Ахвяры [Іван Пятровіч Шамякін] (fb2) читать постранично

- Ахвяры 656 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Іван Пятровіч Шамякін

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Іван Шамякін Ахвяры

1

У зямлянцы было цёмна. Ніколі раней буржуйка, добрае вынаходства, цяпер ужо, здавалася, далёкіх часоў грамадзянскай вайны, не дыміла, звычайна наганяла лазневуго цеплыню хутка, і ў такі вячэрні час нярэдка адчынялі дзверы, каб выветрыць сухую духату. Цяпер жа цеплыню выдзьмула за адну хвіліну, як толькі адчынілі дзверы.

На дварэ гуляла ранняя завіруха, злосная, як сама вайна, як нечаканае варожае нашэсце. Лес не шумеў — стагнаў многагалоса, то гудзеў трубна, то выў параненым воўкам, то плакаў мноствам дзіцячых галасоў. Вецер не прабіваў сцяну дрэў, а гнеўна кідаўся на зямлю з неба, праз вершаліны, слабеў у галлі, але асобныя яго струмені прарываліся ў «вокны» — у прагаліны ад паваленых для будаўніцтва лагера сосен,і ўзвіхрывалі калючы снег. Час ад часу такі ветраны абвал абрушваўся на зямлянку, на комін, і тады печ пыхкала полымем і дымам праз усе шчыліны.

Хворыя грудзі начальніка штаба Брагінскага раздзіраў пакутлівы кашаль. Капітан споўз са свайго драўлянага вузкага тапчана на падлогу, на яловыя лапкі, накрытыя нямецкай плашч-палаткай. Такім быў «ложак» самага маладога жыхара зямлянкі камісара Ігара Кіпеня: чацвёрты тапчан не змяшчаўся; калі будавалі зямлянку, у каманднай групе было трое.

Камандзір атрада Аляксей Іванавіч Ман сядзеў за сталом пад ліхтаром «лятучая мыш», язычок агню якога таксама хліпаў ад ветру ці дрэннай газы, і займаўся незвычайнай працай — выразаў з асінавай плашкі… міску. Атрымоўвалася гэта ў яго вельмі ладна. На стале апетытна бялелі ажно тры такія міскі — прадукцыя апошніх дзён. У атрадзе вастрасловы кпілі, што камандзір гандлюе міскамі і лыжкамі. Аляксей Іванавіч пасміхаўся ў сваю рыжую бараду. Было. Усё было. Вывозіў ён разы два свае міскі ў райцэнтр на рынак — хацеў уласнымі вачамі паглядзець на прадстаўнікоў новай улады — на немцаў, паліцаяў. Прадаваў свае вырабы камандзіру суседняга атрада даўняму сябру Цімоху Дзядзюлю. Толькі нікому не казаў пра цану: лыжка — абойма патронаў. Дзядзюля лаяў яго па-сяброўску: «Жмот ты! Гандляр! Шпекулянт!» Але не прызнаваўся, што лыжкі і міскі гэтыя памагаюць яму ў выглядзе лапцюжнага селяніна прабірацца ў Мінск і там куды больш выгадна выменьваць іх на рэчы не менш патрэбныя, чым патроны.

Ман слухаў кашаль таварыша, і ў яго па-бацькоўску балела сэрца. На шырокай яго лысіне выступілі буйныя кроплі поту, не столькі, пэўна, ад натугі пры рабоце разцом, колькі ад жалю і спачування. Між іншым, лысіна яго здзіўляла і захапляла маладых — Брагінскага і Кіпеня: у сорак два гады такі «аэрадром для мух», як ён сам жартаваў. А яшчэ больш, бадай, усіх у атрадзе здзіўляла барада: пры такім «голым полі» на галаве густы зараснік у ніжняй яе частцы. «Ад чаго гэта так?» — спытаў нехта з цікаўных партызан. Аляксей Іванавіч сам адказаў: «У гэтай каробцы што знаходзіцца? Апарат, які думае. А там, дзе кустарнік? Сківіцы. Яны жуюць. Робяць зарадку. Ад таго і расце на іх».

Брагінскі зноў зайшоўся ў кашлі, уткнуўшыся тварам у яшчарна-зялёную пляму плашч-палаткі.

Аляксей Іванавіч перасмыкнуўся, як ад уласнага болю.

— Лезь, Навум, на сваё ложа. Я выветру дым.

Калі капітан лёг на канапу, падышоў і памацаў лоб.

— Гарыш ты, брат. Ад раны ці ад прастуды?

— Ад раны.

— Усё ж лета маўчала.

— Маўчала. Я маўчаў. А яна крычала.

— Добра замерзне возера, прыляціць самалёт — адашлём цябе на Вялікую зямлю. Палечышся ў шпіталі.

— Не палячу. Хочаце пазбавіцца?

— Не крыўдзі мяне, хлопча.

— Прабачце, Аляксей Іванавіч.

З адкрытых дзвярэй шуганула снежным зарадам, а з печкі — дымам.

— А, чорт! Во круціць!

— Комін у нас нізкі.

— Нізкі. Куплю ў Дзядзюлі бляху — скляплю трубы. Такія самавары паставім!

— Вы ўсё ўмееце.

Ман зачыніў дзверы і зноў. вярнуўся да хворага, зноў памацаў яго галаву.

— Усё не ўсё, але што-нішто ўмею. Рабіў я і бляхаром. Вадасцёкавыя трубы кляпаў. Во стары жмот, Дзядзюля. Тэрмометр не прадаў. Папросіць ён у мяне…

— У вас гэта сур’ёзна? Ці гульня?

— Што?

— Купля-прадажа.

— Сур’ёзна.

— Вы і мяне купілі?

Ман засмяяўся.

— Во гумарыст! Цябе Дзядзюля аддаў за так.

— Каб пазбавіцца?

— Зноў ты, Навум, гародзіш храновіну. Цябе я сам папрасіў. Гэта ж скарб — мець такога адукаванага вайскоўца.

— Каб здаровага.

— Хто ведае так зброю. I сваю. I — што важна — нямецкую. I тактыку.

— Ніхто нас не вучыў партызанскай тактыцы. А дарэмна. Ніхто не думаў, што прыйдзецца ваяваць на сваёй зямлі.

— Мы з табой нядрэнна ўжо яе асвоілі, нашу тактыку. I стратэгію адужаем. Усё адужаем. Не хварэй толькі.

Брагінскага раніла ў пачатку вайны, пры абароне Мінска, калі фашысцкія танкі абыходзілі горад з поўначы. Раніла цяжка. Куля прабіла грудзі, правае лёгкае навылет. Армейскія медыкі вынеслі прысуд: не транспартабельны. Але знайшлася добрая душа — калгаснік з Раўбіч, адвёз у Мінск у бальніцу ўжо тады, калі ў горадзе гаспадарылі немцы, але не СД яшчэ —