Усякая ўсячына [Кастусь Акула] (fb2) читать онлайн

- Усякая ўсячына 178 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Кастусь Акула

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Кастусь Акула

Тараканы ў саладусе



ДЗЕЯЧЫЯ АСОБЫ:

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

ЗЬЯВА 1-я.

ЗЬЯВА 2-я

ЗЬЯВА 3-я

ЗЬЯВА 4-я

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

ЗЬЯВА 1-я

ЗЬЯВА 2-я

ЗЬЯВА 3-я

ЗЬЯВА 4-я

ЗЬЯВА 5-я

ЗЬЯВА 6-я

ЗЬЯВА 7-я

ЗЬЯВА 8-я

ЗЬЯВА 9-я

ДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ

ЗЬЯВА 1-я

ЗЬЯВА 2-я

ЗЬЯВА 3-я

ЗЬЯВА 4-я


ДЗЕЯЧЫЯ АСОБЫ:

1. СЬЦЯПАН ПІНКЕВІЧ (ПІНК) - новапрыехаўшы ў Канаду беларускі селянін, каля 40 год.

2. МАРЫЛЯ - яго жонка, у тым жа веку.

3. ВАСІЛЬ (БІЛ) - сын, 9-13 год.

4. ТАНЯ (ТОНІ) - дачка, 16-20 год.

5. ДЖОЎ - Канадыец, залётнік Тані, 18-22 гады.

6. ЯНКА ЖЫХАР - старшыня Беларускае Касы Самапомачы, у сярэдніх гадах.

7. МІКОЛА КОРЧ - сакратар тае-ж Касы, 20-24 гады

8. ДЖАН - канадыйскі фармар, старэйшы

9. СЯБРА ЎПРАВЫ КАСЫ


ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

Сярэдняй вялічыні пакой у бараку перахаднога абозу. Пасярод - стол і два ўслоны. У адным куце ляжаць клункі з вопраткай, у іншым - куча брашураў-"комікаў". Зь левага боку дзьверы. На правай сьцяне люстэрка, пасярод - вакно.


ЗЬЯВА 1-я.

Янка Жыхар і Мікола Корч.


Янка сядзіць каля стала, Мікола ходзіць па пакоі, часта заглядаючы ў вакно. Абодвы апрануты палетняму.


МІКОЛА: Ты пэўны, што мы ў іхны пакой трапілі?


ЯНКА: Пэўны?... Нумар вунь, як бык, стаіць на дзвярох. У чый-жа, калі ня іхны? (Устае ад стала).


МІКОЛА: Дзе, ты думеш, маглі яны дзецца? Паведамляў-жа, што на чацьвёртую тут будзем (паглядае на гадзіньнік). А ты ведаеш, што я сягоньня да Шабэлка на вясельле быў запрошаны?


ЯНКА: Ідзі ты!...


МІКОЛА: Запраўды. І змушаны быў адмовіцца, каб гэтым людзям памагчы. Дый ня надта мне хацелася, бо із Полькай жэніцца.


ЯНКА: Зь кім гэта?


МІКОЛА: Хіба-ж ты ня ведаеш?


ЯНКА: З тэй Ядвісяй?


МІКОЛА: Так. Із тэй самай паннай Ядвісяй.


ЯНКА: Мусіць добра яго забрытала...


МІКОЛА: А як-жа! Ды яшчэ як забрытала! Ізноў, як той казаў, адзін з нашых Беларусаў замуж выходзіць.


ЯНКА: Як гэта ты кажаш - выходзіць замуж? Хіба-ж жэніцца?


МІКОЛА: Ды якраз што ня жэніцца, а выходзіць замуж, бо вянчаецца ў польскім касьцеле, хоць сам і праваслаўны. Ды баба ўжо добра яго на свой капыл перакруціла. Каб ты толькі чуў! Так пшэкае і цоцкае зь ёй папольску, што аж слухаць брыдка. Ужо сябе й Беларусам лічыць перастае.


ЯНКА: Вось яно як. А такі, здаецца, быў сьведамы й добры хлопец.


МІКОЛА(гіранічна): Надзвычайна добры. І сяньня нічога нельга яму закінуць, апроч мяшка на галаву.


ЯНКА: Сьмех на бок, але сумнае зьявішча. Прападаюць нашыя людзі - дзе за спадніцу, а дзе за дурніцу...


МІКОЛА: Ну і як-бы гэтаму запабегчы?


ЯНКА: Больш усьведамленьня трэба, актыўнасьці нашых арганізацыяў. Асабліва моладзь трэба зактывізаваць, даць ім спорт, гульні, чытаць павучальныя творы, даклады, ставіць п'есы... Божа мой, колькі карыснага можна й трэба было-б зрабіць, абы толькі мага каму...


МІКОЛА: Вось тут, як кажуць, цэлы сабака закапаны, што каб было каму. Праекты - адно, а практычная шэрая штодзённая грамадзкая праца - гэта іншае. Зрэшты, слабыя адыйдуць, а моцныя застануцца.


ЯНКА: Між іншага, гаворачы аб мясцовых абставінах і нашых людзях, чуў я пра адно вельмі сьмешнае здарэньне. Праўда гэта, ці не, сам мяркуй. Значыцца, прыехала сям'я - муж і жонка ў Канаду. Пасяліліся ў горадзе. Пачалі абжывацца. Жанчына хутка завяла знаёмства з суседкай, нейкай галічанкай, якая лепш ведала мясцовыя парадкі. Вось тая суседка, - ведаеш якія суседзі бываюць: на добрае й благое цябе зьвядуць, - убіла гэтай жанчыне ў галаву, што тутака ў Канадзе бабы ўсе правы за сабой маюць, гэтта значыцца, што яны, а ня мужчыны могуць усім загадваць. Нашай жанчыне гэта вельмі спадабалася і, доўга ня думаючы, пастанавіла яна гэных жаночых правоў скаштаваць...


Прыходзіць аднойчы муж з працы і глядзіць, ажно няма вячэры. Думае чалавек, мо баба захварэла, ці што, бярэ й сам рыхтуе вячэру. Але на другі й трэці дзень - тое самае. Тут ужо пытаецца муж жонку ў чым справа, чаму такая раптоўная й бязь ніякіх прычынаў зьмена. А баба яму ў вадказ: - калі ты да гэтага часу ня чуў, што ў Канадзе бабы пануюць і ўсе правы за сабой маюць, дык пара ўжо, каб пераканаўся. Ад гэтага часу ты будзеш ня толькі для сябе, але й для мяне страву рыхтаваць, а я буду рабіць, што мне ўздумаецца, і табе яшчэ загадваць! Во як!


Баба мерку перабрала. Муж ня выцерпеў і так яе аплявушыў, што аж зоркі ўбачыла. Выбегла жанчына на вуліцу й крычыць на ўсё горла, паліцыю кліча. Адкуль ні вазьміся, прыбег паліцыянт. Але жанчына ня ўмела паангельску гаварыць. Дык плача, паказвае на шчаку ды ўсё паўтарае: - тут! тут! значыцца, што тут яе муж зьбіў.


Слова "тут", паангельску tooth абазначае зуб. Паліцыянт падумаў, што жанчыне зуб так моцна баліць, дык бярэ й цягне яе да дэнтысты.

(Хлопцы пачынаюць рагатаць).


Дэнтыста таксама, не дагаварыўшыся, узяў ды вырваў бабе здаровы зуб. Прыходзіць яна дадому дый плача. - Няхай яе ліха, - кажа, - гэту Канаду. Няма тут ніякіх жаночых правоў. Мала таго, што муж мяне так зьбіў, дык гэтыя яшчэ ўзялі й здаровы зуб вырвалі.


МІКОЛА: Добры жарт (сьмяецца).


ЯНКА: Чалавек апавядаў мне й бажыўся, што гэта ня жарт, а чысьцюсенькая праўда...


МІКОЛА: Праўда, як маскоўская (сьмяецца).


Янка (паглядаючы на гадзіньнік): Ліха яго ведае, што з гэтымі сталася, ужо паўгадзіны чакаем. Слухай, а калі фармар мае прыехаць?


МІКОЛА: Ды неўзабаве, за якое паўгадзіны. Званіў мне, што каля пятай мае быць. (За дзьвярмі чуваць хуткі тупат ног. Дзьверы раптоўна адчыняюцца, убягае Васіль і, убачыўшы двух незнаёмых, скоранька, трэснуўшы дзьвярмі, выбягае назад).


ГОЛАС ВАСІЛЯ ( за дзьвярмі): Мама! Мама! Нейкія людзі ў нас ёсьць!


ГОЛАС МАРЫЛІ: Можа гэта і ёсьцека тыя Беларусы...


ГОЛАС СЬЦЯПАНА: Адкуль-жа яны? Ці-ж-бы мы іх ня ўбачылі?


ЗЬЯВА 2-я

Тыя-ж, Сьцяпан, Марыля, Таня й Васіль.


Уваходзіць Сьцяпан, за ім Марыля, Таня й Васіль. Усе сьціпла апрануты. Васіль адразу сьпяшыць у кут і разглядае свае кніжкі, часта спадылба пазіраючы на прысутных. Увайшоўшыя з запытаньнем пазіраюць на Янку й Міколу.


ЯНКА: Прабачце, здаецца мы добра трапілі... Гэта вы будзеце Пінкевічы?


СЬЦЯПАН: Так, Пінкевічы ўсе чатыры. А то вы з Таронта?


