Цырк на ўсю Эўропу [Юстын Альковіч] (fb2) читать онлайн

- Цырк на ўсю Эўропу 24 Кб скачать: (fb2)  читать: (полностью) - (постранично) - Юстын Альковіч

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Юстын Альковіч Цырк на ўсю Эўропу


У правінцыйным гарадку заезжы цырк пачаў несці страты. Дырэктар цырка Ціцянок што ні рабіў, як ні стараўся — не гараць людзі жаданнем ісці да яго, хоць ты забіся. Шчыра кажучы, а хто туды пойдзе, калі там такое дзеецца. Мяркуйце самі. Канферанс'е (яго функцыі выконвае блазан, былы доктар камумістычных навук Іван Іванавіч Пантановіч) узнёсла аб'яўляе:

— Зараз на арэну выйдзе Ян Чэўскі — чалавек-патрыёт з фенаменальнай памяццю!

У шляхетным фраку і цыліндры на арэну выкочваецца пузаты карлік. Казалі, небарака ў маленстве бомкнуўся галавой, ды так з тае пары і застаўся прыпыленым. Дык вось, карлік з важнецкім выглядам няспешна соўгаецца туды-сюды, размаўляе па дзіцячым мабільніку і заўзята калупаецца ў носе, затым патрыятычна выпівае ажно вядро фанты і надоўга знікае за кулісамі. Зала пачынае шумець, выказваць незадавальненне. Тады зноў з'яўляецца блазан (ці доктар навук — як каму больш падабаецца) і супакойвае:

— Шаноўная публіка! А зараз Ян Чэўскі з уласнага брандспойта патрыятычна замочыць ажно трэці рад!

Усе, хто сядзеў у першых радах, панічна пырхнулі, як куры перад шашком. А доктар (ці блазан камуністычных навук — як каму больш даспадобы), крычыць наўздагон:

— Уцякаць ня мае сэнсу! Я ж вам казаў, што хлопчык з фенаменальнай памяццю!

Ну які ж гэта дурань пасля такіх фокусаў папрэцца ў той паганы цырк?

Вядома, што нават з самых нявыкрутных варункаў заўсёды маецца выйсце, і Ціцянок упарта шукаў яго.

Аднойчы дырэктара наведаў нейкі дзіўны чалавек у цёмных акулярах, назваўся: рэжысёр Зяма Талін. Раней служыў у войску, дасягнуў высокага чыну на ніве ідэалогіі. Пасля развалу бальшавіцкай імперыі завіхаецца ў шоў-бізнесе: цяпер мае трывалыя сувязі з гаспадарамі самых высокіх кабінетаў і нагой адчыняе тыя дзьверы. Напрыканцы сустрэчы рэжысёр прапанаваў свой незвычайны атракцыён, атракцыён будучага: «Дванаццаць маладзіц і адзін дзяцюк!» Дзецям да шаснаццаці глядзець ня мае сэнсу.

Ціцянок ўхапіўся за нечаканую прапанову, як п'яны за плот. Раскашэліўся на рэкламу: раскідалі ўлёткі, расклеілі афішы. Па гораду папаўзлі дзівосныя чуткі.

І вось прэм'ера. Народ папёр дзевятым валам!

Першае аддзяленне, дзе паўтаралася ранейшае, глядзелі не надта. А што там глядзець? Жанглёра Латыпа Задрыпава, у якога і без падагры ўсё валіцца з рук з тае пары, як стала ўсім вядома, што ён стукач са стажам; дрэсіраваныя галубкі салдафона Сівачкова, што на галовы-спіны гледача мецілі аўтографы; блазан са сваімі дэбільнымі хохмамі, які вучыў асла гуляць у шашкі, а той упарта коўзаўся на лыжах па асфальце. Публіцы гэта даўно абрыдла, таму ўсе нецярпяліва чакалі новы атракцыён.

І вось у антракце на манеж выносяць дванаццаць шыкоўных арабскіх канапаў пад балдахінамі, закупленыя на выручаныя грошы ад продажу (ні то Ірану, ні то Іраку) сакрэтнага трактара на паветранай падушцы, за што для дырэктара прадпрыемства, які выпусціў тую стратэгічную машыну, пракурор Рэйман запатрабуе вышэйшай меры пакарання, хаця ўсе ведалі, што гешэфты пад прыкрыццем нейкіх засакрэчаных эскадронаў здзейсняў менавіта рэжысёр Зяма Талін.

