Аскепкі вялікага малюнку. Зборнік [Алесь Аркуш] (fb2) читать постранично, страница - 3

- Аскепкі вялікага малюнку. Зборнік 347 Кб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Алесь Аркуш

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Спадабаліся: Мікалай Селяшчук, Валеры Славук, Уладзімер Савіч. Пазьней у выставачных залях зьявіўся нефігуратыўны, авангардны жывапіс, але мне па-ранейшаму падабаўся Селяшчук. Неяк выпадкова даведаўся, што разам зь Селешчуком у тэатралцы вучыўся Праскуракоў, ён нават зь Міколам жыў у адным студэнцкім пакоі. Пачаў распытваць пра любімага мастака. Даведаўся, што Селяшчук быў упартым і працавітым шкаляром, любіў мастацтва прыбалтыйскіх рэспублік, штолета туды езьдзіў. У красавіку 1985 году я патрапіў у яго майстэрню разам зь сябрамі чырваназьменаўскага літаб’яднаньня «Крыніцы», якім кіравала Раіса Баравікова. Былі Шніп, Славамір Адамовіч, Дзьмітрук… Амаль усе карціны, якія паказваў Мікола, аказаліся знаёмыя па выставах. Запомнілася, як Селяшчук апавядаў пра пакуту першага мазка пэндзлем: спачатку ён доўга хадзіў вакол чыстага палатна, баяўся парушыць яго цнатлівасьць, усялякім чынам адцягваў гэтую хвіліну – піў гарбату, думаў, нешта згадваў – рыхтаваўся, як спартовец перад заліковай спробай…

У траўні таго ж году адбылася цудоўная выстава групоўкі Селяшчук–Савіч–Славук–Тоўсьцік–Альшэўскі–Янушкевіч–Ксяндзоў. Я быў у захапленьні. Ад Праскуракова даведаўся, што Славук мае жодзінскія сувязі. Выстава ягоных працаў была арганізавана ў Жодзінскім палітэхнікуме, у якім я вучыўся да войска. Сёньняшняя клясыка беларускай графікі вісела без нагляду на сьценах пашарпаных калідораў. Да таго ж бацькі Славука на той час жылі ў пасёлку Зялёны Бор, куды мастаку зь Менску трэба было дабірацца праз Жодзіна. Яшчэ большыя сувязі з маім родным горадам меў Ксяндзоў. З 1963 году ён там жыў, вучыўся ў СШ № 2 і № 4, пачаў маляваць у студыі Алеся Марачкіна, які ў той час таксама жыў у Жодзіне і выкладаў маляваньне ў СШ № 4. Але гэта былі людзі зусім іншага пакаленьня, зусім зь іншага раёну гораду – мне не знаёмыя. З Марачкіным я пазнаёмлюся пазьней – у Полацку, на адкрыцьці яго пэрсанальнай выставы ў тагачаснай гарадзкой мастацкай галерэі, якая месьцілася ў Богаяўленскім саборы. А з Ксяндзовым толькі пазалетась – на прэзэнтацыі ў полацкай мастацкай галерэі выставы «Майстар і майстры (Гаўрыла Вашчанка і вучні)».

«Дрэсаўская» мастацкая «рунь» мела свайго «гуру» – Анатоля Шыбікіна, настаўніка маляваньня нашай СШ № 1. Мастак-аматар, вайсковец-адстаўнік, ён штолета наладжваў для сваіх вучняў-студыйцаў пленэры-выправы. Неяк мастацкая сябрына на чале зь дзядзькам Анатолем пару тыдняў жыла на хутары майго дзеда. Вядома, тое адбылося не без удзелу стрыечнага брата Сяргея. Мае знаёмцы-мастакі былі ўсе расейскамоўныя, нацпытаньне сярод нас не закраналася нават у прыватных размовах, прынамсі, я такога ня памятаю. Гэта ў другой палове 1980-х (у Жодзіне мяне тады ўжо не было) хваля нацабуджэньня дасягнула тамтэйшага мастацкага асяродку. Прынамсі, браты Андруковічы, Канстанцін і Мікалай, сталі сябрамі суполкі мастакоў «Пагоня».

Лёсы «дрэсаўскай багемы» склаліся па-рознаму. У Наваполацак, яшчэ раней за мяне, пераехаў Коля Ступакоў (у тэатралцы ён вучыўся ў адной групе з Адамам Глёбусам). Зрабіў некалькі росьпісаў і мазаічных пано на будынках нафтаграду. У мастацкім жыцьці Полаччыны практычна ня ўдзельнічаў, неўзабаве мастацтва закінуў увогуле. Не хапіла амбіцыяў? Глёбус казаў мне, што Коля быў хлопцам здольным і арыгінальным.

На адной з калектыўных выставаў у Палацы мастацтва я набыў карціну Селешчука «Дзяўчына з Палесься», якая і сёньня ўпрыгожвае маю полацкую кватэру. Патраціў амаль палову грошай, заробленых у будатрадзе.

БЕЛАРУСКІ ВУПРАЖНЫ

Неяк атрымаў журналісцкае заданьне ў «Рабочей смене»: напісаць пра жодзінскі конезавод «Зарэчча». Знаходзіцца ён побач з пасёлкам ДРЭС: перайшоў масток праз Плісу – і да канторы гаспадаркі рукой дастаць. Сустрэў мяне адзін з сэлекцыянэраў беларускага вупражнога каня Ўладзімер Гладэнка. Ён адказаў на мае пытаньні і падараваў сваю кнігу «Белорусская лошадь» (Менск, 1976). Кніга пачынаецца з апісаньня паходжаньня тутэйшых коней:

Паводле хронік XII–XIII стст. у Полацку, Тураве, Менску, Берасьці адбіралі найбольш моцных буланых («палавыя коні») для фармаваньня конных палкоў («харугваў»)… Мэтадам народнай сэлекцыі выведзены абарыгенныя коні (лясны, палескі, беларускі), якія адпавядалі гаспадарчым патрэбам чалавека… У беларускіх коней чэрап карацейшы, але шырэйшы, чым у коней мангольскага кораня… За апошнія 100 гадоў конь (беларускі вупражны. – Аўт.) выводзіўся мэтадам складанага вытворніцкага скрыжоўваньня жарабцоў заводзкіх пародаў з абарыгеннымі ляснога тыпу маткамі і наступным разьвядзеньнем помесяў «у сабе»…

Пасьля сустрэчы з Гладэнкам мы з братам Віктарам наладзілі фатасэсію для беларускіх вупражных. Нядаўна тыя нэгатывы і здымкі я адшукаў. Цікавы матэрыял. Мой артыкул пра коней у «Рабочей смене» зарэзалі, затое надрукавалі ў «Чырвонай змене».

Беларускі вупражны конь. «БелАЗ». Ёсьць тут пэўная пераемнасьць.