Марэла [Эдгар Аллан По] (fb2) читать постранично

- Марэла (пер. Марына Дзергачова) 11 Кб скачать: (fb2)  читать: (полностью) - (постранично) - Эдгар Аллан По

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Эдгар Алан По Марэла

Αὐτὸ καθ’ αὐτὸ μεθ’ αὐτὸῦ, μονοειδὲζ ἀει ὂν.

Сабой, толькі сабой, у сваім вечным адзінстве.

Платон, “Бяседа”

З глыбокай, але дзіўнай прыязнасцю згадваю я сваю сяброўку Марэлу. Выпадак звёў нас шмат гадоў таму, і з самае першае сустрэчы душа мая загарэлася нязнаным ёй датуль полымем. Але запаліў яго не Эрас, і горка-пакутна думаў я, што не магу ніяк зразумець яго незвычайнага сэнсу ці кіраваць яго цьмянай сілай. Але мы сустрэліся, і лёс прывёў нас да алтара, і ніколі я не казаў пра жарсць і не думаў пра каханне. Яна пазбягала людзей і, прысвяціўшы ўсю сябе мне аднаму, зрабіла мяне шчаслівым, бо шчасце – у марах, шчасце – у здагадках.

Вучонасць Марэлы была надзвычайнай. Клянуся сваім жыццём, таленты ейныя былі не тымі, якімі хваляцца звыклыя людзі, – моц ейнага розуму была тытанічнай. Я адчуваў гэта і стаў яе вучнем – ва ўсіх сэнсах. Хутка я заўважыў, што яна – магчыма, з прычыны свае Прэсбурскае адукацыі – давала мне містычныя творы, якія звычайна лічаць проста адкідамі ранняе нямецкае літаратуры. Я не мог зразумець прычынаў гэтага, але яны былі ўлюбёным і заўсёдным прадметам яе вывучэння, а з часам сталі і маім, што можна патлумачыць простым, але ўладным уплывам звычкі і прыкладу.

Ва ўсім гэтым, наколькі я ведаю, розум мой не браў ніякага ўдзелу. Мае перакананні – ці я забываюся? – ніяк не закраналіся ідэальным, і ніякае адценне містыцызму, пра які я чытаў, – ці я памыляюся? – не афарбоўвала маіх думак і ўчынкаў. Упэўнены ў гэтым, я цалкам аддаўся кіраўніцтву свае жонкі і з непахіснаю рашучасцю рушыў у лабірынт яе заняткаў. А потым – потым, калі, схіляючыся над забароненымі старонкамі, я адчуваў, як забаронены дух абуджаецца ўва мне, – Марэла клала сваю халодную руку на маю і наварушвала ў попеле мёртвае філасофіі некалькі прыглушаных, дзіўных словаў, чыё цьмянае значэнне выпаленае ў маёй памяці. А потым, гадзіну за гадзінай, я ўсё сядзеў ля яе і цалкам аддаваўся музыцы яе голасу, пакуль урэшце ў мелодыю не закрадаўся страх, і падаў цень на маю душу, і я бляднеў, і дрыжаў унутры ад гэтых звышнатуральных гукаў. Так радасць раптам зрыналася ў жах, і найчароўнейшае рабілася найагіднейшым, як Гінан стаў Геенай.

Няма набходнасці падрабязна апісваць гэтыя даследаванні, якія, пачаўшыся са згаданых мной трактатаў, сталі адзінай нашай – маёй і Марэлы – тэмай для размовы. Хто вывучаў тое, што можна назваць тэалагічнай этыкай, лёгка ўявіць іх сабе, хто не вывучаў – наўрад ці іх зразумее. Неўтаймаваны пантэізм Фіхтэ; Παλιγγενεσια * піфагарэйцаў і асабліва вучэнне Шэлінга пра тоеснасць былі найбольш прывабнымі тэмамі для багатага ўяўлення Марэлы. Тоеснасць, якая называецца асабістай, спадар Лок слушна, на мой погляд, вызначае як нармальнасць разумнае істоты. І калі пад асобай мы разумеем істоту, якая мысліць, і калі свядомасць заўсёды ідзе з мысленнем поруч, гэта і ёсць тым, што робіць нас “самімі сабой”, тым, што аддзяляе нас ад іншых існаванняў, якія таксама мысляць, і надае нам асабістую тоеснасць. Але principium individuationis **, ідэя гэтае тоеснасці, якая пасля смерці страчваецца ці захоўваецца навечна, заўжды выклікаў ува мне нястрымную цікавасць, хутчэй нават не праз свае дзіўныя наступствы, а праз усхваляванасць, з якою Марэла згадвала пра гэта.

* Перасяленне душы.

** Індывідуальны пачатак.

Але прыйшоў час, калі таямніца мае жонкі пачала прыгнятаць мяне, бы ліхі заклён. Я не мог больш трываць дотыкаў ейных бледных пальцаў, ціхае музычнасці ейнае мовы, бляску ейных сумных вачэй. Яна заўважала гэта, але не дакарала: яна нібы ведала пра маю слабасць ці маю дурноту і, усміхаючыся, называла гэта лёсам. Яна ведала, мабыць, і невядомую мне прычыну майго паступовага адчужэння, але ніколі нават не намякала мне на яе сутнасць. Усё ж яна была жанчынай і чэзла з кожным днём. Прыйшоў час, калі чырвань заліла ейныя шчокі і блакітныя жылкі выступілі на бледным лобе. І тады на момант усяго мяне ахапіла шкадаванне, але тут жа я сустрэў ейны шматзначны позірк, і зноў дух мой саслабеў і галава закружылася, нібы я зазірнуў у змрочную недасяжную бездань.

Ці трэба казаць, што я неадступна і палка прагнуў смерці Марэлы? Я прагнуў, але яе кволы дух чапляўся за зямную абалонку шмат дзён, шмат тыдняў і надакучлівых месяцаў, пакуль мае скатаваныя нэрвы не адолелі розум. Мяне ятрыла гэтая затрымка, і злым сваім сэрцам я пракляў горкія дні, гадзіны і імгненні, якія ўсё расцягваліся, як цень пры канцы дня, пакуль слабела яе пяшчотнае жыццё.

Але адным восеньскім вечарам, калі вятры сціхлі ў нябёсах, Марэла паклікала мяне да свайго ложка. Над усёй зямлёй была слабая смуга, і гэткая ж над вадою, і вясёлка ўпала з небасхілу ў лісце кастрычніцкага лесу.

– Гэта дзень між дзён, – сказала яна, калі я наблізіўся, – дзень між дзён, калі прыходзіць жыццё альбо смерць. Гэта дзень сыноў зямлі і жыцця – і таксама дзень дачок нябёсаў і смерці!

Я