Руны Перуновы [Рыгор Барадулін] (fb2) читать онлайн

- Руны Перуновы 642 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Рыгор Барадулін

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Барадулін Рыгор

РУНЫ ПЕРУНОВЫ


Выбраныя творы


НАВАТ ВЕЦЕР ГНЁЗДЫ ЎЕ

Субяседнік Паэта зусім не чытач. Субяседнікі Паэта — Ен і Яна. Бог і Вечнасць. Больш размаўляць Паэту няма з кім і няма пра што.

Але што да Паэта Богу і Вечнасці? Калі наперад ведаюць яны ўсё тое, што ён скажа, бо самі ж і нашэптваюць, і падказваюць яму магічныя словы, падаюць таямнічыя знакі...

Ім цікава: «Ці ўгадае?» — іх займае Гульня.

Паэт — дзіця, Бог і Вечнасць — таксама дзеці.

Тым часам нехта з дарослых будзе сур'ёзна даводзіць мне, што Рыгор Барадулін — у адрозненне ад Янкі Купалы — версіфікатар. Што ж, няхай сабе, але з адным істотным удакладненнем: у адрозненне ад геніяльнага паэта Янкі Купалы геніяльны паэт Рыгор Барадулін яшчэ і геніяльны версіфікатар.

Як-ніяк стагоддзе прамінула.

Адлегласць у сто гадоў наша паэзія прабегла, нібы алімпійка. Нягледзячы на ўсе бар'еры на дыстанцыі. На ямы з крывёй, на лесапавалы. Гэта фенаменальная з'ява ў сусветнай культуры, з чаго і вынік феномен Рыгора Барадуліна. I не самоціцца б нам, жалячыся, што ўсё нашае прахне, а шчаслівіцца тым, што красуе.

Зашмат у белым свеце суму беларускага. Дальбог, замнога.

I старац зношаны і маладзён,


Ніхто і не падумае, што зрэшт


Ен — саркафаг сваіх пражытых дзён.

«Першыя — навечна першыя і палепшыць іх немагчыма», — напісаў у прадмове да барадулінскага «Збору твораў» Васіль Сёмуха, маючы наўвазе Купалу, Коласа, Багдановіча. Яно так. Як і тое, што ўжо цяпер відавочна: Барадулін разам з імі, роўны сярод роўных.


Роўных яму няма сярод сучаснікаў. Ен адзіны, хто здолеў, як і тыя першыя, якіх немагчыма палепшыць, увабраць у сябе ці не ўсю беларускую спрадвечнасць. У якой нават вецер гнёзды ўе.

Хрышчоны ва ўніяцтве, ён называе сябе крывічом і кшчоным паганцам. Друвінам. Называе нездарма, бо ўвабраў у сябе ці не ўвесь крывіцкі дух, удыхнуўшы з ім усю мову крывіцкую. Ен адзіны беларускі паэт, які існуе толькі ў мове і выключна ў ёй. Існуе гэткім жа неверагодным цудам, якім сама мова існуе ў пабураным — альбо дасюль не створаным — беларускім свеце.

Музыка не патрабуе перакладу, паэзія не перакладаецца. Геніяльны паэт роўны самому сабе толькі на сваёй мове. Рыгор Барадулін якраз гэткі паэт, роўны самому сабе адно па-беларуску. Зрэшты, як і народ роўны самому сабе толькі на сваёй зямлі з усім сваім.

Яно не азначае, што не трэба мкнуцца ў свет... Яшчэ як трэба — мы і так ужо ўсіх пераседзелі ў лясах ды балотах. Пакуль выжывалі — жыццё йшло.

Што істотна, для Барадуліна не існуе калізіі паэт і народ. Прынамсі гэтак, як існавала яна для Купалы: «Па колькі нам дасі чырвонцаў, калі мы пойдзем за табой?..» Калі Барадулін і вылучае сябе з народа, дык толькі тым, што, пакуль народ спіць, ён робіць ягоную народную работу: мовастваральную. Прачнуўшыея, народ знойдзе ў Барадуліне тое, што і не сніў.

Уявіце, якім выданнем з выданняў стане некалі слоўнік мовы Рыгора Барадуліна. З якога хтосьці дазнаецца, што ўручча — не адно мікрараён Менска, дзе чамусьці няма ручаёў.

Нязмушанасць метафары, палётная лёгкасць радка, электрычнай дугой са словам счэпленае слова — гэтак паўстагоддзя таму пачынаўся Рыгор Барадулін. Кнігамі «Нагбом», «Неруш», «Рум», «Абсяг»... У маладосці — пры гульні з Богам і Вечнасцю — яно не дзіва: кіпень вершаў. Але і ва ўзросце сямідзесяці гадоў, калі пачуваешся «як беспрытульны дым, перад якім пазачынялі дзверы», ён стварае «Ксты» — кнігу-малітву, кнігу духоўнай паээіі, пранізаную энергетыкай. Выпадак зноў жа, як амаль усё, што звязана з Барадуліным, фенаменальны.

Кніга «Ксты» яшчэ на вянец, амаль да даху ўзвысіла сцены храма, які ўсё жыццё ўзводзіць Рыгор Барадулін. Але да крыжа — далёка, да неба — высока... I ён піша новыя вершы, кладучы на вянец «Кстоў» вянец «Рунаў Перуновых».

Гэткае дойлідства заслугоўвае не абы якой адзнакі... Пасля прэзентацыі кнігі «Ксты», якая адбылася ў Менску ў касцёле св. Сымона і св. Алены, усе прысутныя там разам са святарамі прыйшлі да думкі, што такой адзнакай магла б стаць Нобелеўская прэмія. На што ўсе разам, памаліўшыся, і пачалі працаваць.

Дай Божа, каб праз Рыгора Барадуліна (як і праз Васіля Быкава, чаго, на жаль, не сталася, не паспелася) Нобелеўскай прэміяй узнагародзілася ўся наша нацыянальная культура, літаратура, паэзія, а найперш — мова. Тая самая, якая выстаяла, выжыла на-суперак знішчэнням. Тая самая, праз якую мы — не на пустым месцы. Тая, якая для Рыгора Барадуліна — ад мамы Голас. Урэшце, тая, на якой чуе нас Бог — і ці прымае, ці не прымае нашы малітвы.

Уладзімір Някляеў


НАШЧА

Песня над песнямі Саламовнава
ПЕСНЯ ПЕРШАЯ
Хай мяне абцалуе ён
Цалаваннем вуснаў сваіх!
Бо пешчы твае хмялейшыя за віно.
Ад пахучасці масцяў тваіх
Твайго ймя дасконны палон.
Як міра разлітае
Нябёсам на дно яно.
За нявытхнутае, аблачыністае
І кахаюць цябе дзяўчыністыя.
Памкні мяне, пабежымо за табой.
Кароль павёў мяне да сваіх харомаў.
Будзьма радавацца і цешыцца
Сэрцаў нашых салодкаму грому,
Небаўзносячыся хвалой.
Бо за віно, якое забыць сябе не дае,
Мацнейшыя пешчы твае.
Годныя цябе кахаюць,
Аж у журбе засыхаюць.
Дочкі Ерусалімскія, я чарнявая,
Але прыгожая, гожая,
Як кідарскія буданы,
Як заслоны Саламонавы.
Я ж не з чужой стараны,
Жарсць мяне запалоніла
У спякотлівыя палоны.
Не дзівіцеся, што чарнявая,
Гэта сонца мяне асмуглявіла.
Угневаліся на мяне матулі маёй сыны
І паставілі мяне, беспрытульную, яны
І ўдзень і ўначы
Вінагараднікі сцерагчы.
Пільнавала ад святла й да святла,
Свайго ж вінагарадніка не ўсцерагла.
Скажы мне, душы маёй паняты,
Дзе пасвіш ты,
Дзе ў паўдзён твой спачывае ўздых?
Чаго мне быць валачомнай датклівіцай
Каля статкаў аднаклапатліўцаў тваіх?
Як не ведаеш гэтага, найпаглядзістая з жанок,
Дык ідзі сабе па слядах авец наўдагад
І ля пастухоўскіх стомленых буданоў
Пасві сваіх казлянят.
Жарабіцы сваёй у фараонавай калясніцы
Спадобіў цябе я, мая каханая,
Аздобіў шанаю.
Шчокі твае ў падвешках
Раскашуюцца ў кунежлівай харашбе,
Шыя твая ў каралях, зашаптаных хвалебнамі.
Залатыя падвешкі мы знядзелім табе
З зіхацінкамі срэбнымі.
Покуль цар за сталом сваім цараваў,
Нард мой свой пах выдаваў.
Міровы пучок – каханы мой – у мяне
Хай ля грудзей маіх супачне.
Як гронка кіпера, каханы мой у мяне
У Енгедскіх вінаградніках,
Дзе заплаканай лазе балазе ў гамане.
О ты чароўная,
З зоркай раніцы роўная,
Мая каханая,
Ты шчыміш на сэрцы маім жаданай ранаю.
Ты адзіная,
Як рэчка ў радасці ціхаплынная.
Глядзяць у маю душу вочы твае галубіныя.
О ты чароўны, каханы мой, і адзіны.
І ўзложжа нашае – зялёная зеляніна.
Стрэхі нашых дамоў –
Кедраў кроністыя абрысы.
Столі нашыя – станістыя кіпарысы.

ПЕСНЯ ДРУГАЯ
Я ружа шаронская, лілея далінаў,
Як лілея між церняў.
Між дзяўчыністымі мая адзіная,
Як яблыня спаміж лясінаў.
Спаміж маладзёнаў і мой адзіны.
Люблю сядзець пад аслонаю ейнага ценю.
І ейная садавіна салодкая майму паднябенню.
Ён прывёў мяне ў дом застолля,
Дзе, нямоцячы наваколле,
Балявала сама ягамосць весялосць.
І сцяг ягоны нада мною – мілосць.
Пасіліце мяне віном, яблыкамі падкрамяніце.
Доля мая такая,
Ад мілосці я знемагаю.
На лявіцы ягонае галава мая,
А правіца бяссонная мяне абдымае.
Заклінаю вас, дочкі Ерусалімскія,
Сарнамі й палявымі ланямі,
Не будзіце маю каханую,
Не трывожце адхлання.
Голас каханага! Вось ён ідзе мой самы.
Скача па горах, па ўзгорках гайсае.
Мой сябра падобны да сарны
Ці да маладога аленя.
Ён – маё трапяткое ўтрапенне.
Вось ён стаіць у нас за сцяною хаты,
Зазірае ў акно,
Ценіцца мільгатліва праз краты.
Каханы пачаў казаць мне:
Устань, каханая,
Жарсцю маёй пагуканая, выйдзі!
Пабач сама: вось мінула зіма,
Дождж прайшоў, перастаў, прыстаў.
Краскі вытачыліся з зямлі паказацца вясне,
Час спеву прыспеў, і голас горліцы
Чуецца ў наскае старане.
Разняволілі смоквы пупышкі свае.
І лаза вінаградная квеціцца
І пахучасцю сябе выдае.
Устань, каханая,
Жарсцю маёй пагуканая, выйдзі!
Галубка мая,
У растрэшчыне скалы пад дахам аброву!
Пакажы воблік свой,
Дай мне ўчуць голас твой несуровы.
Бо голас салодкі твой
Западае ў душу глыбока,
І воблік паглядны твой прынадны для вока.
Лавеце лісіц, лісянятак лавеце,
Што хочуць вынішчыць вінаграднікі,
А вінаграднікі нашыя ў квеце.
Як званіцы звон,
Каханы мой мне належыць,
Пасвіць спаміж лілеяў ён
І там жа начлежыць.
Покуль дзень ахалодаю дыхае
І цені ўцякаюць ціхія,
Вярніся, будзь як сарна
Ці як алень малады
На растрэшчынах горнай грады.

ПЕСНЯ ТРЭЦЯЯ
На ложку сваім я ўначы шукала
Таго, каго мая душа пакахала,
Павяснелая ад святла.
Але яго не знайшла.
Устану ж я ды пакружляю
Па месце, па вуліцах, па таргох,
Пашукаю таго, каго мая душа пакахала,
Павяснелая ад святла.
Блукала, гукала, шукала,
Але яго не знайшла.
Пераўстрэлі мяне вартаўнікі,
Што места абходзілі нацямкі.
Я запытала: ці не бачылі вы яго,
Каго мая душа пакахала,
Павяснелая ад святла?
Адно ад іх адышла, як адразу знайшла
Таго, каго мая душа пакахала,
Павяснелая ад святла.
Ухапілася за яго й не адпускала,
Покуль у хаціну маці сваёй не прывяла,
Да пакою тае, што мяне зачала.
Заклінаю вас, дочкі Ерусалімскія,
Сарнамі й палявымі ланямі,
Не будзіце маю каханую,
Не трывожце адхлання.
Хто гэтая, што ўзыходзіць з пустэльні,
Як слупамі дыму ахмараная
Мірам а фіміямам,
А ўсялякімі зеллямі міраварніка?
Вось узложжа ягонае – Саламонава:
Шэсцьдзесят дужасілаў наўкол,
Самых дужых Ізраелевых –
Аж ад іх угінаецца дол.
Усе трымаюць па мечу,
А ў бітвах дасведчаныя.
У кожнага з іх
Меч ля сцягна дзеля жахаў начных.
Ношавае ўзложжа
Зрабіў сабе цар Саламон
З дрэваў лібанскіх гожа.
Стоўбчыкі ягоных гонкіх рэбраў са срэбра,
З золата зрабіў узлакоцце,
Седзішча з пурпуру зыркага,
Як сонейка на закоце.
Вонутры яго прыбралі няўрымсліва
Дочкі Ерусалімскія.
Выйдзіце й гляньце, дочкі Сіёнскія,
На цара Саламона,
Як небатварыць яго карона.
Укаранавала яго каронаю
Маці ягоная
У дзень вяселля ягонага
І ў дзень радасці сэрца ягонага.

ПЕСНЯ ЧАЦВЁРТАЯ
О ты чароўная, каханая, мая адзіная,
Вочы твае галубіныя зоркамі
Пад хмурыністымі тваімі кудзёркамі.
Валасы твае – як козаў чародка,
Што з гары Галаадскае скоўзваюцца таропка.
Зубы твае – як авец астрыжаных статак,
Што выходзіць з купельні.
А ў кожнай авечкі двойца ягнятак,
А бясплоднай між іх няма-такі.
Вусны твае – як стужка пунсовая,
Зразумелая сэрцу мова твая.
Як палавінкі яблыка гранатавага –
Шчокі твае пад кудзёркамі,
А яны нягоркія.
Шыя твая – як стоўп Давідаў,
Збудаваны пад зброю.
Тысяча шчытоў вісіць на ім,
Як на апірышчы небасхілаў.
А ўсе шчыты дужасілаў.
Два саскі твае, сойчыкі, –
Як двайняткі сарначкі маладое,
Што пасвяцца спаміж лілеяў спакою.
Покуль дзень ахалодаю дыхае
І цені ўцякаюць ціхія,
Пайду я на гору тую,
Дзе шчырае міра душу ратуе,
І на ўзгорак, дзе раскошыста фіміяму.
Каханая мая, ты чароўная самая,
І няма на табе ні адзінюткага пляма.
Са мною з Лібану, маладая княгіня,
Са мною рушайся з Лібану,
Спяшайся з вяршыні Аману,
З вярхоўя Сэніру й Гэрмону,
З лагвоў ільвіных, з гораў леапардавых,
Са мною, сонца й поўнаты вартая!
А паланіла ты сэрца маё,
Без цябе яно гіне,
Сястра мая, маладая княгіня,
Адным узбліскам вачэй сваіх,
Адным узбліскам караляў,
Што шыю тваю абралі.
О як люба мне кунега твая,
Сястра мая, маладая княгіня.
Як багаталепшая яна за віно
І пахучасць масцяў у ранняй расе,
За водары ўсе ў веснавым нахлыне.
Мёд пяшчотаў, як з сотаў,
Капае з вуснаў тваіх і не стыне,
Маладая княгіня.
Мёд з малаком пад тваім языком
І пахучасць шатаў тваіх расхваляваных –
Як пахучасць з Лібану!
Замкнёны сад, дзе важка кожнай галіне,
Сястра мая, маладая княгіня –
На ключ узятая студня, запячатаваная крыніца,
Смага прагне з яе напіцца.
Твае расаднікі – гранатавы сад,
Што песціць пагляд
Садавінаю, пахвалы найвышэйшай вартаю,
Дзе суседзяцца кіпры з нардамі,
Дзе не выстудзілі свой давер
Нард і шапран, цынамон і аер
З усялякімі пахучымі дрэвамі,
Дзе міра й алой п’яняць
Духмяністымі павевамі.
Крыніца садовая – студня водаў жывых,
Дзе не гасне променя ўспых
І вадабег несціханы з Лібану.
З поўначы, ветру, займіся
Ды з поўдня натніся,
На сад мой павей –
І духмені ягоныя разгавей.
Хай у свой сад прыйдзе мой каханы
І есць садавіну салодкую рассмакавана.

ПЕСНЯ ПЯТАЯ
Прыйшоў я ў сад свой у задуменні,
Як ва ўспаміне,
Сястра мая, маладая княгіня.
Набраў міра свайго з сваімі духменямі.
Наеўся з сотаў сваіх мёду, а ў насалоду,
Напіўся з сваім малаком віна, а дап’яна.
Бярэце дары, сябры пагуканыя,
Піце й сыцьцеся, укаханыя.
Я сплю, а сэрца маё чуняе, гоніць сон;
Во голас майго каханага, гукае ён:
«Адчыні мне, сястра мая, мая каханая,
Мая галубка, мая беззаганная,
Бо галава мая ўся ў расе,
У начное валозе сукры ўсе».
Скінула я хітон з плячэй сваіх,
Як жа маю ізноў надзець?
Ногі вымыла на паглядзь,
Як жа мне пэцкаць іх?
Каханы руку сваю працягнуў праз шчалугу
І ў нутры маім развярэдзіў тугу.
І ўстала рахмана я, каб адамкнуць каханаму.
І з рук маіх міра крапліста спадала,
І з кстоў маіх міра на клямку замка сцякала.
Адамкнула каханаму, а мой каханы
Павярнуўся й счэз нечакана.
Душа мая сябе не пазнала,
Калі казаў ён. Яго я шукала,
Ішла за голасам наўздагон
І не знаходзіла, яго гукала,
Ды не адгукаўся ён.
Пераўстрэлі мяне вартаўнікі,
Што места абходзілі нацямкі,
Збілі, зранілі, кіямі пеставалі,
Не маючы жалю.
Ахінала з мяне знялі
Тыя, што сцены меставыя вартавалі,
І пакінулі на зямлі.
Заклінаю вас, дочкі Ерусалімскія,
Калі далёка ці блізка
Сустрэнеце майго каханага,
Што яму скажаце па весялосці?
Што я знемаглася з мілосці.
«Твой каханы за іншых ляпейшы чым,
Найпраўкраснейшая з жанчын?
Чым каханы за іншых ляпейшы якраз,
Што ты так заклінаеш нас?»
Мой каханы белы й румяны,
Ад дзесяцёх тысячаў іншых
Ляпейшы ён, бо чаканы.
Галава ягоная – шчырае золата,
Што сонцам мілуецца ўсё лета.
Хвалююцца ягоныя сукры няўзнач,
Чорныя, як крумкач.
Вочы ягоныя – як галубы
Пры загонах водаў,
Што купаюцца ў малацэ, ацененыя лагодай.
Шчокі ягоныя – духмяны кветнік уцехі,
Пахучых расцінаў лехі.
Ягоныя вусны – лілеі,
На якіх разліваецца міра й само хмялее.
Рукі ягоныя – круглякі залатыя,
Не абшурпачаныя ганьбамі ды абразамі,
Круглякі з усаджанымі тапазамі.
Жывот ягоны – як выдаўбень са слановае косці,
Абкладзены сапфірамі млосці.
Галёнкі ягоныя – слупы мармуровыя,
Пастаўленыя на залатых подах.
Не зрушыць іх і ўраганны подых.
Выгляд ягоны падабраў падабенькі ў Лібана,
Вусны ягоныя – соладзь,
І ўвесь ён поўніцца любатой.
Гэта й ёсць сябра мой, дочкі Ерусалімскія!

ПЕСНЯ ШОСТАЯ
Куды пайшоў твой каханы,
Найпраўкраснейшая з жанчын?
Куды ён падаўся, ахінуты журбою,
Мы пашукаем яго з табою.
У сад свой пайшоў мой каханы,
У кветнікі духмяныя,
Каб пасвіць у садох і лілеі
Збіраць, покуль ліст не засох, не спазніцца.
Я належу каханаму, як званіца звону,
А каханы – мне, як званіцы звон,
Бо смутак знадзеяў,
Пасвіць ён спаміж лілеяў.
Чароўная ты, як Фірца, мая каханая,
Любая, як Ерусалім, грозная сваімі чарамі,
Як паводка палкоў са штандарамі.
Ухілі ад мяне вочы свае –
Пестуны вясны,–
Бо хвалююць мяне яны.
Валасы твае – як козаў чародка,
Што з Галаада скоўзваюцца таропка.
Зубы твае – як авец астрыжаных статак,
Што выходзіць з купельні.
А ў кожнай авечкі двойца ягнятак,
А бясплоднай між іх няма-такі.
Як палавінкі яблыка гранатавага –
Шчокі твае пад кудзёркамі,
А яны нягоркія.
Ёсць шэсцьдзесят царыцаў
І восемдзесят належных наложніцаў,
І дзяўчынная безліч множыцца.
Ды адзіная яна, галубка мая беззаганная,
Адзіная ў матулі яна адна,
Адрозная ў нарадзівіцы сваёй яна.
Пабачылі яе дзяўчыністыя –
І ўзвысілі аблачыніста.
Царыцы й наложніцы ўбачылі
І, ўслаўляючы яе, сябе зыначылі.
Хто гэта зіхоткая, як дзянніца,
Праўкрасная, як поўната,
Што ў нябёсы пяшчотай патонута,
Светлая, як сонца,
Што грэе жыццёвае ўлонца,
Грозная сваімі чарамі,
Як паводка палкоў са штандарамі.
Я спусцілася ў сад, дзе лушчэлі ляшчыны,
Падзівіцца з зеляніны даліны,
Паглядзець, ці распусцілася лаза вінагарадная,
Ці ўзрадавана
Гранатовыя яблыні расцвілі і калі?
Не ведаю, як дамкнула мяне
Душа мая, цуду ў дагоду,
Да калясніцаў славутаў майго народу.

ПЕСНЯ СЁМАЯ
Азірніся, азірніся ты, Суламіта,
Азірніся – дай успомніць прыгажосць забытую.
Што ваш позірк гэтак пасвіць Суламіту,
Манаімскі карагод яна нібыта?
Ногі гожыя твае абутыя ў сандалы,
Панавітая дачка пяшчоты й шалу.
Сцёгнаў тваіх круглавітасць –
Гэта цупкія каралі,
Якія рукі кудзейніка ўмелага выкруглялі.
Жывот твой – круглая чара,
У якой не пакажа ніколі дно
Пахучае ды п’янкое віно.
Чарэва тваё – спякотны сумёт пшаніцы,
Аздоблены лілеямі ніцымі.
Два саскі твае, два сойчыкі, – як казляняткі,
Пудлівай сарны блізняткі.
Шыя твая – як слуп са слановае косці,
Велічны ў сваёй высакосці.
Вочы твае – азерцы Гэшбонскія,
У якіх глыбініцца брама рашучая Батрабіму,
Смуткам захмарыць яе немагчыма.
Нос твой – вежа Лібанская,
Што павярнулася, каб паказацца Дамаску.
Галава твая на табе – як Карміл,
Валасы на тваёй галаве –
Пурпур, дзе полымя агніста жыве,
Каб світаў небасхіл.
І цар на троне
У сукраў тваіх у палоне.
Якая зграбная ты, якая прывабная,
Якая ты гожая сваёй ахарошаю.
Падобны да пальмы стан гэты гонкі,
І грудзі твае – як вінаградныя гронкі.
Падумаў: я ўзлезці на пальму павінны
І ўчупіцца ёй у галіны.
І грудзі твае будуць гронкамі вінаграду,
І пах ад ноздраў тваіх,
Як ад яблыкаў, на прынаду.
Вусны твае –
Як адменнейшае віно,
І цячэ яно да сябра майго спакусна,
Стомленыя салодзячы вусны.
Як звону званіца,
Належу я сябру вернаму,
І да мяне жаданне ягонае звернута.
Хадзі, мой каханы, пойдзем у поле,
Абначуем на волі ў сёлах вясёлых.
Раннім раннем пойдзем у вінаграднікі, глянем,
Ці распусцілася лаза вінаградная,
Ці лопнулі пупышкі палахлівыя,
Ці цветам радуюць яблыні гранатовыя.
Там кунежыць цябе гатова я.
Мандрагоры ўжо не ўтрымалі свой пах малады,
І ля кожнае брамы ўсялякія харашэюць плады,
Новыя а старыя, а іх нямала,
Гэта я табе, каханы мой, захавала.

ПЕСНЯ ВОСЬМАЯ
О калі б ты быў мне за брата,
Якога маці мая сваімі грудзьмі сасіла,
Я б, сустрэўшы цябе на вуліцы, невінавата
Цалавала б і да сэрца туліла,
І мяне б не папракалі зацята.
Павяла б я цябе,
Прывяла б да матулі маёй у дом,
Я паіла б цябе пахучым віном,
Яблыкаў маіх гранатовым сокам,
Каб п’янеў няўрокам.
На лявіцы ягонае галава мая,
А правіца бяссоная мяне абдымае.
Заклінаю вас, дочкі Ерусалімскія,
Не будзіце, не турбуйце каханую,
Самой лагодай прыспаную.
Хто гэта ад пустэльні ўзыходзіць,
З небам высока раячыся,
На свайго каханага ўзіраючыся?
Пад яблыняй я цябе разбудзіла:
Там цябе маці твая нарадзіла,
Там цябе нарадзіўца твая нарадзіла на дзіва.
Пакладзі мяне на сэрца сваё, як пячаць,
На руку сваю пакладзі – прыручаць,
Бо моцная, як смерць, мілосць,
Лютая, як апрамецце, зайздросць.
Стрэлы ў мілосці – агнявітыя стрэлы,
Яна – тое полымя,
Што перашкоды нідзе не сустрэла.
Вялікія воды загасіць не могуць
Мілосці тае,
І рэкі не заліюць яе.
Калі б хто даваў за мілосць
Багацце ўсё, што ў доме ягоным ёсць,
З рашучасцю ўпартаю
Ён адрынуты быў бы з пагардаю.
Сястра ў нас малая,
Яна яшчэ саскоў не мае.
Што рабіцімем з нашай сястрою,
Калі будуць сватацца да яе не парою?
Калі б яна была сцяна,
Дык, не шкадуючы ні дзён, ні працы,
Пабудавалі б мы на ёй
Са срэбра палацы.
Калі б яна была дзверы –
Кедровымі дошкамі абшалявалі б яе да меры.
Я – сцяна, і ў мяне саскі, як вежы,
Таму ў вачох ягоных буду поўнатаю хацежы.
Вінагараднік меў Саламон у Ваал-Гамоне,
Ён здаваў вінаграднік гэты вартаўнікам.
І кожны з вартаўнікоў тады
Меў даваць тысячу срэбнікаў за плады.
А мой вінаграднік у мяне пры сабе.
Тысяча хай табе, Саламоне,
А дзвесце – ім, што праз гады
І ў яснадзень і ў сутонне сцерагуць плады.
Жыхарка садоў!
Сябры цешацца з голасу твайго,
Дай і мне паслухаць яго.
Барздзі, мой каханы, мой сон бясхмарны,
Будзь падобны да сарны
Ці да маладога аленя,
Бяжы наперадзе свайго ценю
Па горах сaмых бальзамавых.

Псальмы


* * *

Я выйшаў насустрач чужынцу,

і ён пракляў мяне ідаламі сваімі.

Псальм 150:6

Чужыя ідалы халодныя –
Аж сцюжаю душу скрабе.
Чужыя ідалы галодныя –
Усё ядуць як не ў сябе.
Чужыя ідалы ядвабныя,
Дзе ў вабнасці стаіўся яд.
Чужыя ідалы, як вапнаю,
Пабеляць здрадай шэры сад.
На гонях родных
Рунь рунейшая.
Свой страх тужэй ратугу ўе.
Хай у радне,
Таму й раднейшыя
Бываюць ідалы свае...


* * *

Усюды ходзяць бязбожныя, калі

нікчэмнасць з сыноў чалавечых узвысілася.

Псальм 11:9

На ўсё стае бязбожных,
Бо яны
Жывуць, каб толькі
Жыць валадарамі,
І д’яблавымі цешыцца дарамі,
Пакуль у пугу вераць табуны.
На ўсё стае бязбожных,
Бо яны
Стараюцца сябе зрабіць багамі.
І ў Божым храме
Хам крычыць у хаме,
Павагу й зайздрасць
Мае да маны.
На ўсё стае бязбожных,
Бо без іх,
Відаць, было б і небу сумнавата.
І ціхі кат за брата лічыць ката.
І вечны грэх
На ўсё глядзіць, як мніх.
На ўсё стае бязбожных,
Бо праз іх
Нікчэмнасць узвышаецца пыхліва.
І пустазеліцца людская ніва,
А не ўцячы ёй
Ад сярпоў тупых.

* * *

Вусны ўзносяць да неба – а іхны

язык па зямлі валачэцца.

Псальм 72:9

У вуснаў ёсць дамова з языком.
Пра гэта змоўчыць цішыня нямая.
Язык трымацца мусіць пад замком,
А неспасціжны ключ душа трымае.
Бо вусны – вусце думкі,
Што сама
На выйсце просіць у душы дазволу.
На думку кратаў і замкоў няма.
Бянтэжыць думка ерась і крамолу.
Душа – гняздоўе
Прыцемку й святла.
Хто ўзважыць,
Што ў душы пераважае?
Не раз палону тлен перажыла
Душа.
Яна й твая табе чужая.
Часовыя,
Не ведаем, калі
Душа пакіне нас,
Як думка высі.
Але язык не вінен па зямлі,
Як пуга пастухова, валачыся...

* * *

Бо не ад усходу і не ад захаду

і не ад пустыні ўзвышэнне...

Псальм 74:7

Не ўзвышэнне сябе самога,
А ўзвышэнне з самога сябе –
Непадсільная перамога
У няскончанай барацьбе.
Не ў дагоду
Сцежка з усходу,
А ў халодную ноч вядзе.
Захад захады робіць,
Выгоду
Выглядае сабе кагадзе.
І спякотны вецер з пустыні
Не асушыць слёзы з вачэй.
Дол нагрэецца ды астыне.
Разбаліцца боль балючэй.
Над забытасцю, над імшою,
Над прадоннем цёмнай маны,
Над спустыненаю душою
Мусіць голас узвысіць
Нямы.
Мелкія ў суцяшэння кішэні,
Хто не клаў у іх, той дастае.
Узвышаймася.
Бо на ўзвышэнне
Вышыні ў нябёсаў стае!

* * *

Я зрабіўся як сыч у руінах…

Псальм 101:7

Руйнуе нявечнае час –
Усё, што з граніту ці з гліны.
Руйнуе сівыя руіны,
Трымае нібы напаказ.
І людзі,
І птушкі, й звяры –
Жывыя руіны руінаў.
Пакінуў іх Бог для ўспамінаў
Пра страчаны рай да пары.
Высока сябе несучы,
Сплываюць вякі ды аблокі.
І страх,
Быццам сыч вірлавокі,
Турбуе руіны начы.

* * *

Сонца ведае свой захад.

Псальм 103:19

Дні на зямлі твае
Як дзень адзін.
Калі ён скончыцца –
Ніхто не скажа.
Ты знікнеш –
Не заўважыцца прапажа.
Рацэ няўцям,
Як шмат растала льдзін.
Твой цень апошні
Цемра ахіне.
І ўжо не зразумееш,
Дзе ты, хто ты,
І ад цябе ў маўклівай старане
Адступяцца надзённыя турботы.
Пакуль твой дзень,
Старайся ўсё паспець,
Бо дарабляць не вернешся,
Магчыма.
Пакуль заход
Яшчэ не хоча цьмець,
Кон пазірае добрымі вачыма.
І сонца –
Служка боскай мілаты –
Стараецца шчырэй
Разліць лагоду.
Яно свой захад ведае,
А ты
Не ведаеш ні захаду, ні ўсходу.

* * *

Каб пачуць стогны вязняў…

Псальм 101:21
Вязні – як вузялкі
На вяроўцы пакуты.
Не парвецца ў ратужнай вяроўкі
Цярпенне.
Будуць небам
Нявінныя стогны пачуты.
Душы праведных
Знойдуць сцяжыну збавення.
Шыю катаву,
Як маладая каханка,
Абаўе непаслабна
Вяроўка старая.
Стануць цені ахвяраў
Ля вечнага ганка.
Хто нявінных гняце,
Тога Бог пакарае.
Стогны вязняў
Да сэрца прымае цямніца.
Ды ў няволі каменнай
Каменная воля.
Стогну вязняў
І здрада, і ўлада баіцца.
Ў нетутэйшага дрэва
Згінаецца голле.

* * *

Ці на неба ўзыду – Ты там;

ці сыду ў апраметную – і там Ты.

