Планета людзей [Антуан де Сент-Экзюпери] (fb2) читать онлайн

- Планета людзей (пер. Нiна Мацяш) 243 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Антуан де Сент-Экзюпери

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Антуан дэ Сэнт-Экзюперы Планета людзей

Анры Гiёмэ, таварыш мой, табе прысвячаю я гэтую кнiгу

Зямля памагае нам разумець самiх сябе, як не памогуць нiякiя кнiгi. Бо зямля не паддаецца нам. Чалавек спазнае сябе толькi ў змаганнi з перашкодамi. Але для гэтага змагання яму патрэбны прылады. Яму патрэбны гэблiк цi плуг. Селянiн сваёй нялёгкай працай паступова вырывае ў прыроды яе таямнiцы, i iсцiна, якую ён здабывае, — усеагульная iсцiна. Гэтак i самалёт — прылада для пракладвання паветраных лiнiй — сутыкае чалавека з усiмi адвечнымi праблемамi.

Нiколi не забуду майго першага начнога палёту ў Аргенцiне, той апраметнай цемрадзi, у якой, быццам рассыпаныя па раўнiне зоркi, мiгцелi рэдкiя агеньчыкi.

Кожны з iх азначаў у гэтым акiяне цемрыва цуд чалавечага духу. Пры святле вось гэтай лямпы нехта чытае, цi летуценiць, цi спавядаецца. А тут, магчыма, нехта марыць пра касмiчныя палёты, нехта карпее над вылiчэннем туманнасцi Андрамеды. А там — кахаюцца. Яны нястомна пераклiкаюцца, гэтыя агнi ўнiзе, i кожнаму патрэбна сiлкаванне. Усiм без выключэння, нават сама сцiплым — агням паэта, настаўнiка, цеслi. Але мiж гэтых жывых зор — колькi зачыненых аканiц, колькi пагаслых зорак, колькi заснулых людзей…

Далучыцца б да iх. Пагаманiць бы з вамi, зiхоткiя агеньчыкi, раскiданыя ў палях.

I. Паветраная лiнiя

Гэта было ў 1926 годзе. Я паступiў тады пiлотам на авiялiнiю кампанii «Латэкаэр», якая яшчэ да «Аэрапасталi» i «Эр-Франс» наладзiла сувязь памiж Тулузай i Дакарам. Там я асвойваў сваё рамяство. Разам з iншымi таварышамi я праходзiў падрыхтоўчы курс, абавязковы для ўсiх навiчкоў, перш чым мець гонар вадзiць паштовы самалёт. Пробныя палёты, перагоны Тулуза — Пэрпiньян, нудлiвыя ўрокi навiгацыi ў кутку ледзянога ангара. Мы жылi ў боязi прад невядомымi нам гарамi Гiшпанii i ў глыбокай павазе да «старых».

Мы сустракалiся з iмi, «старымi», у рэстаране, — засяроджаныя, нейкiя недаступныя, яны даволi звысоку давалi нам свае парады. I калi нехта з iх, па вяртаннi з Алiкантэ цi Касабланкi, у скуранцы, мокрай ад дажджу, са спазненнем далучаўся да нас, а нехта з нас нясмела цiкавiўся, як прайшоў палёт, яго скупыя адказы i слота на дварэ стваралi ў нашым ўяўленнi цэлы казачны свет, поўны пастак, сiлоў, неспадзяваных скал i завiхрэнняў такой сiлы, што маглi б вырваць з коранем кедры. Чорныя драконы сцераглi доступ на ўзвышшы, вогненныя кароны ўвенчвалi кратэры. Яны, «старыя», умела падтрымлiвалi нашу пашаноту. Але потым нехта з iх не вяртаўся, i жывым заставалася вечна шанаваць iх памяць.

Помню, як вярнуўся Бюры, якi пазней разбiўся ў Карб'ерах. Бывалы лётчык сеў памiж нас i моўчкi, усё яшчэ стомлена горбячыся, стаў нетаропка есцi. Быў вечар аднаго з тых слотных дзён, калi неба гнiе па ўсiм маршруце авiялiнii i лётчыку мроiцца, што ўсе горы куляюцца ў тванi, як гарматы на палубе колiшнiх паруснiкаў, калi лопнуць прымацаваннi. Я паглядзеў на Бюры, пракаўтнуў камяк у горле i нарэшце асмелiўся запытацца, цi цяжкi быў палёт. Бюры не азваўся, засяроджаны, схiлены над талеркай. На борце адкрытых самалётаў у кепскае надвор'е лётчыкi, каб лепей бачыць, высоўваюцца па-за ветравое шкло, i поўхi ветру яшчэ доўга потым свiшчуць у вушах. Але вось, здаецца, Бюры пачуў мяне, падняў галаву, схамянуўся i нечакана хораша засмяяўся. I гэты смех, гэты кароткi смех, якi азарыў ягоную стому, прывёў мяне ў захапленне. Ён нi слова не сказаў пра сваю перамогу, апусцiў галаву i моўчкi зноў запрацаваў скiвiцамi. Але ў прыцемку рэстарана, сярод дробных службоўцаў, якiя аднаўлялi тут свае сiлы пасля нiкчэмных дзённых турбот, гэты таварыш з цяжкiмi плячыма падаўся мне дзiвосна годным: з-пад тоўстай кары праглянуў анёл, якi перамог дракона.

I вось, нарэшце, настаў вечар, калi мяне паклiкалi да дырэктара. Ён коратка сказаў:

— Заўтра вы ляцiце.

Я стаяў i чакаў, калi ён дазволiць мне выйсцi. Але, памаўчаўшы, ён дадаў:

— Iнструкцыi добра ведаеце?

У той час маторы былi далёка не такiя надзейныя, як цяперашнiя. Часта яны знянацку, без усялякага папярэджання аглушалi нас страшэнным грукатам раструшчанага посуду. I тады даеш штурвал ад сябе, каб скiраваць самалёт унiз, да скалiстай гары Гiшпанii, якая зусiм не абяцае прытулку. «Калi матор сапсуецца ў гэтых мясцiнах, — разважалi мы, — то самалёта, як бы ты нi намагаўся, ужо не ўратуеш». Але самалёт можна замянiць. Сама галоўнае было не ўрэзацца ў скалу. I нам пад пагрозай сама суровага пакарання забаранялася ляцець у гарыстых зонах вышэй хмар. У выпадку аварыi лётчык, ныраючы ў бялёсую кудзелю, саслепу можа натаўкнуцца на якую-небудзь горную вяршыню.

Вось чаму ў той вечар нетаропкi голас яшчэ раз нагадаў мне прадпiсанне:

— Гэта вельмi шыкоўна — ляцець па компасу ў Гiшпанii па-над суцэльнай воблачнасцю, гэта так элегантна, але…

I яшчэ павольней:

— Але памятайце: пад суцэльнай воблачнасцю — вечнасць…

I раптоўна гэты знiтаваны, такi свойскi, спакойны свет, якi разгортваецца перад табою, калi вырываешся з хмар, набывае для мяне невядомую раней якасць. Прыязнасць абарочваецца пасткай. Там, унiзе, не тлум, не мiтусня людзей, не шумны гарадскi транспарт, як можна было меркаваць, а бязмежная цiша, непарушны спакой. Гэтая белая смала стае для мяне мяжой памiж быццём i нябытам, вядомым i неспасiцгальным. I я пачынаю разумець, што любая з'ява выяўляе сваю сутнасць толькi праз веды, праз духоўную культуру, праз рамяство. Горцам таксама знаёмая суцэльная воблачнасць. Аднак яны не бачаць у ёй гэтай фантастычнай заслоны.

Калi я выйшаў з кабiнета, мяне ахапiла нейкая дзiцячая гордасць. Нарэшце i я прыму на золку адказнасць за пасажыраў, за афрыканскую пошту. Але адначасна я быў i прыгнечаны. Мне здавалася, што я кепска падрыхтаваны. Гiшпанiя была небагатая на прытулкi; я баяўся, што, калi мяне спасцiгне аварыя, я не знайду выратавальнай пляцоўкi. Я дастаў карту, доўга разглядваў яе, але яна, абыякавая, не давала мне тых парад, у якiх я меў патрэбу; тады я, перапоўнены бояззю i гонарам, вырашыў правесцi гэтую ноч напярэдаднi бою ў майго таварыша Гiёмэ. Гiёмэ ўжо лятаў па гэтых маршрутах. Гiёмэ ведаў хiтрыкi, з дапамогай якiх можна было падабраць ключы да Гiшпанii. Хай Гiёмэ навучыць i мяне.

Убачыўшы мяне, ён усмiхнуўся:

— Ведаю, ведаю. Ты задаволены?

Ён дастаў з тумбачкi бутальку вiна i шклянкi, падышоў да мяне, не перастаючы ўсмiхацца:

— Такую падзею трэба адзначыць. Усё будзе добра, вось пабачыш!

Ён выпраменьваў давер, як лямпа выпраменьвае святло, гэты таварыш, якому пазней выпадзе зрабiць рэкордныя пералёты з поштай над Кардыльерамi i Паўднёвай Атлантыкай. Але гэта адбудзецца праз некалькi гадоў, а ў той вечар, седзячы ў адной кашулi пад лямпай, скрыжаваўшы рукi на грудзях i ўсмiхаючыся сама лагоднай сваёй усмешкай, ён проста сказаў мне:

— Навальнiцы, туман, снег часам будуць чынiць табе непрыемнасцi. Але ты думай тады пра тых, хто ўжо прайшоў праз усё гэта, i проста скажы сабе: «Тое, што ўдалося iншым, удасца i мне».

Аднак я разгарнуў карту i папрасiў яго разам прагледзець мой маршрут. I, схiлiўшыся пад лямпай, абапёршыся на плячо старэйшага таварыша, я зноў набыў спакой i ўпэўненасць, як у далёкiя школьныя гады.

Але якi дзiўны ўрок геаграфii быў у мяне! Гiёмэ не расказваў мне пра Гiшпанiю; ён ператвараў Гiшпанiю ў маю прыяцельку. Ён не гаварыў нi пра водныя басейны, нi пра колькаедь насельнiцтва, нi пра пагалоўе статка. Ён апавядаў не пра Гуадыс, а пра тры апельсiнавыя дрэвы, якiя раслi на ўскрайку поля паблiзу Гуадыса: «Асцерагайся iх, адзнач iх на сваёй карце…» I з гэтай хвiлiны тры апельсiнавыя дрэвы набывалi для мяне большае значэнне, чым Сьера-Невада. Ён казаў не пра Лорку, а пра небагатую ферму паблiзу Лоркi. Пра жыццё гэтай фермы. Пра яе гаспадара. Пра яе гаспадыню. I гэтыя муж i жонка, загубленыя ў пространi, за сто пяцьдзесят кiламетраў ад нас, набывалi невераемную важнасць. Прылепленыя да схiлу гары, яны, быццам бакеншчыкi, былi гатовы сваiмi зоркамi прыйсцi на дапамогу людзям.

З недаступнага розуму занябыту мы вывудзiлi дэталi, невядомыя нiводнаму географу ў свеце. Бо географаў цiкавiць толькi рака Эбра, якая поiць шматлiкiя гарады. Але не прытоеная ў траве ручаiнка заходней Матрыля, кармiлiца трох дзесяткаў красак: «Асцерагайся ручайка, ён размякчае дол… Пазнач i яго на карце». О, я не забудуся пра змейку каля Матрыля! Такая бяскрыўдная, усяго некалькi жабак цешыць сваiм лагодным мармытаннем, але заплюшчана ў яе толькi адно вока. У раi выратавальнага поля, залёгшы ў зеленатраўi, яна цiкуе за мной за дзве тысячы кiламетраў адсюль. Пры першым жа зручным выпадку яна аберне мяне ў сноп полымя…

Я ўпэўнена прадбачу там, на адхоне пагорка, i iх, гэтых тры дзесяткi ваявiтых, гатовых нашкодзiць авечак: «Табе памроiцца, што ён чысты, гэты луг, — шлёп! I тут пад колы табе рынецца трыццаць авечак…» I я заварожана ўсмiхаюся гэтай, такой падступнай, пагрозе.

I спакваля Гiшпанiя на маёй асветленай лямпай карце ператвараецца ў казачную краiну. Я адзначаю крыжыкам выратавальныя пляцоўкi i пасткi. Я адзначаю i фермера, i тры дзесяткi авечак, i ручаiнку. Я дакладна стаўлю на яе належнае месца i пастушку, на якую не звяртаюць анiякай увагi географы.

Развiтаўшыся з Гiёмэ, я адчуў патрэбу пахадзiць у самоце, падыхаць золкiм паветрам зiмовага вечара. Я падняў каўнер палiто i павёў на прагулянку сваю маладую радасць. Я быў горды, што магу несцi ў сэрцы таямнiцу i штурхаць локцямi гэтых незнаёмцаў. Яны не ведалi мяне, гэтыя варвары, але менавiта мне цяжарам паштовых мяхоў давераць яны на золку свае клопаты, свае парываннi. Менавiта ў мае рукi перададуць яны свае спадзяваннi. Уткнуўшы нос у палiто, я з паблажлiвасцю заступнiка i ахоўнiка крочыў памiж iх, але яны нiчога не ведалi пра мой клопат.

Тым болей не звярталi яны ўвагi на сiгналы ночы, якiя лавiў я. Бо гэтая завiруха, якая, вiдаць, рыхтавалася i магла ўскладнiць мой першы палёт, цiкавiла саму маю плоць. Зоркi гаслi адна за адной, але якая справа была да iх гэтым мiнакам? Аднаму мне давяралася тайна. Напярэдаднi бою мне дакладвалi пра пазiцыi ворага…

Мiж тым гэтае данясенне, якое ўскладвала на мяне такую сур'ёзную адказнасць, я прымаў каля асветленых вiтрын, дзе ззялi навагоднiя падарункi. Здавалася, там, сярод ночы, былi выстаўлены напаказ усе скарбы зямлi, i я п'янеў ад таго, што выракаюся iх. Мне, ваяру, пагражала небяспека: навошта здаўся мне гэты зiхоткi крышталь, прызначаны для вячэрнiх баляванняў, гэтыя люстры, гэтыя кнiгi? Я ўжо купаўся ў завоблачных вышынях, я, паштовы лётчык, ужо ўпiваўся зубамi ў гаркавую мякаць начных палётаў.

Было тры гадзiны ночы, калi мяне пабудзiлi. Я адным штуршком расчынiў аканiцы, убачыў, што над горадам iшоў дождж, i заклапочана апрануўся.

Праз паўгадзiны я ўжо сядзеў на сваiм маленькiм чамаданчыку на ходнiках, блiскучых ад дажджу, i чакаў омнiбус. Колькi таварышаў да мяне ў дзень пасвячэння са шчымлiвасцю ў сэрцы перажылi такое ж чаканне! Нарэшце на рагу вулiцы з грукатам жалеззя вынырнула мая дапатопная калымага, i цяпер i я, як таварышы, меў права ўцiснуцца на лаўцы памiж паўсонным работнiкам таможнi i нейкiм службоўцам. Омнiбус патыхаў цвiллю, прапыленай адмiнiстрацыйнай установай, старой канторкай, дзе прамiнае чалавечае жыццё. Праз кожныя пяцьсот метраў ён спыняўся, каб падабраць яшчэ аднаго пiсара, яшчэ аднаго таможнiка цi iнспектара. Тыя, што ўжо зноў паспелi задрамаць, няўцямным мармытаннем адказвалi на прывiтанне чарговага пасажыра, якi ўладкоўваўся як мог i адразу ж сам упадаў у дрымоту, Усё гэта мела выгляд нейкай сумнай перавозкi на няроўных брукаванках Тулузы; i паштовы лётчык напачатку нiчым не вылучакаў омнiбус. Колькi таварышаў да мяне ў дзень паплывалi вулiчныя лiхтары, але наблiжаўся аэрадром, i грымоткi аўтобусiк ператвараўся ў шэры кокан, адкуль чалавек выходзiў адменены.

Кожны з маiх таварышаў адчуў аднойчы сходным ранкам, як у iм, уразлiвым падначаленым, яшчэ залежным ад настрою iнспектара, нараджаецца чалавек, адказны за гiшпанскую i афрыканскую пошту, нараджаецца той, хто трыма гадзiнамi пазней, жагнаны блiскавiцамi, твар у твар сутыкнецца з драконам Аспiталета… хто, адолеўшы яго, яшчэ праз чатыры гадзiны, па сваёй волi, маючы ўсе правы i магчымасцi, прыме рашэнне вяртацца назад альбо цераз мора, альбо пайсцi напрасткi на штурм горных масiваў Алькоя, хто будзе весцi перагаворы i з бурай, i з гарой, i з акiянам.

Кожны таварыш гэтаксама, як я, змяшаўшыся з безыменным натоўпам пад пахмурым зiмнiм тулузскiм небам, адчуў у такi ранак, як расце ў iм валадар, якi праз пяць гадзiн, пакiнуўшы далёка за сабою дажджы i завiрухi поўначы, выракшыся зiмы, памяншаючы абароты вiнтоў, пачне сваё прызямленне ў асляпляльную сонечнасць лета Алiкантэ.

Таго старога омнiбуса даўно няма, але ягоная суровасць, ягоная няўтульнасць дагэтуль жывуць у маёй памяцi. Ён выдатна сiмвалiзаваў адпаведную падрыхтоўку да суровых радасцей нашага рамяства. Усё тут набывала ўражлiвую стрыманасць. Помню, як тры гады таму, я, хоць не было вымаўлена i дзесятка слоў, даведаўся тут пра гiбель лётчыка Лекрывэна, аднаго з сотнi таварышаў па авiялiнii, якiя ўдзень цi туманнай ноччу ўзялi свой водпуск навекi.

Таксама было тры гадзiны ранку, панавала гэткая ж цiшыня, калi мы пачулi, як дырэктар, нябачны ў змроку, падаў голас iнспектару:

— Лекрывэн не прызямлiўся ўначы ў Касабланцы.

— А! — адгукнуўся iнспектар. — А?

Нечакана выхаплены з плынi дрымоты, ён устрапянуўся, каб канчаткова ачнуцца, каб паказаць сваю зацiкаўленасць, i дадаў:

— А! Праўда? Не ўдалося прайсцi? Ён вярнуўся назад?

На што ў глыбiнi омнiбуса толькi адказалi: «Не». Мы чакалi працягу, але болей не было прамоўлена нi слова. Адна за адной падалi секунды, i з цягам рабiлася ўсё вiдавочней, што да гэтага «не» не дадасца нiводнае слова, што гэтае «не» беззваротнае, што Лекрывэн не проста не прызямлiўся ў Касабланцы, а што ён ужо нiколi i нiдзе не прызямлiцца.

Вось гэтак i я тым ранкам, на зары майго першага паштовага палёту, у сваю чаргу падвяргаўся свяшчэнным рытуалам майго рамяства, i, гледзячы праз акно на блiскучы асфальт, дзе люстравалiся вулiчныя лiхтары, я адчуваў, як упэўненасць пакiдае мяне. Было вiдаць, як ад ветру на лужынах трапяталi буйныя пальмавыя лiсты. I я думаў: «Як на мой першы палёт… сапраўды, не дужа мне шанцуе…» Я ўзняў вочы на iнспектара: «Кепскае надвор'е, праўда?» Iнспектар кiнуў за акно стомлены позiрк. «Гэта яшчэ нiчога не азначае», — памаўчаўшы, буркнуў ён. I я стаў прыгадваць, па якiх прыкметах распазнаецца кепскае надвор'е. Напярэдаднi вечарам Гiёмэ адной усмешкай сцёр усе нядобрыя веставаннi, якiмi прыгняталi нас «старыя», а цяпер у маёй памяцi зноў усплыло: «Шкада мне таго, хто не вызубрыў трасу да апошняга каменьчыка i трапляе ў буран… Шкада мне яго!..» I м трэба было падтрымлiваць свой аўтарытэт, i яны пахiтвалi галовамi, разглядваючы нас з нейкiм бянтэжлiвым спачуванвем, быццам яны аплаквалi нашу прастачую наiўнасць.

I сапраўды, колькiм ужо з нас гэты омнiбус паслужыў апошнiм прытулкам? Шасцiдзесяцi? Васьмiдзесяцi? Каго аднойчы дажджлiвым ранкам маўклiвы шафёр адвёз назаўжды. Я агледзеўся: наўкол у змроку свяцiлiся iскрыстыя кроплi, цыгарэты яшчэ больш падкрэслiвалi глыбокую засяроджанасць. Мiзэрную засяроджанасць старэючых службоўцаў. Колькiм з нас гэтыя спадарожнiкi паслужылi пахавальным картэжам?

Да мяне даляталi цiхiя, упаўголасу, размовы. Гаворкi пра хваробы, грошы, сумныя хатнiя турботы. За ўсiм гэтым паўставалi сцены змрочнай турмы, у якой былi замкнёны гэтыя людзi. I раптам я ўбачыў воблiк лёсу.

Стары службовец, мой сённяшнi сусед у омнiбусе, нiхто i нiколi ўжо не змусiць цябе вырвацца з твайго палону, i ты зусiм не вiнаваты ў гэтым. Ты змураваў свой спакой у чатырох сценах, як гэта робяць мурашкi, якiя замуроўваюць усе выхады да святла. Ты як у кокане — у сваёй мяшчанскай бяспецы, у сваiх дрымучых прывычках, у душных рытмах свайго правiнцыяльнага iснавання, ты ўзвёў гэтую вартую жалю крапасную сцяну i схаваўся за ёю ад ветру, марскога прыбою i зор. У цябе няма нiякага жадання турбаваць сябе вечнымi праблемамi, табе i так шмат сiл каштавала забыць пра сваё званне чалавека. Не, ты не жыхар вандроўнай планеты, ты нiколi не ставiш перад сабой пытанняў, на якiя не можаш знайсцi адказу: ты проста дробненысi тулузскi мешчанiн. Нiхто не прымусiў цябе азiрнуцца навокал, калi яшчэ можна было зрабiць гэта. Цяпер глiна, у якую ты ператварыўся, высахла i ўкамянела, i цяпер ужо нiхто не зможа абудзiць у табе заснулага музыку, паэта цi астранома, якi, магчыма, некалi жыў у табе.

I я ўжо не наракаю на слотны вецер. Чары майго рамяства разнасцежваюць перада мною свет, дзе гадзiны праз дзве я твар у твар сутыкнуся з чорнымi драконамi i вяршынямi ў кароне сiнiх блiскавiц, дзе з надыходам ночы я вольны буду чытаць свой шлях па зорах.

Гэтак адбывалася наша баявое хрышчэнне, i мы адпраўлялiся ў дарогу. Гэтыя падарожжы часцей за ўсё заканчвалiся без прыгод. Мы спакойна, як прафесiянальныя плыўцы, ныралi ў глыбiнi нашых уладанняў. Сёння яны добра асвоены. Лётчык, механiк i радыст ужо не адпраўляюцца наўздагады, самалёт для iх — лабараторыя. Яны падначальваюцца гульнi стрэлак прыбораў, а не зменам краявiду. На даляглядзе ў змроку ўзнiклi горы, але цяпер яны перасталi ўжо быць гарамi. Цяпер гэта нябачныя сiлы, наблiжэнне якiх трэба вылiчыць. Радыст пры святле лямпачкi засяроджана занатоўвае лiчбы, механiк робiць значкi на карце, i лётчык выпраўляе курс, калi горы аднесла ўбок, калi вяршынi, якiя меркавалася абысцi злева, раптам моўчкi, у таемнасцi баявых прыгатаванняў развярнулiся проста перад iм.

А на зямлi дзяжурныя радысты, прыслухоўваючыся да голасу таварыша, усе разам засяроджана запiсваюць у свае журналы: «Нуль гадзiн сорак хвiлiн. Курс 230. На борце ўсё ў парадку».

Гэтак праводзiць палёт экiпаж сёння. Ён зусiм не адчувае, што ён у руху. Ён, як у адкрытым моры ўначы, вельмi далёкi ад люб-якога арыенцiра. Але маторы напаўняюць асветленую кабiну трымценнем, i яно зыначвае яе сутнасць. I прамiнае час. I за гэтымi цыферблатамi, радыёлямпамi, стрэлкамi творыцца нейкая невiдочная алхiмiя. Секунда па секундзе гэтыя патаемныя рухi, гэтыя прыглушаныя словы, гэтая пiльнасць рыхтуюць цуд. I наступае час, калi лётчык можа ўпэўнена прыпасцi да ветравога шкла. Вось яно, золата, якое ўзнiкла з нiчога: зiхацiць у кастрах пасадачнай пляцоўкi.

Але ж усе мы зведалi i такiя палёты, калi за дзве гадзiны лёту да пасадачнай пляцоўкi ты, агорнуты нейкай асаблiвай задуменнасцю, раптоўна адчуваеш гэткую сваю самотнасць, якую не змог бы адчуць i ў самым сэрцы Iндыi i адкуль ужо не спадзяешся знайсцi дарогу назад.

Так было з Мермозам, калi ён упершыню адольваў на гiдраплане Паўднёвую Атлантыку i на зыходзе дня наблiзiўся да Пот-а-Нуара. Некалькi хвiлiн перад iм звiвалiся i спляталiся хвасты трапiчнага ўрагану тарнада, быццам узводзiлася магутная сцяна, затым апусцiлася цемра i паглынула ўсе гэтыя падрыхтаваннi. А калi праз гадзiну ён пратачыўся пад хмары, то апынуўся ў нейкiм фантастычным царстве.

Марскiя смерчы, устойлiвыя i з выгляду нерухомыя, цягнулiся ўгору, як чорныя калоны храма. Разбухлыя ўверсе, яны падтрымлiвалi нiзкi змрочны купал буры, але праз разрывы ў купале падалi шырокiя сувоi святла, мiж калонамi на халодных плiтах мора ззяла поўня. I Мермоз, слiзгаючы ад аднаго фарватэра святла да другога, абмiнаючы гэтыя гiганцкiя калоны, дзе, безумоўна, грозна ракатала ўздыбленае мора, чатыры гадзiны прабiраўся па месячных тонях да выхаду з гэтых бязлюдных руiнаў храма. I гэтае вiдовiшча было такое ашаламляльнае, што Мермоз, ужо вылецеўшы за межы Пот-а-Нуара, заўважыў, што ён нават не паспеў спалохацца.

Мне таксама помняцца такiя моманты, калi апынаешся па-за межамi рэальнага свету: аднойчы радыёпеленгi, падаваныя сахарскiмi пасадачнымi пляцоўкамi, былi памылковыя на працягу ўсёй ночы, i мы, мой радыст Неры i я, былi зусiм збiтыя з тропу. Нечакана ўнiзе ў разрыве туману блiснула вада, я рэзка скiраваў да ўяўнага берага, але мы не маглi ведаць, як далёка заляцелi ў адкрытае мора.

Мы ўжо не былi ўпэўнены, што дабяромся да берага, бо магло не хапiць бензiну. Але i дасягнуўшы берага, трэба было яшчэ адшукаць пасадачную пляцоўку. А тут акурат i месяц пачаў заходзiць. Без паказчыкаў адхiлення, ужо глухiя, мы спакваля i слеплi. Поўня пагасала ў тумане, як бледная галавешка ў гурбе снегу. Неба над намi таксама зацягвалася хмарамi, i мы ляцелi памiж хмарамi i туманам, у нейкiм цьмяным, мёртвым свеце.

Аэрадромы, якiя адказвалi нам, не маглi паведамiць нам нашы каардынаты: «Не можам запеленгаваць… Не можам запеленгаваць…», — бо голас наш даходзiў да iх адусюль i нiадкуль.

I нечакана, калi нас ужо стала агортваць роспач, на даляглядзе злева ўспыхнула зiхоткая кропка. Бурная радасць ахапiла мяне. Неры падаўся да мяне, i я пачуў, што ён спявае! Гэта магла быць толькi пасадачная пляцоўка, гэта мог быць толькi яе маяк, бо ўначы ўся Сахара гасне i ператвараецца ў вялiзны мёртвы абшар. А тым часам агеньчык пагарэў трошкi i пагас. А мы ўзялi на яго курс — на зорку, якая была на даляглядзе i ўсяго на некалькi хвiлiн выглянула памiж хмарамi i посцiлкай туману…

А потым сталi з'яўляцца iншыя агеньчыкi, i мы з глухой надзеяй бралi курс на кожную з гэтых iскрынак. I калi агеньчык не згасаў адразу, мы падвяргалi яго жыццёва неабходнай праверцы: «Бачым агонь, — перадаваў Неры пасадачнай пляцоўцы ў Сiснеросе, — тройчы пагасiце i запалiце маяк». Сiснерос гасiў i зноў запальваў свой маяк, але ўпарты агеньчык, за якiм мы назiралi, не мiргаў, — непадкупная зорка. Не зважаючы на тое, што гаручае было на зыходзе, мы зноў i зноў пападалiся на залаты кручок, зноў i зноў быў ён для нас сапраўдным святлом маяка, сапраўднай пасадачнай пляцоўкай — i жыццём!.. Але нам зноў i зноў даводзiлася мяняць зорку.

Цяпер мы адчувалi сябе блукальцамi ў мiжпланетнай прасторы сярод сотнi недасягальных планет у пошуках адной сапраўднай планеты, нашай планеты, той адзiнай, дзе месцiлiся нашы звыклыя краявiды, нашы прыязныя дамы, наша пяшчота.

Тая адзiная планета… Я раскажу вам, што прыгадалася мне тады, хоць, мажлiва, гэта i падасца вам дзiцячым наiвам. Але i ў хвiлiну небяспекi застаешся чалавекам з усiмi чалавечымi турботамi, i мне хацелася пiць, хацелася есцi. Калi мы адшукаем Сiснерос, мы напоўнiм нашы бакi гаручым i прадоўжым палёт i прахалодным досвiткам прызямлiмся ў Касабланцы. Канец працы! Мы, Неры i я, пойдзем у горад. Там можна нагабаць невялiчкiя бiстро, якiя адчыняюцца на зары… Неры i я, мы ў поўнай бяспецы, пасмейваючыся з перажытай ночы, сядзем там за столiк i закажам цёплыя булачкi i каву з малаком. Мы з Неры прымем гэты ранiшнi дарунак жыцця. Гэтак старая сялянка дасягае свайго Бога праз маляваны абразок, наiўны медальён, ружанец: нам трэба размаўляць сама звычайнай мовай, калi мы хочам быць пачуты сваiмi. Уся радасць жыцця сканцэнтравалася для мяне ў гэтым першым духмяным гарачым глытку, у гэтай сумесi малака, кавы i хлеба, праз якую прычашчаешся да спакойных лугоў, экзатычных плантацый i жнiўных палёў, праз якую прычашчаешся да ўсёй зямлi. Сярод гэтай процьмы зорак мелася ж ведзе тая адна-адзiная, якая, каб стаць блiзкай нам, прыгатавала б нам на снеданне гэтую духмяную фiлiжанку.

Але неадольныя вёрсты пралеглi памiж нашай машынай i гэтай населенай планетай. Усе скарбы свету месцiлiся ў пылiнцы, згубленай у сузор'ях. I астролаг Неры, якi сiлiўся распазнаць яе, усё заклiнаў i заклiнаў зоры.

Раптам ён пхнуў мяне кулаком у плячо. На паперцы, пра якую папярэдзiў гэты тумак, я прачытаў: «Усё добра, я атрымаў цудоўную вестку». I я з трапятаннем сэрца чакаў, пакуль ён пiсаў мне тыя паўдзесятка слоў, што павiнны былi стаць нашым паратункам. Нарэшце я атрымаў яго, гэты дар неба.

Ён зыходзiў з Касабланкi, якую мы пакiнулi напярэдаднi вечарам. Не перададзены своечасова, ён нечакана дагнаў нас, заблуканых у моры памiж туманам i хмарамi, праз дзве тысячы кiламетраў. Пасланне зыходзiла ад дзяржаўнага кантралёра аэрапорта ў Касабланцы. I я прачытаў: «Месье дэ Сент-Экзюперы, я вымушаны прасiць Парыж накласцi на вас спагнанне: пры вылеце з Касабланкi вы развярнулiся занадта блiзка ад ангараў». Гэта была праўда, я развярнуўся занадта блiзка ад ангараў. Праўдай было i тое, што гэты чалавек з раздражненнем выконваў свае абавязкi. У канторы аэрапорта я пакорлiва выслухаў бы гэты папрок. Але там, дзе ён дапяў нас, ён быў не да месца. Недарэчна прагучаў ён сярод гэтых адзiнокiх зор, над гэтым лежбiшчам туману, над морам, якое дыхала пагрозай. Нам былi ўручаны нашы ўласныя лёсы, лёс пошты i лёс нашай машыны, мы ледзь выкручвалiся, каб выжыць, а гэты чалавек вывяргаў на нас сваю дробязную злапомнасць. Але замест таго каб абурыцца, мы з Неры адчулi неспадзяваную бязмежную радасць. Тут гаспадарамi былi мы, — ён памог зрабiць нам гэтае адкрыццё. Значыць, ён, гэты капрал, так i не заўважыў на нашых рукавах нашывак, так i не заўважыў, што мы цяпер капiтаны? Ён урываўся ў нашу замроенасць, калi мы ўтрапёна карагодзiлi недзе ля Вялiкай Мядзведзiцы цi ў сузор'i Стральца, i адзiным, што яшчэ здольна было ўсхваляваць нас у нашым становiшчы, магла быць хiба толькi гэтая здрада поўнi…

Абавязак планеты, з якой падаў голас гэты чалавек, безумоўны i адзiны абавязак яе быў — паведамiць нам дакладныя дадзеныя для вылiчэння нашага месцазнаходжання сярод зор. А дадзеныя гэтыя аказалiся памылковымi. А пра ўсё астатняе ёй бы пакуль памаўчаць. I Неры напiсаў мне: «Замест таго каб займацца глупствам, лепей прывялi б нас куды-небудзь…» «Яны» азначала для яго ўсе народы зямлi з iхнiмi ўрадамi, сенатамi, армiямi i iмператарамi. I, перачытваючы паведамленне гэтага недарэкi, якi намерваўся расправiцца з намi, мы павярнулi на Меркурый.

Мы ўратавалiся зусiм выпадкова i сама дзiўным чынам: страцiўшы надзею даляцець да Сiснероса i прастуючы ў кiрунку да берага, я вырашыў трымацца гэтага курсу датуль, пакуль хопiць гаручага. Такiм чынам я аберагаў нейкi шанц на тое, што не ўпадзём у мора. На няшчасце, мае прывiдныя здрадлiвыя маякi завялi мяне богведама куды.

I, на няшчасце, густы туман, у якi мы былi б змушавы ныраць ў поўнай слепаце, пакiдаў нам няшмат шанцаў на шчаслiвае прызямленне. Але я не меў выбару.

Сiтуацыя была такая ясная, што я абыякава пацiснуў плячыма, калi Неры перадаў мне вестку, якая гадзiнай раней магла б выратаваць нас: «Сiснерос адважваецца вызначыць, дзе мы. Сiснерос мяркуе: прыблiзна 216…» Сiснерос ужо не быў затоены ў цемры, Сiснерос, ужо чулы на дотык, быў недзе там, злева ад нас. Так, але цi далёка да яго? Мы з Неры параiлiся. Надта позна. Мы абодва разумелi гэта. Ляцець на Сiснерос азначала б павялiчыць нашу рызыку страцiць бераг. I Неры адказаў: «Гаручага засталося ўсяго на гадзiну, трымаем курс 93».

А тым часам пасадачныя пляцоўкi адзывалiся адна за адной, у нашу размову ўступалi галасы Агадзiра, Касабланкi, Дакара. Радыёстанцыi кожнага горада выклiкалi аэрапорты. Начальнiкi аэрапортаў выклiкалi нашых таварышаў. I спакваля яны сабралiся вакол нас, як ля пасцелi хворага. Бескарысная спагада, але ўсё-ткi спагада, як бы там нi было. Бясплённыя парады, але колькi ў iх пяшчоты!

I нечакана здалёку, за чатыры тысячы кiламетраў ад нас, падала голас Тулуза, галоўны аэрадром. Тулуза з ходу, без нiякага ўступу ўварвалася да нас: «Iндэкс вашага самалёта — Ф… (Цяпер ужо не помню нумар.)» — «Так». — «Тады ў вашым распараджэннi гаручага яшчэ на дзве гадзiны. Бак гэтай машыны не стандартны. Курс на Сiснерос».

Так патрабаваннi, якiя выстаўляе рамяство, пераўтвараюць i ўзбагачаюць свет. Але зусiм не абавязкова перажыць падобную ноч, каб пiлоту ў звычайных з'явах адкрыўся нейкi новы сэнс. Аднастайны пейзаж за акном стамляе пасажыра, але ён зусiм iнакшы для экiпажа самалёта. Гэтая воблачная смуга, якая зацягвае далягляд, перастае быць для яго проста малюнкам: яна праявiць цiкавасць да яго мускулаў i паставiць перад iм нялёгкiя задачы. I ён ужо лiчыцца з гэтым, ён вымярае яе, сапраўдны дыялог завязваецца памiж iмi. Вось горная вяршыня, да яе яшчэ далёка: чым яна яго сустрэне? Пры святле месяца яна стане ёмкiм арыенцiрам. Але калi лётчык вядзе машыну ўсляпую, з цяжкасцю выпраўляе адхiленнi ад курсу i сумняваецца ў сваiм месцазнаходжаннi, вяршыня абернецца выбухам, яна запоўнiць небяспекай усю бязмежную ноч, як адна плывучая мiна, што дрэйфуе па волi плынi, робiць небяспечным цэлае мора.

Гэткi зменлiвы i акiян. Для звычайных падарожнiкаў бура застаецца нябачнай: з вышынi не вiдно, як узнiмаюцца валы, i залпы вадзяных пырскаў здаюцца нерухомымi. Толькi разбухаюць вялiзныя белыя пальмавыя лiсты, спярэшчаныя прожылкамi i завусенiцамi, абведзеныя нечым накшталт гелю. Але экiпаж самалёта разумее, што тут на ваду не сядзеш. Гэтыя пальмы для яго — што вялiзныя ядавiтыя кветкi.

I нават калi палёт праходзiць удала, пiлот на сваiм адцiнку трасы не проста глядач. Гэтыя фарбы зямлi i неба, гэтыя сляды ветру на моры, гэтыя залачавыя аблокi змяркання, — ён зусiм не любуецца iмi, ён разважае над iмi. Падобна селянiну, якi абыходзiць свае ўладаннi i па тысячах прыкмет прадбачыць прыход вясны, моцныя замаразкi цi дождж, вопытны лётчык таксама прадбачыць па прыкметах блiзкую завею, туман цi ясную, пагодную ноч. Напачатку здавалася самалёт не дае чалавеку расшыфроўваць мову прыроды, але не, яшчэ ўладарней становяцца яе вялiкiя законы. Навальнiчнае неба выклiкае пiлота на суд стыхiй — i, самотны, ён змагаецца за свой груз з трыма прадвечнымi багамi: з гарамi, морам i бурай.

II. Таварышы

1

Некалькi маiх таварышаў, у тым лiку i Мермоз, праклалi праз няскораныя раёны Сахары авiялiнiю Касабланка — Дакар. Маторы тады былi ненадзейныя. Аднойчы, пацярпеўшы аварыю, Мермоз трапiў да маўраў; яны не адважылiся забiць яго, два тыднi патрымалi ў палоне, потым за выкуп адпусцiлi. I Мермоз зноў стаў вазiць пошту над тымi ж раёнамi.

