Дзве душы [Максім Гарэцкі] (fb2) читать постранично, страница - 2

- Дзве душы 422 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Максім Гарэцкі

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

клясы, куды і яму дазволілі сесці, як хвораму; унізе — грэбліва маўклівы, панскае пароды гвардзейскі афіцэр, а на спальнай паліцы — ён, «прапаршчык армейскі».

Шпарка імчаўся поезд сярод ціхой ліпнёвай начы. У расчыненае вакно блішчэлі далёкія, далёкія, рэдкія зорачкі з чорнага густога і цёплага бяздоння. Унізе за вакном хапаліся ўцячы назад курганкі і лагчыны з паснулымі кустамі, прыніклым нанач да зямлі жытам і араматнаю травою; сунуліся, аставаўшыся, цёмныя стаўбы з дратамі, што плывуць патроху ўгару, то раптам скідаюцца ўніз і ўзноў то паволі, то барджэй усплываюць з мёртвым блісканнем ад святла ў вакне. Некампанейскі папутнік Абдзіраловіча паважна зняў з сеткі падарожную лазобачку, звонка адамкнуў яе, дастаў пакуначкі з ядою, расклаў на століку, выцягнуў бутэльку і чарачку, не ўважаў на троху нясціплы пагляд суседа з паліцы, і пачаў апетытна са смакам есці вялікі кавалак пражонага парасяці — хрупаў зарумяненай скурачкай, — потым — нейкую дзічыну, тварожнічкі, піражкі. Доўга абчышчаў жоўтую, прыгожую, надта вялікую ігрушу і чмокаў, ад'ядаў буйныя, сакавыя кускі.

Абдзіраловіч пашуршэў газетаю, которая тхнула свежаю друкарскаю фарбаю, зморана паляжаў нейкі час у нерухомых моўчках з выцягнутымі ўздоўж цела рукамі і неадназначнаю думкаю.

Гвардзеец выцер чырвоны, мяккі і губасты рот (на верхняй голенай губе, збоку, чорная барадавачка) салфеткаю з вялізнымі на ёй ініцыяламі пад каронаю; потым ручніком — пульхлыя, холеныя рукі і пачаў усё класці назад у лазобачку.

Абдзіраловіч меў ваўчыны апетыт за ўвесь час лепшання пасля хваробы і цяпер надарма з ім змагаўся, глытаў слюню, чуў нейкую знялюбеласць да гвардзейца, што сам не можа гэтак пад'есці.

Закурыў папіроску і высунуўея ў вакно пад прыемны халадок лёгкага дзьмухання ночы.

Пасля месяца цяжкой хваробы ў дывізійным лазарэце, пасля мучэнняў і турбот на пазіцыі, дзе быццам у захвіцэнню быў даўнейшы, маладых лецяў, дух яго, пасля прыкра-надакучлівай маруднасці на пунктах і вакзалах, доктарскіх камісіях ён з радасцю і бясклопатным чуццём лёгкасці і спакою ў ачунялым целе ўглядаўся ў соннае поле і дыхаў араматам сена і красак. Яму здавалася, што ізноў адраджаецца да жыцця… Заварочаліся ўспаміны аб далёкіх гадох маленства, калі аднойчы ўцёк з двара ў поле, глядзеў, як косяць сена, абедаў з касцамі і качаўся на свежым пахучым сене, бегаў басанож па колкай сенажаці.

Ах, як гэтыя думкі і гэтая прынадная ноч сярод палёў, у грымячым поезду, на мяккіх, зыбкіх падушках, ах, як ізноў захвалявалі яны сэрца, што ўзята ад зямлі і вечна туды, да яе, цягнецца, ёю вабіцца і да яе гукае сярод чужога і непрыемнага.

Гвардзеец выйняў коўдрачку, падушачку, пазваніў правадніку і з яго памаганнем асцярожна здзеў бліскучыя, кволыя боцікі; потым, адпусціўшы яго, раздзеўся, склаў сцеражліва фрэнч, скінуў з яго пухавінку, лёг, увінуўся і заснуў з маленькім свістаннем у носе.

З грыменнем налятаў поезд на масты, паціху сіпеў пад гару, лёгка імчаўся па роўнядзі сярод чорных кучак хат і садоў, дзе там а там блішчэлі жоўценькім і ціхім вясковым святлом вакенцы, а далёка, у розных канцох, чуваць было, гаўкалі сабакі ў невядомым рускім сяле.

Летуцелася аб працы ў вольнай старонцы, аб дзеельнасці…

Усё здавалася цяпер харошым, ясным і духоўна, нез'ясніма на словах, зразумелым.

Навет абраз грознага, няправеднага бацькі, каторы адрокся ад нарадалюбца і апрашчоніка і быў рад, што яго выкінулі з універсітэта, навет ён не быў цяпер балючым яму зданнём.

І, гледзячы на гэтага сытага, крывістага гвардзейца, ён з сумнымі думкамі нагадаў баявы ўчастак свае роты ў Палессю, у лесе і балоце… Рота таяла. Цынга і крываўка адменелі яе склад так скора! І ах, — тыя часы, калі пад вясну запаланілі роту быўшыя жандары і кадравыя запасных батальёнаў… І ах, — тыя часы, калі велікаросы пабілі капітана N. — украінскага самасційніка… І ах, — тыя часы, калі мусіў з фальшам на душы ўмаўляць людзей, каб цярпліва знасілі гэтае абрыдлае жыццё…

Ён пачуў прыкрасць і што чырванее, адылі зараз уздыхнуў лёгка і спакойна.

— Лепшаю, — казаў ён сам сабе, адхіляючыся ад вакна і кладучы замест падушкі шэрую, шорсткую, але якуюсь люба-блізкую шынэль, — лепшаю!

Уранні, пад Масквою, прачнуўся ціхамірны і здаволены ўсім наўкола і сваёй доляю.

А па небе хадзілі хмары, ужо курыўся ля закапцелых фабрычных комінаў дробны дожджык і часам гусцеў і буйнеў.

— У дождж прыехаў: шчасце, — думаў сабе.

Калі злазіў па сходнях на перон, заўважыў і пачуў, што дужэй ступаюць ногі, што не дрыжаць так, як там, палохаючы, дзе падсаджвалі яго ў вагон санітары Чырвонага Крыжа.

Абдаўся вакзальным клумам і сумятлівасцю.

Беглі нашэльнікі, важка пхнулі вялізазны воз скрынак, вузлоў і кошыкаў. Дробненька стукалі ножкамі даўно не бачаныя гарадзянкі.

Ціхамірны і здаволены сабою, пазіраў на іх, уцяшаўся, што не чуе таго даўнейшага, што пачынаецца так салодка і прыгожа, а мае па сабе нуду і пусткі.

У буфеце праштурхаўся, сярод