Сцежка дадому [Кастусь Цвірка] (fb2) читать онлайн

- Сцежка дадому 162 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Кастусь Цвірка

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Кастусь Цвірка
Сцежка дадому

Вершы

1


* * *
Каташкі на вольхах, каташкі...
Нібы залатымі кутаскамі,
Зноў паабчапляліся ляскі
Ля маёй Дубровы каташкамі.
Край бацькоўскі! Я ізноў жыву!
Тыя ж хмаркі белыя ў блакіце,
Так жа каня падае ў траву,
I жаўцее лотаць у ракіце.
Ля дарогі рупны трактарок
Ходзіць полем з жаваранкам спеўным.
Там — пастух ля статка: хто — здалёк
Не пазнаць, ды ён дуброўскі ж, пэўна.
Падыду да дзядзькі. Пастаім
Ля дымка ягонай папяроскі.
Як вядзецца, пагамонім з ім
Пра жыццё, пра ўсе навіны вёскі.
Я не госць тут. Тут — мая зямля.
I свой край я не аддам нікому!
Забрыду за свет хай, ды й здаля
Сцежка прывядзе мяне дадому.
Азярко сінее між куп'я,
Устае зара — зямлі карона —
Над вясёлым жытам.
Я тут — я.
Тут мае і карані і крона.

* * *
Ізноў я прачынаюся на сене...
Ка мне ў адрыну,
дзе сонца напрацягвала праз шчыт
ружовых паскаў,
Збягаюцца ўсе гукі раніцы.
Вось бразнула вядро ля студні
і журавель свой рып пацёг уніз,
пасля ізноў уверсе расскрыпеўся...
Залапатаў на прыгуменні Віцеў трактарок —
нядарам жа празвалі яго дзеці «лапатунчык»
малы, а гуку — на ўсю акругу...
З двара шафера Ромы
(вясной ён жонку яснавокую
прывёз з-над Слуцка)
Рассыпаўся сярэбраным пясочкам
грудны і звонкі голас: «Ціп-ціп-ціп!»
Тут нашы рыпнулі варотцы:
«Цётка Надзя!! — голас брыгадзіркі.—
Пойдзеце наранкі на сянаж!»
(Так, гэта — мацеры нарад:
сягоння за яе
Я з віламі пайду раўняць зялёны бурт.)
Праз дзірку ў даху ластавачка пырхнула
(не, я яго перасцялю ўсё ж руберойдам
за водпуск),
Залопаў крыллем певень за сцяною,
цялё рыкнула недзе...
Бягуць, бягуць, крыжуючыся, гукі
(ну, хоць збірай іх у гербарый,
засушваючы на паперы ў літары
Цяпер ізноў усе яны — мае:
Я — дома.

* * *
Радзіма...
Маленства тупкія сцежачкі
Пад белым крылом туманаў
(То з лісцем клейкім трыпутніку,
што так лагодна халодзіць ногі,
То з чабарком-чубарком,
які да санцаўсходу яшчэ
заняўся наўкол сінявата-ружовым агнём,
То з мохам лясным зелянцовым,
абсыпаным рыжым шыпульнікам-гліцай
і паабкіданым жывымі ўзорамі сонца,
То з нізенькай дзятлавінкай белагаловай —
як прыпадаў да яе некалі наш Гнедка,
якога бацька даваў мне адвесці на луг,
То з верасам,
што так прутка шлёгае аб калашыну
квяцістай галінкай-мяцёлкай
з ублытанай там пчалой,
То з куп'істым сіўцом,
што тапырыцца ўвосень рыжкамі —
як голыя птушаняты, тояцца там яны).
Радзіма...
На камяністым падзоле скупым
Тут бацька шчасця шукаў.
Уставала яно — часцей у сне, чым наяве —
Жытам сцяблістым
(як у сабор, страшнавата ў яго ўвайсці),
Грэчкай кусцістаю, шумнай
(ляж між чырванаватых сцяблін
у звоне пчаліным
і дыхай на поўныя грудзі
дзіўным дарам зямлі),
Грымучым гарохам
(ён так і страляе, сухі,
калі месціш яго ў драбіны),
Вастравусым ячменем,
Аўсом.
Бульбы чырвонымі горкамі.
Гадуючы шчасце сваё,
заўсёды браў сабе бацька ў памочнікі
соцна і вецер.
Радзіма...
Кузаў галасу і смеху
Вязе грузавік праз сяло —
едуць вяскоўцы на сена.
На хаду ўхапіўшыся чэпка за борт,
да іх перакідваюся і я.
Як журкатлівая рэчка,
мне проста ў сэрца цячэ
наша, такая знаёмая змалку, мова.
Чуецца ў ёй мне
ручая прыдарожнага булькат,
ветру пошум у бэзавым лісці
ды — пад шляхамі белых аблокаў —
каласоў несціханыя руны...
Радзіма...
За беразнячком акалічным
(якія там мясцінкі грыбныя!)
наліваецца чырванню новы дзень.
Першым пачуў яго
агнякрылы дваровы пявун:
выціснуўся з куратніка,
пацягнуўся,
адставіўшы ўбок адну, потым другую
нагу,
і з шумам ускочыў на засаўкі —
свету ўсяму паведаць хутчэй
радасць...
З поля ідуць каровы —
паважна, ківаючы ўверх-уніз галовамі,
нясуць дамоў сырадою поўныя вымі;
сустракаюць іх гаспадыні каля варот
разам з малымі ўнукамі-гараджанамі,
што ўжо здалёк пазнаюць
«сваю» Сыботу ці Краску...
Чую гоман на вуліцы —
гэта кіёчак вывеў з двара старую Грышчыху:
сагнутая ў крук (што ж,
за работай спіны не разгінала век),
ідзе-валюхаецца яна — ніжай платоў,—
даганяючы рабую свінню,
і ўсё нешта гаворыць-гаворыць...
Разварочваецца ля нашых акон,
шаляснуўшы па адвіслым голлі вяза
(хаця ж бы не вывернуў шула ў варотах),
аграмадзіна камбайн.
Гляджу: у кабіне... Адамішын Вова!
А здаецца ж, учора
бегаў ён тут, па вуліцы, босы
(ногі — хоць рэпу сей),
ганяючы драцяным прутом кацёлку —
іржавы абручык з вобада...
Радзіма...

ПРА СТАРУЮ АДЭЛЮ
На душы ў яе сёння —
нядзеля:
Ладзіць градкі
старая Адэля.
Пускае ў разорку з пальцаў,
як жывое, насенне —
Буракоў ды гуркоў
сем'і.
А казала ж мне ўвосень
(сядзела з кійком яна каля хаткі),
Што не трэба ўжо будуць
ёй градкі.
З усім яна разлічылася
тут, на свеце —
Работу ўсю парабіла,
дарогу дала дзецям.
Цяпер аж самой няёмка —
ад яе ж ніякага толку:
Хлеб пераводзіць
толькі.
Даўно сабралася
ў найдальнюю Адэля дарогу:
Восем дзесяткаў на свеце —
ні мала, ні многа.
У куфры ўсё ўжо да смерці
ў Адэлі падрыхтавана:
I сарочка, і андарак, і хуста,
і грошы на пахаванне.
Толькі смерць затрымалася нешта
за небасхілам —
Зноў не прыйшла па Адэлю,
зноў на яе забыла.
Зноў, нібы падарунак —
вясна ля прыселля...
Ладзіць градкі
старая Адэля.
Раўняе граблямі іх,
разоркі значыць рукою,
Як і гэта зямля,
счарнелай такою.

*
Нідзе не была ў свеце Адэля,
цягніка не бачыла нават —
Тут, у сяле, ішоў яе век:
на тым унь грудку за канавай.
Як дрэва, на месцы адным
расла і старэла
ў дзён завірусе.
Тут, у тумане, ...
усе яе вёсны —
як гусі.
Цэлы век свой Адэля
толькі і знала,
што ў зямлі гэтай корпалася:
садзіла, палола, жала.
Як пчала, шчыравала
ад рання да цёмначы,
рукамі сваімі парэпанымі
хлеб здабывала надзённы.
Так, не была яна ў свеце,
ды толькі хлеб яе гэты,
Як жывы, абышоў
мо паўсвету.
Так, мала хто ведаў Адэлю,
(а сёй-той нават знацца б з ёй грэбаваў),
А вось хлеб яе добра ўсе ведалі,
ніхто яго ад сябе не адгрэбваў.
На хлебе Адэліным тым і
раслі і вышыні свае бралі
мантажнікі і высотнікі,
акадэмікі і адміралы.
Утрымліваліся на ім,
працуючы бесперабойна,
міністэрствы і ведамствы,
фабрыкі і філармоніі.
Хадзілі станкі ўверх-уніз з ляскам —
Адэлін хлеб,
Пісалі ракеты космасу казку —
Адэлін хлеб.
Як пупышка вясной,
На Адэліным хлебе
развівалася —
пад гром авацый —
Цывілізацыя.
Калі, звар'яцеўшы,
круціў пад небам
віхар вайны пякельны,
I тады не сышла з бацькоўскай зямлі
(утрымалася неяк!)
Адэля.
Не, не была партызанкай Адэля,
але без Адэлі
Што б яны, партызаны,
елі?
Усе брыгады, усе злучэнні
(якія пра іх складаюць паданні!)
Былі
на яе ўтрыманні.
А пасля вызвалення
яна
з тых жорсткіх руінаў
Уздымала з усімі
краіну.
Недаядала сама,
ды на хлебе сваім
дзяржала
Адэля
дзяржаву.

*
Жанчыны зямлі нашай!
Краю ўсяго гераіні!
Складаць бы пра кожную з вас
паэмы ды гімны!
Хай ганаровых званняў
не шмат хто з вас удастоены,
Ды ўзнагарод найвысокіх
усе вы дастойныя!
Каб усіх вас, як трэба, адзначыць,
каб выдаць усе, што вы заслужылі,
медалі,
У зямлі б не хапіла, напэўна,
металу!
Толькі нашто вам медалі?
Не думалі вы пра славу:
Рабілі — і ўсё —
сваю будзённую справу.
Найлепшая з узнагарод
для вас
(скажаце ўсе вы пра тое):
Добрае слова
людское.

