Нарач [Максім Танк] (fb2) читать постранично

- Нарач 141 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Максім Танк

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Максім Танк Нарач

Прадспеў


Прыйдзем яшчэ, вёска, твае песняры,
Не з торбамі песень жабрачных, —
Смыком серабраным на струнах зары
Табе заіграем іначай.
Прысядзем ля прызбы, на новы парог,
З вясёлым і ясным абліччам,
Вярнуўшыся з дальніх этапных дарог,
Хоць шмат каго з нас недалічым…
Ты звесіш чупрыну саломенных стрэх
Пад песні, шум цёмнага бору,
I выплывуць зоры на сіні начлег,
На сінія хвалі азёраў,
Закінуць свой невад узорны на дно,
У ціхія Нарачы тоні,
Дзе месяца толькі сталёвы нарог,
Затоплены бураю, звоніць.
I ўбачым тады, як радзімы прастор,
I песню, што просіцца з сэрца,
I струны жывыя пялёсткамі зор
Асыпле кастрычніцкі вецер;
I знікнуць туманы з дарог-каляін,
Зара чырвань-хустку накіне
На грэбень сасновых густых верхавін,
На плечы этапнай краіны.
Прыйдзем яшчэ, вёска, твае песняры,
Не з торбамі песень жабрачых, —
Смыком серабраным на струнах зары
Табе заіграем іначай.

Частка першая

І


Гэта было ў тую ноч,
Як расцвілі верасы,
Як расцвілі у бары
Ў ззянні асенняй расы.
Сетку Тацяна пляла.
Нарачы хвалі гулі.
Пад аднастайны іх спеў
Сумныя думы плылі.
«Бацька рыбачыць даўно.
Можа, навеяла што
З ветрам у човен яго
Чорная Нарачы тонь?»
Гэта было ў тую ноч,
Як расцвілі верасы,
Як расцвілі у бары
Ў ззянні асенняй расы.
«Горкая доля мая,
Доля дачкі рыбака:
Вечна з цямна да цямна
З невадам шчасця шукаць,
Вечна між хваль выглядаць
Светлых, спагадлівых зор
Ці парабчанкай хадзіць
Ў панскі, асадніцкі двор…»
Гэта было ў тую ноч,
Як расцвілі верасы,
Як расцвілі у бары
Ў ззянні асенняй расы.

2


Не раз здавалася Тацяне,
Што нехта ходзіць ля паркана
I ля акон рыбацкіх хатаў…
З вярбой самотнай, расахатай
Абняўся месяц ля затокі,
I недзе за сялом далёка
Начлежнай песні блудзіць рэха:
Знаёмым перазвонам, смехам
Яно на шыр прастораў кліча,
Дзе звоняць медныя іржышчы
I гладзь крыштальная азёраў,
Дзе мые ноч каралі-зоры.
Усюды ціха. Толькі думы
Асенні сон цалуе, цешыць,
Ды сетку сінюю без шуму
Ў трысці давязвае месяц.
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Не раз я за муром астрожным
Па родных гонях сумаваў,
Па тых бярозах прыдарожных,
Што на этапах сустракаў.
Не раз я думаў: як вярнуся
Дамоў, на волю, зноў прайду
Па нівах, сёлах Беларусі
І пад дзяругаю астрожнай
Шмат прынясу напеваў-дум.
Я іх рассею па дарогах,
Па курганах маіх братоў,
Яны ўскалосяцца на полі
Сярод жытнёвых каласоў.
Іх зрэжа некалі машына, —
Ў стальныя звонкія цапы
Падасць іх весела дзяўчына,
Сны-песні, зжатыя ў снапы.

З


— Вось госця я прывёў, Тацяна, —
Сказаў Сымон, —
Пераначуе, пойдзе рана
Ў дарогу ён.
Імгла, як хусткай, абвязала
Увесь затон,
Зблудзіць зблудзілі б мы без мала,
Каб не агонь.
Ты мо, дачка, пачаставала б.
Эх, і пара!
Паны азёры адабралі,
Няма дабра.
Сягоння горш нам, як калісьці
Бацькіжылі,
Не хлеб, а камень будзем грызці
З сваёй раллі.
Незнаёмы

Ну што ж, ці сілы у вас мала?
Склікалі б сход
Ды на змаганне падымалі б
Увесь народ!
Сымон

Бяда, брат, пачалася летась.
Садзіся, еж.
Я раскажу табе пра гэта,
Паслухай лепш.

4


Моцна ўмерзла зямля.
Лёд пакрыў нарачанскія плёсы.
Зімы яшчэ не было.
Той год да каляд
Цягнулася чорная восень.
Пагуляць пад