Псальм 138:8
Ты са мною
І ў радасці, і ў бядзе,
І ў сумятнi віратлівай,
І ў цярплівай маркоце.
Тваё павадырства
Па свеце вядзе,
Ты крылле, як ластаўцы,
Даеш душы на адлёце.
Ты са мной,
Каб не быў я ў самоце нідзе.
Ласка Твая маладая
Ад знянацкай надзеі.
Кара Твая відушчая ведае,
Дзе
Жыве дабрыня,
Дзе ліха лішаць ліхадзеі.
Я да скону ў палоне Тваім,
І пасля
Папрашуся застацца
У вечным палоне душою.
Я з Табою,
Пакуль мяне носіць зямля.
І калі перастану быць,
Застануся з Табою.

* * *

Праўда пойдзе перад Ім,

і на дарогу паставіць свае ступакі.

Псальм 84:14
Праўда ўперадзе
Не павадыркаю ходзіць.
На дарогу стаўляе свае ступакі,
Па якой перад ёю ступалі вякі.
Праўда тое, што неба схавала,
Знаходзіць.
Хоць з наўпростай дарогі
Смяецца крывая,
Праўда ходзіць
Наўпростай дарогай здаўна.
Як і мы,
Праўда ходзіць пад Богам,
Яна,
Як і мы за яе,
За нясхібнасць трывае.
Праўда йдзе па зямлі,
Дзе сумёціцца смецце,
Дзе за ёй неадступна
Цікуе мана.
Не прывыкла сябе
Вінаваціць віна.
Верыць ноч,
Што яе апраўдае дасвецце.

* * *

Хто з плачу нясе насенне,

вернецца з радасцю,

несучы снапы свае.

Псальм 125:6
Зерне плачу рунее,
Каб спела
Зазвінець смелаю збажыной.
Толькі тое,
Што доўга зімела,
Не нацешыцца доўга вясной.
І на памяці поля снапамі
Засмяецца ўраджай,
Як багач.
Покуль густа снягі не напалі,
След вятроў даганяціме плач.
І савецьме дакука савою,
Што аблётала гнёзды не ўсе.
Маладзіцаю перад сабою
Радасць
Лёгка снапы панясе.

* * *

Узнаві нас, Божа ратунку нашага,

і спыні абурэнне Сваё намі.

Псальм 84:5
Усынаві наноў
Блудных Сваіх сыноў,
Узнаві нас, спыні
Сваё абурэнне намі
І вярні тыя дні
Нам і нашай зямлі,
Калі
Мы сабою былі.
Мы зараслі
Лясамі хлусні.
Пачуй нас і пакарчуй
Пакоры нашае пні.
Схілі спагады аблокі
І нашыя крокі
Да прорвы спыні.
Аслані
Даланёй дабрыні,
Абарані
Нашыя карані,
Ахіні
Плашчом вышыні.
Хай спрахне наш страх,
Хай затоне ў вірах
Палон і праклён чужы.
Зняверлівых
Ад нас адмяжуй.
Памяркоўнасць нашую
На крыжы
Укрыжуй!

* * *

Нахілі, Госпадзе, вуха Сваё,

і пачуй мяне...

Псальм 85:1
Дзякую, Ўсявышні, Табе
За кожную лішнюю хвілю,
За кожную зморшчыну на ілбе,
За сілу й за бяссілле,
За дзірван і за араллю,
За пустку й за пушчу,
За тую зямлю,
Дзе люблю й не люблю,
І дзе я вочы заплюшчу.
Дзякую за цемру й святло,
За маміны вочы,
За ўсё, што было
І што не было,
Дзякую, Ойча...

* * *

Ты паставіў зямлю

на цвёрдых асновах...

Безданню, як вопраткаю,

накрыў Ты яе...

Псальм 103:5–6
Зімой завірухі ідуць у попрадкі,
Матаюць ніткі дажджу
Навальніцы,
Каб толькі ты
Не была без вопраткі,
Каб не згарэць табе
І не застудзіцца.
Якімі ткачамі бездань сатканая,
Пашыта краўцамі якімі?
Ахінала цябе ахінае з пашанаю,
Покуль трывогу час не пакіне.
Цябе –
Пылінку няіснасці кволую –
З далані свае не здзьмухне
Магута.
Бясконцасць цябе спавівала
Голую.
Вырасцеш –
Будзеш калісьці пачута.

* * *

Ісціна ўзнікне з зямлі, і праўда

прыхіліцца з неба...

Псальм 84:12
Не на тушчай –
На нашчай зямлі
Так, як асака разучая,
Ісціна –
Парабчанка разутая –
Галаруч нясе вугалі.
Зоркамі вугалі былі,
Ды зрабіліся зоркі
Знічкамі.
Буры
Дрэва жыцця не знішчылі.
Задрамаў туман у быллі.
З вугалёў выдзімаць святло –
Гэта ўмецтва
Зямное й нябеснае.
У міжзор’і
Праўда ў журбе снуе,
Хмарачы небасхілу чало.
Праўда да зямлі прыпадзе,
Бо на хмары не абаперціся,
Ісціне і пра смерці ўсе,
І пра жыцці распавядзе.

* * *

На горах воды стаяць.

Псальм 103:6
Зацякаюць ногі ў вады.
Знадакучыць стаяць на стромах,
І тады,
Ашукаўшы брады,
Расцячэцца па сцежках знаёмых.
І паверыць вада вадзе,
Выбегшы
З-пад крыса аблокаў,
І сябе павядзе,
Дападзе
Да таемных сваіх вытокаў.
Там,
Дзе небава стома стаіць,
Вечны позірк паставіў воды.
Горам
Смутак свой не стаіць,
Горам
Гоіцца боль лагоды.

* * *

Няхай прынясуць горы мір людзям

і пагоркі праўду...

Псальм 71:3
Горы ўгарбелі, мір несучы,
Праўдзе пагоркі падставілі спіну.
Людзі чакаюць лепшай пары.
Гоняць плыты прамянёў асначы,
Ім ні супыну няма,
Ні спачыну,
У асначы падаліся вятры.
Несці нялёгка
Праўду і мір.
Горамі вырасці мараць
Пагоркі.
Як жа пагоркам
З маленства ўцячы?
Аж закіпае ад зайздрасці вір,
Робіцца ветах ад рэўнасці
Горкі.
Людзі й не думаюць дапамагчы.

* * *

Хай у далоні пляскаюць рэкі...

Псальм 97:8
На даланях у рэкаў
Няма віны,
Рэкі нічога нікому не вінны.
На даланях у рэкаў чаўны,
На даланях у чаўноў
Дамавіны.
Дамавіны ў далонях
Няволяць час,
У рэкаў з далоняў
Сплываюць аблокі.
З далоняў поймаў,
Адбыўшы папас,
Узлятае смутак глыбокі.
І калі ганец прынясе
Дасвеццю радасныя навіны,
У далоні пляскаць усе
Будуць
Не таму, што павінны.

* * *

Няўжо не ўрымсцяцца беззаконнікі,

якія народ мой ядуць, быццам хлеб?

Псальм 13:4
Прыхадні разяваюць галодны рот,
Раскашуецца распуста й песта.
Як жытні хлеб,
Усе ядуць мой народ,
А ў дзяжы падыходзіць
Вясёлае цеста.
І з цеста пячэцца трывалы хлеб,
Якому на абрусах вельмавацца.
Снапы малоціць чужацкі цэп.
Хлеб спажывае халодная праца.
Ды чужакоў аднойчы змяце
Вецер цярпення маўклівы,
Бо дужы.
І ўзыдзе
Наш каравай на куце,
Асвеціць сасмяглыя нашыя душы.

* * *

Бо ў смерці няма пра Цябе

памятання: у магіле хто

Цябе славіць будзе?

Псальм 6:6
Слаўлю Цябе
І жыву я Табой,
Госпад,
А смерці гэта няміла.
Толькі не можа
Вечны спакой
Даць мне сырая магіла.
Твой неспакой
Не пакіне мяне,
Ён у душы не загіне.
Твой неспакой
Цішыню прыхіне,
Жыціме ў мёртвай даліне.
І дамавіны глухая турма
Страхам душу не стрымае.
Будзе душа мая
Славіць сама
Госпада,
Нават нямая.

* * *

Высахла ад маркоты вока маё,

пастарэла яно праз маіх ворагаў.

Псальм 6:8
Бачыць далей маладое вока,
Вока старое глядзіць глыбей.
Ранняя вестка, як тая сарока,
З лесу хутчэй ляціць да дзвярэй.
Позняя вестка, як тая варона,
Глуха чарнее на голым суку.
Поўніцца вока старое бяссонна
Смуткам,
Як поўня на скразняку.
Высахнуць цяжка воку,
Як мору.
Толькі калі высыхае яно,
Здасца прадонным
Галоднаму гору,
Ціхаму небу пакажацца дно.

* * *

Вычарпалася ў скрусе жыццё маё,

і леты мае ў стагнотах...

Псальм 30:11
Прыгоршчамі маладзіка й веташка
І даланёю поўні
Вычэрпвае дні мае скрухі рука,
Дапаўшы да апошняе схоўні.
Вычэрпвае,
Як з чаўна ваду,
Вычэрпвае й дно выскрабае.
Я следам за ценямі дзён іду.
Вярнуць іх надзея слабая.
Спяшаюцца цені,
Знікаюць яны,
Не ведаючы ляноты.
І застаюцца са мною адны
Скруха мая ды стагноты.

* * *

Дзень дню перадае слова, і ноч

ночы адкрывае веды.

Псальм 18:3
Ноч з галавы,
А дзень жыве з вачэй.
Ноч грэшна бавіць час,
А дзень пацешна.
Ноч думае,
А дзень сабе хутчэй
Стараецца ўсё выгаварыць
Спешна.
Дзень перадаць
Наступніку свайму
Спяшае недамоўленае слова.
Сэнс грэецца ля зорак
І таму
На долы абніжаецца часова.
Як ні шапчы,
Як крычма ні крычы, –
Сэнс рэдка адгукаецца на словы.
І веды ноч перадае начы,
А ў ведаў зірк
Прыхмарана суровы.
Як не сляпы,
Той зірк убачыш ты.
Калі й сляпы,
Адчуеш зірк душою.
Відушчым зробішся ад віднаты,
І станецца сваім табе чужое.

* * *

Ненавіджу шаноўцаў

марных ідалаў…

Псальм 30:7
Шаноўцы марных ідалаў,
Яны
Шануюць больш сябе
Ды свой дастатак.
І гневу халастыя перуны
Абрынуць любяць
На астатні статак.
На тых,
Што не паспелі дапаўзці,
Каб з ідалавых жалабоў
Напіцца.
У масць лыч да лыча,
Поўсць да паўсці.
Хвалу ўздаюць
Лявіца ды правіца.
Растануць ідалы,
Як тая мга,
І зменяць хваласпеў на момант
Плачы.
І ўжо да новых ідалаў чарга
Цягнуцца будзе,
Быццам хвост сабачы.

* * *

Не схавай ад мяне аблічча

Свайго...

Псальм 26:9
Бачу вочы Твае,
Хоць Цябе я не бачыў ніколі.
Чую голас Твой вышні,
Хоць ніколі не чуў я Цябе.
Гэтак вязень сляпы
Бачыць вочы забытае волі,
Гэтак чуецца голас знядзелены
Немай мальбе.
А Табою малюся,
А Табою смялею й баюся,
А Табою дазволены жыць,
Паміраю й жыву,
А Табой паддаюся,
А не паддаюся спакусе,
А са страхам і верай
На плаху Тваю
Я кладу галаву.
Чуць ды бачыць Цябе –
І зашмат, і замала.
Гэта ласка нябесная –
Слухаць Тваю цішыню.
Ты задумаў мяне
Мудра а дасканала.
Я пахібіў Твой плён,
І сябе я за гэта віню.

* * *

Калі я пайду далінай

смяротнага ценю...

Псальм 22:4
Са мной паміраціме
Цень мой жывы.
І цень мой
Нябожчыкам стане таксама.
Зачыніцца глуха нябесная брама,
Не ўбачу ў даліне
Ні хмар, ні травы.
Паселіцца вечная ноч уваччу.
Сваё адхвалююся,
Адлетуценю.
У змрочнай даліне
Смяротнага ценю
Я з ценем сваім развітацца хачу.
Бо цень быў
Напарнікам мне і віжом,
Сачыў, віжаваў,
Дзе б ні жыў пры святле я.
У зябкай даліне
І цень мой скалее,
Не выпырхне ні вераб’ём,
Ні стрыжом.
На сцежцы стаптанай
І на ярыне
Кунежна слядам
І нястрымна трымценню.
І покуль жывы, давяраюся ценю,
Бо ценіцца цень
І дрыжыць за мяне.

* * *

Яліны – пад жытло буслам...

Псальм 103:17
Яліны –
Зялёныя скініі,
Прыстанак прысталых крокаў.
Нябёсы на стрэхі ім скінулі
Буслоў,
Як акраўкі аблокаў.
Сціхa адхінаюцца клёкатам
І цішаю клямчацца дзверы.
Зямным і нябесным клопатам
Буслы
У ялін у даверы.
І позірку ўроіцца смелае:
Прыняўшы дасвецця палоны,
Стаіць,
Ад чакання здранцвелая,
Яліна,
Як бусел зялёны...

* * *

З улоння дзянніцы падобнае

да расы Тваё нараджэнне.

Псальм 109:3
І за расу, і за слязу нічога
Чысцейшага няма.
Раса сама
Нагорнецца на вока Пана Бога,
Не разбурыўшы воблік абраза.
І на зямлі, далёкая ад бруду,
Раса зайздросціць
Зерню на сяўбе.
Падлеглая паўторанаму цуду,
Расінка
Сонца носіць у сабе.
Раса й краса
З нічога не ўзнікае.
Лёс крочыць пеша.
Воз сябе вязе.
І радасць,
Як рачулка гаваркая,
Смяецца і ў расінцы,
І ў слязе.
Вераадступніка чакае згуба.
Самапрысуд –
Як брытва ў два лязы.
Пяшчоціцца ў расінцы
Сонцу люба,
І ўтульна роспачы
На дне слязы.

* * *

Пастаў над імі бязбожнага,

і д’ябал хай стане праваруч яго.

Псальм 108:6
Над тымі,
Што назваліся людзямі
І рохкаюць галодна ля карыта,
Пастаў бязбожнага,
Няхай яны
Плывуць ракою забыцця ладдзямі,
Няхай спяшаюцца парнакапыта
Падставіць хілы хіб пад бізуны.
І праваруч ад самаўладца-хама
Самога д’ябла ў чорным ахінале
Пастаў,
Няхай пасведчыць чарадзе
І светласць хама
І сваю таксама.
Каб дзякуй і за кратамі казалі
Бязбожніку,
Што ў шчасце іх вядзе.
А тое шчасце –
Мешанка густая
І рэдкая.
А тое шчасце ў спрыце,
У звадах за харчы перамагчы,
Абы не хутка ўбачыць
Дно ў карыце.
А дасць мароз,
Як адарваць лычы?

* * *

Пройдзе над ім вецер, і няма яго,

і мейсца ягонае ўжо не пазнае яго.

Псальм 102:16
Век чалавечы –
Як снег на галінцы,
Дзень чалавечы –
Як помах крыла.
Толькі за зёлкай
Паспеў нахіліцца –
Выпрастаць спіну
Труна памагла.
Кожнаму хочацца
Ліха аб’ехаць.
Лёс залагодзіць,
Чым нельга і льга.
Раніца хмар наахапчыць
На вехаць.
Пачырванее за вечар смуга.
Дол прыхарошыцца
Травамі гожа.
Сподзеў і страх –
Чалавеку свае.
Вецер дыхне – і няма,
І яго ўжо
Мейсца ягонае не пазнае.

* * *

А тыя, што нас паланілі,

песняў ад нас патрабавалі,

а нашыя прыгнятальнікі –

весялосці…

Псальм 136-3
Заваёўнікам трэба песняў
Ад нас,
Прыгнятальнікам – весялосці.
Толькі песня, яна –
Не вясельны кутас,
Каб дрыжэць у застольнае млосці.
Песня вольная
Вольную мае душу,
Не пяецца ў няволі ніколі.
Прастагнаць заваёўнікам
Можа імшу,
Зачасаць на магіле ім колле.
Весялосць захлынецца ад смеху,
Калі
Прыгнятальнік навек захлынецца.
І ўздыхнецца з палёгкаю
Роднай зямлі –
Аж ад радасці дол скаланецца.

* * *

Як бацька даруе сынам,

так даруе Госпад тым,

хто баіцца Яго.

Псальм 102:13
Светлая боязь душу ахінае.
Строме зайздросціць адхон.
Падае ніцма
Радасць зямная.
Марнасцю робіцца плён.
Страх
Перад Імем Тваім неназваным
Існай дарогай вядзе.
Грэх,
Што хацеў бы назваціся панам,
Чэзне, як дым на вадзе.
А ці ў палацы,
А ці ў палатцы
Кайна хілю галаву.
Госпад!
Дазволь мне Цябе баяцца.
Покуль баюся – жыву.

* * *

Не сплю і сяджу,

як адзінокая птушка на даху.

Псальм 101:8
Адзінокая птушка на даху –
Дах вартуе,
Ці дах яе
І трымае, й бароніць
Ад страху.
Птушка прыцемкаў
Сумна пяе.
Адзінокая птушка на даху –
Ад падумкі той аднае,
Што крылу не стае размаху,
У пляніцу сябе аддае.
Адзінокая птушка на даху –
Забываецца песні свае.
За халодную апранаху
Вечару свой цень прадае.

* * *

Уздыманне рук маіх –

як ахвяра вячэрняя.

Псальм 140:2
Вячэрнюю ахвяру прыношу –
Ўздымаю рукі свае,
Яны
Трымаюць яшчэ сырую пакошу
З лугоў раскайнасці і віны.
Вячэрнюю прыношу ахвяру –
Узношу рукі свае,
Яны
Трымаюць, як ношу,
Цёмную хмару
Неўсвядомленае маны.
Не плоцячы вечнаму смутку
Мыты,
Прашу спагады ў наступнага дня.
Малюся,
Самым сабою забыты.
А можа, ўспомніць мяне
Вышыня?

* * *

І просяць хлеба з руінаў сваіх...

Псальм 108:10
Жабраваць па сваіх руінах –
Тое,
Што сябраваць з дварамі.
У забыўлівых прыпамінах
Кленчыць неіснуючай браме.
Жабраваць па сваіх руінах –
Тое,
Што сябраваць з вірамі.
Па абразах ісці й па кпінах
І гавець у разбураным храме.
Вандраваць па сваіх руінах –
Тое,
Што сябраваць з вятрамі,
Што нясуць на далёкіх спінах
Прах дзяржаваў
З рабамі й царамі...

* * *

Дні чалавечыя – як трава...

Псальм 102:15
А веку таго –
Ад касы да касы.
Таму так спяшаецца раскашавацца
Надзея ў руні на каласы,
Надзея ў рэха на галасы.
Траве застаецца адно –
Хвалявацца.
Травой зарастуць
І разлогі, й лугі.
Адскочыць атава
Спаткацца з касою.
Як восень, пажоўкне
Трава ад тугі.
Успыхнуць зялёнааблочна
Стагі.
Загарыцца расе
Паўтарыцца красою.

* * *

Хай памножацца смуткі ў тых,

што цякуць да бога чужога...

Псальм 15:4
Пілнаваціся кожны мусіць
Роднага Бога,
Пілнаваціся кожны мусіць
Роднай зямлі.
Не цяплее душа
Ля цяпельца чужога,
Каласіцца туга
На чужой араллі.
Толькі ў роднага Бога
І шчырасць, і ласка.
Родны Бог – родны бацька,
Бог чужы – як айчым.
Дома суха і ў багне,
На чужыне й на ўзгор’і гразка.
Некалькі ў ваднаго
Не бывае айчын.

* * *

Каб не заснуў я сном смерці...

Псальм 12:4
А сон жыцця –
Кароткі, як жыццё.
Сон у жыцця –
Трывожны, клапатлівы.
І чалавек – капрызнае дзіцё –
Ў кароткім сне
Спакойны ды шчаслівы.
У смерці сон
Даўжэйшы за яе,
Сон беспрабудны,
Цёмны, страхавіты.
Ніколі ён назад не аддае,
Хто зябкай павітухаю спавіты.
І, кватарант жыцця,
Пакуль жыве,
Ён ад жыцця
У сон жывы ўцякае,
Каб спадабацца
Смерці-удаве.
І спіць жыццё.
А іншы сон чакае.

* * *

Дабрашчасны, хто возьме і заб’е

немаўлятак тваіх аб камень!

Псальм 136:10
Хай сабе ён і ворагаў –
Чэрап дзіцячы.
Ён – маленькае неба,
Дзе небасхіл няпэўны
Трымаецца на радасным плачы,
Чэрап будучага пастуха
Ці царэўны.
Хай жа камень праклёну
Мяккай падушкай стане
З летуценнага пер’я
Залётнае аблачыны.
Хай аб наканаванні
Дзіця папярэдзяць здані,
Хай здымуць камень з сэрца
У змрочнай прычыны!

* * *

Народ, якога я не ведаў,

служыць мне...

Псальм 17:44
Там,
Дзе панішчаны гаспадары,
Пасуцца выслужнікі табунамі.
Ім лёгка чужых
Называць панамі,
Аднолькава ім
Ці ў хляве, ці ў двары.
Ім роднага бацьку
Заменіць айчым,
Якога палюбяць
За скібку хлеба.
Па звычцы
Яшчэ патурбуе патрэба
Назвацца народам.
Але якім?

* * *

Чалавек падобны дыханню...

Псальм 143:4
Бог уздыхнуў
Над стварэннем слабым.
Бог уздыхнуў –
І ўдыхнуў дыханне.
Дым, як туман,
І туман, як дым,
Папераблыталіся ў тое ранне.
Першая недзе звінела аброць.
Конь неаб’езджаны
Цешыўся з волі.
I, чалавека пакінуўшы доле,
Сумна
Падаўся ў неба Гасподзь...

* * *
Ойча наш, што ў нябёсах,
Хай свяціцца Імя Твае
І ў зорах, і ў лёсах.
Хай прыйдзе Валадарства Твае,
Як спатоля,
Хай Твая ўсёўладарная
Збудзецца воля
Як на небе,
Гэтак і на зямлі.
Хлеб наш надзённы пашлі,
Жыццядар, сёння нам.
І даруй нам нашы даўгі,
Як даруем і мы даўжнікам.
Адгарадзі ад нас
Спакуслівыя лугі.
І ў смутны час,
І ў цёмныя дні
Нас ад нячысціка аслані.
Не зрушыцца Валадарства Твае.
І рушаць рухава
Ад Твайго цвярдога парога
І сіла, і слава
Твае мілаты і лагоды,
Айца, і Сына, і Духа Святога
Цяпер і заўсёды.
І на вячніны вячнін. Амін.

* * *
Багародзіца, Вечнадзева Марыя,
Мы ўсе перад Табою малыя.
Дабраслаўленая між усіх маладзіц,
Не пярэч, каб
Перад ценем ценю Твайго
Мы ўпалі ніц.
Дабраслаўлены плод Твайго ўлоння.
Над ім мы ўзводзім
Шатрамі свае далоні.
Ты, ўсяго жывога краса і пакраса,
У імя Вечнаіснага Бога
Нарадзіла душ нашых Спаса.
Пад міласць Тваю прыбягаем.
Злітуйся над нашым краем –
Хай пасвяцца душы нашыя
На нябесных пашах.
Багародзіца Дзева,
Не адкінь у цярпеннях
Малітваў нашых.
Дабраслаўленая, адзіна чыстая,
Уратуй ад бедаў,
Дай моцы нам выстаяць.
Каб агонь жыцця нашага
Не пагас,
Багародзіца Прасвятая,
Душою нашчая,
Уратуй нас.

* * *
Веру ў адзінага Бога Айца,
Усёўладара, Шчодрадаўцу дабра,
Тварца ненасытнай зямлі
І неба спадчыннага,
І ўсяго бачнага й нябачнага.
Веру несупынна
Ў адзінага Бога Ісуса Хрыста,
Адзінароднага Божага Сына,
У кожны кіў Ягонага кста.
Сын Божы народжаны над усімі намі,
Над усімі вякамі:
Святло ад Святла,
Праўдзівы Бог ад праўдзівага Бога,
Каб цёмную сілу зла
Сіла богапаслужлівасці перамагла.
Без Яго не было б нічога.
Ён, каб вызваліць нас з грахоў,
З чыстага неба
На дол затаптаны сышоў.
І смела прыняў тленнае цела
Ад Духа Святога і Дзевы Марыі
І чалавекам стаўся,
Каб пераняць пакуты людскія.
Гэта за нас пры Понціі Пілаце
Аддаўся ў рукі зямное ўладзе.
І быў укрыжаваны,
І канаў, і быў пахаваны.
І на трэці дзень уваскрос
У згодзе з Пісаннем.
І ўзышоў на неба Хрыстос
Нябачным ззяннем.
І сядзіць праваруч ад Айца.
І прыйдзе зноў у славе нязмерклай
Судзіць жывых і змерлых,
І Валадарству Ягонаму не будзе канца.
Веру ў Духа Святога,
Што сыходзіць ад самога Бога,
Каму нароўні з Айцом і Сынам
Пакланяемся, не лічачы рокаў.
І славім належным чынам,
І які вяшчаў праз прарокаў.
Веру, а значыць жыву,
У Кефальную й Апостальскую Царкву.
Веру, і тым жыву,
Веру, і тым існую,
У Богам дадзеную,
А значыць святую
Беларусь праўкрасную самую.
Перад ёю,
Як перад Мамаю,
Хілю галаву,
Верны паклону
Да скону.
Спавядаю адзіна кшчэнне
Як ад грахоў збаўленне.
Ані на кога не ў крыўдзе,
Чакаю, як лепшых часін,
Уваскрошання змерлых
І жыцця тога веку,
Што прыйдзе. Амін.

* * *
Госпадзе, не забудзься ўранні,
Узгадай увечары,
Памяні словамі туманоў
Смяротна заснулых у спадзяванні
Уваскрошання да жыцця вечнага
Нашых братоў і бацькоў,
I ўсіх, якія волю Айчыны
Мечамі праведнымі прывячалі,
Якія і ў злыя часіны
Заставаліся крывічамі,
За кім зачыніліся зямныя дзверы,
Якія жыццё сваё скончылі
Ў пабожнасці й веры.
Даруй ім волю й няволю віны,
Якой правініліся перад Табою яны
Словам, думкаю, справаю,
Абвянчаныя з ганьбай і з славаю,
Бо яны былі толькі людзьмі.
Валадару, іх да сябе прымі.
Дай ім і нам Тваю Гасподу
І ўдзел у добрых дзеях Тваіх,
І жыцця Твайго бясконцага
І невыказнага насалоду,
Бо Ты ёсць шчасце й жыццё,
Ўваскрошанне ды спакой
Тваіх змерлых слугаў.
Ты, Хрысце Божа наш,
Слых самы бяссонны той,
Які ўсё пачуў, паслухаў.
І мы, адганяючы сквапную скруху,
Славу ўзносім Табе,
І Айцу Твайму несканчатнаму,
І жыццядатнаму Святому Духу
З нагоды дагоды цяпер і заўсёды
І на вечных вякоў зачын. Амін.

* * *
Усёчуйны, пачуй
Кайны наш лямант і плач.
Тым, хто нас ненавідзіць і крыўдзіць,
Чалавекалюбча, прабач.
Тых, хто шчодрыць дабро,
Узвяліч дары.
Братам і крэўнікам нашым
Правіны даруй
І вечнае жыццё падары.
Наведай нямоглых у чорныя дні.
Ацалі іх і моцу вярні.
Тых, хто ў моры,
Не пакінь у горы.
З тымі, хто ў падарожжах,
Будзь і ў клопатах Божых.
Тым, хто слугуе роднаму краю,
Хто нашую мову мілуе,
Пакажы сцяжынку да раю,
Даруй і праграшынку малую.
Тых, хто просіць нас
Памаліцца шчыра за іх,
Памілуй, бо маеш
Вялікую літасць да ўсіх.
Памяні, Госпадзе,
Нашых бацькоў ды братоў,
Што адышлі ў Твой край,
Ад святла аблічча Твайго спагатоў
Спакой ім, спачылым, дай.
Памяні, Госпадзе, нашых братоў,
Што й сёння
Ва ўчарашняга дня ў палоне.
Вызвалі ад кайданоў
І душы іхныя, і далоні,
Каб мелі галаву на плячах,
А не неслі, як горб, за плячамі.
Каб зоры займаліся ў смелых вачах,
Каб пачуваліся вольнымі крывічамі.
Памяні, Госпадзе,
Ўсіх дабраплодных і дабрачынных
У Тваіх святынях адчыненых.
Выслухай просьбы іхныя аб збаўленні,
Імем Тваім асвечаныя,
І дай ім жыццё вечнае.
Памяні, Госпадзе, нас,
Рабоў Тваіх грэшных, рахманых,
Тут, на задуманай Табою зямлі,
І святлом Свае мудрасці прасвятлі
Розум наш, што ўвечарэў у заганах.
І скіруй на сцежкі святарныя
Запаветаў Тваіх
Малітвамі Прачыстае Багародзіцы –
Нашае Валадарыні
І Прыснадзевы Марыі і Ўсіх Святых.
Будзем ісці да Цябе
І ў радасці і ў журбе,
З песнямі і з плачом,
Покуль будзе сябе называць
Крывічом
Паслухмянец Твой хоць адзін. Амін.

* * *
Устаўшы з пасцелі, як з дамавіны,
Дзякую Табе, Госпадзе Трыадзіны,
Што Ты, Даўца дабрыні й церплівосці,
На мяне, лянотнага й грэшнага,
Не ўтаіў ні гневу, ні злосці
І за мае беззаконствы
Мяне не прывёў да згубнасці,
А падняў па Сваёй людалюбнасці
Мяне, што ў бeспамяці спачываў,
Каб я малітваю ранішняй
Уладзе Тваёй слаў славу слаў.
Прасвятлі вочы духу майго ў чысціні,
Вусны мае адчыні
Кожнаму Богаўслаўнаму гуку.
Дай пазнаць мне Тваю навуку,
Дай славіць у песнях
Тваё ўсесвятое Імя, ды не глуха,
Айца, і Сына, і Святога Духа,
Пакуль цякуць бяссонныя воды,
Пакуль ідуць дажджы з аблачын,
Цяпер і заўсёды,
І на вечны няспын. Амін.

* * *
Святы Анёле,
Заступніку Боскае волі,
Ахоўца мае зямное няволі,
І ў цішы, і ў гамане
Не адыходзь ад мяне,
Адвядзі ад душы мае стому,
Не дай духу злому
Смяротным целам маім
Завалодаць самохаць,
Не дай мой клёк запалохаць.
Дай моцы сіле маёй,
Зняможанай а слабой,
Боль незаслужаны патушы,
Застацца самім сабой
Дазволь мне, ахоўца мае душы.
На шлях збаўлення мяне скіруй,
Калі дзе паддаўся мане, даруй.
Як чым зграшыў мінулай начы,
Гэтага дня заступіся,
Дапамажы спакусу перамагчы.
Каб груган зайздрослівасці
Ў душы мае гняздо не савіў.
Каб Госпада я не ўгнявіў.
Каб верны быў я
Крывіцкай святой старане,
Мове матчынай –
Як найраднейшай балючай радні.
Анёле, маліся да Госпада,
Каб зрабіў мяне
Слугою Свае дабрыні.
Каб палымнеў, а не палынеў
Твой напамін. Амін.

НАШЧА
Туман пакут скроні часу выбеліў.
Кайнасць запозненая замаўчала.
Мама –
Мая небадарная Біблія,
Якая мяне да жыцця прыручала.
Грахоў неадольных
Прадонная яміна
Разяўлена, як галодная пашча.
Жыве ўва мне
Кожнае слова маміна.
Бібліі ўдзячны,
Малюся нашча…

КАЛЯДНЫ ВЕРШ
У ноч калядную збяры
Усіх здарожаных, халодных,
Усіх забытых і галодных
І раздары свае дары –
Усё, што даў табе Гасподзь,
Каб ты апошнім
Мог дзяліцца,
Бо ўдачы гладкая цяліца
Пасецца, каб аддаць стокроць.
Прасі на кут сваіх Дзядоў
Абнашчыцца куццёю поснай,
Каб не шукаць гадзінай познай
У небе памяці слядоў.
Як вогнішча, разварушы
Тугу,
Што пазірае нема.
І ціха вока Бэтлеема
Узыдзе ў поцемках душы.

СВЯТАЯ НОЧ
З нямецкае
Сон святы бачыць ноч.
Свет увесь спіць, апроч
Непаздзіўленай двойцы святой.
Дзіцятка з кудзеркамі, засні
У ясельках цішыні!
Сон святы бачыць ноч.
Зорка, прароч
Вестку светлую пастухам.
Блізіцца навіна ў кожны кут:
Ад пакут Збаўца тут!
Сон святы бачыць ноч.
Слаўся радасцю, плоць,
Цемра, збоч.
Нарадзіўся Хрыстос —
Нам збавенне прынёс!

У КАГО?
Яе светласці Свечцы
Цела згарае,
Душа палымнее,
Як і ў людзей.
Мроям нябыт дакараць саладзей.
Ля небакраю надзея рунее.
Свечка спачатку зямлю засяляла.
Людзі пасля.
Цемра з патухлага вугаля
Ў сэрцах журбу засяліла трывала.
Самаспаленне
Ці выйсце з адчаю?
Як і ў людзей.
Шлях да вяртання ў каго карацей?
Неба жыцця для каго залачае?