Калi была адкрыта паветраная сувязь з Паўднёвай Амерыкай, Мермозу першаму, як заўсёды, было даручана вывучыць маршрут ад Буэнас-Айрэса да Сант'яга i, як раней над Сахарай, перакiнуць мост па-над Андамi. Яму даверылi самалёт, якi мог набiраць вышыню пяць тысяч дзвесце метраў. Вяршынi Кардыльераў сям-там уздымаюцца да сямi тысяч метраў. I Мермоз адарваўся ад зямлi, каб адшукаць праходы. Перамогшы пяскi, Мермоз пайшоў на прыступ гор, узнесеных у неба вяршынь, якiя пры ветры развiнаюць свае снежныя вэлюмы i праднавальнiчную iмглу, i завiхрэннi мiж адвесных скал такiя рэзкiя, што здаецца, уступаеш у нейкi бой на нажах. Мермоз увязваўся ў гэтыя баi, не маючы ўяўлення пра супрацiўца, не ведаючы, цi выходзяць жывымi з такiх паядынкаў. Мермоз «выведваў» для iншых.

I аднойчы, «выведваючы», ён апынуўся ў палоне ў Андаў.

Сеўшы на вышынi чатыры тысячы метраў на плато з вертыкальнымi адхонамi, ён разам са сваiм механiкам два днi сiлiўся вырвацца адтуль. Дарма: яны былi ў пастцы. Тады яны паставiлi на карту апошнi свой шанец, скiравалi самалёт у бок прорвы, пракалацiлiся па камянiстым грунце i сарвалiся ў бяздонне. Падаючы, самалёт нарэшце набраў хуткасць, дастатковую, каб зноў падпарадкавацца кiраванню. Мермоз выраўняў яго акурат насупраць нейкай скалы, але ўсё-такi зачапiў яе вяршыню i, разлiваючы ваду з усiх лопнутых ад марозу ўначы патрубкаў, ужо пашкоджаны, пасля сямi хвiлiн лёту, як да зямлi абяцанай, дабраўся да чылiйскай далiны.

На другi дзень ён пачаў усё спачатку.

Калi Анды былi належна асвоены, калi была добра вывучана тэхнiка пералётаў, Мермоз перадаў гэты маршрут свайму таварышу Гiёмэ i ўзяўся асвойваць ноч.

Тады яшчэ нашы аэрадромы не асвятлялiся так, як зараз, на пасадачных пунктах ноччу Мермозу рыхтавалi скупую iлюмiнацыю з трох бензiнавых вогнiшчаў, раскладзеных у шнур.

Ён i тут выйшаў пераможцам i праклаў дарогу iншым.

Калi i ноч была прыручана як след, Мермоз узяўся за акiян. I ў 1931 годзе пошта ўпершыню была дастаўлена iм з Тулузы ў Буэнас-Айрэс за чатыры днi. Вяртаючыся назад, Мермоз пацярпеў аварыю ў цэнтры Паўднёвай Атлантыкi над расшалелым морам. Выратавала яго адно судна, яго самога, пошту i экiпаж.

Гэтак Мермоз скараў пяскi i горы, ноч i мора. Не раз пяскi i горы, ноч i мора паланялi яго. Але калi ён вяртаўся, то заўсёды для таго, каб зноў узлунаць у неба.

I вось аднойчы, па дванаццацi гадах работы, калi ён у каторы ўжо раз пералятаў Паўднёвую Атлантыку, ён коратка паведамiў, што сапсаваўся правы матор. Затым усталявалася цiшыня.

Спачатку вестка не вельмi занепакоiла, аднак пасля дзесяцi хвiлiн маўчання ўсе радыёстанцыi авiялiнii ад Парыжа да Буэнас-Айрэса пачалi свае трывожныя пошукi. Бо калi дзесяць хвiлiн спазнення не маюць нiякага значэння ў будзённым жыццi, у паштовай авiяцыi яны набываюць змрочны сэнс. У сэрцавiне гэтага мёртвага часу тоiцца нейкае здарэнне. Нязначнае цi трагiчнае, цяпер яно ўжо адбылося. Лёс зачытаў свой вырак, i вырак гэты абскарджанню не падлягае: жалезная рука прывяла лётны экiпаж цi да прываднення без сур'ёзных вынiкаў, цi да катастрофы. Але вырак яшчэ не падпiсаны для тых, хто чакае.

Хто з нас не перажыў гэтых спадзяванняў, з кожнай хвiлiнай усё болей кволых, гэтай цiшы, якая спакваля запаўняе сабой усё на свеце, як фатальная хвароба? Мы спадзявалiся, але час iшоў, неўпрыкметку i звечарэла. I нам стала ясна, што нашы таварышы не вернуцца болей, што яны ўжо спачывалi ў гэтай Паўднёвай Атлантыцы, над якой яны так часта ўзворвалi неба. Сумненняў не было, Мермоз скончыў сваю працу i, як жней, якi, сумленна звязаўшы сноп, засынае на сваёй нiве, — набыў вечны спакой.

Калi таварыш гiне вось гэтак, ягоная смерць выглядае яшчэ адным дзеяннем, натуральным у нашым рамястве, i напачатку ранiць можа нават не так балюча, чым iншая якая смерць. Канечне, ён адышоў ад нас, зведаўшы падступную здраду сваёй пасадачнай пляцоўкi, але мы яшчэ не адчуваем патрэбы ў ягонай прысутнасцi ва ўсёй яе глыбiнi, як можна адчуваць патрэбу ў хлебе.

Мы сапраўды прывыклi падоўгу чакаць сустрэч. Бо яны, таварышы па авiялiнii, параскiданы па ўсiм свеце, ад Парыжа да чылiйскага Сант'яга, як адзiнотныя вартавыя, якiя не маюць магчымасцi перакiнуцца словам. Патрэбен дарожны выпадак, каб дзе-кольвечы звесцi разам раскiданых сябраў вялiкай лётнай сям'i. I вось дзе-небудзь у Касабланцы, цi ў Дакары, цi ў Буэнас-Айрэсе па гадах маўчання зноў за вячэрай узнаўляюцца перарваныя некалi гутаркi, зноў прыгадваецца мiнулае. А там i зноў развiтанне. Мабыць, менавiта пагэтаму зямля i пустынная, i багатая адначасова. Багатая гэтымi свяшчэннымi садамi сяброўства, патаемнымi, цяжка даступнымi, але куды, рана цi позна, прыводзiць нас наша рамяство. Жыццё, можа, i адрывае нас адзiн ад аднаго i не дае нам дужа задумвацца над гэтым, але дзесьцi ўсё-такi ёсць яны, таварышы, хоць дакладна i невядома дзе, маўклiвыя i самотныя, але такiя шчыраверныя! I калi нашы дарогi скрыжоўваюцца, яны з такой бязмежнай радасцю сцiскаюць нас у сваiх абдымках! Канечне, мы прывыклi чакаць…

Але з цягам часу прыходзiць адкрыццё, што светлы смех таго цi iншага таварыша мы ўжо нiколi не пачуем болей, мы спасцiгаем, што той сад забаронены для нас назаўжды. Тады i пачынаецца наша сапраўдная жалоба, не пакутлiвая, а горкая.

Сапраўды, нiшто нiколi не заменiць страчанага таварыша. Нельга наноў стварыць былых сяброў. Нiшто не пераважыць скарбу столькiх агульных успамiнаў, столькiх бядот, перажытых разам, столькiх сварак, прымiрэнняў, парыванняў сэрца. Немагчыма ўзнавiць былую прыхiльнасць. Калi садзiш дуб, дарэмна спадзявацца неўзабаве знайсцi прахалоду ў ягонай засенi.

Гэтак ужо вядзецца ў жыццi. Спачатку мы багацеем, гадамi садзiм дрэвы, але прамiнаюць гады, i час нiшчыць нашы стараннi i выкарчоўвае лес. Таварышы адзiн за адным пазбаўляюць нас прытулку. I з гэтай пары да нашай жалобы прымешваецца цiхi жаль ад таго, што i самi мы старэем.

Вось яны, урокi, дадзеныя нам Мермозам i iншымi таварышамi. Велiч любога рамяства, магчыма, заключаецца перш за ўсё ў тым, што яно яднае людзей: на свеце iснуе толькi адна-адзiная раскоша — раскоша чалавечых повязяў.

Працуючы толькi дзеля аднаго матэрыяльнага дастатку, мы самi сабе будуем турму. Мы замуроўваемся ў адзiноце разам з тленам нашых грошай, якiя не могуць даць анiчога, дзеля чаго варта было б жыць.

Калi я шукаю ў сваёй памяцi тых, хто пакiнуў ува мне глыбокi след, калi я падлiчваю гадзiны, якiя нешта значылi, я, несумненна, знаходжу тое, чаго б не забяспечыла мне анiякае багацце. Нельга купiць дружбу такога чалавека, як Мермоз, дружбу паплечнiка, якога навечна знiтавалi з намi перажытыя сумесна выпрабаваннi.

Нельга купiць за грошы гэтае пачуццё, калi ляцiш праз ноч, у якой гарыць сто тысяч зорак, i на душы бязвоблачна, i некалькi гадзiн ты — усемагутны.

I гэтае адчуванне навiзны свету пасля нялёгкай дарогi, гэтыя дрэвы, кветкi, жанчыны, усмешкi, расквечаныя жыццём, якое вернута нам на свiтаннi, усю гэтую сугучнасць драбнiц, што як узнагарода даюцца нам, нельга купiць за грошы.

Як нельга купiць за грошы i тую перажытую сярод няскораных арабаў ноч, якая цяпер прыходзiць мне на ўспамiн.

На зыходзе дня на ўзбярэжжы Рыо дэ Ора пацярпелi аварыю тры экiпажы французскай авiялiнii. Спачатку быў вымушаны сесцi мой таварыш Рыгель, у якога сапсавалася рулявое кiраванне; другi таварыш, Бурга, прызямлiўся падабраць ягоны экiпаж, але нязначная паломка прыкавала i яго дадолу. Нарэшце каля iх сеў я, але на той час ужо сцямнела. Мы вырашылi выратаваць самалёт Бурга i чакаць свiтання, каб адрамантаваць яго.

За год да гэтага нашы таварышы Гурп i Эрабль, якiя акурат тут пацярпелi аварыю, былi замардаваны няскоранымi арабамi. Мы ведалi, што зараз таксама атрад паўночна-афрыканскай кавалерыi ў трыста ружжаў стаяў лагерам паблiзу Бахадора. Нашы тры прызямленнi, бачныя здалёк, маглi ўсхваляваць iх, i мы прыступiлi да бяссоннай вахты, якая магла аказацца апошняй.

Мы пачалi ўладкоўвацца нанач. Дастаўшы з багажнага аддзялення пяць цi шэсць скрынак з таварамi, мы апаражнiлi iх, расставiлi кругам i ўсярэдзiне кожнай, як у прадзiманай ветрам будцы вартаўнiка, запалiлi па тоненькай свечцы. У глухой пустынi, на голай кары планеты, самотныя, як у дагiстарычны час, мы збудавалi людское селiшча.

Наважаныя пераначаваць на галоўнай плошчы нашага селiшча, на голым загоне пяску, на якi са скрынак падала дрыготкае святло, мы пачалi чакаць. Мы чакалi зары, якая павiнна была выратаваць нас, — альбо маўраў. I я не магу нават сказаць, што надавала гэтай ночы прысмак святочнасцi, каляднасцi. Мы дзялiлiся ўспамiнамi, жартавалi i смяялiся.

Нас хмелiў нейкi лёгкi ўздым, якi апаноўвае сэрца ў разгар хораша наладжанага свята. А мы ж былi сапраўдныя галетнiкi. У нас мелiся толькi вецер, пясок ды зоры. Суровы стыль трапiстаў. Але за гэтым скупа асветленым сталом шасцёра цi сямёра мужчын, у якiх тут не мелася анiчагусенькi ў свеце, апрача ўспамiнаў, дзялiлiся нябачнымi скарбамi.

Вось мы i сустрэлiся, нарэшце. Часам доўга крочыш поплеч з людзьмi, замкнёны ў сваiм маўчаннi, цi перакiдваешся словамi, якiя нiчога не значаць. Але вось наступае часiна небяспекi. I ты абнiмаеш таварыша за плечы. Прыходзiць адкрыццё тваёй прыналежнасцi да аднаго супольства. Гэтае адкрыццё прыводзiць да iншых усведамленняў. I ты шырока ўсмiхаешся таварышу. I нагадваеш у такiя хвiлiны выпушчанага на волю вязня, шчаслiвага неабсяжнасцю мора.

2

Гiёмэ, дазволь мне трошкi расказаць пра цябе; я не буду бянтэжыць цябе няўклюдным славалействам, усхваляючы тваё бясстрашша цi тваё прафесiйнае майстэрства. Зусiм пра iншае хацеў бы я сказаць, апавядаючы пра сама дзiвосную з тваiх прыгод.

Ёсць такая рыса характару, якую нават цяжка акрэслiць. Яе можна назваць сур'ёзнасцю, але гэтае слова не зусiм дакладнае. Таму што тая рыса можа выдатна ўжывацца з бесклапотнейшай жыццярадаснасцю. Гэта рыса цеслi, якi, як роўны з роўным, прымошчваецца каля кавалка бервяна, абмацвае яго пальцамi, вымервае, спакваля ацэньвае ўсе яго вартасцi, не спяшаючыся з легкадумнымi вывадамi.

Неяк, Гiёмэ, я прачытаў адзiн расказ, дзе ўсхваляўся твой подзвiг, i права паквiтацца з тым непраўдзiвым вобразам яшчэ за мной. Там, у тым апавяданнi, ты так i сыпаў прастачымi «гаўрошавымi» жартамi, як быццам адвага заключаецца ў тым, каб у хвiлiну найгоршай небяспекi, на парозе смерцi прынiзiцца да шкалярскага зубаскальства. Аўтар таго апавядання не ведаў цябе, Гiёмэ. Перад тым як пайсцi на штурм сваiх супрацiўцаў, ты не адчуваеш патрэбы высмейваць iх. Нагабаўшы навальнiцу, ты проста разважаеш: «Ага, навальнiца». Ты ведаеш, што гэта такое, i рыхтуешся да яе.

Прымi, Гiёмэ, сведчанне маёй памяцi.

Ты знiк на цэлых пяцьдзесят гадзiн пры пералёце цераз Анды, зiмой. Я акурат вярнуўся з Цэнтральнай Патагонii i ў Мендосе далучыўся да лётчыка Дале. Пяць дзён кружылi мы над гарамi, намагаючыся адшукаць у гэтым хаосе якi след, але беспаспяхова.

Нашых дзвюх машын было вiдочна недастаткова. Здавалася, што i сотня эскадрылляў за сотню год не здолела б прашарыць гэты агромнiсты масiў з вяршынямi, якiя ўздымаюцца ўгору на сем тысяч метраў. Мы страцiлi ўсялякую надзею. Нават кантрабандысты, бандыты, за пяць франкаў гатовыя пайсцi на злачынства, адмаўлялiся правесцi нас цераз горныя хрыбты з атрадам ратаўнiкоў. «Тут можна i жыццём паплацiцца, — казалi яны. — Зiмой Анды не выпускаюць людзей жывымi са сваiх лапаў». Калi Дале цi я прызямлялiся ў Сант'яга, чылiйскiя афiцэры таксама раiлi нам спынiць пошукi. «Зiма ж на дварэ. Ваш таварыш калi i выжыў, упаўшы, то не перажыў ночы. Калi там, у гарах, чалавека застае ноч, яна ператварае яго ў лядзяш». I калi я зноў i зноў слiзгаў мiж сцен i гiганцкiх калон Андаў, мне здавалася, што я шукаю ўжо не цябе, а ў моўчы снегавога храма чытаю над табой апошнюю малiтву.

I вось на сёмы дзень, калi ў перапынку памiж двума вылетамi я снедаў у адным мендоскiм рэстаранчыку, нейкi чалавек рыўком расчынiў дзверы i выгукнуў — о! усяго толькi два словы:

— Гiёмэ… жывы?

I ўсе незнаёмыя мiж сабой людзi, якiя сядзелi тады ў рэстаране, кiнулiся ў абдымкi.

Праз дзесяць хвiлiн я ўжо ўзняўся ў паветра з двума механiкамi на борце, Лефеврам i Абры. А яшчэ праз сорак хвiлiн прызямлiўся на палявой дарозе, богведама як угадаўшы машыну, якая везла цябе некуды ў кiрунку да Сан-Рафаэля. Гэта была незабыўная сустрэча, мы плакалi i сцiскалi цябе ў абдымках, жывога, уваскрэслага, творцу твайго ўласнага цуду. Менавiта тады ты i выцiснуў з сябе, i гэта была першая твая выразная фраза, дзiвосная гордасць чалавека: «Клянуся, я такое здолеў, што нiводнай бестыi не пад сiлу».

Пазней ты сам расказаў нам, што здарылася з табою.

Страшэнны буран, якi за двое сутак навярнуў на чылiйскiя схiлы Андаў пяцiметровыя гурбы снегу, завалок усю прастору, i лётчыкi з амерыканскай авiякампанii Пан-Эйр павярнулi назад. Але ты ўсё-такi вылецеў, каб знайсцi хоць якую шчылiнку. Ты знайшоў яе, гэтую пастку, трошкi паўднёвей, i на вышынi шасцi з паловаю тысяч метраў, цяпер ужо над хмарамi — яны залягалi на вышынi шасцi тысяч метраў, i з iх сям-там вытыркалiся нешматлiкiя вяршынi, — i ўзяў курс на Аргенцiну.

Калi часам лётчык трапляе ў сыходную паветраную плынь, яму робiцца нейк не па сабе. Матор працуе роўна, але ўвесь час такое адчуванне, што ты правальваешся. Каб утрымацца на належнай вышынi, даводзiцца кабрыраваць, самалёт трацiць першапачатковую хуткасць i робiцца нейкi вялы: а правальваешся, як i дагэтуль. Бярэш штурвал на сябе i баiшся, што цяпер ужо занадта скабрыраваў, кiдаешся то ўправа, то ўлева, у намаганнi знайсцi апору за якой-небудзь спагадлiвай вяршыняй, якая служыць ветру трамплiнам, але i там па-ранейшаму правальваешся. Здаецца, падае само неба. I ўзнiкае ўражанне, быццам ты трапiў у нейкуюкасмiчную аварыю. I няма нiякага ратунку. Дарма спрабуеш павярнуць назад, у тую зону, дзе паветра, моцнае i тугое, падтрымлiвала цябе, як слуп. Але нiякiх слупоў ужо няма. Усё зруйнавалася, i вось ты, заўладаны ўсяленскiм хаосам, няўхiльна спаўзаеш унiз, а насустрач табе ўзнiмаецца воблачная каламута, ахутвае цябе i паглынае.

— Я ўжо ледзь не ўвайшоў у штопар, — расказваў ты, — але ўсё яшчэ не здаваўся. Пад аблокамi часам трапляецца сыходная паветраная плынь, — здаецца, аблокi нерухомыя, а ўсё па той простай прычыне, што яны бясконца тасуюцца на адным i тым жа ўзроўнi. Так дзiўна ўсё ў гэтых гарах…

А што за аблокi!

— Як толькi я зразумеў, што ўсё, папаўся, я адпусцiў рычагi i залез з нагамi на сядзенне, каб не выпасцi з самалёта. Штуршкi былi такiя моцныя, што рамянi балюча ўпiлiся мне ў плечы i ледзь не лопнулi. У дадатак наледзь дарэшты пазбавiла мяне магчымасцi звярацца па прыборнай дошцы, i я, як шапка, кацiўся з шасцi тысяч метраў да трох з паловаю тысяч.

На вышынi тры тысячы пяцьсот метраў я прыкмецiў нейкi чорны гарызантальны пласт, якi дазволiў мне выраўняць самалёт. Гэта было возера, я пазнаў яго: Алмазная Лагуна. Я ведаў, што яна знаходзiцца на дне глыбокай упадзiны, адзiн бок якой, вулкан Майпю, уздымаецца на вышыню шэсць тысяч дзевяцьсот метраў. Хоць я i вырваўся з воблачнасцi, мяне ўсё яшчэ сляпiлi густыя вiры снегу, i я не мог пакiнуць возера, не разбiўшыся аб той цi iншы бок упадзiны. Тады я пачаў кружыцца над Лагунай у трыццацi метрах ад паверхнi, аж пакуль не скончылася гаручае. Пасля дзвюх гадзiн гэтага манеўравання я сеў — i перавярнуўся. Выбраўся з-пад самалёта, але буран збiў мяне з ног. Я падняўся, а ён зноў павалiў мяне. Давялося забрацца пад кабiну i там выграбцi сабе сховань у снезе. Я загарадзiўся мяхамi з поштай i праседзеў так двое сутак.

А потым бура сцiхла, i я пайшоў. Я iшоў пяць дзён i чатыры ночы.

Але што ад цябе засталося, Гiёмэ?! Мы сустрэлi цябе жывога, але такога высахлага, такога змарнелага, як бабулька! У той жа вечар я адвёз цябе самалётам у Мендосу, дзе цябе, як бальзам, ахiнулi белыя просцiны. Але яны не знiмалi болю. Спакутаванае цела замiнала табе, ты бясконца варочаўся з боку на бок, але табе не ўдавалася прыспаць яго. Тваё цела не забывала нi скалаў, нi снегу. Яны пакiнулi на табе свае адмецiны. Я разглядваў твой чорны апухлы твар, якi нагадваў пераспелы збiты яблык. Ты быў вельмi непрыгожы i няшчасны, цудоўныя прылады тваёй працы не слухалiся цябе: твае рукi былi абмарожаны, а калi ты сядаў на край ложка, каб аддыхацца, твае адмарожаныя ногi звiсалi, як дзве мёртвыя гiры. Ты ўсё яшчэ быў у дарозе, i задыхаўся, i трымцеў, а калi нiцма падаў у падушку, каб адпачыць у забыццi, шэсце зданяў, якое нецярплiва перамiналася за кулiсамi, iмгненна i гвалтоўна накiдвалася на твой мозг. I яно бясконца шпацыравала перад табою. I ты зноў i зноў уступаў у бой з ворагамi, якiя ўваскрасалi з попелу. Я падаваў табе лекi:

— Пi, дружа!

— Што больш за ўсё ўразiла мяне… ведаеш…

Нiбы баксёр-пераможца, увесь у сiняках ад прапушчаных жорсткiх удараў, ты зноў i зноў перажываў свой подзвiг. Ты расказваў патроху, урыўкамi, i табе пакрысе легчала. А мне ўяўлялася — вось ты iдзеш у люты саракаградусны мароз, у цябе няма нi ледаруба, нi вяровак, нi харчу, а ты караскаешся на адхоны вышынёй у чатыры тысячы пяцьсот метраў, крывавячы ногi, каленi i рукi, цi брыдзеш уздоўж вертыкальных абрываў. Ты спакваля трацiш i кроў, i сiлу, i свядомасць, але ты iдзеш наперад з упартасцю мураша, вяртаючыся на ўласныя сляды, каб абысцi перашкоду, падаючы i паднiмаючыся цi ўзбiраючыся на тыя схiлы, што абрывалiся ў бездань, не даючы сабе нiякага спачыну, iначай ты не змог бы ўжо ўстаць са снежнай пасцелi.

Так, калi ты спатыкаўся, ты мусiў як мага хутчэй падняцца, каб не закачанець. Сцюжа ўсё болей i болей скоўвала цябе, i калi ты дазваляў сабе хоць адну лiшнюю хвiлiну адпачынку, то, упаўшы, ты быў змушаны доўга варушыць сваiмi заледзянелымi мускуламi, перш чым мог падняцца.

Але ты не паддаваўся спакуслiвай слабасцi. «У снезе страчваеш усялякае пачуццё самазахавання, — казаў ты мне. — Пасля iдзеш двое, трое, чацвёра сутак i ўжо не хочаш анiчога на свеце, толькi спаць. Я прагнуў спаць. Але я казаў сабе: „Калi мая жонка верыць, што я жывы, яна верыць, што я iду. I таварышы вераць, што я iду. Усе яны вераць у мяне. I я проста нягоднiк буду, калi спынюся!“

I ты iшоў, i вастрыём сцiзорыка мусiў штодня ўсё глыбей разрэзваць свае башмакi, у якiя ўжо не ўмяшчалiся твае разбухлыя абмарожаныя ногi. Я пачуў ад цябе дзiўнае прызнанне:

— Ведаеш, ужо на другi дзень сама цяжкае было для мяне — забаранiць сабе думаць. Я вельмi пакутаваў, i ад гэтага маё становiшча было надта безнадзейнае. Каб мець адвагу iсцi, я павiнен быў не ўдумвацца ў яго. На няшчасце, я не дужа патрапляў кантраляваць свае мазгi, яны працавалi, як турбiна. Але я яшчэ быў здольны кiраваць сваiм уяўленнем. Я падкiдваў яму якi-небудзь фiльм альбо кнiгу. I ўва мне тут жа раскручвалiся падзеi фiльма альбо кнiгi. Але потым мае думкi ўсё роўна вярталiся да явы. Непазбежна. Тады я прымушаў сябе ўспамiнаць што-небудзь iншае…

I ўсё-такi адзiн раз, калi ты ўпаў, распластаўся нiцма на снезе, ты не стаў паднiмацца. Ты быў падобны на баксёра, якi атрымаў накдаўн i слухае, як у варожай прасторы адна за адной адлiчваюцца секунды, аж да апошняй, дзесятай, якая абскарджавню ўжо ае падлягае.

— Я зрабiў усё, што мог, i не меў нi шматка надзеi, навошта было доўжыць гэтае катаванне?

Табе дастаткова было заплюшчыць вочы, каб набыць спакой у гэтым свеце. Каб сцерцi са свайго свету скалы, леднiкi, снягi. Толькi змружыць гэтыя цудадзейныя павекi i не мець болей анi ўдараў, нi кулянняў, нi зраненага цела, нi пяклiвага марозу, нi гэтага грузу жыцця, якi цягнеш, як вол — невымерна цяжкую калымагу. I ты ўжо адчуў, як холад атрутай разлiваецца па ўсiм целе i, нiбы морфiй, поўнiць цябе асалодай. Тваё жыццё прытаiлася там, глыбока ўнутры. Свядомасць спакваля пакiдала аддаленыя куточкi гэтага цела, якое, нiбы звер, да адвалу накормлены пакутамi, цяпер пачынала ўжо набываць абыякавасць мармуру.

Прыцiхлi нават твае згрызоты сумлення. Нашы воклiчы ўжо не дападалi да цябе, цi, дакладней, яны гучалi, як у сне. I ў сне ты адгукаўся, ты, шчаслiвы, уяўна крочыў нам насустрач лёгкiмi бязважкiмi крокамi, i перад табой ужо разнасцежвалiся жаданыя прасторы раўнiн. З якой лёгкасцю ляцеў ты ў свет, якi раптам стаў для цябе такi зваблiвы! Гiёмэ, скнара, ты намерыўся адабраць у нас радасць свайго вяртання!

З глыбiнi тваёй свядомасцi ўсплылi згрызоты сумлення. У забыццё раптоўна ўварвалася цвярозая думка.

— Я падумаў пра жонку. Мой страхавы полiс пазбавiў бы яе ад галечы. Так, але полiс…

У выпадку, калi застрахаваны прападае без вестак, па закону ён лiчыцца мёртвым толькi праз чатыры гады. Гэтая акалiчнасць маланкай праблiснула ў табе i сцерла ўсе астатнiя прывiды. Ты ляжаў нiцма на крутым снежным схiле. Надыдзе вясна, i тваё цела будзе разам з граззю змыта ў нейкую расколiну, якiх у Андах тысячы. Ты ведаў гэта. Але ты ведаў яшчэ i тое, што за паўсотнi метраў ад цябе ўздымаецца скала.

— I я падумаў: калi я ўстану, то, можа, яшчэ дабяруся да яе. I калi я прыцiснуся целам да камення, то мяне знойдуць тут яшчэ летам.

I ты ўстаў, i брыў яшчэ дзве ночы i тры днi. Але ты ўжо i не спадзяваўся зайсцi далёка.

— Па шматлiкiх прыкметах я прадбачыў канец. Ну вось прыклад. Я стараўся спыняцца толькi праз дзве гадзiны хады, каб трошкi больш разрэзаць башмак, пацерцi снегам разбухлыя ногi цi проста каб даць пярэдых сэрцу. Але ў апошнiя днi я пачаў трацiць памяць. Было, адыду даволi далёка ад месца адпачынку, а потым спахапляюся: зноў я нешта забыў-такi! Спачатку забыў пальчатку, i гэта ў такую сцюжу! Паклаў яе каля сябе i, не падабраўшы, пайшоў далей. Потым забыў гадзiннiк. Затым сцiзорык. Пасля компас. Што нi супынак — усё нейкая страта…

— Ратуе толькi крок наперад. Яшчэ адзiн крок… Усё пачынаецца з кроку наперад…

— Клянуся, я такое здолеў, што нiводнай бестыi не пад сiлу.

Зноў прыгадваюцца мне гэтыя словы, — я не ведаю нiчога высакародней, гэтыя словы выяўляюць у чалавеку Чалавека, яны ўзвышаюць яго, сцвярджаюць яго сапраўднае месца ў свеце. Ты засынаў, твая свядомасць нарэшце выключалася, але з тваiм абуджэннем яна зноў уваскрасала ў тваiм зрубцаваным, высахлым, абвугленым целе, каб зноў запанаваць над iм. Дык, значыць, цела — гэта ўсяго толькi някепская прылада, толькi слуга. Але ты ўмеў выказаць сваю гордасць гэтай някепскай прыладай, Гiёмэ.

— Разумееш… у мяне ж не было чаго есцi, i на трэцiя суткi хады… маё сэрца пачувалася не надта добра… I вось аднойчы караскаюся я па амаль вертыкальным схiле, — пада мной урвiшча, прорва, выбiваю ў снезе ямкi, каб уперцiся кулакамi i падцягнуцца — i тут сэрца церпiць аварыю. То сцiхне, то зноў заб'ецца. Ды няўпэўнена, няроўна. Адчуваю — памарудзь яно яшчэ секунду i я сарвуся. Замiраю i слухаю яго, слухаю. Нiколi, чуеш, нiколi ў самалёце я не адчуваў сябе такiм залежным ад матора, як за гэтыя некалькi iмгненняў адчуў залежнасць ад свайго сэрца. Я ўгаворваю яго: „Ну, яшчэ адно намаганне! Пастарайся яшчэ…“ Але сэрца аказалася што трэба! Павагалася, павагалася трошкi, потым зноў застукала роўна… Каб ты ведаў, як я iм ганарыўся!

Задыхаючыся, ты нарэшце засынаў. А я сядзеў там, у Мендосе, ля тваёй пасцелi i думаў: калi б з Гiёмэ загаварылi пра яго мужнасць, ён толькi пацiснуў бы плячыма. Але i ўсхваляць ягоную сцiпласць было б маной. Ён вышэй гэтай пасрэднай вартасцi. А пацiсне плячыма таму, што ўмудроны вопытам. Ён ведае: людзi, якiх спасцiгла катастрофа, ужо не баяцца. Людзей страшыць толькi невядомасць. А калi чалавек сутыкаецца з небяспекай твар у твар, яна перастае быць несвядомасцю. Асаблiва ж калi сустракаеш яе з такой цвярозай засяроджанасцю. Мужнасць Гiёмэ гэта перш за ўсё праяўленне ягонай сумленнасцi.

Ягоная сапраўдная годнасць зусiм не ў гэтым. Яго велiч — у адчуваннi адказнасцi. У адказнасцi за самога сябе, за пошту, за надзеi таварышаў. Ён трымае ў сваiх руках i iхняе гора, i iхнюю радасць. Ён у адказнасцi за ўсё, што ствараецца там, сярод жывых, у стварэннi чаго павiнен прыняць удзел i ён. Ён у адказе за лёс чалавецтва — бо ён залежыць i ад яго працы.

Ён з тых шырокiх натур, якiя, падобна вялiкiм аазiсам, здольны шмат што ўмясцiць i даць прытулак у сваёй засенi. Быць чалавекам якраз i азначае быць адказным за ўсё на свеце. Гарэць ад сораму за галечу, хоць мо яна i не па тваёй вiне. Ганарыцца перамогай, якую атрымалi таварышы. Адчуваць, закладваючы ў фундамент камень, што ты памагаеш будаваць свет.

Гэткiх людзей часам блытаюць з тарэадорамi цi iгракамi. Ухваляюць iх пагарду да смерцi. А мне чхаць на пагарджанне смерцю. Калi каранi яго не ва ўсведамленнi адказнасцi, то гэта ўсяго толькi адмета духоўнай беднасцi альбо занадтай палкасцi маладзёнаў. Мне прыгадваецца адзiн юны самазабойца. Не ведаю ўжо, якая няшчасная любоў штурхнула яго на гэта, але ён акуратна выпусцiў сабе кулю ў сэрца. Не ведаю, пад якога лiтаратурнага героя падстройваўся ён, нацягваючы перад гэтым белыя пальчаткi, але помню — ад гэтага вартага жалю тэатральнага жэсту на мяне павеяла не высакароднасцю, а галечай. Так, за гэтымi прывабнымi рысамi твару, у галаве, дзе павiнен быў мясцiцца чалавечы розум, не мелася нiчога, анiчога. Толькi воблiк нейкай дурнiчкi, якiх на свеце процьма.

У роздуме над гэтым незайздросным лёсам мне прыгадалася iншая смерць, сапраўды вартая чалавека. Смерць аднаго садоўнiка, якi казаў мне:

— Ведаеце… часам, было, капаю, — а сам потам аблiваюся. Рэўматызм дапякае, ногi баляць, кляну, было, гэтую катаргу на чым свет стаiць. А цяпер, здаецца, капаўся б i капаўся б у зямлi. Гэта такi цудоўны занятак! Тады так вольна дыхаецца! I хто ж гэта цяпер будзе падстрыгаць мае дрэвы?

Ён пакiдаў уробленую зямлю. Уробленую планету. Ён быў звязаны любоўю з усiмi палямi i садамi, з усiмi дрэвамi нашай зямлi. Вось хто высакародны чалавек, шчодры, вялiкi чалавек! Вось хто, падобна Гiёмэ, сапраўды мужны чалавек, таму што ён змагаўся са смерцю ў iмя Стваральнiцтва.

III. Самалёт

Не гэта важна, Гiёмэ, што тваё рамяство прымушае цябе дзень i ноч назiраць за прыборамi, падтрымлiваць раўнавагу па гiраскопах, услухоўвацца ў дыханне матораў, абапiрацца на пятнаццаць тон металу: задачы, якiя ўзнiкаюць перад табой, гэта, урэшце, — задачы агульначалавечыя, пагэтаму ты ў сваёй аснове непасрэдна датычны да высакароднасцi горца. Ты не горш ад паэта ўмееш цешыцца ранiшняй зарой. Як часта ў прорве нялёгкiх начэй ты прагнуў, каб там, далёка на ўсходзе, над чорнымi нетрамi зямлi ўзнiк першы слабы проблiск, першы сноп святла. Здаралася, ты ўжо рыхтаваўся да смерцi, але ў мораку паволi прабiвалася гэтая дзiвосная крынiчка — i вяртала табе жыццё.

Карыстанне мудрагелiстым начыннем не ператварыла цябе ў сухога тэхнара. Мне здаецца, тыя, каго жахае iмклiвы тэхнiчны працэс, проста блытаюць мэту i сродак. Сапраўды, той, хто дамагаецца адзiна матэрыяльнага дастатку, не пажынае нiчога, дзеля чаго варта жыць. Але машына — не мэта. Самалёт — не мэта: ён прылада. Гэткая ж прылада, як плуг.

Калi нам здаецца, быццам машына вядзе чалавека ў прорву, то гэта, магчыма, таму, што мы пакуль яшчэ не можам ацанiць такiя блiскавiчныя перамены, якiя выпалi нам на долю. Што значыць стагоддзе гiсторыi машыны ў параўнаннi з дзвюма сотнямi тысяч гадоў гiсторыi чалавека? Мы з цяжкасцю ўжываемся ў сучасны краявiд шахтаў i электрастанцый. Мы толькi пачынаем абжываць гэты новы дом, якi яшчэ нават не закончылi будаваць. Так iмгненна ўсё выначылася вакол нас: чалавечыя адносiны, умовы працы, звычаi. Нават сама наша псiхалогiя карэнным чынам змянiлася. Паняццi разлукi, адсутнасцi, адлегласцi, вяртання ўжо не месцяць у сабе ранейшай сутнасцi, хоць словы засталiся i тыя ж самыя. Каб спасцiгнуць цяперашнi свет, мы карыстаемся мовай, якая адпавядала свету ўчарашняму. I нам здаецца, што некалi жыццё лепей адпавядала нашай натуры, але гэта адзiна таму, што яно лепей адпавядае нашай мове.

Кожны крок наперад спакваля ўсё болей аддаляў нас ад звычак, засвоеных намi з такой цяжкасцю, i цяпер мы сапраўды эмiгранты, якiя яшчэ не стварылi сваёй айчыны.

Усе мы — маладыя дзiкуны, якiх прыводзяць у захапленне новыя цацкi. Нашы палёты на самалётах не маюць iншага сэнсу. Самалёт паднiмаецца ўсё вышэй, лётае ўсё хутчэй. Мы забываем, дзеля чаго мы змушваем яго ляцець хутчэй. Пакуль сам палёт бярэ верх над мэтай палёту. I гэтак усюды i ва ўсiм. Салдат, якi заваёўвае землi для iмперыi, бачыць сэнс жыцця ў заваяваннях. Салдат з пагардай глядзiць на каланiста. Але ж ён дзеля таго i ваяваў, каб на заваяваных землях пасялiўся каланiст! У гарачцы нашых наступальных зрухаў мы прымусiлi людзей служыць пракладванню чыгунак, збудаванню заводаў, свiдраванню нафтавых шчылiн. Мы трошкi забылi, што ўзводзiм гэтыя збудаваннi дзеля таго, каб яны служылi людзям. Наш настрой у час заваёвы быў настроем салдат. Але цяпер нам трэба стаць пасяленцамi. Нам трэба абжыць гэты новы дом, якi яшчэ не мае свайго завершанага аблiчча. Для адных iсцiна заключалася ў тым, каб будаваць, для iншых яна цяпер — каб абжываць.

Безумоўна, дом наш паступова стане болей людскi. Сама па сабе машына чым болей дасканалiцца, тым болей засланяецца тою роллю, якую яна прызвана выконваць. Здаецца, што ўсе намаганнi чалавека ў прамысловасцi, усе яго разлiкi, усе яго бяссонныя ночы над чарцяжамi iмкнуцца толькi да аднаго — да прастаты, як, да прыкладу, спатрэбiўся вопыт шматлiкiх пакаленняў, каб з цягам выявiць лiнiю калоны, корпуса карабля цi фюзеляжа самалёта i надаць ёй беззаганную чысцiню лiнii грудзей цi пляча. Здаецца, што праца iнжынераў, чарцёжнiкаў, калькулятараў у канструктарскiх бюро толькi ў тым i заключаецца, каб глянцаваць i згладжваць, спрашчаць вось гэты стык, ураўнаважваць вось гэтае крыло датуль, пакуль яно перастане кiдацца ў вочы, калi ўжо ўбачыш не крыло, прымацаванае да фюзеляжа, а нейкую цудоўна разгорнутую форму, нарэшце, пазбаўленую сваёй абалонкi, нейкае адвольнае, цудадзейна знiтаванае адзiнства, — адзiнства паэмы. Здаецца, што дасканаласць дасягаецца не тады, калi няма ўжо чаго дадаць, а тады, калi няма чаго адкiнуць. У канцы свайго развiцця машына амаль перастае быць машынай.

Дасканаласць вынаходнiцтва, такiм чынам, мяжуе з адсутнасцю вынаходнiцтва. Цудоўна, што тэхнiчная прылада паступова пазбаўляецца сваёй вiдавочнай механiчнасцi i рэч паўстае перад намi ў такiм натуральным выглядзе, як адшлiфаваная морам галька. Цудоўна i тое, што з цягам карыстання машына паступова прымушае забыцца пра яе.

