Так не часта, на жаль, ах, не часта,
толькі ў міг, калі добры бываю,
за хацінаю роднаю бачу
ў звоне птушак
і ў квецені сад.
На парозе,
стаптаным парозе,
сядзіць маці, прычэсвае пасмы,
напяваючы, як заклінанне,
нечуваную песню-малітву:
— СІВЫ ВОЛАС — ЖАЎРАНКУ,
ЧОРНЫ ВОЛАС — ЛАСТАЎЦЫ,
А РУСЯВЫЯ КОСКІ
Ў КАЛЫСКУ — СЫНОЧКУ...
Валаскі, што апалі, збірае
ды пускае з далоні на вецер,
каб у птушак маленькіх было
з чаго віці сабе гняздзечкі.
А за спінаю дзверы — правалам,
і халодныя сенцы — магілай.
Узнімаецца цяжка матуля
і знікае — у чорным правале.
За хацінаю сад абгарэлы
ў чорнай квецені кожную весну.
Ах, з чаго цяпер птушка малая
будзе віці сабе гняздзечка?
Последние комментарии
5 часов 49 минут назад
16 часов 9 минут назад
1 день 4 часов назад
1 день 11 часов назад
1 день 12 часов назад
1 день 14 часов назад