ПОМНІ!
I гаворачы з быдлаю,
Помні пра Біблію.
I мроючы мрою светлую,
Помні пра апраметную.
Рупячыся ў кляцьбе,
Помні і пра сябе.

КАБ НЕ ЎКРЫЎДЗІЎ...
Бога і Маму ў душы нашу
Ступаю па грэшнай зямлі асцярожна,
Каб толькі не здрыгануць душу,
Звышняга й Маму не патрывожыць.
Богам Адзіным душа жыве,
Мама душу дабрыні навучае.
Там па завоблачнай мураве,
Ходзіць журба з мамінымі вачамі.
Зычу хоць подых вясны ледзяшу,
Ясачку яснага досвітку скрусё. .
Бога і Маму ў душы нашу,
Каб аніхто іх не ўкрыўдзіў,
Малюся...

ПРЫЙДЗЕ...
Баяцца кветкі абразіць дол,
Далей уцякае настрой панылы,
Калі абнізіцца мусіць анёл,
Каб нам напомніць
Пра нашы крылы.
З якімі мы ў гэты свет прыйшлі,
Каб лётаць не толькі ў мроях,
Ды ўпарта мы прыраслі да зямлі
У хмарных сваіх настроях.
I крылы свае знебылі,
I вакол
Бяскрыла ляжаць небасхілы.
I лётае той,
Да каго анёл
Аднойчы прыйдзе
Прымерыць крылы...

ДОМА
Усё цвіце.
I ў падзяку нябёсам
У пракавечным зялёным храме
Сасна трымае ценькія свечкі,
Зацепленыя сонным святлом.
Усё цвіце.
I надзею мае
На працяг,
На спагаду часу.
Усё цвіце.
Спакорваецца лагодзе.
Салавей салодзіць гаркоту жыцця.
Зязюля лічыць стагоддзі...
Сарока свой цень нясе на хвасце.
Усё цвіце...

НІКОЛІ
Думка голая, як дзіцятка,
Што якраз нарадзіцца паспела.
А якая будзе апратка —
Гэта клопат таго,
Хто ўмела
Ці няўмела яе ўзгадуе,
Ісцінай позірк свой уколе.
Думка мае дупіу маладую.
Думка не сівее ніколі.

АДДАВАЦЬ...
Гады зямныя —
На вадзе кругі.
Змятае час
Мітрэнгаў нашых смецце.
Жыць —
Значыць Богу аддаваць даўгі.
Хто без даўгоў,
Таго няма на свеце.
Кароткая сцяжына да бяды,
Дарога да бясхмарных дзён
Даўгая.
Нас даганяюць нашыя сляды,
Каб нагадаць,
Што мы жывем даўгамі.
Рака наноў
Шукае берагі.
Буцян ладзьбуе
Гнездзішча на коле...
Жывыя могуць аддаваць даўгі.
Таму жыццё й не скончыцца
Ніколі!

ТРОЙНЯ
Цвік.
Чалавек.
Прамень.
За горам, за морам, за лесам
Лёсам адным яны
Адшуканыя і ашуканыя.
Цвік
Заганяе ў сцяну малаток наўпрост
(На ўвесь анямелы цвіковы рост).
Чалавека
Ў зямлю заганяе жыццё
(Напаміну на забыццё).
Прамень
Заганяе ў заўтра стомлены дзень,
(Каб не намагаўся ўбачыць свой цень).
Цвік гнецца.
Чалавек гарбаціцца.
Прамень ніцее.
I ў кожнага непераможанага
Свой крыж надзеі
На целе...

КАБ ПРЫНЯЎ...
Ранішняе вечарэе святло,
Каб разліцца імглою.
Яблык аб дол разбівае чало,
Каб зрабіцца зямлёю.
Рыба пад лёдам шукае тхло,
Каб глынуць паветра з марозам.
Чалавек пакідае зямное жытло,
Каб прыняў яго
Вечны Розум.

* * *
Твой воблік — твой абраз; твая ікона,
З якой табе пабыць дазволіў Бог,
Каб ні перарабіць, ні збыць не мог,
Каб шанаваў штоночна ды штодзённа.
У вечнасці, якая тлом зашклёна,
Папросішся пераступіЦь парог,
Тваю ікону цемрай зробіць лёх,
Што апраметную завўць сцюдзёнай.
Нясі з падзякай небу свой абраз,
Каб у лампадах воч агонь не згас,
Пакуль цябе зямля маўкліва носіць.
Калі цябе, як сноп з палёў жуды,
Прытуліць з непрасохлых дошак восець,
Ікону возьме нехта малады.

НЕ СКАЖА
Загадка Гамера й Шэкспіра.
Былі яны ці не былі.
Шукаюць даследнікі шчыра
Сляды ў пракавечным быллі.
Хто аўтар хмурынкі ці вішні,
Хто смутку найменне знайшоў.
Не скажа тварэц Усявышні,
Каб не пасварыць спарышоў.

АДЗІН
Няма да каго прыхінуцца душою,
Нікога наўкол няма,
Душа свая часам здаецца чўжою,
Не чуе сябе сама.
Спадаюць дні,
Быццам з дрэва сучча.
Сплываюць ільдзіны дзён і гадзін.
Адзін прыходзіш на свет калючы
I адыходзіш — адзін.

ВЯРТАЕЦЦА...
На Беларусь вяртаецца Бог.
Беларусы ўспомнілі,
Што яны беларусы.
Трыпутнік аблудны
На раздарожжы пасох.
Бязвернікі ўжо не пнуцца ў Ісусы.
На Беларусь вяртаецца Бог.
Вера абражаная рунее.
За саломінку променя
Хапаецца лёх.
Наваселіцца
Ў душы знелюдзелай надзея.
Ступакамі кайнасці
Стоптваецца парог
Невідочнага незямнога палаца.
На Беларусь вяртаецца Бог,
Не спяшаючыся вяртацца...

ВЯЛІЧКА
Па велікоднае яечка
Да хроснай маткі ўранні йшоў.
І чуўся светлы спеў званоў.
І мне зайздросціла мястэчка.
З абрабаванага касцёла,
Як з недалёкай даўніны,
Званілі зніклыя званы.
Дзень пачынаўся ясначола.
У Божы свет ішло Вялічка –
Святое свята ўдзячных слёз.
Хрыстос ускрос!
Хрыстос ускрос!
Свяціла промнямі крынічка.
У згадках ксцілася Вушача.
Світала з забыцця імша.
Яшчэ дасюль мая душа
Па радасці шчымліва плача…

СВЯЦЕЙШАЯ ПАННА
З польскае
Свяцейшая Панна з Вушацкай іконы,
Усіх ахінае Твой клопат штодзённы.
Дай моцы нам, Матка,
Дай, Матка, параду,
Як маем змагчы і падступнасць, і здраду.
Май ласку Сваёй не пазбавіць апекі,
Заступніцай будзь нам цяпер і навекі.
Не дай нашым душам убогім загінуць,
Дазволь на зямлі гэтай цені пакінуць.
З малечых гадоў Ты нас, грэшных, трывала
І з д’яблавай пашчы не раз вырывала.
У смутках Цябе мы гукаем, святую,
Твая мілата бачыць нас і ратуе.
Як дзячыць Табе, мы не ведаем самі,
І нашчацца нашыя вочы слязамі.
Марыё! Вушачы, дзе Ты цудатворыш,
Ты дорыш святло, цішынёю гаворыш.
Грахі нашы, як незагойныя раны.
Маліся за нас, будзь нам Маткаю, Панна.

НЯМА...
Няма маіх сяброў, маёй радні,
Маіх вятроў і маразоў
Няма са мною.
Харона не кляну,
Адно зайздрошчу Ною,
Што не аддаў нічога глыбіні.
На схіле веку кожны з нас, як Ной,
Які ў каўчэг сваёй душы
Забраць павінны
I рупна ратаваць
Хоць тыя напаміны,
Што моўчкі пойдуць за глухой труной.
I я цяпер адзін, як напамін
Разгубленай мілосці і сябе самога.
I на каўчэг аціхлы,
Як з далоні Бога,
Ахрыплай каняй падае:
Амін...

АНЁЛ, ЯКІ НА ЛЮТНІ ГРАЕ
Ён будзе мроіцца тады,
Анёл, які на лютні грае,
Калі забытыя сляды
Згадае сцежка маладая.
Калі гады, нібы дзяды,
На прызбу стомы сядуць з краю,
Ён будзе мроіцца тады,
Анёл, які на лютні грае.
Калі не позірку бяды,
А зноў душа паверыць раю,
Ён будзе мроіцца тады,
Анёл, які на лютні грае.

САЛЬЕРЫ
У творцы свой Сальеры персанальны,
Па сумяшчальніцтву таварыш, брат.
Каб думкі творцы не пазасыналі,
Заплечны брат размове шчырай рад.
Былі свае Сальеры ў Куляшова,
У Быкава —
Хоць імі гаць гаці,
Кішма кішаць.
Не пыльна і грашова,
Яны пры споведзі і пры куцці.
I слухаюць, і нюхаюць,
Спагадай
Падзеляцца,
Як лустай ад душы.
На злыдзеяў генія
Глядзяць з пагардай,
Адданыя Сальеры-спарышы.
Стараюцца пацець халодным потам,
Сыцеючы на дармавым аўсе.
I службу дружбай называюць потым,
Зрабіўшы мемуарамі дасье.

ЯСЛІ
Каб зоркі чыстых мрояў не пагаслі,
Прагнаўшы сон журлівых аблачын,
Дае Ўсявышні нам
Душу, як яслі,
Каб нараджаўся ў іх
Нябесны сын.
Лёс
Цень памкненняў
Пасылае з долаў
У высі,
Каб сябе ён перарос.
Распазнавацьме галасы анёлаў
Душа, ў якой
Народзіцца Хрыстос...
ВАРТА...
I прыцаніцца, і патаргавацца
Паспеўшы на жыццёвым кірмашы,
Сябе самога варта запытацца,
А што набыў для стомленай душы?

* * *
Свабода —
Слабо да-
                 йсці
Па асці,
Па жарстве
Да мяжы тае,
Дзе душа даўгі аддае
Звышняму,
Які ў ёй жыве.
Свабода — гэта
Душа ў таямніцы цела,
Што сябе на волі прысніць
Захацела сама.
Без пакуты
Свабоды няма...

БЕРАСЦЕЙСКАЯ ВУНІЯ
Каб народ набожны не зняверыўся
Перад раздарожжам дзвюх дарог,
Вернасць з вернасцю
Сышліся ў Берасці
У вадну, якую ўбачыў Бог.
I сышліся ціха два ў вадно палі
Каласіцца вераю бацькоў.
Свечкі ў Рыме і ў Канстанцінопалі
Засвіталі ў позірках вякоў.
Кленчыць цень крыжа перад іконаю.
Горбяцца зняверу валуны.
I звіняць са дна душы свянцонае
Берасцейскай вуніі званы.

ДАРОГА ЯСНАЯ
У свеце жыў, нібыта ў пуні, я,
Не разумеючы нічога.
Але пралегла ў сэрцы Вунія –
Дарога ясная да Бога.
І гэтаю дарогай шчыраю
Памкнуліся мае памкненні,
Як птушкі на радзіму з выраю,
Нібыта ў вырай летуценні.
Душа, як рыцарскімі латамі,
Затуленая ад заганаў.
Святло ўзышло над уніятамі,
Калі Гасподзь на грэшных глянуў.
Жыццёвы дол усланы цернямі.
Усе пагляды ў неба ўзняты.
Пакорнікамі богавернымі
У свет прыходзяць уніяты.

* * *
Унія – ў душы рунеюць зоры.
Стала блізка захаду і ўсходу.
Тчэцца дзень
З асвечанай пакоры.
Слова славіць боскую лагоду.
Унія яднае і гуртуе,
Ачужэлых
Робіць зноў братамі.
Верай у Тварца душу гартуе.
Да святога алтара вяртае.
І зямля крывіцкая звыкае
Бачыць прыхадняў,
Як сны благія.
І трывацьме Вунія вякамі,
Як трывае ў Полацку Сафія…

* * *
Перапляліся промні і вужы,
Перапляліся радасць і дакука.
Спагадныя ўніяцкія крыжы
Паганства асланілі светларука.
У вечнасці й імгнення на мяжы
Дазорцамі змяркання і світання
Згадзіліся ўніяцкія крыжы
Чакаць,
Калі ён, Судны Дзень, настане.
Туляўся вінавата цень чужы,
Каса з травой сцюдзёна гаварыла.
Выгнанцамі ўніяцкія крыжы
У высях паўтарыліся раскрыла.

РЫЗЫКУЮ
Злом нявечаны, любосцю пешчаны,
Гадаваны цнотай і абразаю,
Гэты свет
Мне Богам запавешчаны,
За яго, пакуль жыву, адказваю.
Не набыў я нaбыці для спадчыны,
І не маю куфра кутавекага.
Гэты свет,
Вачмі маімі ўбачаны,
Рызыкую пакідаць на некага.
Як запалкі ад малога некалі,
Ад мяне памалу ўсё прымаецца.
Страшна разлучыць з маёй апекаю
Гэты свет,
Што за мяне трымаецца…

МАЛЕННЕ ЗА БЕЛАРУСЬ
Божа, пашлі Беларусі
Ласку з Тваімі вачамі,
Сэрцы суцеш у скрусе,
Злітуйся над крывічамі.
Знікнуць, Святы, не дай нам
Ад рукатворнага жаху,
Верацьмем вечным тайнам
Руху Твайго і шляху.
Божа, вярні дадому
Блудныя душы з выгнання.
Поперак духу злому
Воля Гасподняя стане.
Хай беларус беларуса
Будзе любіць як брата.
Светлая Імем Ісуса
Наша крывіцкая хата.
Божа, на ўсіх раздарожжах
Нас ад напасцяў варожых
Твой зберажэ напамін.
Амін.

ПАМЯЦІ АЙЦА ЯНА МАТУСЕВІЧА
Пайшоў ад нас пакутнік уніят,
У гэтым свеце гнаны, непрызнаны.
Ён, варты ўвагі нашай і пашаны,
Быў позірку спагадліваму рад.
Займаў з лагодай свой зямны пасад,
Гаіў аблудных душ глухія раны.
У служкі ласкі боскае абраны,
Глядзеў, каб зелянеў людскосці сад.
Ён быў асвечаны ў начы будзённай
Агнём нябесным Уніі святой.
Атожылак рабіўся дужай кронай.
Смялей шумела вернасці дуброва.
Але спагада стала сіратой.
І замаўчала слова святарова…

ІСЦІМЕ…
Айцу Аляксандру Надсану
Ажно маладзеюць сцены старыя,
Лягчэе з адвечнай скрухай кулёк.
Трымае Сына
Дзева Марыя,
А ў Немаўляці ў руцэ –
Васілёк.
У ціхай свячыцы святая праца,
Што свенціць свет
Незямным святлом.
Святло разгарыцца,
Каб мог спрачацца
Наш дух вячысты
З вачыстым злом.
Полымнакрыла б’ецца трывога
Нікім не спалоханым матыльком.
Душа беларуская йсціме
Да Бога
З нябеснаю свечкаю –
З васільком.

ПАЧУЙ…
Дамінічкашэпча «Ойча наш» –
Вечнасці пакорыцца ўніятка.
Божа,
Ты пачуй сваё ягнятка,
Просьбу незапыленую ўваж.
У турме жыцця
Душа ў яе,
Звонкая, як ранняя крынічка.
З даланятак
Кволая каплічка
Чысцінёй да неба дастае.
Слова беларускае знава
Міласцівіць, першаадкрывае.
Дамінічка –
Краска лугавая.
Не шумі, будзённая трава…

УНІЯЦКАЕ СЭРЦА
Айцу Андрусю Абламейку
Уніяцкае сэрца люляе надзею,
Спавівае лагоду малітвай штодня.
Не саб’ецца з дарогі ў людскую завею,
Бо ў яго апякункай
Сама вышыня.
Уніяцкае сэрца ратуе з адчаю,
Ад спакусы адводзіць,
Як дым ад агню.
Ніцай цемры знявер’я святло пазычае,
Не зважае на зло, кволячы дабрыню.
Горкадумны палын засяляе аблогу,
Летуценна аблокі ідуць пехатой.
Уніяцкае сэрца заўдзячнае Богу,
Што Гасподзь яго поўніць
Сваёй мілатой.

ВЕРАЮ
Род людскі не злічыць вякоў,
Свой узрост
Ён згадкамі мерае.
Ад навалы з усіх бакоў
Беларусь засланялася вераю.
Кожнаму па сваім каўшу.
Як бабылка,
Туга вячэрае.
Д’яблу не прадала душу –
Беларусь утрымалася вераю.
У нябёсаў святла стае,
Каб адпрэчыць хмурыну шэрую.
Адмаліўшы грахі свае,
Беларусь адродзіцца Вераю.

ДАРАДЦА ВЫСОКІ
Дарадца высокі, святы Езафаце,
Зірні на спаганены край,
Адчуй сябе ў кожнай душы,
Як на свяце,
Знявераных не дакарай.
У любасць да бліжніх –
У моцныя латы
Адданцаў сваіх апрані.
Малітваю шчырай жывуць уніяты,
Бароняць свае карані.
Здымі з крывічоў багавейных пракляцце,
Хай зоры адлічваюць час.
Заступнік пакутны, святы Езафаце,
Напомні нябёсам пра нас.

ВЕРНІЦА
Маі Грыбоўскай
Зло злом яшчэ чарнейшым вернецца,
Дабро паўторыцца стокроць.
Душой нябёсам
Кленчыць верніца,
Каб на зямлю зірнуў Гасподзь.
I наплываюць словы хвалямі
Неперапыненай ракі.
За неспатоленымі далямі
Малітву слухаюць вякі .
Жыццё, як макавае зернетца,
Даецца ўсім, у
Каб расцвіло.
Гаворыць з Панам Богам
Верніца.
Святло смяецца.
Цьмее зло.

РЫМСКІ ДЫПЦІХ

УЗРУШЭННЕ


Яну Паўлу ІІ


І

* * *
Укленчыць і прыпасці да рукі,
Якая свет мудрэць добраслаўляе.
Адчуць, як ціхамірацца вякі,
Як у душы зняможанай світае.
Прыняць ружанец з дарчае рукі –
Замроеныя пацеркі Сусвету.
Пачуць сустрэчы голас трапяткі,
Ўваскрослы светла
Ў словах Запавету.
Сцяжынай з-пад ускрыленай рукі
Ісці, ані зважаючы на стому,
Да маладой нябеснае ракі,
Якая смутак і ўзнясе на строму.
Бо багавейна нагадалі ксты,
Што недасяжна блізкі Дух Святы.

* * *
Качае словы, быццам камяні,
А не таму, што падупаў гадамі.
Адзін ён чуе Голас вышыні
І думкі небакрылыя гайдае.
Ён бачыць нам нябачныя сляды.
Ён Голас слухае душою нашчай.
Уся зямля –
Суцэльныя клады,
А мы яе вялічым хатай нашай.
Ён нашыя адмольвае грахі
У Звышняга.
І воляй незямною
Зло хоча супыніць,
Ды люд глухі
І дзякуй не сказаў
Дагэтуль Ною.
Сагрэты сном сусветных завірух,
У ім з’аблічваецца Вышні Дух.

* * *
Калодзежы святла –
Як нашы вочы.
Калодзежы зняверанага тла
Глядзяць у глыбіню
І па-сірочы
Чакаюць абяцанага святла.
Яна халодная,
Зямля сырая, –
Надзейны схоў ад мітусні зямной.
У вечную ўсыпальню забірае
Труну душы,
Спавітую маной,
Спавітую наіўным спадзяваннем,
Што цень жывы
Свой цень перажыве.
Усе мы на зямлі самохаць вянем,
Зайздросцім вечна маладой траве.
Здаецца, нашы цені ўжо былі
У катакомбах – звілінах зямлі.

* * *
Крыж – вольны птах,
Застыглы на імгненне,
Каб пераняць разнaсцежанасць рук.
Цвікі напоўняць болем кожны рух.
Саломай пераломіцца праменне.
Паразумецца сподзеў і спакора
Паспеюць,
Быццам ядры спарыша.
І адляціць у немаведзь душа,
І захлыне мальбу людское гора.
І ў далеч павандруюць небасхілы,
І хмарамі прыкінуцца снягі,
І ад знячэўнай роспачы й тугі
У птаха ціха анямеюць крылы.
Каб забыццё не ведала мяжы,
Жагнаюць неба смутныя крыжы.

* * *
Сабе самому любіць сон прысніцца.
Не хочацца настрою быць старым.
Як воклічы,
Ўзляцелі камяніцы,
Нябёсы ў здзіве выдыхнулі:
– Рым!
Тут Вечнасць прыдрамала на хвіліну.
Ўсяму жывому трэба перадых.
Спакою цяжка вырвацца з нахлыну
Гадоў і парыванняў маладых.
Зялёным сном пазасыналі стоды.
І Тыбр прыручаны пазелянеў.
Наблізіцца да ранішняй лагоды
Не мае смеласці ўначэлы гнеў.
Ратунак нашых душ, як пілігрым,
Шляхамі выраяў імкнецца ў Рым.

* * *
Белакрылы анёл
І анёл чарнакрылы.
Белакрылая чайка
І чарнакрылы кажан.
Дні відушчым святлом
Маладзяць небасхілы.
Ночы змрокам сляпым
Смутак зводзяць у зман.
Ад святла аддзяліў
Усявышні цямрэчу,
Надзяліў мілатой
Нашых воч прамяні.
І спяшаецца час
З досвіткам на сустрэчу.
І хапае для зор
І для дум вышыні.
Белата з чарнатой
Узаемна жывыя.
Рэха збытлівых мрой
Б’ецца памяці ў скронь.
Завіруха рашучасці
Ўзрушана вые.
Чым чарнейшая ноч,
Тым зырчэйшы агонь.
Прагне ўсё, што расце,
Перш чым станецца тлом,
Як даўжэй быць аблашчаным
Ціхім святлом.

* * *
Памаўчаць са здарожаным смуткам разам
Ля ўсыпальні пакутніка Езафата,
Адчуваючы, што незавершаным сказам
Замаўкаць пачынае жыццёвае свята.
Так, жыццё – гэта свята
Здаровага цела
І душы несуцешнай дасконная праца.
Ты наважыўся жыць,
А жыццё праляцела,
Хоць запомніць сябе хочацца пастарацца.
Радасць мёртвая,
Толькі пакуты жывыя.
Вечнасць вечная
Толькі сваім нябытам.
Праплываюць высока аблокі сівыя –
Сны, саснёныя глыбіннадумным блакітам.
Толькі вера трываліць душу на пакуты.
Голас вернасці верыць,
Што будзе пачуты…

ІІ

* * *
Высока ў небе слова – птушкам лёсу.
Глыбока ў моры слова – рыбам плёну.
Раздольна ў полі слова – ветру славы.
Прароча ў ночы слова – зоркам сноў.
Што не збылося, ўсё пераплялося.
А што збылося, шле хвалу палону,
Бо ў самаіснасці палон ласкавы.
Наноў пачнецца свет
Са слова зноў.

* * *
І неўміручы памірае,
Каб уваскрэснуць.
Жыццядар
Яму пялегваць давярае
Ў далонях
Зорнай жарсці жар.
І покуль жар незадзіманы
Сузорыцца,
Жывы жыве.
Гараць вякам Хрыстовы раны.
Студзіць іх
Сум здалёк плыве…

* * *
Крыж і якар
На сцяне ўсыпальні.
Прыляцелі душы на спачын.
Клопатаў зямных
Чаўны прысталі.
Толькі жалю жураўліны клін
У нябёсах змораных курлыча.
А ў настылай цішыні дарма
Немата забыты голас кліча,
Бо не чуе ўжо сябе сама.
А пад сонцам
З мудрымі вякамі
Ані нагаворацца вятры.
І крыжы пасталі ветракамі.
Развінаюць крылы якары.
І крыжы, і якары на волі
Па сваіх памкненнях сваякі.
І згінаюцца рукою долі
Ў дрэва росту ломкія сукі…

* * *

Канец такі ж небяспечны,

як і пачатак.

Ян Павел ІІ
Пачатак нецярплівы, трапяткі,
Яму хутчэй адбыцца нецярпіцца.
Крыніца, каб знямозе даць напіцца,
Спяшаецца прабіцца праз пяскі.
У дзюбах чорны сум нясуць крукі.
Жывіць сасну не томіцца жывіца.
Завязвае развага вузялкі.
Дым думае, як пад аблокі ўзвіцца.
Канец спакойны, хочацца яму
Перахітрыць няўмольную куму
І ля цяпельца кайнасці пагрэцца.
Час пасвіць незлічоных дзён гурму.
Няспыннасць, пэўна, ведае, чаму
Канцу з пачаткам новым не сустрэцца.

* * *
Як ішоў малады Хрыстос,
На зямлі ўсё жывое не спала.
Не спяшаўся здзейсніцца лёс,
Гамана цішэла падтала.
Як на Млечным Шляху,
Сляды
На знямелым пяску гарэлі.
Адступаліся халады –
І зямныя грахі старэлі.
Дзе ступаў –
Там святло расло.
Дзе стаяў –
Смялела лагода.
Усміхацца вучылася зло.
Быць шчаслівай хацела нагода.
На зямлю сышоў назаўжды,
Каб наблізіць вечныя далі.
І святыя Хрыстовы сляды
Душы верніцкія захавалі.

* * *
Адразу з Горада Вечнага ў горад спаконны,
Дзе цягнуцца ў неба сумныя гмахі соснаў,
Да цябе прыйшоў я з паклонам,
Мама.
Ва ўсіх урачыстых бажніцах
Маліў Усявышняга,
Каб душы тваёй паслаў супакой.
…Ты несла мяне да ксяндза,
Гнанага бязбожнай уладай.
Касцёлам трывожным было
Вушацкае наша неба.
І пасланы лёсам святар
Святлом Святога Крыжа
Багаславіў мяне на дарогу ў Рым.
… І вярнуўся я з пілігрымкі,
Каб падзякаваць, Мама, табе
І вушацкаму роднаму небу.
Словы, якія пачуў я
Ад Айца Свяцейшага ў Рыме,
Перакажу табе
Пры сустрэчы…

* * *
Можа, з Беларусі гусі шэрыя
Рым уратавалі.
І таму так
На змярканні потайна вячэрае
Лустай поўні
Пілігрымскі смутак.
І нашчадкі тых гусей далёкія
Ў вырай рупяцца
Над нашым краем.
Думкі звечарэлымі аблокамі
Ўслед плывуць.
Анёлы трызняць раем.
Тут спакоем сена сноў растрэсена.
Кнігаўка
Над кнігай лёсу плача.
– Рым! –
Рыпіць расчулена бярэзіна.
Шэпча стрыманы чарот:
– Ву – ша – ча…
Рым – Вушача
Ліпень – жнівень 2004 г.


ТРЭБА ДОМА БЫВАЦЬ ЧАСЦЕЙ

БЕЛАРУСЬ – ТЫ МОЙ СОН ВЕЛІКОДНЫ
Беларусь – ты мой сон велікодны,
Сон, што сніцца анёлам вясной.
Зрок і слых мой табою галодны,
Дух жыве мой табою адной.
Гэта ведае неба ды Мама –
Без цябе не бывае мяне.
І душа жыць не можа без храма,
Цяжка ёй у чужой старане.
Адусюль да цябе я імкнуся
Быць у шчасці з табой і ў бядзе.
Чысцінёю тваёй прычашчуся,
Сорам твой на мяне хай падзе.

ПА СХІЛЕ АЛФАВІТА
Адчай,
аратай, аброк, асянчына, ахвяра,
апрамецце, аблітня, аблігацыя,
аблога, ажамеры, аберуч, асвер,
аброць, аплітанік, аполак,
асецішча, аер, абцугі, Адворня,
адрына, асіта, аскома;
Боскасць,
бохан, багаславенне, бальзамінка,
бязь, бягельда, багун, буцян,
боль, блвкат, бель, Быкаў,
Баркоўшчына, баракамера, бруёк,
бёрды, бязмен, бёрны, беркавец,
бома;
Вырай,
вір, вуж, вугарына, варыўня,
Вечалле, вярыгі, Вялікдзень,
валачобнікі, Верасовачка, Велес,
вурзгалка, вогнік, верацяно,
волаць, вішшо, вотрыны, век,
Вяркуды, вех, вера, вусціш,
вар;
Гаркота,
гора, гара, гарлач, Грамніцы,
Гілёня, гаспода, гадзіна, гадзіна,
гонт, гузік, газоўка, гарохавіны,
Грабакладзіна, гуз, галавешка, гай,
грай, гарбар, грабар;
Дарога,
далечыня, доўг, даланя, Дземенец,
друкі, друз, дзядоўнік, Дзяды,
дынаміт, далакоп, донар, даважак,
дармаўшчына, дарэмшчына, дамавік,
дамавіна, дым, даёнка, даніна;
Енкат,
еменка, ендза, ерапечіцца, Ева,
ельнік, Еўразія, едаяіна,
езданіна;
Ёкат,
ёлкасць, ёд, ёўня;
Жалоба,
жэрабя, жорны, жуда, жолаб, жур,
журавель, жарабя, жароўня, Жыжаль,
Жыцень, жарства, жмыха, журавіны,
жаўна, жоўць, журлівасць, жомчуг,
жаданне, Жывалака, жанчына;
Змярканне,
зеўрыцца, золь, завіруха, затула,
здор, Задаброцце, зык, зыгарадзь,
зрэб'е, згрэб'е, забыцце, загон,
загана, затока, Загавіны, залобак,
заручыны, зданькі, забарона;
Іржа,
імжа, імша, іржышча, істопка, Ілля,
Ізбор, іншаверца, ірацыянальна,
Ідута, іклы, Ілона, імшарына,
ілоўка, іголка, ільмак,
ікона;
Кірмаш,
крумкач, кут, крывічы, куцця, Ксты,
крэў, Каляды, Куліна, кара, кара,
камель, крыж, касавільна, курмель,
кужаль, куніца, крушня, Кавалеўшчына,
капа, капа, капішча, кроклы,
катоўня;
Ланцуг,
лёх, луг, лой, лом, ластаўка,
ласка, лёска, ляскат, ляскотка,
латок, латока, лесавік, лейцы,
лайно, лён, лотаць, лямантаваць,
лашчына, ляшчына, лавіна, лядаік,
лядоўня;
Мара,
мана, Менск, Маскалеўшчына,
мярэжы, мялінне, мох, мярлог,
мурог, меліва, мліва, малодзіва,
мех, мядзяк, міжыпарніца, малацьба,
Міклашэўская, маладзік, Мілавіца,
мураванка, мама, маркота;
Нашча,
нагбом, навошта, навобмацак,
набільніцы, нядзеля, нэндза, насоў,
ніты, нараспеў, начлег, норат,
наравісты, нараканне, нораст, навала,
нявывалака, непераліўкі,
няснота;
Ойча,
одум, овен, охра, Орша, ордэн, ода;
Прашчур,
праснак, падсмеценне, паланачкі,
пільнасць, поўсць, пакулле, пікар,
павець, Пакроў, палюк, праварына,
прадзіва, пястачка, Піліпаўка, Полацак,
пакута, пазыка, пекла,
пост, пулята;
Ракіта,
рыдма, Радаўніца, радоўка, Роўба,
радца, раніца, рэзгіны, рунь, рой,
роў, рай, рана, радовішча, радабоць,
ростанькі, радыяцыя, развітанне, рашпіль,
росы, расплата;
Споведзь,
свет, сейбіт, смага, сведка, Спас,
Саракі, Сарочьгаа, сірата, сорам,
сырапеня, скарга, скарбонка,
стрыгнатка, студня, сухмень, саха,
сарачыны, сачэнь, скароміна,
сігалетка, Селівей, свята;
Талака,
таропкасць, таемнасць, трыпутнік,
трэтар, таварыскасць, трывучасць,
Туроўля, туман, Тумаш, Тарэнта,
танок, тубылец, тапелец, тлушч,
тлук, тлум, ток, такавішча, тата;
Ушача,
ужо, улукаткі, уваскрошанне,
узроўе, уток, удосталь, ужор,
Улляна, увішна, урачыста, уборы,
уроцы, Увалокі, уяўна;
Фэст,
фарба, фара, фальга, фасоля,
фуганак.Фарынава, фурманка,
фіранка, флора, флянец, фауна;
Холад,
хвароба, хаўтуры, хутар, хорт,
халераваць, хеўра, хада, хаўрус,
харахорыцца, хмурына, Харон,
хвартух, хусціна;
Цемра,
цяжар, цапавільна, Цярэжка,
цэбар, цьмян, цецярук, Царкавішча,
церассядзёлак, цуг, цяць, цвяліць,
цвет, цвіль, цвік, цвінтар, цэўка,
цаўё, Ціханяты, цяробкі, цясніна;
Чарга,
чалеснік, чарэнь, чарнобыль,
чарот, чарада, чэмер, чэрава,
Чаравэчча, чалавеча, чарэп'е, Чарнаручча,
човен, чомбар, чорны,
чапяла, Чарапоўшчына, чарапіца,
чарвяк;
Шалі,
шаргунок, шуметнік, шэрас,
шаленец, шкода, шкада, шуфель,
шархебель, шурпаты, шчавульнік, шулы,
шыла, шарон, шана, шаша,
шарэнніка, шчыра, шчодра,
шаршатка, шчоглы, шчэць, шпак;
Ы-ы-ы-ы!
Экзамен,
электроніка, электрапіла,
электракрэсла, эрозія, эротыка,
эпітэт, элегія;
Ютрань,
юнацкасць, Юр'я, Юркоўшчына, юр,
юхта, юха, Юпітэр, юлёва;
Яшчэ,
яма, яр, ярына, Ярыла, Якута,
ячнішча, ява, Ясь, язь, язмін,
ясік, ялавічына, ятроўка, яблык,
ядваб, явар, яджгур, яслі, ягня;
І кожнае слова
Твой век пялёгвае,
Пакуль у слоў цябе
Не выйграе пры дзяльбе
Ці-
     шы-
           ня...