*
Дажываюць свой век
жанчыны нялёгкае долі,
Даручыўшы работу сваю
трактарам ды камбайнам у полі.
Самі ж на градках капаюцца
ці — да пенсіі сціплай даробак —
Падмятаюць вуліцы ў горадзе,
выстойваюць у гардэробах.
Убачыш іх — пакланіся,
з павагаю распытай
пра вялікі іх шлях за плячыма,
што супадаў са шляхам цэлага краю
Яны —
гісторыя наша жывая.

* * *
Зграбаем сена.
Па купінах бегаюць граблі,
Збіраюць — у копы, у копы —
Чэрвень чмяліны між грабамі.
Вал зялёнага сушава
Качаем па галіне колкай
(Эх, лезуць за шыю сяніны,
Шчыкочуць пад ліпкай саколкай!).
Між частай асочкі-кусачкі
Мільгаюць дзятлавіны галоўкі,
Бліскае сподам ліста падбел,
Маркоўнік выпнуўся ломкі.
I ўсё гэта — граблямі, граблямі —
У пераборы
(Ну ж і дзякаваць будзе зімою —
за лета падараванае —
Падласка ў аборы!).
Што? Сонца за гай завярнула?
Не, хай пачакаюць смажэнікі ў печы!
Даграбём!
Чым на дажджах мокнуць сену,
Лепш яшчэ памакрэюць хай плечы!

РЫЖКІ
Я ўжо знайсці іх і не марыў:
За дзень бадзяння па гаях
З дзесятак бабак і свінарак
У кошык свой і ўкінуў я.
I вось пад елачкамі — не руш:
Яны, рыжманыя кружкі!
I тут і там — вачам не веру —
Па травяным лужку — рыжкі!
На крохкіх ножках-карацельках
Няйначай, зверанят сям'я —
У зелянавых жылках ценькіх
Застылі ў страху між куп'я.
Я не спяшаў іх рэзаць, рыжых,
Хадзіў ля іх, паўз той лужок.
А калі браў, падоўгу слізгаў
У пальцах, як жывы, рыжок.

ВАСІЛЬКІ
Я зноў пра вас спяваю, васількі —
Як хораша сінееце вы ў жыце!
Над вамі спраку веку жаўрукі
Высока заліваюцца ў блакіце.
З блакітам, з неба яснай сінявой
Я вашы параўноўваю пялёсткі.
Параздавалі шчодра колер свой
Вы дзетвары белагаловай вёскі.
На тое ж, што ад вашай сінявы
Пазбавіліся б сейбіты ахвоча,
Бо як-ніяк, а пустазелле вы,—
Чамусьці зноў заплюшчваю я вочы.

* * *
Дома ў нас — не за колькі зямель
на лужку
ці не бачыў ты дзіва:
з веку ў век,
з лета ў лета
рупліва
пералічвае краскі
чмель.

* * *
Хто месяца жарыну
У надбор'е запусціў?
0 як ён азярыну
Начную асвяціў!
Паслаў — каму пад ножку? —
Жывую, з серабра
Нябесную дарожку
Па хвалях і вірах!
Пайшла яна — успышкамі —
Па беразе ў расе,
Па голках хвой, па шышках,
Па верасе.
Хто месяца жарыну
У надбор'е запусціў?
І чый там, у ажынніку,
Гарачы шэпт: «Пусці!»

НАШАМУ ЛЕСУ
Годны лес! Над табой, разгайданым,
За стагоддзем стагоддзе пяе.
Разбіваліся ўшчэнт ураганы
Аб зялёныя грудзі твае.
Непахісна, як волат замглёны,
Ты стаіш: у зямлі — карані.
У ліхія гады ад палону
Край увесь ты сабой бараніў.
Еду дзень, а паўз шлях зноў, узнёслыя,
Сосны, сосны — камель пры камлі.
Вечна ж грайце пад хмаркамі, сосны,—
Варта верная роднай зямлі!

* * *
Туманам зацягнула дні —
Зноў свету не відаць.
У парнай белай цішыні,
Застыўшы, ліпы спяць.
Год новы побач, за сцяной,
I на табе — туман:
Зноў над прымоўклаю зямлёй
Варожыць, як шаман.
Шляхі і сцежкі — мокры глей,
Раскіслі — не вылазь.
Ледзь ступіш — чэпіцца, як клей,
Да чаравіка гразь.
I сніцца, сніцца ўсім адно:
Ідзе-гудзе сама,
Шлейф белы кінуўшы ў акно,
Завейная зіма.

* * *
Такую падзею
мы праглядзелі:
Шпакі прыляцелі!
Дазнаўся пра гэта я ў дрогкім трамваі
ад дзвюх,
з бітончыкамі малака ў руках цётак.
От як!
Дзеці зямлі, гэта ж — дзіва! —
жывём мы ўжо
Без перасвісту шпакоў,
што некалі першымі нам абвяшчалі
вясну
Без крыгалому чаканага на рацэ,
што досвіткам белатуманным
будзіў увесь свет
самаю мірнаю з кананад,
Без паху раскрытай плугам раллі,
якую, зляцеўшыся з усяго наваколля
абходжвалі шумна гракі,
Без рос на траве
(ці помнім хоць мы,
калі ступалі па іх апошні раз
босай нагой?),
Без празрыстасці бярозавіка
(як гулялі ў ім сонечныя зайчыкі,
калі мы неслі яго ў слоіках
з бязлітаснага ўзлеску!),
Без перапёлчыных ранкаў,
Ясных заранкаў,
Без красавання жытоў на зямлі,
Без налівання,
Без светлага мігу таго,
калі, вылезшы пагрэцца на сонцы,
абсядаюць усе лазнякі ваколіцы
такія рахманыя коцікі,
калі выпырхваюць раптам з пупышак бяроз
вясёлыя выраі лісця,
калі зацвітаюць на волі пралескі,
сон,
святаяннік,
крушына...
Што з намі робіцца?

* * *
Зноў — сівец, і хвойкі, і дымок,
Як калісь, над станам Пастуховым.
Я тут гэтаксама недзе мок
Пад шумлівай сховаю альховай.
Добры дзень, далёкая смуга!
Добры дзень, маіх узлескаў лісце!
Тут расой крутой мая нага
Апяклася, босая, калісьці.
Вунь і ты, чысцюткі ручаёк!
Як я рад, што ў пераплёт маліны
З той пары замглёнай ты не ўцёк,
Што вярнуў мае гады малыя!
Хутка мой раскручваецца век,
I вясны жыцця хіба не шкода:
Чалавек таму і чалавек.
Што Учора ў ім жыве заўсёды.
Нарадзіў мяне вось гэты край,
Крылы ў вырай тыя хаты далі:
Хто я, вам раскажа той вунь гай,
Тых палёў падсіненыя далі.
Лог і луг, крынічная бруя,
Сцежак ласка, халадок дасвецця,
Людзі нашы, мова — гэта я,
I без іх мяне не зразумець вам.

* * *
Зноў вы стынеце, вербы мілыя,—
У канаве вада, як слюда.
Адляцела — у вырай, у вырай —
Лісця срэбнага чарада.
Мусіць, я пазнавата прыехаў —
Як нямы, за дарогаю гай.
Адшумеў, адзвінеў. Нават рэха
Знікла недзе — гукай не гукай.
Пад нагамі — іржэўнік, як шчотка.
Лета жаўранкавае — у тарпах.
Гоніць восень — пахмурая цётка —
Лісце скручанае па шляхах.
Ну, а нас — што па свеце кідае?
Не сядзіцца чаму нам, скажы?
Каб за сінімі краявідамі
Бачыць новыя міражы?
Ёсць у кожнага скарб бясцэнны
(Што там золата ўсіх прызоў!).
Гэты скарб — хаты матчынай сцены
У сучках, у маршчынах пазоў.
Гэты скарб — агародчык са слівамі,
З бэзам, што яшчэ дзед пасадзіў
(Хто з нас кветкамі тымі «шчаслівымі»
Сноў дзіцячых не саладзіў?).
Гэты скарб — гай за хатамі, звонкія
Над разлогамі пчолаў шляхі,
Ясната сенажацяў рамонкавых,
Балатоў прыазёрныя мхі
З чыстым голасам жураўліным,
З журавінным дажджом між куп'я...
Гэты скарб — маленства краіна,
Гэты скарб — радзіма твая.

2


* * *
А мы і не бачылі шчасця,
А мы, як ваўчкі, былі
Такія яшчэ віхрастыя
На зраненай нашай зямлі.
Адно было ў нашых марах,
У зрэнках дзіцячых, у снах:
Святога амаль, з прыгаркаю
Хлеба жытняга смак і пах.
Вясны ручаямі звонячы,
Адкрыты — дзе плот, дзе брод?
Ішоў і горкі і сонечны
Пасляваенны год.
Ці помнім хоць мы, як маткі
Уздыхалі штовечар не раз,
Слязу выціраючы ўкрадкам —
Чым пакарміць бы нас?
Удовы вайны Айчыннай,
Глядзела з надзеяй на іх
Уся краіна ў руінах
I вочы іх дзетак малых.
Так рана ў матак лажыліся
Каля вачэй кругі!
Ды зноў яны рвалі жылы,
Упрагаючыся ў плугі.
Ды зноў зляжалыя глыбы
Варочалі — плач не плач.
Як яны біліся, рыбіны,
У сецях тугіх
нястач!
А скаргі на ўдовіну долю
Дамоў, у падушку няслі —
Усё яны пераадолелі,
Усё, што трэба, змаглі.
Стаіўшы боль свой глыбінны,
На лямках з разрухі ў той час
Выцягнулі ўсю краіну
I выгадавалі нас.
Мільгаюць дзесь каля Вегі
Зорныя караблі.
З рук матак нашых, я ведаю,
Старт свой яны узялі.

