Анёл [Генрик Сенкевич] (fb2) читать онлайн

- Анёл (пер. Зьміцер Ятчэня) 27 Кб скачать: (fb2)  читать: (полностью) - (постранично) - Генрик Сенкевич

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Генрык Сянкевіч Анёл

Замалёўка вясковага жыцьця
Пахаваўшы Калікставу, у гарадку Дзерышкураве адслужылі па ёй паніхіду, а пасьля паніхіды ў касьцёле засталося яшчэ некалькі старых, каб дасьпяваць псальмы. Было толькі чатыры гадзіны папоўдні, але ўзімку ў гэты час сонца ўжо сядае, і ў касьцёле было цёмна. Незвычайна вялікі алтар тануў у змроку; дзьве сьвечкі ледзьве гарэлі каля даразахавальніцы, і іх трапяткое полымя слаба асьвятляла залатыя дзьверцы і над імі ногі расьпятага на крыжы Збавіцеля, прабітыя велізарным цьвіком. Галоўка гэтага цьвіка вылучалася на алтары круглай бліскучай кропкай. Астатнія сьвечкі толькі што загасілі, і над імі віліся тоненькія струменьчыкі дыму, напаўняючы паветра чыста царкоўным пахам воску.

Ля падножжа алтара мітусіліся стары і хлопчык. Адзін падметаў, іншы сьцягваў палас з прыступак. У тыя хвіліны, калі бабы пераставалі сьпяваць, чутна было, як стары злосным шэптам лае хлопчыка і як аб занесеныя сьнегам вокны б'юцца вераб'і, якім халодна і галодна было на двары.

Жанчыны з малітоўнікамі сядзелі на лавах ля ўваходных дзьвярэй. Там было б яшчэ цямней, калі б ня некалькі сальных сьвечак, якія яны запалілі, каб палегчыць сабе чытаньне. Полымя адной сьвечкі даволі ясна асьвятляла пратэсу з малюнкам грэшнікаў, пякельнага полымя і чарцей, прымацаваную да стаячай наперадзе лавы. На іншых харугвах нельга было нічога разабраць.

Жанчыны, якія сядзелі на лавах, не сьпявалі, а мармыталі соннымі галасамі псальм, у якім увесь час паўтараліся словы:

Калі прыйдзе нашая апошняя гадзіна,
Перад Сынам будзь заступніцай за нас…
Пануючы ў касьцёле прыцемак, пратэсы, якія тырчалі над лавамі, жоўтыя твары старых, палахліва міргаючыя агеньчыкі сьвечак — усё гэта выклікала панурае пачуцьцё і нават страх. Маркотная памінальная песьня толькі дапаўняла навакольны стан.

Часам жанчыны пераставалі сьпяваць; адна зь іх уставала з лавы і дрыготкім голасам гаварыла: «Багародзіца, дзева, радуйся». Астатнія падхоплівалі: «Госпад з табою…» Але паколькі ў той дзень пахавалі Калікставу, яны пасьля «Багародзіцы» дадавалі: «Царства нябеснае і вечны супакой падай, Госпадзі, спачыўшай рабе тваёй і ўчыні ёй вечную памяць».

Марыся, дачка Калікставай, сядзела на лаве побач з адной са старых. На сьвежую магілу яе маці ў тую хвіліну ціха падаў пухнаты снег, але дзяўчынцы было ўсяго дзесяць гадоў, і яна, здавалася, не ўсьведамляла ні сваёй згубы, ні той спагады, якую выклікала. Яе тварык зь велізарнымі блакітнымі вачамі быў па-дзіцячы ціхамірны і нават безуважны. На ім праступала толькі лёгкая цікаўнасьць — ня больш. Раскрыўшы рот, яна засяроджана глядзела на харугву, дзе былі намаляваныя грэшнікі ў пякельным агне, потым перавяла позірк у глыб касьцёла, потым на вокны, у якія біліся вераб'і.