УРОК БЕЛАРУСКАЕ МОВЫ
Вымаўленне,
Як да нябёсаў маленне
Дубровы,
Адкрытае.
З адкрытай душой
Наш люд несуровы,
Мы злосць не трымаем
У прытаі.
У пашане кожная
Літара выбуховая,
Яна адразу
Ад абразы
Сябе ахоўвае.
Радасці цесна ў шыбах —
Выбух!
Вірам глуха ў глыбах —
Выбух!
Паўнагалоссе,
Як тое паўнакалоссе
На ніве веры.
Гаспадары, прымайце дары,
Застоліцы ў гонар мілосці
Агалашайце,
Усіх запрашайце ў госці.
У нас шырокія дзверы!
Мы гакаем,
Як і прашчуры нашыя хакалі,
Калі л я ды здрады
Бязлітасна карчавалі
I , небам зорным акрыўшыся,
Начавалі.
Каб чужымі ўрокамі
Душу нашую не ўракалі,
Беларускія словы высокія
Звіняць
Недасяжнымі жаўрукамі.

* * *
Наведвайце бацькоў, пакуль яны жывыя,
Пакуль дымяцца коміны — нагрэйцеся ў бацькоў.
Калі адчай вякоў гайнёй ваўкоў завые,
Не трэба анікому ён, сум ля сляпых слупкоў.
Пішыце ім часцей, спакоем ахінайце,
Як ахіналі некалі яны ўсе вашы сны.
Без бацькавых надзей, без ціхай ласкі маці,
Куды б ані заехалі, вы будзеце адны.
Вы маладыя ўсе, пакуль бацькі старыя
Жывуць няўмольным клопатам, каб вам лягчэй было.
А на глухой страсе, якую вецер крые,
Бацян забытым клёкатам нясе ў гняздо цяпло.
Бацькі глядзяць на свет шпакоўнямі пустымі,
Адкуль у вырай вымкнулі вясёлыя шпачкі.
А крылаў лёткі след трывогай жалю стыне,
I выбягаюць дымкія сцяжынкі нацянькі,
Спяшайцеся паспець душою разгавецца,
Пакуль, спагады просячы, на выстылым галлі
Трымціць лісток ледзь-ледзь бяссонніцай на вейцы,
Пакуль завеі ў роспачы шляхоў не замялі.

* * *
Нам застаецца ад матуль
I шчырасць іхняя,
I ласка.
Наш лёс
З няўмольнага адтуль
Не пераняць ім,
Як падпаска.
I ў свята не задобрыць лёс
Ані скаромінай,
Ні сырам.
Шуміць спагадаю бяроз
Прачысты матчын свет
Над сынам.
Цяпер матуль жаданей снім,
Ад іх не тоім думкі нашы.
I крыўды,
Што чынілі ім,
Да нас саміх ідуць,
Як з пашы.

* * *
Ад сівых гадоў, ад дзядоў
Для мяне ашчаджона спадчына:
Песні жніўнай смутак удоў,
Мох зязюльчын, гняздо курапатчына;
Сіні верас і сіні дым,
Зоркі першай драбнюткая мачына,
Яры хмель над ярам крутым,
Галубіная мова матчына.
Не згублю яе ў тлуме дарог,
Дзе маторам вясёла грукочацца,
Боязна мне ступаць на мурог —
Прытуліцца шчакою хочацца.
Хай мяне блаславяць у нябыт
Як свайго шалапутнага хрэсніка
I яго Яснавокасць блакіт,
I яе Ласкавасць бярэзінка.

ФЕЛІЦЫЯ
Міклашэўская Феліцыя Антонаўна,
Матка хросная мая
(Па-ўшацку — Фэля),
Чарку поўніла, каб злоснікі затонулі,
І піла, каб і зайздроснікі ўхмялелі.
І ў гарод, нібы ў касцёл,
Ішла святочная.
Сын загінуў.
Муж памёр.
Не прышукаўся зяць.
Жартавала,
Хоць канцы з канцамі сточвала:
— Ёсць, было, і ведаю,
Адкуль узяць!
Бражку гнала,
Не давала ёй адстояцца,
Субяседніца,
Спагадніца,
Застольніца:
Не пі куба да Якуба
Ані да Міхала.
Ані ты, ані я —
Кунпанія цала.
Быццам нітку баваўняную з ваўнянаю,
Слова польскае з ушацкім
Перасуквала.
Модлы ціхія
З паганскай песняй Янавай
Перамешвала,
Частушкай перагуквала.
Выхадзіла пані Яня,
Танцавала вальцы,
Цалавала пані Яня
Пану Яну ў пальцы.
І ражкі бялюткай хусткі ў смеху трэсліся,
На вузельчыкі пад барадой завязанай.
І гасцінца у хусцінцы несла хрэсніку.
Не сварылася ні з крыўдай, ні з абразаю.
Урачыста-засмучоная,
Як Радаўніца,
Велікодна-захмялелая,
Як раніца,
Нагарбелася над лехамі, над кроснамі
Кшчоная няхітрай песняй
Матка хросная.

ЧЫШЧУ БУЛЬБУ
Памалу чышчу бульбу з той зямлі,
Якую помню босымі нагамі,
Навобмацак рукамі пад снягамі
Зямлю пазнаю,
Бо на ёй былі
Усе мае, што сталі каранямі,
Пясчынкамі,
Лясных дарог краямі,
Што з тлумнымі паводкамі сплылі.
Там бульбай адбывалі
Святы ўсе:
На клёцкі бульбу дралі на хаўтуры,
З душамі клёцкі дзень віталі хмуры
У кроплях пары,
Нібыта ў расе.
I на Дзяды таксама клёцкі елі,
Напаміналі, што не вечна ў целе
Душа святло дрыготкае нясе.
Вячэра будзе смачнай, як тады,
Калі цалкі скакалі ў рот са спрытам,
Калі з цяпер забытым апетытам
Нішчымніца чакала лебяды.
Я чышчу бульбу,
Пахнуць ацяробкі
Сцяжынкамі, што выбеглі на ўзлобкі.
Як мама,
Клічуць даўнія гады:
«З печы, з полу
Сабірайцеся к столу!..»

ЯЛІНА ЦВІЦЕ
Не ўзбегшы на аброўе,
З ветру
Адна нудзее ў глухаце.
Нібы саромеецца свету,
Яліна цёмная цвіце.
Тады
З блакаднага балота
Паспела кволая ўцячы.
Яшчэ дагэтуль страх і цнота
Свае сціскаюць абручы.
Яе маланка заручала
З асколкам, што зацёк смалой.
I асавітай кулі джала
Не раз віталася з малой.
Зацеплілі бярозкі свечкі,
У белых вэлюмах яны.
Ім, маладзенькім, не засведчыць,
Як дол аралі перуны.
Удзячная цяплу і лету,
Іголкі сыпле з рукава,
Яліна свеціцца ад свету,
Як закаханая ўдава.

ВЁСКА ГВАЗДЫ
Да цябе яе багата хады,
Толькі хто дабрыдзе-дападзе.
Можна ехаць гады і гады
І не ўбачыць цябе нідзе.
Дзе ты, ўшацкая вёска Гвазды?
Праплыла, як цень па вадзе,
Чорнай хмарай у неба пайшла,
Не вяртаешся на зямлю.
Я зямлю тваю да чала
Да гарачага прытулю.
Не астыла зямля яшчэ,
Прысак пад дзірваном не ачах.
І дагэтуль твой боль пячэ
І агонь у тваіх вачах.
Называю імя твае,
Ссівярэлая веска Гвазды,
Нібы ў рукі бяру пугаўё
І ганю гады:
— Вы куды
Адбіваецеся ад чарады?
На свае вярніце сляды
Хмарку лёгкую —
Вёску Гвазды.

МАТЫЛЁК

Б'ецца, ўецца шпаркі, лёгкі

Сінякрылы матылёк.

Максім Багдановіч
Лілею
млявы
плёс
люляе,
З-пад злежаных
аблок
здалёк
Ляціць, віхлясты і бялявы,
Пялёстак лёгкі —
матылёк.
Ён кліча у блакіт лілею,
Каб не любіла
больш
да слёз
Бліскучы ад лускі і глею,
Самлелы
абмялелы
плёс,
Дзе лашчыць цёплай ласкай хваля
Лінёў — злянелых цельпукоў,
Паблісквае
няблізка
далеч,
Дзе ў іле
не злічыць малькоў.
Дзе глыб
угнеўлена шыпела,
Калі
на хвалі
лівень
лёг...
Засумавалы,
белы,
белы,
Ляціць удалеч
матылёк...

* * *
Мы больш сваёй ахвярнасцю вядомы,
Мы, беларусы,
Мы — народ такі.
Ахвотна забываем, што мы,
Хто мы.
Згадаюць
Нашай памяці вякі!
Мы сціпласцю сваёй здаўна вядомы,
Саміх сябе хваліць нам не з рукі.
Хай слабакі
Аж падаюць ад стомы,
На плечы ўзяўшы
Пыхі мех цяжкі.
Мы ўсім сваёй гасціннасцю вядомы,
Надзейныя сябры і дружбакі.
I госць, і падарожны ў нас
Як дома.
А злым і травы колюцца ў бакі.
Гатовы ўсё аддаць —
I тым багаты,
Мы, беларусы,
Мы — народ такі.
Што з краю небяспекі нашы хаты,
Пра гэта
Не забудуць чужакі!

ПЕРШЫ СНЕГ
У абшары навакольным
Над папарам, лугам, полем
Снег тчэ мяккі змрок.
Кожную сняжынку тую
Кружыць, туліць і цалуе
Весялун-вятрок.
Дрэвы ў футры і карункі —
Шчодрыя зімы дарункі
Ахінаюць стан.
Галавой кіўнуў гулліва
Вяз таполі сарамлівай,
Маладзейшым стаў.
I абрусам вышываным
Засцілаюцца паляны,
Далягляд і дол.
На вяселле зімкі жвавай
З дзедам грозным і ласкавым,
На багаты стол.
Дзесьці йдуць маладажоны
Сцежкай пухам вылажонай,
Шчасныя ўдваіх.
Эх, як хораша, ўрачыста,
Як душы парывы чысты
Ў час хвілін такіх!
1952

* * *
Міколу Прашховічу
«На Беларусі
Пчолы, як гусі»,—
Прыгадваў зямляк у выраі.
Зоры спелі, зоры гаслі,
Мох зязюльчын рос на вываратнях.
«Ем сырую зайчыну
Ды люблю Айчыну!» —
Прысягаў паўстанец нябёсам.
Дзверы
дню маладому
расчынены —
Расой ішла песня босая:
«Я здыму парчу,
Ножкі абвярчу...
Песню азяблую
Сагрэць хачу...»
Торкнецца ў крыгу лыч карасіны,
Сонную роўнядзь успеніць.
Згару я
на вейцы тваёй
расінкай,
Беларусь —
мая мова
і песня.

АКРАЙЧЫК
Сп'янелы прыцемак хістаўся.
Хмыз ценяў
Трушчыў крык, як дзік.
I ад застолля дня застаўся
Акрайчык сонца —
Маладзік.
А там і дапілі, й даелі
Ўсё на пакацістым стале
Усе, наколькі духу мелі.
I падаліся прэч.
Але
Пакінулі, каб разгавецца,
Акрайчык
Цішыні начной,
I хмарцы —
Збродлівай авечцы,
I туманам —
На сырадой...

* * *
У зажураным садзе п'юць сінічкі гарбату.
Звоняць лыжачкі ў ценькія сценкі шклянак.
Зноў адзін пакідаю матчыну хату,
Ганак самотны, журботны ранак.
З утрапёным даверам гляджу навакола:
Серп сагнуўся, ржавее пагбаная міска...
Надпіс прыгадваецца на браме касцёла:
«Ціха, Бог блізка...»

АДАМУ МІЦКЕВІЧУ

Litwo! Ojczyzno moja!

Ty jesteś jak zdrowie...

Адам Міцкевіч
Паэты нараджаюцца ў карчме,
Каб іх пасля
Аплаквалі саборы.
Выгнанніку
Не ў спіну вецер дзьме,—
Ён носіць край абражаны
З сабою.
Хмар вырай
Свіцязі слязу страсе,
Як пава з песні,
Што праз сад ляцела.
На саркафагу ружы
У расе
Паэту —
Не пыхлівасці злюцелай!
Маўчы, ўсыпальня каралёў...
Вякі
Прыціхлі
Над геральдыкай нямою.
Спытае нехта:
— Быў кароль які,
Калі пісаў паэт:
«Ojczyzno moja...»?

* * *
Пад высветленымі дубамі
Салодкімі смягне губамі
Пасека — класіка.
Маладое сена
Расе на
Паспытак
Растрэсена — экспрэсія.
Дыхае Белавеж
Спакойна, як белы верш.

А ТАМ?
Вось і восень у нашых краёх.
(А якая там паравіна?)
Мох зязюльчын
Рэху пад ногі лёг.
Дрэмле лог.
Ня спіць баравіна.
На глухіх ад бур'яноў хутарох
Расцвітаюць катовы мудкі —
Краскі ціхія.
Памяці на парог
Асцярожна ступаюць смуткі.
I дзядоўнік
У нерашучасці за спіной
Зацвітае як жывасіллю.
Ветравеі,
Глынуўшы вады азярной,
Вучацца вымаўляць:
Ва — сі — лю...

АДЫШЛІ...
Адышлі маладыя дні,
Спадзяванні з сабой забралі.
Шчырымі засталіся сябрамі
Нябожчыкі.
I ў памяці,
Як у бульбяной яме,
Пабольшала
Пустой глыбіні.
I толькі ўсмешка не пастарэла ані.
I пралегла
Лініяй лёсу сцежка
У дамавіны на далані...

МЫ!
Пакуль мы ўсё яшчэ
Сабе належым,
I самі
На зямлі бацькоў пануем,
Пакуль не б'ем чалом
Суседскім вежам,
Бо вежу Белую сваю шануем,
Пакуль не душым горла
Думкам свежым
I хмарачосы подласці руйнуем,
I старцамі па свеце не начлежым,
I вольных незайздросліва раўнуем, —
Мы незалежныя!

ТРЫМАЕМ...
Помста места.
Містыка мястэчка.
Весткі вёскі
З голасам сарокі.
Вейкі сонца.
Дамавіны вечка.
Зараніцы познія зарокі.
Гэты скарб
Пялегуем і тоім.
I сябе трымаем
Неспакоем...

REPETITIO EST MATER STUDIORUM
Не ведаю, пра што
Шэпчацца ў моры парусніку,
З чым трэба таіцца на мытнях
Дыпламатычным валізам.
А вушацкі салавей-запойнік
Паўтарае, каб не забыцца
Слова незразумелае ў парасніку
Сюррэалізм...

ПЕРШАСНЕЖЖА
Снег пайшоў і нават не зірнуў,
Як знянацку неба пастарэла.
Збег настрой у госці да галін
Па-зямляцку з ветрам папляткарыць.
Рэху мякка па лісці ісці,
Па яшчэ дашчэнту не астылым.
Смеху з козыткай пабрацца час.
Па шчацэ ракі цячэ мітрэнга...

АДКАЖЫ
З пашанай ядуць нас,
Як хлеб аржаны,
Манерыстыя господа,
Кавалерыстыя паны.
А мы,
Знявераныя спадары,
Не гаспадары
I ў сваім двары.
Ці гэта наканавана небам
Быць некаму хлебам,
Каб жыццё не звялося.
Адкажы,
Лёсе...

СМЕЛАЯ ПЯШЧОТА
Вянкі цыбулі, як вянкі санетаў,
Сплятала мама ў чэсць крутой зімы.
Не рассакрэчвалі сваіх сакрэтаў
Апошнія ахрыплыя грамы,
Як слёзы выкрасаць з вачэй планетаў,
Як з мройных хмар узводзіць церамы.
I смутны ветах ведаў сцежкі летаў,
Якімі йшлі начлежныя дымы.
Хоць пад страхой хапала ўсім гаркоты,
Дык каб не зглоцілі наш нож сухоты,
Яго кармілі вострым, як ён сам.
Цыбулі спелай залатыя соты
Не шкадавалі смелае пяшчоты
Ні стомленым, ні маладым слязам.

ІМЯНІНЫ...
Я дома...
Тут кожнае дрэва — радня.
Нябёсам над мамінай хатай высока,
I каб не праспаў імяніны дня,
На досвітку будзіць мяне сарока,
Дзякуй ёй!

ПОДЫХ
Чаратовыя стрэхі
Пад першым снегам
Пахнуць ракой і луской,
Адлегай, начлегам
I адлегласцю.
А вятры маладыя —
Маленствам,
I зялёнымі ксцінамі,
I мясцінамі тымі,
Якія завуцца
Нашчаднай радзімай.

БУДЗЕМ ЖА!
Забараняць лягчэй, цяжэй абараняць
I мову, і забытую Айчыну.
Армяк пакут з плячэй, абраз аборы зняць
I запаліць з надзеяю
Лучыну.
На лёхах веры сцісне кулачок
Салодкі даўняй марай
Бурачок.
За далягляд вякоў сплыве хмурына,
I хлебу звесціся не дасць
Скарына.
Маланкай апяражацца ганец.
Асвеціць столь і покуць
Каганец.
Абудзіцца зямля, што доўга спала,
Пакажа кветку Папараць
Купала.
На санным следзе загалосіць полаз.
I жнеек на жніво запросіць
Колас.
I крывічам пра іхні род усім
Напомніць Богам дадзены
Максім.
Не жабракі —
Вякі стаяць за намі.
Дык будзем жа самім сабе панамі!

ВУШАЦКІ ПРЫЗІМАК
Возера
Сярпом маладога лядку
Дажынае апошнія травы.
Бярозы надсмакаваныя туманом
Шурпацяцца неўзнаку.
Човен,
Зачэплены за сук каравы,
Глыбіню ўхаладзелую чуе дном...

У АДПАВЕДНАСЦІ З НАСТРОЕМ
Вяртаюся ў думках туды,
Дзе смех мой
Жагнае чаіца.
А сам адыходжу туды,
Адкуль не вяртаюцца.
I радасны тлум і шум
У цішыню высылаецца.
Душу засяляе сум,
А смех высяляецца.
Як той перад зносам дом,
Шапчуся з вятрамі.
Маўчыць без'языкі бом,
Засіліўшыся на браме...

НЯВОГЛЯДДЗЮ
Застолле шумнае гуло
I ў шуме тым жыццё мільгнула,
I лёгкім поміргам міргнула —
I маладога павяло.
I завяло ў ружовы змрок,
I ап'яніла й паланіла,
I знікла ранішняя сіла,
I сум сустрэўся як знарок.
Ідуць вясёла халады.
Час развітацца з даўнім шумам,
Пачціва павітацца з сумам
На ўсе астатнія гады.

ТРАДЫЦЫЙНАЕ
Плыт прыстаў у прымакі да мяжы,
I цяпер ён — плот.
Студня ў дрымотнай імжы
Пазяхае на повен рот.
Яна не паспела забыцца,
Што сястрою крыніцы была калісьці.
Вечарэе лагода.
Да мяцеліцы чорныя шчокі гарод
Грэе азяблымі вяснушкамі жаўталісця...

ЛІСТЫ
Паштовая скрынка
На прыстарэлай бярозе
У калісьці лясістай
Вёсцы Лясіны,
Бяроза стаіць пры дарозе,
Самота сядзіць на парозе.
У хату, бывала, багата
Лістоў паштарка насіла.
Заводзіць вецер катрынку.
Вяртаецца з поля восень —
Карова рабая.
Вечар азяблай рукой у скрынку
Лісты маразам апускае...

ЖАДАННЕ
Нябыт абыякава ўсё праглыне.
Я цешыцца
Марнай надзеяй гатовы,
Што нехта захоча
Сказаць пра мяне:
Ён быў на паслугах
У матчынай мовы.

ЗЯЛЁНАЕ МОРА
Гадоў малечых зялёнае мора,
Зялёнае ад неакрэсленай мары,
Зялёнае ад зялёнага сена,
Якім быў сяннік напханы.
Бывала й цёплым зялёнае мора,
Калі прачынаўся марак,
У якога
Пытаўся раніцай голас ласкавы:
— Як спалася,
Ці суха усталася?
I каб не лавілася рыба ў пасцелі,
Малому давалі адломак кілбаскі
Прытым з завязкаю з ніткі суровай.
Зялёнае мора ў лузе й на ўзлеску.
А потым жаўцела зялёнае мора
Ад збажыны да кляновага лісця.
I ўрэшце-ткі белым рабілася мора
Ад снежных выдмаў
На лузе й на ўзлеску
I на галаве дзьмухаўцовападобнай.
Але заставалася мара зялёная,
Як перадзімкавая атава,
Як вочы ў ката,
Пра якога аднойчы
Сказала лапатлівая Дамінічка:
У ката Мірона чорнага, быццам ноч,
Вочы зялёныя, як агуркі.
Са школы ведаем пра хларафіл,
А што пря зялёнае мора ведаем?
Пакуль нам зялёным
Бачыцца небасхіл,
Датуль мы, яшчэ неўзімелыя,
Летуем.

РОДНЫ САД
Яблыні —
Ад зямлі адсырэлыя думкі
Хочуць прашумець
Сукавата
У сакавітых аблоках.
Чарвяк у яблыку,
Як маланка абвялая,
Што ніяк не праб'ецца
З мяздрыстай цемры.
Усё ў поцемках
Рухаецца,
Усё ў цеснаце
Расце.
Яблык круглым ілбом
Грукаецца
Па марнаце
У дол.
Глуха наўкол.

НА ПАРУКАХ У НАСТАЛЬГІІ
Я даўнім стаў, як вальс,
Што быў сыграны
Аднойчы некім і не для мяне.
I сажалак зялёныя экраны
Ні мой адчай, ні сум не скалыхне.
Я ўзяты настальгіяй на парукі,
Дзе тыя рукі, ўдзячныя мальбе.
Мелодыя забылася, і гукі
Пайшлі ў нябыт,
Каб там знайсці сябе.
Ці ўзнагароджаны, ці пакараны
Тым успамінам, што жыве і ў сне,
Я стомлены, як вальс,
Што быў сыграны
Аднойчы некім
Ды не для мяне...

ЛАРЫСА ГЕНІЮШ
Зямля,
Што называецца Айчынай,
Апомніцца аднойчы
I з дачкой
Памірыцца й падзеліцца нішчымнай
Апошняй лустай
Радасці людской.
Радзіма з халадамі й галадамі
Жыла ў душы ў дачкі.
Дачка сама
Хадзіла, як пастушка, за гадамі.
I след у след
За ёй ішла турма.
Трашчэлі ад дабра ў суседзяў
Клеці,
А ў роднай хаце
Здрайца віў пятлю.
Хадзіла, валачобіла па свеце,
Каб ціха
Легчы ў родную зямлю...

НЯХАЙ ЖА!
Янка Купала – гэта мы.
Мы, якімі павінны былі быць, ды не збыліся.
Мы, якімі мусіма стаць.
Бог аднойчы злітаваўся над намі, беларусамі,
І паслаў нам Янку Купалу,
Надзяліўшы яго
Лёсам, блізкім да Сына Свайго Ўлюбёнага.
Хто верыў, а хто камянямі кідаў.
Хто йшоў следам, а хто прадаваў яго.
І ўкрыжавалі на Галгофе часу.
І ўваскрос у кожным шчырым беларусу.
Янкам Купалам бачым.
Янкам Купалам верым.
Янкам Купалам вяртаем Беларусь у Беларусь.
Будзем слухаць Янку Купалу.
Пачуйма Янку Купалу.
Марыў Купала пра гордае шэсце
Праўды,
А перад усім,
З цэлым народам гутарку весці
Думаў,
Але не з глухім!
Хай жа сэрца нашае не аглухне!
Дык прысягнем следам за Янкам Купалам:
Жыве Беларусь!

ТОЛЬКІ АДНО
Мы ўсмак наеліся эрзацу
I наслужыліся панам.
На мове роднай
Агрызацца —
Адно,
Што засталося нам!

* * *
Шыбіну прахуквае малы —-
Туманом халодным стыгнўць хукі.
Свет у хаце цесны і малы.
За акном жывуць на волі гукі.
Сонца вырываецца з імглы.
Просіцца пагрэцца снег у рукі.
Крэкчуць па-старэчаму вуглы.
А ў яго ні смутку, ні дакукі.
Свет яшчэ без ценяў, без смалы,
Быццам дуб зялёны,
Шумнасукі.
Шыбіну прахуквае малы
I рукой азяблай ловіць хукі...

БАЦЬКУ
Не выйшаў ты і ў гэты раз
Мяне спаткаць, паднесці рэчы...
Ля весніц толькі зноў твой вяз
Крануў галінамі за плечы.
Ты мне не падасі рукі,
Глядзіш удаль з-за шкла партрэта...
Ці бачыш, вырас сын які?
Скажы хоць слова для прывета.
А я... чакаў з усіх дарог
Цябе ў сорак чацвёртым... летам.
Калоны ні адной не мог
Я прапусціць з ахапкам кветак.
Хацелася пачуць: «Сынок...»
I крыкнуць радаснае: «Тата!»
Бацькоўскім быў мне кожны крок...
Усё ішлі, ішлі салдаты...
Каторы раз сыходзіў снег...
Дамоў вярталіся суседзі.
Я кожнаму насустрач бег
I чуў кароткае: «Прыедзе...»
Калі ж у крыўдзе мне сябры
Гразіліся падчас бацькамі,
Тады хацелася наўзрыд
Заплакаць шчырымі слязамі.
Не плакаў я — усім на злосць,
Бо ў хаце быў адзін — мужчына.
Не йшоў ты...
Маці маладосць
Глыбей заворвалі маршчыны.
I зараз — еду я здалёк,
Чакаю ўсё — зайду, а маці
Мне скажа: «Пазнаеш, сынок?
Вось наша ўся сямейка ў хаце...»
Паверыць цяжка мне таму,
Што больш не прыйдзеш ты дадому.
А шапку я заўжды здыму
Перад магілай невядомай...

* * *
Пакуль жывеш, развітвайся з жыццём
Штогодна, штогадзінна, штохвілінна,
Твой кожны дзень,
Забраны забыццём,
Лічы сваім найболыпым адкрыццём,
Ты — з дрэва часу
Кволая галіна.
Штодня вядзі з самім сабою бой,
Каб клопаты цябе не пахавалі,
Жыві надзеяй,
Мараю слабой,
Што свет трымаецца
Адным табой —
З ракі ўсёзабыцця — намерам хвалі.
Старайся не ў дзяльбе,
А ў малацьбе,
Каб вымалаціць з цемрачы праменне.
Ляж зморшчынкай
Ва ўсмешцы на ілбе,
Каб недзе ўспомніла жыццё цябе,
У незваротнай вечнасці —
Імгненне.

* * *
Яна адна,
Зямля вякоў,
Адкуль
Жыццё пачатак брала
Шчырай верай.
Здалёк відна
Зямля бацькоў,
Матуль,
Дзе песня б'ецца
Перапёлкай шэрай.
У курганах,
Што выраслі з былін,
Спачылі
З поля подзвігу ратаі.
У туманах
Тугі спрадвечны клін
На гнёзды шчасця
Выраі вяртае.
Краса ўзышла
Аднойчы назаўжды,
Закрасавала ў душах
I ў паглядах.
Прамень святла,
Струмень жывой вады
Закаласіўся
На ачахлых лядах.
Світання сцяг
Над цемрывам начы
Расчырванеўся
Радаснаю стомай,
I на губах,
Крамяна пахнучы,
Застаўся яблык
Ранішняй аскомай.
На смерць ішлі
За гэтую зямлю,
За гэтую красу,
За сцяг світання
Сыны зямлі,
Каб засланіць раллю,
З якой нязломнасць
Збажыною ўстане.
Пакуль у нас
Пяшчотаю матуль
I рупнасцю бацькоў
Сагрэты далі,
Не посвіст куль,
А галасы зязюль
Лічыць гадоў чароды
Не прысталі.

УЦЯКАЛА ЗІМА АД ВЯСНЫ
Уцякала зіма ад вясны
Па кустах вербалозаў рагатых,—
Ёй каптан абарвалі яны,
I на голлі матляецца вата.
Уцякала зіма ад вясны,
Уцякала па рэках, азёрах,
Лёд затрэскаў, закрэктаў, заныў,
Здрадзіў лёд —
і вада на прасторы.
Толькі звон крыгалому ачах —
Брод шукаюць бярозы-бяглянкі
I трымаюць на ніцых плячах,
Як дзяцей палахлівых,
буслянкі.
А вясна даганяла зіму;
Заяц скочыў у лужу блакіту,
Бо на хвост наступіла яму,
I пралескі распырскаў, раскідаў.
I ўцякала зіма ад вясны,
Пад нагамі ламачча затлела,
Парастрэсла па сцежках лясных
Снег апошні свой
з ландышаў белых.
Уцякала зіма ад вясны —
Уцякала...

* * *
Ні сябе, ні чужога слова
Няма калі ўчуць чалавеку.
А ў лесе адначасова
Гамоняць дрэвы спрадвеку.
I чуе сусед суседа
I голас радні здалёку.
Такая стаіць бяседа —
Аж сорамна стане кроку.
I думаюць думу разам,
Маўчаць у лагоднай згодзе.
Сябе не даюць абразам,
Ні здрадлівай непагодзе.
Загнанаму веку прагрэса,
Пакуль дагоніць знямога,
Вучыцца б шумець у леса
I слухаць сябе самога.

ТАМ
Не адлучаўся я зусім
З вушацкай хаты анікуды.
Дратоў з'інелых перагуды
Мой цягнуць сон
З далёкіх зім.
І дні спяшаюцца ўпадбеж
Вярнуцца ў цішыню нязлую.
Там толькі,
Дзе душа начуе
І прачынаецца,
Жывеш...

СЦЕРАЖЫ…
І сабака брэша па-зямляцку,
Брэх адтуль, з маленства, з той зямлі,
Дзе пчалой у залатым вуллі
Сонейка ўсміхнулася знянацку.
Ад душы брашы, старайся, браце.
За жыццё абрыд мне брэх чужы.
Адбрашуся сам, ты сцеражы
Сон мой, недаснёны ў роднай хаце…

СТВАРЫ!
Паэт!
Ствары сабе Радзіму,
Дзе пахнуць снамі мурагі,
Каб ад слабога ўздыху дыму
Шугала полымя тугі.
Па незабытным, непазбытным
Тугой
Кругі свае заверш,
Каб першастрахам першабытным
І кожны гук дрыжэў за верш.
Верш,
Дзе жыве твая Радзіма,
Дзе рэчка чуе берагі.
А ты ўтрапёнымі вачыма
Глядзі на бераг свой другі.

ДУША ВЯРТАЕЦЦА ДАДОМУ
Непадуладная нікому,
З захмарнай вераю на ўзноў,
Душа вяртаецца дадому
Да першавоч,
Да першасноў.
Яна й мяне з сабою кліча
Ў сваё чарговае жытло
Адсюль,
Дзе ліха сыталыча
Трымценню рохкаць пачало.
З сабой бярэ,
Каб там ласкава
Дазволіць мне ў зямлю пайсці –
Цягнуцца ў неба каласкамі
Ці слухаць вецер у трысці…

FATUM
Пясок ў касцях.
У жылах стома.
Як ні добра ў гасцях —
Паміраць трэба дома.

ЧУЖЫ
Я пасівеў, як гэтыя аблокі,
Што пасвіліся ў роднай старане.
Стаю такі чужы, такі далёкі,
Што ўжо мой цень не пазнае мяне...

ЛЮБІМ
Любіць час мінулы небыліцы й былі.
Любіць памяць рассцілаць журбы кілімы.
Рэўнасць той зямлі, дзе першы след згубілі,
Любім называць любоўю да радзімы...

ЯРМО
Не літасцю
Вяжа снапы вязьмо.
Не ласкай
Гнецца кашэль з лучыны.
Жаданае толькі адно ярмо —
Ярмо Айчыны...

ПРАЦЯГ ВЯКОЎ
На белай кашулі чырвоны пісяг
Ад злосці падступнага меча.
Бел-чырвона-белы балючы сцяг
Склікае на сумнае веча.
На веча,
Дзе ў вечнасці мусім спытаць,
Ці нам заставацца народам,
Ці толькі аб'едкі надзеі спьггаць,
І моўкнуць, і глыбіцца ў одум.
Ці нам у агульным застоллі людзей
Паблізу ля покуці сесці,
Ці ціха чакаць, каб які дабрадзей
Наш хлеб не пярэчыў нам есці.
Узвіўся, як крык, на крыжацкіх касцях
І погань кіруе ў прадонне —
Бел-чырвона-белы крывіцкі сцяг
У вечным памкненні Пагоні!

