Спі, наш міленькі саколік,
Госць наш не званы, не сланы!
Дням пагубляў ты даўно лік
Долі сваёй неспыняны.
Мы над табою, мы — цені,
Поля і лесу начніцы, —
Казкай павеўнай асенім
Думкі твае злыбядніцы.
Гу-та-та, гу-ля-ля!
Думкі твае злыбядніцы.
Спі, наш міленькі… Нікому
Гэткага сну не ссылалі:
Будзеш ту дома, за домам,
Будзеш ты бліжай і далей;
Сокалам вольным па свеце
Будуць павевы насіці;
Вогнікі ўгледзіш на цвеце, —
Будуць табе іх гасіці.
Гу-та-та, гу-ля-ля!
Будуць табе іх гасіці…
Спі, наш міленькі… Далёка
Неба глухога світанне;
Будзе нялёгка, нялёгка,
Покі дзень новы настане.
Мы цябе тутка атулім
Ласкай сваёю і песняй,
Песняю — лю-лі, ой, лю-лі!
Гэтак панадна, уцешна.
Гу-та-та, гу-ля-ля!
Гэтак панадна, уцешна…
Спі, наш міленькі!.. Вы, сосны,
Елкі, дубы і асіны,
Кіньце шумеці жалосна,
Пейце вясёлай часінай.
Выгляні, месяц бяляны,
Светач ад веку да веку;
Сведкаю будзь неабманнай
Гэтагу сну чалавека.
Гу-та-та, гу-ля-ля!
Сведкаю будзь неабманнай
Гэтагу сну чалавека.
Колькі ўжо ночак, ах, колькі ўжо раз
Стукаўся ў гэтыя сцены, —
Вечна заходзіла штосці не ў час
Мне на дарозе нязменна.
Дзед мой нябожчык, калі уміраў,
Так гаварыў мне і тату:
Скарбы у лёхах замчышча схаваў
Хтось адзін вельмі багаты.
Трапіць жа можна ў ноч тую на след,
Як з іх спадае закляцце;
Толькі пары той не ведаў і дзед —
Трэба яе адгадаці:
Летам, увосень, зімою, вясной
Гэтыя пробую дзверы;
Штось адпіхае, штось кідае мной,
З рук выбівае сякеру.
Ты зноў сюды лезеш, няшчасны!
Ха-ха-ха! вось так навала!
Напрасна, мой мілы, напрасна
Зноў цябе немач прыгнала.
Не дам я да скарбаў дастацца,
Варту я моцна трымаю;
Хто важыцца з мною змагацца —
Помач я крэпкую маю.
Ці просьбай, ці грозьбай, ці стонам
Стукнешся ў гэту мясціну —
І ўсё на загубу: не ўлезеш да скону…
Ха-ха-ха! счэзнеш скацінай…
Так ужо ёмка тапор залажыў —
Меціўся дошку сарваці, —
Бач, як бы сілы ўсе свае збыў;
Млее рука, не спазнаці.
Хаты сваёй лягчэй зрушыць звяны,
Тут не йдзе ў лік і ахвота.
Спробую толькі з другой стараны,
Мо спрытней пойдзе работа.
(Закладае тапор таксама з другога боку дошкі.)
Ну, адрывайся, пракляты запор,
До жартаваці са мною!
Сілы, больш сілы! ах, каб цябе мор!
Зноў не пакратаць рукою.
Зубамі грызі, війся ў ранах,
Сэрцам бі ў камень, як звонам,
Крывёю парог злі цагляны,
Трупам тут ляж безгалоўным,
І з свету таго выглянь марай,
Знабам аплутаўшысь дружбай —
Удар перунамі з-пад хмараў, —
Я не пакіну тут службы.
Дома ўжо нельга мне далей так жыць, —
Дом мой магілай халоднай;
Каменем поле сцюдзёным ляжыць,
Плёны змёў вецер халодны.
Марна пад кроквай ржавее каса,
Недзе ўчапіці нарога…
Толькі чырвоная ўсюды раса,
толькі к няўдачам дарога.
