Жоўты туман [Уладзімір Мажылоўскі] (fb2) читать постранично, страница - 3

- Жоўты туман 92 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Уладзімір Мажылоўскі

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

назірае, а ўжо цэліцца ў спіну аднаму з нас з самастрэла і вось-вось націсне на кручок. Трывога сціснула мне сэрца і я спыніўся, спалохаўся. А яшчэ жоўты туман пасярод магільнага пагорка! Ён узнік з ніадкуль і гэтак павольна, перакочваючыся па роснай траве, папоўз у наш бок. Я адмовіўся ісці на той пагорак і павярнуў дахаты, а Паўлюк пайшоў. Ён не спалохаўся ні туману, ні раптоўнай цішыні, ні трупнага паху. Толькі адно буркнуў: «Усе грошы мае!» і спакойна, прыкульгваючы на левую нагу, пакрочыў да могілак.

— Ну і знайшоў ён там золата?

— Знайшоў, — зноў уздыхнуў Барталамей. Потым падняўся з лавы і закончыў свой аповед: — А праз тыдзень яго вылавілі з Мухаўца з праломленай галавой. — Ён зняў з цвіка свой плашч, накінуў яго на плечы і накіраваўся да выхаду, але ў дзвярах спыніўся. — Я спрабаваў пагаварыць з Марцінам, аднак ён і слухаць нічога не хоча, жартуе толькі... Можа, ты, сынок, пагутарыш з ім, растлумачыш дурноту яго задумы? Баюся — прападзе хлопец, як той Паўлюк!

— Пагутару, тата, — канчаткова зразумеўшы мэту прыходу бацькі, паабяцаў Самуіл.

2

Пагутарыць з братам Самуіл вырашыў у нядзелю. У гэты дзень так або інакш ён з сям’ёй збіраўся ісці ў госці да бацькоў — усё ж такі гадавое свята, Вялікдзень. Аднак Насця запярэчыла:

— Не, не тое ты задумаў, Самуіл! У гэты дзень усе будуць разгаўляцца, святкаваць, спяваць хвалу Хрысту, сустракаць валачобнікаў, а ты збіраешся павучаць брата. Недарэчна гэта! Ідзі лепш сёння, у суботу: і з братам пагутарыш, і прыгледзешся, з чым маці пірагі будзе пячы.

Самуіл не спрачаўся, выйшаў на вуліцу, зірнуў у адзін яе канец, у другі, зашпіліў кафтан і нетаропка пакрочыў па драўляным тратуару ў бок гандлёвай плошчы, непадалёку ад якой побач з васкабойняй на Пясчанай вуліцы жыў яго бацька.

Ранак саступаў месца дню — туман павольна адпаўзаў у нізінкі, дзе распадаўся на кавалкі, радзеў, раствараўся ў прасторы пад прамянямі сонца.

Што Самуіл сам ведае пра скарбы? Ды амаль нічога. Чуў, што яны бываюць чыстыя і загавораныя; што іх ахоўваюць або душы нябожчыкаў, або нячыстая сіла; што чыстыя скар­бы шукаюць ранкам, перад узыходам сонца, а нячыстыя — вечарам, пасля заходу. Шчыра верыў, што большасць скарбаў — гэта брудныя, крывавыя грошы, што яны не нясуць чалавеку шчасця, а пазбаўляюць яго розуму. Як давесці гэта брату? Ці захоча той слухаць? Ён жа не горш ведае, што «чужыя грошы, бы тыя вошы, багацця не дадуць, а крыві пап’юць!» Ды і навошта яму тыя грошы? У бацькі іх хапае, а мала, дык ён, Самуіл, дапаможа — не самыя ж бедныя ў Берасці людзі!

Абмытае туманам і ранішняй расой, сонца ўрэшце ў поўны рост паднялося над горадам. І адразу, бы па камандзе, весела зачырыкалі вараб’і, зацмокалі сініцы, заспявалі іншыя птушкі, многіх з якіх Самуіл не ведаў. А ў лёгкім блакіце неба, якое яшчэ не паспела адагрэцца ад лютай зімы, заружавела адзіная, падобная да галубінай пярынкі, хмарка. І было нешта такое не па-зямному шчымліва-радаснае ў яе выглядзе, што адразу выцесніла з галавы цяжкія думкі і пытанні, узняло настрой, дадало ахвоты зрабіць нешта патрэбнае. Ён нават спыніўся, агледзеўся, але вуліца па-ранейшаму была пустой і толькі ў далёкім яе канцы нейкі чалавек з маленькім сабачкам каціў на гандлёвую плошчу возік, прыкрыты халстом. «Пэўна, пекар, — міжволі адзначыў Самуіл. — Вязе прадаваць свае пірагі».

Сонца ўзнімалася вышэй і вышэй, цені ад дрэваў святлелі і рабіліся карацейшымі, невялікія чародкі лёгкіх вераб’ёў з перадсвяточным шумам пераляталі з куста на куст, па вуліцы затупаталі боты, загрукаталі колы — горад ажыў.

3

Ля печы, дзе маці чаравала з цестам, гарэла адзіная тоўстая свечка. Самуіл зняў шапку, перажагнаўся на абраз, падышоў да маці і асцярожна, бы нешта крохкае і вельмі далікатнае, абняў яе за плечы.

— А дзе мужчыны? — праз нейкі час у цішы памяшкання прагучала яго пытанне.

— Бацька павёз Цімафею два вэнджаныя кумпякі — той абяцаў абмяняць іх на бочачку нейкага адмысловага мёду, а Марцін корпаецца ў садзе — запякае і вэндзіць рыбу.

— Пайду, пагутару з ім.

— Схадзі, сынок, пагутары, — вочы маці пыхнулі такой цеплынёй і пяшчотай, што Самуіл нават крыху сумеўся сваёй рашучасці.

Марцін сядзеў на альховай цурцы ля вялікай бочкі, праз шчыліны якой у празрыстае ад сонечнага святла неба віліся светлыя стужкі дыму. Побач з ім на зямлі ляжала некалькі кавалкаў паперы, а ў руках ён трымаў бяросту з амаль нябачнымі знакамі.

— Як справы, брат? — Самуіл працягнуў руку для прывітання. — Чым займаешся?

— Ды вось рыбу вэнджу, — павольна падняўся з цуркі Марцін. Выгляд ён меў разгублены, нават спалоханы.

— Па нейкіх асаблівых рэцэптах вэндзіш, — Самуіл хітнуў на паперкі, — ці па-старынцы?

— Па-старынцы: на ядлоўцу, яблыні і альховых галінках.

— Што ж, старое не заўсёды дурное, — Самуіл