Лапаціна [Уладзімір Някляеў] (fb2) читать постранично, страница - 9

- Лапаціна 77 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Уладзімір Някляеў

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Ніхто не чакаў, што Ціт возьме меч, каб спраўдзіць законы, па якіх жылі продкі. Не. Усе чакалі відовішча. Толькі відовішча - больш нічога. Ціт гэта разумеў. Але разумеў таксама іншае. Калі не звяршыць суд, дык усе засухі з патопамі і войны з пажарамі, усе беды, якія стануцца на гэтай зямлі хоць праз дзень, хоць праз год, хоць праз век, будуць бедамі, насланымі багамі праз Мілаву. Тут ужо вярхоўны вяшчун з вайдэлотам пастараюцца... А скуль Мілава ўзялася? У чыёй сям’і прыжылася?.. І калі сям’я, калі Ціт цяпер выявіць слабасць, згубная слава пра смалянку кляймом пакладзецца на ўвесь род. На Віта, Дана, Юра. На іх нашчадкаў. На гэтага хлопчыка, якога абдымае апошнімі абдымкамі Мілава...

Гара чакала.

Ціт адчуваў сябе, як за імгненне перад боем, шанцы ў якім роўныя на жыццё і смерць. Зрок, слых былі гэтак абвостраныя, што ён чуў, як у кожным, хто стаяў хоць блізка, хоць далёка, шуміць, патрабуючы выйсця, кроў. Чуў галасы, якія яшчэ не вырваліся, стаялі ў каго пад сэрцам, у каго пад горлам: “Ведзьма!.. Курва!.. На смерць!.. На страту!..” - і бачыў, як і ў вачах тых, хто верыў у многіх багоў, і ў вачах тых, хто верыў у Бога адзінага, аднолькава разгаралася нянавісць, праз якую забываліся яны пра любоў.

Яны праглі не толькі смерці Мілавы. Яшчэ больш яны праглі ганьбы Ціта. Ваяра, які ўзяў жанчыну - і не возьме меч...

“О, Пярун!.. О, Вялес!.. О, Ярыла!.. На што вы разгневаліся? На каханне? Чаму?.. Пазайздросцілі? Вас гэтак не кахалі, каб на смерць пайсці?.. Мяне таксама. Таму я не ведаю, што з гэтым рабіць. І мушу зрабіць тое, што ведаю...”

- Як назваць сына?.. - беручы меч, спытаў Ціт, і Мілава, зразумеўшы ўсё, адарвала ад сябе дзіця: “Мікалаем”.

“Яй... яй... яй...” - заякатаў, заплакаў хлопчык, калі Ціт узяў яго, прыціснуўшы уруччам меча і зрабіўшы, мусібыць, балюча, а Крыва-Крывэйта, усё яшчэ злуючыся, што яму праклёны дакрычаць не далі, буркнуў: “Няма ў нас такіх імёнаў, вось і плача...”

Ціт стаяў, баючыся зварухнуцца, каб як-небудзь не нашкодзіць немаўляці. Паспрабаваў успомніць, як іх трымаюць, дзяцей - і не ўспомніў. Бо не трымаў ніколі. Шаблі, дзіды, мячы ўсялякія трымаў, а такое малое дзіця - не. Першы сын нарадзіўся, калі з татарамі біўся, другі - калі з крыжакамі, трэці... ужо й не помніў - з кім. Калі зрэдку перадых выпадаў, не паспяваў прывыкнуць да дзяцей, яны да яго - і зноў меч у рукі. І калі маці іх, Дабранега, з голаду памерла, на вайне быў. Вярнуўся - дзеці адны. Згаладнелыя, схаладнелыя. Было пяцёра, выжылі трое...

- На, патрымай... - падаў ён дзіця, каб рукі вызваліць, Дану. Той адступіў, не ўзяў - і Ціт паклаў сына на ахвярны камень.

Больш нічога, каб адцягнуць непазбежнае, зрабіць было нельга.

Ён падышоў да Мілавы... Трэба было нешта сказаць, але што?.. Што сказаць жанчыне, якая гэтак цябе кахала, што ахвяравала дзеля цябе жыццём?..

Не трэба было, дурніца.

“Мілава, я... ”

“Я не Мілава. Калі хрысцілі, назвалі Вольгай”.

Яна глядзела спакойна. І спакойна казала.

Ён узяў яе за руку - і як зашумела ў ім кроў!

“Стань на калені...”

“Дзе?.. Тут?..”

“Тут”.

Яна ўкленчыла перад ім.

“Так?”

“Не. Да мяне спінай...”

Яна ўстала - вочы ў вочы... Нічога не сказала, зноў укленчыла. Спінай да яго, тварам да каменя. Да сына.

“Так лепей?”

“Так. Лепей”.

“А валасы... ”

“Што валасы?..

“Можа, на грудзі згарнуць... Не замінаюць?..”

Яму стукнула пад сэрца, падкаціла пад горла...

Ён зглынуў.

“Не замінаюць... Але можаш згарнуць... І можаш памаліцца свайму Богу, Вольга...”

Яна кіўнула, падняла рукі, перакінула валасы з плячэй на грудзі... Як чорную хмару над белым снегам...

“Ойча наш нябесны! Ды свяціся імя Тваё, ды прыдзі валадарства тваё, ды станься воля Твая як на небе так і на зямлі...” - малілася яна, гледзячы на ахвярны камень, на сына, і калі, прашаптаўшы “амінь”, перахрысцілася, Ціт ударыў зверху ўніз з імгненным, маланкавым замахам, якому ўсё жыццё вучыўся, каб напалам рассякаць ворага, і Мілава аддзялілася ад Вольгі, і ўся кроў, якая была ў абедзвюх, лінулася на ахвярны камень...

Нават цішыня, здалося, сцішэла - і хвіліну стаяла вострая, як лязо мяча. “А-а-а!..” - рассек яе надвое захлёбны крык Мікалая, і адным дыхам: “Ву- вух..!” - выдыхнула гара, а Ціт кінуў меч, схапіў дзіця, прыціснуў да грудзей і, чырванеючы ў белым, подбегам рушыў ад капішча ўніз, скрозь натоўп да капліцы, дзе нехта ў жаху ад яго адступаў, а нехта на калені ставаў - ці то перад бацькам, ці то перад сынам, ахрышчаным у матчынай крыві.


Чэрвень 2014, Крэва, ліпень 2015, Менск.