Вочы яе глядзелі ўсе гэтак жа абыякава. Бабы між тым у дзесяты раз прыняліся мармытаць соннымі галасамі:

Калі прыйдзе нашая апошняя гадзіна…
Дзяўчынка накручвала на палец пасмак сваіх сьветлых валасоў, заплеценых ззаду ў дзьве касічкі, тоненькія, як мышыныя хвосьцікі. Ёй, відаць, было сумна. Але раптам яе ўвагу прыцягнуў стары. Ён выйшаў на сярэдзіну касьцёла і стаў тузаць вузлаватую вяроўку, якая зьвісала са столі. Званіў ён па Калікставай, але рабіў гэта цалкам механічна, думаючы, мусіць, аб чымсьці сваім.

Звон гэты азначаў таксама, што вячэрняя служба скончана. Бабы, паўтарыўшы ў апошні раз сваю просьбу аб паданьні ім лёгкага скону, выйшлі з касьцёла на рынак. Адна зь іх вяла за руку Марысю.

— Кулікова, — спытала ў яе іншая, — што мяркуеце зь дзяўчынкай рабіць?

— А што зь ёй рабіць? Вось паедзе Войцэк Маргула, якога на пошту прыслалі, назад ў Ляшчынец, ён яе і захопіць. А то куды ж яе падзець?

— А ў Ляшчынцы што яна рабіць будзе?

— І-і, мілая! Ды тое ж, што і тут. Хай ужо ідзе, адкуль прыйшла. Глядзіш, і ў маёнтку прытуляць сірату, дазволяць пераначаваць у халопскай.

Размаўляючы так, ішлі яны праз рынкавую плошчу да карчмы. Прыцемак гусьцеў. Стаяла ціхае зімовае надвор'е; неба завалаклі хмары, і было сыра, пахла талым сьнегам. З дахаў падалі кроплі, плошчу пакрывала брудная мешаніна са сьнегу і саломы. У гарадку зь яго бездапаможнымі, аблезлымі хацінамі было гэтак жа маркотна, няўтульна, як і ў касьцёле. Сям-там у вокнах сьвяціліся агеньчыкі; дзённая мітусьня суцішылася, і толькі ў карчме катарынка грала аберэк.

Іграла яна, заклікаючы гасьцей. У карчме не было ні душы. Бабы ўвайшлі, выпілі гарэлкі. Кулікова і Марысе працягнула паўшклянкі з такімі словамі:

— На-вось, глыні. Сірата ты зараз, не відаць табе больш ласкі.

Слова «сірата» нагадала жанчынам сьмерць Калікставай.

— За вашае здароўе, Кулікова! Выпіце! — сказала Капусьцінская. — І-і, касаткі! Як яе паляруш-та схапіў, яна і слова сказаць не пасьпела. Ксёндз спавядаць прыйшоў, а яна ўжо халодная ляжыць.

Кулікова на гэта заўважыла:

— Я ўжо даўно гаварыла, што яна на ладан дыхае. Надоечы прыйшла яна да мяне ў нядзелю, я і кажу ёй: «Гэх, Калікстава, Калікстава, аддалі б вы лепш Марыську ў маёнтак». А яна адказвае: «Адна яна ў мяне на сьвеце, нікому я яе не аддам». А сама ў сьлёзы, відаць зьвялася ўся. Потым пайшла ў канцылярыю, да войта, паперы выправіць. Чатыры злотых і шэсьць грошай каштавала ёй тая папера. «Для дачушкі, кажа, ня шкода». І-і, касаткі! У яе ў тую пару вочы ўжо былі высалаплены, а пасьля сьмерці дык зусім выкаціліся. Хацелі іх закрыць, ды колькі не спрабавалі, нічога не атрымалася. Людзі казалі, што яна, маўляў, і памёрлая ўсё на дачку сваю глядзела.

— Вып'ем з гора яшчэ па чарцы!