Гадзіны ўюцца вяроўкай ля ног,
Смокчуць кроў з жылаў піяўкі;
К Богу звярнуўся — маўчыць нема Бог,
Сцелючы ў пекле прылаўкі.
Людзі!.. Што людзі? Ці ёсць дзе між іх
Годны адзін хоць у людзі:
Мутасцю, трупам нясе ад усіх,
Пошасцей поўныя грудзі.
Калі ж ты спагоніш ахвоту?..
Вянь павуцінай, травою;
Змяшайся з гразёю, з балотам,
Стукай аб мур галавою…
Вясёлкай табе скарб смяецца,
Вогнікам зводзе бліскучым…
Што? Зноў табе, квольнік, здаецца,
Што сіл досыць маеш магучых,
Каб мяне тут паканаць, адалеці,
Вываліць дзверы ў замчышчы.
Не! Перш магілай на свеце
Станеш свайго пажарышча,
Пакуль сюды ўвойдзеш нязваны.
Кінь свае думкі, дзяціна.
Лепш чэрвем ад рана да рана
Ляж пад гнілою асінай.
Ха-ха-ха! і там жджы усходу,
Новага ўсходу — прынады;
Пішчы там, як каня ў пагоду,
Вый, як ваўкі на Каляды.
Мусіць, змацуе гэтая глуш.
Эх ты, мой быт чалавечы,
Ўдзержаць сякеры і то ўжо не дуж, —
Корчацца ногі і плечы.
Як бы тапор ужо толькі знайсці
Ў гэтай пустошы заломнай…
Дзе ён? Дамоў без яго ж мне не йсці…
Як жа тут цёмна, як цёмна!
(Дастае з-за пазухі смолку.)
Маю на ўсякі прыпадак з сабой
Колькі смаляных падпалак,
Толькі запалкі…
(Мацае ў кішэнях.)
Ай, Божа ты мой!
Дома забыўся запалак.
(Шукае і знаходзіць вобмацкам тапор.)
Ну, ўжо і так разачок свой знайшоў…
(Прабуе пальцам лёза.)
Толькі аб камень збіў зубы,
Што ж? Так сягоння пойдзем дамоў, —
Вытачу заўтра, мой любы.
Эх, каб яшчэ ды папробаваць раз
Гэтых струхлеўшых запораў!
Вось і напаў бы у добры мо час…
Там, эй, ня знаў бы ўжо гора.
Ціха… Прыпомніў: ёсць мел у мяне.
(Знаходзіць за пазухай крэйду.)
Ўчора на мысль мне ўзляцела…
Чуў, што і поўнач тады не чапне,
Круг абвясці толькі ўмела!
(Садзіцца пасярод ганка — бокам к дзвярам — на кучы друзу і крэйдай абводзіць каля сябе круг.)
Вось мо цяпер і спазнаю усё,
Як знайсці к скарбу дарогу;
Ў поўнач тут, кажуць, сваё йдзе жыццё,
Толькі б не знацца трывогай.
Трэба хоць песню злагка зацягнуць, —
З песняй смялей, кажуць людзі;
Мыслі благія далей адлятуць,
Шорах так страшан не будзе.
Атуманіла ночанька цёмная
Нашы нівы і нашы сялібы
І ўсім песню пяе непрытомную,
Ў запацеўшыя звонячы шыбы.
Ва ўсе сцежкі блізкія, далёкія
Неспажыты ўплутаўся хвораст,
Сцяг-прысады стаяць адзінокія,
Агняцветны не выгляне пораст.
Не заходзіць, ідучы прысадамі,
Падарожны з далёкага краю;
З добрай весткай, з ласкавымі радамі,
Аб жыцці-нежыцці не спытае.
Не заходзіць ніхто к нам са светачам,
Як пажар, як агністае сонца,
Неразвейнага, вечнага свету чым
Аслабеўшай уліў бы старонцы.
Ходзім, блудзім, снуем без прыстанішча,
Адпраўляем старыя малітвы
На забытым самымі курганішчы,
Дзе спяць сведкі нявыйграных бітваў.