МІКОЛА: Так мы з Таронта, ад Беларускай Касы Самапомачы. Дазвольце тады пазнаёміцца: гэта - Янка Жыхар - старшыня, а я - Мікола Корч - сакратар.


СЬЦЯПАН: Во тут мая, казаў той, уся сям'я: жонка Марыля й дзеці - Таня й Васіль. (Вітаюцца.)


СЬЦЯПАН (да Васіля): Устань-жа ты прывітайся. Нацягаў, казаў той, цэлую кучу гэтых кніжак...


ЯНКА: Добра, што любіць кніжкі... А што гэта? О, "комікі"! Ну з гэтага пацехі мець ня будзеце.


МІКОЛА: Але-ж і прыгожую дачку маеце. Ну, нуу... Колькі-ж ёй год?


МАРЫЛЯ: Ды ўжо, дзякуй Бпгу, шаснаццаты пайшоў.


ТАНЯ (сарамяжліва, чырванеючыся): Мама, мне ўжо шаснаццаць скончылася.


МАРЫЛЯ: Ну няхай сабе скончылася. Ды ўжо-ж дзеўка, дзякуй Богу. (Да хлапцоў): Але-ж садзецеся ў нас, садзецеся.


ЯНКА: Я-ж тут і гасьцінец нейкі маю (Вымае пачку цукерак зь кішэні й стараецца даць Васілю. Той не бярэ, на бацькоў паглядаючы).


МАРЫЛЯ (да Васіля): Ну бяры-ж ужо, калі дзядзька даець. (Янка частуе й Таню і кладзе рэшту на стол).


СЬЦЯПАН: Магу спытаць, як гэта самі сюды прыехалі, што мы й ня бачылі?


ЯНКА: Аўтабусам прыехалі, ды ад дарогі пехатой прыйшлі. А як-жа вы маглі нас бачыць?


СЬЦЯПАН: Дык мы-ж, казаў той, каля лягернай брамы чакалі, ды ўжо й надакучыла. Баба кажа, што пэўна-ж аўтамабілем прыедуць. Ажно чакаем, глядзім і глядзім, ды нідзе таго аўтамабіля й ня відаць...


ЯНКА: А дзе-ж яго ўзяць той аўтамабіль?


МАРЫЛЯ: Дык вы так доўга ў гэтай Канадзе і яшчэ не нажылі аўтамабіля?


ЯНКА: Мы ня так доўга, як вам здаецца, а толькі па пару гадкоў. Ды вы, мусіць, думаеце, як шмат хто, што даляры тут на дрэвах растуць, абы сілаў зьбіраць толькі...


СЬЦЯПАН: Мы так ня думалі, але ўсё-ж-такі...


МІКОЛА: Ды ўсе свае грошы йдуць на будову арганізацыі.


МАРЫЛЯ: Вы свае грошы на арганізацыю аддаеце?


СЬЦЯПАН: Дык вам, казаў той, арганізацыя ня плаціць? (Мікола і Янка ўсьміхаюцца).


МІКОЛА: Ці-ж вы думаеце, што мы дзеля грошай працуем?


СЬЦЯПАН: Дык як, а для чаго? Навошта тады арганізацыя, калі на яе яшчэ грошы распускаць трэба?


ЯНКА: Бачыце, тут рэч зусім простая. Кажная арганізацыя, пакуль сама сябе ўтрымае, патрабуе выдаткаў, тым больш на чужыне, дзе мала нашых Беларусаў. Вось наша Каса, дык гэта арганізацыя фінансавая, як банк усёроўна. Там людзі ашчаджаюць і адтуль пазычаюць грошы. Нікому дакладаць да яе ня трэба. Але нашае Згуртаваньне, - грамадзкая арганізацыя, дык пакуль яна нажыве якую маёмасьць і сама ўтрымаецца, мусіць быць успамаганая сяброўскімі ахвярамі. Вось на яе мы часта й аддаем свае грошы.Калі-ж вы пытаецеся нашто яна, дык вазьмеце хоць і саміх: хто-ж-бы вам дапамог, каб не яна?


МАРЫЛЯ: Дык от яно як...


МІКОЛА: Дык вось як справа з аўтамабілем (усьміхаецца).


СЬЦЯПАН: Ну адкуль-жа мне ведаць. Думаў, што як у чужых так і ў нас: - і багатыя людзі, і арганізацыі, можа якую і капейку беднаму на помач падкінуць...


(Нязручнае маўчаньне).


ЯНКА (частуе сігарэтамі): Курыце, калі ласка ды й хвалецеся як вам падабаецца Канада.


СЬЦЯПАН: Ды няма тут надта чым, казаў той, хваліцца. Многа яе й ня бачылі, казаў той, тэй Канады. Сядзім во ў лягеры гэтым, як у нары, ужо тры месяцы й сьвету ня бачым, ды ад гультайства няма ратунку. Хоць ты што, працы не даюць і ўсё. Каб хоць дзе якога далярку, казаў той, зарабіць, ато...


МІКОЛА: То вы яшчэ нікуды й ня выяжджалі?


СЬЦЯПАН: Ды раз неяк тут сабраліся. Вытрасла баба з панчохі сваіх гэтых пару фэнігаў...


ТАНЯ (да бацькі): Тата, ня фэнігаў, а цэнтаў!


СЬЦЯПАН (да Тані): Ты не мяшай бацьку, як да цябе не гаворыцца. - Дык, казаў той, вытрасла з панчохі тых пару цэнтаў, ды паехалі аўтобусам у Ашаву, каб на гэту Канаду хоць трохі вокам кінуць. Паверыце ці не, абрыдла ўжо ў гэтым лягеры тры месяцы бяз працы тырчэць... Значыцца ходзім мы гэта па тэй Ашаве, абглядаем усякія крамы, а баба мая дык надзівавацца ня можа: А Божа-ж мой, а Божа-ж мой! Але-ж - кажа - Канада! Усяго-ж, усяго чысьценька ўдоваль, абы толькі грошы!


(Хлопцы сьмяюцца).


МІКОЛА: Абы толькі грошы, кажаце...


СЬЦЯПАН: Але-ж, абы толькі грошы. А тутака іх, гэтых грошы й заваду няма. Дык значыцца стаім мы вунь каля аднэй крамы, дый гаворым. А жыдок выйшаў, глядзеў, глядзеў на нас, слухаў нашу гаворку, ды пасьля й кажа да нас так проста панашаму: - Адкуль гэта самі будзеце, калі так спытаць можна? Мы пераглянуліся, зьдзівіўшыся, што гэта чалавек знайшоўся, каторы нашу гаворку цяміць. - Спад Дунілавіч, - кажа мая баба. А той ізноў да нас: - Уй, то вы з Дунілавіч? А Друю вы знаеце? - Дык чаму-ж ня знаем, - кажам. - От я там доўгі час краму меў, - кажа жыд, ды яшчэ цяпер сваякі можа там жывуць... Мы, казаў той, толькі адзін на аднаго паглядзелі.


МІКОЛА: Сваяк, кажаце, знайшоўся...


СЬЦЯПАН: Ды яшчэ які. Гаворку разьвёў - а як, а што...


МАРЫЛЯ: Ды дзецям тут надаваў (Да Тані). Пахваліся-ж, Таня, што табе даў?


ТАНЯ: Нічога такога важнага, істужку.


ВАСІЛЬ: А мне bubble gum(1) даў, мама!


МАРЫЛЯ: Ды прасіў-жа, каб да яго ў краму ўсё купляць прыходзілі...


МІКОЛА: Гэта-ж само сабой ясна...


СЬЦЯПАН: Дык яно, казаў той, Канада харошая і багатая, але мы тут яе надта яшчэ ня бачылі. Дый што, казаў той, усё-ўсёсенька чужое: і мова, і людзі, і жыцьцё...


ЯНКА: А дзе-ж вы ў Нямеччыне былі?


СЬЦЯПАН: У гэты-жа, у Ватэнштэцкім беларускім лягеры былі. Крышку там на працу хадзіў, дзеці ў школах вучыліся-ж сваіх, дачка ў гімназію хадзіла. Усяляк было, і добра, і блага. Надакучыла-ж было ўжо тое лягернае жыцьцё й думалі, што як пераедзем сюды дык хоць сьвет пераменіцца, ажно ізноў лягер... І так вось надакучыла, тры месяцы ўжо бяз працы сядзім. Каб дзе хаця далярку якога падзарабіць...


ЯНКА: Чакайце, маеце яшчэ час. Кормяць-жа хіба вас тут нядрэнна?


СЬЦЯПАН: Яно-ж так, есьці ўволю, казаў той, кішка поўная. Але як кажуць, пад ляжачую калоду й вада не цячэ, а мы-ж не калоды... Дык ужо й прышлося вас прасіць. Свая-ж, думаем, арганізацыя, можа дапаможа...


МІКОЛА: Добра вы й зрабілі, толькі раней трэба было. Арганізацыя на тое і ёсьць, каб памагала. Ну на фарме вам працы будзе ўволю. Аджывеце й заробіце.


МАРЫЛЯ: Ну а як-жа тая фарма, калі можна спытаць?


ЯНКА (да Міколы): Ты выйдзі, браток, пабач, ці фармар ня прыехаў, ды можа ня ведае, дзе шукаць нас.


МІКОЛА: Окэй (вылазіць з-за стала й выходзіць). Прабачце, калі ласка.


ЗЬЯВА 3-я

Тыя-ж бязь Міколы.


ЯНКА: Фарма ў яго даволі вялікая, дзьвесьце акраў зямлі й большасьць ворнай.


СЬЦЯПАН: Як тыя акры на нашыя гактары палічыўшы?


