адкуль, з якіх крыніц чэрпаў ён тэмы i вобразы для сваёй творчасці ў апошняе дзесяцігоддзе.

I вось — роўна праз год пасля маёй экспедыцыі па поўдні Беларусі — я з камандзіровачным пасведчаннем у кішэні анынуўся ў Рукайняйскім сельсавеце Вільнюскага раёна Літоўскай ССР. Ад шумлівай аўтамагістралі Вільнюс-Ашмяны ішла проста ў жыта пясчаная палявая дарога. У зялёным жытнёвым разліве танулі ўперадзе раскіданыя там i сям, як астраўкі, хаты вёскі Барэйкаўшчыны. За высознымі старасвецкімі ліпамі мне хутка адкрылася прадаўгаватая драўляная школа, абсаджаная кругом кустамі, кветкамі. Яе мне паказаў дзядзька, што вёз аднекуль на кані поўныя, з верхам драбіны прывялай палявой травы. У школе, як я ўведаў яшчэ ў Вільнюсе, месцілася бібліятэка-музей Ул. Сыракомлі.

Бібліятэкарка, маладая чарнявая дзяўчына Ванда Даугевічутэ, сустрэла мяне ветліва. Даведаўшыся, хто я i чаго сюды прыехаў, яна спачатку паказала мне бібліятэку. Бібліятэка небагатая — што ж, людзей тут няшмат: летась з-за адсутнасці патрэбнай колькасці вучняў — галоўных яе чытачоў — нават была зачынена школа. Мне было цікава даведацца, што ёсць у бібліятэцы з беларускіх аўтараў. Аднак я ўбачыў тут толькі імя Уладзіміра Караткевіча, якога нейкімі невядомымі вятрамі занеслі сюды яго «Чырвоныя ветразi». Потым дзяўчына раеказала мне ўсё, што датычылася Ул. Сыракомлі. Аказваецца, школа — гэта якраз i ёсць хата самога паэта. Вядома, яна не раз рамантавалася, але ў цэлым засталася такой, як была. Ванда павяла мяне ў пакойчык, дзе былі выстаўлены экспанаты музея. У гэтым пакойчыку якраз i працаваў паэт — тут быў яго кабінет. З акна сапраўды адкрывалася поле i вясковыя хаты — значыць, мара Сыракомлі пра тое, каб ён мог «бачыць з вакна небасхілы, вясковыя стрэхі», хоць i часткова, але збылася. У пакойчыку паэта я ўбачыў яго фотаздымкі, кнігі, рукапісы. Але больш за ўсё зацікавіў мяне сонечны гадзіннік Сыракомлі — гладка выпаліраваны камень з цыферблатам, стрэлкамі якога былі праменні сонца.

Потым Ванда павяла мяне паказваць двор. Не вельмі далека ад хаты, сярод жыта, відаць былі рэшткі зруба старога калодзежа. З яго, расказваюць, брала ваду Сыракомлева сям'я. У вянку дрэў хаваўся арыгінальны стол, зроблены з жорнавага кола. За гэтым сталом, шукаючы адзіноты i цішыні, Сыракомля напісаў нямала ўзнёслых строф сваёй паэзіі.

Але галоўнае, што мне хацелася ў Барэйкаўшчыне,— гэта пазнаёміцца з людзьмі, пагутарыць з імі, пачуць расказы, паданні i асабліва мову аднавяскоўцаў паэта.

Ванда завяла мяне ў адну з бліжэйшых хат, да васьмідзесяцігадовага Баляслава Антонавіча Раманоўскага. Высокі хударлявы стары, пакашліваючы, з ахвотай расказваў пра сваё жыццё, пра сваю вёску. Старога дапаўняла, падсеўшы да стала, за якім мы сядзелі, яго дачка Уладзіслава, рухавая i гаваркая жанчына, работніца саўгаса «Рукойны». Жывуць тут яны здаўна. Ix дзяды i прадзеды таксама мясцовыя. З католікаў. Называюць сябе палякамі. Два сыны Баляслава Антонавіча пераехалі ў Польшчу, прыжыліся там. А яму самому i дачцэ падабаецца тут, дома. Гаворка наша цякла вольна, натуральна. Мова гаспадароў хаты, як i іншых мясцовых жыхароў, нягледзячы на нязначную колькасць польскіх слоў, была усё ж у сваёй аснове, як адзначаў яшчэ i Сыракомля, беларуская, Я нават запісаў у блакнот нямала цікавых для мяне слоў i выразаў, якія добра папоўнілі мой лексікон. Напрыклад, у беларускай літаратурнай мове я дагэтуль сустракаў слова «падбярозавік» — грыб, вядомы ў маёй вёсцы пад назвай «бабка». Слова «падбярозавік» мне неяк рэзала вуха, яно здавалася мне штучным. Няўжо так кажуць у народзе? I вось тут, у Барэйкаўшчыне, я слова ў слова запісваю фразу: «I баравікоў прынеслі, i падбярэзнікаў, i лісічкаў». Вось, аказваецца, як народ кажа — «падбярэзнік». Проста, ясна i вельмі па-беларуску. Дык чаму б нам не ўводзіць якраз такія словы ў літаратурную мову?