Адно ветрам асіны хістаюцца,
Дзе сном слава заснула нязваным,
Ды круччо на пажыву злятаюцца
Судзіць суд над жыццём закаваным.
Гэй ты, гэй! наша ночанька цёмная,
Завагніся ты сонца пажарам,
Распалі нашу долю заломную,
Не пракляццем, а божым будзь дарам!
Нейкую кашу, бадай, не з дабром
Ліха ўжо, знаць, заварыла;
Свіст, бразгатня, тупаніна кругом.
Што за нячыстая сіла?!
Проста рабінава ночка прыйшла!
Жудасць — дзе вока не кіне…
Пацеры спробую, можа, імгла
Гэта шыпучая згіне.
Дзын-дзын-дзын, звіні, як жалеза,
Золата, звонка-званіста;
Звіні па жалезных нарэзах,
Дзын-дзын-дзын, звіні ў звон ірдзіста.
Звініце ў звон золата, лозы;
Сыкайце, гадзіны, з гнёздаў;
Звініце ў звон золата, слёзы;
Бліск свой гасіце вы, звёзды.
Зноў на скарб наш вочы лупіш,
Зноў прыбрыў з сваёй пустошы…
Здохнеш преш, чым к яму ступіш,
Тут не банк, мой ты харошы.
Сотні лет і сотні плечаў
З сотні ніў яго тут клалі,
А ты, відма чалавеча,
К яму зубы так аскаліў.
Вон адгэтуль! Маё дзела
Ў тым, каб скарбу не пакратаў.
Я ганю цябе, калелы,
Гэтым хорамам заклятым.
Хто граніц мне не ўшануе,
Я здаўлю таго прынукай:
Абручом такім спаўю я,
Як вужакай, як гадзюкай.
Вось таварыш для хаўруса,
Каб не брала больш пакуса…
Сядзьце ціха, сядзьце мірна,
Як мак з макам — так абшырна,
Як дамоўкі — так глыбока,
Як злом камня — так высока.
Сэрца шэптаў адчурайся,
З тапаром сваім сквітайся.
Як ні глянь сюды цікава —
Цемра тут закон і права.
Ўсё да дружбы, ўсё да большай
Тваім думам збор вясёльшы.
Сядзьце роўна, жалязіста,
Мазаліста і крывіста;
Як дым гутні — так цягуча,
Як час векаў — так жывуча,
Як авечкі — гэтак дружна,
Як падмуркі — так натужна, —
Скарб не будзе тваёй стравай:
Цемра тут закон і права!
Што за дзіва, што за сіла
Зноў круціла, зноў муціла?..
Скавытала і свістала,
Як бы путам аплятала, —
Ні то ў яве, ні спрасоння…
Што за ночка мне сягоння?!
Было цёмна, як у вуллі, —
Хоць бы ў вока пальцам ткнулі, —
А тут відна ў гэтых грудах,
Хоць лічы іголкі ўсюды.
(Углядаецца ў той бок, скуль б'е большы бляск.)
Што я бачу?.. Ці ж быць можа?
Гэта ж вёска!.. Божа!.. Божа!..
Жонка… дзіцё, бацька… матка…
Ах ты, хатка, мая хатка!
Я так крэпка сплю на печы:
Ажно тут — штурхель у плечы!
Глядзь: аж нехта качаргою
Мяне цягне, як дугою.
Ўжо ўстаю, ужо буджуся,
Злазіць з печы ўжо лаўчуся…
Бух аб землю, як сноп жыта,
Проста бокам аб карыта!..
Хтось крычыць: барджэй жа, тата!..
Ломяць, цягнуць усё з хаты…
Я — хвацель маток і шпулькі…
(Глядзіць за пазуху.)
Ну, а люлька… няма люлькі.
Ўсё згарэла, ўсё, дазвання —
3 хатай воля і прыстанне.
Слепа стануць сведчыць людзі,—
Суд у катаргу засудзіць.