ЯНКА: Каля двух з паловай акраў на адзін гактар. Добра фарма дагледжаная і поўна ўсякіх машынаў. Рукамі мала чаго й робіцца. Кароў штук трыццаць, усе машынамі дояцца. Гадуе курэй, сьвіней, шмат зямлі засеена сенам, косіцца таксама машынай.


Агульна сказаць вам, фарма добрая й сам чалавек ён някепскі. Мы знаем яго ўжо даўно й думаем, што працаваць цяжка ў яго ня будзеце...


СЬЦЯПАН: Вось яно як, усё, казаў той, машынамі. Ну а колькі-ж ён плаціць будзе?


ЯНКА: Мае для вас асобную хату, дзе жыць будзеце. Дасьць вам поўнае ўтрыманьне і яшчэ на месяц 60 даляраў...


МАРЫЛЯ: Усяго?


ЯНКА: Тут такія стаўкі на фармах. І мясцовым роджаным канадыйцам больш ня плацяць. Із тым, што як вы (да Марылі) працаваць будзеце, то яшчэ нешта, казаў, накіне...


СЬЦЯПАН: Ну, як на пачатак, то й няблага. Пасьля разгледзімся й можа што лепшае знойдзем.


ЯНКА: Пэўна-ж, гэта толькі пачаткі.


ВАСІЛЬ (ад кніжак): Мама, а што я на фарме буду рабіць?


МАРЫЛЯ: Курэй пасьвіць, сынок.


ЗЬЯВА 4-я

Тыя-ж, Мікола й фармар.


Чуваць стук у дзьверы. Марыля хутка ўстае першая ад стала, за ёю іншыя. Васіль пазірае з-над кніжак.


МАРЫЛЯ (да дзьвярэй): Калі ласка, заходзьце.


(Уваходзіць найперш Мікола, а за ім фармар. Апошні ў будзённым сінім камбінэзоне, з аброслым шчацінай тварам, у саламяным капялюшы, із палкай у руцэ).


ФАРМАР (цікава аглядаючы ўсіх): Good day, everybody!(2)


УСЕ: Good day!


ФАРМАР (да Янкі): Гало, Джан. Як маешся?


ЯНКА: Добра, дзякую. А як ты?


ФАРМАР: Добра. Дык гэта людзі, якіх ты мне раіў?


ЯНКА: Так, уся сям'я.


ФАРМАР: Well, (уважна прыглядаецца Пінкевічам. Падыйшоўшы да Тані, усьміхаецца). Nice girl.(3) Колькі гадоў?


МАРЫЛЯ: Шаснаццаць.


ЯНКА (да фармара): Майк, будзь знаёмы (паказвае на кожнага рукою): - гэта Сьцяпан, Марыля, Таня й Васіль...


ФАРМАР: How do you do?(4)


УСЕ: How do you do?


МІКОЛА (да фармара): Як табе яны падабаюцца?


ФАРМАР: Выглядаюць окэй. Мужчына здаровы, працаваць павінен добра. Ён ня гультай часам?


МІКОЛА: Найлепшы работнік, якога можаш знайсьці. А што практыкі на фарме...


ФАРМАР: Ну з гэтым неяк будзе, абы толькі не ляніўся. (Да Сьцяпана): А ты коньмі ўмееш кіраваць?


СЬЦЯПАН (да Янкі): Ён сур'ёзна пытае, ці жартуе?


ЯНКА (да фармара): Гэты чалавек на фарме вырас і сваю дома меў, а коньмі можа больш рабіў, як ты.


ФАРМАР: То вельмі добра. Ну дык што цяпер?


ЯНКА: Пойдзем у канцылярыю абозу, згодзімся на ўмовы, й можаце іх забіраць.


ФАРМАР (да ўсіх): Окэй, усе?


УСЕ: Окэй.


МАРЫЛЯ (да сям'і): Хадзіце, дзеці. Васіль, уставай скарэй.


ФАРМАР: То скарэй ідзём, бо ў мяне на полі сухое сена, баюся, каб дождж не намачыў.


(Выходзяць: найперш фармар, за ім старэйшыя, а наапошку Таня й Васіль).


ЗАСЛОНА


ДЗЕЯ ДРУГАЯ

Дзеяньне адбываецца тры гады пасьля ў горадзе. Пінкевічы маюць свой дом і зьмянілі прозьвішча на Пінк.


Абшырны пакой. Пры задняй сьцяне стаіць падношаная канапа, пры ёй на маленькім століку - грамафон і альбом з кружэлкамі. На сьцяне вісіць каляндар зь нейкай рэклямай. З правага боку прыадчыненыя дзьверы, зь левага - зачыненыя. Над канапаю - вакно. Бліжэй да правых дзьвярэй стаіць стол і чатыры крэслы.


ЗЬЯВА 1-я

Марыля і Таня.


Таня, моцна напудраваная й намаляваная, з завязанымі назад, наводля конскага хваста, валасамі, у цесным, выразна паказываючым сілуэт грудзей, свэтры, вузенькай спадніцы, падкорчыўшы ногі, выгадна развалілася на канапе й разглядае каталёг із сукенкамі. Яна бесьперапынна жве гуму. Каля ейных ног стаяць індыянскія лапці, званыя макасінамі. Марыля, у яснай квяцістай сукенцы, з добра дагледжанымі валасамі, й намалёванымі вуснамі, сядзіць пры стале. Перад ёю на стале - кучкамі параскладаныя папяровыя грошы. У руцэ трымае жмут банкнотаў, раскладае ў кучкі й лічыць.


МАРЫЛЯ: Тры тысячы дзьвесьце, тры тысячы дзьвесьце пяцьдзесят, тры тысячы трыста, тры тысячы...


ЗЬЯВА 2-я

Тыя-ж і Васіль


ВАСІЛЬ: (убягаючы з правага боку з крыкам): Мама, мама! Там!... (убачыўшы на стале кучы грошай) - Ooooo! How much money?(5) (Падбягае да стала й рукой стараецца ўзяць грошы) - Мама, дай на icecream(6)...


МАРЫЛЯ (ловячы яго руку): Куды ты Біл! Я-ж ня маю дробных!


ВАСІЛЬ (стараецца рукой дастаць грошы): Мама, я і вялікія вазьму...


МАРЫЛЯ (устае й набліжаецца да Васіля): Уцякай, адкуль прыйшоў, кажу табе, што ня дам! Бацька прынясе дробныя, ён дасьць. (Васіль уцякае за дзьверы).


ЗЬЯВА 3-я

Тыя-ж без Васіля


МАРЫЛЯ (сядаючы за стол): Адкуль гэтага хлопца на маю галаву прынясло, перабіў мне лік. Зараз... (водзіць, задумаўшыся, рукой па твары)... колькі-ж гэта я, была, налічыла?


ТАНЯ (із грымасай): Мама, купі мне гэтую сукенку... (Падыходзіць да маткі й паказвае нагледжаную ў альбоме сукенку).


МАРЫЛЯ (пазіраючы ў альбом): О-оо-гого! Трыццаць дзевяць даляркаў! Што ты з глузду зьехала дзяўчына, столькі даляркаў! Дзе-ж іх набрацца? Куды-ж ты яе надзяваць будзеш?


ТАНЯ: Мама, я-ж ужо зусім вялікая дзеўка. (Яна круціцца на аднэй пяце, каб быццам паказаць матцы якая ана дзеўка). Сягоньня Джоў абяцаў мне спатканьне, а я ў гэтым... (крывячыся, яна крытычна аглядае сваю вопратку).


МАРЫЛЯ: Калі Джоў цябе любіць, то будзя любіць і бяз сукенкі, толькі будзь для яго добрая.


ТАНЯ: Мама, што ты кажаш! Добрай быць ды яшчэ й бяз сукенкі!


МАРЫЛЯ (усьміхаючыся): Кажу, што ён будзяе цябе любіць хоць у якой сукенцы. Куплю на другую выплату, дачушка, але не за такія вялікія грошы.


ТАНЯ: А якую, мама?


МАРЫЛЯ: Дачушка, не мяшай мне цяпер, мушу скончыць грошы лічыць, бо скора й бацька прыйдзе.


(Таня зноў сядае на канапу й пераглядае каталёг. Марыля далей ціха лічыць грошы. Чуваць нейдзе зь левага боку надворны стук дзьвярэй. Марыля хутка зьбірае грошы із стала й хавае іх у шупляду).


МАРЫЛЯ: А Божа-ж мой, яшчэ нехта во нарвецца, а я тут параскладалася...


ТАНЯ: Мама, а чаму дэды(7) так позна няма?


МАРЫЛЯ: Пэўна, абіртайму(8) робіць, дачушка...


ЗЬЯВА 4-я

Тыя-ж і Сьцяпан


СЬЦЯПАН (уваходзіць зь левага боку. Ён апрануты ў рабочы камбінэзон, шапку. Адсапваецца каля дзьвярэй): Га-аах! Але-ж і далі мне жыць сягоньня. Жыд папрасіў, каб абіртайму парабілі, дык мусіў дзьве гадзіны экстра рабіць. А падарозе дадому Майкава кара(9) наваліла, дык пхаць мусілі аж, казаў той, вочы наверх вылазілі... (сядае за стол). Дый нічога не памагло. Не завялі аўта й ледзь не палову дарогі дамоў пехатой мусіў трапаць.


МАРЫЛЯ: Вось яно як... Ну а як-жа заўтра?


СЬЦЯПАН: Прасіў-жа Жыд, каб зноў на абіртайму астаўся. (Прыглядаецца да Тані): А куды-ж гэта наша паненка так размалявалася?