Катарынка ўсё іграла плясавую. Жанчыны зьлёгку ап'янелі. Кулікова ўсё паўтарала жаласным голасам: «Бедная ты, бедная», а Капусьцінская ўзгадала свайго мужа-нябожчыка:

— Як паміраў ён, то ўжо так уздыхаў, так уздыхаў, так уздыхаў… — паўтарала яна і, расьцягваючы словы, мімаволі стала паўтараць іх нарасьпеў, у такт катарынцы, а потым і зусім перайшла на матыў аберэку і, падпёршы галаву рукою, засьпявала:

Ён уздыхаў, уздыхаў, уздыхаў,
Ой, уздыхаў, як паміраў!
Але раптам моцна заплакала, кінула шэсьць грошай катарыншчыку і выпіла яшчэ гарэлкі. Кулікова таксама расчулілася, але яна выліла свае пачуцьці на Марысю:

— Не забудзь, сіротка, што сказаў табе пан ксёндз, калі мамку тваю ў зямлю зарывалі: азёл захоўвае цябе… — Тут яна раптам замоўкла і, зьдзіўленым поглядам паглядзеўшы вакол, зь незвычайнай энергіяй дадала:

— Гавару азёл — значыць, азёл!

Ніхто ёй не пярэчыў. Марыся, бездапаможна лыпаючы сваімі беднымі бязглуздымі вочкамі, утаропілася на Кулікову, а тая працягвала:

— Ты сіротка, да цябе нячыстая сіла не прыстане, Сіротаў азёл захоўвае. Ён добры. На, вось табе дзесяць грошай. Ідзі хоць пехам у Ляшчынец, усё роўна не заблудзішся: ён цябе давядзе.

Капусьцінская засьпявала:

Пад шатамі крылаў захоўвае вечна,
Яго абароне аддайся ты бясьпечна.
— Цішэй! — крыкнула Кулікова і ізноў зьвярнулася да Марысі: — Кажы, бязглуздая, хто захоўвае цябе?

— Азёл, — тоненькім голасам адказала дзяўчынка.

— Сірацінка ты, ягадка мая, кветачка! Азёл з крылкамі цябе

захоўвае, — зусім разчуліўшыся, прамармытала Кулікова і зь п'яным, але шчырым імпэтам прыціснула дзяўчынку да сваіх грудзей.

Дзяўчынка заплакала. У гэты момант у яе някемлівай галоўцы і неспакусьлівым сэрцы, напэўна, абудзілася нейкая смутная здагадка. Карчмар моцна спаў за стойкай, сальныя сьвечкі аплылі грыбамі; катарыншчык перастаў граць: яго забаўляла сцэна, якая адбывалася ў яго на вачах.

У карчме наступіла цішыня, але вось за дзьвярамі зачаўкалі па брудзе капыты і хтосьці крыкнуў:

— Тпру!

Увайшоў Войцэк Маргула з запаленым ліхтаром. Паставіўшы яго на падлогу, ён стаў махаць рукамі, каб разагрэцца, а потым крыкнуў карчмару:

— Дай-ка шкляначку!

— Маргула, мядзьведзь цябе задзяры, — усклікнула Кулікова, — адвязі дзяўчынку ў Ляшчынец!

— Як не адвезьці, калі загадана, — адказаў ён і, прыглядаючыся да бабаў, заўважыў: — Ну і набраліся вы, як…

— Ды прападзі ты пропадам… — гыркнула Кулікова. — Кажу, беражы дзяўчынку — значыць, беражы. Сірата яна. Ведаеш ты, неслух, хто захоўвае яе?

Але Войцэк не захацеў адказваць: гэты прадмет, відаць, мала яго займаў, і ён зьвярнуўся да іншага, гэта значыць да кілішка з гарэлкай.

— Каб вам… — пачаў было ён, але не дагаварыў, таму што ў гэты момант перакуліў гарэлку ў рот, зморшчыўся, плюнуў і, ставячы кілішак, незадаволена сказаў: — Ды гэта ж вада, а не гарэлка. Налі-ка зь іншай бутэлькі!

Карчмар наліў зь іншай. Войцэк выпіў і зморшчыўся яшчэ мацней:

— А арака ў цябе ня знойдзецца?

Маргуле, відавочна, пагражала тая ж небясьпека, што і бабам. Варта, аднак, прыняць да ўвагі, што ў гэта самы час дзерышкураўскі памешчык складаў для аднога часапіса вялізны і вычарпальны трактат пад назвай: «Права землеўладальніка на вінны водкуп — аснова грамадскага ладу». Такім чынам, Войцэк, сам таго ня ведаючы, садзейнічаў умацаваньню грамадскіх звычаяў, тым больш што гэтая ўстанова, хоць і знаходзілася ў гарадку, належыла памешчыку.

