Гісторыя кахання [Эрык Сігал] (fb2) читать постранично

- Гісторыя кахання (пер. Алесь Асташонак) 280 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Эрык Сігал

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Эрык Сігал Гісторыя кахання

Сільвіі Хэрсчэр і Джону Флэксмэну

1


Што можна сказаць пра дзяўчыну, якая памерла ў дваццаць пяць гадоў?

Што яна была прыгожая. І разумная. Што яна любіла Моцарта і Баха. І «Бітлз». І мяне. Аднаго разу, калі яна знарок зваліла мяне ў адну груду з усімі гэтымі музыкамі, я спытаўся, які ж у гэтай грудзе парадак, і яна адказала, усміхнуўшыся: «Альфабэтны». Тады я таксама ўсміхнуўся. А цяпер сяджу і гадаю, як я значыўся ў яе спісе: калі па імені, дык ішоў следам за Моцартам, а калі па прозвішчы, дык укліньваўся паміж Бахам і «Бітлз». У любым выпадку першым не апынуўся б. Дурнота, мабыць, але гэта не дае мне спакою — я ж вырас з думкаю, што заўсёды мушу быць першы. Гэта сямейнае, разумееце?

На апошнім курсе, з самае восені, я зачасціў у бібліятэку Рэдкліфскага каледжа. І не толькі дзеля таго, каб пазыркаць на дзяўчат, хоць, прызнаюся, быў да гэтага аматар. Проста месца гэтае было ціхае, ніхто мяне там не ведаў, і попыт на кнігі ў іх быў меншы.

Да чарговага іспыту па гісторыі заставаўся адзін толькі дзень, а я яшчэ не зазіраў нават у першую кнігу прапанаванага спіса — звычайная гарвардская хвароба. Я падышоў да бібліятэчнай стойкі, каб атрымаць фаліянт, які павінен быў выручыць мяне назаўтра ўранку. Абслугоўвалі дзве дзяўчыны. Адна высокая, з фігураю тэнісісткі, другая — мышка ў акулярах. Я выбраў Крахатулю-Чатыры Вочкі.

— У вас ёсць «Схіл сярэднявечча»? — спытаўся я.

Яна кінула на мяне хуткі позірк:

— У вас жа ёсць свая бібліятэка.

— Паслухайце, гарвардцы маюць права карыстацца Рэдкліфскай бібліятэкай.

— Я кажу не аб праве, падрыхтунчык, я кажу пра этыку. У вас, хлопчыкі, пяць мільёнаў тамоў. А ў нас толькі некалькі тысяч.

Божа, нарваўся! Адна з тых кабетак, якія думаюць, што раз у Рэдкліфе ў пяць разоў болей студэнтак, чым у Гарвардзе, дык яны ў пяць разоў разумнейшыя. Звычайна я сціраў такіх у парашок, але цяпер мне пазарэз трэба была гэтая клятая кніжка.

— Паслухай, мне трэба гэта кніжка!

— Падбірай словы, падрыхтунчык.

— З чаго ты ўзяла, што я хаджу на падрыхтоўку?

— А ў цябе на твары напісана — багаты і не дужа разумны, — сказала яна, здымаючы акуляры.

— Памылілася, дзетка, — парыраваў я. — Я разумны і бедны.

— Э, не, падрыхтунчык. Гэта я бедная і разумная.

Яна так і ўтупілася ў мяне. Вочы ў яе былі карыя. Няхай, можа, з выгляду я і багацей, але я не дазволю нейкай нахабе, нават калі ў яе прыгожыя вочы, называць мяне дурнем.

— А з чаго гэта відаць, што ты такая разумная? — спытаўся я.

— Ды хоць бы з таго, што я ніколі не пайшла б з табою ў кавярню.

— Паслухай: я цябе туды ніколі і не запрасіў бы.

— А вось з гэтага, — адказала яна, — якраз і відаць, што ты не дужа разумны.

Зараз растлумачу, чаму я ўсё-такі запрасіў яе ў кавярню. Хітрамудра капітуляваўшы ў крытычны момант — прытварыўшыся, што мне раптам захацелася выпіць з ёю кавы, — я атрымаў сваю кнігу. А паколькі яна не магла пайсці да закрыцця бібліятэкі, я меў дастаткова часу, каб засвоіць некалькі важкіх фраз аб перамяшчэнні апоры каралеўскае ўлады з духавенства на законнікаў у канцы адзінаццатага стагоддзя. На іспыце я атрымаў «А»[1] з мінусам — якраз тую адзнаку, што даў я нагам Джэні, калі яна ўпершыню выйшла з-за стойкі.

Не магу сказаць, што я гэтаксама высока ацаніў яе касцюм — задужа кідкі, як на мой густ. Асабліва не спадабалася сумка — нейкая торба ў індзейскім стылі. На шчасце, я не сказаў ёй пра гэта — потым я даведаўся, што торба была яе ўласнай прыдумкаю.

Мы пайшлі ў «Гном» — маленькую кавярню-бутэрбродную, куды, нягледзячы на назву, пускалі і людзей звычайнага росту. Я замовіў дзве кавы, а ёй яшчэ і шакаладнае пірожнае з марозівам.

— Мяне завуць Джэніфэр Кавілеры, — сказала яна. — Я амерыканка італійскага паходжання.

Усё роўна як я сам не здагадаўся б.

— Я займаюся музыкай, — дадала яна.

— Мяне завуць Олівэр, — сказаў я.

— Гэта імя ці прозвішча? — папыталася яна.

— Імя, — адказаў я, а потым прызнаўся, што маё поўнае імя — дакладней, большая яго частка — Олівэр Барэт.

— О, — усклікнула яна, — Барэт!.. Як у паэткі[2]?

— Як у паэткі, — пацвердзіў я. — Але мы не радня.

Я парадаваўся ў душы, што яна не задала звыклага і вельмі непрыемнага мне пытання: «Барэт? Як Барэт-хол?» Я ж цярпець не мог, калі мне нагадвалі, што я з радні «чувака», які пабудаваў Барэт-хол — сама вялікі і сама брыдкі будынак у Гарвардскім універсітэцкім гарадку, каласальны помнік нашаму сямейнаму багаццю, фанабэрыстасці і нязноснаму гарвардызму.

Запала маўчанне. Няўжо мы так хутка вычарпалі тэмы для размовы? Ці яна страціла цікавасць да мяне, даведаўшыся, што я не даводжуся паэтцы раднёю? Што ж здарылася? Яна проста сядзела і з ледзь прыкметнай усмешкаю глядзела на мяне. Каб чым-небудзь заняцца, я пачаў гартаць яе сшыткі. У яе быў дзіўны почырк — дробны, завостраны,