МАРЫЛЯ: Хлапец-жа маніўся прыйсьці.


ТАНЯ: Дэды, Джоў абяцаў мне дэйт(10) сягоньня...


СЬЦЯПАН: Джоў? Каторы гэта? Ці ня гэты баранькам падстрыжаны, казаў той?


ТАНЯ: То не баранькам падстрыжаны, дэды. То цяпер такі тут фашн(11).


СЬЦЯПАН: Ці ня ўтрэскаўся ён у цябе, такую жабу?


МАРЫЛЯ: Сьціхні. Ён на інжынера вучыцца й вельмі добры хлапец.


СЬЦЯПАН: Гм... на інжынера, казаў той... вунь яно як! Гэтае баб'ё ўсё нейкіх інжынераў нейдзе апоруць. (Да Тані): Ну а гэты-ж, як яго, - арганізатар?


МАРЫЛЯ: Мікола?


СЬЦЯПАН: Так, ён. Не цягаецца ўжо больш за табой?


ТАНЯ (устае, ляніва пацягваецца й хіхікае): Мікола? Ха-ха... Ці ты знаеш, дэды, што ён мне прапанаваў, каб замуж за яго пайшла?


СЬЦЯПАН: Што ты кажаш?


ТАНЯ: Запраўды.


СЬЦЯПАН: Ну што ты, адмовіла?


ТАНЯ: А што я мела рабіць?


МАРЫЛЯ: А што, ты хацеў-бы, каб яна пайшла?


СЬЦЯПАН: Ды я меркаваў і так і гэтак...


МАРЫЛЯ: Было-б за каго. Корч той... Ні ў яго працы добрай, ні грошы. Няхай во дзяўчына ў людзі йдзе, за інжынера якога. Ато выйшла-б за гэтага беднага й за такім замужам чужыя падлогі мусіла-б век чысьціць.


СЬЦЯПАН: А дзе-ж вам усім набраць тых інжынераў?


МАРЫЛЯ: Дык адзін-жа во прыходзіць...


СЬЦЯПАН: Ну гэта яшчэ віламі пісана. Ды ён жа яшчэ толькі вучыцца.


МАРЫЛЯ: Пакінь ты ўжо гэта самой дзяўчыне. Яна сабе знойдзе. Яна й прыгожая, і вучоная, дый сьпяшыць ёй няма куды.


СЬЦЯПАН: Ды няхай сабе. (Мацае па кішэнях і ўсьміхаецца да жонкі) Ну адгадай, баба, колькі зарабіў?


МАРЫЛЯ (сядае й туліцца да Сьцяпана): А мой-жа-ж ты саколік добранькі, хто-ж цябе ведае...


СЬЦЯПАН (стараецца адпіхнуць яе): Чакай, баба, ня туліся. Во каб ты цэлы час такая добранькая была (левай рукой вымае зь кішэні плік даляраў) - Ну, адгадай колькі!


МАРЫЛЯ: О, тут пэўна больш сотні (выстаўляе руку).


СЬЦЯПАН: На лічы (з размахам кладзе грошы ў жончыну руку, усьміхаецца).


МАРЫЛЯ (перакладаючы грошы): ... дзевяноста, сто, сто дзесяць, дваццаць. Оо-го! Ажно сто трыццаць даляраў. Ну й маладзец-жа зь цябе (кладзе грошы ў сваю кішэню).


СЬЦЯПАН: Хоць, казаў той, абіртайму адваліў, але й зарабіў здорава.


МАРЫЛЯ: Ну й маладзец, маладзец ты!


СЬЦЯПАН: А як-жа ты?


МАРЫЛЯ: Я? Зарабіла даляраў трыццаць. Дый Таня прынесла трыццаць пяць. Заўтра таксама пайду. Місыс Морган прасіла, прыйшла ёй гаўза паклінаваць(12). (Падкраўшыся, яна выцягвае з мужавай кішэні кашалёк, адсоўваецца ад яго ды высыпае ў руку ўсе дробныя). Ого-го! А тут яшчэ колькі! Якраз мне на панчохі будзе!


СЬЦЯПАН (абдымае яе ззаду, намагаецца адабраць кашалёк із грашмі): Не чапай, давай назад, гэта мне на стрыткару(13) й на табаку трэба!


МАРЫЛЯ: Якую табаку? Ты-ж казаў, што курыць перастаў!


СЬЦЯПАН: Давай, кажу табе! Што за наглая баба, апошні цэнт забрала-бы!


МАРЫЛЯ (вырываецца ад мужа): На табе пяцьдзесят цэнтаў на стрыткару й кводру(14) на табаку...


СЬЦЯПАН: Што ты, баба!


(Чуваць зь левага боку стук у дзьверы. Усе прыслухоўваюцца).


ТАНЯ (зрываецца з канапы): Дэды, мама, мусіць Джоў ідзе, ідзіце ў кухню.


(Бацькі выходзяць праз правыя дзьверы).


ТАНЯ (да дзьвярэй): Come in, please.(15)


ЗЬЯВА 5-я

Таня, Мікола, Янка.


МІКОЛА І ЯНКА (уваходзячы): Добры вечар, Таня.


ТАНЯ: Добры вечар. How are you?(16) (У бок кухні): Мама, дэды, тут да вас людзі.


МІКОЛА (падыходзіць да дзяўчыны й стараецца ўзяць яе пад бародку): А можа да вас... Скуль-жа ты ведаеш да каго?


ТАНЯ (б'е Міколу па руцэ): Да мяне? Вы? Я сягоньня ня маю часу. (Сядае на канапу).


ЗЬЯВА 6-я

Тыя-ж, Сьцяпан і Марыля


СЬЦЯПАН І МАРЫЛЯ (уваходзяць з правага боку): - О-о-о! Добры вечар вам!


МІКОЛА І ЯНКА: Добры вечар (вітаюцца).


МАРЫЛЯ: Сядайце-ж. калі ласка.


СЬЦЯПАН: Так, сядайце.


МІКОЛА: Дзякуем, сядзелі.


(Сядае з другога канца канапы й пазірае на Таню, якая яшчэ гартае той-жа альбом. Марыля сядае пры стале, Сьцяпан - каля шуплядкі, што з грашмі, а Янка побач яго).


СЬЦЯПАН: І даўно-ж мы ня бачыліся. Хваліцеся, што-ж там у вас добранькага чуваць.


ЯНКА: А, дзякуй Богу, усё добра, ніякіх зьменаў. Як-жа вы пажываеце, спадар Пінкевіч? Бачу, толькі што з працы?


СЬЦЯПАН: Ды вось прыйшлося сягоньня абіртайму рабіць, дык во толькі што, казаў той, уваліўся. Ды хацеў цяпер пры памяці сказаць вам, што прозьвішча маё ўжо ня Пінкевіч, а Пінк, казаў той... Можа вы ня зналі?


МІКОЛА: Пінк? (паглядае то на бацькоў, то на Таню). Пінк? А як-жа то так?


СЬЦЯПАН: Дык мы во так урадзілі зьмяніць, ну й зьмянілі. Каб у гэтым чужым сьвеце лягчэй было, ведаеце... На суд мусіў, казаў той, ісьці, цэлы дзень працы страціць. Спэцыяльна так правялі і ў актах напісалі, што мы ўжо будзем Пінкі, а ня Пінкевічы.


ЯНКА: Вось яно як. Пінкі? Каб лягчэй было жыць, кажаце?


СЬЦЯПАН: Яно-ж таму й зрабілі, каб лягчэй. Канадыйцы будуць лёгка памятаць і ўсяк абзываць ды крывіць на ўсякія лады ня будуць. А так, казаў той, як Пінк... Пінк, ну дык ужо Пінк кожны знае. Бабы тут былі наваліліся на мяне, бо й дзяўчыне на працы трабал(17)... і... і... ну, адным словам гэтак тут выгадней, казаў той...


ЯНКА: Выгадней, кажаце... Ну, можа яно-ж сабе й так. Ну а як-жа вы жывеце, містар Пінк?


СЬЦЯПАН: От, казаў той, памаленьку. Абіртаймы робім. Я працую й Мэры ды Тоні, а Біл яшчэ ў школу ходзіць, але як стукне яму чатырнаццаць, то пойдзе і ён даляркі зарабляць. Тут, казаў той, навуку добра мець, але й без навукі абыйсьціся можна. Хто мае грошы, той і чалавек.


ЯНКА: Дык бяды, кажаце, вялікай няма...


СЬЦЯПАН: Ды бяда такая, што як не заробіш, дык і не пражывеш. Грошы гэтых ніяк не набярэшся, казаў той. Трэба гаўза моргіджы(18) выплачваць, тэксы(19) вунь яшчэ не плаціў, фрыдж(20), вошмашына(21) яшчэ ня выплачаныя, ды тут дзяўчына насядае, каб талявіжан(22) купіць; адным словам ледзь канцы з канцамі зьвязваем... даўгоў па вушы...


МІКОЛА: Так, спачатку цяжка, пакуь што нажывеш...


МАРЫЛЯ: Ну а як-жа вы? Жаніцца ня зьбіраецеся?


МІКОЛА (пазіраючы на Таню): Дзе-ж там жаніцца? Свае во дзеўкі нос завысака задзіраюць, а чужых ня хочацца. Дый з часам заўсёды неяк коратка.


МАРЫЛЯ: Часу няма? А што-ж вы робіце?


