Дзярлiвая птушка [Кастусь Акула] (fb2) читать постранично, страница - 2

- Дзярлiвая птушка (а.с. Гараватка -1) 469 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Кастусь Акула

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

панаваньне над нашым народам вось ужо даўно змагалiся дзьве цi тры варожыя сiлы, усьведамiш латва, чаму гэтыя вырадкi-нiкчэмнiкi былi ў вялiкiм попыце.

У «Дзярлiвай птушцы» яны адно пачынаюць расьцi. Выплывуць яны наверх i ўзбуйнеюць цi, як кажа народ — вырастуць iм рогi — калi працавiтыя й богалюбiвыя нашыя людзi апынуцца пад «роднапартыйнай» уладай цi пазьней яшчэ пад ботам «гэрэнфольку».

Наапошку, ад iмя выдавецкае супалкi «Пагоня» я многа забавязаны тым нашым суродзiчам на выгнаньнi, каторыя фiнанасава памаглi выдаць гэтую кнiгу. Усiх гэтта не магу прыгадаць, дый некаторыя з розных меркаваньняў не жадаюць публiчнае падзякi.

У першую чаргу выданьне кнiгi грашова падтрымалi наступныя асобы, каторым належыцца вялiкая ўдзячнасьць: А. Протас, iнж. В. Станкевiч, С. Карнiловiч, К. Каранеўскi, ген. Ф. Кушал:, д-р Б. Рагуля, А. Субота, Б. Данiловiч, В. Стома, Н. Сiльвановiч, д-р Я. Сажыч, iнж. Ч. Ханяўка, мгр. П. Манькоўскi, А. Монiд, А. Маркевiч, д-р Л. Трусэвiч, В. Касьцюкевiч, М. Нiкан, д-р В. Васiлеўскi, д-р Ул. Бакуновiч, Ч. Будзька, мгр. В. Навiцкi, С. Гутырчык, Л. Стагановiч, П. Кажура i Ўл. Курыла. Вельмi дзякую Брату ў Хрысьцеа. Яну Пятроўскаму, каторы сходнай цаной за друк, зычлiвымi парадамi дый борздым i добрым выкананьнем друкарскае працы цi не найбольш спрычынiўся да хуткага выхаду першае кнiгi «Гараваткi» ў сьвет.

К. Акула

Дзярлiвая птушка

Сьвятой памяцi бацькоў


О, БЕЛАРУСЬ!

Тваё мiнулае ў мармурах не застыла
I медзьдзю-бронзай не зьвiнiць.
Яно ня знае готыкi, антычных стыляў,
Ня знае колераў сузорчатых зарнiц.
Яно пахавана ў глыбокiя курганы,
Крывёй-бальзамам гоiць сны.
Твой гэнiй, у мiнулым паруганы,
Да славы ўзьнiмуць вольныя сыны.
Ты сiлы трацiла свае дазваньня;
Цябе абплакаў на кургане клён.
Штогод тваё спраўлялi ўкрыжаваньне,
Штогод гiсторыi праклён.
Таму й мiнулае ў мармурах не застыла
I медзьдзю-бронзай не зьвiнiць.
Яно ня знае готыкi, антычных стыляў,
Ня знае колераў сузорчатых зарнiц.
Язэп Пушча

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

I

Янук раз-пораз спыняўся й ляскаў пугай. Сярэдняга росту калматы руды сабака Тапсiк, сьцямiўшы, што павесялеў пастух, з уцехай падскокваў уверх на ляскат пугi й зьвяглiва, быццам сьмяючыся, брахаў. А хлопчык, — як i належыцца такому ўсяўладнаму сабачаму гаспадару, — то пагражаў сабаку пальцам, то, прыкiдываючыся, касавурыўся на яго, быццам за тое, што той замнога дазваляў сабе панiбрацтва. Яшчэ ямчэй размахваўся прадаўгаватым i гнуткiм вiшнёвым пугаўём, манiпуляваў iм так, каб вуж пугi, асаблiва той цяненькi, зьвiты з адборнае пянькi кончык яе, з тонкiм посьвiстам гвалтоўна рэзаў паветра. Ляскат войстрым рэхам трывожыў суседнi бор, а пастушок пiльна надслухоўваў ягонае водгульле.

Калi-б хлопчык ведаў модныя словы, то мог-бы сказаць, што той цянюсенькi кончык пугi, па-майстэрску зьвiты бацькам з пазычанай цi купленай у кагось пянькi, меў дэмаралiзуючыя для статку ўласьцiвасьцi. Вядома-ж, выяўлялiся яны адно пры ўмелым карыстаньнi пугай Януком. Бо што, — мяркаваў Янук, — варта была пуга безь ягонае спрытнае рукi? Нейкi, званы пугаўём, вiшнёвы прут з даўгой вяроўкай ды й годзе. Трэба было ўзяць яго спрактыкаванай руцэ, ёмка закiнуць i пасьля гвалтоўна тузануць — адно тады нараджаўся любы ягонаму вуху рэзкi сьвiст-ляскат. Пуга трымала кароваў у послуху. Праўда, быў i верны сябра-памочнiк Тапсiк, цану якому добра ведаў Янук. Ды ўсяроўна, пуга сама сабой. Лясьнi ёй раз-другi, i глядзi, як стрыжэ вушамi статак, ведаючы, што малы гаспадар на воку яго трымае. Таму сьвiст-ляскат i быў для Янука прыемнай i карыснай мэлёдыяй.

Было ўсяго ў статку, старых i маладых, хвастоў зь пятнаццаць. Панаядаўшыся, быццам нехаця, ацярэблiвалiся яны ў ценях вялiкiх вольхаў над канавай. Сонца падкрадалася ўжо за чуб суседняга бору. I не агледзiсься, як вечар на носе.

Янук сачыў, цi пакажацца ў падворку ля хаты шыракаплечая постаць гаспадара ягонага — асаднiка Лазоўскага, цi ня рыпне каля калодзезя журавель. Чуткае вуха ягонае скваплiва лавiла гукi перадвячорнага руху ў падворку, каб угадаць, калi можна рухацца iз статкам пад дом.

Лёганькi ветрык прынёс з-пад балота абрыўкi вясёлае полькi й галасы прыпеўкаў. Янук ведаў, што так рыпела трохрадка ў руках вясковага музыкi Тадэўкi, што сам безьперапынна сыпаў прыпеўкамi й падахвочваў iншых, адно ходырам хадзiла поле. Там дзесь грамадою польнымi межамi з Тадэўкавага хутару йшлi ў вёску ладзiць iгрышча. Як магнiт, ствараючы навокал весялосьць i падганяючы адсталых, прыцягвала трохрадка да сябе моладзь. Вялiкай грамадой увалiцца яна ў раней дамоўленую хату ды кiнецца ў скокi. Тымчасам iшлi, гарлапанiлi, склiкалi iншых,