БАЛЛАДА ПРА МАЦІ
Кіёк у руцэ, за спіной хатулёк,
Запылена хуста —
Прасёлкам, здалёк,
Сівая, як голуб, ішла яна.
Звінела жаўранкамі вясна.
— Куды гэта, бабка, вы, дайце адказ,
Што зрушыла з дому, старэнькую, вас?
Шасцеў пры канаве зялёны трыснік...
— Я, дзеткі, да сына іду, на Палік...
— А сам што ж да вас не прыедзе ваш сын?
Няўжо так зазнаўся? Які ў яго чын?
— Зазнаўся? Ды не, яшчэ змалку ён быў
Ласкавым і чулым і матку любіў.
Бывала, не дбаў аб гульні, як усе:
Цялушку напасвіць і дроў прынясе.
Калі ж ён падрос, пачалася вайна,
Пазвала яго ў партызаны яна.
Пайшоў ён да возера Паліка —
Там, кажуць, балоты: чарот, асака.
Там вельмі цяжкая блакада была —
Ад бомбаў нямецкіх зямля ўся гула.
Адтуль не вярнуўся ён — на Паліку
Так і астаўся. У тым унь баку.
Адзін у мяне ён, к яму я іду —
А можа, дзе-небудзь яго там знайду?..
Кіёк у руцэ, за спіной хатулёк,
Запылена хуста,—
Прасёлкам, здалёк,
Сівая, як голуб, ішла яна.
Звінела жаўранкамі вясна.

* * *
Можа, і ў мяне над галавой
Ходзіць зорка ўласная, якая
Узышла ў дзень нараджэння мой
I ў дзень смерці ўпадзе небакраем?
Забабон звычайны? Прызнаю.
Ды не зачыняйце ў мару дзверы:
Я у тую зорку, у сваю,
Як-ніяк, хацеў бы ўсё-ткі верыць!
Мы — не безымянная трава,
Не шурупы ў нечай калясніцы.
Кожны з нас — хай кружыць галава!
Вымпел свой нясе праз бліскавіцы.
Людзі, верце: ёсць у нас свае
Зоркі зіхатлівыя ў сусвеце!
Хай іх бачыць доля не дае,
Ды яны нам свецяць, свецяць, свецяць!
Чыркнула па чорнаму агнём,
I няма ўжо знічкі — мы галовы
Над труною друга ціха гнём:
Адляцеў у вырай вечаровы...
Кажуць, у вайну быў зарапад!
У траву, у белыя азёры
О як густа сыпаў зораў град!
Як яны гарэлі ў небе, зоры!
Хлопцы, што краіну бераглі,
Не прыйшлі дамоў з дарог няблізкіх.
У палях расквечаных ляглі —
Юныя навек — пад абеліскі.
Не, яны й дасюль для нас — не тло,
Не бясследны попел з поля бою.
Покуль мы жывыя, іх святло
Носім, непагаснае, з сабою.

* * *
Янку Сіпакову
Ці ж ведаў хлапчук,
на якую раду
Тату з мамай пагналі
ад ганка прыклады?
Толькі гэтак калола
нязвыклае слова — гестапа!
...Двое добрых людзей
да нелюдзяў трапілі ў лапы.
О, як іх дапытвалі ўмела —
з падмогай навукі!
Жалезам хітрым выкручвалі
іх сялянскія рукі.
Рукі, што ведалі толькі
тронку плуга ды граблі.
Што над пасцелькай дзіцячай
снавалі, як гралі!..
I вось да сцяны іх паставілі —
крычы не крычы пад вачэй гэтых лёдам...
I ўпалі яны — бывайце, няспраўджаныя надзеі!
У тым лёху,
Глухім,
голым...
Ды ў свеце застаўся
іх голас.

* * *
Не, не кажыце мне — вайна
Не пахавана ў сорак пятым,
Усё яшчэ курыць яна
У свеце, як струна, напятым.
Ад галасоў эфір гудзе,
Ляцяць газеты ў свет гайнёю.
Не на жыццё, на смерць ідзе
Вайна між праўдай і маною.
Памалу топіць лёд вясна,
Ды шчэ далёка да парадаў.
О як жа часта шчэ мана
Усё-ткі верх бярэ над праўдай!
Дык ці ж сядзець байцу ўбаку
Ад бітваў ярасных стагоддзя?
На фронце мы з табой, пакуль
Пад сінім небам крыўда ходзіць!

* * *
Трасе, трасе планету праз гады,
I ходзім мы па ёй, як па плытах.
Трывожна ў сэрцы: можа, сапраўды
Трымаецца зямля на трох кітах?
Кіты, кіты, я знаю, цяжка вам:
Ад складаў бомб трашчыць наш шар
зямны.
О як бы памагчы мне тым кітам,
Кіты — хаця б не падвялі яны!

* * *
Жыць без трывог? Не злавацца?
Не лаяцца? Не кіпець?
Не гневацца? Не абурацца?
Крыўду і здзекі — цярпець?
Адно берагчы свае нервы —
Сябе б надалей захаваць?
На ўсё ж астатняе, што пад небам,
Пляваць?
Б'е чалавека кіем
П'яная хеўра — хай?
Мары хавае людскія
У стол-труну бюракрат — чхай?
Хай, што нейкі праныра
Уладу — няма саладзей! —
Недзе за морам-вірам,
Як торбу, украў у людзей?
Радуецца: як з воска,
Усё цяпер з іх ляпі —
Гаці гаці, у войска
Стрыжы ўсіх — стойце, слупы!
Рот жа адкрыеш, пярэчачы,
Рукамі вашымі ж вас
(Чакаць ад яго чалавечнасці?),
Як мух, перагубіць ураз.
Край стрыножыўшы страхам,
Душ валадар,
Дзесь бомбай ужо размахвае,
Са светам гуляе ў пажар.
Не згледзіш — пагоніць вецер
Іскры далей, без дарог...
Жыць без трывог у свеце,
Поўным трывог?

* * *
Жыцця нястрымны ход!
Не згледзеў: бы пірога,
Яшчэ адзін во год
Адчаліў ад парога.
Ён толькі ж што званіў,
Нібы званамі, днямі,
А ўжо — глядзі — з агнямі
Паплыў, паплыў, паплыў.
Не павярнуць назад
Яго ніякай сілай:
Уміг яго ў свой спрат
Гісторыя ўмясціла.
Падлічваю, чым год,
Мне дадзены, я поўніў:
Ці мо не варт таго,
Каб я яго запомніў?
Не, год змаганцам той
Усё ж быў: зацяжную
З адвечнай цемнатой
Упарта вёў вайну ён.
Пабач: з эпох сляпых
Дайшоўшы нейкім шляхам,
Сядзяць шчэ, як струпы,
Ў людзей на шыях шахі.
Ды цёмныя з вякоў
Народы уваскрэслі:
Хапуг-гвалтаўнікоў
Страсаюць з тронаў-крэслаў.
Світае на зямлі.
Ды ўсход такі чырвоны:
Хто ж без крыві калі
Зрываў з сябе карону?
Свет кабалы — на злом!
Мацнее рэха боя:
У барацьбе са злом
Хай не ржавее зброя!
З няпраўдаю вайна
Кіпіць у нас у кожным:
Ці ж быць у свеце нам
Староннімі ў ёй можна?
Ты што, скажы, зрабіў,
Каб час прыблізіць зорны?
Ці дарам пратрубіў
Год, гэткі непаўторны?

* * *
А ўсё-такі Розум —
наш, не электронны —
Айсбергі догмаў
у свеце тараніць,
I падаюць — чую —
з наседжаных тронаў,
Як пераспелыя грушы,
тыраны.
А гэтак жа шчыра,
а гэтак жа чэпка
За троны трымаліся —
рук не расчэпіш!
Тыраны над тронамі
трэсліся трасцай —
Не адарваў бы ад тронаў іх
трактар!
А як жа старанна —
з розумам, з толкам —
Сябе ўцэментоўвалі —
утрымацца б толькі!
У кожным скверы маленькім,
бонзы,
Свой лік адлівалі
ў бетон ды ў бронзу!
У зубы гісторыі
ўкладвалі цуглі,
На мову людскую
вешалі пломбы —
Хадзілі ля іх толькі
еўнухі цугам,
Фіміям ім курылі
паэтаў плоймы!..
Званчэюць у свеце
свабоды бомы,
Маўчанне людское
ўзрываецца бомбай,
I падаюць з тронаў
(каму патуралі),
Як пераспелыя грушы,
тыраны.

* * *
Мы — людзі, зямляне.
Званы яднання, званіце!
Звязаны ўсе між сабой мы
нябачнымі ніцямі.
Белы ці чорны,
грэк ці панамец —
Усе мы зямляне:
такая радня мы!
Мы —
экіпаж аднаго карабля,
Імя якому —
Зямля.
Мы плывём, мы плывём,
бясконцым такім
акіянам сусвету —
Ці ты бачыш, сусвет,
нашу зорачку светлую?
О якія на ёй
узыходы і поўдні!
Як гуляюць у рэках яе
акуні ды промні.
Шчасце — жыць на зямлі!
Ды, нікчэмныя, сваркі
Разрываюць па сёння яе,
як аўчаркі.

ІНТЭРНАТ
Нашто нам сваркі, людзі!
На планеце
Народ народу — друг, таварыш, брат.
Хай свеціцца між зорак у сусвеце
Зямля —
людскі наш інтэрнат.

ДАРОГІ
Я слаўлю дарогі.
Яны прыйшлі на зямлю
з чалавекам:
дарог у звяроў няма.
Ад дыма да дыма,
ад дзядзінца і да дзядзінца
пратоптвалі
нястрымныя ногі людскія
дарогі.
Вялі заўсёды дарогі туды,
дзе дабрыня вачэй,
усмешак сонцы,
гаворкі людской пералівы —
ці ж чалавек без гэтага
быў бы шчаслівы?
(Гэта ж воўк толькі можа
сядзець у сваім лагве
ды выць у зоры.)
Валіла людзей бясхлебіца
(як страшна закатваліся ў іх вочы,
гледзячы ў свет бялкамі!),
але, як жывая вада,
зноў ставілі іх на ногі
дарогі.
Яны развейвалі ў момант бяду,
прыносячы людзям
жытняга хлеба скарынкі,
парад людскіх падарункі найдаражэйшыя,
песні
ды сэрцаў шчодрых іскрынкі.
(Не віна дарог,
што на іх выпаўзала так часта
страшыдла з пашчаю крыважэрнай —
вайна.)
Дарогі —
найвыдатнейшыя помнікі чалавецтва.
Але на іх не трэба вешаць таблічкі
са словамі: «Ахоўваецца дзяржавай»
дарогі будуць датуль,
пакуль будуць людзі.

