Ліст да заложніка [Антуан де Сент-Экзюпери] (fb2) читать постранично, страница - 2

- Ліст да заложніка (пер. Нiна Мацяш) 64 Кб скачать: (fb2)  читать: (полностью) - (постранично) - Антуан де Сент-Экзюпери

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

тоўпіліся вакол непрыступнага круп’е і з усіх сіл намагаліся адчуць надзею, роспач, страх, зайздрасць альбо захапленне. Як жывыя. Яны ставілі на карту маёмасць, якая, магчыма, у гэтыя самыя хвіліны разляталася ў прах. Яны карысталіся манетай, якая, магчыма, ужо страчвала ўсялякую вартасць. Змесціва іх сейфаў, магчыма, забяспечвалася заводамі, ужо прыбранымі да рук ворагам альбо асуджанымі на руйнаванне варожай авіяцыяй. Яны выпісвалі вэксалі на Сірыус. Чапляючыся за мінулае, быццам за апошнія месяцы свет не зведаў ніякіх патрасенняў, яны сіліліся паверыць у натуральнасць свайго азарту, у забяспечанасць сваіх чэкаў, у непарушнасць сваіх здзелак. Гэта была фантасмагорыя. Лялечны балет. I ад гэтага было маркотна.

Яны, безумоўна, нічога не адчувалі. Я пакідаў іх. Я ішоў падыхаць на бераг мора. Але і мора Іштурыла, гэтае курортнае, прыручанае мора, здавалася, таксама было ўдзельнікам гульні. Яно залівала бухту самотнай мяккай хваляй, якая зіхацела ў месячным святле, нібыта сукенка са шлейфам, што ўжо выйшла з моды.

Я зноў сустрэўся з маімі бежанцамі на параходзе. Гэты параход таксама ўсяляў лёгкі страх. Ен перасаджваў з аднаго кантынента на другі пазбаўленыя каранёў расліны. Я казаў сабе: «Я хачу быць падарожнікам, я не хачу быць эмігрантам. У сябе дома я навучыўся такому, што аніяк не прыдасца на чужыне». А эмігранты выцягвалі з кішэняў запісныя кніжкі з адрасамі,— апошняе, што яшчэ магло засведчыць іх былую прыналежнасць да свету жывых. Яны ўсё яшчэ гулялі ў жывых людзей. Яны штосілы чапляліся за любую рэальнасць. «Ведаеце, мяне завуць вось гэтак, — казалі яны, — я з такога вось горада… сябар таго й таго… вы знаёмы з тым і тым?»

I яны расказвалі пра якога-небудзь прыяцеля, альбо пра якое-небудзь абавязацельства, альбо пра які-небудзь пралік, альбо якую-небудзь іншую гісторыю, якая магла б хоць з чым-небудзь звязаць іх. Але яны кінулі радзіму, і таму анішто ў іх мінулым ужо не служыла ім повяззю. Гэтае мінулае было яшчэ зусім цёплае, зусім свежае, зусім жывое, якім бывае напачатку ўспамін пра каханне. Збіраюцца ў пакет пяшчотныя лісты. Далучаюцца да іх некалькі памятных дарункаў. Усё старанна перавязваецца. I напачатку такая рэліквія агортвае сумным замілаваннем. Але вось праходзіць блакітнавокая бялянка, і рэліквія памірае. Таму што і прыяцель, і здзелка, і родны горад, і ўспаміны пра бацькоўскі дом блякнуць, калі яны перастаюць служыць чаму-небудзь.

Эмігранты разумелі гэта. Як Лісабон гуляў у працвітанне, так яны гулялі ў перакананасць, што неўзабаве вернуцца. Якая пяшчотная, салодкая адсутнасць блуднага сына! Гэта не сапраўдная адсутнасць, калі недзе ёсць бацькоўскі дом. Выйшлі вы ў суседні пакой ці адправіліся на другое паўшар'е зямлі — розніца не істотная. Іншы раз прысутнасць сябра, з якім вы нібыта ў расстанні, можа быць болей яўная, чым рэальная прысутнасць. Гэткая рэальнасць малітвы. Ніколі не любіў я так горача свой дом, як у Сахары. Ніколі жаніхі не былі бліжэй да сваіх нявест, чым брэтонскія маракі XVI стагоддзя, якія агіналі мыс Горн і старэлі ў змаганні з сустрэчнымі вятрамі. Ледзь пакінуўшы родныя берагі, яны ўжо вярталіся дамоў. Паднімаючы спрацаванымі рукамі ветразі, яны ўжо рыхтаваліся ў дарогу дамоў. Самы кароткі шлях з якога-небудзь порта Брэтані да дома нявесты пралягаў праз мыс Горн. Але мае эмігранты ўяўляліся мне брэтанскімі маракамі, у якіх адабралі нарачоных. Ніводная брэтанская нявеста не запальвала на падаконніку сціплага свяцільніка. Яны не былі блудныя дзеці. Яны былі бяздомныя блудныя дзеці, якім няма куды вярнуцца. У іх пачалося сапраўднае блуканне, блуканне па-за самімі сабою.

Як нарадзіцца нанова? Як пераматаць у сабе цяжкі клубок успамінаў? Гэты прывідны карабель, нібы чысцец, быў загружаны душамі, якія яшчэ не нарадзіліся. Сапраўды жывымі, настолькі жывымі, што іх хацелася пакратаць рукой, здаваліся толькі тыя, якія складалі неад'емную частку карабля і з усведамленнем уласнай годнасці, якую надавала ім сапраўдная справа, насілі абеды, драілі медзь, чысцілі абутак і з ледзь улоўнай пагардай абслугоўвалі мерцвякоў. Гэту лёгкую пагарду эмігранты выклікалі ў карабельнай прыслугі зусім не беднасцю. Не грошай ім не хапала, а яўнасці. Яны перасталі быць людзьмі з гэтага вось дома, зведзенымі сяброўствамі з гэтым вось чалавекам, якія мелі гэтыя вось абавязкі. Яны сіліліся гуляць ва ўсё гэта, але ўсё гэта было лухта. Ніхто не меў у іх патрэбы, ніхто не паклікаў бы іх на дапамогу. Які цуд — тэлеграма, якая скаланае вас, паднімае вас ноччу з пасцелі і прымушае імчацца на вакзал: «Прыязджай! Ты мне патрэбен!» Лёгка знайсці сяброў, якія гатовы памагчы нам. Цяжка заслужыць сяброў, якія патрабуюць нашай дапамогі. Мае здані нікому не ўнушалі нянавісці альбо рэўнасці, ніхто не прагнуў іх прыхільнасці. Ніхто не любіў іх адзінай сапраўднай любоўю. Я думаў: «Не паспеюць яны сысці на бераг, як іх пачнуць запрашаць на кактэйлі, ім пачнуць выказваць спачуванне і строіць банкеты. Але хто загрукоча ў іх дзверы з патрабаваннем