А ШТО Я ПАЖАДАЦЬ МАЮ?
Колькі вякоў у Кітаі
Кожны сабе жадае
Нарадзіцца і жыць ў Ханчжоу,
Харчавацца ў Гуанчжоу,
Ажаніцца ў Сучжоу,
Паміраць у Лючжоу.
Адпаведна ў Ханчжоу
Лагодна і плодна.
У Гуанчжоу
Не бедна і не галодна,
У Сучжоу дзяўчаты,
Як ветру павевы,
А ў Лючжоу багата
Камфорнага дрэва,
З дрэва камфорнага дамавіна
Доўга захоўваць цела павінна.
Паўтараю ў Кітаі,
Меркаваць бяруся,
Што я пажадаць маю
Сабе і сябру ў маёй Беларусі?
Нарадзіцца і жыць па-людску
У Слуцку,
Харчавацца ў Белавежы,
Дзе ежа свежа,
Ажаніцца ў Полацку,
Каб ад палачанкі
Аблізвацца, як ад мачанкі,
Было,
Да чарнобыльскай эры
Так было пажадана.
I на вечны спачын —
Толькі б не рана! —
Адыходзіць
У зямельку, некалі шчырую,
Можа паўсюль-такі —
Радыяцыя на вякі
Забальзаміруе.

ДА БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ
Беларусы ўсіх краеў, яднайцеся!
Нас няшмат, а будзе менш яшчэ,
Як адступім, зломімся пад націскам,
Як ад нас рашучасць уцячэ.
Праз усе вякі нас толькі ціснулі
І хадзіць хацелі як па тлі,
Нас душылі волгамі і вісламі,
Кожны тужыў зашмаргу пятлі.
Нас турылі з Бацькаўшчыны, з Дзедзіны,
Нам, панам крывіцкае зямлі,
Котласы, Чарнобылі адведзены,
Маем права мы на мазалі.
Нас палілі, катавалі, праталі,
Малацілі нас, нібы кулі,
Каралі, забойцы, імператары
І бацькі працоўных мас,
Калі
Беларусь, як палатніну, кроілі
На мундзіры ды на каптаны,
Каб магілы з нашымі героямі
Уціскалі валуны маны.
Над святынямі пазруйнаванымі
Паклянемся дбаць пра карані.
Будзем Янкамі, а не Іванамі,
Што не ведаюць свае радні.
Працавалі мы на ўсе імперыі,
Папрацуем на сябе, браты.
Дык адродзімся душой і вераю.
З намі Бацька Бог І Дух Святы!

IN MEMORIA
Над Беларуссю
Сонца марудна ўстае,
I спяшаецца за навалай навала.
Адам Міцкевіч паліць
Беларускія вершы свае,
Каб напісаў іх Янка Купала...

* * *
На нічыйных гарадскіх дварах,
Нібы сны ў разбураным Сезаме,
Па сваіх былых гаспадарах
Вішні плачуць
Белымі слязамі...

МАЛІТВА НАСТУПНАСЦІ
Хай свеціцца імя Тваё,
Беларусь,
У стронцыі, цэзіі, ліціі!
Як і ва ўсе вякі,
Душу быць ласкавай змусь,
Дазволь слязам,
Ужо радыеактыўным,
Ліцца.
Хай свяціцца імя Тваё,
У палыновым вянку,
Гаратніца.
Хай цвіце твой дзядоўнік
Калючы, таму што безабаронны.
У цябе на слыху перагукваюцца
Радыяцыя і Радаўніца.
Чакаючы ў гнёзды буслоў,
Дагніваюць на ліпах бароны.
Хай свяціцца імя Твае,
Маці Сумная!
Хмару радыеактыўную
Хусцінай ад Бога
Ты на самыя вочы насунула —
Не чуеш, не бачыш
Нічога.

АКАФІСТ УЛАДЗІМЕРУ
Ён нарадзіўся —
I зрабілася болей на адну зорку
У сузор'і славутых імёнаў Беларушчыны.
Уладзімер Караткевіч прыйшоў,
Каб сцвердзіць жывучасць
I трываласць духу беларускага,
Усёабдымнасць крывіцкага розуму.
Ён быў дойлідам,
Які ўзводзіў светлы гмах,
Цвярды мур для беларускай душы,
Выгнанай з дому свайго чужынцамі.
Ён быў майстром цяжкой.
I няўдзячнай справы —
Лучыў ланцуг часін парваных.
Шчырэў адзін за ўсіх.
Ён быў майстрам
I чаляднікам у сябе ж самога,
Бо памагатых не меў.
Небяспечнай была справа,
Якой аддаў гады свае
Беларускі геній.
Ён быў аратаем,
Які араў дзірваны
Бяспамяцця й знявагі,
Крыўды й абразы
Ён быў сейбітам,
Які сеяў зерне любові
Да ўсяго роднага, наскага,
Крывіцкага,
Ён сеяў зерне думкі,
А такое зерне дае
Рунь надзеі.
Звышнім пасланы быў нам
Уладзімер, сын Сямёнаў,
Каб не забыліся,
Што мы беларусы,
Што мы народ,
Варты ўвагі сусветнага людства.
Гісторыю твораць асобы.
Уладзімер Караткевіч
Тварыў нашую гісторыю.
Ён зрабіў свой вольны пераказ
Аповесці старавеччыны.
I пераказ гэты быў дакладны,
Бо пераказаны сэрцам,
Закаханым у крывіцкасць,
Сэрцам аднаго
З найлюбімейшых сыноў Беларусі.
Зямны й даступны ў штодзённым бытаванні,
Уладзімер Караткевіч быў недаступны
Падчас размоваў сваіх з Вечнасцю,
Калі адкрываліся яму
Вяршыні горныя ісціны й еэнсу.
Ён падставіў сваё інтэлігенцкае плячо
Пад непамерную ношку,
Якую неслі Кастусь Каліноўскі
I Янка Купала.
Ён нёс і не гнуўся.
Ён нёс свой крыж,
Ён нёс свой крыж і за нас.
Будзьма любіць Беларусь
I быць ёй адданымі,
Як Уладзімер Караткевіч,
Каб вярнулася святло
У душы нашыя,
Каб цемра ад нас адвярнулася.
На развітанне нястомны працаўнік,
Як трохзор'е,
Як трохзярняцце,
Абраніў трохслоўе:
Быў. Ёсць. Буду.
Гукнем жа ўслед глыбіннадумцу,
Гукнем яму ў вячніну:
Быў! Ёсць! Будзеш!
Будзеш!
Будзеш!

НІКОЛІ
У кватэры, ў якіх я калісьці жыў,
Я яшчэ не заходзіў ні разу.
Ні забыты матыў,
Ні надрыў, ні парыў
Не пускаў у душу, як абразу.
Каб не ўшчуліць таго,
Што было, што сплыло,
Засталося ўспаміннай гасподай.
Бо жытло, дзе душа гасцявала,
Ў святло перайшло,
Разлілося лагодай.

ЗАСУМАВАЛА...
Былосць засумавала па радзіме,
Па той зямлі,
Што першаю была.
І плакала жніво слязьмі сухімі,
Хацеў пазычыць дзень
Журбе святла.
І незнаёма ўсё, і ўсё знаёма
І забыццю, і памяці было.
І прамянёў палючая салома
Спадала небасхілу на чало.
Каб чула ўдзячнасць незямныя крокі,
На момант мову адняло ў грамоў.
Цішэй плылі высокія аблокі.
І папрасілася душа дамоў...

ВОСЬ ЗАРАЗ...
У мамінай хаце печку кармлю
Сухімі ацярэбкамі саду.
I крыўдна зрэзанаму галлю,
I кожны сучок
Хоча пальцы ўкалоць,
Каб мне адпомсціць за недагляд,
Што рэдка ў змоўклай хаце бываю,
Што без пяшчоты дзічэе сад,
Які садзілі йшчэ бацька й мама.
А вецер дзвярыну як віхтане —
I вочы мае наеліся дыму.
Вось зараз мама зойдзе і мне,
Што печку не так распальваю,
Скажа...

ХТО ПОМНІЦЬ...
Страха — страфа
З паэмы роднай хаты,
Прысвечанай спагадлівым нябёсам.
Тваю журбу
Аслоніць цень крылаты,
I мроям закарціць
Сустрэцца з лёсам.
Паэму шумам
Вершалінаў поўніць>
Спаміж радкамі
Баравая воўна.
I моліцца за ўсіх,
Хто хату помніць,
Страха,
Далоні склаўшы малітоўна...

КАПУСЦЕ З НАШАГА ГАРОДУ
Капуста любіць думаць качанамі.
Скрыпяць марозна
Восеньскія думкі.
Прыспаная вятрамі й туманамі
Капуста звязвае
Зацішша ў клумкі.
Аб нечым незлічоным шэпчуць вусны,
Шануючы зялёнае жаданне.
Крамяную пілнуе гад капусны,
За соннай сочаць
Хрумстанне, глыданне.
Нудзіцца шаткаўніца пачынае
I пахнуць кменам
Сцежкі і застрэшкі.
Капуста любіць думаць качанамі,
Хоць галаву сякуць
Да качарэжкі...

НА ЗЯМЛІ МАЛЕНСТВА
I трава сама па сабе расла,
I вада сама цякла без прынукі.
I ні ў кога неба не прасіла святла.
Ані мукі з імі, ані дакукі.
Толькі ў гаспадарцы любой
Гадавалі агонь,
Быццам падсвінка.
I кармілі агонь чым маглі,
Як на ўбой.
Да іскрынкі іскрынка —
Залатая шарсцінка.
Гадавалі агонь,
I ён гадаваў,
I свяціў, і свянціў,
Грэў, карміў, гатаваў.
I гарачай радні,
I самому агню
Мусілі ўсе залаціць даланю...

КАЛІ Ў ВУШАЧЫ НАЧАВАЎ НАПАЛЕОН...
Калі ў Вушачы начаваў Напалеон,
Ноч ліпеньская ў асалодзе млела.
Спакой трывогу браў
У свой палон.
Вушачка-рэчка ў туманах мялела.
Раскручваў жорны часу
Мулкі млён.
I выдумлялі вецер ветракі.
I ратуша драўляная старэла.
I ў неба на кашулі васількі
Да раніцы ўсміхаліся нясмела.
I сон ішоў з Парыжа нацямкі.
Да імператара патрапіць
Хоць бы ў сон
Паненкі мроілі, ажно не спалі.
Мілосць здавён —
I эшафот і трон.
I жарсць падумак смелых
Кралі кралі,
Калі ў Вушачы начаваў Напалеон...

АЙЧЫНА ДУМКІ
Айчына думкі.
Ува мне яна
Паўсюль, дзе быў
I дзе яшчэ не буду.
Здарожаная думка мне звідна
I дацямна
Укленчыць раіць цуду.
Цуд непачуты на зямлі расце,
Якая й называецца Айчынай.
Таксама на здарожанай вярсце
Сустрэцца мусяць
Вынікі з прычынай.
Айчына думкі
Ахіне мяне,
Як роднага,
Здарожанай маркотай.
Малечы плач,
Што спаў у палыне,
На вушка нешта
Смеху скажа ўпотай...

ЛІСТ У ХЕЛЬСІНКІ ВАСІЛЮ БЫКАВУ
Усіх пакаранняў
Не злічаць вякі.
I людзі не злічаць самі.
Дзе грэх, як пух,
Дзе, як камень цяжкі?
Дзе вязні з ціхімі галасамі?
П'яніць
Нявіннай віны віно.
Гняце немата
Стараны нелюдзімай.
Цяжэйшае ўсё ж
Пакаранне адно —
Пакаранне Радзімай...

ПАШТОЎКА
Будуць часам ідалы раструшчаны.
Свет разумны стоміцца ад крыкаў.
Васільком у жыце Беларушчыны
Назаўсёды застанецца Быкаў!

ЧЫЙ?
З успамінаў замроеных
Выплываюць былыя красуні
У праменьчыках зморшчынак,
У смузе сівізны.
Гэта сподзеў разгублены
З незабытай вясны адрасуе
Да маёй непамыснасці
Ліст заказны.
Ліст паспеў абыйсці
Долы ростані, ўзгоркі чакання,
Даў задумацца мне,
Ці пачуў, ці застаў, ці сустрэў,
А над лугам спакою
Вісне каня знікання,
Як пытанне світання,
Чый сум пастарэў?

ПАДЛЁТАК
Пакуль мой смутак
Яшчэ не ляны
I сподзеў гняздо не пакінуў,
Ляціць да родных мясцінаў
У сны
Вырай маіх успамінаў.
Там поўныя клопату халады
I ў крыўды
Самы пяшчотны дотык,
Адстаў і не дагнаў чарады,
Абзімаваў
Маленства падлётак.

НЕ ВЕРЫШ
Канец жыцця
Пачатак паўтарае:
Які прыйшоў —
Такі ты й адыходзіш.
Табе адна маркота патурае.
Каўшу з гаркотаю
Не скажаш: годзе ж!
Час б'ецца,
Як падлётак-недаперыш,
З гняздзечка выпаўшы
На недакосы.
Што ты знікаеш,
Сам сабе не верыш,
Няпэўны, як туман,
Як вецер босы...

РОДНАЯ КАМЕНСКАЯ ВУЛІЦА
Па яшчэ ацалелым бруку са мною
Ступаюць маладыя правіны.
Маркоце хапае спакою,
Пустазеллю — зямлі.
Да нябыту паварочваюцца спіною
Хаты —
Звечарэлыя дамавіны
Душаў,
Якія тут аднойчы жылі...

З ДЗЁННІКА БЯССОННІЦЫ
Круціць жорны недаспаны гром.
П ' я ны дождж праз ручаінкі скача.
Ноч ідзе з пагаслым ліхтаром.
— Хто схіліўся нада мной?
— Вушача...

А ЯК ЖЫВЕЦЦА...
Алесю Камоцкаму
А багатая душа не скўпая
Ні на шчырасць,
Ні на неспакой.
I ніхто ў яе не запытае:
Як жывецца табе самой?
А багатая душа маладая,
Бо старэць ёй няма калі.
А багатая душа галадае —
Не пякуць ёй хлеб на зямлі.
I багатая,
А па-жабрацку
Ходзіць з торбай пустою адна,
Каб было куды зорам сабрацца.
Толькі торба не мае дна...

УСКРЭСНЕ!
Вяльможны беларускі розум цямкі,
Абы чаго не ходзіць нацямкі.
Сядзібу духу ад кута да клямкі
Інакшыя прасвенцяць скразнякі.
Лагоды й азарэння бліскавіца
Юнее й нашчыцца, каб не згасіцца.
Сябе не цэніць розум беларускі.
Ён не прымака ў славы-удавы.
Моц атрасе чужыншчыны атрускі,
Убачыць свет, што беларус жывы!
Хай у пячоры чэрапу цямрэча,
Ускрэсне з мёртвых роднае спрадвечча!

НАБЕЛАРУШВАЕЦЦА...
Канкрэтныя беларусы ў зямлі.
На зямлі бадай што прыблізныя.
А тыя,
Што самавіта прабліснулі,
Здаецца, зусім не былі.
Яна беларуская,
Наша зямля,
Бо гэтулькі беларусаў забрала.
А ўсё ёй мала й мала:
Раней, цяпер і пасля
Нас —
Набеларушваецца ў запас.

ВЯРТАННЕ З ВУШАЧЫ 30 САКАВІКА 1985 ГОДА
Снег на адлегу чулы.
У нас яшчэ вясна не адагрэлася.
Едзем з тэлевізійнікамі.
Начэе грузна й сыравата.
Перазяблы туман,
Як, пэўна, бацька мой,
Некалі недзе тут партызанячы,
У маскхалаце белым амаль
Па белым амаль снезе йдзе...
У кулаку
У задумлівага й задымлівага
Міхася Стральцова
Акурак зоркі.
У зорак
I ў Міхася Стральцова
З небам размова...

* * *
Жыў на хутары кот Мірон,
Быў, здаецца, шэры Мірута.
Біўся ў сон
Камарыны звон.
Калыханкаю пахла рута.;
Стагаваўся не мною стог
Летаў вялых маіх не крута,
I, як зман, на стог
Пан туман прылёг.
...Чорны, чорны,
Як некралог,
Лашчыцца да мяне Мірута...

У ПЕРАМОЎКЛЫМ САДЗЕ
Памяці Алеся Адамовіча
У перамоўклым садзе ў разварушшы
Спадаюць яблыкі,
Нібы гады.
Ці можа гэта праведныя душы
Свае шукаюць босыя сляды.
Каму распавядзе
Глухая градка,
Як у зямлі,
Паслушлівай лясам,
Нібы ў халодным яблыку
Зярнятка,
Спіць гаспадар,
I сад старэе сам...

ТРЭБА ДОМА БЫВАЦЬ ЧАСЦЕЙ
Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою не ачарсцвець,
Каб не страціць святое штосьці.
Не забыць, як падвялы аер
На памытай падлозе пахне.
Як у студню цыбаты асвер
Запускае руку да пахі.
Не забыць сцежкі той, што цябе
На дарогу выводзіла з дому,
Што у хаце там быў рубель
У цане і па курсу старому.
Не забыць, як марозам злым
Клямка пальцы пячэ балюча
I адкуль на стале тваім
Бохан свежага хлеба пахучы.
Помніць свой на іржышчы цень,
Не забыць, як завуць суседа,
Не забыць, як пяе пад дзень
За вясёлым сталом бяседа.
Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою ты стаў чысцей
I не страціў святое штосьці.

ЗЯЗЮЛЕНЬКА БАРАВАЯ

МАЛІТВА МАТЧЫНА
Гаючыя словы малітвы Матчынай,
Якія Ён шаптаў перад сном,
Ісус паўтараў на крыжы,
Як на няўлоўнай мяжы,
Між чорнай ноччу і белым днём,
Світаннем святое крыві пазначанай.
І ў кожным з нас нерастрачанай спадчынай
Жывуць, ратуючы нашыя дні,
Вяртаючы душы да вышыні,
Балючыя словы малітвы матчынай.

ЧАКАЕ…
За мной цікавалі і грэх, і брэх.
Сяброў і дарог мне было ўсё мала.
Сябе даганяў я,
Спазняўся, бег.
А мама мяне чакала.
Мой сум саладзее,
Гарчэе смех.
Сяброў забірае дарога глухая.
Сябе не дагнаў я,
Прыстаў мой спех.
А мама мяне чакае…

ДАЎНЯЕ
Луг вывернуў кажух
Сушыць пасля дажджу.
Апала неба хмаркай ускалмачанай.
Даўно яно было, а я дасюль гляджу
На свет
Праз прызбу
Хаты матчынай.

ПАКЛОН
Б’ю чалом вам
Да самае чорнай зямлі,
Спаконвечныя дрэвы,
Бо зялёнымі вуснамі моліцеся,
Слязамі жоўтымі плачаце,
Перазяблымі кстамі жагнаецеся
Над самотнай магілай
Мамы…

ВЕДЫ
Малапісьменная
Паводле дадзеных глухіх анкет,
Мама смела
Ведала свет.
Дзіўлюся рознабаковасці ведаў
Маці —
Ведала, што да чаго
На небе,
У лузе,
У хаце.
Ведала тэалогію —
На памяць малітвы шаптала:
Абнясі, Божа, тынам
Ад зямлі да неба,
Сахрані мяне, Божа,
Адныні давеку.
Ведала астраномію —
Па зорках дарогу шукала,
Калі пад страхой нябеснай
Перапёлкаю начавала.
Ведала аграномію —
Што сеяць,
Калі і дзе.
Ведала магію светлую —
Як словам дапамагчы бядзе.
Была і ўрачом дзіцячым,
І цвёрдым на руку ветэрынарам —
Цялят прымала,
Карову гарэлкай грэла,
Сына — адварам,
Ведала замовы
Ад вока злога,
Ведала,
Як нешта зварыць з нічога.
Калі ў печы ўсе дагарала,
Кацёл дакарала:
Чорт бы на цябе гаварыў,
Каб ты варыў
Заўсягды,
Як на Дзяды!
Была філолагам
З выключным слыхам —
Умела дзяліцца радасцю кволаю,
Цвяліцца з ліхам.
Умела ладзіць з ялінай калючай,
Са спёкай, з золлю.
Словы лушчыла,
Як у прыпол фасолю:
Новае сітца,
Пакуль навісіцца,
А як навісіцца,
Дык і пад лаўкай наляжыцца.
Ведала міфалогію
Паганскае даўніны,
Старых святых, а ўсе яны,
Як і суседзі,
Малацілі і веялі
Зярняты спагады, надзеі,
Заклапочаныя, ды не хмурыя
Міколы ды Юр'і,
Варвары ды Аўдакеі.
Хоць да Міколы
Ні зімы, ні лета ніколі.
Нішто, што Варвары
Начы ўварвалі.
Праўда, маме
Шмат чаго не ставала:
Спаць не магла да святла,
На шарэнніку ўставала.
П'янела ад лебяды, ад кропу.
Яшчэ заблытвала
Прагноз гараскопу:
Застаўшыся з вайны ўдавою,
І жаўранкам была,
І савою.
Калі і еменкай і семенкай —
Паранка,
Устанеш раней за жаўранка.
Не раскруціўшы турботаў сувоі,
І ўдзень паляціш бяссоннай савою.
Яшчэ не ўмела ў горы хіліцца,
Яшчэ не ўмела
Маці хваліцца.
Так і не спасцігла
Цяжкой навукі —
Стаяць рукі ў бокі,
Сядзець склаўшы рукі.
Пакуль рукі ей не сашчапіла,
Пакуль адпачыць не ўзяла магіла.
Гэта і ў сшытку неба
Занатавана зорамі,—
Каб чытаў я да скону ў сораме,
Што не ведаю нічога без мамы,
Што без мамы
Я — непісьменны самы!

МЫ ЎСЕ
Мы ўсе жывем пад зоркамі матуль.
І гэты свет
Сагрэлі нам матулі.
Сны нашы –
Дабравеснікі адтуль,
Дзе злыбяду матулі прыгарнулі,
Прыспалі,
Каб не кратала сыноў
Пасланніца эпохі лесуноў.
У неба зорнае зірні ўначы,
Дык гэта ж – ніва,
На якой матулі,
Рупліва жыта цёмнае жнучы,
Абначавалі,
Прысмерку не ўчулі.
Вязалі долі нашае снапы,
А кожны сноп на зерне не скупы.
Мы позіркам чыім
На свет глядзім?
Хто ясніць нашай роспачы аблокі?
Пад зоркамі матуль
Нам відна ўсім.
Свет без сузор’я роднага бязвокі.
Зямное мітусні пусты хатуль
Напоўнім чым
Пад зоркамі матуль?

ДА ЎСХОДУ СОНЦА
На хутары Верасовачка
У Чысты Чэцвер
Мама мяне будзіла
Памыцца бягучай вадой з крыніцы,
Што шчабятала ў валуна за спіной.
Памыцца, каб змыць
Пыл яшчэ негусты наіўных грахоў.
А за пагоркамі згорбленымі
У Ваўчэнскім возеры,
З якога ўцякала
З уначэлай вадою рэчка Крывуха,
Дзяцей сваіх купаў пан груган,
Каб іхная чарната блішчэла.
На Святое Вялічка да ўсходу сонца
Твар абмыць і прасырыць вочы
Стаяла з вадою міса,
А ў вадзе ляжала яечка чырвонае,
Каб, як сонейка, аблічча свяцілася.
Да ўсходу сонца памыцца,
Каб з сонцам разам
Клапаціцца ўвесь белы дзень
Не толькі з чыстай душою…

НА СЁМУХУ
На Сёмуху мама на свет прыйшла,
На ўгодную Богу Тройцу.
Свет даў у пасаг
Маме локаць святла,
І лёс падшукаў закройцу.
Закройца глянуў:
Дый на хвартух
Пасагу ўсяго не хапае.
З-пад шустрых нажніцаў
Ластавак-шчабятух
Хусцінка выйшла скупая.
Хусцінка, выкраеная са святла,
І грэла, й свяціла ў змроку.
Да Сёмухі з ёй гаспадыня пайшла,
Каб выцерці вочы Прароку…

ШТО ЗАБЛУКАЛА…
Уранні мама кажа мне:
– Сынок падласенькі ў Лысоні
Знайшоўся…
Бачыцца спрасоння
Цень круталобы на сцяне.
Было, здаецца, гэта сёння –
Снег і малодзіва,
На дне
Мядзянай конаўкі ільдзінкі,
І смех каляднае сцяжынкі,
Што заблукала ў снежыне…...

БОЖАНЬКА
– Божанька! –
Мама на вуснах сваіх
Кунежыла ймя святое.
Божанька бачыўся мне
То шчодрым сяўцом
З лазовай сявенькай,
То хадаком сівенькім
У белай даўгой кашулі,
Падперазанай нетутэйшай пашанай
Паясом з кутасамі.
Ні гарачай жарствы,
Ні травы разучай
Не баяліся ногі босыя.
У руцэ хадака наўяў
Як не спяваў відушчы посах,
Вядома, з вушацкай ляшчыніны.
І перад посахам і хадаком
Свет увесь быў расчынены.
А змрок
Дрыжэў пад нябачным замком,
Як зарок…

* * *
– Відаць, я з лёдам разам пайду, –
Адчула мама адлегу.
І праганяла песняй бяду,
І сум, як малога, пялегавала.
Яшчэ далёка было да дня,
І лёду было багата.
І песня была
Пра зару й каня,
Пра свата была,
Пра свята.
Завея згубіла ў полі ймя,
Падкова здрадзіла полазу.
…Гарыць зара без полымя,
І плача конь без голасу…

МАРКОТА
Абнывае нябесная столь,
Зношваецца падлога зямная.
Ды ні ў спякоту,
Ні ў золь
Ніколі не затухае боль,
Які
Маркоту маміну ўспамінае.
Доля гарнулася да святла,
Не задзімаючы зорку-ўсхліпку.
Мама
Боль на душу ўзяла,
Сподзеў тужэй у тугу спавіла,
Маркотай завесіла зыбку.
Мяне калыхала ды ўпотай
Усміхалася
Разам з маркотай.

ТЫМ ДАЎЖЭЙ…
Дні без Мамы –
Яны не твае,
Іх табе напавер дае
Шчодры Бог,
Каб ты перад Мамай
Малітваю шчыраю самай
Пакаяцца мог
За ўсе грахі ды правіны,
Што цягнуць душу на дно.
Ды адно
Ты зразумець павінны –
Чым болей тваіх
Грахоў і правінаў,
Тым даўжэй цябе на зямлі
Бог пакінуў.
Не заікайся і кайся.
Не кажы, што няма калі.
Колькі трывання,
Прасі даравання.
Малі…

СВЯТАМ СВЯНЦОНАЕ
Схілілася нада мной святое,
Святам свянцонае
Маміна слова.
Недзе над Вечаллем,
Над Палатою
Сонца ўзыходзіла светлагалова.
Потым
Душу агарнула журбою
Ды варажбою
Купалава слова,
І наказала застацца сабою,
Каб беларусам –
Абавязкова!
Каб не пакінула
Наская сіла,
Іскры красала
Старанна падкова.
Маміна слова
Мяне пераксціла,
Багаславіла
Купалава слова.

МАЦІ І ХЛЕБ
Вада з балота можа стаць святой.
Растуць спакойна дрэвы на іконы.
I пацалунак безграхоўны той,
Якім цалуем маці й хлеб надзённы.

СУПЕРНІЦА
Гасподняй рукой
З невычэрпнай сяўні
Пасеянае ў бясконцасць зярняце
Прарастае,
Каб ясніць святло дабрыні,
Суперніца смерці —
Маці.

СВЯТЛО
Вушацкае паданне
Яны сядзелі каля агню,
Кармілі галодны агонь ламаччам.
I сын раптоўна схапіў галаўню
I торкнуў, гарачую,
Ў вочы матчыны.
Агонь ні на што незважаў,
Балюючы,
Ды стала светла аслеплай начы
Ад крыку матчынага балючага:
— Сыночак, рукі не абпячы!..

* * *
Маме я не ўсё гаварыў,
Часта клікаў ману на падмогу.
I застаўся адзін,
Як абрыў,
Што здзічэў ад глухога глогу.
Лёс
Апошні адчай падарыў —
Гаварыць шчыра толькі
Богу.

ПЛЕЧНЫ ШЛЯХ
Ёсць Млечны Шлях
І – Плечны Шлях:
У космасе бяды
Матулі
Зярняты неслі ў хатулях
І немаўлят.
І шлях той гнулі
Адчай сляпы, відушчы страх,
І ўсемагутная хвароба.
Шлях Млечны –
Вечны зорны прах.
Шлях Плечны
Няньчыць хлебароба.

ЦЯЖКА
Іспас.
З яблыкамі да мамы.
Яблыкі з саду, які
Перажыў сваю гаспадыню.
Раней за мяне паспела сарока,
Згубіла з хваста пер'іну
На зялёны пакровец вечнай пасцелі.
Ад спёкі погарб бароняць
Прысмірэлыя дрэвы
З апошняе сілы зялёнай.
У сасну суседнюю дзяцел б'е,
Як у чэрап скалелы а неўхаўтураны.
Унізе на пойме падперазанай рэчкай
Перасохлай, як вочы сплаканыя,
Бляе навязаная авечка звяглівая.
Сонца заходзіць збіраецца,
Каб заўтра зноў узыйсці.
Мама зайшла, каб аднойчы ўзыйсці
На аброўе ніцай вярбою.
Магільнік перанасяляецца.
Памінальшчыкі галёкаюць смела,
Нібыта заблуканыя ў лесе
Ягаднікі ці грыбнікі.
У гэтым ляску заблудзіцца цяжка.
Свая прагаліна чакае кожнага.
Ціха. Цярпліва. Спрадвечна.

ПАКІДАЕ...
Паклалі ў шчыры пясок шчыруху.
I галасістая баравіна
На гэты момант як анямела.
Сарока скінуць хацела пуху,
Бо дужа мулкая дамавіна.
Хмурынка цьмела,
Ды слёз не мела.
Радня па бацьку на гэтым свеце
Апошняя
Мяне пакідае.
Даўно няма ўжо радні па маме.
Бяроза светла плача па леце.
Расце імжа,
Як іржа, рудая.
Жуда, як роднага, мяне абдымае...

ПАМІНАЮ МАМУ...
Свечка —
Цень светлацелы дрэва жыцця,
Дрэва з адсечанымі сукамі,
Якія вятры з апрамецця
Паўсюль шукалі,
Каб дыхнуць на полымя забыцця,
А полымя,
Дапальваючы свой язык,
Пра тых, што згарэлі,
Недагарэлым нагадвае.
Дух продкаў,
Працінаючы недакрычаны крык,
Шэпча штосьці
З нязбытнай спагадаю.
I слухае скруха.
I надзея людзее...

НАПЯРЭДАДНІ...
З усяе маёй негустой радні
Словы маміны
I засталіся жывымі.
I таму, такі напярэдадні
Развітання
Я гутару з імі.
I я ны адны разумеюць мяне,
I яны таксама адны засталіся.
Іх адных, незабытых,
Нябыт абміне.
Можа, ўспомняць яны
I мяне таксама...

ХОЦЬ НЕШТА...
Маміны вочы слухалі неба.
Маміны рукі чыталі луг.
Маміны ногі гадавалі дарогу,
Каб па ёй, ідучы няспешна,
Мог прачуць я і скеміць
Хоць нешта...

МОЎЧКІ
Берагамі тугі
Валакуцца вятры талакой,
Цягнуць невад смугі,
I трапечацца ў ім заранка.
На хутар,
Дзе пасвіцца
Знелюдзелы спакой,
Стала моўчкі прасіцца
Душа хутаранка.
Там бакі папралежвалі
Маўчуны валуны.
Без сваяцкай душы
Ім самотна таксама.
Там вартуе дагэтуль
Бясхмарныя сны
I чакае бяссонная зорка —
Мама...

* * *
Памяць любіць журбу пялегваць.
I сцяжыны сыноўняга лёсу
Ціха ў тлумным свеце пралеглі,
Як маміны чорныя косы.
I на смутных сцяжынах гэтых
Не заблудзіць кайнасці ветах.
Да вясёлага маладзіка
Сцісне шыю рацэ асака...

НЕБА НАД МАМІНАЙ ХАТАЙ
Дагарэла нейчая душа —
Знічка рассыпаецца імкліва...
Не ўтрымаўшы зорнага каўша,
Зорнае млынар рассыпаў мліва...
Павуціння зорнага імжа...
Зорнага іржышча рабацінне...
Куфра змроку зорная іржа...
Зорнай лесапільні пілавінне...

ВУЧЫЦЦА ДЫХАЦЬ ПАЖАР

КАХАННЕ
Дзень у раніцу закахаўся,
Развярэдзіўся, раскалыхаўся.
Толькі раніца не чакае –
Пасміхаецца і ўцякае.
Дзень да вечара выглядае:
Дзе няўлоўніца маладая?

ЛЕТА
Брывей сіло
Звяло дзяўчо.
Правей сяло,
Сяло Ваўчо...
Счубацеў хмель.
Сухмень аглух.
Хмялее чмель.
Чмялее луг...

* * *
Каханне і веру не трэба
Усім выстаўляць напаказ:
Душа толькі чуе і неба.

* * *
Цяпер, каб цябе не было,
Прыдумаў наноў бы ўсё роўна
Цябе, апрануўшы ў святло.