* * *
Ідзём мы проста
ў свой час світальны.
Не збіцца б толькі —
0 век асляпляльны!
Нас слепіць сонца,
нас слепяць горы,
Сляпні нас слепяць
І слепіць гора.
Ідзём, ідзём мы
праз рыфы, рыфмы,
Нас слепяць міфы,
нас слепяць німфы.
I пот нас слепіць —
нам жыць бы лепей!
Нас думка аб хлебе
маланкаю слепіць.
Ды я не жадаю
быць асляплёным.
З вачэй здзіраю
святла заслону.
Хай наша зорка
зіхціць выразна.
Нам трэба зоркасць,
нам трэба яснасць!

* * *
Як ні абдумваў я шлях свой —
на ім, як тычак, памылак!
Па марах юнацкіх,
што ў сны мае заляталі,
я столькі справіў памінак!
Можа, глядзеў на свет
зялёнымі вачыма?
Цвярозым быць,
Прадбачліва жыць
памылкі мяне вучылі.
I я абдумваць пачаў кожны крок:
перш, чым ступаць на дарогу,
Перад ёю
(хаця б скіраваць туды, куды трэба!)
маячыў доўга.
А калі праходзіў уперад,
часам ізноўку бачыў,
Што мне і зараз пайсці
трэба б было
іначай...

* * *
Чым звівацца вужакаю, лепш
Развітацца з зямлёй назаўсёды.
Як вада, як паветра, як хлеб,
Чалавеку патрэбна свабода.
Без свабоды ён — птушка без крыл,
Што ў карчэўі, падбітая, скача:
Па блакіце — ці чуеш той крык? —
Дзень і ноч душа яе плача.

* * *
Вылузваючыся з бітком набітага тралейбуса
(У мяне аж пырснулі гузікі з пінжака),
Я раптам стаў ля дзвярэй як укопаны:
Над імі — белым па чорнаму —
Мне проста ў вочы грозна крычалі словы:
«Выйсця няма!»
Хацеў я ізноў малаціць па баках локцямі,
Каб прабіцца назад
I знайсці дзе-небудзь выйсце,
Ды бачу: усе спакойненька праходзяць і тут!
Я рушыў за ўсімі і яшчэ раз пераканаўся,
Што заўсёды можна знайсці выйсце —
Нават там, дзе
Выйсця няма!

ТАПОР
Ці ў бор яго пусціш, ці ў двор,
Ці ў сад, залаты ад пладоў,
Усюды наробіць дроў
Тупы, хоць і востры, тапор.
Хіба ж пра што думае ён —
Усё без разбору ссячэ:
Рабінку, у квецені клён
Ці галаву з плячэй.
Гатоў ён жыццё загубіць,
Скірованы гаспадаром...
Аднаго толькі бойся:
быць
У чужых руках тапаром!

МАРНАТРАЎСТВА
Так, не пазнаць сёння вёскі:
Дзе яе кроснаў лёскат?
Не тчэ, не прадзе ўжо: яе
Крама цяпер адзяе.
Ды прыйдзе зіма ў госці —
Няма дзе рук дзець вёсцы.
I вось — не смешкі, не жарты —
Гуляе вясковец у карты!
Як прыкра: старыя дзядзькі,
Былыя майстрыхі — жанкі
У воблаках дыму сівога
Б'юцца ў падкіднога!
Іх і нядзелі і будні
Крадуць чырвы ды бубны.
Крычу ім: куды гэта варта —
Вяскоўцам гуляць у карты!
Спрадвечная працаўніца,
I ткалля, і пралля, і жніца,
Часам — дзён гэткіх транжырка!
Вёска, як пасажырка,
Што села на поезд недзе
I ўдалеч іншую едзе
З Учора свайго ў Заўтра...
Хто там гуляе ў карты?

АВЕЧАЯ СПРАВА
Бляялі раз-пораз ды, кідаючыся ў нецярпенні
па хляве,
глуха грукаліся бакамі аб сцены.
А цяпер, выпушчаныя на волю,
клубкамі коцяцца
па густа запыленай вуліцы —
Хутчэй, хутчэй на выган!
Там да травы прыпадаюць адразу,
пыскамі вострымі шнырачы па купінах —
Ні на міг не адрываюцца ад зямлі,
За цэлы дзень і на неба не глянуць —
што ім воблакаў белыя ветразі,
што ім сусвету вечна юная сінь!
Адным заняты яны — назбіраюцца травы,
каб потым, лежачы ў цёплым хляве,
лена зубамі яе перажоўваць,
то заплюшчваючы,
то зноў прыадплюшчваючы вочы,
у якіх адно: сытая задаволенасць.
I так — кожны дзень.
Ніякіх клопатаў у галаве —
Пра ўсё за іх думае гаспадар:
жытло ім ладзіць,
выпускае на пашу,
сена рыхтуе ім на зіму.
Шчаслівыя,
знаць не знаюць яны,
што іх чакае пасля.
Ды што ім тое «пасля» —
ім толькі б цяпер пад'есці.
Пад'есці!
Да ўсяго ж астатняга —
якая ім авечая справа!

ДВУЛІКІЯ ЯНУСЫ
Калісьці жыў на зямлі
двулікі Янус:
На адным твары —
два розныя лікі.
Сёння (я сам сустракаў)
таксама бываюць на свеце
двулікія янусы.
Толькі свае два розныя лікі
хаваюць яны
пад маскай адналікасці!

* * *
На падмурку хлусні
Ты будуеш дом свайго шчасця?
Абклейваеш гэты падмурак паперай,
на якой з такім майстэрствам
ён намаляваны —
на выгляд, і праўда, як з цэглы!
Адно: трэба заўсёды
яго падмалёўваць і падмалёўваць,
бо, не давядзі бог, заўважаць,
на чым стаіць дом твайго шчасця.
Гэта ж любы можа тады падысці
і ткнуць у падмурак пальцам —
Рухне вобзем адразу ж
дом твайго шчасця.

ПРАЎДА I КРЫЎДА
Калі праганяецца Праўда,
Вылазіць на свет Крыўда.
О, бойцеся Крыўды —
яна — сляпая:
Забойцу — міне,
бязвіннага — пакарае.

* * *
На тое ж у нас
галава на плячах —
Каб думаць.
На тое ж у нас
галава на плячах,
Каб разабрацца,
дзе золата,
дзе гніль блішчыць на карчах.
На тое ж у нас
на плячах галава,
Каб на кручок хлусні
не брацца,
Каб палічыць хаця б,
што два на два —
Чатыры,
а не дваццаць.
На тое ж у нас
галава на плячах —
Каб — без завалаў, ясны —
у Заўтра пракласці шлях.

ЧАС
Час —
ён складаецца з нас
(і віну
за людскія заганы і болькі
не ўскладвай на час):
час — гэта мы,
мы — гэта час.

* * *
Прыстаў да льду каліны ліст —
Няўжо былі тут хвалі?
Раку пад злы хаўтурны свіст
Мяцеліцы хавалі.
Маўчала доўга ў берагах
Яна глухой парою,
Згубіўшы след свой у снягах
Пад ледзяной карою.
I хоць не бачыла святла —
Ці ходзіць небам поўнік? —
Але і ў цемры той жыла,
Як і заўсёды, поўна.
Рабіла зноў у схове льду
Работу несціхана:
Каб не мялеў, сваю ваду
Нясла да акіяна.

* * *
Мо ў тым і ўсе нашы пралікі,
Уся памылка, можа, ў тым:
Мы часта марым аб вялікім,
Задавальняемся ж малым.
I тое, чым жывём употай,
Што ў сэрцы носім мы здавён,
Усё адкладваем на потым,
Усё чакаем лепшых дзён.
Дні ж лепшыя — адкрыйма вочы!
Нясуцца міма. Назаўжды!
А мы бразгочам, мы бразгочам
Той драбязою праз гады!
Пасля спахопімся, ды — позна:
Ўжо рыбка выслізнула з рук!
Гадоў былых ніякай позвай
Назад не вернеш, мілы друг!
Так па прывычцы губім сілу
Мы зноў на спраў маленькіх рой.
Ну, а вялікае?
Ў магілу
Нясём з сабой, нясём з сабой!

* * *
А можа б, ён і жыў між нас,
Каб мы былі дабрэй на трошкі?
Мо дабраты яму якраз
I не ставала нейкай крошкі?
Хто ведаў з нас, што, франтавік,
Хаваў ён, ціхі, ранаў немач
I што на болю наступ звык
Зубамі толькі скрыгаць нема?
Няпраўда, што мы дбаем больш,
Як кажуць, аб сваёй кашулі.
Ды ўсё ж бяды прадвеснік — боль
Яго
мы ў лёце дзён не ўчулі.
Не ўбераглі, не ўсцераглі...
Магчыма, тут зусім няварта
Нас дакараць — што мы маглі? —
Ды ўсё ж я — нібы вінаваты.
Так апусцела ўсё кругом!..
I думка лезе мне ў самоце:
А як жа будуць без яго
Людзі на балоце?

* * *
Быць дабрэй,
Быць чысцей,
Пра людзей (яны ж усе
бездакорныя па прыродзе!)
Думаць часцей.
Не, гэта — не мода,
Гэта (зноў жа адтуль,
з краіны маленства,
Адкрытай, як неба) —
Душы патрэба.

* * *
Белы верш —
як распрэжаны конь,
што пусцілі на канюшыну.
А можа, ўсё-такі часам —
каб бег куды трэба —
Цуглямі рыфмаў
яго закілзаць?

ДЗЕДАЎ НАКАЗ
Не забыць бы дзедавага
Слова залатога:
Не рабі ліхога,
Не кажы пустога.