ЯНКА: Прабачце, што пераб'ю вам. Мы ненадоўга да вас забегліся, бо па справах ходзім і шмат каго яшчэ наведаць думаем. Вы, здаецца, атрымалі ад нас пісьмо ў справе зборкі ахвяраў на царкву й дом беларускі... (Марыля й Сьцяпан пазіраюць адзін на другога й Марыля ледзь заўважна ківае адмоўна галавой).


СЬЦЯПАМ: Так, ліст ваш атрымалі. Але я цяпер зусім нічога не магу даць, каб і хацеў. Можа пазьней... Грошы гэтых папершае, зусім няма. Робіш, робіш і ніяк усіх дзірак не заторкнеш. А, падругое, (махае рукой) кінулі-б вы ўжо тую Беларусь будаваць. Каму яна тутака ў Канадзе трэба?


МІКОЛА: Спадар Пінкевіч, прабачце містар Пінк, вы-ж Беларус і можа калі захочаце дамоў вярнуцца.


СЬЦЯПАН (з усхваляваньнем): Я? Вярнуцца? Куды? На тых пару акраў пяску, казаў той, ды ў лапцёх хадзіць, пану за паўтара пуда жыта цэлы дзень рабіць, казаў той? О, не! (Мікола і Янка многазначна пазіраюць адзін на аднаго).


ЯНКА (выцягвае зь кішэні лісту ахвярадаўцаў): Спадар Пінк, калі ня можаце больш, то ахвяруйце хоць пару даляраў, вось тут ліста... (Намагаецца падсунуць ліст і алавік).


СЬЦЯПАН (адпіхае лісту): Не, браток, не магу. Папершае каб меў грошы, то можа-б якога далярку... А, падругое, казаў той, на тую Беларусь, у тую бяду не паеду. Як прыгадаю, казаў той, дзяцюком быў... Прыду ноччу зь вечарынкі, а маці з пасьцелі да мяне: - Там на стале, Сьцяпан, настольнікам закрытая ў місцы зацірка, бяры еш! Я толькі бяруся за той настольнік, а вялікі, як бык, таракан толькі ж-ж-жжых! спад таго настольніка. Адхацелася й заціркі табе. Беларусь. Дамоў варочацца! Чаго? У смурод той? У бяду тую, казаў той?


МІКОЛА: Спадар Пінк, вы добра ведаеце чаму ўдома вы ня былі гаспадаром на сваей зямлі й што ўсю гэтую бяду й смурод, як вы кажаце, прынесьлі нам акупанты.


СЬЦЯПАН (голасна): Акупанты ці дурманты, хто там быў вінаваты - разьбірацца ня будзем. А на тую Беларусь вашу... (махае рукой).


ЯНКА: Як гэта, кажаце, вашу?


СЬЦЯПАН: Ну няхай сабе, казаў той, нашу... Адным словам не паеду назад і на дом нічога ня дам, каб і меў. Дзе тут нас ўсё набярэшся! Што гэтыя вашы арганізацыі робяць добрага для нас, што на іх вечна плаціць трэба, канца няма, казаў той?


ЯНКА: Што робяць? Сваім Беларусам памагаюць.


СЬЦЯПАН: От так! Памагаюць! Гэта то вы сказалі, што й куры будуць сьмяяцца. І мне некалі, называецца, памаглі: унь на фарму да нейкага чорта нямытага запрыторылі, што, казаў той, па шаснаццаць гадзінаў у дзень мусіў адкалачваць... (мацае сябе па кішэнях і зьвяртаецца да жонкі): Марыля, дзе мая табака? (Адчыняе шуплядку, у якой поўна грошы).


МАРЫЛЯ (маланкай зрываецца з крэсла і зь перапалохам стараецца закрыць шуплядку): А-а-х, стой! Што ты робіш? Кажу табе, тут няма тваей табакі!


ЯНКА (пабачыўшы поўную шуплядку грошай, з захапленьнем): Маткі мае! Столькі грошаў у сваім жыцьці ня бачыў! (Да Сьцяпана зь іроніяй): Містар Пінк, цяпер мне зусім ясна, якія вы бедныя і як вы канцы із канцамі зьвязываеце...


МАРЫЛЯ (тузаючы Сьцяпана за рукаво): Хадзі, Сьцяпан, ідзём вячэраць. Хадзі, Тоні.


ТАНЯ: Зараз прыйду, мама.

(Паглядаючы скоса на Янку й Міколу, бацькі выходзяць праз правыя дзьверы. Янка зьбліжаецца да левых дзьвярэй).


ЗЬЯВА 7-я

Таня, Мікола, Янка


ЯНКА: Хадзі, Мікола! Мусім пасьпяшыць яшчэ да іншых. Дарма мы тут час трацілі.


МІКОЛА (падыходзіць да Тані й намагаецца ўзяць яе за руку): Таня, давай пойдзем з табою заўтра на танцы.


ТАНЯ: Ну не чапай мяне. І я ўжо ня Таня, а Тоні.


МІКОЛА: Окэй, няхай сабе Тоні. То пойдзем заўтра на танцы дарлінг(23) Тоні?


ТАНЯ: Дарлінг? Які я табе дарлінг, Мікола Корч? (яна ўстае з канапы й прыбліжаецца да хлопца). Я ня была тваім дарлінгам і ня буду. Ха-ха-ха-ха! І ён яшчэ асьмеліўся мяне замуж прасіць. Ты знаеш, Мікола Корч, я маю лепшага хлопца, чым ты. Ён на інжынера вучыцца і ён мяне замуж возьме. Я буду лейды(24), а ня нейкая місіс Карчыха... Ха-ха-ха... карчыха...


ЯНКА: Мікола, хадзем!


МІКОЛА (зачырванеўшыся): Лейды? Ну ты-ж і падыходзіш на лейды... Пабачым. Ну хадзем, Янка.

(Выходзяць праз левыя дзьверы).


ЗЬЯВА 8-я

Таня адна


ТАНЯ (бярэ із століка люстэрка, прыглядаецца сабе ў ім, гладзіць валосы й гаворыць): Місіс Карчыха, ха-ха-ха! Жаніх знайшоўся такі. (Зь левага боку чуваць стук у дзьверы). - А Божа-ж мой, гэта-ж, пэўне, Джоў, а ў мяне тут такі непарадак... (Падсоўвае крэслы да стала, папраўляе канапу) - Камін, пліс.


ЗЬЯВА 9-я

Таня й Джоў


ДЖОЎ: Гээлоў, Тоні! (У яго вожыкам абстрыжаныя валосы, спартовы пінжак з рэклямамі сьпераду й ззаду, штаны з вузенькімі калошамі).


ТАНЯ (падбягае да хлопца, вешаецца яму на шыю): Гай, дарлінг! Доўга цалуюцца, пасьля Таня садзіць хлопца на канапе й сама сядае побач, кладзе галаву на ягонае плячо).


ДЖОЎ (абдымаючы Таню): Ого, якая ты сяньня прыгожая!


ТАНЯ: Для цябе, Джоў, заўсёды хачу быць прыгожая.


ДЖОЎ: Сумавала за мною, цалуе яе ў шчаку), га, дарлінг?


ТАНЯ (туліцца да Джоў): Так, дарлінг, кажны дзень. А чаму-ж ты так позна?


ДЖОЎ: Ня мог раней бо там госьці з Флярыды. Мала маю часу.


ТАНЯ: Ох, не, мілы мой, не кажы, што зараз уцякаеш. Хіба якія дзяўчаты ў госьці прыехалі?


ДЖОЎ: Не дзяўчаты, а старыя да бацькі. Слухай, а якія тут ад цябе два хлопца пайшлі?


ТАНЯ: Хлопцы? О, гэтыя... Гэта два дыпісы, прыходзілі грошы на грамадзкі дом зьбіраць. Слухай, Джоў, я тут маю новы рэкорд(25), надта прыгожы танец.


ДЖОЎ: Так? Давай заіграем. (Таня бярэ із століка, што каля канапы, кружэлку, падае яе Джову, а той настаўляе грамафон. Чуваць гукі рок-н-рол. Джоў бярюэ Таню да танцу. Яны пачынаюць танцаваць, брыдка выкручваючыся).


ТАНЯ: Падабаецца, дарлінг?


ДЖОЎ: О, ес, вельмі. Любіш мяне, дарлінг?


ТАНЯ: Люблю.


ДЖОЎ: Моцна?


ТАНЯ: О, так, Джоў, моцна цябе люблю. А ты мяне?


ДЖОЎ: І я цябе. (Пасьля танца цалуюцца на канапе).


ТАНЯ (шэпча): Будзеш добры, то табе нешта пакажу.


ДЖОЎ: Што-ж ты мне пакажаш?


ТАНЯ: А будзеш добры?


ДЖОЎ: Добра, буду, паказвай.


ТАНЯ (закрывае хлопцу пальцамі рот): Толькі ціха будзь. (Устае, падыходзіць да стала, адчыняе шуплядку з грашмі. За ёю ціха йдзе Джоў. Убачыўшы грошы, робіць міну зьдзіўленьня й суне руку ў шуплядку. Таня нехаця б'е яго па руцэ й адпіхае). Не чапай, не твае!


ДЖОЎ: Ай-я-яй! Што вы банк абрабавалі?


ТАНЯ: Што ты! Бацька зарабіў. (Цягне яго зноў на канапу).


ДЖОЎ: Яй, колькі грошаў! Цэлы банк можаце закладаць. Каб мне іх палову!


ТАНЯ: О-о-о! Зарабі сам!


ДЖОЎ: Што ты хочаш ад беднага студэнта?