* * *
Я выцісну цябе з сябе,
Як выціскаюць яд змяіны.
Не разбудзіўшы напаміны,
Ссівеўшы на глухой сяўбе,
Стрываю ўсе абразы, кпіны.
Я выцісну цябе з сябе,
Як выціскаюць яд змяіны.
У харашбе,
У варажбе
Усю святую
Да хвіліны
Я выцісну цябе з сябе,
Як выціскаюць яд змяіны.
Чаму мне злосці не стае,
Каб рэзаць там,
Дзе ўкус змяіны,
Каго вініць?
Усе правіны —
Яны мае, мае, мае!

* * *
Чаканы міг спакою.
I — паварот ключа.
Світае у пакоі
Ад смуглага пляча.
Трывожнага дыхання
Трывожны сухавей,
Трывожныя ў тумане
Пагляды ласкавей...
Прачнулася світанне —
Пакінулі пакой
Пачэснымі сватамі
I цішыня й спакой.
Прыцішаныя крокі.
I — паварот ключа.
Нырае ў сон таропка
Маладзічок пляча...

* * *
Ад
        «не трэба, не трэба»
Да
        «святло патушы»,
Як да сёмага неба,
Як да шчырай душы,
Як ад бліску маланкі
Да абложных грымот...
З вёраснёвай палянкі
Хмеліць вераснем мёд.
Ліўнем стомленым стыну
На захмарнай градзе...
Прага
смаглай пустыні,
Спёка
спелых грудзей.
Толькі змроку густога
Захмялелы мурог,
Толькі светлая стома,
Толькі месячка рог...
Ціха досвітак глянуў —
Стой,
імгненне,
замры!
Не спяшайся, бяглянка,
Мы адны на зямлі.
Можа, дзень пачакае.
Маладзік, пасвяці...
Ноч бывае такая
Толькі раз у жыцці...
Знелюбелы, нямілы
Дзень з-за мора ўстае.
Мне б вякоў не хапіла
Слухаць вочы твае...

СПРОБА АКРАВЕРША
Аленю здзіўлення аб скалы адчаю разбіцца ў запале.
Ледзь Вашая ўсмешка ўзыдзе — ўхвал загрьіміць абвал.
Але, асмялеўшы ад страху, выводжу світальнае Але.

СПАКУСА
З цыкла «Біблейскія балады»
У сад Эдэмскі пасяліў Гасподзь
Адама голага й заўважыў ціха:
– Усё тваё.
Адно не падыходзь
Да дрэва ведання дабра і ліха.
З Адамам Ева голая была.
Слоў сораму не вымаўлялі вусны.
Цяпла ставала і было святла.
Але аднекуль выпаўз
Гад спакусны.
І надкусілі яблык сакаўны –
І сплыў туман з вачэй,
Не стала казкі.
І ўбачылі, што голыя яны.
Сплялі з лістоў фіговых папяразкі.
Бог выкляў гада, загадаў яму ж
Пыл тлусты есці і хадзіць на бруху.
І Еву вырак:
– Панам будзе муж.
У скрусе нараджацьмеш,
Слухаць скруху.
– Жывіцца будзеш палявой травой, –
Сказаў Адаму, –
І карміцца з працы.
З зямлі ты ўзяты, станеш зноў зямлёй.
Ты пыл і пылам мусіш паўтарацца.
Бог выгнаў грэшнікаў з Эдэму вон,
Адзеў іх у адзежу скураную.
І кожны чалавек да скону дзён
Хітруе, спакушаецца, раўнуе.
Дык хто наслаў спакусу,
Гад ці Бог?
Хто Еву хітрым надзяліў імпэтам?
Калі б Адам спакусу перамог,
Ці мы былі б цяпер
На свеце гэтым?

НЕ ЎСІМ...
Пакуль хачу цябе
I чуць, і адчуваць
Да кожнае радзімкі неадкрытай,
Датуль душу журбе
Не дам арандаваць,
Забараню сабе гады лічыць і ўпрытай.
Бо толькі ты адна
Чакаць мяне змагла,
Каб наталіць мілосцю нечуванай.
З крыніцы піць да дна
Далонямі святла
Дазволена не ўсім
Шаленствам і пашанай.

НА ЎЗВІЎ
Нявіннаю віной,
Маной
Жарсць наталіцца прагна хоча.
I нада мной,
I пада мной
Смялей твае смяюцца вочы.
У іх ты ўся
Да дна відна,
Ушчэйт галодная такая
На шчырасць.
I табе адна
Ўзаемнасць шчыра патакае.
Растрачваеш сябе хутчэй,
Спрабуеш ашукаць самоту.
Ўцякаеш ад сваіх вачэй,
На ўзвіў аддаўшыся палёту...

УТОПІЯ
Мне ўцямна, нарэшце, зрабілася,
Што значыць утопія —
Багата ў Вашых вачох утапілася,
Утоп і я...

БЕЛЫ ВОЎК
«Ты белы воўк», –
Сказала мне
Да незабыту незабытая,
Якую я
Ні з кім не зблытаю
Ні пры святле,
Ні пацямне.
Разгублена перапытаў,
Які ён, белы воўк,
Тлумачыла:
«Я шэрага цябе не бачыла,
Ты белым не сягоння стаў».
Упрочкі рушыла сама
Самота –
Недаверу хрэсніца.
«Ты белы воўк» –
Мая зіма
Чорнапраталінкаю весніцца.

ЭКСПРОМТ
З музея Уладзіміра Караткевіча
Перашалелыя віры
Вачэй Аршанскай Веранікі
Сказалі: ў нас на дне згары,
Мы ўсполымнім пажар вялікі.
Відаць, крышылі ваяры
На крапіўніцкім полі пікі
За ашалелыя віры
Вачэй Аршанскай Веранікі.

АЛЬ-
       БОМНАЕ
Лістападзіць настрой
Драбязінка любая.
Мне цябе не хапае,
Як каню мурагу.
Не тужу, не ўсыхаю,
Не іржу, не ўздыхаю,
Не здыхаю,
Не ведаю сам,
Ці кахаю.
Ведаю —
Без цябе не магу!

КРОПЛЯ
Неразгаданая кропля
Нашай зямлі.
Крамяная кропля
Ўрачыстай зоркі.
Закаханая кропля
Журботнага вока.
Кропля мёду ў вуллі.
Кропля дажджавое гаворкі.
Кропля кропкі
Ў запавеце Прарока.
...Кропля жарсці
Зямносцю сваёй незямная
Жыццё зачынае.

ЮНАК І...
Лірычны верш —
Юнак дзівоснай моцы й
Мужчына,
Што адчуў сваю бяду,
Касмічны сон
Усіх зямных эмоцый,
Табе на плаху
Галаву кладу.
I паўтараю за Пятраркам шчыра,
Душою загавеўшы да Каляд:
«Мілосны верш!
Пясняр знямог, і ліра
Наладжана на самы сумны лад».

БОСАЯ ЗОРКА
Зорка босая йшла па зямлі,
Я хацеў ёй купіць чаравічкі,
Толькі як згаварыцца,
Калі
У яе незямныя прывычкі.
Зорка босая йшла па расе,
I сьляды яе не астывалі,
I вятры слугавалі красе,
Халады ад яе адставалі.
Зорка босая йшла нацянькі,
Бо спазьніцца баялася дужа,
Дзе ступала, цьвілі васількі,
Дзе стаяла — ўсьміхалася ружа.
Зорка босая йшла ў тумане
Кладкай зыбкай над хітрай вадою,
Зорка босая йшла да мяне,
Каб аднойчы назвацца табою.

АКТРЫСА
Над сонмам гледачоў Вы сьветла панавалі,
Самотнаю душой, суперніца жыцьця.
I захлыналі ўсіх пяшчоты Вашай хвалі,
I несьлі ў акіян сьвятога забыцьця.
Ад рэўнасьці да Вас сябе губляла мэта,
I рэкі ўсе назад да Вашых ног цяклі,
I перайначыць лёс валадара й паэта
Вы позіркам адным з усьмешкаю маглі.
Згаралі залі ўсе ад воплескаў гарачых,
Паклоньнікі ніжэй схіляліся ў журбе.
Ігралі каралеў, манашак і жабрачак,
Ды так і не змаглі сыграць адну сябе.

АРЫСТАКРАТКА
Лёс мяне сьцежкамі радасьці вёў,
Вёў да цябе на спатканьне,
Ты — беларуска, ты — нашых краёў,
Арыстакратка каханьня.
Гэтак кахаць ад цямна да відна,
Гэтак галубіць да раньня
Можа ў зьнявераным сьвеце адна
Арыстакратка каханьня.
Ты — як пасланьніца сьветлага дня,
Поўная замілаваньня,
Ты недасяжная, як вышыня,
Арыстакратка каханьня.
Панскага роду, натурай ня мніх
Я не хачу панаваньня,
Быць мне дазволь на паслугах тваіх,
Арыстакратка каханьня.
Згодзен кіпець я ў пякельнай смале
I не прасіць ратаваньня,
Толькі б аднойчы сказала "але"
Арыстакратка каханьня.

ВЯСНОВЫ ДЗЕНЬ
Вясновы дзень быў радасьцю даўгі,
Ды скарацеў, зрабіўшыся зімовым.
Цяпер даўжэе ноч маёй тугі,
Яна не падуладная замовам.
Я разумею ноч, а мне яна
Не паспрыяе, не паспагадае.
Тады было сьвятло, была вясна,
Цяпер азябла цемра галадае.
А ўсё таму, што Вас няма са мной.
А Вы былі калісьці ці ніколі?
Былі маёй зялёнаю вясной,
Вясёлаю бярэзінаю ў полі.
Як той бяздушны вецер, я п'янеў,
I быў зялёны я ў сваім наіве.
Быў добры першы гром і першы гнеў,
I першы сьлед на некранутай ніве.
Штоноч даўжэе ноч маёй тугі,
Радзей вясновае сьвітаньне сьніцца.
Зьвіняць майго адчаю ланцугі.
Самота — беспрасьветная цямніца.

ГАСПАДЫНЯ
Я прашуся ў парабкі да Вас,
Гаспадыня зорнага палаца.
Клапаціцца, каб агонь ня згас, —
Незямная і зямная праца.
Ваш палац, ён з мрой маіх аб Вас,
I агонь — пасаг ад бліскавіцы,
Блаславіла Мілавіца час,
Каб палацу шчасьцем засяліцца.
Сподзеў любіць грэцца ля вагню,
Што з нябёс абнізіўся на долы,
Навальніца ўчуе цішыню,
Сам сябе суцішыць сум вясёлы.
Здольны той жыцьцём рызыкаваць,
Хто прыйшоў на сьвет, каб закахацца
Я прашуся ў парабкі да Вас,
Гаспадыня зорнага палаца.

ЗОРКІ НАШЫЯ
Зоркі нашыя ў небе бяз нас
Пазнаёміліся выпадкова.
Мы якраз на зямлі ў гэты час
Прашапталі спрадвечнае слова.
Зоркі нашыя ў небе бяз нас
Шчырасьцю незямной пакляліся.
Мы якраз на зямлі ў гэты час
Зазірнулі ў прадонныя высі.
Зоркі нашыя ў небе бяз нас
Весьці нас па зямлі захацелі.
Мы якраз на зямлі ў гэты час
Думалі аб патайным вясельлі.
Зоркі нашыя, толькі б ня згас
Позірк ваш і ў начы, і ў блакіце!
I апошнюю сьцежку для нас
Велікодным сьвятлом асьвяціце.

КАВЯРНЯ
Цыгарэтны туман ападае ў кавярні,
I канкрэтны раман круціць хітры ліхвяр,
Пані трошкі ў гадах, вочы быццам ліхтарні
Тут слугуе туга, тут настрой гаспадар.
Чаркі змову вядуць, захапляюцца плёткі.
Пані трошкі ў гадах і ліхвяр нестары,
I хмялее ліхвяр, і ня лічыць адсоткі,
I штурхаецца жарсьць у людскім гушчары.
Як на шалях маўчыць і пяшчота былая,
Здрада цёмных начэй і спагада завей,
I каменны камін сарамліва палае,
I ўцякае ўспамін ад абдымкаў далей.
Звыклі ўсе да ахвяр у нязвыклай ахвярні,
Чырванець перасталі сырыя муры,
Ашукацца прыйшлі ў непрабуднай кавярні
Пані трошкі ў гадах і ліхвяр нестары.

КЛЮЧЫ АД ВЕЧНАСЦІ
I Танатас, і Эрас заадно.
Не мае літасці стралец крылаты.
А неўміручай смерці памагаты
Рыхтуе ашалелае віно.
Сын Афрадыты ведае даўно —
Не ўберагуць ад стрэл пявучых латы.
У Эраса нястомны лук напяты.
Яно глыбее ў асалоды дно
I Танатас стараецца зацята,
Але кахання не перамагчы.
Для закаханых смерць — скупая плата
За жарсць, якая спапяляе зоры.
У Эраса ад вечнасці ключы.
Лютуе Танатас, на зайздрасць хворы.

КНЯГІНЯ
Княгіня хараства, я верны Ваш халоп,
Капрызаў Вашых неадступны лёкай,
I колькі навальніц ні адгуло б,
Мне не наблізіцца да Вас, далёкай.
Я ведаю, што і ня ведаеце Вы,
Хто ў Вас адну нахабна закаханы,
Хто толькі думкаю аб Вас жывы
I на крыжы мілосьці ўкрыжаваны.
Вы долам, як нябёсамі, йдзяцё,
Каб у прыгнечанай душы сьвітала,
I радуецца, як дзіцё, жыцьцё,
Што на зямлю лагода завітала.
Зірне на Вас — зарок забудзе мніх,
Бяз Вас прыдворня уздыханцаў гіне.
Дык ведайце, што першы сярод іх
Я, Ваш халоп пакорнейшы, Княгіня.

МНЕ Б ТОЛЬКІ...
Мне б толькі не забыцца Вас забыць,
Забыць і вочы Вашы, й рукі Вашы.
I перасьмягламу з глыбокай чашы
Ваду зачараваную ня піць.
Прашу падданства Вашага даўно,
А Вы, як сувярэнная дзяржава,
Мне адмаўляеце, але ласкава —
Мой сподзеў грэе гэтае адно.
Няўжо мой смутак Вас не закране,
Няўжо спагада на мяне не гляне?
Няйначай быць у космасе каханьня
Пылінкай дробнай давядзецца мне.
Я на зіму зьмяніў сваю вясну,
Жыву, пакуль мая журба жывая.
I я на Вас забыцца забываю
I помню Вас, няўмольную, адну.

СПАДАРЫНЯ
Спадарыня, дазвольце пачакаць,
Пакуль на небе ўзыдуць зоркі ў ночы,
Дазвольце папрасіць і Вашы вочы
Да ціхай згоды сьцежку пашукаць.
Спадарыня, мне сумна аднаму,
Спадарыня, мне аднаму сьцюдзёна.
Пра Вас адну я думаю штодзённа,
Марнею і ня ведаю чаму.
Бяз Вас нямее жарсьць мая цяпер,
Як літары на стомленым граніце,
Мяне з увагі Вашай не ганіце,
За дзьверы не прасіце мой давер.
Спадарыня, дазвольце не маўчаць,
Спадарыня, дазвольце запытацца,
Ці можна ў Вас да раніцы застацца,
Каб разам дзень наступны прывітаць?

ЧАКАЮ ВАС...
Чакаю Вас, абы паверыць цуду,
Чакаю Вас, пакуль адчай ня згас,
Чакае вязень так свайго прысуду,
Каб волю ўбачыць хоць апошні раз.
Чакаю Вас, абы сябе праверыць,
Ці доўга я бяз Вас магу пражыць.
Так веташок праз аблачынаў нераць
Трымценьнем нерастрачаным дрыжыць.
Чакаю Вас, абы даверыць сподзеў
Пад восеньскія позіркі журбы.
Так на сустрэчу праз імглу стагоддзяў
Ляцелі нашай згоды галубы.
Чакаю Вас, каб зьверыць нецярпеньне
З тым часам, што заручыць назаўжды.
Настрой пануры так чакае зьмены,
Чакае лёд халодны ўздых вады.

ЧОВЕН
А мы з табой, як човен з хваляю,
Адзін другога даганяем,
То набліжаемся, то далеем,
Вітаемся за небакраем.
То хваля лашчыцца, то юшыцца,
А човен хвалю працінае.
То завірушна неба рушыцца,
То цешыць цішыня начная.
Надвор'е на душы няціхае,
Бо мы дасюль не разгадалі,
Ці хвалю човен ускалыхвае,
Ці човен стрымлівае хваля.
Ад суму сохне, рассыхаецца
На беразе самотны човен,
I хваля ў роспачы кідаецца
Ў вір галавой ад цёмных змовін.

Я ЎСЁ СВАЁ ЖЫЦЬЦЁ...
Я ўсё сваё жыцьцё да Вас ішоў,
Але здарожыўся на паўдарозе.
I зараз у маркоце і трывозе
Хацеў бы ў раньні шлях падацца зноў.
Ды гэты шлях дачасна зьвечарэў,
Ён іншых вёў, ён іншым быў кароткі.
Сьвяткуючы сваёй самоты ўгодкі,
Мой цень туляўся ля бязгнёздых дрэў.
А Вы не дачакаліся мяне,
Бо пра мяне ня ведалі нічога.
Што Вам мая маркота і трывога?
Бо пазнаёміўся я з Вамі ў сьне.
Мы не сустрэнемся — як вастравы,
Спагады зорка не ўзышла над намі,
Ня фэбуйце хаця маімі снамі,
I ў сьне хаця
мне вернай будзьце Вы

ЯК ВЕЧАР, СЬВЕЧКА...
Як вечар, сьвечка сьветла дагарае,
I мы чакаем, покуль дагарыць,
Апошняя хвіліна дарагая
Нам дазваляе ўсё дагаварыць.
Нам дазваляе нашае расстаньне
Расстацца сёньня, ды не назаўжды,
Смуга растане, смутак — не растане,
Чакаць нас будуць нашыя гады.
I жыць мы будзем гэтымі гадамі,
Што нас сустрэлі сьвятам на зямлі,
Ліст жоўты нам пра восень нагадае,
Зялёны — пра вясну, ў якой былі.
I вечар дагарыць, і ноч настане,
Ды ўжо не наша ноч упершыню.
Нясьмелае, як першае каханьне,
Сьвітаньне будзе слухаць цішыню.

ЯК СТРАШНА МНЕ НЕ ЎБАЧЫЦЬ ТЫЯ ВОЧЫ...
Як страшна мне ня ўбачыць тыя вочы,
Ў якіх плывуць хмурынкі даўніх дзён.
I сорам Ваш жаночы і дзявочы
Разгубленасьць маю бярэ ў палон.
Сябе, як той агонь патухлы, грэю,
Лаўлю з трывогай кожны сумны ўздых,
Ці ў водмаладзь іду, а ці старэю,
Што хочацца абдымкаў маладых?
Мне Вашага паўслова дастаткова
Каб я згубіў развагу і спакой.
I галава мая ў пятлю гатова,
Разьвязаную Вашаю рукой.
Свой лёс цяпер нялёгка перайначыць.
Я хоць надзею кволую тулю.
Дазвольце слухаць Вас, дазюльце бачыць,
Дазвольце не сьпяшацца у пятлю.

ПРАШУ СПАГАДЫ Ў ВАШАЕ РУКІ...
Прашу спагады ў Вашае рукі —
Вясельле мы згуляем баравое,
Заручаць нас у небе жаўрукі,
I срэбны ложак нам засьцелюць хвоі.
Дагоніць рэха нашу цішыню,
I чуткі не абразяць нашу згоду,
I закалышуць хмары вышыню,
Самота ўспомніць даўнюю лагоду.
I цені пераблытаюць сябе,
Сны крозамі, а крозы стануць снамі,
Пачну наіўна верыць варажбе,
Забудуся на ўсё на сьвеце з Вамі.
Хачу напіцца з радаснай ракі,
Удачу запрасіць хутчэй у госьці.
Прашу пакорна Вашае рукі,
Каб не адбіўся я ад рук мілосьці.

У ПОЎНЫМ КЕЛІХУ ВІНЫ...
У поўным келіху віны
Крычэлі вочы захапленьня,
Мы ў ночы той былі адны
Начлежнікамі лятуценьня.
Чакаў у небе Валапас,
Калі ў душу самота гляне.
Лагоднасьці вучыла нас
Сьляпая логіка каханьня.
Было нам добра на зямлі,
Нібы за пазухай у Бога.
Мы ведалі, што мы былі
I верылі, што будзем доўга.
Гулі наіўнасьці чмялі,
Пяшчотай поўніліся соты,
Віно цьвярозае пілі
Задыялектыку маркоты.

ЯК МАЛАДЗІК, Я СІРАЦЕЎ...
Як маладзік, я сірацеў,
Высока зорыліся Шалі,
Я Вашым ценем быць хацеў,
А Вы мяне не заўважалі.
Шлях да сьвітаньня карацеў,
Аблокі сьпёку жабравалі,
Я Вашым смуткам быць хацеў,
А Вы са сьмехам сябравалі.
Як адзінокі птах ляцеў,
Лічыў, як вёрсты, небасхілы,
Быць Вашым вестуном хацеў,
А Вы не блаславілі крылы.
Мой цень забрала засень дрэў,
Лісьцё надзеі ападае,
Як летні дзень, я пастарэў,
А Вы, як радасьць, маладая.

Я ЁСЬЦЬ ТАМУ, ШТО ВЫ БЫЛІ СА МНОЙ...
Я ёсьць таму, што Вы былі са мной,
Што ў думках Вас я называў сваёю,
Я ціха сам дамовіўся з маной
Спрыяць майму шалёнаму настрою.
Ды я дапраўды зьнелюбеў мане,
Яна Вам змоўцу выдала з ахвотай,
Бяз Вас мяне няма, няма мяне,
Апаленага Вашаю пяшчотай.
Вы распалілі вогнішча ўва мне,
Яно гарыць, і я ў ім дагараю.
Няўжо ў траецкім ці ў грамнічным сьне
Стаялі Вы на ганку небакраю?
Смуга тугі ў душы не растае,
I новы ганак чуе крокі раньня,
Я дагару, пагаснуць дні мае,
Ды не пагасьне вогнішча каханьня.

Я ВЫДУМАЎ ЦЯБЕ, ЦІ ЁСЦЬ...
Я выдумаў цябе, ці ёсць
Ты сапраўды на гэтым свеце,
Як ёсць адчай,
Як ёсць мілосць,
Як ёсць спякота ў кожным леце?
Калі не выдумаў,
Тады
Чаму цябе няма са мною
Ля абначэлай чарады
Пад аблачынай праліўною.
Ля абначэлай чарады
Маіх гадоў, што засталіся
Шукаць забытыя сляды
На доле і ў нябеснай высі.
Пад аблачынай праліўной
Маёй гаркоты і маркоты
Па той адной, па той адной,
Якую ведаеш даўно ты.
Табой назвалася яна.
Чыя мана, чыя віна...

Я НЕ СПЯШАЮСЯ ЗІМУ СУСТРЭЦЬ...
Я не спяшаюся зіму сустрэць,
Пакуль гасцюе лета ў сэрцах нашых,
Пакуль шалее хмель у поўных чашах,
Агню лагоды хочацца гарэць.
Я Вас праводжу, як праводзяць ноч,
Сцямнелую ад жарсці і знямогі,
Кілімы ўдзячнасці сцялю пад ногі,
Шлю рэха радасці ісці наўзбоч.
Як раніцу, я сустракаю Вас,
Ад суму адзічэлы і ўначэлы,
Крылатага стральца сляпыя стрэлы
Цаляюць у ратунак мой якраз.
Баюся страціць Вас і пастарэць,
Мая вясна і лета залатое,
Мне варта жыць было б хаця б за тое,
Каб Вас, неразгаданую, сустрэць.

УСПОМНІЦЕ ХОЦЬ РАЗ ТАГО ЗАБЫТАГА...
Успомніце хоць раз таго забытага,
Што незабытна помніць толькі Вас,
Магчыма, і ня ведаеце Вы таго,
Што сьвет далёкай зоркі не пагас.
Успомніце хоць раз свайго няпершага,
Якому першай засталіся Вы.
У радасьць падарожжа не завершана,
Расстаньне ў неба ўзьнесьлі журавы.
Успомніце хоць раз таго наіўнага,
Што верыў Вам, што верыць і цяпер,
Успомніце хоць раз таго парыўнага,
Што парываўся ўкрасьці Ваш давер.
Успомніце хоць раз таго раўнівага,
Што раўнаваў Вас да сябе самой,
Успомніце хоць раз таго шчасьлівага,
Які навек заручаны з журбой.

МНЕ НЕ ХАПАЕ ВАШАЙ ЦІШЫНІ...
Мне не хапае Вашай цішыні,
У якой чуваць, як вейка ападае,
Мне не хапае Вашай вышыні,
Зь якой зьнікае н.пічка маладая.
Як сьветла зьнічка кленчыла зямлі,
Мы на яе набожна загадалі,
Пакуль нябёсы нашымі былі,
Маўчаць мне Вашы вочы загадалі.
Мне ўпэўненасьці Вашай не стае,
Мне не хапае Вашага адчаю,
Я забываю на гады свае
I ва ўспамінаў сьмеласьць пазычаю.
Сваю нясьмеласьць некалі таіў
I мроіў некім, гэта значыць Вамі,
З крыніцы свойскай жаўрука паіў,
Каб ён зьвінеў над спраўджанымі снамі.
Мне не хапае Вас і толькі Вас,
Ручны жаўрук даўно жыве ў блакіце.
А Вы мяне ці ўспомнілі хоць раз?
Як не лістом, хоць рэхам адкажыце.

ПРАШУ ЦЯБЕ ВЯЛЬМОЖНА, РАЗЬВІТАНЬНЕ...
Прашу цябе вяльможна, разьвітаньне,
Не падганяй, шляхі не караці.
Яшчэ не падрасло маё каханьне,
Яно яшчэ разгубіцца ў жыцьці.
Цябе баіцца першае спатканьне,
Яно здалёку да мяне прыйшло,
Так зноў грахоў баіцца пакаяньне,
Баіцца цемры сьмелае сьвятло.
Малю цябе трывожна, разьвітаньне,
Туман начэй заўчасна не разьвей,
Яшчэ маё малее дакараньне
I не ахрып сьвітальны салавей.
Цябе баіцца першае маўчаньне,
Яно адно пра ўсё сказала мне,
Так рук свіх баіцца дакрананьне,
Баіцца дол, што хваля захлыне.
Крычу табе астрожна, разьвітаньне,
Як зваць маю самоту —. ня пытай.
Прыйдзі тады, калі мяне ня стане,
I смутак мой са сьветам разьвітай.

ІШЛА НАД ЦІХІМ ЛЕСАМ ПОЎНЯ...
Ішла над ціхім лесам поўня,
Расы чакалі верасы,
Пад вербамі ў нагрэтым чоўне
Дзяўчына мыла валасы.
Яшчэ худзенькімі рукамі
Вязала мокрыя вузлом,
Усьмешка па вадзе блукала,
Хмурынкі возера вязло.
Прасілася ў косы стрыжка,
Шаптала з берагам карма,
А косак не хапала крышку,
Каб дзьве лілеі ўтрымаць.
Ледзь-ледзь хавалі зайздрасьць хвалі,
Аж закіпалі ў трысьці,
Мяне і човен падмывалі
Далёка зь юнай заплысьці.

ВЫ МНЕ ЖЫЦЬЦЁМ I ЗАБЫЦЬЦЁМ БЫЛІ...
Вы мне жыцьцём і забыцьцём былі,
I першым, і апошнім спадзяваньнем.
За Вамі я ішоў на край зямлі,
На выспу сноў, што звалася каханьнем
За Вамі йшоў, і Вы мяне вялі
Па сьцежках роспачы і ўратаваньня,
I я ня ведаў, скончыцца калі
З жаданымі пакутамі блуканьне.
Я адставаў, я Вас дагнаць хацеў,
Нясьмелы ў ранішніх сваіх намерах,
Рака тугі цякла, і ўсё круцеў
З агеньчыкам мальбы чаканы бераг.
У шчырасьць нябыцьця рака ўцячэ,
Сябе саміх дагнаць не змогуць хвалі,
Ня ведаю — ці будзеце яшчэ,
Ды дзякуй, што былі і што кахалі.

ВЫ ЗБЛЫТАЛІ МЯНЕ СА МНОЙ...
Вы зблыталі мяне са мной...
Абраны Вамі ў гэтай зале
Не столькі я, а болей той,
Каго Вы некалі кахалі.
Я Вашай нагадаў журбе,
Што хвалі човен ашукалі,
I нагадаў я сам сабе
Таго, каго Вы не кахалі.
Усё пад небам — варажба,
Усіх прымае сьвет варожа,
У кожнага свая журба,
Мы іх і пазнаёмім, можа.
Сьмяецца рэдка лёс-айчым,
З чужой бяды ён кпіць ахвочы,
А мы пяшчотна памаўчым —
Няхай гавораць нашы вочы.

Я ДА ЦЯБЕ ХАЧУ ЛЯЦЕЦЬ ЯК СЬНЕГ...
Я да цябе хачу ляцець як сьнег,
Але скажы: што будзе, як растану?
Зьбянтэжыць можа твой сьпякотны сьмех
Маю непрашаптаную пашану.
Хачу імчаць на быстрым скакуне,
Але скажы: дзе табуны начуюць?
Я б вецер асядлаў, каб вёз мяне,
Ды табуны вятроў мяне не чуюць.
Хачу на чоўне да цябе плысьці,
Але скажы: калі ў ракі ймяніны?
Лёд на вадзе, а берагам брысьці —
Марудна прывыкаюць успаміны.
Я да цябе лячу, імчу, плыву
У апантаных мроях, снах бяссонных.
Крычу ў вякі, згубіўшы галаву,
I крык сузорыцца ў нябесных схонах.

ЯК МНЕ?..
Не чапай змяю —
I яна не кране.
Ну а крыўду маю
Як не кратаць мне?..

МАЛАДОЕ ВІНО
Маладое віно
Хмеліць па-маладому.
Маладое віно
Маладое душой.
Маладое віно
Не даводзіць дадому —
Спаць да дня пакідае
На падушцы чужой.
Маладое віно
Цвеліць па-маладому,
Пазлачаначка-чарачка —
Светлае дно.
Не даверыць нікому
Салодкую стому —
Толькі ёй і яму —
Маладое віно!

КВЕТКАЮ ЦВІЦЕ...
Пакуль каханая —
Сусвет перапаўняе.
А знелюбее — засланяе свет.
Ды палыном гарчыць
Забыты след
Да небакраю.
Пакуль святочная —
Святлом душу нядзеліць,
Штодзённай стане — цемрай ахіне.
Ды вугальком віны
На самым дне
Журбу надзеліць.
Пакуль нячутая —
Палоніць кожным словам,
Пачутая знікае ў немаце.
I здрада жоўтай кветкаю цвіце,
Балігаловам.

АКРАМЯ...
I калі ў нас нічога не будзе,
Акрамя вады і агню,
Я напоўню пяшчотай грудзі,
Небасхіл да сябе прысланю.
I цябе да сябе прыхіну я,
Як галінку агонь малады.
Дождж тады
Да цябе прыраўную,
Што ступае ў твае сляды.
Мроя ў радасным перапудзе
Свой згадае забыты след.
I калі ў нас нічога не будзе,
Будзе ў нас як сусед
Сусвет...

НЕ ЎЧУЮ
Званю табе —
I ў адказ
Мне штосьці крэкча
Голас старэчы.
Лічбу набраў я не тую,
Ці якраз
Яе,
Што голас твой падае,
Якога я ўжо не ўчую,
Калі, муравой
Акрыўшыся з галавой,
Пад соннымі зоркамі
Абначую.

ПАЭМА
Мне цябе не стае
Тае...

СЛУХАЦЬ...
Цела твайго санцавітыя соты
Поўныя недагуканай пяшчоты.
Смягну над імі,
Як п ' я ны пчаляр.
Светла назад адганяць каляндар.
Смела вяртацца ў далёкія леты,
Каб запытаць сваю раніцу:
— Дзе ты?..
Слухаць,
Як вучыцца дыхаць пажар...

РАМАНС
Я Вас чакаў з вясны да сівізны,
Як вечны вязень раніцу чакае. ?
I Вы прыходзілі парою ў сны,
Далёкая, як зорка трапяткая.
Я Вас шукаў як не на ўсёй зямлі,
I ў кожнай маладой неразгаданай
Вы, ўзнёслая, былі і не былі,
Плылі ракой, разводдзем разгайданай.
Я Вас гукаў, і голас мой змаўкаў
Перад красой, нябачанай вякамі.
Ішоў за Вамі ценем, —
Цень знікаў,
I словы захаплення замаўкалі.
Я жыў чаканнем і цяпер жыву
Надзеяй, што сустрэну хоць зімою.
Хілю заснежаную галаву
I дзякую за веснавую мрою...

АДХІНУЦЬ НЕБАКРАЙ

РУНЫ ПЕРУНОВЫ
Борць салодка сніць ласун Лясун.
Воўк напоўніцу на поўню вые.
На плячох наплыўных гор Пярун
Рупна крэсліць руны агнявыя.
Руны чуюць часу глыбіню.
Гэта імі прагнуць асланіцца
Задуменнасць цемры і агню,
Выгінаў і звіваў таямніца.
Полымя ўсміхнецца з-цад сушша,
Узгадаўшы даланю ратая.
Нашчая паганская душа
Вырак лёсу
Руніста чытае...