* * *
Разбегліся думкі мае,
як мурашкі —
якая куды.
Я хацеў іх сабраць
у клубок —
спакайней бы было,
калі б былі яны ўсе пры мне.
Але паспрабуй ты за імі ўгнацца!
Зловіш адну — другая ўцячэ.
Я лаўлю іх, лаўлю.
Покуль якая - небудзь не зловіць мяне
I не павядзе за сабою.
А астатнія будуць чакаць сваёй чаргі...

class="poem">
СЯБРАМ-ПАЭТАМ «ПРЫЗЫВУ» ПЯЦІДЗЕСЯТЫХ
Вось і прыйшла пара для справаздач.
Ніл Гілевіч
Як непазбежна льецца
Вада жывая — Час!
Яшчэ ж мы ўчора, здэцца
(Не прызнавалі нас?),
Насілі — разам з краем —
Празванне «малады».
А ўжо — глядзі — збіраем
У зборнікі гады.
Як вехі — даты, даты.
Тасую годы, рад,
I вершы, як салдаты,
Выстрайваюцца ў рад.
Байцы святла, любою
Пагодай, першацвет,
Ішлі на поле бою —
На поласы газет.
Няслі з сабой ад стрэхаў
Зямлі трывогі-сны,
Нямоўкнучае рэха
Бяды людской — вайны,
Усё паведаць праглі:
I горкую, без слоў,
Жальбу удоў, і скаргі
Закінутых палёў.
У людзі ў строфах неслі
Пах лесу, дым расы,
Звон жніва, роднай песні
Жывыя галасы.
А з імі, з казкай красак —
Жыцця ў радках стае! —
Няслі й памылкі часу,
А часам — і свае.
Зару зямлі трубілі.
Бывала — неўпапад.
I, як салдат, іх білі,
Любілі, як салдат.
Пазналі, і не скупа,
Яны — не падаць ніц —
I вастрыню і тупасць
Рэдактарскіх нажніц.
Ды хоць смылелі раны
I кліч часамі глух,
А ўсё-ткі ветэраны
Свой захавалі дух.
Дык ці ж у новым часе —
Шумі, жыцця прыбой! —
Ляжаць ім у запасе?
Ізноў — у бой!

3


СТАРАДАРОЖСКІ РАЁН
На карце хай загнаны ў рог,
Ды не ўбаку ні трошкі
Ад новых пуцявін-дарог
Раён Старадарожскі!
Ля ўсіх пасёлкаў і шляхоў
Тут пад смыкамі ветру
Пяюць штодня ў руках слупоў
Драты — цымбалы веку.
А колісь пушча скрозь гула,
Калі ішла віхура.
I дзесь Алелькава страла
Тут наганяла тура.
Тут «сакуны» жылі ў лясах
З мядзведзямі сам-насам.
Гаворка й сёння ў нас на «са»:
«Намаяўса», «суняўса».
Матычыў ляды хлебароб,
А трэ было, дык добра
Касіў у сечы — лоб у лоб —
Татар ды обраў орды!
Быў і фашысту ў нас не дом —
Сядзеў, ад страху сівы.
Наш партызанскі грозны гром
Трос прыхадняў, як слівы.
Вёў мсціўцаў па барах старых
Крапак мажны, як шула,
Цудоўны баявы камбрыг
Хірург раённы Шуба.
Змёў час чужынцаў след з зямлі,
Іржа паела каскі.
У лузе чэрвеньскім чмялі
Апанавалі краскі...
А трэба на баравікі
Напасці з кашалямі,
Кіруй адразу пад Ляўкі. —
Ўвесь Мінск там з «Жыгулямі»!
Заўсёды ў працы мой раён,
Работнік цягавіты.
Здаўна славуты ў свеце ён
Ліповым мёдам, жытам,
Ільноў нябеснай сінявой,
Сасною, звонкай, гонкай,
Ну і вядомай за Масквой...
Старадарожскай горкай.
Будуе, косіць, сталь куе,
Арэ — ушыр і ўдоўжкі —
I песню новую пяе
Раён Старадарожскі!

* * *
Палессе...
Рэха правадоў сустрэчных.
Ваюе наш аўтобусік з пяском.
Пад вечар — песня ціхая — Славечна
Дарогу перайшла нам пад мастком.
Куды ляцім, этнографы?
Ля песні
Палатку ўскінем —
Пачакае час!
Тут, пад зарой,
Калі камар не з'есць нас,
Палесся нораў вывучым мы ўраз!
Якая ціш!
Чуваць крынічкі мова —
Хто кінуў нітку срэбную са стром?
А звечарэла —
З чарнаты альховай
На ўсё Палессе —
Салаўіны гром!..
Зялёнакрылы край славян — Славечна...
Дзесь скрыпнуў граб —
Ці мо чумацкі воз?..
Стаю і слухаю самую вечнасць,
Што захавалі
Голлі вербалоз.

ІСЛАЧ
Яшчэ ў жыцці адкрыцце — Іслач:
Як яшчарка, сярод травы
Пад шчырым сном вярбы навіслай
Па камяньках — струмень жывы.
Між двух бароў, паўз сосны-промні
Лужкоў прырэчных дываны.
У калідор шырокі поймы
Заходзяць ранкам туманы.
Праз бор-гусцёр неспадзявана
Малая сцежачка з сяла
У гэта стойбішча туманаў
Мяне таксама прывяла.
Над рэчкаю з вярбой-гарбулькай
Стаю і ў прозалаці дня
Лаўлю, як ласку, ціхі булькат
Пад нізам дзесь, у каранях.

КАМЕННЫЯ БАБЫ
Каменныя бабы...
Язычнікаў ідалы...
I сёння па стэпе яны —
бачыў я —
там-сям параскіданы.
Валяюцца ў пыле яны пад нагамі —
то бокам,
то ўніз тварам грозным.
Спакойненька птушкі садзяцца на іх,
пасуцца побач каровы ды козы.
А некалі ж тут
на люд навакольны
унь які страх яны наганялі!
Да іх, як у Меку,
ішлі з караванамі,
дары перад імі складалі,
Малітвы ім, моцным,
шапталі,
Каменныя ногі іх
цалавалі,
Слязьмі
аблівалі...
О як выдатна тыранам
яны памагалі
Людзей трымаць
на павадку!

ЛЕГЕНДА ПРА ВУЛЛЯНУ
Што чуў, раскажу я. Не знаю —
праўда гэта ці казка.
...Млелі пагоркі пад небам
у белых і жоўтых красках.
А ўверсе кудысь аблачыны
плылі — гарбатыя стругі —
і пчолы ў дарозе да борцяў
званілі ў нябачныя струны.
Па разнатраўі ў сукенцы
ля курганоў, што заснулі,
бегла лёгка Вулляна,
гнуткая, бы казуля.
Даўгая каса Вулляны
нібы з ручаёў была звіта,
сінела ў касе дзявочай
валошка простая з жыта.
Там, за пагоркам лабатым,
пад галінастым дубам
чакаў у рамонках хмельных
яе Сцяпан светлачубы.
Хоць ён бядняк, хоць са зрэб'я
у Сцяпана кашуля,
ды што ні вечар ляцела
ў рукі яго казуля.
А потым па вуліцы вёскі —
няўжо ж угледзяць аконцы? —
на белых плячах насіла
яго пацалункаў сонцы!..
I вось да яго зноў імчала,
і ёй — па лытках, па лытках —
галоўкамі шлёгалі смолкі,
шчаўе ды хвосткая снітка.
I раптам — дзяўчына не знала,
як атрымалася гэта,—
ледзь яе з ног не збіла
праезджага пана карэта.
— Тпру! — нацягнуліся лейцы
і з карэты багатай
скочыў на дол травяністы
пан той, круглы, вусаты.
Штосьці сказаць хацеў ён,
ды з паўадкрытым ротам
так і застыў на месцы —
бы мову яму адняло тут.
Красы такой аніколі
нэ бачыў ён і за морам:
тварык — як месяц ясны,
а вочы яе — азёры.
Апамятаўшыся неяк,
загаварыў з Вуллянай,
што палахліва глядзела
на незнаёмага пана.
— Калі ты і праўда ява,
а не сон і не казка,
будзь жонкай маёй ад сёння
сказаў ён дзяўчыне з ласкай.—
Я — князь, і за мною таксама
станеш сама ты княгіняй,
у крышталёвых палацах
будзеш ты гаспадыняй.
Я ўсё табе дам, ты будзеш
жыць без турбот, як галубка.
Будзеш віно залатое
піць з сярэбраных кубкаў.
Ад ласкавых слоў тых Вулляна
уся расцвіла, як вяргіня —
якая ж паненка, скажыце,
не марыла б стаць княгіняй!
Есці смачныя стравы,
у шаўкі апранацца!..
У думках была ўжо Вулляна
ў сонечных тых палацах.
Ды ўспомніла тут дзяўчына
мілую ўсмешку Сцяпана...
Як жа яна прамяняе
каханне сваё на пана?
— Не,— аглядзела Вулляна
панскі ўбор асцярожна,—
я не магу даць згоды,
князю яснавяльможны...
Ты мне даруй за гэта
і не судзі мяне строга:
пайсці б за цябе я рада,
ды... я кахаю другога.
— Хто ж ён? Якога звання? —
нахмурыўся твар у пана.
— Кравец ён, Сцяпанам клічуць,-
горда ў адказ Вулляна.
— Што? Ты смяешся з князя?
падскочыў пан, як ад джала.—
Я не дарую! — I віхрам
карэта з тым князем памчала.
Нідзе дасюль і ніколі
Не ведаў князь перашкоды:
прывык ён, што б ні надумаў,
свайго дабівацца заўсёды.
Не думаў і тут адступаць ён,
разгневаны не на жарты.
— Ты будзеш маёй, ганарліўка! -
сказаў сабе князь упарта.
Была падуладна князю
не толькі гэта зямля ўся,
але і нябёсы: ён нават
з самім усявышнім знаўся!
Князь да яго і пастукаў
ў нябесныя дзверцы.
На чорную справу ўсявышні
даў згоду — не меў, пэўна, сэрца.
На крыллях сваіх нябачных
памчаў туды, дзе на грудзе
сядзеў Сцяпан каля дуба,
адзенне шыючы людзям.
Сыпнуў на Сцяпана паганым
зеллем з нязнаных гародаў,
і хлопец светлавалосы
каменем стаў назаўсёды.
Прымчала Вулляна птушкай
на стрэчу чаканую з любым,
ды замест хлопца сустрэла
камень немы пад дубам.
Падбегла туды і з плачам,
што трос яе плечы рыўкамі,
акамянелага хлопца
абхапіла рукамі.
А князь той ужо Вулляну
чакаў ля зялёных пагоркаў,
ды, не прычакаўшы, пад'ехаў
к дзяўчыне,
што плакала горка.
— Не плач дарэмна, Вулляна,—
крануў яе князь нецярпліва,—
пакінь гэты камень — ты станеш
у свеце самай шчаслівай.
Ды князя нават і слухаць
Вулляна не пажадала —
да сэрца тулячы камень,
яшчэ мацней зарыдала.
Так плакала несуцешна,
што ад слёз яе горкіх
між незабудак і братак
пабег ручаёк з пагорка.
А потым у полі зялёным
пад зарою калянай
сама слязамі сышла ўся
і стала ракою
Вулляна.
Па сёння цячэ між красак
яна беларускай зямлёю.
Па сёння й завецца Вуллянай,
Віліяю, Вяллёю.

