Чалавек ідзе [Янка Маўр] (fb2) читать постранично

- Чалавек ідзе 161 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Янка Маўр

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Янка Маўр Чалавек ідзе

I Старадаўнія часы. - Царства звяроў. - Ці людзі? - Няўдалае паляванне. - Падвячорак з пацука. - Начлег на дубе.


Гэта было даўно-даўно... Можа, мільён гадоў назад. Дакладна сказаць нельга, але прыблізна навука ведае, калі і як гэта было. Ёсць сведкі з таго часу: розныя знакі, рэчы, расліны, косці, каменні, нават самыя пласты зямлі, якія досыць праўдзіва могуць расказаць цікавыя гісторыі з таго часу. Трэба толькі навучыцца іх разумець...

З такіх помнікаў і склалася гісторыя, аб якой тут гаворыцца.

У тыя часы наша Эўропа мела зусім не такі выгляд, як цяпер. Мора займала ўсю сучасную Паўднёвую Эўропу і даходзіла да Альпаў, а ў нас - да нізоўяў Дняпра і Волгі.

Каўказскія, Крымскія горы, Альпы, Апеніны тады толькі што пачыналі падымацца ад зямлі. Усюды дзейнічалі вулканы, нават у такіх месцах, дзе цяпер аб гэтым ніхто і не думае, напрыклад, у сучаснай Германіі, Англіі. Казбек, Эльбрус выкідалі агонь, попел, лаву.

Паступова, павольна, на працягу соцень тысяч гадоў Эўропа прымала той выгляд, які мае ў нашы дні.

І клімат быў іншы, значна цяплейшы, напрыклад, як цяпер у Паўночнай Афрыцы.

Адпаведна гэтаму і расліннасць была больш разнастайная і багатая. Фігавыя і лаўравыя дрэвы раслі разам з хваёвымі. Разам з дубам, клёнам і вязам падымаліся пальмы, а нашы бярозы і вербы стаялі побач з міртамі, магноліямі і алеандрамі.

Уся гэтая расліннасць складала велізарныя лясы, якія займалі большую частку Эўропы. Насельнікамі гэтых лясоў былі ўсялякія звяры, з якіх адны дайшлі да нашага часу бадай што такімі самымі, як былі, другія значна змяніліся, а трэція зусім зніклі, і іх цяпер называюць «дапатопнымі».

Былі і стэпавыя прасторы, дзе вольна бегалі стэпавыя звяры.

Нідзе толькі не відаць было слядоў чалавека. Ніводнага чалавечага жылля не было ва ўсёй краіне. Аніводнага чалавечага слова не чулася на ўсёй прасторы. Аніводнага паляўнічага не сустракалі звяры на сваёй дарозе.

Гэта было сапраўднае «царства звяроў». Яны былі гаспадарамі ўсяе зямлі...

Але вось на адной палянцы з'явіўся гурток нейкіх стварэнняў, якія ішлі на дзвюх нагах. Можа, гэта і ёсць людзі?

Не, здаецца, гэта малпы, бо ўсё цела іх пакрыта поўсцю. Галава доўгая, выцягнутая спераду назад, а зверху нібы прыплюснутая. Ілба, бадай, зусім няма, а які ёсць, дык не разбярэш, дзе ён пачынаецца. Нос таксама пляскаты, пераноссе ледзь прыкметнае. Вочы сядзяць надта глыбока, а косць над імі выступае наперад, як страха.

Падбародак ледзь вызначаецца, а вялізныя сківіцы высунуліся наперад, як і ў кожнага добрага звера.

Рост іх быў невялікі, плечы шырокія, а рукі занадта доўгія. Ногі ж, наадварот, вельмі кароткія.

Адным словам, зусім не такі выгляд, як у нас з вамі.

Але з другога боку, калі добра прыгледзецца, то і ад малпаў яны значна адрозніваліся. Перш за ўсё, яны ўвесь час хадзілі і стаялі толькі на дзвюх нагах і хадзілі цвёрда, амаль што прама, абапіраючыся на зямлю ўсёй падэшвай.

Малпы ж, як вядома, ніколі гэтак не ходзяць. Калі ім і здараецца прайсціся на дзвюх нагах, дык усяго некалькі крокаў, але і тады яны ступаюць на зямлю толькі бакамі падэшвы, як часам ходзяць дзеці з вельмі крывымі нагамі.

Адна толькі хада паказвала ўжо, што гэтыя істоты ні ў якім разе не могуць быць малпамі.

Ды і другія адзнакі таксама аб гэтым сведчылі. Напрыклад, рукі хоць былі і даўжэйшыя за нашы, але ж карацейшыя ад рук малпы. Апрача таго, відаць было, што і трымаюцца рукі вальней, як у малпаў. Калі наша сучасная чалавекападобная малпа ідзе на дзвюх нагах, яна рукамі дастае да зямлі, нават абапіраецца імі перад сабой, закідваючы ногі за рукі. А тут зусім іншая справа. Відаць было, што гэтыя стварэнні прывыклі ўжо рабіць рукамі разнастайныя рухі.

Далей, калі галава і морда зусім не падобны былі да чалавечых, - затое таксама адрозніваліся і ад малпавых. Хоць лоб быў маленькі, але ўсё ж такі большы і, галоўнае, не такі пахілы, як у малпы.

І ўрэшце, самая галоўная адзнака - гэта велічыня чэрапа, альбо, праўдзівей сказаць, аб'ём мазгоў, што могуць у ім змясціцца. Самая разумная і вучоная сучасная малпа мае аб'ём мазгоў напалову меншы ад гэтага чалавека*.

* Сярэдні аб'ём чэрапа сучасных чалавекападобных малпаў - 600 куб. см, а ў гэтых істотаў - 1200 куб. см. Сярэдні аб'ём чэрапа сучасных людзей 1400-1600 куб. см.

Такім чынам выходзіць, што перад намі не малпы, а нешта накшталт людзей. І сапраўды: гэта былі першыя істоты, якім больш-менш можна было ўжо даць назву чалавека.

Не адразу яны з'явіліся гэткімі. Мільёны гадоў прайшлі, пакуль яны зрабіліся такімі, якімі мы тут іх бачым. Таксама, як шмат соцень тысяч гадоў павінна было прайсці пасля іх, пакуль мы зрабіліся такімі, якія мы цяпер ёсць.

Доўгі час людзі нічым не адрозніваліся ад малпаў, а яшчэ раней, - наогул ад жывёл. Можа, выпадкова іх дзяды трапілі ў іншыя ўмовы жыцця, дзе давялося больш быць на зямлі, чымся на дрэвах, дзе рукі іх пачалі прывыкаць да другой