ТАНЯ; Ці-ж ты ўжо такі бедны?


ДЖОЎ: А што-ж, можа й багаты.


ТАНЯ: А бацька табе не дае ўволю грошаў?


ДЖОЎ: Уволю? Што ты?


ТАНЯ: Ну нічога. Навучышся за інжынера, тады будзеш багацейшым за бацьку.


ДЖОЎ (з усьмешкай пазірае на дзяўчыну): Як буду інжынерам то грошы ў мяне й сьвіньні ня будуць есьці. Пажэнімся, будзем мець прыгожы дом, кучу дзяцей. Так, мілая мая?


ТАНЯ: Можа й будзеце, хто вас ведае. А зь кім-жа вы ажэніцеся, калі можна ведаць?


ДЖОЎ: От дзіўная, яшчэ пытаешся. З табой-жа...


ТАНЯ: Са мной? А ты-ж мяне й ня прасіў.


ДЖОЎ: А як папрашу?


ТАНЯ: Ну дык прасі.


ДЖОЎ (устае і наўмысна з усьмешкаю нізка згінаецца, кланяецца Тані): Міс Тоні Пінк, будзьце добры выйсьці за мяне замуж.


ТАНЯ (цягне яго за руку ды садзіць на канапу): Даволі ўжо выдурняцца. Сядай і будзь добрым хлопчыкам.


ДЖОЎ: Я зусім ня выдурняюся, я сур'ёзна.


ТАНЯ (дражніць яго): О так, зусім сур'ёзна! (Яна ўстае й ходзіць па пакоі, перакрыўляе голас Джова): Міс Тоні, будзьце добрыя пайсьці за мяне замуж... Ха-ха-ха, дзівак... Чаму яшчэ не папросіш пару тысяч даляраў пасагу?


ДЖОЎ: Тоні, я не жартую.


(Маўчаньне).


ТАНЯ: Калі ты запраўды хочаш жаніцца, то хто за цябе будзя вучыцца?


ДЖОЎ: Я сам.


ТАНЯ: А хто-ж на жонку працаваць будзе?


ДЖОЎ: Можа жонцы яшчэ прыйдзецца папрацаваць і самой... (Маўчаньне. Джоў падыходзіць да Тані й бярэ яе за абедзьве рукі ды глядзіць проста ў вочы) - Дык што ты на гэта?


ТАНЯ: Ты гэта пра што?


ДЖОЎ: Будзеш маей жонкай, ці не?


ТАНЯ: Джоў, я хацела-б, але-ж ты яшчэ школы ня скончыў.


ДЖОЎ: Ня турбуйся, скончу, мая мілая.


ТАНЯ: Ну глядзі-ж...

(Абдымаюцца й цалуюцца)


ЗАСЛОНА


ДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ

Адбываецца два гады пасьля другой дзеі ў канцылярыі Беларускай Касы Самапомачы. Пасярод стаіць стол, навокал - чатыры крэслы, збоку каля левай сьцяны - лава. З правага боку - дзьверы. На сьцяне вісіць партрэт Купалы й Пагоня.


ЗЬЯВА 1-я

Янка Жыхар, Мікола Корч, Сябра Ўправы Касы.


ЯНКА: Паважаныя сябры касы. Паклікаў я вас сюды сяньня, каб вырашыць справу аднэй пазычкі на суму дзьвюх тысяч даляраў. Хачу вас адразу папярэдзіць, што трэба добра перадумаць, бо справа тут нялёгкая. Чалавек гэты ў мінулым прынёс нам нямала клопатаў, а ніякай карысьці...


МІКОЛА: Гэта пра каго вы гаворыце?


ЯНКА: Пра Пінка, хіба-ж ясна.


МІКОЛА: Не, мне ня зусім ясна. Ня ведаю як тут нашаму сябру... ( глядзіць з запытаньнем на сябру ўправы).


СЯБРА ЎПРАВЫ: Мне спадар старшыня ўжо сёе-тое расказваў. (Да Міколы): Думаю, што й вам?


МІКОЛА: Так, гаварыў, хоць можа ня ўсё...


СЯБРА ЎПРАВЫ КАСЫ: Дык вось, можа будзеце ласкавы тады, спадар старшыня, высьвятліць цэлую справу грунтоўна, для канчатковай, проста сказаць, яснасьці...


ЯНКА: З ахвотаю, сябры, з ахвотаю. Дарэчы, як вы самі ведаеце й пэўна чулі, хадзіла пра Пінкаў шмат плётак і дзеля таго, каб даведацца праўду, я гаварыў із Павэлкам Музыкантам, што ў Пінкаў жыве, тэлефанаваў на працу, дзе Пінк працуе, зходзіў у банк, дзе ён пачаў ашчаджаць грошы, дый сёе-тое даведаўся ад іншых. Таксама гаварыў із старымі Пінкамі.


СЯБРА ЎПРАВЫ: Ага, цікава...


ЯНКА: Ня так цікава, як сумна. Выглядае, што ўсе Пінкавы беды пачаліся з таго часу, як аддаў дачку за гэтак званага інжынера. Кажу "гэтак званага" таму, што гэты "інжынер" аказаўся самай чыстай вады жулікам. Як ажаніўся - кінуў школу, наняў дарагую кватэру, пазалазіў у даўгі: панакупліваў мэбляў і аўта, ды пачаў жыць, як кажуць, на шырокую нагу. Пранюхаў, мусіць, басяк гэты, што старая некалькі тысяч грошаў мела ў панчошыне й давай розныя хітрыкі строіць. Абгаліў старых, што называецца...


МІКОЛА: Дык гэта ўсё-такі праўда?


ЯНКА: Вядома-ж, што праўда.


СЯБРА ЎПРАВЫ: Дык як-жа гэта яны даліся?


ЯНКА: Вось-жа спытайце, Тут ці не найбольш старая вінаватая. Хацела дачушку інжынерыхай зрабіць. А той жулік на гэта ня дурны. Пранюхаў, што грошы ёсьць, дык як толькі крэдытары да сьцяны прыціснуць - ён так і давай на жонку націскаць. А тая да маці із плачам: ратуй, мамачка, жыць не даюць. Тая мамачка як пачала ратаваць дык, відаць, да апошняга даляра даскраблася.


СЯБРА ЎПРАВЫ: А Божа мой, здурэлі на старасьць!


ЯНКА: Тут, як некаторыя пляткуюць, дзяўчына найбольш вінаватая бо мела неасьцярожнасьць некалі перад гэтым басяком грашмі пахваліцца.


СЯБРА ЎПРАВЫ: Ну й шкада людзей старых.


ЯНКА: Як-жа не шкада. Здавалася-б, што гэта мусіць быць добрай навукай для іншых, як за чужынцаў замуж ісьці, ды яшчэ добра не пазнаўшы.


СЯБРА ЎПРАВЫ: Хіба-ж вы гэтым ня хочаце сказаць, што ўсе чужынцы - басякі?


ЯНКА: Барані, Божа! Я гэтага не сказаў. Але вось якраз на басяка трапілі... Калі-ж ідзе пра Пінкаў, дык іхная віна тут найбольшая. Трэба было жабе гэтай нос падцерці й такой волі не даваць. Ато яшчэ й пасобіць намагаліся: няхай-жа йдзе, чалавек-жа інжынерам будзе. А тут табе інжынер... Адно дзіця зьляпіў і ўжо, падобна, другое носіць. А сам ён толькі па заўгольлях швэндаецца. Зрабіўся, як кажуць, апошні басяк: ні ў яго розуму ў галаве, ні працы людзкой...


СЯБРА ЎПРАВЫ: А што-ж ягоныя бацькі на гэта?


ЯНКА: Бацькі? І знаць яго ня хочуць. Хацелі навучыць, а як школу кінуў бязь іх ведама, дык і паслалі сваей дарогай. Вы думаеце, каб ён бацькоў сваіх слухаў, то-бы зрабіў гэтак? (Хвіліна маўчаньня). А старому Пінку бяда. Тут якраз скора падходзіць час за дом рэшту плаціць. Кажа, што тры тысячы ён вінават. Адну дзесьце дастане ў знаёмых, а рэшту нідзе ня можа пазычыць. Знаеце, сябры, што калі мы яму адмовім, то можа страціць хату. А чалавека трэба было-б выратаваць.


МІКОЛА (устаючы ад стала): Цьфу! Ізноў выратаваць. Раз ужо дапамаглі, а ён як нам адудзячыўся. Разумныя гэткія - ён ды яшчэ й дачка... (дражніць Таню) - Джоў, май дарлінг! Пляваць хочацца! Калі мы яму раней сьмярдзелі то чаму-ж у чужых не пазычыць грошы?


ЯНКА: У банку ягоным я даведаўся, што адмовілі. Яны цяпер з пазычкамі не надта сунуцца. Сам-жа Пінк мне казаў, што зьвяртаўся да некаторых чужых касаў і там яму не пазычылі, а да сваіх пасылалі...


СЯБРА ЎПРАВЫ: Дык значыцца зноў найперш шукаў па чужых?


ЯНКА: Так, сябры, гэта даволі вымоўны факт. Як ведама, чалавек гэты, калі не ў бядзе ён, даволі фанабэрысты й далёка недасканалы. Зрэшта, можа зьвяртацца яму адразу да нас было й нявыгадна, аж пакуль ня было іншага выхаду...


СЯБРА ЎПРАВЫ: Дык дзе-ж зарука таго, што навет як дамо яму пазыку, ён станецца актыўным і карысным сябрам нашага грамадзтва?