ЯЦВЯГІ1
Хто ўкраў сёння сонца з неба,
пераплёў шляхі каранямі?
Хоць крычы: дзень, як луг у цэбры,
затапіла свет туманамі.
Недзе пікамі далеч ашчэрыў
вораг —
што ж, аб крыжацкія лбы
памацуем нашы сякеры:
мы — яцвягі,
мы — не рабы.
Дзеці лесу, мы воляй гордыя —
віся, восеньскіх лісцяў рой!
Колькі раз чужацкія орды
край капыцілі пад зарой!
Нам багоў сваіх неслі і ёрмы,
ды праз вываратні і равы
гналі прэч іх ад нашых зор мы:
мы — яцвягі,
мы — не рабы!
Сойкі сокат ускрай дарогі...
Граюць сосны па-над грудом...
Пушчы звонкія, пералогі —
гэта наша радзіма, наш дом.
I яго мы, яго мы, яго мы,
покуль жывы — ведай любы! —
адабраць не дадзім нікому:
мы — яцвягі,
мы — не рабы!
Неба чорным услана дымам,
нашы хаты гараць і ёўні:
у цісках чужынцаў радзіма,
вораг хіжы лютуе сёння.
Асталася нас жменька толькі
ад крывавае малацьбы,
ды ізноў мы шукаем бойкі:
мы — яцвягі,
мы — не рабы!
Край зрабіўся суцэльнай магілай,
крык дзіцячы ў хвоях растаў,—
як атаву, смерць нас касіла,
ды ніхто на калені не стаў.
Рвіце, коні, глей капытамі!
Стан варожы!
Няма ў нас слабых —
мужна зложым галовы там мы
мы — яцвягі,
мы — не рабы!
Станем зорамі.
Як паходні,
будзем з неба свяціць заўжды.
Ад Драгічына да Гародні
пашукайце нашы сляды!
Завірыць хай завея над імі,
ды ў вякі панясуць,
сцяг нібы,
рэкі чыстыя наша імя:
мы — яцвягі,
мы — не рабы!

ФРАНЦЫСК, СКАРЫНІН СЫН
Блукаў па свеце пілігрым —
Развеяў столькі лет і зім!
Цяпер ад тых чужых дымоў
Спяшыць Скарынін сын дамоў.
Паўз балаты — далёкі шлях! —
Ляціць кібітка, нібы птах.
Як плешча возера ў лазе!
Як блешча сонца ў полазе!
Як пахнуць вязелем лугі,
Дзе кнігаўчыныя кругі!
А вунь і першы йдзе зямляк!
Хто ж гэта? З торбаю жабрак!
А там хто — нейкія крукі?
Ды гэта ж полюць лён жанкі,
Сагнуўшы спіны. Стаўбуном
Цівун над імі з бізуном!..
Ляціць кібітка. Паўз бакі
Мільгаюць хаткі-катушкі,
Дзе вечны чад, дзе вечны бруд,
Дзе слепне ў цемры родны люд...
Ляціць кібітка ўдаль, ляціць,
Спяшае доктар Русь лячыць —
Ад нематы, ад глухаты,
Ад пракавечнай цемнаты.

КАЗІМІР ЛЫШЧЫНСКІ2
...Таму прадстаўляю перад вашай каралеўскай вялікасцю ворага божага, страшную пачвару і хімеру, ніколі дагэтуль нябачаную — Казіміра Лышчынскага, брэсцкага падсудка. Я абвінавачваю яго ў тым, што ён асмеліўся на 265 лістах не толькі паказаць пана бога як неіснуючае тварэнне фантазіі, сляпую выпадковасць і зрынуць яго з недасяжнай вышыні, але і асмеліўся прыпісаць уладу і кіраванне зямлёй і небам натуральнай прыродзе...

З прамовы Сымона Куровіча, інсцігатара Вялікага княства Літоўскага, па справе атэіста Казіміра Лышчынскага, брэсцкага падсудка, на Варшаўскім сейме 15 лютага 1689 г.
Я — тару!
Агонь мае ногі ліжа,
Скача — на грудзі, на грудзі! —
раз'ятраным лісам.
Я — тару!
Патушыце мяне, патушыце!
Людзі!!!
Што ж вы маўчыце?!
Што ж ад мяне адвярнулі —
такія лядовыя! — твары?
А, гэта ж і вам я —
«пачвара»!
Вам, каму расказаць
гэтак прагнуў,
Як, хіжыя,
укралі ксяндзы ў вас
праўду.
Душы вашы прыдбаўшы,
заслаўшы кадзілам вочы,
Вякамі водзяць зладзеі
вас сярод ночы.
Водзяць, водзяць,
нібы авечак на пасту,
Вас —
сляпую паству!
Я прыйшоў да вас, каб скрануць
замшэлы валун іх догмаў.
Як кінуліся ксяндзы на мяне!
Люцей за догаў!
Хаця ж бы ад ерасі-яду
ўратаваць вашу веру —
У агонь, у агонь
хімеру!..
Я — гару! Я — гару!
Тры стагоддзі гару —
З вамі ўсё
гавару...

ДЗЕКАБРЫСТЫ
Вірам — плошча Сенацкая:
мы паўсталі —
Сцяну векавую маўчання
узарвалі.
О як шчыра ляпілі цары
(што аж праглі народ ашчаслівіць)
гэту сцяну!
Як яе мацавалі,
сцераглі, пільнавалі,
гэту сцяну!
Шабля жандара
кроіла крыва краіну — сцяна,
Свісталі бізун ды нагайка па спінах —
сцяна.
Ці ж не даволі
праўды шукаць у двары мужыкам — сцяна,
Жыць на Русі толькі добра
цівунам ды шпікам — сцяна.
Край навылёт пранізалі
іх вочы-пікі — сцяна,
Шчыліны ўсе абляпілі
чуйныя вушы без ліку — сцяна...
О, за гэтай сцяною глухою,
людскою бядой мураванаю,
Было як у бога за пазухай
Дому Раманавых.
Думкамі голаў цары не забівалі
у светлым раі:
Пра ўсё за іх дбалі
іхнія халуі.
Рукамі тых халуёў
грэблі яны
з душ падданых даніну,
Рукамі тых халуёў
з дзіцячых ратоў
выдзіралі яны
хлеба скарыну.
Трэба былі царам
з золата толькі палацы,
Трэба ж былі царам
сабакары ды паяцы.
О як апявалі яны цароў, халуі,
О як у ладкі пляскалі з усіх бакоў, халуі
(Вы думаеце, гэта нішто — ладкі?
На гэтых ладках, бяздумных ладках,
Растуць тыраны, як на аладках).
А як таленавіта
лікі цароў
халуі малявалі —
сонцы нібы!
Якія ясныя вокал галоў
выводзілі німбы!
Як перад тронам падалі на калені,
як білі чалом у зале!
З якой шчаслівай усмешкай
яго вялікасці
боты лізалі!
Таго ж, хто не ўмеў боты лізаць,
халуі навучыць кляліся,
Прысягалі дарам: усіх, як ёсць, закілзаць —
ліся, золата, ліся!
Так, і кілзалі, кілзалі, кілзалі,
Рукі і ногі «няверным» вязалі,
Вучылі шпіцрутэнамі, штыкамі,
Лютымі нерчынскімі руднікамі.
Таўклі ў мазгі ўсім — год за годам,
Што цары — гэта слугі народа,
Хоць было зусім наадварот:
Не цары былі для народа,
Для іх быў народ.
Спрадвеку раджаліся ўсе і жылі — для цара,
На смерць, не думаючы, ішлі — за цара,
Малілі,
каб бог зберагаў (шмат зім і лет) — цара,
Думалі, скончыцца свет — без цара.
Ды падданых сваіх
цар ясналікі
Нават не бачыў з трона —
быў занадта вялікі.
Для яго людзі ўсе — мухі:
Якія ў іх могуць быць мукі?
Яны толькі пешкі ў царскіх забавах — войнах,
Людскіх недарэчнейшых бойнях.
Імі, бязмоўнымі мужыкамі,
Біцца можна з другімі царамі,
Біцца, як бітамі, як шарамі,
Біцца галовамі іх,
ілбамі.
Усё роўна не скажуць яны ні слова:
На тое ж аднята ў іх мова.
Можна смела іх кідаць у бой,
Гнаіць у акопах...
Не!
Хопіць!
Гулкім грукам па бруку — боты:
На плошчу, на плошчу, паўстанцкія роты!
Локаць да локця (духам слабыя, прэч!)
Строяцца, строяцца роты ў карэ.
Досыць маўчаць —
у бой з пракаветным горам!
Мы выйшлі на плошчу,
мы сёння гаворым!
Мы кажам: род царскі — тыранскі,
пад корань яго, да семя!
Каб і ў вяках не было яму
уваскрасення!
Хай тыя, што сеюць, што веюць,
што жнуць, што аруць, што будуюць,
Краінай і доляй уласнай
кіруюць.
У іх ёсць свой розум —
ну, хіба ж яны калекі?
Яны ані ў кога
не просяць апекі...
Мы на плошчы Сенацкай.
За ёю — прасторы, прасторы...
Мы доўга маўчалі,
мы сёння гаворым!
О як ад той мовы трон скаланула —
крывавае катаў крэсла!
О як ад той мовы прачулай
дробна каленкі ў цара затрэсла!
Апекуна-цара ратаваць
выбеглі ўсе лізаблюды
(О як ірвуцца яны паказаць
сваю адданасць усюды!).
Трымацца, паўстанцы: між здрадніцкіх плеч
цар артылерыю коціць!
Акружана плошча... і вось карцеч
нас косіць, нас косіць, нас косіць.
Ды голас высокі наш — не заглушыць
гулам гармат грымотным!
Ён да краю зямлі даляціць,
мур часу праб'е, несмяротны!
Хай ведае свет: на цара з гайнёй
меч пометы смела ўзнялі мы.
Мы выйшлі вайной, мы выйшлі вайной
на рабства — гора радзімы.
...Меч Расіі
аголены, чысты —
Дзекабрысты.