ВЕЧНА ЖЫВЫ
Страх жывы.
Ён баіцца таксама,
Як і ўсе.
I яму невядома,
Дзе надзейная тая брама,
За якой будзе ціха, як дома.
Пад якою страхою
Страху
Затуліцца ля неба, стаіцца.
Страх з ахвярай ідзе на плаху,
Не ляжыцца яму, не стаіцца.
Цвердалоба,
Зірката,
Зацята
Смелы страх
Пазірае на ката.

РАСЦЕ
Жыццё — надзейная рызыка.
У страха характар воўчы.
Гляджу,
Як у рыжага Рысіка
Дарослымі робяцца вочы.
Вачам па-кашэчы рагочацца,
Не зважаючы ні на кога.
А мне ў іх убачыць хочацца
На печы сябе малога...

МЛЫН
Галавы заінелай прысталі жорны,
Прытупіліся памяці камяні.
Ачарсцвеў ужо
Бохан клопату чорны,
Хочацца праснака цішыні.
Як на кухан настрою
Натрэсці пытлю,
Шыю скруціў сабе
Рупнасці млён.
Пачынае здавацца,
Што жыў нібыта,
Што дазволіў
З сабой пазнаёміцца
Плён…

СМЯЛЕЙ
Усё, як першы і апошні раз, –
Відушчы дождж, сляпая завіруха,
На пашы вол,
У небе Валапас,
І самазадаволеная скруха.
І ты,
Які на гэты свет прыйшоў
Здзівіцца ды пачціва развітацца,
Не першы й не апошні з прыбышоў,
Сабе самому здрадлівы дарадца.
Падзякуй мураве і мурашу,
Што будуць варушыцца над табою,
Смялей на волю выпусці душу,
Каб стала ўрэшце
Радасна да болю…

ЧАРГА
Рака ўспамінаў ілам заплывае,
Прынесеным імгненнямі кароткімі.
Не спыніцца,
Пакуль зямля трывае,
Чарга
На сустрэчу з продкамі.

ЦІ ЁСЦЬ?..
Цікаўнасць,
Трымаючы ўсё на прыкмеце,
Пытаецца ў вечара з-за спіны,
Ці ёсць у пані Вечнасці дзеці.
Як ёсць,
Дык якія і хто яны?

ХАТНІК
Да валуна ўтрапення хінуся,
Знямелага ў беспрабуддзі.
Васіль
Быў хатнікам Беларусі.
А хатнікі паміраюць,
Як людзі...

ЖУРБОТНА...
Няшчадны лёс
Дамалаціў гадоў калоссе,
Каб словазерні прараслі ў вякі.
I там над Васілём
Журботна занялося
Сузор'е звечарэлых хат
Бычкі...

ЗЯЗЮЛЬКА
З бароў вушацкіх,
Што зрабілі лядамі,
Апошняя зязюлька баравая
Над братам убіваецца, кукуе.
Прыбітая і горам, і спагадамі
Як толькі шчырая душа трывае.
Анёле крэўнасці,
Падай руку ёй...

ПАДНЯВОЛЬНІЦА
Лёс кроіць бохан скупымі акрайцамі.
Жыццё,
Выкрадаючы ў вечнасці дні,
Прыземіць клапотамі ўпарта стараецца
Душу —
Паднявольніцу вышыні.

ПЯЦІЗОРКАВАСЦЬ
Гарох гаркоты,
Боб спакоры пералушчаны.
Гул выкрыкаў адгуў,
Шал выбрыкаў адбрыкаў.
Пяць зорак каньяку
Упартай Беларушчыны —
Купала, Багдановіч, Колас,
Караткевіч, Быкаў.

КАБ САГРЭЦЦА...
Світанне і змярканне
Хмураць бровы.
Аб лоб нябёс
Пытанне хмарай трэцца,
Ці гэта людзі —
Маладыя дровы,
Якія вечнасць паліць,
Каб сагрэцца?

ЗАСТАЦЦА...
Пражыць сваё ў жыцці —
Адказнае мастацтва:
Адкуль прыйшоў,
Пайсці,
А на зямлі застацца.

НАСТРОЙ
Дрэва ростані абрастае карой.
У хаце чакання імшэюць сценьі.
Адвячорак,
Як Васілёў настрой, —
Руплівы, мройліва задуменны.

ЯК І Ў БЫЧКАХ...
Бараніць Радзіму на радзіме.
Гадаваць журбу сваю ў выгнанні.
I вітаць, як і ў Бычках, у Рыме
Лістападаўскае ліставанне...

ВАЧЫСТА...
Абыйшла душа мясціны ўсе,
Дзе пакутавала, дзе трывала,
Дзе сабе шчымлівасць даравала,
Кволы сум даверыўшы красе.
За душой вачыста сорак дзён
След у след ступаў вячысты кон...

ВЫДЫХ
Дзень параіць небасхілу вырасці.
Прыцемак адскібіць хмары скрыль.
Вырвецца з грудзей самотнай шчырасці
Выдых —
Выбух роспачы:
Васіль...

ДЗЯКАВАЦЬ...
Бог, Мама, Васіль —
Трыкірый,
Трохзор'е,
Тры ксты
Жагнаюцца й душою шчырай
Нябёсам дзякуюць
За воблачка мілаты...

НЕ ЗАЗЕЛЯНЕЮЦЬ...
Не стомяцца маладыя вякі
Трымаць нябыт
У жыцця ў палоне.
Ніколі не зазелянеюць цвікі,
Якія ўпіліся ў Хрыстовы далоні...

ЗАСТАЛАСЯ...
Нечысць на зямлю бяду наклікала.
Перагарадзіла белы дзень гара.
Засталася Беларусь без Быкава
Беднай хатай
Без гаспадара...

КАБ ЦЯПЛЕЙ БЫЛО...
Цень Волі
I ў пячоры на сцяне
Хацеў акрэсліцца й дрыжэў азябла.
Агонь няволі тлеў у зяпе д'ябла. .
Гнеў ласкавеў яшчэ пры Перуне.
Цень Волі
Крылы птушак прымяраў,
Каб асланіць бег часу несупынны.
I горы гора прагіналі спіны.
I хворы змрок паціху паміраў.
Цень Волі
Днеў і запрашаў святло
Даверыць людству
Позірк свой і подзіў.
Дзень Волі
Рос як пасынак стагоддзяў,
Каб на зямлі
Жыццю цяплей было...

ЯШЧЭ...
Туды вярнуцца,
Дзе снам нямулка,
Дзе высакосна цёплым залевам,
Дзе спіну не разгінае вулка,
Дзе вуж дагэтуль
Жыве пад хлевам.
Пад неба
Над мамінай хатай выйсці,
У жаўталісці
Згубіўшы крокі.
Бо, як сказаў Караткевіч
Калісьці:
Зямля чакае
I вечар яшчэ далёкі...

КОЦЯ-БРАЦЕ
Вокам яшчэ не патухлым
Зірнуў на мяне,
Перш чымся яго патушыць,
Міроне!
Магу паскардзіцца
Толькі сваёй віне,
Што я зрабіўся самотнікам
Сёння…
Ты пайшоў,
Каб спяваць Васілю курню
Па-вушацку стрымана й прачула.
Коця-браце,
Адведай усю радню,
Што ў вушацкай зямлі заснула.
Там твой цёзка Мірон,
Што на хутары пасвіў кароў,
Бацькаў Вурдаль,
Маміна Каця.
А мяне ты пакінуў
Без успомненых вечароў,
Дзе сон з каптура
Мякка скакаў на палаці…
Зніякавеласць найшла, нібыта
Запрошаная самой зімой…
Дзякуй за тое, што быў ты,
Апошні спагадца мой!

САМ
Сам ворага свайго ствары,
Зляпі яго з калянай гліны.
Вазьмі яго сабе ў сябры
І да апошняе хвіліны
З ім шчыры будзь
І не хітры.
Мець ворага свайго лацвей.
І на самоце, і ў застоллі
Ён твой крумкач і салавей.
Цябе ён не прадасць ніколі,
Ты лагадней і суравей.
Сябры, вядома, да пары.
Наноў не выдумаеш порах.
Усе бабры сабе дабры.
Калі ты сам сабе не вораг –
Дык ворага свайго ствары!

ПРАШЭННЕ
Калі я адыду, пастаўце мне
Валун сівы і крыж на валуне.
Засведчыць крыж,
Што адышоў з імшой
Паганец кшчоны,
Уніят душой.
Крумкач, як чорны плач,
На валуне
Спачне і, значыць,
Памяне мяне.
І стрыж, як крыж здранцвелы,
Прамільгне,
Цень студзячы ў труне
На самым дне.
Калі я замаўчу, пастаўце мне
Валун сівы і крыж на валуне…

ДОЛЯ
Мамінае паданне
Здарожаны Бог ішоў палыном,
З сабою ўзяўшы зямную стому.
Бачыць,
А баба белым бліном
Выцірае срачку малому.
А ў тыя часіны ад самай зямлі
На кожнай цыбатай сцябліне
Багатыя каласы раслі
І па чарназёме, й па гліне.
І ў жменю сціснуў сцябліну Бог,
І ўгору павёў рукою.
І долу за коласам колас лёг,
І неспакойна стала спакою.
І голас прарэзаўся з нематы,
І сілу ўзгадала бяссілле.
З наўколля ўсяго сабакі й каты
Завылі ды загаласілі.
Абабегчы кожны ўзгорак і лог
Рэху хапіла хвілінаў.
І злітаваўся над жывацінамі Бог,
І колас апошні пакінуў.
Не зважыць той колас бясконцасць сама –
Не стане зорных бязменаў.
На сцябліне, дзе былі каласы, нездарма
Засталося дванаццаць каленаў.
Ці спіць цішыня,
Ці прачнецца гром, –
Не мусім забыцца ніколі,
Што мы на гэтым свеце жывём
На сабачай
І на кацінай долі…

ЁСЦЬ!
Ёсць душа і ў вераб’я.
А душа, яна такая,
Што ў яе журба ўцякае
З маладога ручая.
Маладога ад вады,
Перакшчонай перунамі,
Дзе нервуюць невады
Вадзянік з зялёнай паннай.
Глушыць гул млыны віроў,
Змора змроку патакае.
І журба з душы ўцякае
Да зялёных вечароў.

НЕЛЬГА…
Хрэснікі маланак утрапёных –
Думаюць захмарна валуны.
Згорбіліся спіны даўніны.
Першасэнс заблытаўся ў імёнах.
Зоры пазіраюць па-зямляцку,
Як на доле зябкавата снам.
Ані валунам, ні перунам
Нельга ісціну застаць знянацку.

САКРЭТЫ НАСТРОЮ
Заслаўе прыцішанае.
Рыцарскія турніры.
Адвячорак, як пратакол, сухі.
Апантанец крывіцкае доблесці шчыры,
Быў я не дзідамі ўражаны.
Конскія кацяхі
Сагрэлі настрой мой,
У маленства вярнулі
I ў шаленства,
Дзе адпрыроднае ўсё было...
Па-гаспадарску спакойныя
У трэскаце й гуле
Кацяхі
Зялёнае выпраменьвалі святло.

ЖЫВУЦЬ!
Пётру Кухарскаму
Жывуць, пакуль і х помняць,
I таму,
Хто іх не выракся, дапамагаюць
Паганскія багі
I ўсю гурму
Прыкмет і прымхаў
За сабой цягаюць,
Як немаўлят,
Заплеччу ў хатулях
Нясуць,
Гарбацячы ўракліва цені.
Зайздросліва глядзяць
На іхны шлях
Прыземленыя нашыя трымценні.
Агонь, вада,
I рунь, і гавяда
Пад іх прыглядам
Ад маленства свету.
Слухмяніцца і радасць, і бяда
Багам паганскім —
Ключарам сакрэту.

ВЕРАСНЁЎСКАЙ ВЯСНЕ
Не шкадуе табе святла
Сама ягамосць мілосць,
Покуль жарсны жар не астудзіш,
Дзякуй тваёй цікаўнасці,
Што ты была,
Дзякуй супадзенню,
Што ёсць,
Дзякуй разгубленасці,
Што будзеш!

СЯСТРА
У Бліскавіцы не было сястры,
I бацьку Перуна яна прасіла,
Калі ягоная не счэзла сіла,
Каб доўжыць род парупіўся стары.
Нябесныя дрыжэлі хутары.
Па цуду навальніца галасіла.
Пад цёмным сэрцам ноч дачку насіла.
Цякла жывіца па шчацэ ў кары.
I ўраз сарочка неба затрашчэла.
I Перунова меншая дачка
Не захацела вогненнае цела
Хаваць у воблачнае ахінала.
I нарачонкаю Маладзічка
Назвацца Бліскавіца пажадала.

САЛЯМ! ЧАЛОМ!
Над небам мячэці маладзічок
Займаецца колькі стагоддзяў.
Нібыта адкінуты ўздыхам кручок
З дзвярэй,
Каб блуканец заходзіў
У храм,
Дзе яго падпяража Алах
З карана суровай сурою.
Блуканец імя сваё
Знойдзе ў імглах
I ўмые зарою сырою.
I роспач сляпая захоча вячэць
I сподзеў не ўпусціць
Свой шанец.
I будзе пакутна
Глядзець на мячэць
Апошні крывіцкі паганец...

ВЯДЗЬМАРСКІ ТРЫПЦІХ

Пётру Кухарскаму

I.
Пярсцёнак ведзьмара негаваркі —
Жывы ліхтар відушчае рукі,
Што бачыць пад зямлёй
I праз вякі
Забыты клад і клопат незабыты.
Клад рухаецца,
Страх яго пасе.
Іржава пад страхой імжы
Касе.
Заклёну не ўтаіцца і ў расе,
Ад ведзьмара,
Што слову здаў іспыты.
Пярсцёнак, поўня, сіта,
Кропля, гук
Круглявяцца каля бяссонных рук.
Наблізіцца да круга пнецца лук.
Маўчыць вядзьмар.
Задумаліся міты...
II.
I прачыстаеслова
Шалёную ведзьму карае.
Вывіваецца недзе ведзьма
На запаленым тут агні.
I на шыі з пякельнага жару каралі,
I смала закіпае ў кожнае далані.
I , як тымі гадзюкамі,
Разняволенымі валасамі
Пнецца ў злосці прыпарці
Да збеглай зямлі.
Звар'яцелымі ведзьмінымі галасамі
Перахрыпла крычаць балючыя вугалі.
Увабраўшы ў сябе насланнё,
Вогнелобы
Вугалёк, дагараючы,
Робіцца, як валун, цяжкі.
I да ведзьмы насланыя ёй хваробы
Вяртаюцца,
Лютую раздзіраючы на кузлакі.
Вугальком тым прабіць
Можна шыбу глухую
У акне, дзе заклён
Вяроўчыны цемрадзі ўе.
Слова хоча маўчаць
I само ўжо шкадуе,
Што даверыла некаму таямніцы свае...
III.
I расчынілася дамавіна.
Вабуля ў ёй маладзець пачала.
I сукня чорная, як аблачына,
Вядзьмарку зграбную абвалакла.
I ўнук убраўся у белае белле,
Сатканае з ранішніх туманоў.
Галіны здранцвелыя адубелі —
Арэлі хрыплыя цёмных сноў.
...I ўнук паходню ў руцэ трымае —
Гарачую зорку высока нясе.
Знікае ў незнань дарога крывая.
I стыне раса на нябеснай страсе.
На той дарозе,
Што недзе ўнізе,
Растуць плячыстыя валуны.
I краю крывіцкаму
У сонечнай рызе
Паклоны шчыра б'юць перуны.
Ахоўцамі наскіх багоў паганскіх
Ступаюць следам
Дванаццаць ваўкоў.
I зорцы вятры не даюць пагаснуць.
I ўсё зразумела гамоніць вакол...

РАЗАМ СА СНАМІ...
З намі
Разам са снамі пераязджаў
З Верасовачкі верасамі ўхутанай.
Падперазаўшыся конскімі путамі,
Босую галаву падстаўляў дажджам.
Асіраціліся ўсе без яго —
Рэчка Крывуха, Ваўчэнскае возера.
Млечны валун намагаўся да позняга
Зрушыць сябе са спакою свайго.
Хатніку цяжка абжыцца было,
Ела хлусня й мітусня местачковая.
Грэла сябе брукаванка падковамі.
З незнаёмай трывогай дрыжэла святло.
...I дагэтуль
Да новых начэй і раніц
Выкне пературбочаны хутаранец...

АНІКОМУ
Прагнецца абрасець
Запыленаму балыпаку.
Нецярпіцца вісець
Пакамечанаму пінжаку.
Мроіцца аблясець
Выкарчаванаму ляду.
Хапае дасвецця лысець
Утуманеламу далягляду.
Рупіць шчырасці папікаць
Разамлелую стому.
З тым звыкаць,
Што мусіць знікаць,
Не спяшаецца анікому.

НЕ ЗДЗІЎЛЮСЯ...
Не спяшаюцца нешта
Прысніцца мне
I лабаты Пярун,
I Мароз цыбаты.
Засталіся ў мамінай старане
Пілнавацца маёнткаў сваіх
Магнаты.
З імем Хатніка,
Як з кудменем хаджу,
Вымаўляць услых баючыся.
«Ліся, Лісе», —
На вуха шапчу Дажджу.
Граду прашу:
«Не разбіся, Бысю».
На адной зямлі
Лёс дазволіў жыць,
У якую ўрэшце вярнуся.
Не здзіўлюся,
Калі ў Лесуна задрыжыць
Па азяблай расінцы
На кожным вусе...

ДАРЭЧЫ
Аж грыміць лясная старана,
Долу прагінаюцца нябёсы,—
Гэтак кашаль
Перыць Перуна.
Пахадзіў стары па хмарах босы.
Шмат парад паганскіх,
Ды з усіх
Прыгадалася адна дарэчы:
Каб адразу кашаль пераціх,
Трэба грымнуць кулаком у плечы.
Буду дзеда ратаваць хутчэй.
Толькі як дапасці да плячэй?

РАДАЎНІЦА
Радаўніца...
Радавацца ці не таму,
Што радоўку тлумлівую адбываеш,
Што паклоны апошнія адбіваеш
Гасцяванню зямному свайму.
Радаўніца...
Рада ніца чало
Нахінуцца ля ціхага ўзгорка,
Дзе палын прачынаецца горка,
Дзе самоту ўбакі павяло.
Радаўніца...
Радавод нагадаць
Пра сябе не забудзе маўкліва.
Жорны хмараў
Срабрыстага мліва
Просіць змрок на душу нагайдаць,
Радаўніца...
Радавод даўніну
Цёмнымі апаўе каранямі.
Цень забытай душы акрыяе,
Абапершыся аб труну...

ТРЫМАЕМСЯ...
Спачатку поўняю,
Як караваем,
Жыццё сустрэне шчодра,
А затым
Акрайчык ветаха за небакраем
Паабяцаны будзе,
Ды не ўсім.
Пралескі зорак,
Позірк апрамецця
Прыцемрыць вечарова
Сіні дым.
Тым і трымаемся
На гэтым свеце,
Што хочам жыць па-новаму
На тым...

НЕПАДУЛАДНЫ
Непадуладны той касе,
Якая ўсё жывое косіць,
Цярпліва час сябе нясе,
Нікога памагаць не просіць,
Ані сяброў, ані радні
Няма ў разважлівага часу.
На спадкаемца цішыні
Трывога пазірае ласа.
I сам сабе смяецца час,
I сам сваё кунежыць гора.
Не выстаўляе на паказ
Сваю знямогу непакора.

ДАМАЎЛЯЮЦЦА...
З галінаў памяці
Ападае лістота імёнаў
Сяброў і знаёмых.
Толькі імёны крэўных
Балюча трымцяць
На галіне душы.
Гэта яны дамаўляюцца
З нябёсамі летуценнымі
I не пускаюць радаводнае дрэва
Расці ў зямлю,
Да часу...

НА ХУТАРЫ...
На хутары настрою
Дасюль іх трое —
Мама Куліна,
Баба Малання,
Кот Мірон.
Кожная хвіліна
З вечара да рання
Спяшаецца пад небазвон
Затуліцца,
Каб не замгліцца,
Уцячы ад часовасці.
На хутары,
Імя якога ціхутка
Рэха
Па складах вымаўляе:
Ве-
       ра-
              со-
                     вач-
                              ка...

ШУКАЦЬ...
Непадуладная нікому
З усіх дарог, з усіх трывог
Душа вярнулася дадому
На свой мурог,
На той парог,
Які хацелася калісьці
Пераступіць што найхутчэй.
Сцяжынкі хітрыя кляліся,
Што адвядуць ад злых вачэй.
А прывялі ў сляпую зваду,
У палахлівую ману.
I ўпасці ў ногі далягляду
Адчай дазволіў валуну.
Адолеўшы зямную стому,
Пачуўшы сум захмарных стром,
Душа вярнулася дадому
Шукаць,
Куды ён дзеўся, дом?..

НАПЭЎНА
Я, напэўна, апошні,
Хто моліцца слову,
Як ссівелы паганец
Жывому агню.
З ветру звітыя
Весніцы я зачыню,
Каб спрыялася поціху
Цёмнаму лову.
Каб святлелася ўдачы
У сквапнай начы,
Дзе агонь пераемнасці
Не затухае.
А душа чуе ўсё,
Як і ноч неглухая.
I палаюць смаліста
Сузор'яў карчы.

ВЯРТАЕМ...
З дрэва прывіднасці лісты
Тое й робім,
Што аблятаем.
Прашаптаныя з нематы
Мы сябе ў немату вяртаем.
Час не хоча нас заўважаць,
Хоць вядзе ён
Адлік свой намі.
I турботы нашы ляжаць
Прыдарожнымі валунамі.
Туманамі стане куцця.
Кожнай скрусе трэба старацца,
Каб у памяці забыцця
Хоць няпэўным гукам застацца...

НАКАНАВАНА
Родныя — значыць
З нязводнага роду.
Крэўныя — значыць
Адное крыві.
Зводзіцца род мой,
Радзее штогоду,
Кроў не стрымаеш,
Як ні нараві.
Рэха дагнаць
Не даручыш нікому,
Сном, як віном,
Не напоўніш глякі.
Наканавана дрэву старому
Сохнуць на беразе
Збеглай ракі...

БАЦЬКА Й СЫНЫ
Двух варанят нёс воран на спіне.
І ў аднаго спытаўся на аблуду:
– Ці будзеш так і ў старасці мяне
Насіць?
І той пракумкаў:
– Тата, буду.
І воран скінуў варанятка з неба.
Перш чым адказваць,
Добра думаць трэба.
Тады ў другога запытаў:
– Скажы,
Сваіх сыноў
Мне ў час прыносіць будзеш?
– Вядома, тата,
Ты ж мне не чужы.
Ты ў іхных крылах
Вышыню абудзіш.
І воран пестуна далей панёс,
Каб з небам заручыць
Крылаты лёс…

РАСЦЕ...
Мох адначасова расце...
Быццам дратваю,
Прашываюць валёнкі
На верасовай вярсце.
Цішыню кратае
Перажыванне слонкі.
Мох пад расою расце...
А пад туманом,
Як паганскі святар
Пад расаю,
Баравік у сваёй таўстаце
Перад сном
На ўвесь абшар
Думае пра нешта ласаё."
Старэюць крумкачы, крукі.
Галасы слядоў
Глухнуць у мосе.
Радуюцца дзікі —
Хоць жалудоў
Наямося!
Па начах
Гусцее морак,
У вачах
У зорак
Дрыжыць зямля.
Згас
Бас
Чмяля
Ля
Камля...

НА БАЛЮЧЫМ ПРАХУ...

Кажуць, што дом, з вакна якога

выкінулася Яўгенія Янішчыц,

пабудаваны на могілках,

дзе пахавана Марына Мнішак...

Тут не храм на крыві,
А гмах,
Марны гмах на балючым праху.
Па начах абражаны прах
Ціха жаліцца чуйнаму страху.
Цені душ у жыцця ў гасцях
П'юць і спяць,
Ядуць, блудадзеюць,
Нараджаюць на змоўклых касцях,
Прывідную надзею дзеляць.
Тут знайшла свой спачын зямны
Панна жарсці — Марына Мнішак.
Незямныя блукаюць сны,
Беспрытульна шукаюць зацішак.
I не спяць кайнасці перуны.
Град праклёну
Б'е ў плечы даху.
I, як вечкі тлумнай труны,
Адчыняюцца вокны ў гмаху.
Абыякавая, нямая
Немінучасць
Ахвяру прымае...

ШУКАЕ...
Памяці Юзэфы Кухарскай-Кастрыцнікайтэ
А бабка ходзіць,
Размаўляе з травамі,
Перапрашаючы, што іх ірве.
I называе йменнямі ласкавЫмі,
Хаваючы спагаду ў рукаве.
Пра нешта
Травы шэпчуцца з вядзьмаркаю.
І х выслухаць хапае цішыні.
Яна плыве
З нябёсаў збеглай хмаркаю.
Яна й свае шукае карані.

БУДЗЬМА!
Доля праедзе ў дрогкай карэце,
Следам пасцелецца дым.
Хай жа на гэтым
Сустрэнемся свеце
Перад сустрэчай на тым.
Зробіцца прыцемкамі дасвецце,
Ясень зялёны сівым.
Будзьма на гэтым
Бяседзіцца свеце,
Каб не згубіцца на тым.
З хатаў і душ нашых
Вымецем смецце.
Хай будзе келіх як брат.
Лепей на гэтым
Пахмелімся свеце.
Той наліе нам наўрад.

МАЎЧАННЕ ПЕРУНА
Пімену Панчанку
Хвалу ўздавала небу нашча
Здаўна
Лясная старана,
Некарчаваны слухаў прашчур
Маўчанне перуна.
Ад клопату адчуўшы продых,
Надзею ўсклаўшы на вясну,
Сырому дубу кленчыў продак,
Маліўся перуну.
Пярун праходзіў бураломам.
Ратай — звяздар і аграном —
На злыдняў слаў
Маланку з громам,
Бажыўся перуном.
А я на лусту аржаную
Шапчу:
— Кусціся, ярына!
Прыглухлай бояззю шаную
Маўчанне перуна.
Чалом б'ючы сваім асновам —
Ад курганоў да згаслых трун,—
Параіцца хачу са словам,
Пакуль маўчыць пярун.
Да сэнсу хочацца прабіцца,
Як арганаўту да руна.
Яна баіцца,
Навальніца,
Маўчання перуна.

КАПЛІЦА
Вада на тое й тоіцца, каб ліцца,
Рыпіць ля крушні скруха:
Сон не руш…
Узгадвае пра капішча капліца –
Начлег часовы пералётных душ.
Душы хутчэй бы з зорамі пыліцца,
Ды глухне шлях ад зманнай гаманы.
І кеміць, як халодны грэх,
Капліца:
Цяжэйшы пыл нябесны ці зямны?..
Мычыць у неюе зорная цялiца.
Цямнее крыж,
Як воран-чарнакрыл.
І крылаў дачакаецца капліца,
Каб паляцець і ёй за небасхіл...

СВЯТАСЦЬ
Здаецца падчас, што й паганскіх багоў
Як першапраходцаў, як чорнарабочых
Госпад паслаў да зямных берагоў,
Да працы зусім незямное ахвочых.
Яны пабылі – дрэвы ды камяні,
Вятры з перунамі – багамі.
І слову служылі, й глухой цішыні,
І першае святасці дапамагалі.
Ад дрэў радавод багоў нават пні
Сякера веры секла з размаху.
Але дагэтуль іх карані
Варушацца ў цемры нашага страху…

ПРА ШТО ДУМАЕ КАМЕНЬ
Неба кідае думкі не на абразу,
Ды ад жаху згарэць у зямной мітусні
Камянеюць нябесныя думкі адразу,
Перакідваючыся ў камяні.
І, задумаўшыся, не варухнуцца вякамі
Камяні –
Незразуметыя мысляры.
Іх маланкі гарачымі грэюць рукамі,
І напрошваецца туман у сябры.
Ім спакою стае, як лагоднага моху.
Толькі более іхнай маўклівай радні.
На зямлі, што як падчарка небава,
Могуць
Вольна думаць
Бадай што адны камяні…

ВЫЛУЧНА БЕЛАРУСКІ
Рыгору Сітніцу
Вылучна беларускі сапраўды
Ён, звычай,
Звечаны святымі святамі,
Каб са жніва
Пакінуць на Дзяды
Галодным птушкам
Каласкі з зярнятамі.
Каб памянулі й птушкі
Заадно
Высокіх продкаў,
Звонку звонка зябнучы.
Змяркання маразявае віно
Не хоча вылівацца ў
Прагнасць зяп начы.
Сухі дзядоўнік,
Як ахвярны дуб,
Бразджыць дуддзём,
Апанаваны шэранню.
I чуб дзядоўніку
Мароз даскуб.
А на Дзяды
I змрок куццёй вячэрае.
Запяўшы
Хмарай шэрае радно,
Нябесны Гаспадар
Сузор'і вешае.
Не птушкі прыляцелі пад вакно,
А душы прашчураў —
Вястункі вешчыя.

* * *
Спіць Дамініка.
І лялька
Просіцца з ложка далоў.
Ноч мае форму яйка,
Не прызнае вуглоў.
Ноч –
Тое яйка, з якога
Вылупіцца святло,
Зробіцца многа
З нічога,
Рэчку ўзгадуе вясло.
Дзедзіна песціць і грэе,
Туліць у ціхаце.
Спіць дамавік
І старэе,
Спіць Дамініка й
Расце.

ЧАС ВЫПАЎЗАННЯ ЗМЕЙ
Ведаюць час, калі
Выпаўзці з цемры варта,
Зябкія вугалі,
Страху сляпая варта.
Ведаюць, як і дзе
Выпусціць лепей джала.
Лютасць змяю вядзе,
Смеласці трэба мала.
Толькі абвіцца умей
Шчыра каля спажывы.
Час выпаўзання змей
Ціхі,
Таму й жахлівы.

РАДКІ, ШТО ХАТНІК НАШАПТАЎ
Безабаронна дрэмле крона,
Брэх даганяць сябе пабег,
Сцюдзёна каркае варона,
Са стрэх смяецца цёплы снег.

БРЫТВА
Брытва —
Ранішняя малітва.
Ты зарослага думкамі голіш
І Бога моліш,
Каб, зарослы за дзень, гаспадар
Вярнуўся дамоў на вячэру,
Каб ягонага не ўбачыць ашчэру.
Ты не бываеш ленаю,
Занесеная над венаю.
І дамавіна
Рупнасць тваю ацаніць павінна.
Бываеш сляпой і відушчай.
У немасці сценаў
Дазваляеш багаславіцца.
Над сіняю пушчай
Венаў
Белая бліскавіца...

ТРАЕЦКІЯ ДЗЯДЫ
Марыі Андруковіч — з падзякай за аер
У хаце дыхае аерам, маем.
Схаваўшы цень свой пад крысо,
Дзяды
Траецкія прыйшлі.
Мы іх прымаем,
Чым маем.
— Хоць спачніце ад хады!
Маўчаць Дзяды,
Маўчаць, як аблачыны,
Што мусілі праліцца цішынёй.
І прыцемкаў забытых
Пух качыны
Змятаецца нябачнай даланёй.
Траецкі дождж
Паволі любіць ліцца.
Чакаў,
Калі прыйшла пара касіць.
Стараецца дарэмна бліскавіца
Сама сябе за локаць укусіць.

ДОЎГА
Свежую дошку трымаць,
Як малога.
Думаць,
Што новая ляжа падлога.
Чуць шчабятанне ўнучкі,
Якая
Сябе вярцікруцяю называе.
Доўга збіраць яшчэ
Грошы на плату
За дошкі на безваконную хату...

А ТАМ...
Жыву не тут,
Дзе пражываю дні,
А там, дзе дні мае раслі са мною,
Атуленыя шчырай гаманою
Расчуленай зялёнай цішыні.
Імкнецца ўсё маё штодня туды,
Дзе зябне ў ноч завейную Падпечнік.
Дзе Хатнік
Свой бярозавы падсвечнік
Нясе на кут, каб бачылі Дзяды,
Што ў хаце ён — руплівы гаспадар.
Чакае. Не спяшаецца. Трывае.
Тут халадаецца душа жывая,
Забыць баіцца нетутэйшы сквар.
Тут мамін сум глядзіць яе вачыма.
Тут дні ў нябыт ідуць,
Каб па вясне
Нанова зарунець,
Але не мне,
А на мяне падобнаму,
Магчыма...

КАБ НЕ РАЗМІНУЦЦА...
Мама чула голас даўніны.
Як свая
З паганскімі багамі
Снедала й вячэрала.
Яны
Давяралі крыўду й радасць маме.
Крыўдавалі,
Што на іх жывых
Забываюцца на гэтым свеце.
Маладзелі ад вачэй сваіх,
Каб гарэла маладзець прыкмеце.
Мама ўдзячная была жыццю,
Немачы магла пазычыць сілу,
Спажываць багатую куццю
Клікала Ярылу й Маразілу.
Сцежку саступала ёй імгла.
Заікаўся пан Пярун на ўзгрыме.
З печы ўзяўшы вугалёк,
Пайшла,
Каб не размінуцца са сваімі...

