Бэзавы попел [Ала Сямёнава] (fb2) читать постранично

- Бэзавы попел 433 Кб, 134с. скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Ала Сямёнава

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]


АЛА СЯМЁНАВА

БЭЗАВЫ ПОПЕЛ

Эпісталярна-прывідны ўспамін

Адносіны паміж смяротнымі бессмяротныя.

Барыс Пастарнак

Ultima ratio

Чалавечы голас... Жан Както недарэмна адчуў таямнічую ўладу гэтай слухаўкі. Хто абышоўся без яе ў XX стагоддзі ? Адстаронена-збліжанае судачыненне чалавекаў. Хуткамоўленне людзей справаў. Гарэзія балбатні. Вохклівыя енкі старых. I — доўгія размовы закаханых. I — нечаканыя званкі. I — чаканне званка.

„ Алё”... Голас добразычліва-свежы, усмешлівы, ранішні, нават калі ён гучыць a дзесятай гадзіне ўвечары. Жанчына, якая ўмее ўгадваць час слова i радасць аднаго імгнення. „Добры вечар...” Голас нібыта крадзецца i хаваецца ад некага. „Прывітанне!” Голас. — як стрэл. Словы — што пытанні анкеты. „Алё!” Голас як быццам робіць ласку. Словы пагойдваюцца, калыхаюцца, робяць кругі, голас як быц­цам ведае нешта такое, пра што ніхто не здагадваецца. „Вечар добры!” Голас вуркатліва-глухаваты. „Вечар добры...” — нібы табе, a нібыта i сам сабе. Ён так i будзе размаўляць, нібыта з табою, нібыта з сабою самім. „Перадай прывітанне маме. Не, паклон”.

Я не пачую больш ні гэты голас, ні матчын. У маці быў дзіўны, запамінальны голас. Арганны — малады, звонкі асноўны тон i гартанныя, кантральтовыя падгалоскі. Гэта не маё ўражанне — іншых „Слухаю вас... ”

А той вуркатліва-глухаваты голас — Міхася Стральцова.

Размовы нашыя з ім часцей былі менавіта тэлефонныя. Доўгія, Гадзіну, а то i дзве. Званіў ён ці ўранку, гадзіне а дзесятай, ці гадзін у дзевяць, а не дык i адзінаццаць — увечары. Пра што былі гаворкі? Пра чытанае, слуханае, пра тое, што ён збіраецца пісаць (згадваў неяк кнігу пра Янку Купалу, накшталт „Загадкі Багдановіча”: не напісалася...), пра дробязі, пра „закон звезды и формулу цветка”. Мудрыя i абачлівыя людзі ў такіх выпадках занатоўваюць размовы. У мяне ніколі не было тых дабрачыннасцяў: ні мудрасці, ні абачлівасці. Не, я заўсёды ведала, хто такі i што такое Міхась Стральцоў. Спрабавала пісаць пра яго, хаця разумела; „Страшна — усё роўна як узбіўся на Дзёрзкую думку вывесці формулу роздуму ці ўзяць на далонь, каб разгледзець, агонь ці снег” (хай даруюць мне самацытаванне). Была рэдактарам дзвюх яго кніжак. Крытыкі. Але, разумеючы, хто ёсць Міхась Стральцоў, неяк не магла сябе прымусіць занатоўваць размо­вы. Здавалася, гэта — што сачыць за сабой у шчыліну замка. Глупства? Недаравальнае легкадумства? Магчыма. Затое лёс падараваў мне — ветрагонам шанцуе — цэлы скарб: 46 лістоў Міхася Стральцова. Ліставанне тое было ў не самы лёгкі год для яго i досыць складаны для мяне. Ягоныя i мае мітрэнгі не мелі судачынення. У кожнага было сваё. Аднак мо i быў у тым нейкі патаемны знак...

Помню, як я атрымала першы ліст Стральцова. Восеньскім вечарам у Дубултах — званок (зноў званок). Тэлефон унутраны. Адзіная знаёмая мне жанчына з'ехала. Пажар? Паводка? Сусветны патоп? „Вам ліст, атрымайце”. З дому мне пісалі „на запатрабаванне”. Ад каго? Почырк незнаёмы. Востранькі. Малачытэльны. Не почырк — клінапіс. Чытаю — ці, хутчэй, разгадваю, расшыфроўваю.

„Дарагая Ала Іванаўна!

Ну, ну, не хмурней брывом у выпадку такога сур'ёзнага звароту. Проста мне ўспомнілася, як міла ты мне выгаворвала адноечы за Алу Іван. [аўну] — вось i закарцела падражніцца.

Нешта падобнае да невялічкага катаклізму адбылося надоечы ў маім жыцці. Для здароўя i самаадчування майго карысным было прызнана двухгадовае знаходжанне ў па[ў]днёвых мясцінах спагаднага i мілага нашага краю. Вось i абзываюся адтуль, з самага дна колішняга мора Герадотавага, спакойна i павольна, як у зачарованым сне, апетага сённяшнімі тэбульцамі [так у Стральцова]. X., Y., Z. i інш[ымі] шаноўнымі турамі пяра. О, я на родине этих мужей, телом тучных и голосом рыкающих. Хвала им! Бессмяротнае слова ix падтрымлівае i мяне ў сумную хвіліну, а пазней, думаю, натхніць i на сціплы подзвіг пяра — чаму не натхніцца вартым пераймання прыкладам? Так што хутка я запішуся, калі прымуць, у секцыю „чающих воды”. (Як гэта хораша i глыбакадумна сказана ў рамане У.: „Усюды — куды ні глянь — была вада!” А было гэта ў часы сусветнага патопу, i N.N.-чу нейкім чынам давялося прысутнічаць пры гэтым у якасці духу боскага, ці як? — „И божий дух носился над водою”. Глыбака капаюць i высака лятаюць палешукі!)

А слухай усё ж: мясціны гэтыя мне былі i раней трохі знаёмыя — быў некалі непадалёк адсюль на вайсковых зборах. I тое-сёе ў маім тутэйшым бытаванні нагадвае колішняе. Але толькі тое-сёе. На жаль. КПП. Там круціцца пласцінка,

Хрыплаватым голасам пяе.

„Тыгалінка, ятваярасінка”,—

Мне чуваць у голасе яе.

Я міну лінейкі i газоны,

Гэткія, як некалі раней,

Успамінак даўні, гарнізонны Цхім смуткам сэрца мне кране i г. д.

Але хопіць. Ты павінна здагадацца ўжо, што напісаў гэта я