КВЕТКІ ЧАРНЫШЭЎСКАМУ
Як квэцалі ўшыр і ўдоўжкі
(пабольш каламазі на швабры!)
Таго эшафота дошкі,
куды вялі яго шаблі!
Закасвалі рукі каты
І — на вачах у Расіі —
Да слупа прыкоўвалі клятага
яе найвялікшага сына.
Стаяў ён, з журбою на твары,
і, ланцугом бразгочучы,
За частаколам жандараў
людскія шукаў вочы.
Ды стулена, уся ў парасонах —
няўжо гэтак дождж палошча? —
Маўчала ўперадзе сомам,
вады ў рот набраўшы, плошча.
Маўчала... Ні голасу... Чайкай
білася сэрца аб грудзі:
Усё ж злавілі — крычаць бы! —
ў сіло хлусні вас, людзі?
Як жа пайшлі на прыманку
злачынцаў, што гэтак царуюць,
Што кінулі Русь у ахранку
і чацвяртуюць?
Змірыліся як, што каты —
трэба ж гэтак злаўчыцца! —
Краіны усёй адваката
запісваюць у злачынцы?
А можа, сябе, як паходню,
у свет выносіў дарэмна?
Няўжо ж і не ўстане, уходаны,
агромністы край пад'ярэмны?.
Грымеў прыгавор над вухам,
ды падалі словы трухою:
Біла яго абухам
маўчанне людское.
I вось — як узнагарода,
як выбух над небам імглістым
У ногі... яму... калодніку —
ружаў букет агністы!
Ад плошчы абуджанай рэха
ляцела майскім абшарам:
У мёртвай цішы прарэху
ужо не залатаць жандарам!
Яснеў небасхіл за палеткамі,
зноў вочы глядзелі ўперад...
Пісаць бы паэму пра кветкі,
што ўратавалі веру!
Былі потым лёду годы,
але і ў вілюйскія сцюжы
Грэлі яго заўсёды
тыя ясныя ружы.

* * *
Кажуць, тысяча год,
як няма ўжо той зоркі ў сусвеце.
А святло ж яе
ў небе нашым па сёння — глянь —
засталося:
як яна хораша свеціць!
Кажуць, даўно на свеце няма
доктара Францыска (Георгія) Скарыны,
Міколы Гусоўскага,
Джардана Бруна,
Гамера...

4


* * *
Няхай табе даўно за сорак,
Ці ж варта аб гадах тужыць?
Адно: пад водбліск рэк і зорак
Цяпер паўней спяшаеш жыць.
Ды жураўлінай чарадою
Ляцяць пад воблакамі дні.
Схапі іх паспрабуй рукою,
Ты паспрабуй іх супыні.
Я час прыточваць не бяруся
I перад лёсам не дрыжу,
Ды кожным днём, што зноў прачнуўся
Як падарункам, даражу.
У звоне пчол, шматкаляровы,
Ідзе ён —далі расчыняць...
Баюся толькі: выпадкова
Падараваны дзень праспаць.
У кожным дні — свой бой, свой вецер
Свае вясёлкі, горан свой...
Іграйце ж, дні мае, у свеце,
Раскручвайся, жыцця сувой!

* * *
Гляджу:
другімі сталі берагі —
Павялі, парыжэлі
сітнягі,
Вяз агаліўся,
ссохла асака...
Адна яна,
нястрымная рака,
Як бегла
між карэння ды куп'я,
Так і бяжыць,
нястрымная бруя...
А ў нас, людзей,
скажыце, ці ж не так
Мы, што ні год,
мяняемся няўзнак.
Сівеем мы, цяжэем,
і ў свой час
Змяняюць нашы дзеці
ў свеце нас...
Бясконцая
крыві нашай рака
Цячэ ў вяках,
цячэ ў вяках!

* * *
Мае гады — вазы крутыя
З снапамі дзён.
За возам воз
Праз небасхілы залатыя
Ляціць маіх гадоў абоз.
Не згледзіш — новымі вазамі
Ён абрастае зноў, як бач.
Ну што ж, няхай!
Пад абадамі
Пружынь, зямлі зялёны мяч!
Як ходзяць воблакі блакітам!
Як грае дзень! Як зорыць ноч!
Плывуць ракеты і ракіты
Каля вазоў маіх, паўзбоч.
Не ехаць бы мне толькі ўлегцы.
Свой воз накладвай з верхам, брат!
Знай: па набытак нам не ўлегчы
З вазамі гэтымі назад.

* * *
Ці так я жыву, ці тое раблю?
Вы мне падказалі б, людзі!
Праз лес нязнаны сваю цераблю
Сцежку — ці гала хоць будзе?
Можа, самому сабе я хлушу,
Шлях выбраўшы свой паспешна?
Мо дарам сякерай па пні гашу?
Мо абысці б яго лепш мне?
Мо за нішто выбіваюся з сіл,
Жыццё сваё трачу марна?
Мо так і не стрэну ў зары небасхіл?
Мо толькі міраж — мая мара?
Мо лепей было б вярнуцца назад,
Другой пусціцца дарогай?
Але ж па гэтай так пройдзена шмат!
Так дзён разменена многа!
Не, трэба, пэўна, перачакаць —
Я проста ўтаміўся, мусіць.
У сэрца трэба свайго спытаць —
Яно памагчы мне мусіць.
Яно падкажа, як далей быць —
Вярнуцца ці крочыць уперад.
Па ўказу сэрца ўсё трэба рабіць,
Яму аднаму трэба верыць.

* * *
Транжыру дні, як мот,
Гублю у танцы тайным,
У спраў вадаварот
Нікчэмных уматаны.
Ад іх, нібы ад мух,
Адмахваюся яра,
Ды зноў — забойцы муз -
Яны плывуць, як хмара.
Дзе ж тая зорка, што
Сарваць я з неба меўся?
Дарог, як струнаў, сто,
Што граюць без мяне ўсё

* * *
Чалавек — гэта свет.
З кніг
Памёр чалавек —
Самкнуліся вейкі...
Свет, што ў вачах яго
граў і іскрыўся,
зачыніўся навекі.
Якія сонцы і сосны,
Аазісы і вясёлкі,
Якія ружы і руны,
Сэрца найтонкія струны
былі ў гэтым свеце абжытым!
Памёр чалавек
і з сабою ў зямлю
свет свой панёс,
Свет, які так і застаўся
нікім не адкрыты...

* * *
Жыву каля рэха.
Вечарам, калі за акном леснічоўкі
ўлягуцца ў нагах хвой
баранчыкі хваляў азёрных,
Прыходзяць ка мне
ласі ды зоры.
Далёка ўбаку
(нібы на другой планеце)
застаўся свет мой штодзённы, прывычны,
які даўно ўкруціў мяне ў свае колы:
Я ўцёк ад яго —
на цэлы месяц —
у гэта зацішша.
Думаў, тут адпачну без яго.
Ды толькі дарэмна:
усе мае паўсядзённыя клонаты,
якія я дома пакінуў,
Знайшлі і ў пушчы глыбокай мяне,
прымчаліся ўсе, як адзін!
I вось раяцца ў маёй галаве,
варочаюць начамі мяне з боку на бок,
кідаюць у сне.
Не, тут нішто іх не перапыніць —
ні звон трамвая,
ні грукат бабы чыгуннай
аб непадатны асфальт,
ні крык дзіцяці за мембранай-сцяной...
Колькі ж змагу я пабыць
сам-насам з вечнасцю?

* * *
Мы ўвесь век свой — бывае! —
шукаем сябе,
Ды, так і не знайшоўшы, не знайшоўшы,
выпраўляемся ў той, незваротны, вырай.
Як шкада,
што адтуль не папытаешся ўжо:
— I чаго я прыходзіў сюды, на Зямлю?

* * *
Лодку долі сваёй
Смела кіруй па жыцця рацэ.
Хай рыпяць і рыпяць
Вёслы ў кожнай руцэ.
Ведай: выпусціш з рук
Іх, і той жа парой
Стане трэскай на хвалі
Лодка долі тваёй!

* * *
О дай мне, доля,
пастаянства дрэва,
О дай мне, доля,
цвёрдасць скалы,
О дай мне, доля,
ураўнаважанасць каменя,
О дай мне, доля,
гарэнне агню!
Не давай толькі мне
пакорлівасць дрэва,
Не давай толькі мне
раўнадушнасць скалы,
Не давай толькі мне
чэрствасць каменя,
Не давай толькі мне
бяздумнасць агню!