Пабыў я ў Барэйкаўшчыне i яе ваколіцах некалькі дзён. Гутарачы з людзьмі, слухаючы ix гаворку, я лавіў сябе на думцы, што некаторыя характэрныя для гэтай мясцовасці словы i выразы я ўжо недзе чуў. Толькі потым успомніў: дык гэта ж у Францішка Багушэвіча — «папарскага салаўя». Віленшчына, Ашмяншчына — яго радзіма. Былы фальварак Свіраны, дзе нарадзіўся беларускі паэт, аказваецца, зусім блізка адсюль. Пра гэта мне сказаў былы загадчык Барэйкаўшчынскай пачатковай школы Мікалай Васільевіч Сабалеўскі, добры знаўца беларускай літаратуры, якую ён чытае ў арыгінале.

Дарэчы, пра школы. I ў Рукойнах (ці па-афіцыйнаму Рукайняй), цэнтры сельсавета (за паўтара кіламетра ад Барэйкаўшчыны), i ў іншых вакольных вёсках — школы польскія. Адкрыты яны па жаданню насельніцтва. Як расказаў мне дырэктар Рукайняйскай сярэдняй школы Леанід Ільіч Палонскі, у школе вучні вывучаюць некалькі моў: рускую, польскую, літоўскую i нямецкую. Апрача таго, усе яны нядрэнна ведаюць таксама беларускую. Так што ў гэтых адносінах школьнікі атрымліваюць даволі шырокую адукацыю, што дазваляе ім пасля заканчэння школы арыентавацца ў самай разнастайнай літаратуры.

Я добра пазнаёміўся з адным вучнем Рукайняйскай школы —сямікласнікам Янушам, сынам старшыні сельсавета Эдуарда Аляксандравіча Багуцкага, у якога я начаваў. З Янушам я разам спаў на сене ў адрыне. Перад тым як заснуць, мы доўга размаўлялі. Януш быў вельмі гаваркі. Ён расказваў мне шмат чаго пра школу, пра свае гульні, вучобу. Даведаўшыся, што я з Мінска, ён пачаў дэкламаваць па памяці «Дзеда i бабу» Кандрата Крапівы, «Святога Яна» Якуба Коласа. Праўда, не ведаў, хто напісаў гэтыя творы. Пахваліўся ён i сваімі поспехамі ў літоўскай мове. Ён нават можа ўжо чытаць трохі па-літоўску. Раней яе зусім не разумеў, як i наогул мясцовыя жыхары. Януш расказаў мне пра выпадак, які быў тут пасля вайны. Прыехала з Вільнюса аўталаўка. Адзін хлопчык пайшоў туды купіць цукру. A лавачнік яму i кажа: «Мажукам цукру нера». Гэта азначала — дзецям цукар не прадаецца. Хлопчык перадаў готыя словы бацьку, прозвішча якога якраз было — Мажук. «Нехта, мусіць, набрахаў на мяне: Мажуку, бач, ужо i цукру не дае»,— сказаў бацька i пайшоў выясняць прычыну.

Я аб'ехаў i абхадзіў многія вёскі i вёсачкі Рукайняйскага сельсавета. Запомніў такія з ix, як Крыжоўка (з 1 студзеня 1971 года яна, як i іншыя вёскі, атрымала новую назву — Крышкяліс), Ашмянка (Ашмянеле), Баравыя (Шылінай), Задворцы (Ужудварыс), Навасады (Науяседжай), Падчарпае (Паеджай), Міхайлаўка (Мікалішкес), Зацішша (Рамітэ). Цяпер я меў, хай не поўнае, але ўсё ж нагляднае ўяўленне пра гэты край, пра тую новую зямлю, якая ў апошнія гады паэта жывіла яго звонкую музу.