Уносячы свой уклад гэтак разоў пяць запар, Войцэк, праўда, забыў пра ліхтар, у якім згасла сьвечка, але затое не забыў пра Марысю. Узяўшы паўсонную дзяўчынку за руку, ён сказаў:

— Хадзем, заморак!

Бабы заснулі ў сваім куце, і ніхто не разьвітаўся з Марысяй. Што ж, справа жыцьцёвае: маці яе засталася ляжаць на могілках у Дзерышкураве, а яна ехала ў Ляшчынец.

Яны выйшлі, уселіся; Маргула крыкнуў: «Но-о!» — і коні крануліся.

Спачатку сані з цяжкасьцю цягнуліся па вулічным брудзе, але хутка коні вынеслі іх на шырокія белыя палі. Сані лёгка засьлізгалі па сьнезе, які ледзь чутна скрыпеў пад палозьзямі. Толькі зрэдку фыркаў конь ды дзесьці далёка-далёка брахала сабака.

Так яны ехалі ды ехалі. Войцэк паганяў і напяваў сабе пад нос: «Ці памятаеш, лайдак, што мне абяцаў…» Але хутка ён замоўк і стаў дзяўбці носам. Кіўнуўся направа, налева… Яму сьнілася, быццам у Ляшчынце яму надавалі па шыі за тое, што ён страціў кайстру зь лістамі, і скрозь сон ён час ад часу мармытаў «Каб вас!» Марыся не спала, ёй было халодна. Шырока раскрытымі вачамі глядзела яна на белыя палі, якія час ад часу закрывала чорная сьпіна Маргулы. Глядзела і думала: «Матуля памерла», і ў яе ўяўленьні ўсплывала бледная, худая постаць маці з вачамі навыкат. Смутна яна ўсьведамляла, што «матулі», якую яна так любіла, няма ўжо ў Ляшчынце і больш ніколі-ніколі там не будзе. Бо яна сваімі вачамі бачыла, як яе зарывалі ў зямлю. Марыся, мажліва, заплакала б з гора, успамінаючы ўсе гэта, але ў яе замерзлі ногі, і яна заплакала ад холаду.

Марозу, праўда, не было, але надвор'е было ёдкае, як заўжды ў адлігу. У Войцэка прынамсі хоць кіндзюк захоўваў ладны запас цяпла, атрыманы ў карчме. Дзерышкураўскі памешчык правільна адзначаў, што «узімку гарэлка грэе, а паколькі яна для мужыка — адзіная пацеха, то, такім чынам, пазбаўляючы буйных землеўладальнікаў выключнага права несьці гэтую пацеху ў народ, іх пазбаўляюць і магчымасьці ўплываць на яго». На гэтай раз Войцэк так нацешыўся ў карчме, што нішто на сьвеце яго не магло б азмрочыць.

Не азмрочылі яго і тыя абставіны, што, дасягнуўшы лесу, коні пайшлі крокам, хаця дарога тут была куды лепшая, а потым забралі ў бок і перакулілі сані ў прыдарожны роў. Ён, праўда, прачнуўся, але так і ня ўкеміў, у чым справа.

Марыся пачала яго штурхаць:

— Войцэк!

— Чаго пішчыш?

— Мы перакуліліся.

Але Войцэк буркнуў: «Кілішак?» — ды ізноў моцна заснуў.

Дзяўчынка, сьціснуўшыся ў клубочак, прысела каля саней. Але твар ў яе хутка зусім застыў, і яна ізноў пачала штурхаць сьпячага:

— Войцэк!

Адказу не было.

— Войцэк, дадому хачу! — сказала Марыся і, трохі пазьней, дадала: — Войцэк, я пехам пайду!