Апошні званок. Затухае святло. Дырыжор Мотал Фінкельбром, ён жа і сенатар-аматар (казалі, калісьці Мотал з костак роднага бацькі скляпаў даміно і выгадна распрадаў яго, за што мазырская радня выраклася таго адмарозка. Тады Мотал кінуўся шукаць шчасце ў сталіцы, дзе яму раптам падфарціла. Пры падтрымцы ўсемагутнага Кабзон-картэля ён па галовах сваіх падманутых калег шпарка залазіць аж на самую вяршыню славы і прыватызуе яе. Затым у нейкага спіўшагася бамжа за флакон ласьёну агулам набывае яго прафесарскі дыплом, ганаровыя званні, свецкую імпазантнасць, і з гэдкай саліднай ліпай выплывае ў сенатары!) Нарэшце ліпавы сенатар узмахнуў — залу напоўніла чароўная мелодыя «Шахеразады». На сцэне паміж пальмаў, руж і піжоністых паўлінаў гарэм ні то шаха, ні то падзішаха, дзе сярод еўнухаў салодкім дуэтам галасіста заліваюцца блакітныя кенары Сохапаў з Падгаеўскім. Экзотыка Ўсходу адразачку настаўляе гледача на рамантычны лад. Зачарованая казачнай прыгажосцю, публіка нават не варухнецца, прыціхлі ўсе, як тыя малыя дзеткі, - ад здзіўлення аж рот разявілі

Грацыёзна пагойдваючы бёдрамі і голымі цыцкамі, пад чароўную мелодыю на арэну няспешна выплываюць дванаццаць цудоўных амазонак — адна лепшая за другую. Аднак і ў такой адмысловай кампаніі выдзяляліся сваёй красой і выбітнасцю непараўнальныя артысткі Тамарка Свіннікава (№ 8), Натка Таршэрава (№ 11) і Лідка Гармошына (№ 12). Эратычны танец жывата пераканаўча акрэсліў хараство і прывабнасць новага стандарту афіцыйнай жаноцкасці, што зала ацаніла нават без рэферэндуму. Абаяльныя амазонкі з усмешкай Джаконды элегантна ўзнеслі сваю нерастрачаную прыгажосць пад балдахіны падзішахскай раскошы, і дзеля райскай асалоды доўга пяшчотна люлялі эратычную спакусу.

Народ краіны, дзе па дзяржаўнай статыстыцы сексу даўно няма, ажно шалеў ад убачанага. Нават бывалы тэлемагнат Рыгор Кампот не вытрываў такой экзэкуцыі, застагнаў, закрычаў: «Ой, мамачка родненькая!» — і споўз з крэсла ў непрытомнасці. Некалькі студэнтаў, сярод якіх былі заўважаны тэлезоркі Ягор Рыбаконь і альбінос Зімоцкі, рвануліся пад пальмы з жаданнем кінуцца да грудзей спакуслівых прыгажунь, як раптам у гарэме штосьці бабахнула. Калі дым развеяўся, усе ахнулі: на месцы выбуху ў позе лотаса сядзеў нейкі мужычок, у шахскай чалме, ледзь прыкрыты набедранай павязкай. Яго густыя чорныя вусы дужа кагосьці нагадвалі. (Няўжо і праўда той самы! Але ж чаму чалма, а не хакейны шлём?) А між тым, мужычок сатварыў няхітрыя маніпуляцыі рукамі, нешта накшталт малітвы (размаўляў ні то з небам, ні то з пеклам). Затым падняўся і неяк дзіўна падкраўся да Першай амазонкі. Публіка зніякавела.

Прыгажуня Канстытуцыя ляжала перад ім голенькай, безабароннай, як ахвяра перад удавам. Гэты спелы персік быў настолькі прывабным, што набедраная павязка мужычка і сапраўды заварушылася, вочы бліснулі д'яблаўскім агеньчыкам і, не звяртаючы ўвагі на дворню (так учыняе, напэўна, толькі сапраўдны шах!), нечакана для ўсіх ён распачаў менавіта тое самае пікантнае, за што дзецям вечна пападае ад бацькоў. Ды яшчэ як распачаў, - вось што значыць шах: шахнуў дык шахнуў! (А мы ж думалі проста нейкі мужычок).

Публіка ачомалася, радасна затупала, і са свінячым віскам узарвалася воплескамі. Атмасфера гарэма і шахскі імпэт усю залу — ад першага рада да галёркі — раптам ахінуў дух Вакха і публіка завялася не на жартачкі. Вочы вакханак заззялі шалёным бляскам, і здавалася, што ў тым бляску купаецца сам сатана.