3 усім родным разлучуся…
Не вярнуся, а вярнуся —
Уся вёска сходку скліча,
Мне праступкі ўсе паліча;
Скажуць: ссыльнага не трэба…
Зноў без хаты, зноў без хлеба…
3 дзіцем жонка ў чужых згіне,
А бацькі — у жабраніне…
На пагібель, на скананне
Ўсё згарэла, ўсё, дазвання.
Гасцей як вымела мятлою,
Хоць і мароз такі сярдзіты,
Бывала, гэткаю парою
Шынок увесь бітком набіты;
Таргоўля йдзе — аж глянуць люба —
Паўкварты, кварты, дзе там сотка!
Цяпер жа ўсё ідзе на згубу —
Гніе закуска, сохне водка.
А ўсё, ўважаю, вы прычынай;
Гасцей не бавіце дарэчы;
Што ўперад вас былі дзяўчыны,
Пры тых не знаў такой пустэчы.
3 вашай ласкі, сызвалення
Даць хачу вам прадстаўленне,
Каб вас лепш ахвота брала,
Лепш шынкоўня таргавала.
Вось кусочак вам паперы —
I не белы, і не шэры —
Ў сабе мае моц такую,—
Што захочаце, збудую.
Перш, во хата, як ёсць, хата,
Каля хаты — плот, як крата;
Мужычок сядзіць у хаце
I пляце сабе сам лапці.
А вось хорам, як ёсць, дворны —
Пабяляны і прасторны;
Хтось ля ганка стаў без шапкі
I цалуе пана ў лапкі.
Гэта фабрыка ўжо будзе,—
Вось закураны ў ёй людзі;
У неба з коміна дым валіць.
Як бы душ там гатавалі.
Во — шынкоўня, як і наша,
Так галубіць, як і страша;
Шынкарочак за буфетам:
Рад гасцям зімой і летам.
Суд — будынак, значыць, гэты,—
Кругом вострыя штахеты:
Засядаюць у ім суддзі —
Брушкі тоўсты, ў бляхах грудзі.
А во! гэты мур цагляны
Нашым братам збудаваны:
У вокнах краты, тоўсты сцены…
Ну, — астрог — наш хлеб штодзенны.
Тут сібірскія абшары:
Поле пусткай, неба — ў хмарах;
Сцюжа, лес сапуць пакутай,
Як бы звоны вечных путаў.
Тутка — могілкі шарамі
Між лазовымі кустамі,
Толькі крыжа штось не відна…
Знаць, яму тут стала стыдна.
А вось сельская зноў хата.
Каля хаты плот, як крата;
Мужычок сядзіць у хаце
I пляце сабе сам лапці.
Далей — тое ўсё, як казка…
А за працу мне што ласка:
3 гурту — нітачка, другая,
А ўжо голы пятлю мае.
(Абыходзячы гасцей з шапкай.)
Будаваў без інжынера,
Без людзей і без сякеры.
Канечна, мае голас ліра,
Бы толькі слухалі вы шчыра.
(Грае, манатонна напяваючы.)
Ходзіць сцежкай-пуцявінай
Ад хаціны да хаціны
Лірнік з лірай звонкаструннай,
Паглядаючы ў свет сумна.
Сонца потам палівае,
Ноч жудою спавівае,
Вецер світку рве і шчыпле,
Снег у вочы смоллю сыпле.
Сыпле ў вочы, як пасеі,
Бараду яго развеяў
На старонкі на абедзве —
Ён пляцецца ледзьве-ледзьве.
Плечы горб гняце пахіла,
Грудзі ўпалі, як магіла,
Чуць-чуць ходзяць ходам ногі
На дарогу, то з дарогі.
Ёмка ўжо трасуцца рукі:
Многа мелі, знаць, дакукі;
Толькі голас знае дзела —
Дабываюць грудзі смела.
Чуць ідзе, а звоніць з лірай
На старонкі на чатыры
I старой, і новай песняй
Так магуча, так балесне.
А калі ж к нам змілаванне
3 дальняй далі прыйдзе, гляне?