Некалi мы мелi справу з вельмi складаным механiзмам. Але сёння мы забываемся, што матор круцiцца. Ён, нарэшце, стаў адпавядаць сваёй функцыi, якая заключаецца ў тым, каб круцiцца, гэтак, як сэрца — б'ецца, а мы ўжо не звяртаем на яго ўвагi. Гэтая ўвага ўжо не паглынаецца прыладай. Вызвалiўшыся ад прылады, але пры яе пасрэднiцтве, мы зноў набываем усё тую ж вечную прыроду — прыроду садоўнiка, мараходца i паэта.

З вадою ж, з паветрам жа мае справу лётчык, калi адрываецца ад зямлi. Калi маторы запушчаны, калi машына ўжо плужыць мора, гандола яго адзываецца, быццам гонг, на ўдары хваль, i пiлот усiм целам адчувае гэтае напружанае трымценне. Ён адчувае, як гiдраплан, набiраючы хуткасць, з кожнай новай секундай усё пакорлiвей перадае яму ўладу над сабой. Ён адчувае, як у гэтых пятнаццацi тонах металу выспявае дазвол яму на ўзлёт. Лётчык кладзе рукi на рычагi кiравання, i паступова, нетаропка яго нiшчымныя далонi прымаюць гэтую ўладу як дар. Ён завалодвае гэтым дарам, i металёвыя органы сiстемы кiравання ператвараюцца ў вестуноў ягонай магутнасцi. Калi яна канчаткова саспее, тады адным рухам, плаўнейшым ад таго, якiм падбiраецца плод, лётчык узнiмае машыну над водамi i вядзе яе ў нябёсы.

IV. Самалёт і планета

1

Так, самалёт, машына, канечне, аднак i якая прылада пазнання! Гэта ён дазволiў нам адкрыць сапраўднае аблiчча зямлi. Ну сапраўды, дарогi вякамi ашуквалi нас. Мы былi падобны на тую царыцу, якой захацелася аб'ехаць свае ўладаннi i даведацца, цi шчасна жывецца людзям пад яе панаваннем. Каб ашукаць яе, яе палюбоўнiкi паставiлi ўздоўж дарогi, па якой яна ехала, некалькi вясёленькiх дэкарацый i нанялi за плату статыстаў, каб яны танцавалi там. I царыца нiчога не ўбачыла ў сваiм царстве, апрача той тоненькай пуцяводнай нiткi, яна так i не даведалася, што на падуладных ёй землях людзi памiралi з голаду i праклiналi яе.

Гэтаксама i мы брылi толькi па звiлiстых дарогах. А яны пазбягаюць бясплодных земляў, скалаў, пяскоў, яны служаць толькi патрэбам чалавека i бягуць ад крынiцы да крынiцы. Яны вядуць сялян ад свiрнаў да пшанiчных палёў, на парозе хлявоў сустракаюць яшчэ заспаны статак i на досвiтку адводзяць яго ў сакоўныя мурожныя лугi. Яны злучаюць адно сяло з другiм, бо з аднаго ў другое маладыя людзi ходзяць шукаць сабе пару. А калi якая-кольвечы дарога i адважваецца перасекчы пустыню, то яна iдзе на сотнi хiтрыкаў, толькi каб дабрацца да якога-небудзь аазiса.

Вось так, ашуканыя iхняй ухiлiстасцю, iхнiмi шматлiкiмi паблажлiвымi падманкамi, сустракаючы ў сваiх вандраваннях столькi плодных зямель, садоў, лугоў, мы доўга прыхарошвалi воблiк нашай турмы. Вiльготнай i лагоднай лiчылi мы нашу планету.

Але жыццё наша пасуровела, мы зрабiлi рашучы крок наперад. З дапамогай самалёта мы спасцiглi прамую лiнiю. Як толькi мы адарвалiся ад зямлi, мы пакiнулi гэтыя дарогi, што прыпадаюць да крынiчак i хлявоў цi вiюцца ад горада да горада. Выбаўленыя цяпер з салодкага рабства, незалежныя ад крынiц, мы бяром курс на нашы няблiзкiя мэты. I толькi цяпер, з вышынi прамалiнейнага палёту, мы адкрываем сапраўдны падзоркавы свет, засiлле скалаў, пяскоў i солi, дзе сям-там, быццам жменька моху на руiнах, асмельваецца закрасаваць жыццё.

I вось мы ўжо можам стаць фiзiкамi, бiёлагамi, можам вывучаць парасткi цывiлiзацый — хараство запаведных далiн, якiя дзе-нiдзе, нiбы сады, раскошна цвiтуць там, дзе iм спагадае клiмат. Нашы iлюмiнатары — нашы вучэбныя дапаможнiкi, i вось мы ўжо можам бачыць чалавека па яго месцы ў сусвеце. I вось мы ўжо можам наноў перачытаць нашу гiсторыю.

2

Калi ляцiш да Магеланавага пралiва, трошкi паўднёвей Рыа-Гальегас бачыш застылую лаву вулканiчнага паходжання. Гэтыя пракаветныя рэшткi дваццацiметровай тоўшчай налягаюць на раўнiну. Потым натыкаешся яшчэ на адно такое вывяржэнне, i яшчэ на адно, а потым iдуць горбiкi i бугры вышынёй у дзвесце метраў, i кожны з iх зеўрыцца ўласным кратэрам. Нiякага табе ганарлiвага Везувiя: на раўнiне акуратна раскладзены жэрлы гаўбiц.

Але цяпер тут пануе мiр i цiшыня. Дзiўным i недарэчным выглядае гэты спакой уздыбленай зямлi, дзе некалi тысячы вулканаў плявалiся агнём, падавалi адзiн аднаму галасы сваiмi аграмаднымi падземнымi арганамi. А цяпер пралятаеш над гэтай навекi анямелай зямлёй, аздобленай iстужкамi чорных леднiкоў.

Але трошкi далей болей старажытныя вулканы ўжо ўкрыты залатавай посцiлкай муравы. Сям-там у кратэры, зусiм як кветка ў старым вазоне, расце дрэва. У суцемкавым святле раўнiна выглядае раскошна, нiбы дагледжаны парк з падстрыжанай травой, i толькi ледзь прыкметна ўзнiмаецца вакол гiганцкiх зяпаў. Стрымгалоў уцякае каза, узлятае птушка, жыццё прыняло ў свае ўладаннi новую планету, нябеснае цела нарэшце пакрылася плоднай плоццю зямлi.

А перад самай Пунта Арэнас знiкаюць i апошнiя кратэры. Крывыя лiнii вулканаў злiваюцца пад агульнай травяной коўдрай: цяпер яны — сама пакорлiвасць. Кожная шчылiнка зацыравана пяшчотным плюшам. Зямля роўная, адхоны спадзiстыя, i забываешся пра iх паходжанне. Мурожная зелянiна сцiрае з пагоркаў усе змрочныя сляды.

I вось нарэшце горад, сама паўднёвы горад у свеце, выпадковая жменька глебы мiж вулканiчнымi лавамi i паўднёвымi леднiкамi. Тут, побач з чорнаю плынню лавы, асаблiва востра адчуваецца, што гэта за цуд — чалавек! Неверагодная ўдача! Богведама чаго гэты вандроўнiк забрыў у сады, якiя нiбы толькi яго i чакалi, у сады, дзе жыццё, магчыма, такi кароткi прамежак часу усяго адну геалагiчную эпоху, усяго адзiн блаславёны дзень — мiмалётнае свята сярод бясконцых будняў.

Я прызямлiўся ў цiхi, пяшчотны вечар. Пунта Арэнас! Я прыпiраюся плячыма да камянёў фантана i гляджу на дзяўчат. Яны цудоўныя, i за два крокi ад iх яшчэ вастрэй адчуваеш: неспасцiгальная iстота чалавек. У нашым свеце, дзе ўсё жывое так хораша горнецца да сабе падобнага, дзе нават кветкi пад подыхам ветру перамешваюцца з iншымi кветкамi, дзе лебедзю знаёмы ўсе лебедзi, адны толькi людзi замуроўваюцца ў адзiноце.

Як аддаляе нас адзiн ад аднаго наш унутраны свет! Памiж мною i гэтай дзяўчынай стаяць яе лятункi — як жа адолець такую перашкоду? Што я магу ведаць пра дзяўчыну, якая нетаропка вяртаецца дадому, гледзячы сабе пад ногi i ўсмiхаючыся сабе самой, перапоўненая марамi i жаданымi мроямi? З нявыказаных думак, са слоў i маўчання свайго каханага яна здолела стварыць уласнае царства, дзе пануе толькi ён, а ўсе астатнiя для яе цяпер — проста варвары. Яна за два крокi ад мяне, але яна ўся ў сваёй таямнiцы, у сваiх пачуваннях, у спеўным водгуллi сваiх успамiнаў, i ад гэтага яна так далёка ад мяне, нiбыта мы жывём на розных планетах. Толькi ўчора народжаная вулканамi, зялёнымi лугамi цi салёнай прорвай марскою — сёння яна ўжо амаль багiня.

Пунта Арэнас! Я прыпiраюся плячыма да камянёў фантана. Падыходзяць бабулi, бяруць ваду, iхняя доля — цяжкая праца прыслугi; толькi гэта i адкрыецца мне ў iхнiм лёсе. Прыхiлiлася галавой да сцяны i моўчкi плача дзiця; толькi гэта я пра яго i запомню: слаўнае, навек несуцешнае хлапчанё. Я тут чужы. Я анiчога пра iх не ведаю. Мне няма доступу ў iхнiя ўладаннi.

На якой маленечкай сцэнцы разыгрываецца гэты гiганцкi спектакль чалавечых радасцей, нянавiсцей, сяброўстваў! Адкуль бярэцца ў людзей гэтае пачуццё вечнасцi, калi яны, рызыканты, сёння стаяць на яшчэ цёплай лаве, а iм пагражаюць ужо заўтрашнiя пяскi, пагражаюць снягi? Iх жа цывiлiзацыя — толькi кволая аздоба: загаворыць вулкан, нахлыне мора, дыхне пясчаная бура — i яны знiкнуць без следу.

Гэты горад, вiдаць, раскiнуўся на шчодрай зямлi, мяркуюць, што слой глебы тут глыбокi, як у правiнцыi Бос*.

* Бос — вобласць у Цэнтральным масiве (Францыя).

Людзi забываюць, што жыццё i тут i ўсюды — гэта раскоша i што нiдзе няма дастаткова трывалага грунту пад нагой чалавека. I доказам гэтаму — адно вядомае мне азярцо за дзесяць кiламетраў ад Пунта Арэнас. Акаймаванае каравымi дрэўцамi i нiзкiмi хацiнкамi, не возера, а мiзэрная лужына пасярод сялянскага падворка, дый годзе, — яно богведама чаму падвержана прылiвам i адлiвам. Усё вакол так мiрна i звычайна, палымнеюць кусты руж, бавяцца дзецi, а яно слухмяна падначалена нейкiм iншым законам, i нi ўдзень нi ўначы не замiрае яго размеранае дыханне. Пад соннай роўняддзю вады, пад адзiным рассохлым чоўнам нястомна шчыруе месяцавая энергiя. Чорнае прадонне азярка жыве адным жыццём з морам. Навокал да самага Магеланавага пралiва пад лёгкаю посцiлкай травы i кветак усё так дзiўна ўзаемазвязана i ўзаемазалежна. I вось — горад, ён, здаецца, надзейна збудаваны на абжытай зямлi, ты лiчыш яго сваiм домам, — а каля самага парога, у лужыне шырынёй ледзьве ў сотню метраў, б'ецца пульс мора.

3

Мы жывём на планеце-вандроўнiцы. Час ад часу дзякуючы самалёту яна паказвае нам вытокi свайго паходжання: лужына вады ў залежнасцi ад стану поўнi выяўляе патаемныя радаводныя сувязi, — але я напатыкаў i iншыя прыкметы.

Калi ляцiш над ускрайкам Сахары, памiж Кап-Джубi i Сiснеросам час ад часу напатыкаюцца плато ў форме конусавых пнёў дыяметрам ад некалькiх соцень метраў да трыццацi кiламетраў. Вышыня iх наўздзiў нязменная — трыста метраў. Але, апрача гэтай аднолькавасцi ўзроўню, усе яны маюць адзiн i той жа колер, адну i тую ж структуру, адну i тую ж форму сваiх абрывiстых схiлаў. Быццам калоны, якiя, адзiнока вытыркаючыся з пяску, яшчэ акрэслiваюць цень даўно зруйнаванага храма, гэтыя разрозненыя слупы сведчаць пра вялiзнае плато, якое некалi лучыла iх.

У тыя гады паветраная сувязь памiж Касабланкай i Дакарам толькi наладжвалася, нашы машыны былi яшчэ недасканалыя i ненадзейныя, i калi мы цярпелi аварыю, выляталi на пошукi таварышаў цi на выручку, нам часта даводзiлася прызямляцца ва ўладаннях няскораных арабаў. А пясок здрадлiвы: здаецца, будзе дастаткова цвёрда, а сядзеш — i вязнеш. Старажытныя саланчакi з выгляду трывалыя, як асфальт, i звонка адгукаюцца пад нагамi, але пад коламi самалёта таксама падчас асядаюць. Белая солевая скарынка трэскаецца, i самалёт правальваецца ў чорную смуродную багну. Вось чаму, калi дазвалялi абставiны, мы аддавалi перавагу роўнядзi гэтых плато: яны нiколi не затойвалi пастак.

Парукай бяспекi быў зляжалы моцны зярнiсты пясок — агромнiстае радовiшча драбнюткага ракушнiку. Ён быў абсалютна цэлы на паверхнi плато, але пры спуску ўнiз па адхоне можна было прасачыць, як ён паступова крышыўся i сплюшчваўся. У сама старажытным пласце, у аснове масiву гэта быў ужо чысты вапняк.

Аднойчы, калi нашых таварышаў Рэна i Сера захапiлi ў палон мяцежныя арабы, я прызямлiўся на адной з такiх пляцовак, каб высадзiць маўра, пасланага для перагавораў, i стаў шукаць з iм, дзе б яму сысцi ўнiз. Але з усiх бакоў наша тэраса цяжкiмi складкамi крута абрывалася ў бездань. Спуск быў немагчымы.

Трэба было ляцець шукаць iншую пляцоўку, але я марудзiў. Я адчуваў нейкую дзiцячую радасць ад таго, што магу пакiнуць свае сляды на зямлi, дзе яшчэ нiколi не ступаў нi звер, нi чалавек. Нiводзiн маўр не рынуўся б на прыступ гэтага ўмацаванага замка. Нiводзiн эўрапейскi даследнiк яшчэ не пабываў тут. Я крочыў па неверагодна першародным пяску. Я быў першы, хто, быццам каштоўнае золата, з далонi на далоню перасыпаў гэты ракушнiкавы пыл, першы, хто парушыў гэтую цiшу. Тут — на гэтым палярным айсбергу, якi за цэлую вечнасць не стварыў анi калiўца травы, — я, нiбы занесенае вятрамi зернейка, быў першым сведчаннем жыцця.

У небе ўжо загарэлася нейкая зорка, i я ўзняў да яе вочы. Сотнi тысяч гадоў, думаў я, гэтая белая роўнядзь адкрывалася толькi зоркам. Чысцюткi абрус, рассцелены пад яснымi нябёсамi. I раптам, нiбы на парозе вялiкага адкрыцця, сэрца маё ўздрыгнула: на гэтым абрусе за пятнаццаць — дваццаць метраў ад мяне ляжаў нейкi вялiкi чорны камень.

Я стаяў на трохсотметровым залежы ракушнiку. Гэты суцэльны агромнiсты пласт быў неабвержным доказам таго, што тут не можа быць нiякага камення. Магчыма, у падземных нетрах дзе-небудзь i драмаў крэмень, вынiк замаруджаных пераўтварэнняў у нетрах планеты, але якiм цудам ён мог быць вынесены наверх, на гэтую некранутую пляцоўку? З калатаннем сэрца я падабраў сваю знаходку: цвёрды камень велiчынёй з кулак, цяжкi, быццам з металу, i круглы, як слязiна.

На абрус, рассцелены пад яблыняй, могуць падаць толькi яблыкi; на абрус, рассцелены пад зоркамi, можа падаць толькi зорны пыл; нiколi яшчэ нiводзiн метэарыт не выяўляў свайго паходжання гэтак яскрава.

I, натуральна, узняўшы галаву, я падумаў, што з кроны гэтай нябеснай яблынi павiнны былi нападаць i iншыя плады. I я знайду iх там, дзе яны ўпалi, бо сотнi ж тысяч гадоў нiшто не магло iх патрывожыць. Бо яны не маглi растварыцца ў гэтым пяску. I я кiнуўся ў пошукi, каб праверыць сваё меркаванне.

Яно пацвердзiлася. Я падбiраў камень за каменем, прыблiзна па аднаму на гектар. I кожны раз — гэты выгляд аплаўленай лавы. I кожны раз — гатая цвёрдасць чорнага алмазу. I ў кароткiя хвiлiны, калi я замёр на вяршынi майго зорнага дажджамера, перада мною нiбы ў адначассе пралiўся гэты шматвяковы вогненны лiвень.

4

Але найвялiкшым цудам было тое, што там, на выгнутай спiне нашай планеты, мiж гэтым намагнiчаным абрусам i зоркамi прысутнiчала чалавечая свядомасць, дзе, як у люстэрку, мог адлюстравацца гэты дождж. Радовiшча мёртвай матэрыi, i раптам чалавечы роздум — гэта сапраўдны цуд. А мяне апаноўвае яшчэ адзiн успамiн…

Неяк я пацярпеў аварыю ў сэрцы пясчанай пустынi, i я чакаў ранку. Схiлы дзюнаў, асветленыя поўняй, зiхацелi золатам, а процiлеглыя бакi заставалiся цёмныя да самага грэбеня, дзе тонкая выразная лiнiя падзяляла святло i цень. На гэтай пустыннай будаўнiчай пляцоўцы змроку i месячнага святла панаваў спакой часова прыпыненай працы, а яшчэ — цiшыня пасткi, на дне якой я i задрамаў.

Калi я пракiнуўся, перад маiмi вачыма была толькi чаша начнога неба, бо я, скрыжаваўшы рукi на грудзях, ляжаў на вяршынi бархана тварам да гэтага зорнага акварыума. Да мяне нiяк не даходзiла, што гэта за прадонне, i ажно галава закружылася, што нiдзе не было нiводнага карэньчыка, за якi можна было б ухапiцца, нiводнага даху, нiводяай галiнкi памiж гэтымi нетрамi i мной, i я ўжо адчуваў, што няўтрымна падаю, iмклiва ныраю ў прорву.

Але не, я не падаў. Выявiлася, што ўвесь я з галавы да ног прыкуты да зямлi. I мне рабiлася невымоўна лёгка, што я магу аддаць ёй цяжар свайго цела. Сiла прыцягнення здавалася мне велiчнай, як любоў.

Я адчуваў, як зямля падпiрала маё цела, падтрымлiвала, прыўзнiмала, несла мяне ў начную простань. Я рабiў адкрыццё: мая ўласная вага прыцiскае мяне да планеты, як на крутым вiражы ўсiм цяжарам уцiскаешся ў кабiну, i я смакаваў асалоду ад гэтай дзiвоснай апоры, такой трывалай, такой надзейнай, i ўсiм сваiм целам угадваў пад сабой выпуклую палубу майго карабля.

Я так ясна ўсведамляў гэты рух у прасторы, што зусiм не здзiвiўся б, калi б з нетраў зямлi да мяне дапаў змучаны голас парод, якiя з цяжкасцю прыстасоўваюцца адна да адной, паскрыпванне старога паруснiка, якi ўваходзiць у гавань, працяжны рэзкi скрып перагружанай баржы. Але ў нетрах зямлi панавала глыбокая моўча. Але плячыма я адчуваў сiлу прыцягнення — усё тую ж гарманiчную, нязменную, дадзеную на векi вякоў. Так, я неаддзельны ад роднай планеты, — гэтак целы мёртвых галернiкаў са свiнцовым грузам на нагах навекi застаюцца ў марскiм прадоннi.

I, загублены ў пустынi, згалелы, безабаронны, сярод пяскоў i зорак, адцяты ад магнiтных палюсоў майго жыцця бязмежнаю цiшай, я стаў абдумваць сваё становiшча. Бо я ведаў, што днямi, тыднямi, месяцамi буду рабiць усё магчымае, каб вярнуцца да гэтых жыццядайных полюсаў, калi толькi якi-небудзь самалёт не адшукае мяне цi калi заўтра мяне не прырэжуць маўры. Тут у мяне ўжо не заставалася анiчога. Я быў усяго толькi звычайны смертны, якi заблудзiўся памiж пяскоў i зорак, i ўсведамляў, што валодае толькi адзiнай радасцю дыхаць…

I, аднак, я зрабiў адкрыццё, што я перапоўнены летуценнямi. Яны нахлынулi на мяне бясшумна, як крынiчная вада, i я спачатку не мог уцямiць, што гэта за пяшчота агортвае мяне. Не было нi слоў, нi мрояў, было толькi адчуванне, што побач нехта ёсць, нехта вельмi блiзкi i родны, i вось зараз, зараз я пазнаю яго. А потым я зразумеў, што гэта такое, заплюшчыў вочы i аддаўся чарам успамiнаў.

Недзе ў свеце iснаваў парк, зарослы цёмнымi ялiнамi i лiпамi, i стары дом, дарагi майму сэрцу. Няважна, што быў ён далёка, не побач, што, стаўшы тут згадкаю, ён не мог нi абагрэць мяне, нi даць мне прытулак нанач: ён iснаваў i гэтага было дастаткова, каб запоўнiць сабою маю ноч. Я перастаў быць проста целам, няўдала вышпурнутым на пясчаны бераг, — я азiраўся, я быў дзiцем гэтага дома, быў перапоўнены ягоным водарам, прахалодай ягоных пярэднiх, галасамi, якiя ажыўлялi яго. I нават канцэртам жаб у балотцах, якi раптам уварваўся ў мяне. Мне так патрэбны былi тысячы гэтых драбнiц, каб зноў пазнаць самога сябе, каб зразумець, з якiх страт узнiкае ў пустынi пачуццё самоты, каб спасцiгнуць сэнс яе моўчы, калi не чутно нават жабак.

Не, я ўжо не лунаў мiж пяскоў i зорак. Няўзрушнае наваколле нi пра што не гаварыла мне, i нават пачуццё вечнасцi, аказваецца, зыходзiла зусiм не ад гэтага наваколля — цяпер я разумеў i ягонае паходжанне.

Перада мною зноў узнiклi вялiкiя ўрачыстыя шафы. Яны прыадчынялiся — i з'яўлялiся стосы белых, як снег, просцiн. Яны прыадчынялiся — i з'яўлялiся горы снежнага глянцу. Старая нянька, як мышка, засяроджана тупала то да адной, то да другой шафы, бесперастанку правярала, разгортвала, згортвала, пералiчвала адкрухмаленую бялiзну, усклiквала: "Ах, божачкi, якое няшчасце!" пры кожнай прыкмеце зносу, якая ставiла пад пагрозу iснаванне ўсяго дома, i тым жа пэндам бегла да якой-небудзь лямпы сляпiць свае вочы, цыруючы гэтыя алтарныя покрывы, гэтыя ветразi трохмачтавага судна, няўтомная ў сваiм служэннi нечаму вялiкаму, не ведаю ўжо якому богу цi караблю.

Ах, я з радасцю падару табе старонку, мадмуазель! Калi я вяртаўся дадому са сваiх першых падарожжаў, я заўсёды знаходзiў цябе з iголкай у руцэ, з кожным годам у цябе прыбаўлялася зморшчынак i сiвiзны, але ты па-ранейшаму па каленi патанала ў белых покрывах у вечным клопаце ўласнаручна падрыхтаваць нам гэтыя просцiны без нiводнай складачкi для нашых пасцеляў, гэтыя абрусы без нiводнай зморшчынкi для нашага стала, для свята крышталю i святла. Я прыходзiў у твой бялiзнавы пакой, прымошчваўся насупроць цябе i пачынаў расказваць пра свае смяротна небяспечныя прыгоды, каб усхваляваць, адкрыць табе вочы на свет, каб падкупiць цябе. Я нiколечкi не змянiўся, казала ты. Я ж i хлапчуком вечна прыходзiў дадому ў пашкуматанай кашулi ("Ах! якое няшчасце!") i з паабдзiранымi да крывi каленямi, i ўвечары мяне трэба было суцяшаць, зусiм як сёння. Але ж не, мадмуазель, не! Я вяртаюся ўжо не з парку, а з край-свету i нясу з сабою ўедлiвы водар адзiноты, смерчы пясчаных бур, асляпляльнае ззянне трапiчнай поўнi! Ну, вядома, адказвала ты, хлапчукi вечна носяцца на скрут галавы, трушчаць сабе косцi i яшчэ думаюць, што яны героi! Але ж не, мадмуазель, не, я сапраўды пабываў ужо далёка за межамi нашага парку! Каб ты толькi ведала, як мiзэрна мала месца акрываюць гэтыя шаты! Якiмi самотнымi выглядаюць яны на зямлi сярод пяскоў i скал, дрымучых лясоў i балот! Цi ты хоць ведаеш, што на свеце ёсць такiя мясцiны, дзе чалавек пры сустрэчы з чалавекам iмгненна ўскiдвае карабiн? Цi ты хоць ведаеш, мадмуазель, што на свеце ёсць пустынi, дзе з надыходам ледзяной ночы людзям даводзiцца спаць пад адкрытым небам, без ложка, без просцiн…

— Ах, дзiкуны! — усклiквала ты.

Як я нi стараўся, яна заставалася цвёрдай i непахiснай у сваёй веры, як царкоўны служка. I я аплакваў яе няшчасную долю, якая рабiла яе сляпой i глухой…

Але ў тую ноч у Сахары, безабаронны, сярод пяскоў i зорак, я ацанiў яе па заслугах.

Не ведаю, што са мною творыцца. У небе столькi намагнiчаных зорак, а нейкая сiла прыкоўвае мяне да зямлi. А яшчэ нейкая iншая сiла вяртае мяне да мяне самога. Я адчуваю: як шмат да чаго прыцягнелы я ўласнай вагою! Мае мары куды рэальнейшыя, чым гэтыя барханы, гэтая поўня, гэтае ваколле. Ах, найвялiкшая дзiвоснасць дома не ў тым, што ён дае табе прытулак цi сагравае цябе, i зусiм не ў тым, што ты ўладальнiк ягоных сцен! Цуд у тым, што ён спакваля перадае нам свае запасы пяшчоты. Што ў нашым сэрцы, у самай яго глыбiнi, ён стварае гэтыя цьмяныя нетры, дзе, як вада ў крынiцы, нараджаюцца мары…

Сахара мая, Сахара, вось i цябе дазвання зачаравала старая пралля.

V. Аазіс

Я столькi нарасказваў пра пустыню, што, перш чым зноў загаварыць пра яе, мне хацелася б апiсаць адзiн аазiс. Той, якi паўстае зараз перад маiмi вачыма, тоiцца не ў Сахары. Але самалёт валодае яшчэ адным дзiвосным дарам: ён здольны iмгненна перанесцi вас у самае сэрца невядомага. Вы толькi што, нiбы вучоны-бiёлаг, са спакойным сэрцам разглядвалi чалавечы мурашнiк, гарады на раўнiнах, да якiх, нiбы да зорак, збягаюцца ўсе дарогi, што, быццам крывяносныя сасуды, сiлкуюць iх сокам палёў. Але раптам закалацiлася стрэлка вышынямера, i невядомая зялёная плямка пад вамi робiцца цэлым сусветам. Вы вязень палянкi пасярэдзiне соннага парку.

Не, зусiм не вёрстамi вымяраецца аддаленасць. За агароджаю якога-кольвечы саду часам тоiцца болей таямнiц, чым за Кiтайскай сцяною, i душа дзяўчынкi ахавана маўчаннем куды надзейней, чым адзiнокi аазiс — неабсяжнасцю пяскоў Сахары.

Раскажу пра адну сваю вымушаную пасадку. Гэта адарылася ў далёкай Аргенцiне, пад Канкордзiяй, але магло адбыцца i ў любой iншай мясцiне: на свеце так багата цудаў.

Я прызямлiўся пасярод поля i нават не падазраваў, што неўзабаве траплю ў цудоўную казку. Нi ў прыязнай сямейнай пары, якая падабрала мяне ("Паначуйце ў нас…"), нi ў iхнiм старэнькiм "фордзе" не было нiчога надзвычайнага.

I вось за чарговым паваротам паказаўся невялiчкi гаёк, аблiты месячным святлом, а за iм — дом. Якi дзiўны дом! Нiзкi, масiўны, амаль што крэпасць. Спавiты легендамi замак, якi, быццам манастыр, прапаноўваў за сваiм парогам такi цiхi, такi спакойны, такi надзейны прыТулак.

Нечакана з'явiлiся дзве дзяўчыны. Яны дапытлiва агледзелi мяне, быццам стража ля варот пiльна ахоўваемага царства: малодшая злёгку надзьмула вусны, пастукала па зямлi нядаўна зрэзаным кiёчкам; нас перазнаёмiлi, дзяўчаты моўчкi, з цiкаўнасцю i недаверам падалi мне рукi — i знiклi.

Гэта i развесялiла мяне, i замiлавала. Усё адбылося так проста, маўклiва i хутка, нiбыта мне шапнулi, што пачынаецца таямнiца.

— Але, але, яны ў нас дзiкункi, — прастарэча сказаў бацька.

I мы зайшлi ў дом.

Мне заўсёды па сэрцы была дзёрзкая трава, што вытыркаецца ў сталiцы Парагвая з кожнай шчылiнкi брукаваных вулiц — лазутчыца, высланая нябачнымi, але вечна нядрэмнымi ляснымi нетрамi, яна правярае, цi горад усё яшчэ ў руках у людзей, цi не пара расшпурляць гэтае каменне. Мне заўсёды па сэрцы была такая занядбайнасць, па якой пазнаеш незлiчоныя скарбы. Але тут я проста дзiву даўся.

Бо ўсё тут было ў надзвычайным заняпадку i выклiкала сама дзiвосныя пачуццi, быццам старое замшэлае дрэва, прыгорбленае ўласнай спрадвечнасцю, быццам драўляная лаўка, куды прыходзiлi пасядзець шматлiкiя пакаленнi закаханых. Шалёўку стачыў шашаль, дзверы ледзь лiпелi, крэслы кульгалi… Але калi ў доме нiшто не рамантавалася, то прыбiралася тут вельмi дбайна. Усё было вышаравана, наглянцавана.

I ад гэтага воблiк гасцiнай быў такi красамоўны, нiбы твар бабулi, спярэшчаны маршчакамi. Парэпаныя сцены, пабiтая на шчылiны столь — усё было дзiвоснае, i асаблiва паркет: сям-там ён паправальваўся, сям-там гойдаўся пад нагой, як хiсткiя сходкi, але навошчаны, наглянцаваны, ён ззяў, як люстэрка. Дзiвацкi дом, ён зусiм не сведчыў пра нядбайства цi безгаспадарчасць, наадварот, ён выклiкаў надзвычайную павагу! Ну пэўна ж, кожны год прыносiў нешта новае ў яго складаны i дзiўны воблiк, дадаваў яму абаяльнасцi, цеплынi i зычлiвасцi, а разам з тым, дарэчы, большала i небяспек на дарозе з залы ў сталовую.

— Асцярожна!

У падлозе чарнела дзiрка. Калi б я правалiўся, то мог бы i ногi паламаць, заўважылi мне. Нiхто невiнаваты, што тут дзiрка: гэта ўжо час так пашчыраваў. Цудоўным было гэтае iсцiна арыстакратычнае нежаданне апраўдвацца. Гаспадары не казалi: "Мы маглi б залатаць гэтыя дзiркi, не збяднелi б, але…" I нават не тлумачылi, хоць гэта, дарэчы, была чыстая праўда: "Горад здаў нам гэты дом на трыццаць год. Горад i павiнен рамантаваць яго. Пабачым, хто каго пераспрэчыць…" I м i не ў галаве было апраўдвацца, i такая прастата прыводзiла мяне ў захапленне. Хiба што мiмаходзь заўважаць:

— Але, але, трошкi паднасiлася…

I гаварылася гэта з такiм лёгкiм сэрцам, што ў мяне склалася такое ўражанне, быццам гэта нiколечкi не засмучала маiх сяброў. Бо толькi ўявiце: у гэтыя сцены, што столькi пабачылi на сваiм вяку, урываецца брыгада муляраў, цесляў, чырванадрэўшчыкаў, тынкоўшчыкаў, урываецца ў гэтую спрадвечнасць са сваiмi кашчуннымi прыладамi i за тыдзень да непазнавальнасцi пераробiць ваш дом, i вось вы — як у гасцях. Нi таямнiц, нi патаемных куточкаў, нi пастак пад нагамi, нi з даўнiх даўняў некарыстаных рэчаў — не дом, а прыёмны пакой у мэрыi!

Не дзiва, што ў гэтым доме абедзве дзяўчыны знiклi, як у казцы. Калi ўжо гасцiная, быццам вышкi, на кожным кроку рыхтавала новы сюрпрыз, то якiя ўжо тут вышкi?! I адразу мроiцца, што варта толькi прачынiць дзверы адной з насценных шафак — i адтуль хлынуць стосы пажоўклых лiстоў, прадзедаўскiя рахункi, процьма ключоў, для якiх не хопiць замкоў ва ўсiм доме i нiводзiн з якiх, безумоўна, не падыдзе нi да аднаго замка. Дзiвосна непатрэбныя ключы, i ты ўжо гатоў сабе галаву скруцiць, навошта яны, i ўжо мрояцца суровыя скляпеннi, глыбока закапаныя сундукi, клады старажытных залатых манет.

— Просiм за стол, калi ласка.

Мы прайшлi ў сталовую. Пераходзячы з пакоя ў пакой, я ўдыхаў разлiты ўсюды, быццам ладан, пах старых кнiг, пах, з якiм не зраўнаюцца нiякiя водары свету. Ды цудоўней усяго было тое, што i лямпы вандравалi разам з намi. Гэта былi цяжкiя, старадаўнiя лямпы, iх кацiлi на высокiх падстаўках з пакоя ў пакой, як у часы майго сама ранняга маленства, i ад iх на сценах ажывалi казачныя ценi. Буйна расцвiталi букеты святла, аблямаваныя пальмавымi лiстамi ценю. А потым лямпы займалi сваё месца, астраўкi святла нерухомелi, а наўкол застываў прадонны неруш змроку, i там патрэсквала драўнiна.

Зноў з'явiлiся дзяўчаты, гэтак жа загадкава, гэтак жа маўклiва, як раней, знiклi. I паважна селi за стол. Канечне, яны паспелi накармiць сваiх сабак, птушак, паспелi, расчынiўшы вокны, нацешыцца месячнай ноччу, надыхацца зялёным водарам вячэрняй прахалоды. А цяпер, разгортваючы сурвэткi, яны краёчкам вока спатайка цiкавалi за мной i прыкiдвалi, цi варта прыняць мяне ў лiк сваiх прыручаных звяркоў. Бо яны ж ужо прыручылi iгуану, мангусту, лiсу, малпу i пчол. I ўсё гэта суседства цудоўна ладзiла памiж сабою, жыло мiрна i дружна, нiбы ў новым зямным раi. Дзяўчаты ператваралi ўсе жывыя стварэннi ў сваiх падданых,зачароўвалi iх сваiмi маленькiмi ўвiшнымi рукамi, кармiлi, паiлi iх, расказвалi iм казкi — i ўсе, ад мангусты да пчол, iх заслухоўвалiся.

I я чакаў — вось зараз гэтыя дзве гарэзнiцы акiнуць сядзячага насупраць прадстаўнiка iншага полу няўмольным пранiклiвым позiркам i ўпотай вынесуць яму вырак — хуткi i канчатковы. Гэтак мае сёстры ў дзяцiнстве выносiлi адзнакi гасцям, якiя ўпершыню наведвалi наш дом. I калi застольная бяседа на момант сцiхала, нечакана раздавалася звонкае:

— Адзiнаццаць!

I ўсёй чароўнасцю гэтай лiчбы ўпiвалiся толькi сёстры ды я.

Ад гэтага ўспамiну мне стала трошкi нiякавата. Асаблiва бянтэжыла мяне, што суддзi мае былi такiя спрактыкаваныя. Яны ж беспамылкова адрознiвалi хiтрых звяркоў ад прастадушак, па кроках лiсы разумелi, у добрым яна настроi цi зараз да яе лепей не падыходзiць, i бадай не горш разбiралiся i ў чужых думках i пачуццях.

Я любаваўся гэтай дапытлiвай, строгай i чыстай маладосцю, але мне было б куды прыемней, каб яны памянялi гульню. А пакуль, у боязi атрымаць "адзiнаццаць", я пакорлiва падаваў iм соль, падлiваў вiна, але, падняўшы вочы, зноў i зноў натыкаўся на iх мяккую паважнасць непадкупных суддзяў.

Тут нi да чаго была б нават iльсцiвасць: пыха была чужая iм. Пыха, але не гожая гордасць: яны так хораша думалi пра сябе, чаго б я нiколi не адважыўся б сказаць iм услых. Мне нават i ў галаву не прыйшло пакрасавацца ў арэоле свайго рамяства, — было б занадта дзёрзка лезцi на вяршыню платана толькi дзеля таго, каб паглядзець, цi ўвабралiся ў пер'е птушаняты, i па-сяброўску павiтацца з iмi.

Пакуль я еў, мае негаваркiя феi так пiльна цiкавалi за мной, я так часта лавiў на сабе iх блiскавiчныя позiркi, што ўрэшце я i зусiм змоўк. Усталявалася цiшыня, i тут на падлозе нешта цiха засiпела, шорхнула пад сталом i сцiхла. Я паглядзеў на дзяўчат. I тады малодшая, вiдаць, задаволеная ўчыненай праверкай, усё-такi не ўтрымалася ад спакусы яшчэ разок выпрабаваць мяне: упiваючыся ў кавалак хлеба моцнымi зубамi юнай дзiкункi, яна, вядома ж, у надзеi ашаламiць мяне, акажыся я нiкуды не вартым варварам, нявiнна растлумачыла: "Гэта гадзюкi".

I задаволена змоўкла, нiбыта гэтага тлумачэння было дастаткова для кожнага, калi толькi ён не дурань з дурняў. Старэйшая сястра маланкава зiрнула на мяне, ацэньваючы маю найпершую рэакцыю, i адразу ж абедзве з сама абыякавым i нявiнным выглядам схiлiлiся над сваiмi талеркамi…

— А!.. Гадзюкi… — мiжвольна вырвалася ў мяне. Нешта слiзганула па маiх нагах, даткнулася да шчыкалатак — а гэта, аказваецца, проста гадзюкi…

На маё шчасце, я ўсмiхнуўся. I вельмi чыстасардэчна: прытворная ўсмешка iх бы не ашукала. А ўсмiхнуўся я таму, што мне было весела, што гэты дом з кожнай хвiлiнай усё больш падабаўся мне, i яшчэ таму, што мне карцела паболей даведацца пра гадзюк. На дапамогу прыйшла старэйшая сястра:

— Пад сталом у падлозе дзiрка, тут яны i жывуць.

— А ўвечары, гадзiн у дзесяць, вяртаюцца дадому, — дадала малодшая. — А ўдзень яны палююць.