Прадэманстраваўшы «вышэйшы пілатаж» і элегантную перамогу на Канстытуцыі, мужычок пад гром апладысментаў, як той Цэзар, нарэшце пакінуў спакуслівую Кляпатру і ўрачыста перайшоў другі Рубікон. Наступнай ахвярай стала Воля. Публіка ажно зайшлася ў захапленні! Гучаць воклічы: «Брава! Братка, давай яшчэ!» Пад несціханы гул авацый з тым жа поспехам была зваявана трэцяя прыгажуня — Прэса, за ёй чацвертая — Феміда, і нарэшце самая юная — Дэмакратыя!! Пяць ашаламляльных актаў раскалілі атмасферу да таго, што зала бурліла, як жэрала вулкана, і пад рытмічныя завіханні мужычка дружна лямантавала: «Шай-бу! Шай-бу!» Мужычок ад такой гарачай падтрымкі, здаецца, і сапраўды адчуў сябе на кані, бо даволі эфектна праходзіць Шостую серыю і трыўмфальна заканчвае Сёмую! Фантастыка!!

Што рабілася ў зале! Штаніны мужыкоў лопаліся, як пераспелы боб. Дзеўкі-бабы проста шалелі. Сарваўшыся нібы… самі ведаеце з чаго, у пошуках… самі ведаеце чаго, яны апантана шнарылі па шырынках і ўпарта цягнулі мужыкоў на сябе. Не менш адчайныя джыгіты сядлалі дзевак тут жа ў крэслах. Той стагнаў, той біўся ў істэрыцы, той смактаў валідол. Дырыжор Мотал, не ў стане вытрываць такія жарсці, зламаў дырыжорскую палачку і палітычную кар'еру, закаціўшы вочы, адчайна драіў уласны «смык» перад усім аркестрам. Вядомая публіцы сваімі фантастычнымі радыёруладамі флейтыстка Нінка Шайка, убачыўшы такі «інструмент» перад самым носам, з гарачкі забылася дзьмуць і парывалася дапамагчы дырыжору сваімі разбэшчанымі пухленькімі вуснамі.

А тым часам мужычок (а можа ўсё-такі шах!) дабраўся да восьмай прыгажуні, але яго пілатаж больш нікога не цікавіў — усіх ачмурыла ўласная спакуса, і групавухай давалі такога дразда, што й сам драздоўскі шах мог пазайздросціць! Чулая душа артыста тонка ўлавіла падзенне свайго рэйтынгу (а можа і кар'еры). Магчыма, гэта акалічнасць і стала прычынай таго, што Дзевятую цытадэль ён штурмаваў ужо не з тым імпэтам. Дзесятая ўдалася яшчэ горш, а на Адзінаццатай наогул здарыўся канфуз.

Што тут пачалося… Шаноўная публіка палічыла сябе жорстка падманутай. Такога падману яна б не даравала нават Філарэту. Пачуўся свіст і гнеўныя воклічы: «Халтура! За што мы грошы плацілі!!!», і ў адно імгненне кумір быў сапхнуты з п'едэсталу. Здрада не мае маралі! З-пад крэслаў выпаўзалі ўзмыленыя парачкі, і не паспеўшы падняцца з кален, крута мянялі галс — прымаліся бурна пратэставаць, хаця з падраных кофтачак-штанін яшчэ не выветрыўся дым былых баталій. Пад той шумок кабеты ліхаманкава шукалі: хто спадніцу, хто чаравік, хто падраныя калготкі.

Трохі астыўшы, партнёры гнеўна касіліся на колішні прадмет сваёй жарсці і гідліва пляваліся — масавае памутненне перарасло ва ўсеагульную нянавісць. Раптам натоўп кінуўся нішчыць усё навокал. На арэну паляцелі паламаныя крэслы, парасоны, мыліцы. Амазонкі хуценька рэціраваліся, і толькі голы шах (а можа проста мужык у чалме) яшчэ сіліўся нешта тлумачыць сваім колішнім прыхільнікам, але яго ўжо ніхто не слухаў. Больш за тое, раз'юшаны натоўп ледзь было не пазбавіў палавога гіганта яго гонару і багацця: некалькі фурый падкраліся з тылу, нечакана наваліліся і ўжо збіраліся славуты агрэгат парэзаць на пятакі, і толькі спрытныя ногі ўратавалі куміра ад народнай інквізіцыі.