Лад-парадак пазаводзіць,
Думкі песняй асалодзіць?
А калі ж к нам рыцар важны
Прыплыве Дунаем з княжнай?
Нас падыме, заахвоціць
К лепшай славе і рабоце?
А калі ж к нам прыйдуць весці,
Што пара усім засесці
На пачэсным на пасадзе
Ў роднай долі, ў роднай радзе?
А калі ж мы загуляем
За вялікім караваем,
Закалышамся каронай
Ля дубровы ля зялёнай?
А калі ж наклеплем косы
На чырвоныя на росы,
Што палеткі сушаць нашы,—
Хлеб людзям, а коням пашу?
А калі ж пясняр вялікі
Нашай песняй пусціць клікі
I гарой, і даліною,
Дрогне небам і зямлёю?
А калі ўсё гэта будзе?
Дзе схавана, дзе марудзіць?
Ходам ходзіць — не прыходзіць,
А, здаецца, клічам годзіць…
Клічам каняй на пагоду
Ад усходу да заходу,
Молім, сеем рэчкай слёзы
Ад марозаў да марозаў;
I нічога, а ўсё толькі
Паганяюць больку болькі,
Са старонкі левай, беднай
Маладзік страчаем бледны.
Ждуць пасеву горы, долы,
Нашы нівы, нашы сёлы,
Няма ж месца ад залома
Ані ў полі, ані дома,
Пакрывіла сцюжа хаты,
Пазмятала стрэхі з латаў —
Пазмятала, не спытала,
Ў чыстым полі пахавала.
3-пад глухога неба хмары
Кветкі губяць на папары,
Бор хістаюць векавечны,
Дуб кладуць далоў няўсечны.
Ўсё палошчуць і дрыгочуць;
Хоць бы йшлі ўжо — йсці не хочуць.
Хто прагоніць, хто ўбароне,
Крыжам ляжа на загоне?
За гарамі, за даламі
Дрэмле сонца наша з намі;
Ночка ходзіць, не адходзіць
I сляпой савой заводзіць.
Ад далёкіх, блізкіх ветраў
На жывых напала нетра,
На забранай сенажаці
Стогнуць дзеці, плача маці.
Ані знаку агняцветаў,
Праўды-маткі не шлюць свету
Жыватворнаю крыніцай
Ад граніцы да граніцы.
Лірнік Лазар ходзіць, плача,
I ніхто яго не бача.
Не прыходзіць змілаванне
3 важнай весцю ў добрым стане.
…Вырвалі шчасце, вырвалі вочы,
Думы паганяць няславай;
Сцежкі заслалі цемраю ночы,
Рыюць у процьму канавы.
Тутка мы п'яны, ах, п'яны
Вечным пракляццем сваім:
Гоячы вечныя раны,
Новыя раны тварым.
Вышай ці ніжай — цемра-пацёмкі:
Ўсходу паходні не знаці.
Продкі — ў магіле, ў путах — патомкі,
3 намі, прад камі — бясхацце.
Тут п'яны мы, як сляпыя,
Слёзы з атрутаю п'ём,
Помнячы петлі старыя,
Новыя путы куём.
Рукі ў аковах, душы ў балоце,
Зверства спраўляе каляды;
Свіст гругановы целам калоце,
Гадзіны сыкаюць здрадай…
Тутка мы п'ём, не марудзім,
Вечнай адданы кляцьбе:
Даўніх праступкаў забудзем,
К новым пад'юдзім сябе.
Хто лепш ярмом нас здавіць, прыцісне —
Б'ём таму ніжай паклоны,
I ненавідзім так бескарысне,
Як бескарысны усе нашы плёны.
Тутка мы п'яны, ах, п'яны…
Як сэрца ядам змяі.
Тут, там нам праўда не знана —
Хто мы: звярмі ці людзьмі?
Последние комментарии
2 часов 55 минут назад
8 часов 40 минут назад
9 часов 47 минут назад
10 часов 45 минут назад
10 часов 59 минут назад
20 часов 9 минут назад