Знаёмячыся з людзьмі, сярод продкаў якіх жыў Ул. Сыракомля, я лепш разумеў многія творы паэта, лепш разумеў яго самога. Больш зразумелымі рабіліся мне i строфы верша Янкі Купалы «Вясковы лірнік», напісанага тут амаль 50 гадоў назад, калі адзначалася 50-я гадавіна з дня смерці Сыракомлі. Янка Купала, які таксама хадзіў па мясцінах вясковага лірніка, быў у Барэйкаўшчыне i Рукойнах, так пісаў у сваім вершы:

Выліць думку хачу — хай снуе у бязмеры —
Думку-памяць, што ў сэрцы залегла,
Аб той зорцы, што некалі з добраю верай
Над зямелькай яснела i збегла.
Аб музыцы, што лірай сваёй чарадзейскай
Мне ў душы светач выклікаў новы,
Каб жыла, хоць на час, красай кветкаў-пралоскаў,
Як жыве вечна Лірнік вясковы...
Час патраніць усё пакрышыць, ацалеці,
Путы нават змарнеюць у плесні,—
Покі ж будзе душа хоць адна жыць на свеце,
Будуць жыці i лірнікаў песні.
Будзеш жыць! Будуць векі ісці за вякамі,—
Не забудуцца дум тваіх словы,
Як i слоў беларускіх, жывучы між намі,
Не забыўся ты, Лірнік вясковы.
Такім чынам, не знайшоўшы прыстанку ў «сваіх ваколіцах», паэт змушаны быў зняцца з бацькоўскай зямлі i адправіцца ў Вільню шукаць долі ў шырэйшым свеце. Якраз да часу ад'езду Сыракомлі ў Вільню адносіцца яго верш «Пілігрым у канцы вандроўкі», які лагічна завяршае як кнігу «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах», так i ўвесь давіленскі перыяд жыцця i творчасці яе аўтара:

Вось, нарэшце, i абышоў я, радзіма,
Гарады твае, вёскі з кіем пілігрыма.
Блізка бачыў я вежы касцёлаў, крыніцы,
Падзямельныя склепы твае, камяніцы,
I, каб пахваліцца чым было можна,
Узяў я памятак колькі ў ранец дарожны:
Частку нёманскай хвалі, камень даўняй вежы,
Завушніцу з магілы, з дрэва лісцік свежы...
Удоўж i ўшыр абышоўшы ўсё Прынямонне,
Спачываю пад грушай развесістай сёння.
I перад тым, як выйсці на новую каляіну,
Усю, што прайшоў, дарогу позіркам зноў акінуў.
Там, над возерам сінім, замак глядзіць у зоры,
Там, на пагорку, бачу бацькаў знаёмы дворык.
Там хатка, дзе шчасце мяне абмінула,
Там цвінтар, дзе дзятва — мая кроў — заснула.
Там святыні, там блізкія стрэхі з саломы,
Звоніць знаёмае птаства, ходзіць вецер знаёмы.
I да мяне зноў вяртаюць нябачныя крыллі
Пачуцці, што некалі сэрца маё палілі,
I думкі, што ў галаве маёй віравалі...
О куткі мае мілыя! О родныя далі!..
Калі ў свет мяне кіне жыццёвым ветрам,
Набяру сабе у грудзі адгэтуль паветра,
Набяру яго шмат, каб надоўга хапіла,
Каб яно мае песні заўсёды жывіла.
Толькі чым, мае далі, узамен вам аддзячыць?
Можа, блаславеннем пілігрымскім, жабрачым,
З ветрам яго пусціўшы па родным абшары,
Каб збыліся людзей нашых лепшыя мары:
Над лясамі, над Нёманам, на мужычым загоне
Хай жа лепшую песню птушкі зазвоняць,
Закрасуюць хай збожжа пясчаныя нівы
І аратага сэрца устрапянецца шчасліва...
З болем адсюль пусціўся я ў новую пуцявіну
I памяць пра край свой родны — у песні навек пакінуў.
Ходзячы па ваколіцах Заслаўя i па яго вуліцах, я даволі-такі прытаміўся. Убачыўшы за паўрасчыненымі варотамі прамкамбіната зацененую лавачку ля прахадной, я прайшоў да яе і сеў адпачыць. З будкі ў прахадной выйшла пажылая, з вострымі вачыма нізкарослая жапчына:

— А вам чаго тут?

— Ды от хачу пасядзець трохі, цётка. Хіба няможна?

— Чаму ж не, пасядзіце. Толькі не заходзіць на тэрыторыю!