* * *
Міг — і ўсё ўжо на зямлі не тое:
I агонь, і людзі, і трысцё.
Як рака, цячэ жыццё зямное,
Як рака, мяняецца жыццё.
Абнаўленне вечнае ў прыродзе!
Абнаўленне —
вецер ліст сарваў,
Гасне зорка дальняя на ўсходзе,
Узыходзіць сонца і трава.
Я — людзей і зорак спадарожнік:
Міма, міма — радуга, імжа.
Па зямлі іду,
і крок мой кожны
Ёсць былога й заўтрага мяжа.
Рушыцца і ў гэтае ж імгненне
Узнаўляецца, як жыта, свет.
Мы з табой — і смерць і нараджэнне,
Мы з табой — вякоў гарачы след.
I не засмучайся, што, як нітка,
Легла ўжо маршчынка на чало:
З намі — маладосць, яна не знікла,
З намі, з намі — нашых душ святло.

* * *
Кахаць — гарэць,
Жыць без кахання — тлець.
Няма кахання — белы дзень цямнее,
Няма кахання — і вясной зіма:
Душу ні сонца, ні агонь не грэе.
Няма кахання — радасці няма.

* * *
Каханне — гэта чысціня,
Каханне — гэта вышыня,
Каханне — гэта зорны час
Душы, што ўгору ўзносіць нас.
Яно не ведае ані
Нікчэмнай хітрасці, хлусні,
Не знае ў сэрцы цёмных плям —
Глядзіць адкрыта ў вочы нам.
Калі ў каханне ўсё ж мана
Цішком пракрадзецца, яна
Развее ўміг яго дазвання:
Там, дзе мана — няма кахання!

* * *
Зары запозненай каснік
Хто ў ціхі час згубіў за пожняй?
На момант выслізнуў і знік
За хмаркаю, як прывід, поўнік.
Ты не прыйшла... Клён пацямнеў.
Зямлі шматфарбнасць гасіць вечар.
I холад нізавы мяне
Патроху ўжо бярэ за плечы.
Ты не прыйшла... Мо твой цягнік
Сышоў на перагоне з рэек?
Ці недзе сон, як чараўнік,
Скаваў няўзнак праменні веек?
Ты не прыйшла... Што без цябе
Мне гэты свет — яго б не браў я!
Што мне на ўзгоркавым гарбе
Шалёны водар разнатраўя!

* * *
Згубіў цябе. Куды ж пайсці?
Ні адраса, ні тэлефона.
Як промень воч тваіх знайсці
У горадзе мільённым?
Я без цябе — аглухлы грот,
Пусты, без пчолаў, вулей.
Ізноў, ізноў — каторы год! —
Кірую ў джунглі вуліц.
Мо між людзей твая мільгне
Касынка выпадкова?
Мо дзе ўзляцяць насустрач мне
Дзве ластавачкі броваў?
А за вясной — кіпіць вясна,
Не згледзіш — час асенні.
Тапчу, тапчу асфальт звідна,
Шукаю голку ў сене.

* * *
I дабрата і прыгажосць —
Гляджу: такое спалучэнне!
А можа, гэта ўсё і ёсць
Душы высокае свячэнне?
Прамень твайго святла і я
Злавіў вачмі ў паглядзе шыбкім,
I адгукнулася мая
Душа на промень той, як скрыпка.
Імчала электрычка нас,
За шклом мільгалі светафоры
I неба немае, дзе — час! —
Збіраўся зор высокі форум.
Дзесь ля Ушы, нібы рака,
Вагон запоўніла вяселле,
I ўжо віхуру гапака
Панеслі колы між аселіц.
Нас грэў вясёлы танец той,
I падпяваў паціху кожны:
Ты —
ява казкі залатой,
I я —
вандроўнік спадарожны.
На развітанне з цеплынёй
Ты пасміхнулася мне ветла,
I ў чорнай цемені начной
Мне раптам стала гэтак светла!
Ішоў я, повен мараў-сноў,
Асенняй вуліцаю хліпкай,
I пела, пела, пела зноў
У сэрцы сонечная скрыпка.

* * *
Цячэ гародамі Гарынь,
А у Гарыні — неба сінь,
А ў Гарыні —
дзень які! —
Далека ўнізе
ястрабкі.
Вас сцежка берагам вяла,
Між лозаў петлі вам віла.
Пясок, што слаўся ля ракі,
Лізалі хваляў языкі.
Маўчалі вы абое: там
Слоў не хапала ў свеце вам.
Ды пра агонь душы ярчэй
Казалі позіркі вачэй.
Хоць ехаў ты, ды браў навек
Бляск гэты ясны з-пад павек,
Браў рук цяпло, браў гэты плёс,
I гэту сцежку паміж лоз,
I стужку чыстую — Гарынь,
I у Гарыні — неба сінь,
I ў Гарыні —
дзень які! —
Далёка ўнізе
ястрабкі.

* * *
Не крыўдуй на мяне, не крыўдуй,
Калі што сказаў бесталкова:
Буйных дум маіх чараду
Хіба ж проста ўціснуць у слова?
Для мяне ты — пасланне нябёс,
Што змяніла ўсіх сноў кірунак,
Ява мары маёй, мой лёс,
Мая муза, мой паратунак.
Нібы раптам усе ўзышлі
Мае зоры з вышыняў бяздонных,
Ружы ўсе мае расцвілі,
Што так доўга спалі ў бутонах!
Ясната воч спагадных тваіх —
Як, і сам я не знаю —
Узняла мяне, ўзвысіла ўміг,
Падхапіла, як хваля марская.

* * *
Пакуль маё сэрца замкнёна было
на цяжкі, як наледзь, замок нявер'я,
Яно здавалася мне з кулачок, не большым.
А гэта ж у ім —
рэкі шырока плывуць,
хвалямі плёскаючы аб берагі,
Лугі вясновыя зіхацяць
золатам лотаці,
незабудак блакітам,
Вятры паднябесныя граюць
на карабельных мачтах напятых,
Сонца гуляе,
гараць прамяніста планеты і зоры сусвету...
Вось якім стала сэрца маё неабдымным,
Калі ты адамкнула яго
Ключом свайго чарадзейнага слова:
«Кахаю...»

* * *
Ты казала: будзеш зноў чакаць,
Будзем зноў у свеце — мы ды поўнач,
Будзе ў просе драч драча гукаць
Ды стаяць над каласамі поўнік.
А пакуль — я круглякі калю,
А пакуль — звіні ў руках, тапор!
А пакуль лаўлю, лаўлю, лаўлю
Сонца, што плыве за дальні бор.
I такая ў свеце шырыня,
I такая ў небе вышыня,
I такая за палямі сіняя
Прад вачыма гарызонта лінія!

* * *
А мо гэта ноч табе упала на плечы
I ў залі пад гукі басоў
Зацьміла ўсе люстры мне ў дзіўны той вечар
Ноч тваіх валасоў...

* * *
Ты — бераг мой, бераг...
Пад небам, сінім і чорным,
Як доўга насіла па моры жыццёвым
Мой човен!
Як доўга ад хвалі да хвалі шпурляла
Яго з крыкам чаек!
У белых туманах сляпых, у бяззорых начах
Як доўга шукаў я прычала!
Цвілі белым цветам
Пад хмаркамі вішні на свеце...
Ды зноў міма вёснаў, ды зноў міма вёснаў
Мой човен
Праносілі вёслы!
I вось за грэбнямі хваль высокімі
Мой бераг — у соснах і сонцы!
Гляджу і не веру —
То сон
Ці
Не сон?..
Мой бераг!

* * *
Бывае часам: смоўж сумненняў
Цябе з дарогі ўбок звядзе,
I ўсю душу аледзяненне
Цяжкою глыбай абкладзе.
Дзень цэлы ходзіш — хмара хмарай,
I ні жаданняў больш, ні сіл,
I свет у восеньскіх пажарах
Ужо табе не міл, не міл.
Ды блісне тонкі промень веры,
I — растае памалу лёд.
I для душы адкрыты дзверы
Ізноў у паднябесны лёт!

* * *
Рассыпала ноч алмазы
Па дахах дамоў, па рамах.
Блішчаць усе яны разам
У мілых вачах таксама.
Збірайце ж вы іх, збірайце,
Збірайце, пакуль маладыя,
I ў сэрцы сваім зберагайце
Алмазы найдарагія.
Дарога жыцця — немалая,
На ёй будуць церні і цені,
I часам аслепіць — бывае! —
Вам вочы чорная цемень.
Ды вы любыя запруды
Адолееце адразу,
Калі асвятляць вам будуць
Дарогу тыя алмазы!

ДАРЫЦЕ ЎСМЕШКІ!
Дарыце ўсмешкі
людзям, як кветкі
Найшчодрых сэрцаў
лепшыя сведкі.
Яшчэ на свеце
о як даволі
Нам часам ліха
ўдзяляе доля!
Дарыце ўсмешкі —
для чалавека.
Не трэба лепшых,
чым ласка, лекаў.
Нашто ж хаваць нам
у тлуме спешкі
Душы багацце —
дарыце ўсмешкі!
Дарыце ўсмешкі,
дарыце ўсмешкі —
Ад сэрца к сэрцу
прамыя сцежкі.
1 — Ятвязь — такую назву носяць некалькі вёсак на Гродзеншчыне. Ёсць там і рэчка Ятвязь, на якой стаіць сяло Ятвеск. Гэтыя назвы — ад яцвягаў, колішніх насельнікаў краю, паходжанне якіх канчаткова не высветлена. Рускі гісторык XIX ст. С. М. Салаўёў, адзначаючы смеласць і непакорлівасць гэтага «загадкавага народа», пісаў, што «яцвягі ў бітвах ніколі не ўцякалі і не здаваліся ў палон, а гінулі разам з жонкамі». Яцвягі былі амаль поўнасцю знішчаны ў няроўных бойках з іншаземцамі. С. М. Салаўёў даводзіць, што рэшткі яцвягаў быццам бы заставаліся яшчэ ў яго час на Скідальшчыне: «Яны рэзка адрозніваюцца ад беларусаў і літоўцаў смуглым тварам, чорнай вопраткай, норавамі і звычаямі, хаця ўсе ўжо гавораць на беларускай мове з літоўскім акцэнтам».►

2 — Казімір Лышчынскі — беларускі філосаф, які за свае атэістычныя погляды, выкладзеныя ў трактаце «Аб неіснаванні бога», быў па прыгавору сеймавага суда ў Варшаве спалены на агні.►


Оглавление

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4