Цяпер ужо я спатайка разглядваў дзяўчат. Спакойныя, цiхамiрныя твары, а глыбока ўнутры — жывы, дасцiпны розум, прытоеная ўсмешка. I гэтае непараўнанае ўсведамленне сваёй перавагi…

Нешта разлетуценiўся я сёння… Усё гэта цяпер так далёка. Што сталася з маiмi дзвюма феямi? Яны ўжо замужам, канечне. А можа, цяпер iх ужо i не пазнаць? Бо гэта ж такi сур'ёзны крок — развiтанне з дзяцiнствам, ператварэнне ў жанчыну. Як маецца iм у новым доме? Цi па-ранейшаму дружаць яны з дзiкiмi травамi i са змеямi? Яны былi саўдзельны ў жыццi цэлага свету. Але настае дзень — i ў юнай дзяўчыне прачынаецца жанчына. Яна марыць паставiць нарэшце некаму ўсе "дзевятнаццаць". Гэты вышэйшы бал — быццам груз на сэрцы. I тады з'яўляецца нейкi дурань. I дагэтуль такiя пранiклiвыя вочы ўпершыню ашукваюцца i бачаць дурня ў сама ружовым святле. Калi дурань прачытае вершы, яго прымаюць за паэта. Вераць, што яму даспадобы старэнькi дзiравы паркет, вераць, што ён любiць мангустаў. Вераць, што ён усцешаны даверам гадзюкi, якая пад сталом лена прагульваецца па яго нагах. I аддаюць яму сваё сэрца — дзiкi сад, а яму даспадобы толькi падстрыжаныя газоны. I дурань вядзе прынцэсу ў рабства.

VI. У пустыні

1

Столькiх радасцей былi пазбаўлены мы, лётчыкi Сахарскай авiялiнii, калi нас на тыднi, месяцы, гады забiралi ў палон пяскi, калi мы незваротна лёталi ад форта да форта без надзеi, што неўзабаве зноў трапiм у тую ж мясцiну. Гэтая пустыня не дарыла нам падобныя аазiсы: сады i дзяўчаты — гэта проста казкi! Ну, канечне, некалi мы адпрацуем тут i вернемся ў далёкi-далёкi край, каб пачаць новае жыццё, i ў тым краi нас чакаюць тысячы дзяўчат. Ну, канечне, там, сярод сваiх кнiг i ручных мангустаў, яны цярплiва спеляць для нас свае пяшчотныя душы. I самi робяцца такiя вытанчаныя, чароўныя…

Але я ведаю, што такое адзiнота. Тры гады ў пустынi выдатна давялi мне, што гэта такое. Тут палохае не тое, што ў нейкiм выкапнёвым царстве марнуецца твая маладосць, — тут здаецца, што там, удалечынi, старэе ўвесь белы свет. На дрэвах саспелi плады, на нiвах ускаласаваўся ўраджай, парасцвiтала хараство жанчын. Час прамiнае, i трэ было б паспяшацца дадому… Час прамiнае, а далеч усё не адпускае цябе. I дары зямлi выслiзгваюць мiж пальцаў, як танюткi пясок барханаў.

Звычайна людзi не адчуваюць плынi часу. Жыццё здаецца iм цiхiм i запаволеным. А вось мы i на нядоўгай стаянцы адчуваем бег часу, нам па-ранейшаму плешчуць у твар пругкiя, вечна жывыя пасаты. Мы — як пасажыр хуткага цягнiка: аглушаны перастукам колаў, ён iмчыцца праз ноч i па мiмалётных россыпах агнёў за вагонным акном здагадваецца пра палi, сёлы, дзiвосныя мясцiны, але ўсё гэта не пакiдае трывалага следу ў памяцi, усё прападае, бо ён — у дарозе, ён iмчыцца далей. Гэтак i нас, яшчэ злёгку ўзбуджаных ад палёту, не супакойвала нават мiрная стаянка, вецер свiсцеў у вушах, i ўсё яшчэ мроiлася, што мы яшчэ ў дарозе. I здавалася, нас таксама, насупор усiм вятрам, нясе ў невядомую будучыню стукат нашых няўтольных сэрцаў.

Няскораныя плямёны — неад'емная частка пустынi. Ночы на Кап-Джубi, як боем гадзiннiка, былi рассечаны на чвэрцi гадзiны рэгулярнай i гучнай пераклiчкай вартавых. Гэткiм чынам гiшпанскi форт Кап-Джубi, якi знаходзiўся ва ўладаннях няскораных плямёнаў, аберагаў сябе ад затоенай у мораку небяспекi. А мы, пасажыры гэтага сляпога карабля, слухалi, як то блiжэй, то далей раздаюцца гэтыя воклiчы, як яны лунаюць, кружаць вакол нас, быццам чайкi. I ўсё-такi мы любiлi пустыню.

Калi напачатку i ствараецца ўражанне, што яна — толькi пустэльня i цiша, дык гэта толькi таму, што яна раскрываецца далёка не кожнаму. Сама звычайная вёска — i тая мае свае таямнiцы. Калi мы не адрачомся дзеля яе ад рэшты свету, калi мы не ўдзельны ў яе традыцыях, звычках, перажываннях, мы нiчога не даведаемся, што яна для тых, каму яна — радзiма. Альбо вось жыве побач з намi чалавек, але ён замураваўся ў сваiм манастыры i жыве паводле невядомых нам правiлаў, — i вось ужо гэты чалавек апынаецца для нас у сапраўдных цiбецкiх нетрах, у такой далечы, куды нiколi не дабрацца нам анiякiм самалётам. Хай сабе мы i прыйдзем у ягоную келлю! Яна будзе пустая. Царства чалавека ўнутры яго. Так i пустыня — гэта не пяскi, не туарэгi, нават не маўры, узброеныя вiнтоўкамi…

Але сёння нас змучыла смага. I толькi сёння мы робiм адкрыццё: ад калодзежа, якi мы даўно зналi, свецiцца ўсё наваколле. Гэтак жанчына, якая не паказваецца на вочы, заварожвае ўвесь дом. Адзiн нейкi калодзеж запаноўвае намi, як любоў.

Пяскi толькi напачатку пустынныя, але настае такi дзень, калi, асцерагаючыся атрада няскораных арабаў, пачынаеш вывучаць складкi гэтага шырознага плашча, якi захутвае iх. Блiзкасць варожага атрада таксама зыначвае воблiк пяскоў.

Мы прынялi правiлы гульнi, i яна пераўтварае нас. Сахара такая, якой яна выяўляецца ў нас самiх. Каб разгадаць яе, мала пабываць у аазiсе, трэба паверыць у ваду, як у Бога.

2

Ужо ў першым палёце я пакаштаваў пустыню. Мы — Рыгель, Гiёмэ i я пацярпелi аварыю непадалёк ад форта Нуакшот. Гэты маленькi пост у Маўрытанii ў той час быў зусiм адрэзаны ад свету, як згублены ў моры астравок. Там жыў адзiн стары сяржант са сваiмi пятнаццаццю сенегальцамi. Ён сустрэў нас, як пасланнiкаў неба.

— Каб вы толькi ведалi, што гэта значыць для мяне — пагаварыць з вамi!.. Каб вы толькi ведалi!

Для яго гэта нешта значыла: ён плакаў.

— За апошнiя паўгода вы тут першыя госцi. Прыпасы мне дастаўляюць двойчы ў год. То лейтэнант прыедзе, то капiтан. Апошнiм разам прыязджаў капiтан…

Мы ўсё яшчэ былi прыгаломшаныя. За дзве гадзiны лёту ад Дакара, дзе нам ужо рыхтуецца снеданне, нечакана нешта псуецца ў маторы — i твой лёс рэзка мяняецца. I вось ты ўжо iграеш ролю прывiда перад старым сяржантам, якi плача ад радасцi.

— Выпiце, калi ласка, мне так прыемна прапанаваць вам чарку! Гэта ж трэба, у той раз капiтан прыехаў, а ў мяне нават не было чым пачаставаць яго!

Я ўжо расказаў пра гэта ў адной сваёй кнiзе, i я нiчога не выдумаў. Сяржант так i сказаў:

— Тады ў мяне нават i чокнуцца не было чым… Такая ганьба, я нават прасiў, каб мяне змянiлi…

Чокнуцца! Выпiць на радасцях чарку вiна з чалавекам, якi саскочыць з узмыленага вярблюда! Цэлых шэсць месяцаў жыць чаканнем гэтай хвiлiны. Яшчэ за месяц да гэтага начышчаць зброю, ад склепа да вышак вышароўваць пост. У прадчуваннi блаславёнага дня з высокай тэрасы нястомна ўзiрацца ў далягляд, а можа, там ужо клубiцца пыл, можа, ён ужо наблiжаецца, жаданы атрад з Атара…

Але няма вiна: немагчыма адзначыць свята. Няма чым чокнуцца. I адчуваеш сябе зняслаўленым…

— Я спадзяюся, што ён вернецца. Я так чакаю яго…

— А дзе ён, сяржант?

I сяржант паказвае на пяскi:

— Хто яго ведае, наш капiтан — ён усюды!

Яна сапраўды была, тая ноч, праведзеная на тэрасе форта ў размове з зорамi. Апроч зор, там не было чаго вартаваць. А iх было безлiч, як у час палёту, толькi цяпер яны заставалiся на сваiх месцах.

У палёце, калi ноч занадта чароўная, часам так залетуценiшся, што забываеш кiраваць, i самалёт спакваля адхiляецца ўлева. Ты думаеш, што ён ляцiць роўна, i раптам пад правым крылом заўважаеш нейкае селiшча. Але ж у пустынi няма нiякiх селiшчаў. Значыць, гэта рыбацкая флатылiя выйшла ў мора. Але ва ўсёй Сахары не знойдзеш нiводнай рыбацкай флатылii. Што ж тады?.. I ты ўсмiхаешся ўласнай няцямлiвасцi. Мякка выроўнiваеш самалёт. I селiшча займае сваё месца, зноў начэплiваеш на рыцарскiя даспехi сузор'е, якое выпусцiў з рук. Селiшча? Так. Селiшча зор. Але адсюль, з вышынi форта, вiдна толькi застылая, як замарожаная, пустыня, адны нерухомыя хвалi пяску. I надзейна прымацаваныя сузор'i. I сяржант кажа:

— А ведаеце! Я выдатна знаю сваю дарогу дадому… Трымай курс прама на тую вунь зорку — i прыйдзеш у Тунiс!

— Ты з Тунiса?

— Не. Там у мяне сваячка…

Западае працяглае маўчанне. Але сяржант не можа нiчога ўтаiць ад нас.

— Некалi я абавязкова з'езджу ў Тунiс.

Вядома ж, зусiм iншым шляхам, не наўпрост па гэтай зорцы. Хiба што калi-небудзь у паходзе, ля высмяглага калодзежа iм апантана завалодае натхнёнае самазабыццё. Тады ўсё перанiтуецца — i зорка, i сваячка, i Тунiс. Тады пачнецца тое натхнёнае вандроўнiцтва, у якiм недарэкi бачаць толькi пакуты.

— Я ўжо неяк прасiў у капiтана водпуск — трэба з'ездзiць у Тунiс наведаць сваячку. А ён i кажа…

— Што ж ён сказаў табе?

— А ён: "На свеце, — кажа, — усюды поўна сваячак". I паслаў мяне ў Дакар, бо туды не так далёка.

— Яна прыгожая, твая сваячка?

— Каторая ў Тунiсе? Дзiва што! Бялявенькая такая.

— Не, тая, што ў Дакары?

Сяржант, мы гатовы былi расцалаваць цябе, гэтак журлiва i трошкi расчаравана ты адказаў:

— Яна была мурынка…

Кiм, чым была для цябе Сахара, сяржант? Вечным чаканнем бажаства. А яшчэ пяшчотнай памяццю пра бялявенькую дзяўчыну там, за пяццю тысячамi вёрст пяскоў.

Кiм, чым была пустыня для нас? Усiм тым, што нарадзiлася ў нашых душах. Тым, што мы даведвалiся пра самiх сябе. Той ноччу мы таксама былi закаханы ў далёкую сваячку i ў капiтана…

3

Порт-Эцьен, размешчаны на ўскрайку няскораных зямель, горадам не назавеш. Бо там усяго толькi i ёсць што невялiкi форт, ангар i драўляны барак для нашых лётных экiпажаў. Вакол такая глухая пустыня, што, нягледзячы на свае мiзэрныя ваенныя сiлы, Порт-Эцьея амаль непераможны. Каб напасцi на яго, трэба адолець такую загароду пяску i спякоты, што атрады няскораных арабаў могуць дасягнуць яго толькi на зыходзе сiл i запасаў вады. I ўсё-ткi з незапомных часоў недзе на поўначы вечна меўся якi-небудзь атрад, якi пагражаў Порт-Эцьену. Кожны раз, як капiтан-камендант форта прыходзiў да нас на шклянку чаю, ён на карце паказваў нам шлях непрыяцеля, быццам расказваў казку пра чароўную прынцэсу. Але гэты атрад так нiколi i не прыходзiў, самi пяскi паглыналi яго, як раку, i мы называлi яго атрадам-прывiдам. Гранаты i патроны, раздаваныя нам увечары камандзiрамi, драмалi ў скрынках ля нашых ложкаў, а мы пад вернай аховай уласнай бездапаможнасцi змагалiся толькi супроць аднаго ворага — супроць цiшы. I Лукас, начальнiк аэрапорта, дзень i ноч круцiў грамафон, якi ў такой далечы ад жыцця размаўляў з намi напаўзабытаю мовай i выклiкаў нейкую беспадстаўную тугу, дзiўна падобную на смагу.

На гэты раз мы павячэралi ў форце, i камендант павёў нас палюбавацца яго садам. З Францыi за чатыры тысячы кiламетраў яму прыслалi тры скрынкi з сама сапраўднай зямлёй. У скрынках раслi тры зялёныя калiўцы, i мы лашчылi iх пальцамi, быццам пярлiнкi. Капiтан, гаворачы пра iх, кажа: "Гэта мой парк".

А калi ўзнiмаецца пясчаны вецер, якi высушвае ўсё дазвання, парк пераносяць у склеп.

Мы жывём за кiламетр ад форта i вяртаемся пасля вячэры дадому пры святле поўнi. Ад месячнага святла пясок ружовы. Мы адчуваем сваю галечу, але пясок ружовы. А воклiк вартавога надае свету нейкую ўсхваляваную прыўзнятасць. Гэта сама Сахара палохаецца нашых ценяў i правярае, хто iдзе, таму што дзесьцi блукае атрад няскораных арабаў.

У воклiку вартавога чуюцца ўсе галасы пустынi. Пустыня перастае быць нежылым домам: маўрытанскi караван — як магнiт уначы.

Здавалася б, мы ў бяспецы. То дзiва! Хвароба, няшчасны выпадак, разбойнiцкi атрад — што толькi нам не пагражае! Чалавек — наземная мiшэнь для патаемных снайпераў. I вартавы сенегалец, як прарок, напамiнае нам пра гэта.

— Французы! — адказваем мы i праходзiм мiма чорнага анёла. I нам лягчэй дыхаецца. Колькi годнасцi надала нам гэтая пагроза… Яна яшчэ такая далёкая, такая няспешная, такая прытупленая неабсяжнасцю пяскоў: алё свет ужо выначыўся, свет ужо не ранейшы. Яна стала насцярожанай, гэтая пустыня. Нейкi няведама дзе блукаючы атрад паўночна-афрыканскай кавалерыi, якi так нiколi i не дабярэцца сюды, надае ёй узнёслую велiч.

Адзiнаццатая гадзiна вечара. З радыёвузла прыходзiць Люка i кажа, што апоўначы прыбывае самалёт з Дакара. На борце ўсё ў парадку. У нуль гадзiн дзесяць пошту перагрузяць ужо ў маю машыну, i я палячу на поўнач. Я старанна галюся перад асколкам люстэрка. Час ад часу, закруцiўшы вакол шыi сурвэтку, я падыходжу да дзвярэй i азiраю голыя пяскi: пагода добрая, але вецер сцiхае. Я вяртаюся да люстэрка. Ёсць над чым падумаць. Калi вецер, якi дзьмуў месяц за месяцам, раптам сцiхае, у небе часам усчынаецца сапраўдны вэрхал. Але пара збiрацца: сiгнальныя лiхтарыкi прывязаны да рэменя, планшэт i алоўкi пры мне. Iду да Неры, якi сёння будзе маiм бартавым радыстам. Ён таксама голiцца. "Ну як?" — пытаюся. Пакуль усё ў парадку. Гэтыя папярэднiя дзеяннi сама нескладаныя з усяго палёту. Нечакана я чую нейкi лёгкi хруст: аб мой лiхтарык б'ецца страказа. I чамусьцi ёкнула сэрца.

Я зноў выходжу i азiраюся: усё спакойна. Скала на ўскрайку форта вырысоўваецца на фоне неба выразна, як удзень. Над пустыняй пануе глыбокая цiшыня дагледжанага дома. Ды вось на мой лiхтарык налятаюць зялёны матылёк i дзве страказы. I мною зноў завалодвае нейкае глухое, цьмянае, ледзь улоўнае прадчуванне цi то радасцi, цi то страху. Нехта з далёкай далечы загаворвае са мною. Што гэта, iнстынкт? Выходжу яшчэ раз: вецер сцiх канчаткова. Па-ранейшаму прахалодна. Але я папярэджаны ўжо. Мне здаецца, я здагадваюся, так, я ўжо здагадваюся, што павiнна адбыцца. Цi не памыляюся я? Нi неба, нi пясок яшчэ не падалi мне анiякага знаку, але са мной пагаварылi дзве страказы, дзве страказы i зялёны матылёк.

Я падымаюся на бархан i сядаю тварам да ўсходу. Калi я не памыляюся, "яно" не забавiцца. Што шукалi яны, гэтыя стракозы, тут, за сотнi кiламетраў ад унутраных аазiсаў? Дробныя абломкi, выкiнутыя хвалямi на бераг, сведчаць, што ў моры шалее цыклон. Гэтаксама i гэтыя кузуркi папярэджваюць мяне, што насоўваецца пясчаная бура; бура iдзе з усходу, i яна ўжо вытурыла з далёкiх пальмавых гаёў iхнiя зялёныя матылькi. Яе пена ўжо дакацiлася да мяне. I ўрачыста, бо ён сам доказ гэтага, i ўрачыста, бо ён сам глухая грозьба, i ўрачыста, бо ён тоiць буру — падымаецца ўсходнi вецер. Яго слабое дыханне яшчэ ледзьве-ледзь дасягае мяне. Я — сама аддалены бераг, якi лiзнула хваля. За дваццаць метраў за мной не варухнулася нiводная павуцiнка. Вецер толькi раз горача дыхнуў на мяне, адным-адзiны раз ахiнуў нейкай нежывою ласкай. Але я ўжо ведаю, што праз некалькi секунд Сахара перавядзе дыханне i ўздыхне зноў. Што хвiлiны праз тры захвалюецца ўказальнiк ветру на нашым ангары. А яшчэ хвiлiн праз дзесяць хмары пяску запалоняць усю прастору. А мы ўсё-такi рынемся ў гэтае пекла, у гэты агнявы вiд пустынi.

Але я ўзрушаны зусiм не гэтым. Мяне напаўняе нейкай дзiкунскай радасцю тое, што я з паўслова зразумеў зашыфраванае пасланне, што я, як першабытны чалавек, здолеў разгадаць гэты штрышок, якiм ледзь улоўна прасiгналiзавала пра свой прыход наступнасць, што я змог прачытаць яе нарастаючае шаленства ў трапятлiвых крылцах страказы.

4

У Сахары мы сутыкалiся з няскоранымi плямёнамi. Час ад часу яны з'яўлялiся з такiх глыбiнь пустынi, куды мы не мелi доступу, мы толькi праляталi над iмi; а маўры адважвалiся прыходзiць нават у форты — Джубi цi ў Сiснерос, куплялi там цукар цi гарбату i зноў таямнiча знiкалi. I мы, па магчымасцi, спрабавалi прыручыць хоць каго-небудзь з iхняга асяроддзя.

Калi гэта былi аўтарытэтныя важакi, мы, са згоды дырэкцыi авiялiнii, часам бралi iх на борт самалёта, каб паказаць iм свет. Неабходна было збiць з iх пыху, таму што яны, хутчэй з пагарды, чым з нянавiсцi, забiвалi палонных. Калi яны сустракалiся з намi паблiзу форта, яны нават не лаялi нас. Яны адварочвалiся ад нас i плявалiся. Гэтая пыхлiвасць зыходзiла ад iлюзii iх уласнай магутнасцi. Колькi iх, важакоў атрада ў тры сотнi ружжаў, казалi мне: "Скажы дзякуй, што да тваёй Францыi болей ста дзён хады…"

I мы ўстройвалi iм прагулянкi, i сталася так, што трое з iх нават пабывалi ў гэтай невядомай iм Францыi. Яны былi супляменнiкi тых, якiя, неяк трапiўшы са мной у Сенегал, заплакалi, убачыўшы там дрэвы.

Потым я зноў наведаў iх шатры i пачуў, як яны з захапленнем расказвалi пра мюзiк-холы, дзе танцуюць сярод кветак аголеныя жанчыны. Гэтыя людзi нiколi не бачылi нi дрэва, нi фантана, нi ружы, яны толькi з Карана ведалi пра iснаванне садоў, дзе струменяць ручаi, таму тыя сады i называюцца раем. Гэты рай з яго раскошнымi палоннiцамi купляецца дарагой цаной: трыццаць гадоў маркоты i галечы — i пасля горкая смерць у пясках ад кулi iншавера. Але Бог ашуквае маўраў, таму што ад французаў, якiм падораны ўсе гэтыя скарбы, ён не патрабуе нiякай адплаты — нi смагi, нi смерцi. Вось чаму яны цяпер у такiм задуменнi, гэтыя старыя важакi. Вось чаму, азiраючы пустынныя абшары Сахары, якая распасцiраецца вакол шатроў i да самай смерцi будзе адпускаць iм такiя мiзэрныя радасцi, яны не могуць утрымацца ад прызнанняў:

— Знаеш… ваш французскi бог… Ён куды велiкадушнейшы, чым бог маўраў!

За некалькi тыдняў перад гэтым iх вазiлi ў Савойю. Праважаты падвёў iх да цяжкага, бурлiвага, як вiтая калона, вадаспада.

— Пакаштуйце, — прапанаваў iм праважаты.

Гэта была сапраўдная пiтная вада. Вада! Колькi дзён хады патрабуецца тут, у пустынi, каб дабрацца да блiжэйшага калодзежа, а калi знойдзеш яго, колькi часу трэба выграбаць пясок, якiм забiты гэты калодзеж, пакуль дакапаешся да тванi, ад якой патыхае мачой вярблюдаў! Вада! У Кап-Джубi, у Сiснеросе, у Порт-Эцьене маўрытанскiя дзецi выпрошваюць не манетку — з бляшанкай у руках яны выпрошваюць вады:

— Дай трошкi вады, дай…

— Дам, калi будзеш разумнiк.

Вада тут даражэй золата, маленечкая кропля вады высякае з пяску зялёную iскрынку травянога калiўца. Калi дзе-кольвечы выпадае дождж, уся Сахара прыходзiць у рух. Плямёны перасяляюцца за трыста кiламетраў — туды, дзе цяпер вырасце трава… I гэтая вада, такая скупая, што за дзесяць апошнiх гадоў яна нi кропелькай не пралiлася над Порт-Эцьенам, бурлiла там так, быццам з гiганцкай прабiтай цыстэрны вылiвалiся водныя запасы ўсяго свету.

— Нам пара, — казаў праважаты.

Але яны не зварухнулiся.

— Пачакай…

I замоўклi, i засяроджана, анямела глядзелi на гэтае бясконцае ўрачыстае таiнства. Само жыццё, сама жывая кроў, без якой няма чалавека, вывяргалася з вантробаў гары. За адну секунду яе вылiвалася столькi, што хапiла б ажывiць цэлыя караваны, якiя, п'яныя ад смагi, навекi канулi ў бяздонне саланчакоў i мiражоў. Тут праяўляў сябе сам Бог: немагчыма было адвярнуцца ад яго. Бог раскрыў бездань нябесную, каб паказаць сваю магутнасць: трое маўраў стаялi як укопаныя.

— Ну на што тут глядзець? Хадзем…

— Трэба пачакаць.

— Чаго пачакаць?

— Пакуль вада скончыцца.

Яны хацелi дачакацца, калi богу набрыдне яго вар'яцтва. Ён неўзабаве схамянецца, ён скупы.

— Але гэтая вада льецца ўжо сотнi гадоў!..

У гэты вечар яны не ўспамiнаюць пра вадаспад. Ёсць цуды, пра якiя лепей маўчаць. Лепей нават не думаць пра iх, iнакш увогуле перастанеш што-небудзь разумець. Iнакш можна засумнявацца ў самiм Богу…

— Знаеш, ваш французскi бог…

Але я добра ведаю iх, маiх дзiкiх сяброў. Вера iх пахiснулася, няўпэўненыя i разгубленыя, зараз яны амаль гатовы скарыцца. Яны ўжо мараць, каб французскае iнтэнданцтва забяспечыла iх ячменем, а нашы сахарскiя часцi ўзялi iх пад сваю ахову. I гэта праўда, нарэшце скарыўшыся, яны б выгадалi ў матэрыяльных дабротах.

Але гэтыя трое адной крывi з Эль Мамунам, эмiрам трарзаў. (Баюся, што блытаю ягонае iмя.)

Я пазнаёмiўся з iм, калi ён быў нашым падданым. Адзначаны ўрадавымi ўзнагародамi за аказаныя паслугi, шчодра адораны камендантамi крэпасцей i паважаны плямёнамi, ён жыў, здавалася б, у сама поўным дастатку. Але аднойчы ноччу, калi нiкому i ў галаву не магло прыйсцi такое, ён перарэзаў афiцэраў, якiх праводзiў цераз пустыню, захапiў вярблюдаў, зброю i далучыўся да няскораных плямёнаў.

Здрадай называюць такi неспадзяваны бунт, такiя гераiчна-адчайныя ўцёкi важака, цяпер павечнага выгнаннiка ў пустыню, гэтую нядоўгую славу, што неўзабаве, як дымок ад стрэлу, растане ў сутычцы з атарскiм атрадам лёгкай кавалерыi. I дзiву даюцца — адкуль такое вар'яцтва?

Аднак гiсторыя з Эль Мамунам — не адзiнкавы выпадак, гэтак было шмат з якiмi iншымi арабамi. Мамун старэў. А са старасцю прыходзiць роздум. I вось аднойчы ўночы ён робiць адкрыццё, што ён здрадзiў богу iслама, што ён апаганiў сваю руку рукой хрысцiянiна, калi пацiснуў яе пасля здзелкi, у вынiку якой страцiў усё.

I сапраўды, што яму ячмень i спакойнае жыццё? Зламанаму воiну, якi стаў прапаведнiкам, усплывае на памяць, як ён жыў у Сахары, дзе кожная хваля пяску была поўная пагроз, а ён развейваў iх, дзе лагер, акрыты ноччу, выстаўляе свае каравулы, дзе весткi пра наблiжэнне ворагаў прымушаюць мацней забiцца сэрцы вакол начных кастроў. Яму зноў прыгадваецца смак вольных прастораў — а ён, аднойчы паспытаны чалавекам, ужо нiколi не будзе забыты.

I вось ён бясслаўна блукае ў цiхамiрным бязмежжы, якое не абяцае нiякiх выгод. Вось цяпер Сахара для яго сапраўды — пустыня.

Магчыма, ён нават паважаў iх, тых афiцэраў, якiх потым пазабiваў. Але над усiм бярэ верх любоў да Алаха.

— Добрай ночы, Эль Мамун.

— Беражы цябе бог!

Афiцэры захутваюцца ў коўдры, укладваюцца на пяску, як на плыце, тварам да зор. Вось яны, зоры, якiя павольна кружацца, вось яно, неба, якое адзначае ход часу. Вось яна, поўня, схiленая над пяскамi, якую зводзiдь на нiшто Ягоная Мудрасць. Хрысцiяне хутка заснуць. Яшчэ некалькi хвiлiн, i будуць свяцiцца адны зоры. I тады, каб вярнуць аслабелым плямёнам iх былую славу, каб аднавiць гэтыя пагонi, адзiна якiмi i праменяцца пяскi, хопiць аднаго слабога ўскрыку гэтых хрысцiян, якiя будуць утоплены ва ўласным сне. Яшчэ некалькi секунд, i з непапраўнасцi народзiцца новы свет…

I ўсчынаецца забойства прыгожых сонных лейтэнантаў.

5

Я ў Джубi, сёння Кемаль i ягоны брат Муян запрасiлi мяне ў госцi, i вось я п'ю ўжо гарбату у iхнiм шатры. Муян моўчкi глядзiць на мяне i, прыкрыўшы рот сiняю хусцiнай, захоўвае дзiкаватую насцярожанасць. Кемаль адзiн размаўляе са мной i выказвае знакi павагi:

— Мой шацёр, мае вярблюды, мае рабы — усё тваё.

Муян, не зводзячы з мяне вачэй, нахiляецца да брата, кажа яму нешта i зноў замуроўваецца ў сваё маўчанне.

— Што ён сказаў?

— Ён сказаў: Банафу ўкраў у Р'Гейбаце тысячу вярблюдаў.

Я не быў знаёмы з капiтанам Банафу, камандзiрам атрада мехарыстаў з лёгкай кавалерыi Атара. Але я ведаў, якая вялiкая слава ходзiць пра яго сярод маўраў. Яны з гневам гавораць пра яго, але гавораць як пра бога. Ягоная прысутнасць надае каштоўнасць пяскам. Вось i сёння ён зноў няведама якiм чынам узнiк у тыле атрада няскораных арабаў, якi рухаўся на поўдзень, адбiваючы ў iх сотнi вярблюдаў, вымушаючы iх, каб зберагчы свае скарбы, уступаць у бой тады, калi яны лiчылi сябе ў бяспецы. I цяпер, выратаваўшы Атар гэтым архангельскiм з'яўленнем, разбiўшы свой лагер на высокiм вапняковым плато, ён бясстрашна стаiць там як сведчанне, як залог таго, што гатовы да схваткi, i такая праменнасць зыходзiць ад яго, што плямёны самi кiдаюцца на пошук ягонага мяча.

Муян глядзiць на мяне яшчэ суровей i зноў нешта кажа.

— Што ён сказаў?

— Ён сказаў: "Заўтра мы пойдзем на Банафу. Трыста ружжаў".

Я i сам здагадваўся пра сёе-тое. Гэтыя вярблюды, якiх тры днi падрад водзяць на вадапой, гэтае ажыўленне, гэты ўздым. Такое ўражанне, быццам прыводзяць у парадак снасцi нябачнага паруснiка. I ўжо дзьме спадарожны вецер, якi вынесе яго ў адкрытае мора. З ласкi Банафу кожны крок на поўдзень авеяны славай. I я ўжо не магу зразумець, чаго ў тых паходах болей — нянавiсцi цi любовi.

Як шыкоўна мець на свеце такога цудоўнага ворага, якога трэба звесцi са свету! Там, дзе ён з'яўляецца, блiжэйшыя плямёны похапкам складваюць свае шатры, зганяюць вярблюдаў i ў жаху ўцякаюць прэч, каб не сустрэцца з iм твар у твар, але ў сама аддаленых плямёнаў пачынае кружыцца галава, як яна кружыцца ад любовi. Людзi самохаць iрвуцца з цiхамiрнасцi шатроў, з абдымкаў жанчын, са шчаслiвага забыцця, людзям пачынае здавацца, што найважненшым у свеце было б пасля двух месяцаў знясiленай хады на поўдзень, пасля спапяляльнай смагi, сядзення на кукiшках у чаканнi, калi сунiмуцца пясчаныя буры, знянацку напасцi на золку на Атарскi атрад кавалерыстаў i, калi будзе на тое воля бога, забiць капiтана Банафу.

— Банафу дужы, — прызнаецца Кемаль.

Цяпер я ведаю iх тайну. Як тыя, мужчыны, што прагнуць любовi жанчыны, а пры згадцы, як яна абыякава i нетаропка праходзiць мiма, усю ноч напралёт варочаюцца з боку на бок, параненыя, спапялёныя гэтай абыякавасiцо, якая не дае iм спакою i ў сне, — гэтак i iх мучаць далёкiя крокi Банафу. Змушаючы да бегства кiнутыя супроць яго атрады, гэты па-маўрытанску апрануты хрысцiянiн на чале сваiх двухсот пiратаў-маўраў пранiк у глыб незалежных земляў, туды, дзе нават сама няўдалы з яго ўласных салдат за мяжой французскiх уладанняў мог бы беспакарана ачнуцца ад свайго рабства i на каменным алтары прынесцi яго ў ахвяру свайму богу, туды, дзе iх стрымлiвае толькi яго аўтарытэт, дзе нават сама яго бездапаможнасць палохае iх. I гэтай ноччу ён, абыякавы, зноў ходзiць i ходзiць у iх цяжкiх снах, i ягоныя крокi гулка адзываюцца ў самым сэрцы пустынi.

Муян у роздуме нерухома сядзiць у глыбiнi шатра, быццам высечаны з сiняга гранiту. Толькi вочы гараць ды срэбны кiнжал, якi перастаў быць забаўкай. Як ён змянiўся з той пары, калi перайшоў у стан непакорных! Цяпер ён асаблiва перапоўнены ўсведамленнем уласнай годнасцi i з бязмежнай пагардай ставiцца да мяне, бо ён неўзабаве пойдзе на Банафу, бо на золку ён вырушыць у паход, штурханы нянавiсцю, якая мае ўсе прыкметы любовi.

Ён яшчэ раз нахiляецца да брата, нешта зусiм цiха кажа яму i глядзiць на мяне.

— Што ён сказаў?

— Ён сказаў, што заб'е цябе, калi напаткае дзе-небудзь за фортам.

— За што?

— Ён кажа: "У цябе ёсць самалёты i радыё, у цябе ёсць Банафу, але ў цябе няма iсцiны".

Акрыты сiнiм покрывам, Муян, нерухомы, як статуя, судзiць мяне:

— Ён кажа: "Ты ясi салату, як каза, i сала, як свiння. Твае бессаромныя жанчыны выстаўляюць напаказ свае твары", — ён сам бачыў. Ён кажа: "Ты нiколi не молiшся". Ён кажа: "Нашто табе твае самалёты, тваё радыё, твой Банафу, калi ў цябе няма iсцiны?"

I я любуюся гэтым маўрам, якi адстойвае не сваю волю, бо ў пустынi кожны вольны, не вiдочныя скарбы, бо ў пустынi хоць шаром пакацi, — ён абараняе сваё патаемнае, унутранае царства. У моўчы пясчаных хваль Банафу, як вопытны пiрат, вядзе свой атрад вершнiкаў, i вось ужо лагер Кап-Джубi як падмянiлi, цiхамiрнай стаянкi пастухоў як не было. Быццам бура дыхнула на яе з'яўленне Банафу, вечарам шатры цясней прыцiскаюцца адзiн да аднаго. На поўднi пануе нясцерпная моўча — гэта моўча Банафу! I Муян, вопытны паляўнiчы, выслухоўвае ягоныя крокi.

Калi Банафу вернецца ў Францыю, яго ворагi, замест таго каб радавацца гэтаму, будуць аплакваць яго, быццам разам з ягоным ад'ездам пустыня страцiла адзiн са сваiх магнiтаў, а iхняе iснаванне — кроплю прывабнасцi, i яны запытаюцца ў мяне:

— Чаму ён з'ехаў адсюль, твой Банафу?

— Не ведаю…

Ён рызыкаваў сваiм жыццём, як яны сваiм, i рызыкаваў гадамi. Ён зрабiў iхнiя звычкi сваiмi звычкамi. Ён спаў, паклаўшы галаву на iхнiя камянi. У бясконцых пагонях i ён, як яны, праводзiў ночы сам-насам з зоркамi i ветрам, як у бiблейскiя часы. I раптам ён пакiдае iх, быццам заяўляе, што гэтая гульня не галоўнае для яго. Ён з лёгкiм сэрцам устае з-за стала. I маўры, якiя змушаны гуляць без яго, страчваюць веру ў сэнс жыцця, якое болей не вымагае ад людзей самой iх плоцi. I ўсё-такi iм хочацца верыць у яго.

— Ён яшчэ вернецца, твой Банафу?

— Не ведаю.

"Ён яшчэ вернецца", — думаюць маўры. Яго ўжо не змогуць задаволiць эўрапейскiя гульнi — нi карты, нi павышэнне па службе, нi жанчыны. Яго неадступна будуць праследаваць думкi пра сваю страчаную годнасць, i ён вернецца туды, дзе кожны крок прымушае часцей забiцца сэрца, быццам гэта крок да любовi. Яму здалося, што туташняе жыццё яго — толькi прыгоды, што галоўнае ён набудзе там, але з цягам ён з агiдай выявiць, што адзiна сапраўднымi скарбамi ён валодаў тут, у пустынi: гэтымi чарамi пясчаных абшараў уночы, гэтай цiшынёй, гэтай радзiмай ветру i зор. I як толькi Банафу вернецца, вестка пра гэта ў першую ж ноч разнясецца па ўсiх землях няскораных плямёнаў.

Маўры даведаюцца, што ён начуе недзе ў Сахары разам з дзвюма сотнямi сваiх пiратаў. I тады моўчкi павядуць на вадапой вярблюдаў. Запасуцца паболей ячменем. Правераць ружжы. Рухомыя сваёй нянавiсцю — цi, магчыма, любоўю.

6

— Схавай мяне ў самалёце i адвязi ў Маракеш…

Кожны вечар раб маўраў у Джубi звяртаўся да мяне з гэтай сваёй кароткай просьбаю. I зрабiўшы гэткiм чынам ўсё, што мог, для ўратавання свайго жыцця, ён сядаў, падкурчыўшы накрыж ногi, i гатаваў мне гарбату. З гэтай хвiлiны ён на цэлыя суткi набываў спакой, даверыўшыся, як яму думалася, адзiнаму лекару, якi мог вылечыць яго, паслаўшы сваю малiтву адзiнаму богу, якi мог выратаваць яго. Цяпер, схiлiўшыся над iмбрыкам, ён мог зноў бясконца перабiраць у памяцi няхiтрыя малюнкi свайго мiнулага — чорныя землi роднага Маракеша, ружовыя дамы, сцiплыя радасцi, якiх ён быў пазбаўлены. Ён не наракаў нi на маё маўчанне, нi на тое, што я не спяшаюся вяртаць яму жыццё: я для яго не такi ж чалавек, як ён сам, а нейкая сiла, якую трэба выклiкаць да дзеяння, нешта накшталт спадарожнага ветру, якi некалi ўзвее i над ягоным лёсам.

Але ў мяне, звычайнага лётчыка, што на некалькi месяцаў апынуўся начальнiкам аэрапорта ў Кап-Джубi, адзiным багаццем якога быў барак, прылеплены да гiшпанскага форта, а ў гэтым бараку — тазiк, збан мутнай вады i куртаты ложак — у мяне было куды меней iлюзiй адносна маёй магутнасiц:

— Дружа Барк, будзе вiдно…

Усiх рабоў завуць тут Баркамi; яго таксама звалi Баркам. Але чатыры гады, праведзеныя ў палоне, усё-такi не скарылi яго: ён не мог забыць, што быў некалi царом.

— Чым ты займаўся ў Маракешы, Барк?

У Маракешы, дзе, безумоўна, яшчэ жылi яго жонка i трое дзяцей, ён займаўся дзiвоснай справай.

— Я пераганяў статкi, i мяне звалi Магаметам!

Тамашнiя каiды-губернатары выклiкалi яго да сябе:

— У мяне ёсць быкi на продаж, Магамет! Прыганi iх з гор.

Альбо:

— У мяне ў нiзiне тысячы авечак, адвядзi iх на альпiйскiя лугi!

I Барк, узброены скiпетрам з алiвы, кiраваў iх перасяленнем. Адзiн у адказе за процьму авечак, у клопаце за яшчэ ненароджаных ягнят, стрымлiваючы сама шустрых i падганяючы леных, ён крочыў наперад, акружаны ўсеагульным даверам i паслушэнствам. Адзiны, хто ведаў, да якiх земляў абяцаных яны праставалi, адзiны, хто ўмеў чытаць свой шлях па нябесных свяцiлах, ацяжараны ведамi, якiя не раздзелiш з атарай, ён сам, як падказвала ягоная мудрасць, выбiраў i час адпачынку, i час вадапою. I ноччу, вартуючы яе сон, ахоплены пяшчотай да такой безлiчы несвядомых, безабаронных iстот, стоячы па каленi ў воўне, Барк — лекар, прарок i цар — малiўся за свой народ.