ЯНКА: Выглядае, што ён ужо добра навучыўся й будзе сваіх трымацца. Такое я меў уражаньне з гутаркі зь ім. Але рызыка ёсьць. Ды, калі ўжо пра гэта йдзе, уся наша грамадзкая праца на чужыне - гэта рызыка.


СЯБРА ЎПРАВЫ: Ну а як-жа ягоныя гарантыі?


class="book">ЯНКА: Гэта ў парадку. Мае добрых паручыцеляў дый шмат грошы ў доме. Мае таксама сталую працу.


МІКОЛА (ходзячы): Хто яго тут ведае з гэтым Пінкам? (Да Янкі): А як ты? Даць ці ня даць?


ЯНКА: Трэба было-б пазычыць.


СЯБРА ЎПРАВЫ: Мне таксама здаецца. Бог зь ім. Можа во паправіцца...


ЯНКА: Значыцца вы за?


СЯБРА ЎПРАВЫ: Няхай сабе.


ЯНКА: А ты, Мікола?


МІКОЛА: Я? Хто-ж яго тут ведае... (махае рукой) - Эх, няхай ужо будзе, дзе маё не прападала...


ЯНКА (з усьмешкай): Ну, калі ходзіць аб тваё, дык яно тут ужо не прападзе, бо даўно прапала й распладзілася.


МІКОЛА: Нічога сьмешнага тут ня бачу. Дый маей віны тут ані на макулінку. Хацела выйсьці ў людзі, ды яшчэ за чужынца, ну дык выйшла. Адным словам так наінжынерыла, што аж бацькам пад старасьць сорамна сваім людзям у вочы зірнуць.


ЯНКА: То можа, сябры, будзьце ласкавы тады падпісаць, што апрабуеце?


СЯБРА ЎПРАВЫ КАСЫ: Давайце.


(Янка падсоўвае сябром паперы й яны пачарзе падпісываюць і закурываюць).


МІКЛОА (ходзячы): Ну, ну! Вось і наінжынерыла!

(Чутно стук у дзьверы)


ЗЬЯВА 2-я

Тыя-ж, Сьцяпан і Марыля.


ЯНКА (да дзьвярэй): Заходзьце, калі ласка.


СЬЦЯПАН І МАРЫЛЯ (нясьмела ўваходзяць): Добры дзень вам усім.


УСЕ: Добры дзень (вітаюцца).


ЯНКА: Сядайце ў нас, калі ласка.


СЬЦЯПАН: Дзякуем, сядзелі.


МАРЫЛЯ: Сядзелі.


СЬЦЯПАН: Бачу, у вас заўсёды занятак ёсьць.


ЯНКА: А, дзякуй Богу, хапае.


СЬЦЯПАН: Што-ж добранькага чуваць?


ЯНКА: Ды вось старую бяду калоцім, дый толькі таго. А што-ж у вас?


СЬЦЯПАН: Ох, браточкі-ж вы мае... Бяда, ды яшчэ вунь якая! Проста ня ведаю...


СЯБРА ЎПРАВЫ (да Марылі): Сядайце, цётачка, калі ласка. Пэўне-ж ня думаеце ўцякаць, каля дзьвярэй стоячы...


МАРЫЛЯ: Ну прысяду-ж ужо (сядае каля мужа).


СЬЦЯПАН: Проста ня ведаю дзе дзецца. Начамі ня сплю, турбуюся. Падумаць, толькі падумаць... Жарцікі, казаў той, працаваў, складаў, нажываў, здароўе траціў, а тут, казаў той, адкуль і не спадзяваўся дык няшчасьце прыйшло. Адкуль ён, гэты жулік, басяка кусок, на маю галаву ўзяўся? Чаму ён тады не асьлеп, як першы раз да маей дзяўчыны дарогі шукаў!


МАРЫЛЯ: Сьцяпан, няможна так на чалавека.


СЬЦЯПАН: А ты вось, разумная, яшчэ бароніш! Няхай ужо дачка дык тая зусім дурная была, але й ты на старасьць здурэла. Паможам ды паможам. І жыць мне не давала, а ўсё тую ратавала. Вось і даратаваліся. Жарцікі, такая вунь дзяўчына! Думаў, чалавек можа добры найдзецца мне на старасьць дапаможа, ажно дапамог, каб яму на тым сьвеце спакою ня было.


ЯНКА: Спадар Пінкевіч, прабачце, Пінк...


СЬЦЯПАН: Называйце лепш Пінкевіч. Ну іх гэтых баб ізь нейкімі там пінкамі...


ЯНКА: Спадар Пінкевіч, калі ласка, супакойцеся!


СЬЦЯПАН: Ого! Што-ж вы думаеце, мне лёгка? Старому, выпрацаванаму... Дык вунь нейкі чужы той чорт нямыты да торбы ледзь не давёў. Жарцікі, падумаць толькі, казаў той. Навет сваім людзям цяперака сорамна ў вочы глянуць. І дзе мая галава была? Каб хаця сваім розумам жыў, ато ўсё гэтым бабам патураў...


МАРЫЛЯ: Што ты мяне ўсё вінаваціш? А ты дзе быў?


СЬЦЯПАН: Як гэта дзе быў?


МАРЫЛЯ: Ну дзе ты быў, як дачку замуж аддаваў?


СЬЦЯПАН: На цябе-ж пакладаўся...


МАРЫЛЯ: Што ты гарэзьдзіш - на мяне пакладаўся? Як табе перад людзьмі ня сорамна?


СЬЦЯПАН: Мне сорамна? Няхай табе будзя сорамна. Ты-ж яе ў руках трымала, гадавала, навучала. Нябось, і сягоньня навет сюды са мной не хацела йсьці. - Ідзі - кажа - сам. Пазычуць. Пэўна-ж, можа й пазычуць, але я хачу пачуць як ты папросіш. Свае-ж грошы то зяцю ўмела ўсупоніць.


МАРЫЛЯ: Хто-ж усупоніў, калі ня ты!


СЬЦЯПАН (ускаківаючы, злосна): Як то я? І ты яшчэ асьмельваешся так гаварыць?


МАРЫЛЯ: А ты не даваў?


СЬЦЯПАН: Дык пару разоў памог, але-ж то толькі спачатку. Усяк-жа чалавек варажыў... Але ты! Як гэта так сталася, што ты за пару гадоў усе аддала?


МАРЫЛЯ: Што тут гаварыць, толькі людзей сьмяшыш...


СЬЦЯПАН: Я сьмяшу?


МАРЫЛЯ: А хто-ж?


СЬЦЯПАН (падыходзячы да жонкі, із пагрозай): Слухай, баба, лепш-бы ты хаця памаўчала, ато мае нэрвы могуць ня вытрымаць... Так атрымаеш падпругай падамашняму! Во прасі-ж людзей, каб пазычылі, ато апошні той дом могуць забраць. Чаго маўчыш?


(Марыля выймае насатку й стараецца выцерці набягаючыя сьлёзы).


ЯНКА: Спадар Пінкевіч, гэта непатрэбна. Прасіць нас ня трэба.Вы ўжо заяву злажылі й гэтага даволі...


СЬЦЯПАН: Ну дык як-жа ня просячы дастанеш? Вунь хадзіў па банках і па іншых і не дапрасіўся...


ЯНКА: Мы ня чужые, мы для вас - свае.


СЬЦЯПАН: От гэта дык ты, братка, мусіць праўду сказаў. Што свае то ня чужыя. І як гэта чалавек так раней пра гэта не падумаў...


ЯНКА: Нам то хаця вельмі прыемна, што вы зразумелі, сваю памылку ды асьмеліліся прыйсьці да нас...


СЬЦЯПАН: А як-жа...


ЯНКА: ...а то бываюць такія, што хаця й ведаюць, што дурніцу зрабілі, а прызнацца й ня прызнаюцца, помачы не папросяць хаця-б там няведама што...


СЬЦЯПАН: Ня так то яно й лёгка гэта, самі ведаеце...


ЯНКА: Ведама-ж. Але-ж у жыцьці ўсяк прыходзіцца.


СЬЦЯПАН: Браток ты мой, яшчэ й як прыхідзіцца!


ЯНКА: Цяпер-жа што да вашай пазыкі: мы тут якраз пра яе гаварылі й апрабавалі.


СЬЦЯПАН: Гэта значыцца як то апрабавалі?


СЯБРА ЎПРАВЫ: Згадзіліся вам грошы пазычыць.


СЬЦЯПАН: Колькі-ж, калі можна ведаць?


СЯБРА ЎПРАВЫ: Дзьве тысячы, каторыя вы прасілі.


СЬЦЯПАН: А браточкі-ж вы мае, няхай-жа вам Бог здароўя за гэта прыспорыць. Вялікае-ж вам дзякуй. От мне цяпер цяжар з грудзей, казаў той, зваліцца. Няхай жа вам Бог за гэта заплаціць.


ЯНКА (падае Сьцяпану падпісаную заяву): Калі ласка, спадар Пінкевіч, занясіце гэтую заяву да нашага скарбніка і ён вам чэк выпіша. Ведаеце нашага скарбніка?


СЬЦЯПАН: Чаму-ж ня ведаю. (Бярэ заяву і ўглядаецца ў яе). От дык дзякую, от дык малайцы.


СЯБРА ЎПРАВЫ: І ён вам раскажа як пазычку будзеце сплачваць.


СЬЦЯПАН: Ага, я во пра гэта толькі што й хацеў пытацца, як сплачваць маю. Ну як ён раскажа, дык можа мы й разьвітаемся ўжо...

