Курган [Янка Купала] (fb2) читать постранично

- Курган 23 Кб скачать: (fb2)  читать: (полностью) - (постранично) - Янка Купала

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Янка Купала Курган


I

Паміж пустак, балот беларускай зямлі,
На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай
Дрэмле памятка дзен, што ў нябыт[1] уцяклі, -
Ўдзірванелы[2] курган векавечны.
Дуб галлё распусціў каранасты над ім.
Сухазелле у грудзі ўпілося;
Вецер стогне над ім уздыханнем глухім, -
Аб мінуўшчыне ў жальбах галосе.
На купалле там птушка садзіцца, пяе,
У піліпаўку[3] воўк нема вые;
Сонца днём распускае там косы свае,
Ночкай зоры глядзяць залатыя.
Хмары неба ўсцілалі мо тысячу раз,
Перуны білі з краю да краю, -
Ён стаіць - гэта памяць людская, паказ...
Толькі гутарка ходзіць такая.

II

На гары на крутой, на абвітай ракой,
Лет назад таму сотня ці болей,
Белы хорам стаяў, недаступнай сцяной
Грозна, думна[4] глядзеў на прыволле.
У нагах у яго рассцілаўся абшар[5]
Хвоек гонкіх і пахані чорнай,
Сонных вёсак шары[6], хат амшалых[7], як мар,
Хат з сям'ёй душ падданых, пакорных.
Князь у хораме жыў, слаўны свету ўсяму,
Недаступны і грозны, як хорам;
Хто хацеў, не хацеў - біў наклоны яму,
Спуску, ласкі не знаў непакорам.
Зневажаў, катаваў ён з дружынай сваёй;
Стражы князевы - ў полі і дома,
Толькі модлы[8] раслі небу ў сэрцах людзей,
І пракляцце расло пакрыёма[9].

III

Раз бяседа[10] вялікая ў князя была:
На пасад дачку княжну садзілі[11]:
За сталом він заморскіх крыніца цякла,
Бегла музыка ўкруг на паўмілі.
На вяселле-разгул наплыло, як на сход,
Госці знатных зусюль, за паўсвету,
Гэткай гучнай бяседы не номніў народ,
Гэткіх скарбаў, брыльянтаў[12], саетаў[13]!..
Дзень, другі ўжо грымела у князя гульня,
І музыкі, і чаркі звінелі;
Выдумлялі забаў новых кожнага дня;
Што хацелі - ўсяго госці мелі.
Ажно трэцяга дня князь прыдумаў адну
Для дружыны пацеху-забаву:
Загадаў ён пазваць гусляра[14]-старыну,
Гусляра з яго ведамай славай.

IV

Акалічны народ гуслі знаў гусляра;
Песня-дума за сэрца хапала;
Вакол гэтай думы дудара-званара
Казак дзіўных злажылась нямала.
Кажуць, толькі як выйдзе і ўдарыць як ён
Па струнах з неадступнаю песняй, -
Сон злятае з павек, болю цішыцца стогн,
Не шумяць ясакары[15], чарэсні;
Пушча-лес не шуміць, белка, лось не бяжыць,
Салавей-птушка ў той час сціхае;
Паміж вольхаў рака, як штодзень, не бурліць,
Паплаўкі рыба-плотка хавае.
Прытаіцца да моху русалка, лясун,
Каня[16] вечнага «піць» не заводзіць:
Пад звон-песню жывучых гусляравых струн
Для ўсіх папараць-кветка ўзыходзіць.

V

Прывяла гусляра з яго ніўных сяліб
Дворня князева ў хорам багаты:
Пасадзіла на ганку, між клёнаў і ліп,
На цагляным парозе магната[17].
Невыдумная світка[18] - убор на плячах,
Барада, як снег белы - такая,
Незвычайны агонь у задумных вачах,
На каленях ляглі гуслі-баі.
Водзіць пальцам худым па сталёвых струнах,
К песні-музыцы ладзіцца, строе;
Водклік б'ецца ад струн па сцюдзеных сцянах,
Заміраючы ў сховах пакояў.
Вось настроіў, навёў тон у струнах як след,
Не зірнуўшы на гулі ні разу,
І сядзіць гэты сумны, як лунь[19], белы дзед,
І чакае ад князя прыказу.

VI

- Што ж маўчыш ты, гусляр, ніў, лясоў песнябай,
Славай хат маіх подданых слаўны?!