Аднойчы яго запынiлi нейкiя арабы:

— Хадзем з намi на поўдзень, памажы нам адшукаць скацiну.

Яны ўгаворвалi яго iсцi ўсё далей i далей, а праз трое сутак, калi ён быў заманены на глухую сцяжынку ў гарах на мяжы з землямi няскораных плямёнаў, яму проста паклалi руку на плячо, ахрысцiлi Баркам i прадалi.

Я ведаў шмат рабоў. Я штодня хадзiў у шатры пiць гарбату. Там, разуўшыся i ўлёгшыся на мяккiм ваўняным дыване — адзiнай раскошы качэўнiкаў, на якой ненадоўга ўзводзяць яны сваё жыллё, — я любаваўся плаўным поступам дня. У пустынi вельмi адчувальная плынь часу. Разам са скварным сонцам ты рухаешся ў кiрунку да вечара, да прахалоднага ветру, якi асвяжыць цела i змые пот. Разам са скварным сонцам i жывёла i людзi няўхiльна, як да смерцi, крочаць да гэтай вялiзнай крынiцы. Бяздзейнасць — i тая набывае сэнс. I кожны дзень набывае хараство, як дарога, што вядзе да мора.

Я ведаў iх, гэтых рабоў. Яны ўваходзяць у шацёр, калi важак ужо дастаў жароўню, iмбрык i шклянкi са свайго каштоўнага куфра, з гэтай скрынi, напакаванай сама недарэчнымi рэчамi — вiсячымi замкамi без ключоў да iх, вазамi для кветак без кветак, люстэркамi за тры су, старымi пiсталетамi, — i ўсё гэта, вываленае на пясок, наводзiць на думку пра караблекрушэнне.

Тады маўклiвы раб накладвае ў жароўню сухiя ламачынкi, разводзiць агонь, налiвае вады ў iмбрык, змушаны рабiць работу кволай дзяўчынкi, iграе мускуламi, якiя вывярнулi б з коранем кедр. Ён спакойны. Ён захоплены гульнёй: гатаваннем чаю, доглядам вярблюдаў, ежай. У спякоце дня — рухам насустрач ночы, а пад золкасцю ледзяных зор — чаканнем спякоты дня. Шчаслiвыя краiны Поўначы, там кожная пара года стварае сваю казку: летам — пра снег, зiмой пра сонца; сумныя тропiкi, там заўжды адна i тая ж волкая духата; але шчаслiвая i Сахара, дзе змена дня i ночы так натуральна вядзе чалавека ад надзеi да надзеi.

Часам чорны раб, седзячы на кукiшках ля дзвярэй, цешыцца вечаровай свежасцю. У гэтым цяжкiм целе нявольнiка ўжо пазасыналi ўсе ўспамiны. Ён ужо ледзьве помнiць момант свайго паланення, тыя ўдары, крыкi, мужчынскiя рукi, якiя паверглi яго ў ягоную цяперашнюю ноч. З таго часу ён усё безнадзейней дранцвее ў дзiўным сне, ён як аслеп — бо ён жа не бачыць болей марудных рэк Сенегала цi белых гарадоў паўднёвага Марока, ён як аглух — бо ён жа не чуе болей родных галасоў. Ён не тое што няшчасны, гэты мурын, — ён калека. Воляй выпадку змушаны падначалiцца рытму жыцця качэўнiкаў, iх вандраванню з мясцiны ў мясцiну, навечна прыкуты да iхнiх арбiт па пустынi, што агульнага мог ён захаваць са сваiм мiнулым, з родным ачагом, з жонкай i дзецьмi, якiя цяпер для яго мярцвей нябожчыкаў?

Людзi, якiя доўга жылi ўсепаглынальным каханнем, а потым яго страцiлi, часам стамляюцца ад сваёй гордай самоты. Яны прынiжана мiрацца з жыццём i знаходзяць сваё шчасце ў сама пасрэднай прывязанасцi. I м прыемна адрачыся ад трона, падпарадкавацца некаму i нiчым не парушаць цiхамiрную плынь будняў. I раб з гонарам распальвае жароўню гаспадара.

— На, вазьмi, — кажа часам важак вязню.

Зараз гаспадар лагодны з рабом, бо зараз адбываецца адпушчэнне чыста ўсёй стомы, чыста ўсёй спякоты, бо зараз яны абодва, плячо ў плячо, спакваля ўступаюць у прахалоду. I ён дорыць яму шклянку чаю. I вязень у прылiве ўдзячнасцi за гэтую шклянку чаю будзе цалаваць ногi гаспадару. Раба нiколi не закоўваюць у ланцугi. Хай не будзе ў iх патрэбы! Хай будзе ён верны сам па сабе! Хай ён, пазбаўлены ўлады, разумна адмовiцца ад свайго каралеўскага трона! Зараз ён — вязень шчаслiвы.

Але некалi яму напраўду дадуць волю. Калi ён зусiм састарыцца i не зможа апраўдаць выдаткаў на ежу цi апратку, тады яму даюць неабмежаваную свабоду. Тры днi падрад, слабеючы ўсё больш i больш, ён дарэмна будзе сноўдацца ад шатра да шатра i прапаноўваць свае паслугi, а на зыходзе трэцiх сутак, як i раней, разумна i пакорна, распластаецца на пяску. Я бачыў у Джубi, як яны, голыя, памiралi гэтак. Маўры падганялi, але без жорсткасцi, iх марудную агонiю, а дзецi маўраў гулялi вобак гэтых сумных руiн i шторанку свавольна правяралi, варушыцца яна цi ўжо не, але без кепiкаў над старым слугой. Гэта была звычайная з'ява. Гэта выглядала так, нiбыта яму сказалi: "Ты добра папрацаваў, ты заслужыў права на адпачынак, iдзi спаць". Ён ляжаў, яму хацелася есцi, i толькi ад гэтага ў яго кружылася галава, а не ад несправядлiвасцi, бо катуе толькi несправядлiвасць. I спакваля перамешваўся з зямлёй. Трыццаць гадоў працы — i вось гэтае права на сон i на зямлю.

Калi я ўпершыню нагабаў такога раба, я не пачуў ад яго нiводнай скаргi: ды яму не было на каго i скардзiцца. У iм чыталася нейкая падсвядомая згода, згода горца, якi заблудзiўся i ўжо знясiлеў дарэшты i якi лягае на снег, зарываецца ў забыццё i ў снягi. Не пакута яго перавернула маё сэрца. Я не бачыў нiякiх пакут. Але са смерцю чалавека памiрае нейкi невядомы нам свет, i я ўсё думаў, што пагасла ў iм, якiя вобразы? Якiя плантацыi Сенегала, якiя белыя гарады паўднёвага Марока паволi адыходзiлi ў нябыт? Не было мне дадзена даведацца, цi ў гэтым чорным тулаве гаслi звычайныя мiзэрныя турботы гатаванне чаю, адвод жывёлы на вадапой…, засынала душа раба цi, уваскрэсены хваляй успамiнаў, памiраў чалавек ва ўсёй сваёй велiчы. Цвёрдая чарапная каробка нагадвала старадаўнi куфэрак з усялякiмi скарбамi. Я не ведаў, якiм квяцiстым шаўкам, якiм святочным малюнкам, якiм асiвелым, выключна бескарысным у гэтай пустынi рэшткам удалося пазбегнуць караблекрушэння. Скарбонка была замкнёная i цяжкая. Я не ведаў, якая частка свету руйнавалася ў чалавеку пры ўпаданнi ў беспрабудны валатоўскi сон, што руйнавалася ў гэтай свядомасцi i ў гэтай плоцi, якая спакваля вярталася ночы i зямлi.

— Я пераганяў статкi, i мяне звалi Магаметам.

Чорны нявольнiк Барк быў першы з маiх знаёмых нявольнiкаў, якi не скарыўся. Нiчога, што маўры гвалтам адабралi ў яго свабоду, у адначассе абабралi так, што ён стаў галей немаўляцi. Гэтак пасланая богам бура за гадзiну знiшчае ўвесь плён гадавой працы селянiна. Але не толькi ў страчаных дабротах была справа, куды сур'ёзней маўры пагражалi яму як асобе. I Барк не мiрыўся з гэтым, хоць столькi iншых нявольнiкаў так лёгка дазволiлi забiць у сабе немаёмнага перагоншчыка статкаў, якi круглы год нястомна здабываў свой хлеб!

Барк не прыстасоўваўся да рабства, як, страцiўшы надзею на лепшае, прыстасоўваюцца да пасрэднага шчасця. Ён не хацеў ствараць свае радасцi раба з паблажлiвасцi гаспадара рабоў. Ён i ў адсутнасць Магамета бярог той дом, дзе жыў гэты Магамет яго душы. Сумна бачыць пустым гэты дом, але нельга дапусцiць, каб нехта iншы пасялiўся ў iм. Барк нагадваў ссiвелага вартаўнiка, якi памiрае ад вернасцi сярод зелянiны прысадаў i самотнай цiшы.

Ён не казаў: "Я — Магамет бен Лаўсiн", ён казаў: "Мяне завуць Магаметам" i марыў пра той дзень, калi гэты забыты персанаж уваскрэсне зноў, адным сваiм з'яўленнем адмятаючы прэч воблiк раба. Часам сярод начной нематы яго, як незабыўная песня маленства, апаноўвалi ўспамiны. "Сярод ночы, — расказваў нам наш маўрытанскi перакладнiк, — сярод ночы ён раптам загаворвае пра Маракеш, гаворыць, а сам плача". Нiхто не ўнiкае адзiноты ў такiх выпадках. У iм знянацку ачынаўся той iншы чалавек, ён усяляўся ў ягоную плоць, шукаў жанчыну тут, у гэтай пустынi, дзе нiводная жанчына нiколi не падыдзе да Барка. Тут, дзе не было i заваду крынiцы, да Барка даносiлася песня крынiчнай вады. Барк заплюшчваў вочы — i тут, дзе людское жыллё зроблена з грубага лямцу, дзе людзi жывуць як перакацi-поле, яму мроiўся яго белы дамок, над якiм штоночы гарыць адна i тая ж зорка. Перапоўнены гэтымi былымi, цудадзейна ўваскрэслымi радасцямi, нiбыта магнiт, ад якога яны зыходзiлi, быў зусiм побач, Барк iшоў да мяне. Яму хацелася сказаць мне, што ён наўзгатове, i што ўсе гэтыя радасцi наўзгатове, i што, каб раздарыць iх, засталося толькi вярнуцца дадому. I было б дастаткова аднаго майго знаку. I Барк усмiхаўся i падказваў, што я павiнен зрабiць, я ж, вядома, яшчэ не дадумаўся да такога:

— Заўтра ж адпраўляецца пошта… Ты схавай мяне ў самлёце на Агадзiр…

— Бедны дружа Барк!

Мы жылi на тэрыторыi няскораных арабаў, як мы маглi памагчы яму ўцячы? За гэткi грабеж, за гэткую абразу маўры назаўтра ж адпомсцiлi б жорсткай разнёй. Супольна з механiкамi аэрадрома Лабэргам, Маршалем i Абгралем я спрабаваў выкупiць Барка, але маўрам не штодня трапляюцца эўрапейцы, якiя пагалiлiся б на раба. I яны карыстаюцца выпадкам:

— Давайце дваццаць тысяч франкаў.

— Ты смяешся?

— А ты зiрнi, якiя ў яго дужыя рукi…

Гэтак прамiнула яшчэ некалькi месяцаў. Нарэшце дамаганнi маўраў паменшылiся, i я, напiсаўшы сваiм сябрам у Францыю i заручыўшыся iхняй падтрымкай, нарэшце ўбачыў, што здолею выкупiць старога Барка.

Што гэта былi за перагаворы! Яны цягнулiся цэлы тыдзень. Мы вялi iх, пасеўшы ў кружок на пяску, пятнаццаць маўраў i я. Адзiн сябар уласнiка, якi быў i маiм сябрам, Зiн Ульд Ратары, шэльма, спатайка дапамагаў мне.

— Прадай, ты ўсё роўна страцiш яго, — раiў ён гаспадару па маёй падказцы. — Ён хворы. Хвароба пакуль нябачная, але яна ўжо сядзiць унутры. Некалi ён у адначассе распухне i сканае. Не марудзь. Прадавай яго французу.

Я паабяцаў узнагароду яшчэ аднаму галаварэзу — Рагi, калi ён дапаможа мне спраўдзiць пакупку, i Рагi таксама спакушаў уласнiка:

— За грошы ты накупiш вярблюдаў, ружжаў i патронаў. I зможаш сабраць атрад i пайсцi вайной на французаў. Тады ты прывядзеш з Атара трох-чатырох свежанькiх рабоў. Збаўся ад гэтага старога.

I мне прадалi Барка. Цэлы тыдзень я трымаў яго пад замком у нашым бараку, бо калi б ён у чаканнiсамалёта блукаў па волi, маўры маглi зноў злавiць яго i перапрадаць далей.

Але я вызвалiў яго з рабства. Гэта была яшчэ адна ўрачыстая цырымонiя. На яе сабралiся марабут, былы ўласнiк i Iбрагiм, джубiйскi каiд. Гэтыя трое пiратаў, якiя толькi дзеля таго, каб пасмяяцца з мяне, з задавальненнем перарэзалi б яму горла за дваццаць метраў ад форта, цёпла абнялi яго i падпiсалi афiцыйны дакумент.

— Цяпер ты нам сын.

Гэта значыць, i мне, згодна закону.

I Барк перацалаваў усiх сваiх бацькоў.

Да самага адлёту ён жыў у нашым бараку, але гэта было прыемнае зняволенне. Сто разоў на дзень у думках перажываў ён сваё нескладанае падарожжа: як ён выйдзе з самалёта ў Агадзiры, як на тым аэрадроме яму дадуць бiлет на аўтакар да Маракеша. Барк гуляў у вольнага чалавека, як дзiця гуляе ў даследавальнiка: гэтае вяртанне да жыцця, гэты аўтакар, гэтыя натоўпы людзей, гэтыя гарады, якiя ён хутка ўбачыць зноў…

Да мяне прыйшоў Лаберг, пасланы Маршалем i Абгралем. Нельга дапусцiць, каб Барк памiраў з голаду, прыляцеўшы на радзiму. Яны сабралi да яго тысячу франкаў: каб Барку было на што жыць, пакуль знойдзе сабе работу.

I я мiжволi прыгадаў старых пань з сентыментальных раманаў, якiя "займаюцца мiласэрнасцю", раскашэльваюцца на дваццаць франкаў i патрабуюць удзячнасцi. Авiямеханiкi Лаберг, Маршаль i Абграль, даючы тысячу, не займалiся мiласэрнасцю i яшчэ меней патрабавалi ўдзячнасцi. I не з жалоты, як тыя разлетуцененыя пра шчасце старыя панi, рабiлi яны так. Проста яны садзейнiчалi таму, каб чалавеку была вернута яго чалавечая годнасць. Бо яны выдатна ведалi, што, як толькi пройдзе ап'яненне ад вяртання на радзiму, найпершай вернай сяброўкай, якая наведае Барка, будзе галеча i што не прамiне i трох месяцаў, як ён будзе вымушаны знясiльвацца на якой-небудзь чыгунцы, выварочваючы старыя шпалы. Ён будзе ўжо не такi шчаслiвы, як цяпер у пустынi побач з намi. Але ён меў права быць самiм сабой i жыць сярод сваiх блiзкiх.

— Ну, дружа Барк, адпраўляйся i будзь чалавекам.

Самалёт дрыжаў ад вiбрацыi, гатовы ўзляцець. Барк апошнi раз абвёў вачыма бязмежную пустэльню вакол Кап-Джубi. Каля двухсот маўраў сабралася ля самалёта, каб пабачыць, якi выраз твару набывае раб на парозе новага жыцця. Калi б толькi здарылася вымушаная пасадка, яны б адправiлi яго куды далей.

На развiтанне мы махаем рукамi нашаму пяцiдзесяцiгадоваму нованароджанаму, трошкi ўсхваляваныя гэтым адпусканнем яго ў свет.

— Бывай, Барк!

— Не!

— Як — не?

— Не. Я Магамет бен Лаўсiн!

Апошнiя весткi пра яго мы атрымалi ад араба Абдалы, якi па нашай просьбе суправаджаў Барка да Агадзiра.

Аўтакар адпраўляўся толькi вечарам, Барк, такiм чынам, меў у сваiм распараджэннi цэлы дзень. Спярша ён так доўга i моўчкi блукаў па маленькiм гарадку, што Абдала заўважыў ягоную ўстрывожанасць i здзiвiўся:

— Што з табой?

— Нiчога…

Барк разгубiўся ад гэтай раптоўнай, бязмежнай волi i яшчэ не адчуваў, што ўваскрэс. Яго перапаўняла глухое шчасце, але за гэтым шчасцем ён не выяўляў у сабе нiякiх перамен, сёння ён — усё той жа Барк, што i ўчора. Аднак цяпер ён нароўнi з iншымi людзьмi дзялiў i гэтае сонца, i права сесцi тут, пад гэтай павеццю арабскага кафэ. Ён сеў. Ён заказаў чаю Абдале i сабе. Гэта быў яго першы ўчынак валадара, а не раба, i гэтая ўлада павiнна была пераўтварыць яго. Але афiцыянт налiў яму чаю без усялякага здзiўлення, нiбыта гэта быў сама звычайны ўчынак. Ён не адчуваў, што, налiваючы гарбату, ганаруе вольнага чалавека.

— Пойдзем адсюль, — сказаў Барк.

Яны паднялiся да Касбе — квартал гэты пануе над Агадзiрам.

Да iх падышлi зграбненькiя берберскiя танцоўшчыцы. Яны выказвалi столькi прыручанай лагоды, што Барк адразу акрыяў, яму здалося — самi таго не ведаючы, яны вiталi яго вяртанне да жыцця. Яны ўзялi яго за руку i прапанавалi чаю але гэтак жа ветла i сардэчна прынялi б яны i любога iншага. Барку захацелася расказаць iм пра сваё адраджэнне. Яны слухалi i пяшчотна ўсмiхалiся. Яны радавалiся таму, што быў рады ён. Каб канчаткова заваражыць iх, ён дадаў: "Я Магамет бен Лаўсiн". Але гэта iх не ўразiла. У кожнага чалавека ёсць iмя, i шмат хто вяртаецца богведама адкуль…

Ён зноў пацягнуў Абдалу ў горад. Ён сноўдаўся каля жыдоўскiх крамак, i глядзеў на мора, i думаў, што вось ён можа пайсцi ў любым накiрунку, што ён вольны… Але гэтая воля прыносiла яму горыч: яна выявiла, у якой ступенi не хапала яму повязяў са светам.

Мiма праходзiла дзiця. Барк ласкава пагладзiў яго па шчацэ. Дзiця ўсмiхнулася. Гэта быў не гаспадарскi сынок, перад якiм трэба лiслiвiць. Гэта быў нечы заморак, якому Барк аддаваў сваю шчырую ласку. I хлапчанятка ўсмiхнулася. Менавiта гэтае хлапчанятка абудзiла Барка да жыцця, яно ўсмiхнулася — i вось Барк адчуў, што пачынае нешта значыць у гэтым свеце. Нешта стала праясняцца, i ён закрочыў упэўнена i хутка.

— Што ты шукаеш? — пытаўся Абдала.

— Нiчога, — адказваў Барк.

Але калi на рагу адной з вулiц ён натыкнуўся на чародку дзятвы, занятай гульнёй, ён спынiўся. Вось яно. Ён моўчкi паглядзеў на iх. Потым кiнуўся да жыдоўскiх крамак i вярнуўся з бярэмем пакункаў. Абдала ўзлаваўся:

— Дурню, паберажы грошы!

Але Барк ужо нiчога не чуў. Ён урачыста, па аднаму, падзываў да сябе дзяцей, i маленькiя ручаняты пацягнулiся да цацак, бранзалетак i вышываных золатам пантофлiкаў. I кожнае дзiця, завалодаўшы сваiм скарбам, адразу ж дзiкавата ўцякала.

Але на змену iм набеглi iншыя агадзiрскiя дзецi: Барк апрануў i iх у залатыя пантофлiкi. Вестка пра гэта маланкава разнеслася па ўскраiнах Агадзiра, i вось ужо ўся чыста дзятва ўсхапiлася на ногi i з воклiчамi рынулася да чорнага бога i, тузаючы яго бедную апратку раба, запатрабавала сваю долю. Барк абанкручваўся. На думку Абдалы, Барк "ад радасцi звар'яцеў". Але, па-мойму, справа не ў тым, што Барк хацеў падзялiцца лiшкам уласнай радасцi.

Ён быў вольны i таму валодаў сама галоўным, сама дарагiм — правам быць любiмым, правам iсцi ў любым накiрунку i зарабляць свой хлеб сваёй працай. Навошта яму гэтыя грошы… калi яго, як жорсткi голад, мучыла патрэба быць чалавекам сярод людзей, патрэба адчуваць сваю цесную повязь з людзьмi. Агадзiрскiя танцоўшчыцы выказвалi ласку да старога Барка, але ён развiтаўся з iмi гэтак жа лёгка, як i сустрэўся; яны не мелi патрэбы ў iм. Гэты афiцыянт арабскай кавярнi, гэтыя мiнакi на вулiцах — усе паважалi ў iм вольнага чалавека, усе нароўнi з iм дзялiлi сонечнае святло, але, тым не меней, нiводзiн з iх не выказваў патрэбы ў iм. Ён быў вольны, але бясконца вольны, настолькi вольны, што ўжо не адчуваў сваёй вагi на зямлi. Яму не хапала грузу чалавечых адносiн, якiя часам нават замiнаюць у дарозе наперад, не хапала слёз, разлук, папрокаў, радасцей — усяго, што чалавек песцiць альбо штораз кожным сваiм новым учынкам безаглядна шкуматае, — не хапала той процьмы повязяў, якiя лучаць чалавека з iншымi людзьмi i надаюць яму вагу. А вось цяпер Барка абцяжвала безлiч дзiцячых надзей…

Так у раскошы адвячорка над Агадзiрам, у час вячэрняй прахалоды, якая так доўга была для яго адзiнай чаканай ласкай i адзiным прытулкам, пачалося цараванне Барка. Наблiжаўся час ад'езду, — i ён iшоў, амыты прылiвам дзятвы, як амывала яго некалi даверлiвая атара, i пракладваў у занава набытым свеце сваю першую баразну. Заўтра ён вернецца ў галечу сваёй раднi, прыме адказнасць за столькi жыццяў, колькi, магчыма, i не змогуць пракармiць яго старыя рукi, але ён ужо адчуваў уласную вагу. Як легкакрылы архангел, якому, каб жыць жыццём людзей, давялося б пайсцi на хiтрыкi — зашыць у пояс кавалак свiнцу, гэтак i Барк з цяжкасцю рабiў першыя крокi, прыцягнены да зямлi натоўпам дзяцей, якiм так неабходны вышываныя золатам пантофлiкi.

7

Такая яна, пустыня. Каран — а ён усяго толькi пэўны звод правiлаў гульнi ператварае яе пяскi ў незвычайнае царства. Не будзь гэтых правiлаў, Сахара была б пустэльняй, мiж тым у яе нетрах разыгрываецца таемны спектакль, бурляць людскiя страсцi. Сапраўднае жыццё пустынi не ў масавым бадзяннi плямён у пошуках пашы для вярблюдаў, а ў гэтай гульнi, што вядзецца i па сённяшнi дзень. Якая вялiзная рознiца памiж скоранымi пяскамi i няскоранымi! А хiба не гэтак яно i сярод людзей? Перад воблiкам пераўтворанай пустынi мне прыгадваюцца гульнi майго маленства, цёмны, i ў пазалоце, парк, якi мы насялялi багамi, бязмежнае царства, якое мы стварылi з гэтага квадратнага кiламетра, так дарэшты i не зведанага, так дарэшты i не абгледжанага. У нас быў свой свет, са сваiмi асновамi, дзе крокi мелi такое гучанне, дзе рэчы мелi такi сэнс, якiя былi немагчымы ў нiякiх iншых краях. Што застаецца ад запоўненага магiчным, ледзяным, пякельным ценем маленства парку, калi, даўно дарослы, даўно падначалены iншым законам жыцця, ты аднойчы вяртаешся сюды, i з пачуццём нейкай роспачы iдзеш уздоўж ягонай агароджы — нiзенькай сцяны з шэрага каменю, i дзiвуешся, як такая невялiчкая тэрыторыя ўмяшчала ў сабе цэлы бязмежны свет, i горка разумееш, што ў тое бязмежжа не вернешся ўжо анiколi, бо для гэтага не ў парк — у гульню ўвайсцi трэба.

Але болей няма непадлеглых арабскiх земляў. Кап-Джубi, Сiснерос, Пуэрта-Кансада, Сагiэт-эль-Хамра, Дора, Смара — не таямнiца болей. Далягляды, куды мы так iмкнулiся, пагаслi адзiн за адным, як тыя кузуркi, што, трапiўшы ў сiло цёплых далоняў, трацяць свае фарбы. Але той, хто паляваў на iх, не быў ахвярай самападману. Мы не ашукваем сябе, калi iмкнёмся да ўсё новых адкрыццяў. Як не ашукваў сябе i султан з "Тысячы i адной ночы", якi прагнуў нейкай выключнай дзiвоснасцi, — але свiтала, i красунi наложнiцы пагасалi ў ягоных абдымках, ад першага ж дотыку страцiўшы пазалоту сваiх крылцаў. Нас заварожвалi самi пяскi, а некалi, магчыма, нехта прабуравiць тут нафтавыя свiдравiны i разбагацее на гандлi нафтай. Але тыя людзi прыйдуць сюды надта позна. Бо недаступныя пальмавыя гаi цi некрануты пыл ракушнiку сваю сама каштоўную долю ўжо ўручылi нам: яны дарылi ўсяго толькi гадзiну захаплення, i перажылi гэтую гадзiну мы.

Што такое пустыня? Мне было наканавана аднойчы апынуцца ў самым яе сэрцы. У 1935 годзе я ляцеў у Iндакiтай, а апынуўся ў Егiпце, на мяжы з Лiвiяй, у палоне пяскоў, як у смале, i ўжо думаў, што i загiну там. Вось як гэта было.

VII. У сэрцы пустыні

1

На падыходзе да Мiжземнага мора мяне сустрэла нiзкая воблачнасць. Я знiзiў вышыню да дваццацi метраў. Лiвень хвошча ў ветравое шкло, а мора, здаецца, аж дымiць. Як нi напружваю зрок, нiчога ў гэтай каламуцi не вiдно, хоць бы не напароцца на мачту якога судна.

Мой механiк Андрэ Прэво запальвае мне цыгарэту.

— Кавы…

Ён знiкае ў хвасце самалёта i вяртаецца з тэрмасам. П'ю. Час ад часу паддаю газу, каб падтрымаць шаг вiнтоў у дзве тысячы сто абаротаў. Акiдваю вокам цыферблаты: усе прыборы паслухмяныя, кожная стрэлка на сваiм месцы. Кiдаю хуткi позiрк на мора, якое парыць пад дажджом, як агромнiсты басейн з гарачай вадой. Калi б я быў на гiдраплане, я пашкадаваў бы, што яно такое "глухое". Але я на самалёце. "Глухое" мора цi не, тут усё роўна не сядзеш. I гэта невядома чаму надае мне недарэчнага адчування бяспекi. Мора належыць свету, якi мне чужы. Аварыя ў гэтай мясцiне не для мяне, яна нават не страшыць мяне: я зусiм не аснашчаны для мора.

Пасля паўтары гадзiны лёту дождж сiцхае. Хмары па-ранейшаму вельмi нiзкiя, але iх як няўтрымная ўсмешка ўжо працiнае святло. Я любуюся гэтым нетаропкiм выспяваннем добрай пагоды. Прадчуваю, што ўгары нада мной пласт белай кудзелi стаў зусiм тонкi. Бяру трошкi ўбок, каб абысцi лiвень: ужо няма патрэбы лезцi ў самую яго сэрцавiну. I вось першая прагалiна ў небе…

Я адчуваю яе раней, чым бачу, бо ўперадзе на моры заўважаю доўгую паласу колеру муравы, паляну светлай i густой зелянiны, нiбы рунь ячменю на поўднi Марока, якая так дападала да сэрца пасля трох тысяч кiламетраў пяскоў, калi я вяртаўся з Сенегала. Гэткае ж пачуццё ў мяне i тут — як на падыходзе да людскiх селiшчаў, i мяне агортвае ўзнёслая радасць. Абарочваюся да Прэво:

— Выкараскалiся, цяпер парадак!

— Дзiва што!..

Тунiс. Пакуль самалёт запраўляюць гаручым, я падпiсваю паперы. Але ў той момант, калi выходжу з кабiнета, да мяне даносiцца нейкi гук — гэтак плюхаецца ў ваду скакун. Глухi, без водгулля, усплёск. Мне iмгненна прыгадваецца ўжо чуты падобны гук: выбух у гаражы. Тады ад гэтага хрыплаватага кашлю загiнулi два чалавекi. Я абарочваюся да дарогi, што пралягае ўздоўж узлётнай паласы: над ёю курыць лёгкi пыл, там на поўнай хуткасцi сутыкнулiся два аўтамабiлi i застылi, раптоўна. як iльдамi, акутыя нерухомасцю. Туды бягуць людзi, бягуць i сюды, да канторы:

— Пазванiце… Доктара… Галава…

Сэрца маё сцiскаецца. У спакойным святле адвячорка лёсу ўдалося нанесцi свой удар. Загублена хараство, розум цi, можа, нават само жыццё… Пiраты пракралiся па пустынi, i нiхто не пачуў iхнiх бясшумных крокаў. I вось у лагернай стаянцы — кароткая мiтусня нападу. Затым усё зноў акрываецца залатавым спакоем. Ранейшы спакой, ранейшая цiшыня… А побач нехта кажа праламаны чэрап. Не, не хачу нiчога ведаць пра гэты нерухомы скрываўлены лоб. Адварочваюся ад дарогi i крочу да свайго самалёта. Але ў душы варушыцца нейкае прадчуванне небяспекi. I неўзабаве я зноў пачую яго, гэты ж гук. Калi на хуткасцi дзвесце семдзесят кiламетраў у гадзiну я ўзару наканаванае мне чорнае плато, да мяне данясецца той жа хрыплаваты кашаль: тое ж самае грознае "кха" лёсу, якi ўсё-такi падсцярог нас.

У дарогу, на Бенгазi.

2

У дарогу. Сцямнее толькi праз дзве гадзiны. Але ўжо на падлёце да Трыпалiтанii я зняў чорныя акуляры. I пясок вызалочваецца. Божа, якая пустынная гэта планета! I мяне зноў апаноўвае думка, што рэкi, шаты дрэў i людскiя селiшчы сваiм узнiкненнем абавязаны толькi збегу шчаслiвых абставiн. Бо наша Зямля — гэта ж такое засiлле скалаў i пяску!

Але ўсё гэта чужое мне, я жыву ў свеце палёту. Я адчуваю, як паволi апускаецца ноч, у якую ўваходзiш, бы ў храм. Праз таiнства асноўных рытуалаў уваходзiш у безаглядны, бязрадны роздум. Усё зямное спакваля страчвае свае абрысы i хутка зусiм знiкне. Увесь гэты краявiд унiзе яшчэ азораны бледным прызмеркавым святлом, але ўжо расплывiсты i цьмяны. I я не ведаю нiчога, паўтараю, нiчога, што было б вартасней гэтай гадзiны. Той, хто спазнаў невытлумачальнае, палкае захапленне палётам, разумее мяне.

Я спакваля выракаюся сонца. Выракаюся вялiзных вызалачаных абшараў, якiя далi б мне прытулак у выпадку аварыi… Выракаюся арыенцiраў, якiя не далi б мне збiцца з дарогi. Выракаюся абрысаў гор на небасхiле, якiя дапамаглi б мне не наляцець на iх. Я ўступаю ў ноч. Я плыву ўсляпую, па прыборах. У мяне застаецца толькi адзiн саюзнiк — зоры…

Гэтае замiранне свету там, унiзе, адбываецца нетаропка. Паступова мне ўсё адчувальней не хапае святла. Зямля i неба паступова перамешваюцца. Дол, здаецца, прыўзнiмаецца i разбухае, нiбы пара. Першыя нябесныя свяцiлы трымцяць, быццам у зялёнай вадзе. Яшчэ не хутка настане час, калi яны ператворацца ў цвёрдыя пярлiнкi. Яшчэ не хутка можна будзе паназiраць за маўклiвай гульнёй знiчак. У пэўныя ночы мне выпадала бачыць такi густы iмклiвы зарапад, што здавалася, там, у сузор'ях, усхадзiўся моцны вецер.

Прэво правярае асвятленне i запасныя лямпы. Абгортваем лямпачкi чырвонай паперай.

— Яшчэ раз…

Ён дадае яшчэ адну столку, шчоўкае выключальнiкам. Але святло яшчэ занадта яркае. Быццам на засветленым здымку, ад яго толькi зблякнуць i без таго ледзь улоўныя абрысы знешняга свету. Знiкне тоненькая мiгатлiвая плёнка, якою з наступленнем цемнаты падчас яшчэ ахiнаюцца ўсе прадметы. Вось i ноч настала. Але гэта яшчэ не сапраўдная ноч. Яшчэ не схаваўся сярпок месяца. Прэво нырае ў хваставое аддзяленне i вяртаецца з сандвiчам. Я скубу гронку вiнаграду. Мне не хочацца есцi. Мне не хочацца нi есцi, нi пiць. I я зусiм не стамiўся, здаецца, магу хоць дзесяць гадоў так ляцець.

Месяца ўжо няма.

Бенгазi адзываецца ўжо ў непрагляднай ночы. Бенгазi спачывае на дне такой глыбокай цемрадзi, што нават зарава няма над iм. Я заўважыў горад толькi на самым падлёце да яго. Шукаю пасадачную пляцоўку — ага, вось яна, па краях успыхваюць чырвоныя агнi. Выразна акрэслiваецца чорны прамавугольнiк. Разварочваюся. Святло пражэктара, скiраванага ў неба, уздымаецца ўгору, як слуп полымя, апiсвае дугу i пракладае па аэрадрому залатую дарожку. Я раблю яшчэ адзiн круг, каб заўважыць усе магчымыя перашкоды. Начное абсталяванне гэтага аэрадрома проста цудоўнае. Збаўляю газ i планiрую, быццам апускаюся ў чорную ваду.

Калi я прызямляюся, па мясцоваму часу роўна дваццаць тры гадзiны. Я падрульваю да пражэктара. У тугiм святле пражэктара мiльгаюць, выбягаючы з цемры i зноў прападаючы ў ёй, надзвычай пачцiвыя афiцэры i салдаты. Глядзяць мае паперы, запраўляюць самалёт гаручым. Праз дваццаць хвiлiн я магу ляцець далей.

— Зрабiце вiраж i прайдзiце над намi, каб мы ведалi, што ў вас усё добра.

У дарогу.

Без нiякiх затрымак вырульваю на залатую дарожку, качуся да цёмнай прамоiны ўперадзе. Мой "Сiмун" адрываецца да зямлi куды раней, чым скончылася паласа. Пражэктар следуе за мной, i мне цяжка зрабiць вiраж. Нарэшце прамень адводзяць убок — здагадалiся, што мяне слепiць. Раблю разварот з наборам вышынi, у твар нечакана зноў б'е пражэктар, але ён толькi на мiг датыкаецца да мяне i слiзгае далей, адводзiць убок сваю залатую флейту. Гэтак там, на зямлi выказваюць мне сваю найшчырэйшую прыязнасць i ўвагу. I вось я зноў бяру курс на пустыню.

Метэастанцыi Парыжа, Тунiса i Бенгазi паабяцалi мне спадарожнага ветру сiлай трыццаць — сорак кiламетраў у гадзiну. У такiм разе, можна разлiчваць на ўсе трыста. Бяру курс правей, на сярэдзiну прамой, якая злучае Александрыю з Каiрам. Такiм чынам я абмiну небяспечныя зоны ўзбярэжжа, i хоць буду ляцець невядомым маршрутам, я абавязкова — цi справа, цi злева — злаўлю агнi аднаго з гэтых гарадоў цi хоць бы далiны Нiла. Калi вецер не пераменiцца, мой палёт зойме тры гадзiны дваццаць хвiлiн. Калi аслабне — тры сорак пяць. I я пачынаю адольванне тысячы, пяцiдзесяцi кiламетраў пустынi.

Месяца ўжо няма. Вакол адна чорная смала — па самыя зоры. На ўсiм шляху я не прыкмечу нi агеньчыка, не ўбачу нiводнага арыенцiра, да самага Нiла я адрэзаны ад людзей, таму што i радыё на борце няма. Я нават не спрабую назiраць яшчэ за чым-кольвечы, апрача компаса i альтметра Сперы. Мяне ўжо нiшто не цiкавiць, апрача размеранага дыхання тонкай зiхоткай крэскi на цёмнай прыборнай дошцы. Калi Прэво перасядае на iншае месца, я звяраюся з прыборам i асцярожна выроўнiваю машыну. I падымаюся на вышыню дзве тысячы метраў, туды, дзе, як мне паведамiлi, дзьме сама спрыяльны вецер. Зрэдку запальваю лямпачку, каб праверыць работу матора — не ўсе прыборы ў мяне асветлены, — але большую частку часу я праводжу ў змроку, сярод маiх драбнюткiх сузор'яў, якiя выпраменьваюць тое ж нежывое, тое ж невычэрпнае i загадкавае святло, што i сапраўдныя зоры, i размаўляюць на той жа мове. I я таксама, як астраном, чытаю кнiгу нябеснай механiкi. Я таксама засяроджаны i далёкi да ўсяго зямнога. У вонкавым свеце ўсё быццам вымерла. А тут толькi Прэво, якi пасля доўгага змагання з сабой нарэшце ўсё-такi здаўся i задрамаў, i цяпер яшчэ паўней я адчуваю адзiноту. Тут толькi роўнае ракатанне матора ды гэтыя спакойныя зоркi на прыборнай дошцы перада мною.

I ўсё-такi я задумваюся. Месяц нам сёння не саюзнiк, радыё ў нас няма. Нiводная сама тоненькая нiтачка не звяжа нас са светам, пакуль мы не выйдзем да ланцужка агнёў на Нiле. Мы цяпер па-за ўсiм на свеце, адзiн толькi матор утрымвае нас i не дае прапасцi ў гэтай смале. Як у казцы, мы перасякаем мёртвую далiну, чорную далiну выпрабаванняў. Тут не спадзявайся на дапамогу. Тут не спадзявайся на прабачэнне сваiм пахiбкам. Мы аддадзены волi лёсу.

З-за прыборнай дошкi ў адным месцы праточваецца промнiк святла. Буджу Прэво, каб ён прытушыў яго. Прэво, як мядзведзь, варушыцца ў цемры, фыркае, вылазiць са свайго кутка. Засяроджана майструе нешта з насовак i чорнай паперы. Промнiк святла знiкае. Ён занадта рэзка ўрываўся ў гэты свет. Ён быў зусiм недарэчы тут, сярод бледнага, бясстраснага фасфарычнага свячэння прыбораў. Гэта было святло начнога шынка, а не зоркi. Да таго ж ён сляпiў мяне, зацямняў мiгценне прыбораў.