І яна пайшла. Ёй здавалася, што да Ляшчынца зусім блізка. Дарога была знаёмая, яна кожную нядзелю хадзіла па ёй з маці ў касьцёл. Але сёньня яна ішла адна. Нягледзячы на адлігу, у лесе ляжаў глыбокі сьнег. Затое ноч была зусім сьветлая. Сьнег блішчэў, у вышыні сьвяціліся хмары, і ў гэтым зьзяньні дарога была бачная, як днём. Скіраваўшы погляд у глыбіню цёмнага лесу, Марыся выразна адрозьнівала ўдалечыні чорныя нерухомыя рулі дрэваў, якія выразна выступалі на белым фоне. Бачыла яна і сьнег, які цалкам абляпіў іх. Нейкі ўсёабдымны спакой быў разьліты ў лесе, і ён надаваў дзяўчынцы адвагі. З галінак, на якія намёрз грубы ледзяны корак, падалі кроплі і з ціхім шоргатам разьбіваліся аб галіны і дол. Апроч гэтага слабога шоргату, у лесе не было чутна ні гуку. Маўклівасьць, глухмень, цішыня і сьнег, сьнег вакол.

Вецер суцішыўся. Абсыпаныя сьнегам галінкі не зварухнуцца. Усё спала зімовым сном. Здавалася, быццам беласьнежны абрус, засьцілаўшы зямлю, і маўклівы, занесены сьнегам лес, і бледныя хмары на небе — усё зьлілося ў адну суцэльную зьмярцьвелую беласьць. Так бывае ў адлігу. Адзінай жывой істотай, якая, нібы малюсенькая чорная кропачка, рухалася сярод гэтых бязмоўных волатаў, была Марыся. Мілы, добры лес! Можа, гэта не вада капае, а сьлёзы льюцца над сіратой. Такія вялікія дрэвы, а як шкадуюць бедненькую. Бедная, слабенькая ідзе яна адна-адзіная ноччу па занесеным снегам лесе, але зь верай — і ўсё яна зможа! Ясная ноч нібы ахоўвае яе. Ёсьць нешта незвычайна жаласьлівае ў тым, што маленькая безабаронная істота даецца гэткай магутнай сіле. Так і ўсё існае аддаецца на волю Божую. Дзяўчынка ішла доўга і, нарэшце, зусім выбілася з сілаў. Ёй заміналі ісьці вялікія цяжкія боты, якія штохвілінна спадалі зь яе маленькіх ножак. Нялёгка было выцягваць са сьнегу гэтыя велізарныя боты. Да таго ж і рукі ў яе былі занятыя: у адной, выцягнутай з высілкам наперад, яна моцна сьціскала дзесяць грошай, падораных Куліковай. Яна баялася выраніць іх ў сьнег. Часам дзяўчынка прымалася голасна плакаць, але адразу ж змаўкала, нібы хацела праверыць, ці не пачуе хто яе плачучай. Так, лес чуў яе. Кроплі шапацелі неяк асабліва аднагучна і жаласна. А можа, дзяўчынку чуў і хтосьці яшчэ? Марыся ішла ўсе цішэй і цішэй. Ці ж не заблукала яна? Ды дзе там! Дарога шырокай белай стужкай, звужаючыся ўдалечыні, бяжыць між двума сьценамі цёмных дрэваў. Дзяўчынка хацела спаць.

Яна сышла з дарогі і прысела пад дрэвам. Вочкі ў яе закрываліся. Вось ёй здаецца, быццам «матуля» сьпяшаецца да яе з могілкак па белай раўніне. Але нікога няма. Дзяўчынка, аднак, была ўпэўненая, што хтосьці павінен прыйсьці. Хто ж? Анёл. Бо старая Кулікова гаварыла, што «азёл» яе захоўвае. Марыся нават ведала, які ён. У іх хатцы быў намаляваны на малюнку анёл з крыламі і зь лілеяй у руцэ. Ён абавязкова прыйдзе. Кроплі закапалі галасьней. Гэта, мусіць, анёл крыламі крануў за галінкі. Тсс! Хтосьці ідзе сюды, чутна, як шоргае друзлы сьнег, крокі ўсё бліжэй і бліжэй — асьцярожныя, але пасьпешлівыя. Марыся даверліва адчыняе сонныя вочы.

Што гэта?

Шэрая, клінаватая галава з тырчачымі вушамі ўтаропілася на дзяўчынку… страшная, агідная.


1878