(За дзьвярмі чуваць хуткія крокі. Дзьверы раптоўна адчыняюцца і ўбягае Васіль).


ЗЬЯВА 3-я

Тыя-ж і Васіль


(Васіль спыняецца й моўчкі стаіць каля дзьвярэй. Ён апрануты ў спартовую кашулю, на якой сьпераду й ззаду выбіта вялічэзная галава Элвіс Прыслі(26) з напісам пад нізом. Штаны з вузрньлімі калошамі. Жве гуму й разглядаецца).


СЬЦЯПАН (прыбліжаецца да сына): А гэта што такое? Чаго ты ўбег і стаіш як асёл? Што трэба сказаць?


ВАСІЛЬ (із дурной усьмешкай да ўсіх): Гай!(27)


СЬЦЯПАН: Што гэта значыцца - гай? Ты палюдзку забыўся гаварыць, ці што?


ВАСІЛЬ (зьбянтэжана): Добры вечар.


СЬЦЯПАН (ходзіць навокал сына й абглядае яго): Вось як, добры вечар трэба сказаць. А гэта што ў цябе на кашулі? Адкуль ты яе ўзяў?


ВАСІЛЬ (нясьмела): Гэта Элвіс...


СЬЦЯПАН (грозна): Хто? (Прысутныя ўсьміхаюцца).


ВАСІЛЬ: Элвіс Прыслі...


СЬЦЯПАН: Які бэлбіс? Што за бэлбіс?


ВАСІЛЬ: Элвіс Прыслі, сьпявак...


СЬЦЯПАН: Дык што, калі сьпявак, ты маеш яго сьпераду й ззаду насіць на кашулі насіць? Ськідай зараз кашулю разам із гэтай брыдотай. Зараз-жа скідай!


(Васіль пазірае на матку. Тая прыбліжаецца да яго й стае побач, быццам для абароны).


МАРЫЛЯ: Сьцяпан, перастань! Што ты ўжо на хлопца дарэмна нападаеш?


СЬЦЯПАН: Як то дарэмна? Паглядзі, на якога чорта ён цяпер падобны, гэтай брыдотай абчапіўшыся? Кажу яшчэ раз, ськідай кашулю!


МАРЫЛЯ: Сьцяпан, перастань!


СЬЦЯПАН (да Марылі): А ты што, яшчэ мяне будзеш вучыць? Не, даражэнькая, больш ня ўдасца. Ты ўжо дачку навучыла, а я за сына сам возьмуся. Можа хоць ён на чалавека вырасьце. (Да Васіля): Але я табе, сынок, з галавы павыганяю гэтых бэлбісаў тваіх нейкіх... Дзе ты быў? (Васіль маўчыць) - Чуеш, я пытаюся, дзе быў?


ВАСІЛЬ: На пікніку.


СЬЦЯПАН: На пікніку? А хто табе дазволіў ісьці на пікнік? Чаму ты ў мяне ня спытаўся, ці можна?


ВАСІЛЬ: Я ў мамы пытаўся.


СЬЦЯПАН: Зноў у мамы? Слухай, сынок, ад гэтага часу будзеш пытацца ў мяне, і толькі ў мяне! Разумееш?


ВАСІЛЬ: Так.


СЬЦЯПАН: Ну вось, глядзі, каб і рабіў так. А на якім ты пікніку быў?


ВАСІЛЬ: Санбім брэд(28) рабіў пікнік.


СЬЦЯПАН: Хто?


ВАСІЛЬ: Санбім брэд..., як гэта сказаць... ага, тая компані(29), што хлеб пячэ...


СЬЦЯПАН: Дык табе ўдома хлеба мала, ці што?


ВАСІЛЬ: Дыка я-ж не хадзіў, каб дастаць хлеба, але там усе бойсы(30) хадзілі й там многа фры папсікі(31), кэнды(32) і айскрымы і ўсяго многа...


СЬЦЯПАН: І кашулю з гэтым чотам таксама там далі?


ВАСІЛЬ: Зь якім чортам?


СЬЦЯПАН: Ну як яго, з гэтым бэлбісам?


ВАСІЛЬ: Так.


СЬЦЯПАН: А нашто ты браў? Сваей не маеш?


ВАСІЛЬ: Дык усе-ж бралі.


СЬЦЯПАН: От табе й на. (Убок): Значыцца яй усе, дык гэта й добра. (Да Васіля): Як толькі вернешся дамоў, глядзі, каб ськінуў гэтую кашулю й каб я яе больш ня бачыў. (Да Янкі): Скажы мне, калі ласка, браток, ці тут свая школа ёсьць?


ЯНКА: Ёсьць, чаму-ж не.


СЬЦЯПАН: А што там вучаць?


ЯНКА: Закону Божага, чытаць, пісаць пабеларуску.


СЬЦЯПАН: Вось добра. (Да Васіля): Помні, што будзеш прыходзіць сюды ў школу.


ВАСІЛЬ: Добра.


МАРЫЛЯ (да Васіля): А чаго-ж ты, сынок, сюды прыбег?


ВАСІЛЬ: Таня мяне прыслала. Яна казала, што вы тут.


СЬЦЯПАН: Як то Таня цябе прыслала?


МАРЫЛЯ: А дзе ты Таню бачыў?


ВАСІЛЬ: У нашую хату прыбегла, заплаканая...


МАРЫЛЯ (устрывожаная): І што такое?


ВАСІЛЬ: Таня казала, што паліцыя да яе прыехала й сказала, што Джоў паехаў недзе карай і меў цяжкі эксыдэнт(33) і яна прасіла, каб вы скоранька прыйшлі...


МАРЫЛЯ: Дзе, які аксідзент?


ВАСІЛЬ: Джоў разьбіў сваю кару. Таня казала, што ён моцна сябе пакалечыў, як ей паліцыя казала, і забралі яго ў шпіталь. Мусіць ня знаюць, ці выжыве.


МАРЫЛЯ (зь перапалохам): А Божа-ж мой, а дачушка-ж мая бедненька!! Скарэй бяжым!


СЬЦЯПАН: Куды бяжым?


МАРЫЛЯ: Ды куды-ж? Дамоў, ды ў шпіталь!


СЬЦЯПАН: Не дачакаецца ён, пакуль я да яго ў шпіталь пабягу.


МАРЫЛЯ: Ня будзь ты ўжо гэткі хаця.


СЬЦЯПАН (да Ўправы Касы): Ну добра, браточкі, можа іншым разам будзе больш часу.


ЯНКА: Калі ласка, заходзьце.


СЬЦЯПАН: Абавязкава зайдзем, а сына прышлю ў школу.


ЯНКА: Вельмі добра зробіце.


СЬЦЯПАН: То бывайце здаровенькі.


УСЕ: Бывайце. (Разьвітываюцца й Пінкевічы выходзяць).


СЬЦЯПАН (ад дзьвярэй): ... і вельмі дзякую за пазыку.


СЯБРА ЎПРАВЫ: Карыстайцеся й няхай Бог вам памагае.


ЗЬЯВА 4-я

Янка, Мікола, Сябра Ўправы


(Закурываюць, маўчаць).


МІКОЛА: Ну вось вам, адзін блудны сын вярнуўся...


ЯНКА: Гэты вярнуўся, нядоля змусіла. А колькі-ж гэта, за грашмі пагнаўшыся, ніколі ня вернуцца. Як бы перафразіраваць Багдановіча - прадаліся й аддаліся ў палон...


ЗАСЛОНА

КАНЕЦ


Таронта, Сакавік, 1957 г.


УВАЗЕ РЭЖЫСЭРАЎ:


У выпадку, калі слухачы не разумеюць ангельскае мовы, усе ангельскія макаранізмы ў п'есе можна замяніць беларускімі адпаведнікамі, згодна наступных перакладаў.


1) Bubble gum - гума да жаваньня, зь якой надзімаюцца пузыры.


2) Good day, everybody - добры дзень усім (кажнаму).


3) Nice girl - прыгожая дзяўчына.


4) How do you do? - Як маецеся (маешся)?


5) How much money - колькі грошы.


6) Ice cream - марожанае.


7) Dady - тата.


8) Overtime - зьверх часу, паза гадзінамі.


9) Car - аўта.


10) Date - спатканьне.


11) Fasion - мода.


12) To clean a house - чысьціць хату.


13) Street Car - трамвай.


14) Quarter - чвэрць даляра, 25 цэнтаў.


15) Заходзьце, калі ласка.


16) How are you? - Як маешся?


17) Trouble - клопат.


18) Mortgage - доўг на нерухомую маёмасьць.


19) Tax - падатак.


20) Fridge - халадзільнік.


21) Wash machine - машына для мыцьця бялізны.


22) Television - тэлевізар.


23) Darling - найдаражэйш(ы)ая. Ужываецца да людзей і зьвяроў ці птушак, але асабліва між закаханымі.


24) Lady - пані.


25) Record - кружэлка.


26) Elvis Presley - амэрыканскі сьпявак, ідал падросткаў. Выканальнік песьняў у галіне т.зв. "рок н' рол", дзе галоўнае - рытм і адсутнічае меладзічнасьць. Большасьць музыкаведаў уважае "рок н' рол" дэгэнэрацыяй музыкі.


27) Hi - заміж hello, ужываецца для прывітаньня.


28) Sunbeam Bread - назва хлебнай кампаніі.


29) Company - кампанія.


30) boys - хлопцы.


31) free popsicle - дармавыя замарожаныя цукеркі.


32) candy - цукерка.


33) accident - выпадак, аварыя.