Жанчына прысела каля мяне на лаўку. Да яе якраз падышоў чарнявы, добра апрануты хлапец з лагодным тварам. Жанчына адразу пачала яго ўшчуваць — за тое, што не так, як яна хацела, перасыпаў ёй веранду. Хлопец цярпліва даводзіў ёй, што так якраз лічыцца добра. Але жанчына стаяла на сваім i ca слязьмі ў голасе пачала абвінавачваць хлопца, што ён не хоча ёй памагаць, што ўсё робіць абы збыць з рук. Так ён i пайшоў, нічога не даказаўшы жанчыне, якая сыпала яму ўслед свае крыўды.

— Гэта сын,— сказала яна мне, трохі заспакоіўшыся.— Жыве тут, у Заслаўі, з жонкай i дзецьмі. Вы, мусіць, чулі трохі, пра што мы гаварылі. Але ж, канешне, не ўсё панялі. Я б вам расказала пра ўсё, але ж доўга гаварыць. А тут толькі доўга трэба. Я, ведаеце, люблю хадзіць на суд, слухаць. Дык от, бывае, калі падсудзімы надта загаворыцца, суддзя перапыняе яго i кажа: сакрашчона гаварыце, сакрашчона. А сакрашчона яно, ведаеце, не заўсёды i палучаецца. Дык от i тут так: сказаць сакрашчона — не поймеце. Але хай, папробую...

I жанчына добрую гадзіну расказвала мне «сакрашчона» пра ўсё, што ў яе набалела. Яна нават не звяртала ўжо ўвагі на тых, хто праходзіў на тэрыторыю прамкамбіната. Толькі зрэдку спыняла каго-небудзь:

— Вам куды? — і, паслухаўшы тлумачэнне, зноў паварочвалася да мяне.— Яно, сказаць па праўдзе, тут няма чаго i красці. Але я пытаю так проста, каб не стаяць тут без дзела. Аднаго прапушчу, а другога — вазьму i астанаўлю, патрэбую дакументы. Хай ведаюць, што ёсць стораж!

Пад канец, калі я сабраўся ісці, жанчына — не без удзячнасці за тое, што я выслухаў яе,— сказала:

— От пагаварыла з вамі, i аж лягчэй стала. Сыны мне, ведаеце, колькі раз казалі: хаця ты не гавары многа, не разнось пра нас абы-чаго па горадзе. А як жа мне не гаварыць. Калі буду маўчаць — я ж лопну.

Я толькі ўсміхнуўся, слухаючы шчырую споведзь жанчыны, якая, відаць, прывыкла ўвесь час быць сярод людзей і, выйшаўшы на пенсію, не магла сядзець дома склаўшы рукі.

У Заслаўі я пачуў легенды, звязаныя з Рагнедай, расказы пра гераічныя справы мясцовых партызан, якія не давалі праходу гітлераўскім салдатам i паліцаям. Кожны камень, знойдзены на гэтай зямлі, быў, здавалася, частачкай самой гісторыі, сведкам слаўнага мінулага краю.

Тут у вочы кінулася мне ўся ў рыштаванні старажытная Праабражэнская царква. Яе, як i Мірскі замак, па рашэнню ўрада пачалі таксама аднаўляць. Для мяне, чалавека, што звязаў свой лес з інстытутам, у назву якога ўваходзяць такія словы, як «мастацтвазнаўства», «этнаграфія», «фальклор», было радасна бачыць падобнае. Мне ўспомніліся словы А. Кіркора: «Многа гістарычных помнікаў у Беларусі знішчана часам, яшчэ больш невуцтвам i абыякавасцю». Добра, што гэты час невуцтва i абыякавасці адыходзіць у нябыт...

Вечарам я сеў на электрычку, якая імкліва панесла мяне ў Мінск, адкуль я пачынаў сваё падарожжа. Вяртаўся я туды ўжо зусім з другога боку, скалясіўшы добрую частку поўдня Беларусі.


Оглавление

  • ЛЯ ВЫТОКАЎ
  • СЛЯДАМІ ЛЕГЕНДЫ
  • «СМУТНЫ КРАЮ ПАЛЕССЕ»
  • НЯСВІЖСКІЯ НЕБАСХІЛЫ
  • КРАЙ ПАЭТАЎ
  • «ПІЛІГРЫМ» У КАНЦЫ ВАНДРОУКІ
  • ПАЕЗДКА Ў БАРЭЙКАЎШЧЫНУ