Рэшта [Уладзімір Папковіч] (fb2) читать постранично

- Рэшта 80 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Уладзімір Папковіч

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Ўладзімір Папковіч
Рэшта

Вершы


Пытанні
Не пытайся, чаму я такі,
не шукай, дзе прычыны
ды фактары...
Пераблыталіся вякі
у душы маёй
і ў характары.
Не пытайся, хто я такі,
і адкуль такая парода...
Не высокага роду я...
І бацькі
мае
выйшлі,
як кажуць,
з народа.
Не пытайся, а як я, такі
выжываю
і што адчуваю...
Сілу Боскай магутнай рукі
зведаў я
і сябе не хаваю.

Надзея
Сяргею Макарэвічу
У працы, у сяброўстве, у каханні
не абыходзіцца зазвычай без тугі.
Шчаслівы быў...
і вось расчараванні...
Усё сплялося
у клубок тугі.
Ты волю страціў,
ты не бачыш выйсця,
і на падмогу аніхто не йдзе.
Ты ўжо забыў,
што дужы быў калісьці
і мог супроцьстаяць любой бядзе.
Цябе пужаюць змрочныя падзеі,
і страх жыве,
стаіўшыся ў грудзях.
Каб не іскрынка кволае надзеі,
хто вывеў бы цябе
на светлы шлях…

Не стрымаць
Як хутка, нястрымна бяжыць
малое дзіця за вароты!
Упала,
крыху паляжыць,
зноў рынецца
ў цемру і слоту.
Кроў на каленях, лакцях...
Пусціце ж яго, панове...
Надзеяй завецца дзіця,
імкнецца яно да Любові.

Мара жанчыны
Я ведаю, як гэта ўсё бывае –
Не першы дзень жыву на белым свеце, –
як дождж ліе, і вецер завывае,
як плачуць горка без нагляду дзеці.
Зімовы шэры сум і краскі мая
у хаасе і ў мітусні праходзяць.
І гэта шчасце?
Не прымаю.
Святла не бачу.
Сцены сум наводзяць.
Мне выбрацца б на волю, у абшары,
Каб вецер лёгка валасы кудлаціў,
адчуць на целе лёгкі сверб загару,
прабегчы басанож па сенажаці.
І засмяяцаа ўголас, без прычыны,
і радасці слязу змахнуць употай,
зазнаць сябе жаданаю жанчынай
усёй істотай.

* * *
Мінулае не апяю, не ўслаўлю
і не зашклю
у гожай раме.
Пайду і свечачку пастаўлю,
пакутніцы вялікай – маме.
Яна свой век адгаравала,
малую долю хто ці зведаў
таго, што маме перапала
з несправядлівасці і бедаў.
Калі ж здаецца мне: валюся,
нічога ў свеце больш не міла,
тады я кленчу і малюся,
як мама некалі рабіла.

Навошта зноў...
Табе здаецца: атрымалася,
пачатак ёсць,
канец даробіш,
што толькі ў думках планавалася
цяпер жыццёва ты ўвасобіш.
Надзеі, мэты – па парадку
належна здзейсняцца.
І кропка.
Навошта ж зноў усё з пачатку
ты выштукоўваеш таропка?

Старасць
Мне старасць не падабаеца,
зусім не люблю сваю.
Нічога ўжо не адбываецца...
Моўчкі ў натоўпе стаю.
Бягуць, мітусяцца, штурхаюцца,
ад ранку да ночы – штодня.
Мне гэта не падабаецца...
Прайграная мной гульня…

* * *
Жыццю я болей не супраціўляюся,
няхай сабе ідзе, як Бог святы дае,
працую мала, болей забаўляюся,
і слухаю душу, калі яна пяе.
Куды спяшацца, да чаго імкнуцца?
Чаго няма – няхай, хапае мне, што ёсць.
Жаданне маю: раніцай прачнуцца,
і азірнуцца – што за прыгажосць!
Ці сонца ў небе, а ці дождж грукоча,
ці снегавеі круцяць за вакном,
мая істота існай Веры хоча,
перш чым засну глыбокім вечным сном.
Пара ўжо нам суцішыцца, старыя:
гады прайшлі, і мы не вернем іх.
Папросім Бога, хай ён нас закрые
сваёй рукой ад чорных сіл сляпых.

* * *
Злуюся, бо не разумею...
Загадкі мяне бянтэжаць.
Мой розум нямее, я трачу надзею...
Сумненні мой гонар карэжуць.