Мы ляцiм ужо тры гадзiны. I раптам справа ўспыхвае нейкае дзiўнае мiготкае святло. Разглядваю яго. За сiгнальным агнём на канцы крыла, якi дагэтуль быў нябачны мне, цягнецца доўгi блiшчасты след. Нейкае хiсткае ззянне, якое то з'яўляецца, то знiкае: ага, гэта ж я ўваходжу ў воблака. Гэта яно адлюстроўвае сiгнальны агонь. На падыходзе да маiх арыенцiраў я аддаў бы перавагу чыстаму небу. Над крылом самалёта ўзнiкае светлы нiмб. Ззянне ярчэе, цяпер яно ўжо ўстойлiва прамянiцца, як ружовы букет. Мяне моцна ўстрэсвае — пачынаецца гайданка. Я лячу недзе ў вантробах кучавых аблокаў, таўшчыня якiх мне невядомая. Паднiмаюся на вышыню дзве пяцьсот — вакол усё тое ж. Спускаюся да тысячы метраў. Агнявы букет быццам прырос да крыла i толькi разгарэўся яшчэ ярчэй. Ну добра. Ну што ж. Нiчога не трэба. Я стараюся не думаць пра гэта. Што будзе, тое будзе. Але мне ўсё-такi не даспадобы гэтае асвятленне — карчма, дый годзе.

Я пачынаю разважаць: "Што я трошкi танцую тут — гэта нармальная з'ява, гэта зразумела, але мяне ўсю дарогу трошкi трэсла, нягледзячы на чыстае неба i вышыню. Вецер нiколечкi не аслаб, значыць, мая хуткасць напэўна перавышала трыста кiламетраў у гадзiну". Зрэшты, я нiчога дакладна не ведаю, паспрабую сарыентавацца, калi выйду з хмар.

I вось выходжу. Букет раптоўна знiкае. Менавiта па яго знiкненню я i даведваюся, што выйшаў з аблокаў. Я ўзiраюся перад сабой i заўважаю, наколькi можна разлiчыць, вузкi прасвет, а далей зноў сцяна кучавых аблокаў. I зноў ажыў букет на крыле.

Вынырнуўшы на iмгненне, я зноў вязну ў чорнай смале. Гэта пачынае непакоiць, я лячу ўжо тры з паловай гадзiны, вось-вось Нiл, калi я не памылiўся ў разлiках. Мне, можа, i ўдасца заўважыць яго ў прасветах, але на гэта мала шанцаў, бо прасветы вельмi рэдкiя. Я не адважваюся апусцiцца яшчэ нiжэй: калi, выпадкам, хуткасць была меншая, чым я думаў, то пада мной яшчэ ўзвышша.

Я пакуль не адчуваю вялiкай трывогi, проста баюся страцiць шмат часу. Але я ведаю, калi надыдзе канец майму спакою: праз чатыры гадзiны пятнаццаць хвiлiн лёту. Праз гэты час, нават калi б зусiм не было ветру — а вецер, вядома, быў, — далiна Нiла не магла не застацца ззаду.

Калi я трапляю ў кудзелю аблокаў, агняны букет на крыле адкiдвае ўсё болей i болей таропкiя, мiгатлiвыя водблiскi, затым раптоўна гасне. Мне не падабаюцца гэтыя зашыфраваныя перагаворы з дэманамi ночы.

Уперадзе загараецца зялёная зорка, праменная, нiбы маяк. Што гэта, зорка цi маяк? Зусiм не падабаецца мне i гэтае ненатуральнае святло, гэтае свяцiла чараўнiка, гэтыя небяспечныя запросiны.

Прачнуўся Прэво, запальвае лямпачку, правярае абароты матора. Я адмахваюся ад яго i ягоных лямпачак. Якраз трапiўся прасвет у хмарах, i я карыстаюся гэтым, каб зiрнуць, што там, унiзе. Прэво зноў упадае ў дрымоту.

Зрэшты, нiчога там не выглядзiш.

Ляцiм ужо чатыры гадзiны пяць хвiлiн. Падышоў Прэво, сеў побач.

— Пара было б ужо прыбыць у Каiр…

— Даўно пара…

— Што гэта там, зорка? Можа, маяк?

Я трошкi збавiў хуткасць, ад гэтага i прачнуўся Прэво. Ён вельмi чуйны да любых перамен у голасе матора. Я пачынаю павольна знiжацца ў надзеi выслiзнуць з-пад аблокаў.

Перад гэтым я зверыўся па карце. У любым выпадку я прамiнуў пласкагор'i, пада мной нiшто не павiнна ўзвышацца над узроўнем мора: я нiчым не рызыкую. Прадаўжаю знiжацца i раблю паварот на поўнач. Гэтак я абавязкова пабачу агнi абодвух гарадоў. Я iх, безумоўна, пераляцеў, значыць, агнi з'явяцца злева. Цяпер я лячу пад скопiшчам аблокаў. Але злева адно спусцiлася яшчэ нiжэй, трэба яго абысцi. Каб не трапiць да яго ў пастку, я разварочваюся i бяру куре на норд-норд-ост.

Не, гэтае воблака апускаецца ўсё нiжэй i засланяе мне ўвесь далягляд. Я не асмельваюся знiзiцца яшчэ больш. Я ўжо i так на вышынi чатырохсот метраў, так паказвае мой вышынямер, але хто ведае, якi тут цiск. Прэво нахiляецца да мяне. Крычу яму: пайду да мора, там буду знiжацца, а то яшчэ наскочым на што-небудзь…

Зрэшты, нiчога невядома, можа, я ўжо лячу над морам. Цемра пад гэтай хмарай проста апраметная. Прыпадаю да шкла. Хоць бы што-кольвечы разгледзець унiзе. Я намагаюся. Хоць бы якi агеньчык мiгнуў, хоць бы якая-небудзь вяха. Я нагадваю чалавека, якi засяроджана корпаецца ў прыску. Якi сiлiцца адшукаць у нетрах ачага хоць адну жарынку жыцця.

— Марскi маяк!

Мы адначасова ўбачылi гэтую мiгатлiвую пастку! Якое вар'яцтва! Дзе ён быў, гэты прывiдны маяк, гэтая выдумка ночы? Бо ў тую ж секунду, калi мы з Прэво нахiлiлiся, каб разгледзець яго за трыста метраў пад намi, раптоўна…

— А!

Здаецца, толькi гэта ў мяне i вырвалася. Здаецца, я толькi i адчуў, як наш свет скалануўся i затрашчаў, гатовы разляцецца на друзачкi. На хуткасцi дзвесце семдзесят кiламетраў у гадзiну мы ўрэзалiся ў дол.

Потым сотую долю секунды я чакаў: вось агромнiстай пунсовай зоркай палыхне выбух, i мы абодва знiкнем… Нi Прэво, нi я зусiм не хвалявалiся. Я ўлавiў у сабе адно толькi гэта бязмежнае чаканне, чаканне асляпляльнай зоркi, якая ў тую ж секунду павiнна была знiшчыць нас. Але пунсовай зоркi ўсё не было. Было толькi нейкае жорсткае скалананне, якое руйнавала нашу кабiну, вырывала вокны, на сотню метраў убок адшпурвала кавалкi абшыўкi, да вантробаў напаўняючы нас сваiм грукатам. Самалёт калацiўся, як нож, запушчаны здалёк у цвёрды камель. Нас шалёна трэсла i падкiдала. Секунда, другая… Самалёт усё тросся, i я з нейкай дзiкай нецярплiвасцю чакаў, калi гэтая нерастрачаная сiла разарве яго, як гранату. Але падземныя штуршкi прадаўжалiся, а канчатковага выбуху ўсё не было. I я нiчога не цямiў, што ж гэта робiцца. Я не разумеў нi гэтага скаланання, нi гэтага гневу, нi гэтай бясконцай адтэрмiноўкi… пяць… шэсць секунд… Нечакана нас так шалёна крутанула, што вылецелi праз акно кабiны нашы цыгарэты i рассыпалася правае крыло, — потым усталявалася цiшыня. Усё здранцвела i замерла. Я крыкнуў Прэво:

— Выскоквайце! Хутчэй!

— Згарым! — усклiкнуў ён.

I мы кульнулiся праз вырванае акно. Спынiлiся толькi метраў за дваццаць.

— Вы цэлы? — пытаюся ў Прэво.

— Цэлы! — адказвае ён.

Але чамусьцi трэ калена.

— Паскачыце, пабегайце, прысягнiце, што ў вас нiчога не зламана! — прашу я.

А ён у адказ:

— Нiчога, гэта аварыйная помпа…

Мне мроiлася, што ён вось-вось рассыплецца, развалiцца напалам, а ён, утаропiўшыся ў адну кропку, усё паўтараў:

— Гэта аварыйная помпа!..

"Ён звар'яцеў, — падумаў я, — зараз пусцiцца ў скокi…"

Але, адарваўшы вочы ад самалёта, якi нарэшце перастаў гарэць, ён паглядзеў на мяне i паўтарыў:

— Нiчога, гэта аварыйная помпа ўдарыла мяне па калене.

3

Проста неверагодна, што мы засталiся жывыя. З электрычным лiхтарыкам у руцэ iдзём па следзе самалёта на зямлi. Ужо праз дзвесце пяцьдзесят метраў ад таго месца, дзе ён спынiўся, натыкаемся на пакарэжанае жалезнае ламачча абшыўкi, расшпурлянае ўздоўж усяго шляху машыны па пяску. Удзень мы ўбачым, што мы амаль па датычнай наткнулiся на спадзiсты адхон вяршынi нейкага пустыннага плато. У месцы сутыкнення яма ў грунце нагадвае яму ад плуга. Самалёт, не перавярнуўшыся, як нейкая рэптылiя, пузам праклаў сабе дарогу, памагаючы яраснымi рухамi хваста. Поўз на хуткасцi дзвесце семдзесят кiламетраў у гадзiну. Несумненна, мы абавязаны жыццём гэтым чорным, круглым, падатлiвым камяням, якiя ляжалi тут, нiбы шары на бiльярдным стале.

Прэво адключае акумулятары, каб часам не ўзнiк пажар ад кароткага замыкання. Я прыпiраюся да матора i прыкiдваю: усе чатыры гадзiны пятнаццаць хвiлiн лёту на мяне дзейнiчала сiла ветру з хуткасцю ў пяцьдесят кiламетраў у гадзiну, мяне сапраўды ўвесь час пагойдвала. Але, можа, ён дзьмуў не так, як нам прадказвалi, а мяняўся — а хто ведае, у якiм кiрунку. Значыць, вызначыць, дзе мы знаходзiмся, можна з дакладнасцю кiламетраў у чатырыста…

Прэво сядае побач i кажа:

— Проста неверагодна, што мы жывыя…

Я маўчу i не адчуваю нiякай радасцi. Мяне працяла адна подумка i ўжо не дае спакою.

Прашу Прэво запалiць свой лiхтарык, каб ён служыў мне маяком, а сам са сваiм лiхтарыкам у руцэ адыходжу. Iду напрамкi ўперад, уважлiва гляджу пад ногi. Крочу нетаропка, раблю шырокi паўкруг, зноў i зноў мяняю кiрунак. Я пiльна ўзiраюся долу — гэтак шукаюць згублены пярсцёнак. Зусiм нядаўна я вось гэтак шукаў на зямлi жывую iскрынку. Я iду ўсё далей i далей у цемрадзь, схiлiўшыся над белым колам, якое вяду з сабою. Значыць, сапраўды… Значыць, сапраўды… Павольна вяртаюся да самалёта. У роздуме сядаю ля кабiны. Я шукаў хоць якую-кольвечы зачэпку для надзеi. I не знайшоў яе. Я шукаў хоць якую-кольвечы адмету жыцця, але жыццё не падало мне анiякага знаку.

— Прэво, я не бачыў нi калiўца травы…

Прэво маўчыць, i я не ведаю, цi зразумеў ён мяне. Мы яшчэ пагаворым пра гэта, калi заслона будзе паднята, калi настане дзень. Нiчога не адчуваю, адну толькi страшэнную стому, i думаю: "Апынуцца пасярод пустынi, калi арыентуешся з дакладнасцю да чатырохсот кiламетраў…" Я рыўком ускокваю на ногi:

— Вада!

Бакi з гаручым, бакi з маслам прабiты. Нашы запасы вады таксама выцеклi. Пясок выпiў усё. Знаходзiм прадзiраўлены тэрмас, у iм уцалела з паўлiтра кавы, на дне другога — з чвэрць лiтра белага вiна. Працэджваем гэтае пiтво i злiваем у адзiн посуд. Яшчэ знайшлiся некалькi гронак вiнаграду i адным-адзiны апельсiн. I я прыкiдваю: "Гэтага недстаткова i на пяць гадзiн шляху па спякотнай пустынi…"

Мы ўладкоўваемся ў кабiне, будзем чакаць дня. Я кладуся спаць. Ужо засынаючы, падводжу вынiкi нашай прыгоды: мы абсалютна не ведаем, дзе знаходзiмся. У нас няма i лiтра вадкасцi. Калi мы не дужа адхiлiлiся ад трасы, нас адшукаюць у лепшым выпадку праз тыдзень, а гэта будзе занадта позна. А калi нас занесла далёка ўбок, то знойдуць праз паўгода. Няма чаго разлiчваць на самалёты: нас будуць шукаць у прасторы ў тры тысячы квадратных кiламетраў.

— Ах, шкода… — прамаўляе Прэво.

— Што?

— Усё ж магло скончыцца адразу!..

Але не варта так хутка адмаўляцца ад жыцця. Мы з Прэво бяром сябе ў рукi. Нельга трацiць надзеi, хай сабе цень надзеi — i, можа, адбудзецца цуд i выратаванне ўсё-такi прыйдзе з неба. Тым больш нельга сядзець на месцы, — а раптам паблiзу маецца якi-небудзь аазiс? Будзем хадзiць i шукаць цэлы дзень. А вечарам вернемся да самалёта. А перад адыходам вялiкiмi лiтарамi занатуем на пяску, дзе мы i што мяркуем рабiць.

Скручваюся ў клубок i засынаю аж да дня. Якое шчасце заснуць! Стома агортвае мяне безлiччу зданяў. Я не самотны ў пустынi, мая дрымота напоўнена галасамi, успамiнамi, пошапам прызнанняў. Мне яшчэ не хочацца пiць, я добра адчуваю сябе, я аддаюся сну, як прыгодзе. I ява адступае…

О, усё зусiм перайначылася, калi настаў дзень!

4

Я вельмi любiў Сахару. Я шмат начэй правёў у краi няскораных плямёнаў. Не раз прачынаўся сярод бязмежных бялёсых пяскоў, хвалiстых, як мора ад ветру. I засынаў пад крылом самалёта i чакаў дапамогi, — але цяпер гэта не iшло нi ў якое параўнанне.

Мы караскаемся па схiлах гарбатых узгоркаў. Дол — пясок, цалкам укрыты тонкiм слоем блiскучых чорных каменьчыкаў. Нагадваючы металiчную луску, купалы ўзгоркаў блiшчаць, як кальчуга. Мы трапiлi ў свет мiнералаў. Усё вакол закута ў браню.

Адолееш адзiн высокi пагорак, а воддаль узнiмаецца другi, гэткi ж блiскучы i чорны. Iдзём, шкрабаючы дол нагамi, каб пакiнуць па сабе пуцяводную нiць i потым вярнуцца па ёй назад, да самалёта. Крочым тварам да сонца. Насуперак усякай логiцы я вырашыў узяць курс на ўсход, хоць усё, i метэастанцыi, i час, праведзены ў палёце, прымушалi меркаваць, што я пераляцеў Нiл. Але калi я наважыўся трошкi прайсцi ў кiрунку на захад, мне богведама чаму стала нейк зусiм не па сабе. Не, на захад пойдзем заўтра. I ад поўначы пакуль адмовiмся, хоць гэтая дарога i вядзе да мора. Праз тры днi, калi мы ў паўтрызненнi вырашылi канчаткова пакiнуць разбiты самалёт i iсцi, iсцi, пакуль не пападаем, мы зноў-такi рушылi на ўсход. Дакладней, на ост-норд-ост. I гэта зноў-такi насуперак усякай логiцы, як, зрэшты, i насуперак усялякай надзеi. I потым, калi ўжо будзем уратаваны, мы выявiм, што нiякi iншы кiрунак не прынёс бы нам збавення, бо калi б мы пайшлi на поўнач, нам, надта ўжо знямоглым, усё роўна не ўдалося б дабрацца да мора.

Якой бы недарэчнасцю нi выглядала гэта, сёння мне здаецца, што пазбаўлены люб-якой падказкi, якая магла б прадвызначыць наш выбар, я абраў гэты напрамак толькi таму, што ён выратаваў у Андах майго сябра Гiёмэ, якога я так доўга шукаў. Ён падсвядома стаў для мяне напрамкам да жыцця.

Пасля пяцi гадзiн шляху краявiд мяняецца. Адзiнокая рака пяску нiбыта сцякае ў нейкую лагчынку, i мы пускаемся па ёй. Iдзём хутка, нам трэба прайсцi як мага болей i да ночы вярнуцца назад, калi нiчога не нагабаем. Раптоўна я спыняюся як укопаны:

— Прэво!

— Што?

— Сляды…

Калi ж гэта мы забылiся пакiдаць за сабой баразну? Калi мы не адшукаем яе — канец.

Вяртаемся назад, але бяром трошкi правей. Адыдзем як мага далей, павернем яшчэ раз пад прамым вуглом i тады напэўна перасячом стары след.

Звязаўшы гэтую нiтку, прастуем далей. Спёка ўзмацняецца, а з ёю нараджаюцца i мiражы. Але гэта пакуль сама элементарныя мiражы. На даляглядзе вялiкае возера, а падыдзеш блiжэй — i няма яго. Вырашаем перайсцi пясчаную лагчыну, падняцца на сама высокi ўзгорак i агледзець наваколле. Iдзём ужо шэсць гадзiн. Адмахалi, вiдаць, добрых трыццаць пяць кiламетраў. Узбiраемся на вяршыню намечанага чорнага купала i моўчкi сядаем. Унiзе пясчаная рака, па якой мы iшлi, упадае ў пясчанае мора, без адзiнага каменьчыка — зiхоткая белата слепiць, рэжа вочы. Пустыня, як вокам ахапiць — пустыня. Але ўдалечынi пералiвы святла ствараюць новыя мiражы, куды болей хвалявальныя. Там узнiмаюцца крэпасцi i мiнарэты, высозныя будынiны з. выразнымi абрысамi. Яшчэ прыкмячаю вялiкую цёмную пляму, якая здаецца зялёным гаем, але яна аказваецца воблакам — апошнiм з тых, што ўдзень рассейваюцца i зноў уваскрасаюць пад вечар. Той гай — усяго толькi цень кучавога воблака.

Далей iсцi няма сэнсу, гэта нiчога не дасць. Трэба вяртацца да самалёта, гэты чырвона-белы бакен, магчыма, заўважаць нашы таварышы. Хоць я i не пешчу нiякiх надзей на iхнiя пошукi, i ўсё-такi толькi з паветра, можа прыйсцi выратаванне. А галоўнае, там, у самалёце, засталiся апошнiя кроплi вадкасцi, а мы болей не можам трываць, так хочацца пiць. Нам трэба вярнуцца — каб жыць. Мы вязнi гэтага жалезнага кола, мы ў палоне смагi, надоўга яна не адпусцiць.

Але як цяжка паварочваць назад, калi, магчыма, наперадзе — жыццё! Магчыма, там, за мiражамi, i сапраўды ўстаюць гарады, цячэ па каналах вада, зелянеюць лугi. Я ведаю, вярнуцца назад — проста неабходна. I ўсё ж, калi раблю гэты жудасны паварот, у мяне такое адчуванне, што я iду на дно.

Ляжым каля самалёта. За дзень мы адмахалi больш шасцiдзесяцi кiламетраў. Усё пiтво, якое ў нас было, выпiлi. Нiякiх прыкмет жыцця на ўсходзе не выявiлi, i анiводзiн наш таварыш у тым баку не пралятаў. Колькi мы яшчэ пратрымаемся? Нам ужо так хочацца пiць…

З абломкаў раструшчанага крыла склалi вялiкi касцёр. Прыгатавалi бензiн i лiсты толю, прапiтанага магнiем, якiя пры згараннi даюць рэзкi белы бляск. Пачакаем, каб зусiм сцямнела, i запалiм наш касцёр бедства… Але дзе яны, людзi?

I вось полымя ўжо шугае ўгору. Набожна глядзiм, як палае сярод пустынi наш сiгнальны агонь. Глядзiм, як ззяе ў мораку наша нямое праменнае пасланне. I я думаю — яно нясе ў сабе не толькi роспачную позву, але i любоў. Мы просiм пiць, але просiм i водгуку. Хай жа ўспыхне ў мораку ночы яшчэ якi-небудзь агонь, адны ж толькi людзi валодаюць агнём, хай жа яны адгукнуцца!

Мне мрояцца вочы жонкi. Адны гэтыя вочы, нiчога болей. Яны дапытлiва глядзяць на мяне. Мне мрояцца вочы ўсiх, для каго я, магчыма, нешта значу. I ўсе гэтыя вочы дапытлiва глядзяць на мяне. Мноства позiркаў дакарае мяне за маё маўчанне. Але я адгукаюся! Я адгукаюся! Адгукаюся, як толькi магу, я не магу распалiць яшчэ ярчэй гэты агонь у начы!

Я зрабiў усё, што мог. Мы абодва зрабiлi ўсё, што маглi: шэсцьдзесят кiламетраў амаль без вады. Цяпер нам ужо няма чаго пiць болей. Хiба ж гэта наша вiна, што мы не зможам доўга пратрымацца? Мы б i рады слухмяна застацца тут i пацягваць з нашых бiклагаў. Але ў тую секунду, як я ўбачыў дно алавянага кубачка, нейкi маятнiк пусцiўся адмерваць час. У тую секунду, як я ўвабраў асалоду апошняй кроплi, я пакацiўся пад адхон. Што я магу зрабiць, калi час адносiць мяне, як рака? Прэво плача.

Ляпаю яго па плячы. Я супакойваю яго:

— Прападаць дык прападаць…

А ён у адказ:

— Калi вы думаеце, што я аплакваю сябе…

Ну, канечне, я i сам спасцiг гэтую iсцiну. Вытрываць можна ўсё на свеце. I заўтра, i паслязаўтра я зноў пераканаюся, што вытрываць можна лiтаральна ўсё на свеце. Я толькi напалову веру ў перадсмяротныя пакуты. Не ўпершыню прыходжу да такой высновы. Неяк я ўжо думаў, што так i патану, не выбраўшыся з кабiны самалёта, але гэта не вельмi мучыла мяне. Потым зноў быў выпадак, калi я ўжо не спадзяваўся ўцалець, але я не ўпадаў у роспач. Вось i зараз я не адчуваю нiякiх мучэнняў. Заўтра я зраблю адкрыццi яшчэ болей здзiўляльныя. I хоць мы запалiлi гэткае агромнiстае вогнiшча, бог сведка, я ўжо не спадзяюся, што наш поклiч дойдзе да людзей!..

"Калi вы думаеце, што я сябе…" Вось яно, вось што сапраўды невыносна. Штораз, як перада мной узнiкаюць гэтыя вочы, дзе столькi чакання, мяне як апякае. Раптоўнае жаданне апаноўвае мной — ускочыць на ногi i апантана бегчы. Там — клiчуць на дапамогу, там — гiнуць!

Дзiўны абмен ролямi, але я заўсёды думаў, што гэтак яно i ёсць. Аднак толькi Прэво дапамог мне зразумець, як гэта слушна. Ну вось, i Прэво таксама не адчувае таго страху перад смерцю, пра якi нам прадудзелi вушы. Але iснуе нешта такое, чаго ён не можа перанесцi гэтак жа, як i я.

О, з якой бы лёгкасцю згадзiўся я заснуць, заснуць на ноч цi навекi! Калi заснеш, будзе ўжо ўсё роўна. I тады — бязмежны спакой! А гэтыя воклiчы, што вось-вось панясуцца адтуль, гэтыя агромнiстыя кастры адчаю… я не магу iх вынесцi. Я не магу склаўшы рукi спакойна глядзець, як гiнуць людзi! Кожная секунда нашага маўчання паволi забiвае тых, каго я люблю. I вялiкi гнеў ускiпае ўва мне: навошта гэтыя ланцугi, якiя не даюць мне своечасова дабегчы i выратаваць тапельцаў? Чаму гэты агромнiсты касцёр не разносiць наш крык па ўсiм свеце? Патрывайце… Мы iдзём!.. Мы iдзём!.. Мы выратуем вас!

Магнiй згарэў, полымя кастра чырванее i гасне. Засталася толькi купiнка жару, мы падаёмся да яе, каб пагрэцца. Вось i завершана наша зiхоткае пасланне. А што зыначылася ў свеце? Э, я выдатна ведаю, што анiчога не зыначылася. Бо наша малiтва не магла быць пачута.

Ну што ж. Буду спаць.

5

На досвiтку мы анучай сабралi з уцалелага крыла некалькi кропель расы ўперамешку з фарбай i маслам. Было да нудоты агiдна, але мы выпiлi. Раз нiчога лепшага не мелася, то, прынамсi, хоць вусны змачылi.

Пасля гэтага банкету Прэво сказаў:

— Добра, хоць рэвальвер ёсць.

Гэта нечакана абурыла мяне, i я са злоснай варожасцю абярнуўся да яго. Нiшто ў гэты момант не выклiкала б у мяне большай нянавiсцi, як чуллiвая сцэна. Мне пазарэз неабходна было верыць, што ўсё проста, вельмi проста. I нарадзiцца. I вырасцi. I памерцi ад смагi.

Скоса пазiраю на Прэво, гатовы абарваць яго, калi трэба, толькi б ён маўчаў. Але не, Прэво прамовiў гэта спакойна. Для яго гэта пытанне ахайнасцi. Ён падышоў да гэтай тэмы так, як быццам прапанаваў мне: "Давай памыем рукi". У такiм разе, усё ў парадку. Я i сам падумаў пра гэта яшчэ ўчора, калi на вочы трапiла скураная кабура. Я разважаў цвяроза, а не ў адчаi. З адчаем думаеш толькi пра iншых. Пра тое, што мы бяссiльныя супакоiць усiх тых, за каго мы ў адказе. Рэвальвер тут нi пры чым.

Нас усё яшчэ не шукаюць, дакладней, нас, безумоўна, шукаюць, але не там, дзе трэба. Найверагодней, у Аравii. Толькi на другi дзень нам суджана было пачуць рокат матора, але да гэтага часу мы ўжо адышлi ад сваёй разбiтай машыны. Гэты адзiны далёкi-далёкi гул не ўзрушыў нас. Дзве чорныя кропкi ў пустынi, усеянай чорнымi кропкамi камянёў, — мы нiяк не маглi спадзявацца, што нас заўважаць. I памылкай будзе, калi нехта некалi падумае, што я пакутаваў ад гэтага. Я не адчуваў нiякiх пакут. Мне здавалася, што нашы ратаўнiкi кружаць недзе ў iншым свеце.

Калi самалёт загублены ў пустынi, дзесьцi ў пространi ў сотнi тысяч квадратных кiламетраў, яго хутчэй чым за два тыднi адшукаць немагчыма: а нас, вiдаць, шукаюць скрозь ад Трыпалiтанii да Персiдскага залiва. Але сёння я яшчэ чапляюся за гэтую саломiнку, таму што болей спадзявацца няма на што. I я мяняю тактыку: пайду на разведку адзiн. Калi хто адшукае нас, Прэво падасць мне знак — запалiць касцёр… Але нiхто нас не адшукае.

I вось я адыходжу, i нават не ведаю, цi знайду ў сабе сiлы вярнуцца. Прыгадваецца ўсё, што мне вядома пра Лiвiйскую пустыню. Калi ў Сахары сорак адсоткаў вiльготнасцi, дык тут яна падае да васемнаццацi. I жыццё выпарваецца, як туманок. Бедуiны, падарожнiкi, афiцэры-каланiсты сцвярджаюць, што без вады тут можна пратрымацца толькi дзевятнаццаць гадзiн. Па дваццатай гадзiне ў вачах пачынаюць мiгцець блiскаўкi i — гэта пачатак канца: смага накiдваецца на вас i б'е, як маланка.

Але гэты паўночна-ўсходнi вецер, гэты ненармальны вецер, якi так ашукаў нас, якi насупор усiм прагнозам прыкаваў нас да гэтага плато, зараз, безумоўна, падоўжыць наша жыццё. Але цi нашмат ён адтэрмiнуе нам першыя блiскаўкi ў вачах?

Я адыходжу, i ў мяне такое адчуванне, што я на кволым чаўнаку плыву ў акiян.

I ўсё ж на свiтаннi ваколле выглядае не гэтак ужо i змрочна. I спачатку я крочу, засунуўшы рукi ў кiшэнi, як марадзёр. Учора ўвечары мы расставiлi сiло ля нейкiх загадкавых нор, i ўва мне ачнуўся браканьер. Перш-наперш iду праверыць пасткi: яны пустыя.

Значыць, я так i не нап'юся свежай крывi. Па праўдзе кажучы, я на гэта i не спадзяваўся.

Але я нiколечкi не расчараваны, наадварот, мяне даймае цiкавасць. Чым жывяцца гэтыя звяркi ў пустынi? Гэта, безумоўна, "фенэкi", пясчаныя лiсы, дробныя драпежнiкi велiчынёй з труса i з даўжэзнымi вушамi. Я паддаюся спакусе i iду па следзе аднаго звярка. След прыводзiць да пясчанага ручая, дзе кожны крок фенэка адбiўся вельмi выразна. Я любуюся тонкiм пальмавым лiстком, якi пакiдае гэта лапка з трыма растапыранымi веерам пальцамi. Уяўляю, як на золку мой даўгавухi прыяцель трушком перабягаў ад каменя да каменя i злiзваў начную расу. Вось сляды пайшлi радзей: мой лiс пабег. Вось яму сустрэўся сабрат, i яны падрупалi далей разам. Я з нейкай дзiўнай радасцю сачу за гэтай ранiшняй прагулянкай. Як хораша бачыць, што i тут ёсць жыццё. I я нават трошкi забываюся, што хачу пiць…

А вось нарэшце i кладоўкi маiх лiсак. Воддаль адзiн да аднаго, па аднаму на сто метраў ледзь вiднеюцца над пяском дробненькiя чэзлыя кусцiкi не вышэй супоўнiцы; яны ўсе ўнiзаны маленыкiмi залацiстымi слiмакамi. На золаку фенэк ходзiць па харчы. I тут я натыкаюся на адну з вялiкiх таямнiц прыроды.

Мой лiс затрымлiваецца не ля кожнага кусцiка. Аднаго, хоць на iм i шмат слiмакоў, ён не чапае. Другога абыходзiць з вiдавочнай асцярогай. Да некаторага наблiжаецца, але аб'ядае не цалкам. Знiмае два-тры слiмакi i адпраўляецца ў iншы "рэстаран".

Што гэта — гульня? Можа, ён адмаўляецца наталiць голад адразу, каб падоўжыць асалодусваёй ранiшняй прагулянкi? Наўрад. Гульня занадта разумная, яе дыктуе неабходнасць. Калi фенэк накiнецца на першы ж нагабаны кусцiк, ён за два-тры сняданкi знiшчыць увесь свой жывы паёк. I кусцiк за кусцiкам скасуе ўвесь свой статак. Але фенэк вельмi баiцца перашкодзiць расплоду. I дзеля аднаго сняданка ён не толькi абягае добрую сотню гэтых рудых касмылiкаў, але нiколi не чэпiць з адной i той жа галiнкi двух слiмакоў падрад. Усё адбываецца так, як быццам ён усведамляе, чым рызыкуе. Калi б ён наядаўся безаглядна, ён пазводзiў бы ўсiх слiмакоў. А не стала б слiмакоў, не стала б i фенэкаў.

Сляды зноў прывялi мяне да нары. Фенэк ужо дома, ён, безумоўна, яшчэ здалёк пачуў мае цяжкiя крокi i цяпер у страху чакае. I я кажу яму: "Лiска мая, няма мне ратунку, але дзiва, мне ўсё роўна вельмi цiкава, як ты жывеш, як маешся…"

Стаю ў роздуме… Так, сапраўды, мусiць, можна прымiрыцца лiтаральна з усiм. Не замiнае ж чалавеку жыць i радавацца думка пра тое, што гадоў праз трыццаць ён, магчыма, памрэ. А трыццаць гадоў цi тры днi… тут уся справа ў тым, якой мерай мераць…

Толькi вось усплываюць перад вачыма вобразы, якiя лепей не ўспамiнаць…

Я зноў iду сваёй дарогай, стома ўсё мацнее, i нешта ўва мне змянiлася. Мiражоў няма, а я сам iх выдумляю…

— Э-гей!

Я з крыкам узнiмаю рукi — там чалавек, ён махае мне… Не, гэта проста чорны каменны слуп. Пустыня ажывае. Я хацеў разбудзiць гэтага соннага бедуiна, а ён ператварыўся ў счарнелы камель дрэва. У камель дрэва? Адкуль яно тут? Нагiнаюся, хачу падняць адламаную галiну: яна з мармуру! Выпростваюся i азiраюся: вось i яшчэ чорны мармур. Усё вакол усеяна абломкамi дагiстарычнага лесу. Сотнi тысяч гадоў таму назад ён, як храм, рухнуў пад страшэнным, першабытнай сiлы ўраганам. I стагоддзi дакацiлi да мяне гэтыя асколкi гiганцкiх калон, гладкiя, як сталёвыя брусы, акамянелыя, ашклянелыя, колеру тушы. Яшчэ можна ўбачыць, дзе ад камля адыходзiла голле, можна прасачыць жывыя звiвы дрэва, палiчыць кольцы на зрэзе. На гэты лес, напоўнены колiсь птаствам i музыкай, абрушыўся нейкi страшны праклён, i дрэвы ператварылiся ў слупы мiнералу. I я адчуваю, што гэтае наваколле мне варожае. Чарнейшыя, чым жалезныя даспехi ўзгоркаў, гэтыя велiчныя зломкi адпрэчваюць мяне. Што трэба мне, жывому, тут, сярод гэтага непадкупнага мармуру? Мне, тленнаму, мне, чыя плоць рассыплецца прахам, што трэба мне тут, у царстве вечнасцi?

З учарашняга дня я прайшоў кiламетраў з восемдзесят. Гэта, безумоўна, ад смагi ў мяне кружыцца галава. Цi, можа, ад сонца? Яно так зiхацiць на гэтых, нiбы нацёртых маслам, абломках, акамянелых камлях. На гэтым панцыры сусвету. Тут няма ўжо нi пяску, нi лiсаў. Гэта нейкае валатоўскае кавадла. I я брыду па гэтым кавадле. I сонца гулкiм молатам б'е мяне па галаве. Ах, вунь там…

— Э-гей! Э-ге-гей!

"Там нiкога няма, супакойся, ты трызнiш".

Так я ўгаворваю самога сябе, бо трэба апамятацца. Мне так цяжка не верыць сваiм вачам. Так цяжка ўтрымацца, каб не кiнуцца да таго каравана, што iдзе… вунь там… бачыш!..

— Дурню, ты яго проста выдумаў, ты i сам гэта ведаеш…

— У такiм разе, усё на свеце падман…

Усё на свеце падман, апрача гэтага крыжа за дваццаць кiламетраў ад мяне на вяршынi ўзгорка. Таго крыжа цi маяка…

Але ж мора не ў тым баку. Значыць, гэта крыж. Я цэлую ноч вывучаў карту. Марная работа, невядома ж, дзе мы. Але я прыпадаў да ўсiх паметак, якiмi абазначалася прысутнасць чалавека. I ў адным месцы натыкнуўся на маленькi кружок з гэткiм жа крыжам. Прагледзеў умоўныя абазначэннi на палях: царква, мiсiя цi манастыр. Побач з крыжам мелася чорная кропка. Зноў паглядзеў на палi: пастаянны калодзеж… Сэрца маё закалацiлася, i я голасна перачытаў: "Пастаянны калодзеж… Пастаянны калодзеж!" Хiба Алi-Баба i ўсе ягоныя скарбы могуць iсцi ў параўнанне з адным пастаянным калодзежам? Трошкi воддаль я заўважыў два белыя кружочкi. На палях значылася: "Часовы калодзеж". Гэта было ўжо не так дзiвосна. А за гэтай паметкай не мелася ўжо нiчога болей. Анiчога.

Вось яна, мiсiя цi манастыр! Манахi ўзнеслi на ўзгорку высачэзны крыж ратоўны знак для тых, хто гiне! I мне застаецца толькi адно: праставаць да яго. I мне застаецца толькi адно: бегчы прама да гэтых дамiнiканцаў…

— Але ў Лiвii толькi копцкiя манастыры.

— …прама да гэтых вучоных дамiнiканцаў. У iх цудоўная прахалодная кухня з чырвонай кафлi, а ў двары — дзiвосная ржавая помпа. I пад iржавай помпай… пад iржавай помпай, ну вядома ж… пад iржаваю помпай i знаходзiцца пастаянны калодзеж! О, якое гэта будзе свята, калi я пазваню ў дзверы, калi я ўдару ў звон!..

— Дурню, такiя дамы — у Правансе, дый там, дарэчы, няма нiякага звона.

— …я ўдару ў звон! Швейцар уздыме рукi ў неба i ўсклiкне: "Сам бог паслаў вас!" I склiча ўсю брацiю. I манахi кiнуцца да мяне. Яны ласкава прымуць мяне, як бяздомную сiрацiнку. I завядуць мяне на кухню. I скажуць: "Зараз, зараз, сын мой… мы толькi збегаем да пастаяннага калодзежа…"

А я — а мяне будзе аж калацiць ад шчасця… Але не, я не буду плакаць толькi ад таго, што там, на ўзгорку, ужо няма нiякага крыжа.

Усе абяцанкi захаду — адно ашуканства. Я паварочваю на поўнач.

Прынамсi, поўнач хоць напоўнена песняю мора. Ну вось, яшчэ адзiн перавал адолены — ах, якi далягляд!.. Вось ён, сама дзiвосны горад на свеце!

— Ты ж i сам ведаеш, гэта мiраж…

Так, я выдатна ведаю, што гэта мiраж. Мяне не ашукаеш, не! Але калi мне даспадобы гнацца за мiражом? Калi мне даспадобы спадзявацца? Калi мне даспадобы любiць гэты зубчасты горад, расквечаны сонцам? Калi мне даспадобы крочыць наперад, крочыць лёгка i хутка, бо я ўжо не адчуваю стомы, бо я шчаслiвы?.. Прэво са сваiм рэвальверам проста смешны! Мая схмялеласць куды прывабней. Я п'яны. Я памiраю ад смагi!

Прыцемак працверазiў мяне. Раптоўна спыняюся, мне робiцца страшна: я зайшоў вельмi далёка. У прыцемку мiраж прападае. Далягляд скiдае з сябе сваю мiшуру, свае свяшчэннiцкiя рызы. Цяпер гэта — далягляд пустынi.

— Вось i дамогся свайго! Зараз цябе агорне ноч, давядзецца чакаць свiтання, а да заўтра сляды твае сатруцца — i не будзе звароту.

— Тады ўжо лепей iсцi толькi наперад… Навошта зноў вяртацца назад? Мне ўжо не хочацца адступаць, а раптам я нарэшце ўбачу… раптам нарэшце ўбачу мора!..

— Дзе ты ўбачыш мора? Ты нiколi не дойдзеш да яго. Памiж iм i табою не меней трохсот кiламетраў. А каля вашага "сiмуна" цябе чакае Прэво! I, магчыма, яго ўжо заўважыў якi-небудзь караван…

Ну што ж, добра, я вярнуся, але спачатку пагукаю, а раптам непадалёк людзi:

— Эге-гей!

Ёсць жа людзi на гэтай алюджанай планеце!..

— Эгей, людзi!..

Я хрыпну. У мяне прападае голас. Проста смешна гэтак надрывацца… Аднак паспрабуем яшчэ раз:

— Лю-дзi!..

Гэта гучыць так ненатуральна i напышлiва…

I я паварочваю назад.

Пасля дзвюх гадзiн шляху заўважаю водблiск вялiзнага кастра. Прэво, устрывожаны маiм знiкненнем, распалiў яго ледзь не да неба. А!.. для мяне гэта не мае нiякага значэння!..