ТРЫПЦІХ
Памяці Васіля Быкава
І.
Талент – гэта праклён
Паласатага д’ябла.
Намагаецца плён,
Каб душа не азябла.
Талент – гэта палон,
Не ўцякаюць з якога.
Б’ецца ў краты вакон
Маладзік крутарога.
Талент – гэта амбон,
Дзе хацела б вініцца
За бязмозгліцу дзён
Старасць – смерці двайніца.
Талент – ранішні сон,
І яго прачынацца
Не прыспешвае кон,
Покуль рупіцца праца…
ІІ.
Людства –
Рэха светлай даўніны.
Літасць –
Стомленая лютасць змроку.
Цяжка чуцца ціхаму прароку
На гандлёвішчы глухой маны.
Хоць прарок
Даваў сабе зарок
Абыходзіць вір знявер’я бокам,
Цяжка
На зямлю сысці прарокам.
Грэх ступае следам
Крок у крок.
Людства –
Памяць маладой віны.
Літасць –
Спадкаемніца папроку.
І чуваць далёкаму далёку
Патаемнай кайнасці званы.
ІІІ.
Душою не крывілі крывічы,
Бо крэўнасць з небадолам адчувалі.
І валуны, спыніўшыся на ўзваллі,
Нікуды не спяшаліся ўцячы.
Пярун – вястун вясны –
Аб валуны
Вайстрыў маланак вывістыя стрэлы.
Лясун, і аўдавелы, й астарэлы,
Сніў сон,
Як восеньскі туман, ляны.
На ўскрайку вечнасці
Крывіцкі край
Абжыты быў паганскімі багамі.
І гурбы снегу белымі стагамі
Пагрэцца запрашалі зорны грай.
Прагаліны сарок
Зарокам зім
Ратаяў ратных гоняў прывячалі.
На гэты свет з’явіцца крывічамі
Нябёсы дазвалялі,
А не ўсім…

ЗАГАЙДАНАЯ
Вусаты вугор у зябкім цяньку,
Як шкарпэтка вывернутая,
Пагойдваецца ціха.
Гэта шкарпэтку звязала
Вадзяніку
З ціны цёмнае
Загайданая Вадзянічыха...

ДЫМ
Хоць дым умее гаварыць,
Не скажа, што яму гарыць.
Агонь глядзіць вачмі рудымі.
Дым спавівае небакрай,
Дарогу ў пекла,
Сцежку ў рай.
Цяплей дрыжыцца
Зорцы ў дыме.
Жыццё гарыць, а дым жыве
I ў ногі сцелецца траве.
I пагарэльца мроі прыме,
Хто мог пераканацца ў тым,
Што ўсё на гэтым свеце —
Дым.
I не відаць нічога ў дыме.

НА ПЛЯЧЫ
Я з чорным катом на плячы,
Як прашчур мой
З сокалам лоўчым.
Так чорна наўкол —
Хоць крычы,
Нібыта даведаўся, зло ў чым.
Мірон сваю цягне курню —
Мурклівую песню без словаў.
I продак яго цішыню
Люляў так,
Вярнуўшыся з ловаў.
Яшчэ ратаваў заадно
I пеўня ад ласкі лісіцы.
А рыбка нырала на дно,
Не думала ў лапы прасіцца.
Птушатнік, мышатнік, рыбак —
Занятак кашынага роду.
Хай іншы ўцякаў ад сабак,
Дык толькі пародзе не ў шкоду.
Я з чорным катом на плячы
Стаю на парозе змяркання.
Звыкаю да чорнай начы.
I цені здаюцца звяркамі.
Вяртаючыся
Ішоў я, ішоў я
З паўначы з карчмы.
Знайшоў я, знайшоў я
Салаўя ў карчы...
З вушацкае песні
Пад досвітак вяртаюся з карчмы,
З карчмы жыцця
Ні п'яны, ні цвярозы.
Яшчэ ў душы
Віюць гняздзечка крозы,
А ў галаве не цішацца грамы.
На панібрата піў са мною час.
Плыла вясёла чарачка, як хмарка.
I доля —
Захмялелая карчмарка
Мне налівала ўкоптур і няраз.
Было,
Што зблізку бачыў салаўя,
Ды болей дзён
Пражыў пад крумкачамі.
Не дасыпалі сны мае начамі,
Каб у карчме
На ўсё забыўся я...

КАРЧМА
А жыцьцё — карчма,
А ў карчме здаўна
Мёд-гарэлку п'юць,
Прадаюць душу.
Колькі ні даюць,
П'юць усё да дна,
Кожнаму ліюць
Па яго каўшу.
Па каму каму,
Каму два камы,
I ў карчмы таму
Пасынкі й сыны.
А каму куму,
Каму дзьве кумы,
Каму зорны шлях,
Каму перуны.
З рук у рукі йдзе
Чарыца наўскач,
Хітры мёд на дне,
Хмель у берагах.
I гудзе карчма,
Тут і сьмех і плач,
Цешыць страх сябе
Ў чорта на рагах.

ДЗІКАЯ ТРАВА
Затушыць дзікая трава
Пажар цнатлівы сціплых красак.
Заглушыць дзікая трава
Вясёлы смех калёраў лугу.
Задушыць дзікая трава
Усё, што дыхае на волі.
Ні развядзёнка, ні ўдава,
Яна згарае ў думках ласых.
Пустую галаву знава
Шаленіць ветру-валацугу.
Усё нябыцячы,
Ніколі
Не чэзне дзікая трава...

ЛЕГЕНДА
Не сціхае Млечная залева,
Толькі з-пад сузор'евых карчоў
Клапатліва свеціць
Зорка Крэва —
Апякунка долі крывічоў.
Аблачынкай —
Ранішняй хусцінкай
Вочы тоіць
Ад свайго ж святла.
А была дзяўчынкай-чарацінкай,
Жрыцаю Дажбогавай была.
Як вянок пусціла на Купалле,
Залатым зрабіўся той вянок,
Бо Дажбогавы пагляды ўпалі
На ўчасаны месікам лянок.
Час знікае беззваротна шпарка.
З пасмаў Крэвіных да забыцця
Усё прадзе — не абразае
Парка
Нітку крывічоўскага жыцця.

ПАТАЕМСТВА КУПАЛЬСКАЕ НОЧЫ
У Купальскае ночы
Дзявочы жах,
Што ўспыхне ад жарсці
Нябесны дах.
У Купальскае ночы
Жаночы страх,
Што вочы заплюшчыць
Нястомныптах.
Ахінуўшыся недасяжным дахам,
Можна ўпоцемку йсьці
Спаконвечным шляхам,
Што для нашчадкаў праклаў Адам,
Згубіўшы лік
I слядам, і гадам.
Птах завецца па-рознаму
Ў розных краёх.
Толькі б спяваў ён,
Толькі б не злёг.
Абвяне птах —
Зарасце адам'евісты шлях.
I сумна задумаецца
Працяг...

ЗАПРОСІНЫ
Усе мае,
Якія ўжо не тут,
Прашу вас
На маўклівую бяседу.
З Дзядамі ўпоплечкі
Саджу на кут,
Даверыўшы
Дарогу ўспомніць следу.
Хай ён
Сюды здалёку прывядзё
I вёсны шчырыя,
I смех забыты.
Хай сум
Даручыць пілнаваць бядзе
Балючыя
I камяні, і пліты...

ШЛЯХТА
Гадоў маіх
Шляхта вушацкая ўсмак
Адфэсцілася, адбалявала.
Даверу сарамлівы юнак
З асцярогай пабраўся трывала.
I засталася яшчэ са мной
Гадоў няпэўная рэшта
Штурхацца
Спаміж гаманой і маной,
Да канца
Спадзявацца на нешта...

КЛАД
На ўгарбелых паганскіх капішчах
Ацішаныя крывіцкія клады.
Бо ўдзячнакайлівы напамін —
Клад да недаступнасці безабаронны.
Дух продкаў заўсягды малады.
Смутак вякоў не ачах яшчэ.
Сцежкі дапытлівыя на размін
Лёс раскручвае ў свет зялёны...

ЗБЕГ МІРОН
Кот вяртаецца па сваіх слядах,
Думка вяртаецца па сваіх азарэннях.
Слова вяртаецца па сваіх складах.
Боль вяртаецца па чужых азвярэннях.
Вяртаюцца на ваду кругі
Ад відушчага каменя з рукі тугі.

I...
Мана і нябесная манна.
Дзе манна, а дзе мана?
Як сонная спёка, рахмана
Людзкая гудзе гамана.
Мана небасхілу й безмена,
I праўда зямлі сырой.
I рэха клянецца бяззменна
Лагчынаю і гарой,
Што перадае слова ў слова
I думкі, й настрой Перуна.
Журбоціцца праўда сурова.
Лісліва якоча мана...

ЖЫВУ...
Дрыжу над кожным днём,
Прызнаным ціхай скрухай.
Я рад сустрэчы з пнём,
З сарокай-сакатухай.
З людзьмі ажно ў запас
Хапіла мне сустрэчаў.
Таму, хто лёс мой пас,
Я ўдзячна не пярэчыў.
Хто дасць кажух віне
Маёй азяблаплечай?
З усімі, хто ўва мне
Жывуць,
Жыву сустрэчай...

КАЛІ СЦЯМНЕЕЦЦА...
Калі сцямнеецца ў душы і ў хаце,
Прыходзяць вершы, як пазныя госці,
I маняцца застацца на начлег.
Я іх прашу:
— Мой сум закалыхайце,
Маёй жа мне пазычце весялосці,
Якою грэўся яблыневы снег.
Саджу на чысты кут і нетаропка
За чаркай звечарэлага ўспаміну,
Як дома колісь, з імі гаманю.
Парой гамонку перапыніць кропка.
Сказ нецярпліва выпрастае спіну.
I рупіць рыфме крыўдзіць цішыню...

МОЙ РАДАВОД
А радавод мой
Не гэтакі ўжо й сукаваты.
Радаводнага дрэва
Жывучыя карані
Завузлаваціся
Ля мамы й таты,
I зноў падаліся
Да незгаворлівай глыбіні.
Ці ўзяць няўмольнасць
Хацела болыпую пошліну.
Ці да літасці
Не даткнуліся азяблыя ксты.
Унучка, дачка
Ды я, ўжо апошні,
Дрыжым на галінцы
Абнадзееныя.
Як лісты...

ЗА ГРЭХ ЗЯМНЫ...
Вуж — цёмны муж
Прагнаны Бліскавіцай
За грэх зямны
З нябёсаў на зямлю
Параду даў —
Двайніцу кавалю
З агню цягнуць
Халоднай рукавіцай.
Каб да сваёй двайніцы
Бліскавіца
Зараўнавала горача
Вужа.
Каб ціха расступілася
Мяжа,
Каб спарышы
Хацелі паўтарыцца.

ВЫЗНАЧЭННЕ ТРАВЫ
Дзе ачунялая, дзе шалёная,
Дзе, як лязо катава,
Асака,
Дзе, як мілосць, далікатная
Мурава,
Сястра каласка,
Стралы пляменніца,
Смарагда,
Што таямніцай праменіцца,
Суперніца,
Ярылава верніца,
Яна адна
З прадоння й дна
З дасвецця
I з тагосвецця
Вернецца,
Як знава,
Бязлітасная трава.

СОНЦАКРОПКА
Спрасоння Пярун барадаты
Сваё нецярпенне цадзіў праз зубы.
Бліскавіцы, як стараннай школьніцы,
Захацелася запісаць хоць нешта
На чыстым лістку блакіту.
Але Віхор
Быў з раніцы не ў гуморы
I сыраватай хмурынкай
Беглыя накіды сцёр таропка.
I ад нервовага тэксту
Засталася ўпэўненая сонцакропка.
Да вечара.

ПРАПАЖА
Похапкам паліць Пярун
Лучыну нервовую бліскавіцаў,
Каб у цемрачы адшукаць
Пярсцёнак,
Які прымяраў на мезінчык.
А той пакаціўся
Круглы,
Як рэха,
У далёкае некуды.
Пярун толькі бачыць,
Як бліскаюць
Босыя пяткі дажджу...
А ён зніцелы, худы
Уцякае куды?
Што шукае?

ДАДОМУ
Вяртаюць халады душу дадому
Пад столь, дзе ад калыскі цень жывы.
Дзе, стому не даверыўшы нікому,
Сон падрамаць плыве на паплавы.
Дзе аніпадлеглы духу злому
Сумуе па лістах на Пакравы.
Князь Хатнік — костка ў горле духу злому —
Грамнічных траў набраў у рукавы.
Бадзёрай памяць робяць халады.
Ёй даспадобы разамлець ад спёкі,
Золь смокча соты дроў з сырой грады.
Асеў з грахамі асачысты стог.
Маўчаць у задуменнасці аблокі.
Ці словы маміны, што ўчуцьме Бог?

АДХІНУЦЬ НЕБАКРАЙ...
У каменяломнях мазгоў
Думка блукаць пачынае
Упоцемку без ліхтара.
А сцені паганскіх багоў
Даплываюць у заўтра чаўнамі,
Падахвочваючы штукара
Адхінуць небакрай.
Каб адчуць халадэчу спрадвечча
I глыбіню цішыні.
Толькі пякучы адчай
Звар'яцелай зоркі трапеча
Беспрабудна ў бяспаМяцця
На далані...

ПАЛЫНОВЫЯ САНЕТЫ

* * *
Усё жыццё, як дзень адзін, прайшло.
Усё, што мучыла і хвалявала,
Перагарэла, ўціхлася трывала.
З цямніцы цені выйшлі на святло.
Таіць свой позірк перастала зло.
Змяя спакусы прыхавала джала.
Старацца лёсу засталося мала.
І паскупела ў шчодрасці кубло.
Спагады палахлівыя галіны
Дрыжаць і ахінаюць цішыню.
Даўно паразумеліся правіны.
Смялее страх, як цёмнае пытанне.
Ды падстаўляе радасць даланю
Пад лівень сонечны на развітанне.
* * *
Магіла — прагавітае вакно,
З якога цемра з крыўдай пазірае.
I раіць адпачыць зямля сырая,
Дзе жаль намацвае ў прадонні дно.
Каго прымаць, магіле ўсё адно.
Яна — як сенцы ціхай хаты з краю,
Дзе свой адчай надзея дакарае,
Спавітая ў нябеснае радно.
Пакуль дарэмна даганяеш дні,
Самотная цябе чакае й цяміць,
Што немагчыма абмінуць яе,
Што сэнс жывы ў халоднай глыбіні,
Што над грудком нямым сівее памяць,
Што кожнаму свайго вакна стае.
* * *
Руіны – напаміны даўніны,
З якой даўнеем яваю і снамі.
Руіны нас былых заўсёды з намі.
Маўчаць, аглухлыя ад гаманы.
Мы, і ў гурме забытыя, адны
Руінімся згарбела курганамі.
Начэюць нашы мроі груганамі,
Што прыляцелі з золкай стараны.
У крылаў забыцця хапае прагі.
У крылаў памяці слабее ўзмах.
Сябе ахвотна паўтараюць сагі.
Віною прысягае грэх нявінны.
Старэюць, гледзячы на новы гмах,
За вечнасць маладзейшыя руіны.
* * *
Не ад самоты пасівеў палын,
Яго сівое полымя спаліла.
Гаркоты неразведзеная сіла
Настоіць сум завоблачных далін.
Вяртае палыновы пах з чужын
На сцежку, што сляды хадзіць вучыла,
Дзе вербіна нагнулася пахіла,
Каб цень паслаць знямозе на спачын.
Сівеюць валуны і завірухі.
Сівеюць Млечны і нявечны шлях.
Сівыя крушні крушацца ад скрухі.
Міжволі далячынь гарчыць пакорай.
Абнашчаны ўсяго зямнога прах
Галінкай палыноваю бадзёрай.
* * *
Вярнуць у незабытае сябе,
Забыцца на трымценне, на пакуты.
Пазнаць нанова кожны гук пачуты.
І быць абдзеленым на той дзяльбе,
Дзе доля дзеліць зерне на сяўбе.
Глынуць саманадзеянай атруты.
Так захмялець, каб траўнем здаўся люты,
І недавер даверыць варажбе.
Але вяртанне кпіць з сябе самога.
Чаканне зачакалася дарма.
Сустрэць блуканца выбегла дарога,
Ды заблудзіла ў сне за небасхілам.
І ты адчуеш, што цябе няма
Там, дзе туман астыў салодкім пылам.
* * *
Як гэты свет, як і сябе, хутчэй
Прыдумаў кожны сам сваё каханне.
Адчуўшы шэпту цёмнае дыханне,
Бяссонніцу спакушаных вачэй.
Страх замятаецца завеяй вей.
Грахі замольвае замілаванне,
Бяжыць, сябе не помнячы, спатканне,
I нецярпенне цвеліць салавей.
У пагасціны запрашаюць высі.
I кожны жарсць, як у далонях жар,
Нясе, не баючыся анячыся,
Сябе растрачваючы без астатку.
Урэшце тужыць сцюжа, чахне сквар.
I можна зноў ашуквацца. Спачатку.
* * *
І на зямлю, і ў сціхлую душу
Прыходзяць халады гаспадарамі
Пацешыцца халоднымі дарамі,
Перахапіць дыханне скавышу.
Плач завірухі ў цішыні ўвушшу
Не моўкне роспачнымі вечарамі.
Азябшы, рэха крадзецца дварамі
Пакрыўдзіцца сабе, як спарышу.
Цяплей спяшацца думкам на радзіму.
Смялей на белы свет глядзець імгле.
Падперці неба не цярпіцца дыму.
І святы йдуць марознаю хадою.
І трызніць лугам сена на стале.
І пахне снег багатай Калядою.
* * *
Ікона ў хаце мела кут святы,
Была заступніцай і гаспадыняй.
Як выступаў зімой на сценах іней,
Кунежыла дыханнем мілаты.
Ад першай да апошняе вярсты
Вяла душу далінай і пустыняй.
Над дамавінай – ненажэрнай скрыняй –
Нябачна зводзіла малітве ксты.
І давялося адхіснуцца ценю.
Імгненне, што дазволена было
Убачыцца нясквапнаму натхненню,
Адбілася, нібы на плашчаніцы.
І глянула нястомнае святло,
Каб летуценне выбавіць з пляніцы.
* * *
Сказаць мне слоў апошніх не змагла.
Я не пачуў, што гаварылі вочы.
А ў мамы позірк быў такі сірочы.
І шыбы сталі з матавага шкла.
І хату ўсю завалакла імгла.
І толькі чуўся ў садзе гвалт сарочы.
Прыйшлі, як і суседкі, тыя ночы,
З якімі доўга гутарку вяла.
Была хвароба прыжывалкай ціхай,
А не было каму падаць вады.
Быў вецер злы, агонь у печы з пыхай.
Смялела немач, немата панела.
Як некалі сустрэнемся, тады
Перапытаю, што сказаць хацела.
* * *
Прыходзіла Вялічка на сяло
З чырвоным яйкам, з белатварым сырам.
І сцежку, паднядзеленую жвірам,
Світанне лугам за руку вяло.
Іграла сонца, ажывала тло.
Свянцонка пахла злагадаю, змірам.
І ўсім малечым вачанятам шчырым
Прысмакаў досыць на стале было.
Расло святло, надзея ўваскрасала.
З душы ўцякалі недавер і змрок.
І песняў валачобнікам хапала.
І сніўся падарожжу сон далёкі.
І адвячорак позніўся знарок.
Ішлі па небе продкі, як аблокі.
* * *
Стаў весялейшы і святлейшы хлеў –
Лысоня ацялілася. Як свята,
Падзею гэту святкавала хата.
Малодзіва гарачы снег бялеў.
Мароз і той змяніў на літасць гнеў.
Спяшала хлеб у печ садзіць лапата.
Бычок на свет глядзеў дзівакавата,
Ці з радасці, ці з роспачы мычэў.
І доўга ўсмешкі ўсцешныя не гаслі.
Чакала кошка Найда малака.
Вячэралі смачнейшым сенам яслі.
Цыбуля плакала асірацела.
Турботаў гаманкая талака
З гаспадарамі разам маладзела.
* * *
Радня – працяг твайго зямнога дня.
Маліся, каб не скора вечарэла,
Каб адзіноту крэўнасцю сагрэла,
Каб ля цябе не зябла дабрыня.
Ваўком завые злосці ваўчаня,
Зірне чужая зайздрасць анямела.
Каб дрэва радаводнае шумела,
Таіць карэнне мусіць глыбіня.
Рыдлёўка далакопава ў знямозе
Жвір сыпле раўнадушнай даланёй
На сон, што йдзе па незямной дарозе.
Трывожна кожнай верачы прыкмеце,
Расстаўшыся з апошняю раднёй,
Адчуеш, як сцюдзёна ў гэтым свеце.
* * *
Паэзія – хвароба ўсіх вякоў.
Паэзія – служанка й каралева.
Лірычных слёз рашучая залева
Астудзіць стому босых ступакоў.
Сцяжыны ўмуражэлыя радкоў
Бягуць пад засень ранішняга дрэва,
Дзе яблык падала Адаму Ева,
Дзе спяць сляды Пегасавых падкоў.
Што з вулічнай звязаўся, як вяльможа,
Паэт сябе й паэзію кляне,
Ды слабіну сваю не пераможа.
Ад славы камянеюць вершаробы.
Зірні наўкол – валун пры валуне.
Жыццё ад смутку гіне без хваробы.
* * *
І зразумееш на чужых вятрах,
Што толькі дома ты і быў адзіны.
Цяпер, як гук забытае лаціны,
Наводзіш на сябе самога страх.
Жывеш ужо ні дома, ні ў гасцях,
Узгадваючы родныя мясціны,
Адкуль прыходзяць чорныя вясціны.
Там засяляюць могілкі прасцяг.
Пра ўсё, што мелася ў жыцці адбыцца,
Лёс напісаў калісьці на пяску.
Даўно пісьмёны змыла навальніца.
Адзін туды зрабіўся шлях кароткі,
Дзе, на спачын прылёгшы неўзнаку,
Цябе цярплівыя чакаюць продкі.
* * *
I ўсе былі табой і не табой.
Адна ты разумела адмыслова,
Што цяжка паўтарыцца слова ў слова
I нельга цень свой засланіць сабой.
Я чуў твой голас цёмнаю парой,
Я сустракаў твой позірк выпадкова.
I ў кожнай не табе абавязкова
Шукаў не абяцаны мне спакой.
Мне б толькі ў поўні выпытаць сакрэты.
Мне б ведаць, што мой сон не існаваў,
Не верыць, што чакаеш не мяне ты,
Пакуль марудна ліставей гартаю.
Цябе, што сам сабе наканаваў,
Ужо, напэўна, так і не спаткаю.
* * *
Жыццё пылінку вечнасці сваёй
Пазычыць пад настрой, але адразу
Цярпець прымусіць крыўду і абразу,
Вярнуць пазыку хочучы з ліхвой.
Хвароба ходзіць лекаркай глухой,
Пра што ні запытай, не дасць адказу.
І ў злой залеве не знайшоўшы лазу,
Стаяцьмеш пад дзюраваю страхой.
Пакора працавітая, нямая
Спяшаецца ў гасподу небыцця.
У доўг зямля жывое ўсё трымае.
Трасецца над адсоткамі мяняла.
Нябожчыка хаваюць ад жыцця,
Каб больш яно свой доўг не спаганяла.
* * *
Звінеў, як посуд, местачковы люд,
Хто йшоў, хто бег, нібы ўхапіўшы жару.
Мястэчка не бывае без базару,
Дзе клопат счэша ўсім бакі, як склюд.
I прадаваўся тут і цуд і ўпуд.
Хапала воку рознага тавару.
Вяртаўся адзінец дадому ўпару.
I на фунты шчадрэў скупечьі пуд.
Як снег, рублі навенькія хрумсцелі.
Нясмела пазяхалі Медзякі.
Як морква-каратЭлька, карацёлі
Дні ў маладзіц, якія прадавалі
Усмешкі лета з лёгкае рукі
I цяжка безбацькоўцаў гадавалі.
* * *
Былі сярпы вясёлыя ў жніва.
Як Млечны Шлях, іржысцілася ніва.
І туманоў старых начное сніва
Разгадвалася раніцай знава.
Хацела быць зялёнаю трава.
А быльнягова ўжо сівела грыва.
І перапёлку слухала раўніва
Жняя жыгучая, што крапіва.
Усмак нагасцяваўшыся ў прылецці,
Далёкае ад страт зямных і звад,
Глядзела неба, як жыруюць клеці.
Сноп, жніўнай песняю падперазаны,
І пузацеў, і вусацеў, як сват,
Ад рупатлівай ласкі і пашаны.
* * *
На згадку палыновы свой санет,
Унучка Дамінічка дарагая,
Пішу табе. I ўсмешка дагарае,
I карацее сцежка ў гэты свет.
Пачаў баяцца сноў і ўсіх прыкмет,
Пакуль цікуе самая благая.
Хай дамавік твой страх аберагае,
Каб воўк не наступіў табе на след.
Мне маладзіць душу твой выгук: дзедзя!
За шчырасцю старэць няма калі.
Бо старасць пешкі йдзе, а клопат едзе.
Цяжэе за спіной з гадамі клунак.
Ды затрымацца трэба на зямлі,
Калі паслала неба падарунак.
* * *
А мне й дагэтуль кожнаю зімой
Чуваць ахрыплы голас крыгалому,
Бо ён не хоча даручыць нікому
Вясціну, што настрой сагрэе мой.
Трашчыць сарока п’янаю кумой.
Праталінам таіць няўзмогу стому.
Сцяжынка сохне з гора, збегшы з дому,
Бяжыць і дзівіцца сабе самой.
Як хмары, крыгі крышацца сцюдзёна.
Як буталь, б’ецца крумкачовы крум.
У пеўня чуб, нібыта ў маладзёна.
Хутчэй разводдзю хочацца разліцца.
Плячмі здранцвелымі варушыць рум.
Рака зіму трымае, як капліца.
* * *
У прыцемкаў настрой паволі чах.
Свой плач згубіла за лугамі каня.
Бянтэжылася першае спатканне
Ў гародаў местачковых на вачах.
У стрыманым алешніку ў карчах
Ныў салавей, што позніцца змярканне.
Туман падняўся ў даўняе блуканне.
I смела чырванеў юначы страх.
Не ведалі, куды ім дзецца, рукі.
I вусны сіверылі, як ралля.
I сэрца прыглушыць не ўмела грукі.
А ўсё здавалася, што цемры мала.
Халоднае між голага галля
На ростанях расстанне сумавала.
* * *
Сарачыны — моўчкі сррак дзён
Над аселішчам душа блукала,
I гукала родных, і шукала,
Ці застаўся дзе ад працы плён.
Каня гэтак ліху наўздагон
Над гняздом прастуджанымканала.
Гэта ўсё на небе дасканала,
На зямлі адметны толькі скон.
Сорак птушак з выраю вясною
Будзе прылятаць на Саракі.
I душа з крылатай гаманою,
Можа, вернецца на пагасціны.
А пакуль што болей не з рукі
Поўніць жалем даўнія мясціны.
* * *
І ад сябе паціху адстаю,
Памалу смешным сам сабе раблюся.
Ды ад скаромнай подумкі ў спакусе
Яшчэ, як дол настылы, адтаю.
Мне маладую не дагнаць рую.
З самым сабой сагнацца не бяруся,
І з зайздрасцю пулятай не ў хаўрусе
Таймую неразборлівасць сваю.
Я адстаю, як адстае гадзіннік.
Мне цяжка быць самым сабой, былым.
Мой новы страх дрыжыць, як той асіннік.
Жарсць сватае маю світанак шэры.
Я ўжо цяпер, як беспрытульны дым,
Перад якім пазачынялі дзверы.
* * *
Мне сумна, як самотнаму ваўку.
Распальваю камін. З агнём жартую.
I незабытна ўепамінаю тую,
Што не збылася на маім Еяку.
Дзівосы толькі сняцца дзіваку.
Ён носіць торбу выгады пустую.
I сам сябе ратунак не ўратуе.
I трэба роўна йсці ў труну цвіку.
Падміргвае, як змоўца, таямніча
Агонь, пакліканы з былых вякоў.
I кліча й кліча слічнае аблічча
З тых дзён, што ўжо не вернуцца ніколі.
У смутка не бывае двайнікоў.
Самотніку не вырвацца з няволі.
* * *
Палае жарсцю стрыманы агмень.
Маўчыць лянота, ўцёкшы ад знямогі.
У шыбу б’ецца маладзік двухрогі –
Ён хоча свой сагрэць халодны цень.
Вітае цемру першую пламень.
Яна прысела ля агню з дарогі.
Ахвотна абабіўшы ўсе парогі,
Субожыўся і замаўкае дзень.
Спачыць каля бацькоўскага агменю
Душа аднойчы хоча як нідзе,
Удзячная свячэнню й прызначэнню.
І хата – маладая маладзіца –
За пазухай агмень схаваўшы, йдзе
За небасхіл спакою пакланіцца.
* * *
А тут набытае пакінем тут.
Там давядзецца ўсё пачаць нанова.
А ці спатрэбіцца там нават слова,
Каб абжываць незразумелы кут.
Глухога бытавання марны хлуд
Рос палынова, сціснуў валунова.
А там, відаць, няўлоўная выснова
Цяжэй гнясціме воблакам пакут.
Таму туды раней за нас матулі
Ідуць, каб зноў вучыць сваіх малых,
Каб там на іх нядобра не зірнулі.
Мы там прыдбаем звычкі незямныя,
Набудзем іншы зрок ды іншы слых,
Сябе забудзем, а душа заные.
* * *
Бацькоўскі стол у хаце гаспадар.
Сям’ю гуртуе ды гасцей частуе.
І, наліваючы сыту густую,
Салодзіць хмель, як шчодры вінадар.
Свой у святкоў і ў будняў каляндар.
І стол спагадай гонар іх ратуе.
Калі няўедна голад залютуе,
Аплаткай поўня ляжа на алтар.
Алтар стала, настольнікам засланы,
У хаце, як у стомленай царкве,
Прыручаны набожна да пашаны.
Сядзіць тут, галаву падпёршы, доля.
І столь, як неба, над сталом плыве,
Пакуль галосіць і пяе застолле.
* * *
Зазелянелі даўнія лугі.
Конь засмяяўся смехам непадкутым.
Шлях развінуўся разарваным путам.
І араллёй паснедалі плугі.
Рака свае пазнала берагі.
Дуб ацалелы высіцца магутам.
Нядоўга йскрынцы рахавацца з трутам.
Марнее даль ад смагі і смугі.
Усё, што запавешчана вякамі,
Чакае спадкаемцу, каб яму
Зрабіліся чужынцы сваякамі
І крэўнікі халодна ачужэлі.
Сноп на таку не дзякуе вязьму.
Зярнятку цёпла ў спадчыннай пасцелі.
* * *
У блізкім небе спавядаўся дым.
Гады, як недасушаныя дровы,
Гарэлі, каб мякчэў агонь суровы
І грэўся лёс пры вогнішчы рудым.
Мароз адно свой гонар цешыў тым,
Што зводзіліся цэлыя дубровы,
Каб чым было чарніць завеям бровы,
Раіцца іскрам – пчолам залатым.
Пусцеюць і дрывотні, і павеці.
Гамонку лісця ўспамінаюць пні.
Сцюдзёна ў хаце дзён і зябка ў свеце.
І мулка ў берагах прысталай плыні.
І ўсё душа чакае цеплыні.
І прысак, як сумёт, паціху стыне.
* * *
І яблыкамі б’е паклоны сад.
Сад у гадах, і з радасцю ратая
Скупой зямлі яе дары вяртае,
Кунегай зорак поўнячы пагляд.
Сад – як сям’я, дзе не бывае звад.
І толькі згода, шчырасцю святая,
Над душамі зялёнымі світае.
І на куце спакой сядзіць, як сват.
Сад, кшчоны скразнякамі й перунамі,
У лес, дзе ўся паганская радня,
Вяртаецца і снамі, і лістамі,
Што ўсім чытае яблынька лясная.
А ўночы вышыня, як птушаня,
На далані у саду засынае.
* * *
Да роднага парога на паклон
Ідуць усе парогі і сцяжыны.
Яны хутчэй спяшаюцца з чужыны,
Як у спякоту статак на паўдзён.
На ім добраславенне і заклён,
На ім сякеры след і след птушыны,
Цень ад даёнкі і ад дамавіны.
Яго пераступае звон і сон.
Не абмінае навіна благая –
Нібы нясе ў прыгоршчах вугалі.
Яму высокі ганак прысягае.
Сябе шукае згубленае ўчора.
І плечы разгарнуць няма калі.
Парог згарбеў ад радасці і гора.
* * *
Усё жыццё – туга па тым жыцці,
Якое пачыналася з калыскі,
Дзе космас быў, як курасаднік, блізкі,
Дзе льга было адказ на ўсё знайсці.
І на куце сядзелася куцці.
І смачна елася крупеня з міскі.
І цёплы дотык туманковай пыскі
Ішоў услед за ценем па лісці.
Смех недагнаных дзён гучыць далёка,
Як шаргунок вясельны пад дугой.
І першую слязу не помніць вока.
Адгадцы хочацца здзівіць загадку.
Жыццё з жыццём мяняецца тугой.
Душа чакае ўсё пачаць спачатку.
* * *
Як цёплы дождж ідзе па ярыне,
Тады здаецца, што хмурынкай стала
І мае ў небе клопату нямала,
Прыслужваючы маладой вясне.
Калі імгла лашчыны ахіне,
Здаецца, стала раніцай і дбала
Зноў завіхаецца, як і бывала,
Пакуль Купалка дрэмле ў баразне.
І не хапае голасу зязюлі.
І не хапае коласу святла.
І вушы слова добрага не чулі.
Прыгаслі вочы, як і дні, таксама.
І гэты свет у спадчыну дала
І закацілася, як сонца, Мама.