Залатая дзіда [Аляксей Мікалаевіч Якімовіч] (fb2) читать постранично, страница - 5

- Залатая дзіда (а.с. Библиотека приключений и фантастики) 1.29 Мб скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Аляксей Мікалаевіч Якімовіч

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

апусцілася на ложак, заморгала вачыма. І хто ж мяне цягнуў за язык? Навошта сказаў ёй пра гэта? Яна і так не ведае, на якім свеце знаходзіцца.

Алеся апусціла галаву і раптам сказала:

— Хлопчыкі, калі я вучылася ў чацвёртым класе, то верыла, што ў Лацінскай Амерыцы ёсць краіна Біміне, у якой цячэ крыніца вечнай маладосці. Мне так хацелася ў тую краіну!

Краіна Біміне… Пра яе мы пачулі ад Ніны Іванаўны. Яна нам расказала, што ўпершыню пра краіну Біміне даведаліся еўрапейцы з напісанага на пергаменце. Вось што данёс да нас даўні пергамент.

Біміне — востраў. Туды ад нашай зямлі трэба плысці дзевяць дзён і дзевяць начэй. Здалёк ты ўбачыш вяршыню гары, а калі падплывеш бліжэй, табе адкрыецца бераг, увесь пакрыты зялёнымі дрэвамі. Ад берага ў глыбіню вострава вядуць ледзь прыкметныя сцяжынкі. Па адной з гэтых сцяжынак ідзі да падножжа гары, але не азірайся, бо крыніца вечнай маладосці страціць для цябе сваю цудадзейную сілу. Настане час — лес расступіцца, і ты ўбачыш раўніну. Тут б'е крыніца, якая дае вечную маладосць. Калі змачыць яе вадою засохлую кветку, яна зноў зацвіце і будзе гэткай жа вечна. Галінка, даўно адламаная ад дрэва, зноў зазелянее і дасць новыя парасткі. А калі стары і нямоглы вып'е той цудадзейнай вады, то праз імгненне стане маладым і поўным сіл. Алеся працягвала:

— Хлопчыкі, мне хацелася апусціць у крыніцу вечнай маладосці букет ружаў, каб заўжды ён быў такім, як на восьмае сакавіка.

Яна летуценна ўсміхнулася.

— Няма краіны Біміне, — сказаў Максім. — Яе шукалі, але не знайшлі іспанскія канкістадоры. Шмат іх загінула ў джунглях.

Я не сцярпеў, запярэчыў:

— Але ж губернатар вострава Пуэрта Рыка дон Хуан Понсе дэ Леон, які ў тысяча пяцьсот трынаццатым годзе адправіўся на пошукі вострава Біміне, адкрыў цёплае пячэнне — Гальфстрым. Яно сагравае Еўропу, дае ёй жыццё. Хіба гэта не цудадзейная рака?

— Дзе ж падзеўся Анту? Чаму так доўга яго няма? — уздыхнула Алеся.

Анту абяцаў нам, што хутка вернецца. Дзіўны гэты Анту. Расказваў, што яго забраў з сабою вярхоўны дух Нгенечэн, што іхняму племені мапучэ, якое жыве ў джунглях, Нгенечэн даў залатую дзіду. Хіба мажліва такое? Анту любіць цешыць казачкамі. Дзе ж ён? Страшнавата без яго. Чужы горад, а ў горадзе вампір. Ён можа і ў гасцініцу пракрасціся. Ведае, што тут шмат людзей.

Я хацеў сказаць Алесі, што Анту зараз прыйдзе, ды на калідоры пачуліся цяжкія крокі: туп-туп-туп… На крокі Анту яны не былі падобныя. Анту, ведалі мы, ступае ціха, амаль нячутна.

Я навастрыў вушы. "Туп-туп", — пачулася каля нашых дзвярэй.

Алеся падскочыла. Яе нібы спружына падкінула.

— Хлопчыкі, хто ж там? — мышкай піскнула яна.

— Тс-с, — прыклаў палец да вуснаў Максім. — Нехта каля дзвярэй стаіць, падслухоўвае.

Ну і ну! Каму ж мы спатрэбіліся? Няўжо вампір прабраўся ў гасцініцу?

Мы затаілі дыханне. А той, за дзвярыма, патаптаўся, уздыхнуў і патупацеў назад.

Алеся, націснуўшы на слова "ён", прамовіла:

— Ён пайшоў.

І я гэтак жа, як і яна, прамовіў:

— Ён пайшоў.

— Я адчыню дзверы, праверу, хто там, — сказаў Максім і накіраваўся да дзвярэй.

А на калідоры зноў пачулася: туп-туп-туп…

Максім стаў, застыўшы цыркулем.

Я ўжо не сумняваўся, што гэта вампір. "Ён слухае, ці ёсць хто ў пакоі", — думалася мне.

Вампір, пачулі мы, пракрактаў і патупацеў. Няўжо пранесла?

Ён — гэта Траука?

Некалькі хвілін мы сядзелі як здранцвелыя. А на калідоры зноў пачуліся крокі: ужо лёгкія, імклівыя. Я адразу пазнаў, што ідзе Анту. Нарэшце. Цяпер пракляты вампір не нападзе на нас.

Я падбег да дзвярэй, хацеў адамкнуць іх, а Алеся як замахае рукамі:

— Антось, не адмыкай! Мажліва, вампір, каб абмануць нас, знарок стаў па-іншаму хадзіць.

— Я адамкну, — кажу.

— Пачакай, — спыніў мяне Максім. Я зірнуў на яго:

— І ты баішся?

— Не задавайся. Сам нядаўна пад ложак заглядваў. Ведаю чаму. Шукаў месцейка, каб схавацца. Не след спяшацца. Крыху пачакаем.

Я хацеў сказаць Максіму, што не збіраўся пад ложкам пыл выціраць, ды з-за дзвярэй пачуўся голас Анту:

— Не заснулі?

Я павярнуў ключ у замку, адчыніў дзверы. Анту ўвайшоў у пакой. Да яго адразу ж кінулася Алеся.

— Дзядзька Анту, як добра, што вы прыйшлі! Па калідоры хадзіў вампір. Каля нашых дзвярэй крактаў, нагамі тупацеў. Ён хацеў у наш пакой улезці.

Анту пагладзіў Алесю па галаве.

— Не бойся. Няма яго тут. Нехта проста так хадзіў. Мабыць, свой пакой шукаў. Забыўся, у якім яго пасялілі.

Няма вампіра ў гасцініцы, не было. А мы ад страху калаціліся. Нездарма кажуць: баязліваму і корч мядзведзем здасца.

— Яго зусім няма? Выдумалі людзі? — запытала Алеся.

Анту сеў на крэсла, паглядзеў на нас. У некаторых дарослых у вачах можна ўбачыць затоеную злосць ці жорсткасць, у іншых гарэзлівасць ці неспакой, сумоту. А ў вачах Анту —