Пасля бурнай вакханаліі ўсе неяк раптам зрабіліся гарачымі прыхільнікамі маралі, імкнуліся выглядаць свяцейшымі нават за Рымскага папу Зянона. Ім так карцела хутчэй загладзіць сваю мінутную слабіну калі не малітвай, то хаця б расправай з заганай. І тут натоўп, па закліку вядомага трыбуна Пашкі Якутовіча, рвануў за кулісы. Тады садыст Сівачкоў спускае з ланцуга мядзьведзя. Ваяры панічна рынуліся назад, топчачы слабейшых, губляючы па дарозе чаравікі, акуляры, імпартныя сківіцы, крылатыя пракладкі і іншую дробязь. На шчасце, побач не здарылася міліцыі, а то б не мінуць чарговай Нямігі.

Нарэшце народ схлынуў. Праўда, нейкая кабета, зашыўшыся ў кут, яшчэ доўга галасіла ды тупа далдоніла: «Што я дома скажу, — ён жа мяне заб'е!», і сілілася прыкрыць акрываўленыя лыткі рызманамі падранай спадніцы. Ёй далі выпіць мікстуры, якой звычайна супакойваюць сланоў, затым ласкава, нібы Чырвоную шапачку, выправілі дахаты.

У поўнай цішыні цырк уяўляў сумнае відовішча. Убачыўшы карціну пагрому, дырэктар у роспачы хапаўся за сэрца: «Я прапаў! Божа літасцівы, я банкрут!» І тут зноў накаціла насланнё, якое апошнім часам пазбавіла яго сну: разадраны бел-чырвона-белы, суровыя твары, лес ускінутых сціснутых у кулак рук, гатовых разадраць анціхрыста. Ціцянок задрыжэў, абмяк, стомлена плюхнуўся на бар'ер манежа і загаласіў як баба.

Жахлівае відовішча дапаўняў драўляны пратэз нейкага ветэрана, што журботна тырчэў сярод крэслаў цудам ацалелага шостага рада. Прысутныя моўчкі схілілі галовы над аблезлай гравіроўкай ветэранскай рэліквіі: «Славному воину от наркома Клима Ворошилова». Побач валяліся пачакі гумовых вырабаў № 2, - апошняя ўзнагарода ветэранам вайны ад імя ЦК кампартыі і Савецкага ўрада ў гонар дня Перамогі!

Паступова жарсці сцішыліся. Дырэктар ачуняў і загадаў выбітыя вокны заляпіць фанерай. Затым сабраў артыстаў, пайшла разборка палётаў. (Рэжысёра Зяму Таліна так і не знайшлі. Казалі, непатапляльны прафан-многастаночнік пазней выплыў недзе ў Чачні з новымі гешэфтамі).

Нядаўні кумір і пуп праграмы, карацей кажучы, былы шах толькі разводзіў рукамі:

— Пан дырэктар, я і сам не разумею, як такое магло стацца. Сёння з раніцы тры разы рэпетыравалі — усё атрымлівалася цудоўна!

Дырэктар аж вылупіў вочы. «Ну й кабель, — падумаў Ціцянок. — Колькі яшчэ вытрывае яго прастата?»

Праўдзівасць такога меркавання падцвердзіў увесісты камень, што скалануў фанерную шыбу. Так падлеткі, якіх не пусцілі на прэм'еру, выказвалі сваю ўдзячнасць. Абкураныя нейкім зеллем, яны, нібы ўз'юшаныя зубры, дзікім ровам аглушалі наваколле і крэмзалі на сценах цырка непрыстойнасці. Усю ноч пад тымі сценамі мітынгавалі фаны з патрабаваннем: «Далоў лядовы палац — даеш футбольны манеж!» Натоўп разрастаўся. З-пад палы ваўсю ішоў гандаль наркатой, парнухай, зброяй. Нейкі прапаршчык спрабаваў збыць гранатамёт, зенітныя прыцэлы і балістычную ракету. Хлопцы з бычынымі шыямі мянялі «даляры-марачкі, марачкі-даляры!», суцянёры прапаноўвалі свой тавар — начны горад жыў звычайным багемна-крымінальным жыццём. Пад раніцу да фанаў далучыліся алкашы з лозунгам «Цэнам на гарэлку разумную палітыку!»

Міліцыя хапун не ладзіла — палітыкай тут не пахла.