Яшчэ гадзiна хады… Яшчэ пяцьсот метраў. Яшчэ сто. Яшчэ пяцьдзесят.

— Ах!

Спыняюся як укопаны. Нястрымная радасць залiвае маё сэрца. Асветлены полымем, Прэво размаўляе з двума арабамi, якiя сядзяць, прыпёршыся да матора. Ён яшчэ не заўважыў мяне. Ён надта апанаваны сваёй уласнай радасцю. Ах, калi б гэта чакаў я, а не ён… я ўжо быў бы на волi! Радасна крычу:

— Эгей!

Абодва бедуiны ўскокваюць на ногi, абарочваюцца i глядзяць на мяне. Прэво пакiдае iх i iдзе мне насустрач. Я працягваю рукi. Прэво падхоплiвае мяне пад локаць. Я што — падаў? Кажу яму:

— Нарэшце яны тут!

— Хто?

— Арабы!

— Якiя арабы?

— Ды тыя, што тут, з вамi!..

Прэво дзiўна глядзiць на мяне i неяк нехаця, быццам процi волi давярае мне вялiкую тайну, кажа:

— Нiякiх арабаў тут няма…

Вось цяпер я, мусiць, заплачу.

6

Тут можна пражыць без вады толькi дзевятнаццаць гадзiн, а што мы пiлi з учарашняга вечара? Некалькi кропель расы на свiтаннi! Але па-ранейшаму пануе паўночна-ўсходнi вецер, i гэтая акалiчнасць трошкi запавольвае наша высыханне. Дзякуючы гэтай заслоне ў небе яшчэ збiраюцца воблакi, цэлыя горы аблокаў. Ах, калi б яны дайшлi да нас, калi б пайшоў дождж! Але ў пустынi дажджоў не бывае.

— Прэво, давай разрэжам адзiн парашут на трохкутнiкi. Раскладзём iх на пяску i прыцiснем каменем. Калi вецер не пераменiцца, на досвiтку выкруцiм гэтыя анучы ў бак з-пад гаручага, усё-ткi збярэцца хоць трошкi расы.

Мы разаслалi пад зоркамi шэсць белых посцiлак. Прэво зняў з самалёта бак. Заставалася толькi дачакацца ранку.

Сярод абломкаў Прэво знайшоў сапраўдны цуд — апельсiн! Дзелiм яго пароўну. Я неверагодна рады, i ўсё-такi адзiн апельсiн — так мала, нам трэба было лiтраў дваццаць вады!

Ляжу каля нашага начнога вогнiшча, гляджу на залатавы сонечны плод i думаю: "Людзi не ведаюць, што гэта такое — апельсiн…" I яшчэ думаю: "Мы асуджаны, але i зараз, як ранiцай, гэта не замiнае мне радавацца. Вось я трымаю ў руцэ палову апельсiна — i гэта адна з сама раскошных хвiлiн у маiм жыццi". Кладуся на спiну, высмоктваю дольку за долькай i лiчу знiчкi. У гэты мiг я шчаслiвы, бясконца шчаслiвы. I я зноў думаю: "У жыццi кожнае становiшча — гэта своеасаблiвы свет, яго законы можна спасцiгнуць толькi знутры". Я толькi цяпер разумею, навошта асуджанаму на смерць апошняя цыгарэта i шклянка рому. Раней да мяне не даходзiла, навошта смяротнiку такая мiласцiна. А яна ж дорыць яму вялiкую асалоду. I калi ён усмiхаецца, усе думаюць — якая мужнасць! А ён усмiхаецца, бо яму прыемна выпiць рому. Людзi не ведаюць, што ў яго цяпер зусiм iншая мера, што гэтая апошняя часiна для яго — цэлае жыццё.

Мы сабралi мора вады: лiтры два, бадай. Бывай, смага! Мы ўратаваны, зараз мы нап'ёмся!

Алавяным кубачкам зачэрпваю вады з бака, але яна такая жоўта-зялёная i такая агiдная на смак, што, нягледзячы на пакутлiвую смагу, пасля першага ж глытка я ледзьве пераводжу дыханне. Я б высмактаў i гразь, але гэты ядавiты металiчны прысмак яшчэ мацней смагi.

Гляджу на Прэво — ён ходзiць кругаля, утаропiўшыся ў дол, нiбыта заклапочана шукае нешта. I раптам, не перастаючы кружыць, згiнаецца — блюе. Праз паўхвiлiны наступае мая чарга. Мяне б'юць такiя сутаргi, што я падаю на каленi i ўшчаперваюся пальцамi ў пясок. Мы не можам прамовiць i слова, чвэрць гадзiны нам выварочвае ўсе вантробы, пад канец выдзiрае ўжо адну жоўць.

Канец. Толькi яшчэ нудзiць трошкi. Але апошняя наша надзея рухнула. Не ведаю, чым абумоўлена наша няўдача — прапiткай парашута цi асадкам чатыроххлорыстага вугляроду на сценках у баку. Трэба было знайсцi iншы посуд цi iншае палатно.

Што ж, трэба спяшацца! Ужо дзень. У дарогу! Прэч з гэтага праклятага плато, будзем iсцi, iсцi, пакуль не пападаем мёртвыя. Гэтак iшоў па Андах Гiёмэ, з учарашняга дня я ўсё думаю пра яго. Я парушаю найстражэйшае правiла, якое загадвае заставацца каля разбiтага самалёта. Тут нас шукаць ужо не будуць.

I зноў пераконваемся — гэта не мы церпiм бедства. Церпяць бедства тыя, хто чакае нас! Тыя, каму так пагражае наша маўчанне. Тыя, каго ўжо катуе жахлiвая памылка. Немагчыма не кiнуцца да iх! Гiёмэ таксама па вяртаннi з Андаў расказваў мне, што ён бег на дапамогу тым, хто гiнуў! Гэтая iсцiна справядлiвая для ўсiх.

— Калi б я быў адным-адзiн у свеце, я лёг бы i ўжо не ўставаў, — кажа Прэво.

I мы iдзём, прама на ост-норд-ост. Калi Нiл мы пераляцелi, то цяпер кожны крок непапраўна заводзiць нас у нетры Аравiйскай пустынi.

Пра той дзень я болей нiчога не помню. Помню толькi, што я вельмi спяшаўся. Спяшаўся немаведама куды, хутчэй, хутчэй, усё роўна, што наперадзе, хай сабе i смерць. Прыгадваю таксама, што я iшоў, гледзячы сабе пад ногi, бо мяне жорстка даймалi мiражы. Час ад часу мы звяралi па компасе наш кiрунак. Час ад часу клалiся на пясок, каб трошкi перадыхнуць. Дзесьцi яшчэ я згубiў свой плашч, такi неабходны ўночы. А болей нiчога не помню. Памяць адзначае толькi вячэрнюю прахалоду. Я i сам быў ужо нiбы з пяску, i ўсё ўва мне сцерлася.

На адвячорку мы вырашылi зрабiць прывал. Я выдатна разумеў, што мы павiнны былi б iсцi далей: гэтая ноч без вады даканае нас. Але мы ўзялi з сабою кавалкi парашута. Калi атрута зыходзiць не ад прапiткi, то заўтра на золку, можа, мы i нап'ёмся. Паспрабуем яшчэ раз расправiць пад зорамi нашы пасткi для расы.

Але ў гэты вечар на поўначы ў небе няма нi хмурынкi. I вецер набыў ужо iншы прысмак. Памяняў ён i напрамак. Нас ужо абвявае гарачае дыханне пустынi. Вось яно, абуджэнне драпежнiка! Я адчуваю, як ён лiжа нам рукi i твар…

I ўсё-такi трэба зрабiць прывал, я зараз не прайду i дзесяцi кiламетраў. За тры днi я прайшоў больш ста васьмiдзесяцi кiламетраў i нiчога не пiў.

Мы ўжо гатовы спынiцца, i раптам Прэво кажа:

— Прысягаю вам, гэта возера!

— Вы звар'яцелi!

— Дык ужо ж цямнее, якiя зараз могуць быць мiражы?

Я маўчу. Я даўно перастаў верыць сваiм вачам. Калi гэта i не мiраж, дык выдумка хворага ўяўлення. I як Прэво яшчэ можа верыць?

А Прэво ўпарцiцца:

— Да яго хвiлiн дваццаць хады, я пайду пагляджу…

Гэтая ўпартасць раздражняе мяне:

— Схадзiце, прагуляйцеся… гэта карысна для здароўя. Але майце на ўвазе, калi яно i ёсць там, ваша возера, яно салёнае. I пайшло яно да д'ябла! Тым болей што яго ўвогуле няма.

Але Прэво, не адрываючы вачэй ад далягляду, ужо адыходзiць. Як знаёма мне гэтая самаўладная, неадольная цяга! I я думаю: "Такiя вось шаленцы i кiдаюцца пад колы паравоза". Я ведаю, Прэво не вернецца. Гэты бязмежны абшар, як прорва, зацягне яго, запамарочыць, i ён ужо не зможа павярнуць назад. Адыдзе трошкi воддаль i звалiцца. Ён памрэ там, я — тут, i ўсё гэта мае так мала значэння!..

Мною апанавала абыякавасць, а гэта ўжо кепска. Гэткае ж супакаенне я адчуў, калi тануў. Але цяпер я выкарыстоўваю яго, разлягаюся проста на каменнi i пiшу сваё апошняе пiсьмо. Маё пiсьмо такое цудоўнае! Такое годнае! Я шчодра адзяляю ўсiх мудрымi парадамi. Перачытваю яго з нейкiм пыхлiвым задавальненнем. Людзi некалi скажуць: "Дзiвоснае пiсьмо! Як шкада, што ён загiнуў!"

Цiкава, як доўга я яшчэ пратрымаюся? Спрабую сабраць слiну: колькi часу я не сплёўваў? Але слiны ўжо няма. Калi рот закрыты, нешта цягкае склейвае вусны. Яно засыхае i ўтварае звонку цвёрдую скарынку. Аднак глытаць пакуль яшчэ ўдаецца. I ў вачах яшчэ няма вогненных пераблiскаў. Вось замiгцiць гэтае вясёлкавае ззянне, i застанецца мне жыць усяго дзве гадзiны.

Ужо цёмна. Месяц прыкметна пакруглеў у параўнаннi з папярэдняй ноччу. Прэво не вяртаецца. Ляжу на спiне i выспельваю сваю наканаванасць. Мяне агортвае нейкае дзiўнае, ледзьве помнае пачуццё. Намагаюся разабрацца ў iм. Так… Так… Я плыву, я на караблi! Гэта я плыў у Паўднёвую Амерыку, распрасцёрты на верхняй палубе. Высока-высока мiж зорак пагойдвалася верхавiнка мачты. Мачты тут няма, але ўсё роўна я плыву ў невядомасць i не магу нiчога выначыць. Пiраты звязалi мяне i кiнулi на палубу свайго карабля.

Думаю пра Прэво, якi ўсё не вяртаецца. Я не пачуў ад яго нiводнай скаргi. Гэта вельмi добра. Мне было б невыносна чуць нечыя скаргi. Прэво сапраўдны мужчына.

Ага, вось ён, за пяцьсот метраў ад мяне, махае сваiм лiхтарыкам! Ён згубiў свой след! У мяне няма лiхтарыка, няма чым пасiгналiць у адказ — я ўстаю, крычу, але ён не чуе…

Яшчэ адзiн лiхтарык успыхвае за дзвесце метраў ад мяне, трэцi. Божа мiлы, ды гэта ж ратунак, мяне шукаюць!

Крычу:

— Аге-ей!

Але мяне не чуюць.

Тры лiхтары заклiкальна сiгналяць, зноў i зноў.

Я ж яшчэ не звар'яцеў. Я добра адчуваю сябе. I я спакойны. Пiльна ўглядваюся. За пяцьсот метраў ад мяне гараць тры лiхтары.

— Аге-ей!

Але мяне па-ранейшаму не чуюць.

I мяне ахоплiвае хвiлiнная панiка. Адзiная, якую я спазнаў. Ах, я ж яшчэ магу бегчы! "Пачакайце!.. Пачакайце!.." Зараз яны павернуць назад! Пойдуць шукаць у iншым месцы, а я загiну! Загiну на парозе жыцця, калi ўжо раскрылiся абдымкi, гатовыя мяне падтрымаць!..

— Эге-ей! Эге-ей!

— Эге-ей!

Пачулi! Я задыхаюся, я задыхаюся, але бягу. Бягу на голас, на крык "эгей!". Бачу Прэво — i падаю.

— О, калi я заўважыў гэтыя лiхтары!..

— Якiя лiхтары?

Так, ён адзiн.

На гэты раз я не адчуваю роспачы, толькi закiпае нейкi глухi гнеў.

— Ну, як ваша возера?

— Я iшоў да яго, а яно ўсё аддалялася. Я iшоў да яго цэлых паўгадзiны. I ўсё роўна было яшчэ вельмi далёка. I я вярнуўся. Але цяпер я ўпэўнены, гэта сама сапраўднае возера.

— Вы з глузду з'ехалi, вы проста з глузду з'ехалi! Навошта вы зрабiлi гэта?.. Навошта…

Што ён зрабiў? Што — навошта? Мяне душаць слёзы ад абурэння, хоць я i не ведаю, чым я так абураны. А Прэво хрыпла тлумачыць:

— Мне так хацелася знайсцi вады… У вас такiя белыя вусны!

Ах! Мой гнеў спадае… Я тру далонню лоб, я нiбы ачынаюся, i мне робiцца сумна. Цiха расказваю:

— Я ўбачыў тры агеньчыкi — зусiм выразна, вось як вас зараз бачу, i тут не можа быць нiякай памылкi… Паверце, Прэво, я бачыў iх!

Прэво доўга маўчыць.

— Ну вось, — прызнаецца ён нарэшце, — справы дрэнь.

У пустынi, дзе паветра не мае вадзяной пары, зямля хутка астывае. Робiцца вельмi холадна. Я ўстаю i пачынаю хадзiць. Але неўзабаве мяне ахоплiваюць невыносныя дрыжыкi. Мая абязводжаная кроў ледзьве цячэ па жылах, мяне працiнае ледзяны холад, — i гэта ўжо не проста холад ночы. Мяне ўсяго калоцiць, зуб на зуб не пападае. Я ўжо не магу ўтрымаць лiхтарык, так трасуцца рукi. Нiколi не быў адчувальны да холаду, а сканаю ад холаду — дзiўна, што толькi вытварае з чалавекам смага!

Я кiнуў недзе свой плашч, стамiўся несцi яго ў спёцы. А прастору спакваля запаўняе вецер. I я раблю адкрыццё, што ў пустынi няма жаднага прытулку. Пустыня гладкая, як мармур. Удзень тут не знойдзеш нi пасмачкi ценю, а ноччу яна аддае вас ва ўладу ветру. Нi дрэўца, нi кусцiка, нi каменя, дзе можна было б схавацца. Вецер налятае на мяне, як кавалерыя ў чыстым полi. Я кручуся, як ваўчок, каб уцячы ад яго. Кладуся на зямлю i зноў падымаюся, але цi ляжу я, цi стаю, мяне ўсё роўна сячэ гэтая ледзяная пуга. Я не магу бегаць, я не маю сiлы, я не магу ўцячы ад гэтых катаў, — i я падаю на каленi, ашчаперваю галаву рукамi i чакаю — зараз апусцiцца меч забойцы!

Трошкi пазней лаўлю сябе на тым, што я падняўся i, нiбы ў лiхаманцы, зноў iду, сам не ведаю куды! Дзе гэта я? Вось яно што — я пайшоў, i Прэво мяне клiча! Гэта яго воклiчы прывялi мяне ў прытомнасць…

Вяртаюся да яго, трасуся ўсiм целам, сутаргава ўздрыгваю. I разважаю: "Гэта не ад холаду. Гэта нешта iншае. Гэта канец". Усё маё цела высахла, у iм не засталося вiльгацi. Я гэтулькi хадзiў учора i пазаўчора, калi адправiўся на разведку адзiн.

Крыўдна памiраць ад холаду. Я ахвотней рушыў бы ў свае выдуманыя мiражы. Гэты крыж, гэтыя арабы, гэтыя лiхтары. У рэшце рэшт, гэта рабiлася нават цiкава. Я не хачу, каб мяне лупцавалi, як раба…

Але вось я зноў на каленях…

Мы захапiлi з сабой сёе-тое з аптэчкi. Сто грамаў чыстага эфiру, сто грамаў дзевяностаградуснага спiрту i бутэлечку з ёдам. Спрабую выпiць два-тры глыткi эфiру. Такое ўражанне, быццам я глытаю нажы. Бяру спiрт — не, адразу перацяло горла.

Выграбаю ў пяску ямку, кладуся ў яе i засыпаю сябе пяском. Наверсе толькi твар. Прэво адшукаў нейкiя кусцiкi i раскладвае цяпельца, якое адразу ж гасне. Прэво адмаўляецца закопвацца ў пясок. Лiчыць за лепшае прытанцоўваць. А што толку?

Горла ў мяне па-ранейшаму перацiснута, гэта кепская прыкмета, аднак я чуюся лепей. Я спакойны. Надзеi больш няма, а я спакойны. Звязанага па руках i нагах, нясе мяне пiрацкi карабель, плыву пад зоркамi, i спынiцца — не ў маёй уладзе. Але, бадай, я не гэткi ўжо й няшчасны…

Калi зусiм не варушыцца, холаду ўжо не адчуваеш. I я нерухома драмлю ў пяску. Болей я не варухнуся, а значыць, i пакутаваць не буду. Дарэчы, калi шчыра, пакут амаль няма… Пакуты злiваюцца ў суладдзi стомы i гарачкi. I ўсё абарочваецца кнiгай з малюнкамi, цудоўнай, трошкi жорсткай казкай… Толькi што вецер цкаваў мяне сабакамi, i, каб уцячы ад яго, я круцiўся ваўчком, як загнаны звер. Потым стала балюча дыхаць. Нехта навалiўся мне на грудзi каленам. Калена душыла. I я намагаўся скiнуць гэты цяжар, я адбiваўся ад анёла смерцi. Нiколi я не быў у пустынi адзiн. Цяпер я ўжо не веру ў рэальнасць наваколля — i занурваюся ў сябе, заплюшчваю вочы, болей я i павейкаю не варухну. I плынь уяўлення адносiць мяне — я адчуваю гэта — у забыццё: рэкi супакойваюцца ў бязмежжы мора.

Бывайце ўсе, каго я любiў. Не мая вiна, што чалавечае цела не можа змагацца са смагай болей трох сутак. Не думаў я, што мы ажно гэткiя вязнi крынiц. Не падазраваў, што наша незалежнасць такая абмежаваная. Мяркуецца, што чалавек можа iсцi куды вочы глядзяць. I нiхто не бачыць, што мы на прывязi ў калодзежаў, мы прымацаваны, быццам пупавiнай, да ўлоння зямлi. Зробiш лiшнi крок — i памiраеш.

Мне нiчога не шкада, шкада толькi, што вы перажываеце. У рэшце рэшт, мая доля — найлепшая доля. Калi б я вярнуўся, я пачаў бы ўсё спачатку. Я хачу сапраўднага жыцця. А ў гарадах людзi пра яго забылi.

I справа зусiм не ў авiяцыi. Самалёт — не мэта, а сродак. Зусiм не дзеля самалёта рызыкуеш жыццём. Як не дзеля плуга плужыць зямлю селянiн. Але самалёт памагае вырвацца з горада, ад пiсцоў i рахункаводаў i зноў набыць тую iсцiну, якою жыве селянiн.

Вяртаешся да людской працы i людскiх турбот. Сутыкаешся твар у твар з ветрам, з зорамi, з ноччу, з пяскамi i морам. Намагаешся перахiтрыць стыхii. Чакаеш свiтання, як садоўнiк чакае вясны. Чакаеш аэрадрома, як зямлi абяцанай, i шукаеш сваю iсцiну па зорах.

Не стану наракаць на лёс. Тры днi я iшоў, пакутаваў ад смагi, трымаўся слядоў на пяску i ўсю надзею ўкладаў у расу. Я забыўся, дзе жывуць мае сабраты, i намагаўся зноў адшукаць iх на зямлi. Гэткiя турботы жывых. I, мяркую, гэта куды важней, чым выбiраць — у якiм бы мюзiк-холе змарнаваць вечар.

Я перастаю разумець тлум прыгарадных цягнiкоў, гэтых людзей, якiя лiчаць сябе людзьмi, аднак яны ўжо так змiзарнелi пад прывычным прыгнётам, што прыпадобнiлiся мурашам, каго яны i бяруць сабе за ўзор. Чым запаўняюць яны свой вольны час, свае нiкчэмныя нядзелькi?

Неяк у Расii мне давялося чуць на адным заводзе, як iгралi Моцарта. Я напiсаў пра гэта. А потым атрымаў дзвесце зневажальных лiстоў. Я нiчога не маю процi тых, хто аддае перавагу корчмам. Яны проста не ведаюць iншай музыкi. Мне непрыемны тыя, хто трымае корчмы. Не пераношу, калi калечаць людзей.

Асабiста я знайшоў сваё шчасце ў сваiм рамястве. Адчуваю сябе ратаем, аэрадром — маё поле. У прыгарадным цягнiку мяне даканала б задуха куды болей цяжкая, чым тут! Тут, што б там нi было, такая раскоша!..

Я нi аб чым не шкадую. Я iграў — i прайграў. Такое ў мяне рамяство. Але ўсё-такi я дыхаў iм, вольным ветрам, ветрам неаглядных прастораў!

Той, хто хоць аднойчы глынуў яго, ужо нiколi не забудзе яго смаку. Цi ж не так, таварышы мае? I справа не ў тым, каб жыць сярод небяспек. Гэта ўсё толькi гучная фраза. Мне не падабаюцца тарэадоры. Не рызыку я люблю. Я ведаю, што я люблю. Я люблю жыццё.

Здаецца, неба пачынае святлець. Выцягваю руку з пяску. Побач ляжыць кавалак парашута, я абмацваю яго: ён сухi. Пачакаем. Раса выпадае на зары. Але вось i зара зблякла, а парашутнае палатно так i не звiльготнела. Думкi мае трошкi блытаюцца, i знекуль да мяне даносiцца ўласны голас: "Сэрца высмягла… сэрца высмягла… сэрца, як камень, не выцiснеш нi слязiнкi!"

7

— У дарогу, Прэво! Пакуль яшчэ не спяклася глотка, трэба iсцi.

Дзьме заходнi вецер — той самы, якi высушвае чалавека за дзевятнаццаць гадзiн. Гартань яшчэ не спяклася, але перасохла i балiць. Унутры ўжо нешта дзярэ. Хутка пачнецца той кашаль, пра якi мне расказвалi, i я чакаю. Язык мой распух. Але сама сур'ёзнае — перад вачыма ўжо мiгцяць зiхоткiя кропкi. Калi яны ператворацца ў блiскаўкi, я засну навекi.

Iдзём хутка. Карыстаемся прахалодай досвiтку. Мы выдатна разумеем, што апоўднi ўжо не здолеем iсцi. Апоўднi…

Мы не маем права ўспацець. I перапачыць не маем права. У прахалодзе гэтага ранку ўсяго толькi васемнаццаць адсоткаў вiльгацi. Вецер дзьме з нетраў пустынi. I пад гэтай пяшчотнай вераломнай ласкай выпарваецца наша кроў.

У першы дзень мы з'елi трошкi вiнаграду. За тры днi — палова апельсiна i палова вiнаграднай гронкi. Есцi мы ўсё роўна не змаглi б, у нас прапала слiна. Але голаду я не адчуваю, толькi смагу. Цяпер жа мне здаецца, што мацней, чым смага, мяне мучаць яе вынiкi. Гэтае перасохлае горла. Гэты драўляны язык. Гэты хрып i гэты гiдотны прысмак у роце. Нязвыкла i дзiка. Безумоўна, вада б усё загаiла, але ўва мне не засталося нiводнага ўспамiну, звязанага з ёю як з лекам. Смага ўсё болей i болей робiцца хваробай i ўсё меней i меней — жаданнем пiць.

Мне здаецца, крынiцы i садавiна абуджаюць ува мне ўжо меней пакутлiвыя вобразы. Я забываю сакоўнасць апельсiна, як, здаецца, забываю ўсё, што мне дорага. Я ўжо, мабыць, забыў усё чыста.

Мы сядзiм, але трэба iсцi далей. Нам ужо не пад сiлу доўгiя пераходы. Адолеўшы з паўкiламетра, мы падаем ад стомы. I такая асалода расцягнуцца на пяску. Але трэба iсцi далей.

Краявiд мяняецца. Каменне трапляецца ўсё радзей. Цяпер пад нагамi пясок. Наперадзе, за два кiламетры ад нас — дзюны. На гэтых дзюнах сям-там цямнеюць дробныя кусцiкi. Гэты пясок мне падабаецца больш, чым сталёвы панцыр. Гэтая пустыня — светлая. Гэта Сахара. Мне здаецца, я пазнаю яе…

Цяпер мы адпачываем ужо праз кожныя дзвесце метраў.

— Мы ўсё-такi будзем iсцi, прынамсi, дойдзем хоць да тых кусцiкаў.

Гэта наш крайнi рубеж. Праз тыдзень, калi мы на машыне вернемся за рэшткамi нашага "сiмуна", выявiцца, што ў гэты апошнi паход мы адолелi восемдзесят кiламетраў. А я ўжо прайшоў каля двухсот. Дзе ж было ўзяць сiлы iсцi далей?

Учора я брыў без нiякай надзеi. Сёння самое слова "надзея" страцiла сэнс. Сёння мы iдзём таму, што iдзём. Гэтак, мабыць, брыдуць валы ў сваiх ёрмах. Учора я марыў пра райскiя апельсiнавыя гаi. Але сёння для мяне ўжо не iснуе нiякага раю. Я ўжо не веру ў iснаванне апельсiнавых гаёў.

Я ўжо нiчога не адчуваю, сэрца ўва мне высмагла. Я вось-вось упаду, але роспачы няма. Я нават не смуткую. А шкада: смутак здаўся б мне салодкiм, як вада. Калi шкода сябе — плачашся самому сабе, як сябру. Але ў мяне няма болей нiводнага сябра на свеце.

Калi мяне знойдуць, убачаць мае выпаленыя вочы, то падумаюць: як ён пакутаваў, як ён клiкаў на дапамогу! Але нашы парываннi, шкадаваннi, пакуты душы — гэта ж таксама скарбы. А ў мяне ўжо не засталося нiякiх скарбаў. Юныя нявесты ў першую шлюбную ноч спазнаюць смутак i плачуць. Смутак неаддзельны ад трапятання жыцця. А я ўжо не смуткую…

Я сам — пустыня. Ува мне не ўтвараецца не толькi слiна, ува мне ўжо не ўтвараюцца i мiлыя вобразы, якiя мог бы я аплакваць. Сонца выпетрыла ўва мне крынiцу слёз.

Але — што гэта? Подых надзеi слiзгануў па мне, як лёгкi зыб па моры. Што так раптоўна ўсхвалявала ўсю маю iстоту, хоць свядомасць яшчэ нiчога не ўлавiла? Нiчога ж не змянiлася, i ўсё-такi змянiлася ўсё. Гэты пясчаны абрус, гэтыя пагоркi i рэдкiя плямкi зяленiва — усё гэта ўжо не краявiд, а сцэна. Сцэна яшчэ пустая, але яна ўжо напагатове. Я гляджу на Прэво. Ён таксама нечым уражаны, але i да яго яшчэ не даходзiць сэнс яго адчуванняў.

Клянуся, зараз нешта адбудзецца…

Клянуся, пустыня ажыла. Клянуся, гэтае бязлюддзе, гэтая моўча раптам сталi больш хвалюючыя, чым тлум гарадской плошчы…

Мы выратаваны, на пяску сляды!..

Ах, мы страцiлi след роду чалавечага, мы былi адцяты ад свайго племенi, мы апынулiся адным-адны ў цэлым свеце, быццам рэшткi вялiкага перасялення, — i вось мы натыкаемся на ўрэзаныя ў пясок цудадзейныя сляды чалавека.

— Глядзiце, Прэво, тут разышлiся двое…

— А тут апусцiўся на каленi вярблюд…

— А тут…

I ўсё ж мы пакуль яшчэ не выратаваны. Нам зусiм недастаткова толькi чакаць. Праз некалькi гадзiн нас ужо немагчыма будзе выратаваць. Як толькi пачнецца кашаль, атака смагi будзе маланкавая. А нашы горлы…

Але я веру: дзесьцi ў пустынi мерна рухаецца караван.

Мы iдзём далей, i нечакана аднекуль даносiцца спеў пеўня. Гiёмэ расказваў мне: "Пад канец я чуў — у Андах спявалi пеўнi. А яшчэ чуў, як iшлi цягнiкi…"

Я ўспамiнаю пра гэта ў тое ж iмгненне, як заспяваў певень, i кажу сабе: "Спачатку мяне ашукалi вочы. Канечне, гэта смага вiнавата. А вось цяпер i слых падводзiць". Але Прэво хапае мяне за руку.

— Чулi?

— Што?

— Певень!

— Значыць… Значыць…

Дурню, ну вядома ж, гэта значыць — жыццё…

У мяне ўсё-такi была яшчэ адна галюцынацыя, апошняя: я бачыў трох сабак, якiя беглi адзiн за адным. Прэво, якi таксама паглядзеў у той бок, не ўбачыў нiчога. А вось бедуiна мы бачым абодва. Мы працягваем да яго рукi. Мы абодва клiчам яго штосiлы. I абодва смяёмся ад шчасця!..

Але нашы галасы не чутны i за трыццаць метраў. Галасавыя звязкi ўжо даўно перасохлi. Мы зусiм iцха размаўлялi памiж сабою i нават не заўважалi гэтага!

А вось бедуiн са сваiм вярблюдам, якiя выплылi з-за пагорка, паволi, паволi аддаляюцца ад нас. А раптам гэты чалавек тут адзiн? Жорсткi дэман толькi паказаў нам яго — i забiрае…

А ў нас ужо няма сiлы бегчы!

З-за дзюны паказваецца яшчэ адзiн араб. Крычым як можам — усё роўна ледзь чутна. Тады мы пачынаем махаць рукамi, здаецца, на ўсю пустыню вiдны нашы адчайныя сiгналы. Але бедуiн па-ранейшаму глядзiць убок…

Ды вось ён нетаропка, чуць-чуць паварочвае галаву. У тую ж секунду, як толькi ён павернецца да нас тварам, адбудзецца цуд. У тую ж секунду, як толькi ён гляне ў наш бок, знiшчацца i смага, i смерць, i мiражы. Ён толькi чуць-чуць павярнуў галаву, а свет ужо выначыўся. Адным рухам свайго тулава, промнем аднаго свайго позiрку ён стварае жыццё, i мне здаецца, ён падобны на бога…

Гэта цуд… Ён iдзе да нас па пяску, як нейкi бог па моры…

Араб проста паглядзеў на нас. Паклаў рукi нам на плечы, i мы падпарадкавалiся яму. Мы ляжым на пяску. I няма болей нi рас, нi моў, нi размежаванняў… Ёсць толькi гэты бедны качэўнiк, якi ўсклаў на плечы далонi архангела.

Мы ляжалi i чакалi. I вось мы п'ём, уткнуўшыся ў таз, як цяляты. Бедуiна палохае наша прагнасць, i ён зноў i зноў прымушае нас перадыхнуць. Але як толькi ён адпускае нас, мы зноў прыпадаем да вады.

— Вада!

Вада, ты не маеш нi смаку, нi колеру, нi паху, табе немагчыма даць азначэнне, цябе проста п'юць, не разумеючы, што ты такое. Ты не проста неабходная для жыцця: ты само жыццё. Ты пранiкаеш у нас нейкай асалодай, якую немагчыма растлумачыць словамi. Разам з табой да нас вяртаюцца ўсе сiлы i якасцi, якiя былi ўжо выраклiся нас. З тваёй ласкi ў нас зноў ажываюць усе перасохлыя крынiцы сэрца.

Ты сама вялiкi i сама далiкатны скарб з усiх скарбаў свету, ты, вада, такая чыстая ў нетрах зямных. Можна памерцi ля ручая, калi ў iм ёсць прымесь магнiю. Можна памерцi за два крокi ад саланчаковага возера. Можна памерцi, нават маючы цэлых два лiтры расы, калi ў ёй змяшчаюцца немаведама якiя солi. Ты не згаджаешся нi на якiя дамешкi, ты не выносiш нiякiх скажэнняў, ты загадкавае бажаство, якое так лёгка спудзiць…

Але ты дорыш нам бязмежна простае шчасце.

А ты, лiвiйскi бедуiн, ты — выратавальнiк, але твой воблiк сатрэцца з маёй памяцi. Я нiколi не змагу прыпомнiць рысаў твайго твару. Ты — Чалавек, i ў табе я пазнаю ўсiх людзей. Ты нiколi раней не бачыў нас, але ты пазнаў нас. Ты — любы брат мой. I я таксама пазнаю цябе ў кожным чалавеку.

Ты з'явiўся перада мною, поўны годнасцi i спагады, як усемагутны бог, якi ўладны наталiць спрагненых. У табе адным усе мае сябры i ўсе ворагi iдуць мне на дапамогу, i ў мяне няма ўжо анiводнага ворага ў свеце.

VIII. Людзі

1

Зноў я даткнуўся да так i няўцямнай iсцiны. Я бачыў сваю пагiбель, быў на самым дне безнадзейнасцi, але як толькi змiрыўся з гэтым — набыў душэўны спакой. У такiя моманты, здаецца, i спазнаеш сябе самога, знаходзiш у сабе сябра. Нiшто не зраўнаецца з гэтым адчуваннем душэўнай паўнаты, якой мы падсвядома так прагнем. Мне здаецца, гэтую душэўную яснасць ведаў зняможаны вечнымi пагонямi Банафу. Як ведаў яе i загублены ў снягах Гiёмэ. I як мне самому забыцца, як ляжаў я па горла ў пяску i паволi памiраў ад смагi, але чамусьцi так цёпла на сэрцы было мне пад зорным плашчом?

Як яна дасягаецца, гэтая ўнутраная свабода? Так, сапраўды, чалавек повен супярэчнасцей. Яго забяспечваюць хлебам надзённым, каб даць яму магчымасць ствараць, а ён упадае ў спячку, таленавiты пераможца спешчваецца, шчодры чалавек, разбагацеўшы, ператвараецца ў скнару. Што толку ў палiтычных дактрынах, якiя абяцаюць росквiт чалавечай асобы, калi мы не ведаем загадзя, якому тыпу чалавечай асобы яны забяспечаць росквiт? Хто прыйдзе нам на змену? Мы не кормная жывёла, з'яўленне ж аднаго немаёмнага Паскаля мае куды большае значэнне, чым нараджэнне тузiна працвiтаючых нiкчэмных чалавечкаў.

Мы не ўмеем прадбачыць галоўнага. Кожны з нас напатыкаў сама светлыя радасцi там, дзе, здавалася, нiшто i не абяцала iх. I засталася такая туга па iх, што нам бывае шкада самiх нашых няшчасцяў, якiя падарылi нам тыя радасцi. Усiм нам надаралася пры сустрэчы з таварышамi з замiлаваннем прыгадваць сама цяжкiя выпрабаваннi, перажытыя разам.

Што ж мы ведаем? Толькi тое, што ў нейкiх невядомых умовах абуджаецца ўся сiла душы? У чым жа iсцiна чалавека?

Iсцiна не ляжыць навiдавоку. Калi менавiта ў гэтай мясцовасцi, а не ў iншай апельсiнавыя дрэвы добра прыжываюцца, пышна растуць i буйна пладаносяць, то менавiта гэтая зямля i ёсць iсцiна для апельсiнавых дрэў. Калi менавiта гэтая вера, гэтая культура, гэтая шкала каштоўнасцей, гэтая форма дзейнасцi, а не што-небудзь iншае спрыяюць чалавеку выявiцца ва ўсёй паўнаце, вызваляюць у iм уладара, пра iснаванне якога ён i сам не падазраваў, то гэтая шкала каштоўнасцей, гэтая культура, гэтая форма дзейнасцi i ёсць iсцiна чалавека. А як жа логiка? А гэта ўжо яе клопат — зводзiць канцы з канцамi, каб растлумачыць жыццё.

У гэтай кнiзе я расказваў пра людзей, якiя нiбыта кiравалiся нейкiм неадольным прызваннем, якiя iшлi ў пустыню цi ў авiяцыю, як iншыя iдуць у манастыр; але я не ставiў сабе мэты прымусiць вас захапляцца найперш такiмi людзьмi. Бо перш за ўсё варта захаплення сама глеба, якая ўзгадавала iх.

Прызванне, безумоўна, мае немалое значэнне. Адны зашываюцца ў сваiх крамках. Другiя настойлiва тораць сваю дарогу ў аднойчы абраным кiрунку: i нават у iхнiм маленстве можна знайсцi зародкi памкненняў, якiя ў далейшым прадвызначаюць увесь лёс. Але калi судзiць пра гiсторыю пасля таго, як усё адбылося, няцяжка i памылiцца. На такiя ж памкненнi здольны ледзь не кожны чалавек. Усiм нам знаёмыя крамнiкi, якiя ў грозны час караблекрушэння цi пажару праявiлi сябе куды велiчней, чым можна было чакаць. I яны ведаюць цану той сваёй паўнаце: той пажар назаўсёды ўрэжацца ў iх памяць. Але з-за недахопу новых прыгод, з-за недахопу спрыяльнай глебы, з-за недахопу патрабавальнасцi да сябе яны зноў упадаюць у спячку, так i не паверыўшы ў сваю ўласную велiч. Бясспрэчна, прызванне дапамагае чалавеку выявiцца: але ж спачатку трэба выявiць само прызванне.

Ночы ў паветры, ночы ў пустынi… Гэта ж не кожнаму выпадае на долю. I ўсё ж, калi абставiны будзяць у чалавеку Чалавека, выяўляецца, што ўсiм людзям уласцiвы адны i тыя ж памкненнi. Я не адхiлюся ад тэмы, калi раскажу пра адну сваю ноч у Гiшпанii, якая пераканала мяне ў гэтым. Я надта многа расказваў пра асобных людзей, а мне хацелася б сказаць пра ўсiх.

Гэта было на фронце пад Мадрыдам, дзе мне давялося быць рэпарцёрам. Я тады вячэраў у блiндажы з адным маладым капiтанам.

2

Нашу бяседу перапынiў званок тэлефона. Завязалася доўгая размова: з каманднага пункта перадаюць загад пайсцi ў наступленне — у недарэчную, безнадзейную атаку, у якой трэба адбiць у рабочым прадмесцi некалькi дамоў, ператвораных ворагам у каменныя крэпасцi. Капiтан пацiскае плячыма i вяртаецца да стала. "Першы ж, хто высуне нос…" — i замаўкае, пасоўвае па чарцы каньяку прысутнаму тут сяржанту i мне.

— Мы з табой пойдзем першыя, — кажа ён сяржанту. — Пi i кладзiся спаць.

Сяржант лёг. Мы, чалавек дзесяць, застаёмся за сталом. У гэтым наглуха запакляваным памяшканнi, адкуль не прасочваецца нi промнiк, святло такое яркае, што я жмуруся. Хвiлiн пяць таму я выглянуў у амбразуру. Падняў анучу, якая маскавала шчылiну, i ўбачыў у змярцвелым ззяннi поўнi руiны дамоў, у якiх гняздзiлiся прывiды. Потым я зноў замаскiраваў шчылiну, i мне здалося, быццам гэтай анучай я сцёр месячны промень, як струменьчык масла. А перад вачыма ўсё яшчэ — зеленаватыя ад поўнi крэпасцi.

Гэтыя салдаты, што сядзяць тут са мною, напэўна не вернуцца, але яны цнатлiва маўчаць пра гэта. Такiя атакi — справа звычайная. Для iх чэрпаюць i чэрпаюць з людскiх рэзерваў. Чэрпаюць зерне з жытнiцы. Кiдаюць жменю за жменяй, засяваюць зямлю.

I мы п'ём каньяк. Справа ад мяне гуляюць у шахматы. Злева жартуюць. Дзе я? З'яўляецца нейкi салдат, ён моцна нападпiтку. Пагладжвае касматую бараду i глядзiць на ўсiх расчулена. Слiзгануў позiркам па бутэльцы каньяку, адводзiць вочы, i зноў паглядзеў, i ўмольна ўтароплiваецца ў капiтана. Капiтан цiха пасмейваецца. Той, абнадзеены, смяецца таксама. Лёгкi смех забiрае ўсiх гледачоў. Капiтан павольна адстаўляе бутэльку ўбок, у позiрку спрагненага роспач. I пачынаецца дзiцячая гульня, нейкая пантамiма, такая непраўдападобная ў густым тытунёвым дыме, у бяссонную ноч, калi цяжэе галава ад стомы i ўжо хутка iсцi ў атаку.

Мы ўсцешана бавiмся тут, у цяпле, у труме нашага карабля, а звонку ўсё часцей гахкаюць выбухi, быццам б'е штармавая хваля.

Хутка гэтыя людзi пойдуць змываць свой пот, хмель, бруд свайго чакання ў адкрытых водах баявой ночы. Я адчуваю iхнюю гатоўнасць да ачышчэння. А пакуль яны да апошняй хвiлiны разыгрываюць пантамiму п'янiцы з бутэлькай. Да апошняй хвiлiны зацягваюць партыю ў шахматы. Хай колькi можна працягваецца жыццё! Але будзiльнiк ужо заведзены i, як на трон, пастаўлены на палiцу. I ён зазвонiць. I тады гэтыя людзi ўстануць, расправяць плечы, зацягнуць рамянi. Капiтан выцягне рэвальвер. П'яны працверазее. I ўсе немiтуслiва рушаць па вузкiм калiдоры, якi паката вядзе ўверх, да блакiтнага ад месячнага святла прамавугольнiка. Скажуць што-кольвечы сама звычайнае: "Праклятая атака!.." альбо: "Ну i халадэча!"

I кануць у ноч.

Калi той час прабiў, я аказаўся сведкам абуджэння сяржанта. Ён спаў у вэрхале гэтага блiндажа на жалезным ложку. Я глядзеў на спячага. Мне так знаёмы быў гэты сон, зусiм не трывожны, а нават шчаслiвы. Прыгадаўся першы дзень пасля катастрофы ў Лiвiйскай пустынi, калi мы з Прэво, прыгавораныя, без кроплi вады, яшчэ не вельмi пакутавалi ад смагi i нам удалося — адным-адзiны раз! — праспаць цэлых дзве гадзiны. I тады, засынаючы, я цешыўся сваёй магутнасцю — цудоўнай уладай адрынуць наяўны свет. Маё цела яшчэ не турбавала мяне, i дастаткова было ўткнуцца тварам у скрыжаваныя рукi, каб забыць усё на свеце i заснуць салодкiм сном.

Гэтак спаў i сяржант, ён скруцiўся ў клубок — не разбярэш, дзе што; калi прыйшлi будзiць яго, запалiлi свечку i ўваткнулi яе ў рыльца бутэлькi, я спачатку толькi i разгледзеў у гэтай бясформнай цёмнай глыбе яго грубыя башмакi. Велiчэзныя башмакi з шыпамi i жалезнымi падкоўкамi, башмакi падзёншчыка цi докера.

Абутак гэтага чалавека прызначаўся для цяжкай працы, i ўсё астатняе на iм было яго рабочым рыштункам: падсумкi, рэвальверы, пояс, рамянi. На iм былi лейцы, хамут, уся збруя ламавога каня. У Марока я бачыў у падвалах жорны, якiя круцяць сляпыя конi. Вось i тут у трапятлiвым чырванаватым святле свечкi будзiлi сляпога каня круцiць свае жорны.

— Эй, сяржант!

Ён неахвотна варухнуўся, узняў сонны твар, прамармытаў нешта неразборлiвае. I павярнуўся да сцяны, не жадаючы прачынацца, забiраючыся ў глыбiнi сну, як у спакой мацярынскага ўлоння, як пад глыбокiя воды, i то сцiскаў рукi ў кулакi, то расцiскаў iх, быццам там, на дне, хапаўся за няведама якiя чорныя водарасцi. Яму трэба было памагчы выблытацца. Мы падселi да яго на ложак, адзiн з нас мякка падсунуў сваю руку яму пад шыю i з усмешкай падняў цяжкую галаву. Гэтак у густой цеплынi стайнi ласкава тацкаюцца адзiн у аднаго пысамi конi… "Эй, дружа!" Нiколi ў жыццi я не бачыў болей пяшчотнай ласкi. Сяржант зрабiў апошняе намаганне вярнуцца ў цiхамiрнасць сну, адпрэчыць наш свет з яго дынамiтам, смяротнай стомай i ледзяным моракам ночы… але позна. Нешта звонку настойлiва патрабавала ўвагi. Гэтак нядзельным ранкам школьны званок няўмольна будзiць пакаранага школьнiка. Ён паспеў забыцца пра парту, пра класную дошку i зададзены ў пакаранне ўрок. Яму снiлiся вясёлыя гульнi на двары; дарма. Званок звiнiць i звiнiць i бязлiтасна справаджае яго ў царства несправядлiвасцi дарослых. Гэтак i сяржант паступова асэнсоўваў сваё выматанае стомай цела, гэтае цела, пра якое ён хацеў забыць i якое вельмi хутка, услед за зябкасцю абуджэння, спазнае спярша шчымлiвы боль у суставах, потым цяжар збруi, а там — нязграбны бег атакi — i смерць. Не гэтак нават смерць, як лiпкую кроў, у якой упiраешся, слiзгаеш далоньмi ў намаганнi прыўзняцца, i задыханне, i страшэнны холад, — адчуваеш не гэтак самую смерць, як няўтульнасць апошняга свайго часу. Я глядзеў на сяржанта, i мне прыгадвалася маркота майго ўласнага абуджэння ў пустынi, як цяжка было зноў узвальваць на сябе ношу смагi, сонца, пяску, зноў узвальваць на сябе ношу жыцця — вяртацца ў гэты цяжкi сон, якi бачыш не па ўласнай волi.

Але вось сяржант ужо на нагах i глядзiць нам проста ў вочы:

— Пара?

Вось тут i раскрываецца чалавек. Вось тут ён i разбурае ўсе прадказаннi логiкi: сяржант усмiхаўся! Якою радасцю ён цешыўся? Помню, аднойчы ў Парыжы мы з Мермозам i яшчэ некалькi прыяцеляў адзначалi нейкi дзень нараджэння i далёка па апоўначы выйшлi з бара з адчуваннем моташнасцi ад таго, што столькi гаварылi, столькi пiлi, так нiкчэмна стамiлiся. А неба ўжо святлела, I Мермоз нечакана сцiснуў маю руку, ды так моцна, што аж пазногцi ўпiлiся. "Паслухай, а вось зараз у Дакары…" У гэты час механiкi труць спрасоння вочы i расчахляюць вiнты самалётаў, у гэты час пiлот iдзе да сiноптыкаў па метэазводку, па зямлi зараз крочаць толькi твае паплечнiкi. Неба ўжо ружавела, ужо рыхтавалася свята, але не для нас, ужо рассцiлалi абрус, а мы не былi запрошаны на пiр. Сёння жыццём будуць рызыкаваць iншыя…

— А тут — гэткi бруд… — закончыў Мермоз.

А ты, сяржант, на якое баляванне запрошаны, вартае таго, каб за яго памерцi?

Я ўжо выслухаў тваю споведзь. Ты расказаў мне гiсторыю свайго жыцця: ты быў непрыкметны рахункавод дзесьцi ў Барселоне, выстройваў у радок лiчбы, i цябе не надта кранаў палiтычны раскол у тваёй краiне. Але вось пайшоў добраахвотнiкам на фронт адзiн твой прыяцель, потым другi, трэцi, i аднойчы ты ўражана адзначыў у сабе нейкую дзiўную змену: усё, што раней займала цябе, пачало здавацца пустым i нiкчэмным. Твае радасцi i турботы, твая мiзэрная ўтульнасць — усё гэта было з нейкага iншага стагоддзя. Там не адбывалася нiчога значнага. I вось прыйшла вестка пра смерць аднаго твайго таварыша, забiтага пад Малагай. I справа была зусiм не ў тым, што ты ўзгарэўся жаданнем адпомсцiць за сябра. Палiтыка нiколi не хвалявала цябе. Але гэтая вясцiна ўварвалася да вас, у вашыя душы, лёсы, як парыў марскога ветру.

У той ранак адзiн з тваiх таварышаў глянуў табе ў вочы i сказаў:

— Пайшлi?

— Пайшлi.

I вы пайшлi.

Iсцiну, якую ты не здолеў выказаць у словах, але якая так уладна вяла цябе, памагла зразумець мне вобразы, якiя прыйшлi тады на памяць.

Калi дзiкiя качкi пачынаюць адлятаць у вырай, на ўсiм iх шляху пракочваецца па зямлi трывожная хваля. Свойскiя качкi, быццам намагнiчаныя вялiкiм лёткiм трохкутнiкам, пачынаюць няўклюдна падскокваць. Клiкi тых, у вышынi, абуджаюцьi ў iх нешта даўняе, першабытнае. I вось вясковыя качкi на момант ператвараюцца ў пералётных птушак. У маленькай цвердалобай галоўцы, дзе круцяцца мiзэрныя вобразы лужыны, чарвякоў ды птушнiку, раптам разнасцежваюцца абшары кантынентаў, iх клiчуць вольны вецер i марскiя далячынi. Птушка i не падазравала, што ў яе галаве можа ўмясцiцца столькi цудаў, — i вось яна б'е крыламi; што ёй зерне, што ёй чарвякi, яна прагне стаць дзiкаю качкай…

Асаблiва ж ярка прыгадалiся мне газелi: я гадаваў у Джубi газеляў. Мы ўсе там гадавалi газеляў. Мы трымалi iх у лёгкай загарадцы на вольным паветры, бо газелi ж вельмi кволыя i трэба, каб iх увесь час амывалi струменi ветру. Злоўленыя ў маленькiм узросце, яны ўсё ж выжываюць i неўзабаве пачынаюць есцi з рук. Яны дазваляюць лашчыць сябе, даверлiва тыцкаюцца вiльготнымi пыскамi ў даланю. I ўжо здаецца, быццам i сапраўды прыручыў iх. Быццам убярог iх ад невядомага смутку, ад якога газелi гаснуць так цiха i так пакорлiва… Але аднойчы застаеш iх у тым канцы загона, за якiм пачынаецца пустыня, яны ўпiраюцца маленькiмi рожкамi ў загарадку. Iх цягне туды як магнiтам. Яны не разумеюць, што ўцякаюць ад цябе. Ты прынёс iм малака — яны яго п'юць. Яны яшчэ дазваляюць пагладзiць сябе, яшчэ ласкавей тыцкаюць свае пыскi табе ў далоню… Варта ж табе хоць трошкi адысцi, як яны нават нейк весела пускаюцца наўскач i зноў апынаюцца ў тым жа самым канцы загона. I калi не ўмяшацца, яны так i застануцца там, нават не спрабуючы адолець перашкоду — проста будуць панура стаяць, упёршыся рожкамi ў загарадку, пакуль не памруць. Цi гэта наступае iх шлюбная пара, цi гэта звычайная неабходнасць да знямогi скакаць на волi? Яны i самi не ведаюць. Яны трапiлi ў палон зусiм маленькiмi, яшчэ сляпымi. I м незнаёмыя нi абшары бязмежных пяскоў, нi пах самца. Але ж ты болей кемлiвы, чым яны. Ты ведаеш, чаго яны шукаюць, — прасторы, без якой газель яшчэ не газель. Яны прагнуць стаць газелямi i ўволю цешыцца сваiмi скокамi. Прагнуць спазнаць прамы, як страла, бег, — сто кiламетраў у гадзiну! — спярэшчаны раптоўнымi выбрыкамi, як быццам то тут, то там з пяску вырываюцца языкi полымя. Якое значэнне маюць шакалы, калi iсцiна газеляў у тым, каб палохацца, ад страху яны пераўзыдуць самiх сябе ў галавакружных скоках! Што значыць леў, калi iсцiна газеляў у тым, каб пад адным ударам лапы бездыханна ўпасцi на распалены пясок! Глядзiш на iх i думаеш: iх спапяляе туга. Туга — гэта неадольная прага няведама чаго… Яно iснуе, гэта невядомае i жаданае, але няма слоў, каб акрэслiць яго. А нам, чаго не хапае нам?

Што ты знайшоў тут, на фронце, сяржант, адкуль гэтая спакойная ўпэўненасць, што менавiта тут тваё месца i твой лёс? Можа, ёю адарыла дябе братэрская рука, якая прыўзняла тваю сонную галаву, можа — ласкавая ўсмешка, у якой не спачуванне, а саўдзел? "Эй, дружа!.." Спачуваць некаму — гэта яшчэ быць удвух. Гэта яшчэ быць паасобку. Але iснуе такая вышыня адносiн, калi ўдзячнасць i спачуванне трацяць сэнс. Калi чалавеку дыхаецца, як вязню, якi выйшаў на волю.

Гэткiя нераздзельныя былi мы, экiпажы двух самалётаў, калi ляцелi над яшчэ няскораным у той час раёнам Рыа-дэ-Ора. Я нiколi не чуў, каб той, хто пацярпеў аварыю, дзякаваў выратавальнiку. Часцей за ўсё мы нават лаялiся, калi з аднаго самалёта ў другi да знямогi цягалi мяхi з поштай: "Свалата! Гэта з-за цябе я пацярпеў аварыю, д'ябал цябе панёс на вышыню дзве тысячы метраў пры лабавым ветры! Iшоў бы нiжэй, як я, даўно былi б ужо ў Порт-Эцьене!" I той, хто дзеля цябе рызыкаваў сваiм жыццём, сапраўды адчуваў сябе сама апошняй свалатой. Ды i за што, зрэшты, было дзякаваць яму? Ён таксама меў гэткае ж права на наша жыццё. Усе мы — голле аднаго дрэва. I я ганарыўся табой, маiм ратаўнiком!

I чаму той, хто рыхтаваў цябе да смерцi, павiнен быў шкадаваць цябе, сяржант? Усе вы рызыкавалi сабой дзеля iншых. У такiя моманты i выяўляецца тая еднасць, якой ужо няма патрэбы ў словах. I я зразумеў, чаму ты пайшоў на фронт, сяржант. Калi ў Барселоне ты быў бядняк, i табе пасля работы было самотна, i не было ў цябе цёплага прытулку, дык тут ты набыў адчуванне паўнаты жыцця, ты прылучыўся да ўсеагульнага; i вось цябе, занядбанца, прыняла ў свае абдымкi любоў.

Смешна ламаць сабе галаву над тым, шчырыя цi не, разумныя цi не былi гучныя прамовы палiтыкаў, якiя, магчыма, паўплывалi на твой учынак. Раз гэтае насенне ўзышло ў тваёй душы i дало парасткi, значыць, менавiта яны i былi ёй патрэбны. Пра гэта судзiць табе. Глеба сама ведае, якое ёй трэба зерне.

3

Толькi калi мы знiтаваны з нашымi братамi агульнай мэтай, вышэйшай ад нашых прыватных iнтарэсаў, толькi тады нам вольна дыхаецца, а жыццё вучыць нас, што любiць — гэта не значыць глядзець адзiн на аднаго, любiць — значыць глядзець разам у адным кiрунку. Толькi там iснуе сапраўднае таварыства, дзе людзi ў адной звязцы iдуць да адной i той жа вяршынi. Iначай чаму ж тады ў наш век — век камфорту — нас агортвае такая бязмежная радасць ад магчымасцi падзялiцца ў пустынi апошнiм глытком вады? Цi не дробязь гэта перад прароцтвамi сацыёлагаў? А. нам, хто спазнаў шчасце выручаць таварышаў у пясках Сахары, любая iншая ўцеха здаецца проста нiкчэмствам.

Магчыма, пагэтаму сучасны свет i пачынае распаўзацца па швах. Кожны спрагнена шукае веры, якая абяцала б яму паўнату душы. Мы палка спрачаемся, словы ў нас розныя, але за iмi — тыя ж парываняi i памкненнi. Мы рознiмся адзiн ад аднаго толькi метадамi — пладамi нашых разважанняў, — а не мэтамi: мэты ў нас адны.

Дык не будзем здзiўляцца. Хто ў Барселоне, у падвале анархiстаў, пры сустрэчы з гэтай гатоўнасцю ахвяраваць сабой, выручыць таварыша, з гэтай суровай справядлiвасцю адчуў аднойчы, як у iм абуджаецца нехта зусiм новы, незнаёмы, для таго цяпер iснуе толькi адна iсцiна: iсцiна анархiстаў. А каму давялося аднойчы стаяць на варце ў гiшпанскiм манастыры, ахоўваць перапалоханых укленчаных манашак, той памрэ за царкву.

Калi б заўважыць Мермозу, якi бясстрашна рынуўся з вышынi Андаў у далiну Чылi, калi б тады заўважыць яму, што ён не мае рацыi, што нейкi лiст гандляра не варты таго, каб ён рызыкаваў сваiм жыццём, Мермоз толькi б усмiхнуўся. Ягоная iсцiна — той чалавек, якi нараджаўся ў iм, калi ён пераадольваў Анды.

Калi вы хочаце пераканаць таго, каму даспадобы вайна, што вайна жахлiвая i агiдная, не абзывайце яго варварам: перш чым асудзiць, пастарайцеся яго зразумець.

Задумайцеся хоць бы над гэткiм выпадкам. Адзiн афiцэр з поўдня ў час баёў з рыфамi камандаваў пастом, зацiснутым памiж двума горнымi хрыбтамi, дзе знаходзiлiся паўстанцы. Аднойчы вечарам ён прымаў парламенцёраў з заходнiх гор. Яны належным чынам сядзелi i пiлi гарбату, як раптам усчалася стралянiна. На пост напалi плямёны з усходнiх гор. Капiтан загадаў парламенцёрам пакiнуць пост, бо трэба ўступаць у бой, але яны адказалi: "Сёння мы твае госцi. Бог не дазваляе нам пакiнуць цябе…" I яны далучылiся да яго салдат, памаглi абаранiць пост i толькi потым вярнулiся ў сваё арлiнае гняздо.

А напярэдаднi таго дня, калi яны самi збiралiся атакаваць пост, прыслалi да капiтана сваiх паслоў:

— Неяк мы дапамаглi табе…

— Гэта праўда…

— Дзеля цябе мы змарнавалi тры сотнi патронаў…

— Гэта праўда.

— Справядлiва было б вярнуць iх нам.

Не, капiтан высакародны, ён не можа пакарыстацца iхняй велiкадушнасцю. I ён вяртае патроны, хоць ведае, што страляць будуць у яго.

Iсцiна чалавека — тое, што робiць яго чалавекам. Хто зведаў гэткую годнасць узаемаадносiн, гэткую сумленнасць у гульнi, гэткi дар узаемапавагi аснову жыцця, той не стане параўноўваць гэтую прыродную. высакароднасць з убогiм дабрадушшам дэмагога, якi ў знак братэрскiх адносiн да тых жа арабаў стаў бы гучна паляпваць iх па плячы, лесцячы iм i адначасна прынiжаючы. Пачнiце такому капiтану даводзiць ягоную неправату, i ён адкажа вам адно толькi пагардлiвым шкадаваннем. I будзе мець рацыю.

Але ў роўнай ступенi будзеце мець рацыю i вы ў сваёй нянавiсцi да вайны.

Каб зразумець чалавека i яго патрэбы, каб спасцiгнуць у iм сама галоўнае, не трэба супрацьпастаўляць адна адной вашы вiдавочныя iсцiны. Так, вы маеце рацыю. Усе вы маеце рацыю. Лагiчна можна даказаць усё на свеце. Мае рацыю нават той, хто ва ўсiх няшчасцях чалавецтва гатовы абвiнавацiць гарбуноў. Дастаткова абвясцiць вайну гарбунам — i мы адразу ўспалыхнём нянавiсцю да iх. Мы пачнём жорстка помсцiць гарбунам за ўсе iх злачынствы. Бо сярод гарбуноў таксама ж ёсць злачынцы.

Каб зразумець, у чым жа сутнасць чалавека, неабходна хоць на момант забыць пра тое, што раздзяляе, бо ўсякая iх тэорыя i ўсякая вера спавадоўваюць цэлы звод непарушных iсцiн, а яны спараджаюць фанатызм. Можна размежаваць людзей на правых i левых, на гарбатых i негарбатых, на фашыстаў i дэмакратаў, i любы гэты падзел не абвергнеш. Але ж агульнавядома, што iсцiна — гэта тое, што спрашчае свет, а не тое, што стварае вэрхал. Iсцiна — гэта мова, якая выяўляе ўсеагульнае. Ньютан "адкрыў" доўга неспасцiгальны закон зусiм не так, як рашаюць рэбус. Тое, што здзейснiў Ньютан, было творчасцю. Ён стварыў мову, якая можа сказаць i пра падзенне яблыка ў разору, i пра ўсход сонца. Iсцiна зусiм не тое, што можна даказаць, iсцiна — гэта прастата.

Навошта аспрэчваць iдэалогii? Калi ўсе iх можна даказаць, то ўсе можна i абвергнуць, i ад гэтых спрэчак толькi трацiш усялякую надзею на збавенне людзей. А людзi ж вакол i ўсюды iмкнуцца да аднаго i таго ж самага.

Мы хочам быць вольныя. Той, хто працуе кiркай, хоча, каб у кожным удары кiркай быў сэнс. Калi кiркай працуе катаржнiк, кожны яе ўдар толькi прынiжае катаржнiка, але калi кiрка ў руках разведвальнiка, кожны яе ўдар узвышае разведвальнiка. Катарга не там, дзе працуюць кiркай. Яна жахлiвая не тым, што гэта цяжкая праца. Катарга там, дзе ўдары кiркай не маюць нiякага сэнсу, дзе праца не злучае чалавека з людзьмi.

А мы хочам уцячы з катаргi.

У Эўропе маецца дзвесце мiльёнаў чалавек, якiя не бачаць у жыццi нiякага сэнсу, якiя жадалi б лепей не нараджацца. Прамысловасць адарвала iх ад таго жыцця, якое пакаленне за пакаленнем вядзе сялянскi род, i замкнула ў агромнiстых гета, якiя нагадваюць сартавальныя станцыi, забiтыя шкiлетамi чорных вагонаў. Людзi, пахаваныя ў рабочых пасёлках, былi б радыя абудзiцца да новага жыцця.

Ёсць i такiя, каго зацягнула ў сiстэму шасцерань вузкай спецыялiзацыi працы, каму забаронены радасцi першаадкрывальнiка, веруючага, вучонага. Сяму-таму пачало здавацца, што, каб узвысiць гэтых людзей, дастаткова апрануць iх, накармiць, задаволiць усе iх матэрыяльныя патрэбы. I спакваля вырасцiлi з iх мiзэрных мяшчан у духу раманаў Курталiна, местачковых палiтыкаў, вузкалобых спецыялiстаў без якiх-небудзь духоўных запытанняў. Веды iм далiся неблагiя, а вось культуры анiякай. Нiкчэмны погляд на культуру ў таго, хто мяркуе, быццам яна зводзiцца да завучвання формул. Сама бяздарны студэнт палiтэхнiкума ведае пра прыроду i яе законы куды болей, чым некалi ведалi Дэкарт i Паскаль. Але цi здольны гэты шкаляр на такую разумовую працу, як яны?

Усе людзi, адны мацней, другiя слабей, адчуваюць цьмяную патрэбу ў адраджэннi. Але бывае i так, што прымаюцца памылковыя рашэннi. Вядома, можна ажывiць людзей, апрануўшы iх у якiя-небудзь мундзiры. Яны будуць дружна спяваць ваенныя гiмны i дзялiцца кавалкам хлеба з таварышам. Яны знойдуць тое, чаго шукалi — пачуццё лучнасцi. Але гэты хлеб прынясе iм смерць.

Можна пазвяргаць драўляных iдалаў i ўваскрасiць старажытныя мiфы, на аснове даволi грунтоўных доказаў можна ажывiць мiстыку пангерманiзму альбо Рымскай iмперыi. Можна ўскружыць галовы немцам выключнасцю нямецкай нацыi i дачыненнем да генiя Бетховена. Можна апаiць гэтым усiх — да апошняга качагара. Гэта, вядома, лягчэй, чым у качагары выявiць Бетховена.

Але падобнае кумiрства — хцiвае кумiрства. Той, хто ахвяруе сваiм жыццём дзеля навуковага адкрыцця альбо дзеля збавення людзей ад хвароб, нават уласнай смерцю служыць справе жыцця. Магчыма, гэта i прыгожа — памерцi за пашырэнне нечых уладанняў, але сучасная вайна знiшчае ўсё тое, дзеля чаго яна нiбыта вядзецца. Цяпер справа ўжо не ў тым, каб невялiкай крывёю адрадзiць цэлы народ. З той пары як вайна вядзецца з дапамогай самалётаў i iпрыту, яна стала проста бойняй. Ворагi заточваюцца пад прытулак муроў, i кожны, хто як можа, ноч у ноч шле эскадрыллi, якiя вымотваюць працiўнiку вантробы, узносяць у паветра яго жыццядайныя цэнтры, паралiзуюць прамысловасць i шляхi зносiн. Перамога за тым, хто сканае апошнi. I абодва працiўнiкi канаюць разам.

Свет стаў пустыняй, i ўсе мы прагнем знайсцi ў ёй таварышаў: дзеля таго каб спазнаць смак раздзеленага з таварышамi хлеба, мы i прымаем вайну. Але каб адчуць гэтае цяпло, каб поплеч рушыць да адной i той жа мэты, нi да чаго ваяваць. Вайна ашуквае нас. Нянавiсць не можа ўзвялiчыць радасць агульнага натхнёнага руху.

Навошта нам ненавiдзець адзiн аднаго? Мы ж адна сям'я, нас кружыць адна i тая ж планета, мы экiпаж аднаго карабля. Добра, калi цывiлiзацыi ўступаюць у спрэчкi дзеля росквiту больш дасканалых чалавечых арганiзацый, але жахлiва, калi яны пажыраюць адва адну.

А каб вызвалiць нас, дастаткова ж толькi памагчы нам усвядомiць усеагульную мэту i пачаць шукаць тыя повязi, якiя з'яднаюць усiх. Доктар пры аглядзе хворага не слухае стогнаў: доктару важна вылечыць чалавека. Доктар служыць законам усеагульнага. I м служыць i фiзiк у роздуме над сваiмi неверагоднымi ўраўненнямi, з дапамогай якiх ён спасцiгае i атам, i касмiчную туманнасць. I м служыць i звычайны пастух. Бо хай толькi той, хто сцiпла пасе пад зорным небам з паўтузiна авечак, асэнсуе сваю працу, — i вось ён ужо не проста слуга. Ён — вартавы. А кожны вартавы ў адказе за ўсю дзяржаву.

Цi вы думаеце, што пастух не iмкнецца асэнсаваць сябе i сваё месца ў жыццi? Калi я быў на мадрыдскiм фронце, я наведаў там адну школу, размешчаную на ўзгорку за пяцьсот метраў ад акопаў, абнесеную невысокай каменнай сцяною. У гэтай школе адзiн капрал выкладаў батанiку. У грубых руках капрала была кветка маку, ён асцярожна разнiмаў пялёсткi i тычынкi, i з усiх бакоў з акопнага бруду пад грукат снарадаў да яго сцякалiся зарослыя бародамi паломнiкi. Яны абступалi капрала, сядалi проста на зямлю i, падпёршы кулакамi падбародкi, уважлiва слухалi. Яны супiлi бровы, сцiскалi зубы, яны не надта разумелi тлумачэнне настаўнiка, але iм сказалi: "Вы — цёмныя, вы звяры, вы толькi выпаўзаеце са сваiх бярлогаў, трэба даганяць чалавецтва!" I цяжкай хадою яны спяшалiся наўздагон.

Толькi калi мы асэнсуем сваю ролю на зямлi, хай нават сама сцiплую i непрыкметную, толькi тады мы будзем шчаслiвыя. Толькi тады мы зможам жыць i памiраць спакойна, бо тое, што надае сэнс жыццю, надае сэнс i смерцi.

Смерць такая лагодная, калi яна — натуральны зыход, калi стары правансальскi селянiн у канцы свайго панавання аддае сынам у спадчыну сваiх коз i свае алiвы, каб сыны ў свой час перадалi iх сынам сваiх сыноў. У сялянскiм родзе чалавек памiрае толькi напалову. Настае час, i жыццё разлушчваецца, як спелы струк гароху, i аддаюцца зёрны.

Аднойчы мне давялося стаяць з трыма сялянамi ля смяротнай пасцелi iхняй мацi. Гэта было горка, што казаць. Другi раз iрвалася пупавiна. Другi раз развязваўся вузел: той, што нiтуе адно пакаленне з другiм. Трое сыноў апынулiся ў вялiкай самоце, яны раптам спасцiглi, што цяпер навек пазбаўлены сямейнага стала, за якiм на свята збiралася ўся сям'я, таго магнiту, якi ўсiх iх прыцягваў. Але мне бачылася, што тут не толькi рвуцца повязi, але i паўторна даецца жыццё. Бо кожны з сыноў у сваю чаргу стане галавою роду, патрыярхам, вакол якога будзе збiрацца сям'я, а калi настане час, i ён у сваю чаргу перадасць руль кiравання дзятве, якая гуляе зараз на падворку.

Я глядзеў на мацi, на старую сялянку са спакойным i суровым тварам, на яе туга сцiснутыя вусны — не твар, а маска, высечаная з каменю. I ў iм я пазнаваў рысы сыноў. Iхнiя твары — злепак з гэтай маскi. Гэтае цела фармавала iхнiя целы — выдатна вылепленыя, моцныя, мужныя. I вось яно ляжыць, пазбаўленае жыцця, але гэта змярцвеласць абалонкi, з якой дасталi спелы плод. I ў сваю чаргу яе сыны i дочкi з плоцi сваёй злепяць новых людзей, сваiх нашчадкаў. У сялянскiм родзе не памiраюць. Мацi памерла — няхай жыве мацi!

Так гэта балюча, але так проста i натуральна — мерны поступ роду: пакiдаючы на шляху адну за адной тленныя абалонкi пасiвелых працаўнiкоў, пастаянна абнаўляючыся, рухаецца ён да няведамай iсцiны.

Вось чаму ў той вечар у голасе пахавальнага звону, што плыў над вёсачкай, мне чулася не роспач, а затоеная пакорлiвая радасць. Звон, якi адной i той жа мовай ганараваў i хаўтуры i народзiны, зноў абвяшчаў пра змену пакаленняў. I глыбокае супакаенне зыходзiла ад гэтага гiмна ў гонар заручын сцiплай старой працаўнiцы з зямлёй.

Гэткiм чынам, — паволi, як расце дрэва, — з пакалення ў пакаленне перадаецца не толькi жыццё, а i свядомасць. Якое дзiвоснае ўзыходжанне! З расплаўленай лавы, з зорнага цеста, з жыватворнай, цудам аплодненай клетачкi выйшлi мы — людзi — i паступова ўзнiмалiся ўсё вышэй, ступень за ступенню, i вось мы пiшам кантаты i вымерваем сузор'i.

Мацi перадала не проста жыццё: яна навучыла сваiх сыноў роднай мове, яна даверыла iм так марудна — стагоддзямi — збiраны скарб, духоўную вотчыну, якую сама атрымала ў спадчыну — сцiплы запас традыцый, паняццяў i казак, усё, што рознiць Ньютана i Шэкспiра ад пячорнага чалавека.

Той голад, што пад абстрэлам гнаў гiшпанскiх салдат на ўрокi батанiкi, што гнаў Мермоза да Паўднёвай Атлантыкi, а яшчэ некага — да вершаў, азначае, што працэс нашага развiцця далёка не завершаны i што нам яшчэ неабходна зразумець самiх сябе i сусвет. Нам неабходна перакiнуць сходкi праз ноч. Не разумеюць гэтага толькi тыя, чыя мудрасць — абыякавасць, хто жыве толькi для самога сябе; але такая мудрасць — нiкчэмны падман! Таварышы, таварышы мае, будзьце сведкамi: калi мы адчулi сябе шчаслiвымi?

I вось на апошнiх старонках гэтай кнiгi мне зноў прыгадваюцца ссiвелыя чыноўнiкi — нашы суправаджальнiкi на золку таго дня, калi нам нарэшце ўпершыню даверылi паштовы самалёт i мы рыхтавалiся стаць людзьмi. Яны таксама былi падобныя на нас, толькi яны не ведалi, што яны галодныя.

Надта шмат у свеце людзей, якiм нiхто не дапамог прачнуцца.

Некалькi гадоў таму, у час адной доўгай паездкi па чыгунцы, мне захацелася агледзець гэтую дзяржаву на колах, у якой я невылазна сядзеў ужо трое сутак вязень несцiханага перастуку i грукату, быццам марскi прыбой варочаў гальку, i мне не спалася. Я падняўся. Было каля гадзiны ночы. Я прайшоў увесь цягнiк з канца ў канец. Мяккiя спальныя вагоны былi пустыя. Вагоны першага класа таксама пуставалi.

Затое вагоны трэцяга класа былi забiты сотнямi вытураных з Францыi польскiх рабочых, якiя вярталiся ў сваю Польшчу. У калiдорах мне даводзiлася пераступаць цераз змораных сном людзей. I ў адным з вагонаў я прыпынiўся. У гэтым вагоне без перагародак, якi ў святле начнiкоў нагадваў казарму цi прыёмную палiцэйскага ўчастка, перада мной варушылася сапраўднае качэўе, штурханае i тасаванае рухам цягнiка. Цэлы народ, апанаваны цяжкiм сном, якi вяртаўся ў сваю галечу. Буйныя паголеныя галовы пакалыхвалiся на голых лаўках. Усе — мужчыны, жанчыны, дзецi — мерна калыхалiся туды-сюды, быццам iх нават i ў забыццi не адпускалi вэрхал i калатня жыцця. Нават сон не быў iм надзейным прытулкам.

Эканамiчныя прылiвы i адлiвы шпурлялi iх з аднаго канца Эўропы ў другi, яны страцiлi свой дамок у дэпартаменце Нор, невялiчкi садок, тры вазоны геранi, якую я некалi бачыў у вокнах польскiх шахцёраў, i мне здавалася, яны напалову страцiлi i чалавечы воблiк. Яны пахоплiва ўвязалi ў клункi толькi кухонны посуд, прасцiны ды дзяружкi, захапiлi толькi нейкiя ўбогiя манаткi. А ўсiм тым, што яны сапраўды любiлi i песцiлi, што iм патрапiла прыручыць за чатыры-пяць гадоў жыцця ў Францыi — катам, сабакам i геранню, — давялося ахвяраваць, i яны везлi з сабою адны гэтыя кухонныя чарапкi.

Немаўлятка ссала грудзi мацi, такой стомленай, што здавалася, яна спала. Сярод недарэчнасцi i вэрхалу гэтага бадзяжнiцтва перадавалася дзiцяцi жыццё. Я паглядзеў на бацьку. Цяжкi i голы, як камень, чэрап. Цела, скурчанае ў нязручным сне, засунутае ў рабочую спяцоўку — адны бугры ды перапады. Не чалавек, а куча сырой глiны. Так уначы на лаўках крытага рынку бясформна валяюцца бяздомныя бадзягi. I я падумаў: галеча, бруд, выродлiвасць — справа зусiм не ў гэтым. Пазнаёмiлiся ж аднойчы гэты чалавек i гэтая жанчына, i мужчына ж, напэўна, усмiхнуўся жанчыне: напэўна ж пасля работы ён прыносiў ёй кветкi. Нясмелы i нязграбны, ён так баяўся, магчыма, што яму скажуць "не". А ёй, упэўненай у сваёй прывабнасцi, з чыста жаночай какетлiвасцi, магчыма, прыемна было яго памучыць. I ён, ператвораны цяпер у нейкую машыну, толькi i здольную капаць цi каваць, адчуваў тады ў сваiм сэрцы дзiвосную салодкую трывогу. I проста розуму недаступна, як жа яны абое сталi гэтымi кучамi глiны. Праз якiя страшныя жорны прайшлi яны, пад якi штампавальны прэс трапiлi? Жывёла i на старасцi захоўвае сваю прывабнасць. Чаму ж скасавалася такая цудоўная глiна, з якой вылеплены чалавек?

I я рушыў далей мiж гэтага народу, чый сон быў трывожны, як заклятая мясцiна. Ад хрыплага сапення, няўцямнага жаласлiвага мармытання, шоргату грубых башмакоў, калi сонны, навярэдзiўшы адзiн бок, пераварочваўся на другi, трапятаў глухi, бясконцы шум. А за ўсiм гэтым — несцiханы рокат, быццам варочаецца галька пад ударамi прыбою.

Сядаю насупраць спячай сям'i. Памiж мужам i жонкай, сяк-так прымошчанае, спала дзiця. Але вось яно паварочваецца ў сне, i ў святле начнiка я бачу ягоны твар. Ах, якi цудоўны твар! Ад гэтай пары нарадзiўся дзiвосны залаты плод. З гэтага цяжкага ярма нарадзiўся такi цуд зграбнасцi i прывабнасцi. Я глядзеў на пукаты лобiк, на мяккiя прыпухлыя вусны i думаў: вось твар музыканта, вось маленькi Моцарт, вось дзiвосная абяцанка жыцця. Ён зусiм як маленькi прынц з нейкай казкi: даць бы яму належны догляд, выхаванне, асвету — i ён апраўдаў бы сама смелыя надзеi! Калi ў садзе пасля доўгiх пошукаў выведуць нарэшце новы гатунак ружы, дык усiх садоўнiкаў ахоплiвае хваляванне. Ружу пераносяць у асобнае месца, ружу даглядаюць i песцяць. А людзi растуць без садоўнiка. Маленькi Моцарт, як i ўсе, трапiць пад той жа страшэнны штампавальны прэс.

I стане цешыцца гнюснай музыкай нiзкапробных корчмаў.

Моцарт асуджаны.

Я вярнуўся ў свой вагон. Я думаў: гэтых людзей зусiм не трывожыць iхняя доля. Але, не жаль, не спачуванне мучыць мяне. Што плакаць над незагойнай ранай? Параненым яна не балiць. Бо паранены, панявечаны не асобны чалавек, а цэлае чалавецтва. I не веру я ў шкадаванне. Мяне мучыць клопат садоўнiка. Мяне мучыць не гэтая галеча — у рэшце рэшт людзi звыкаюцца з галечай, як з лянотай. На ўсходзе шматлiкiя пакаленнi жывуць у гразi, i гэта iм падабаецца. Тое, што мучыць мяне, нельга загаiць бясплатнымi супамi. Нясцерпная невыродлiвасць гэтай бясформнай, скалечанай чалавечай глiны. Нясцерпна тое, што ў кожным з гэтых людзей, мажлiва, забiты Моцарт.

Адзiна Дух сваiм дыханнем на глiну здольны стварыць з яе Чалавека.


Оглавление

  • I. Паветраная лiнiя
  • II. Таварышы
  •   1
  •   2
  • III. Самалёт
  • IV. Самалёт і планета
  •   1
  •   2
  •   3
  •   4
  • V. Аазіс
  • VI. У пустыні
  •   1
  •   2
  •   3
  •   4
  •   5
  •   6
  •   7
  • VII. У сэрцы пустыні
  •   1
  •   2
  •   3
  •   4
  •   5
  •   6
  •   7
  • VIII. Людзі
  •   1
  •   2
  •   3